Карціна


Яны спыніліся перад высокім стэлажом. Гмурман зірнуў у паперку, якую трымаў у руках, паглядзеў угору і павярнуўся да лейтэнанта.

— Тут? — спытаўся Жыгалка. Гмурман кіўнуў.

Памяшканьне дыхала пылам. Старыя мікраскопы, партрэты рабінаў у цяжкіх рамах, храномэтры ў драўляных скрынках, вазы з драконамі, сталовыя наборы, музычныя інструмэнты…

Гмурман падкаціў драбіны на колцах.

— Людзі ўжо даўно забыліся, што яны паходзяць ад малпы, — ён устаў на прыступку, — але сякія-такія навыкі… — ён узьлез яшчэ вышэй, — сякія-такія навыкі захаваліся.

Стары ўзяўся сьцягваць cа стэлажа вялікі пляскаты прадмет, загорнуты ў радно.

— Трымайце, малады чалавек, — сказаў ён, — яно ня лётае, яно падае.

Жыгалка падхапіў прастакутнік і беражліва апусьціў на падлогу. Гмурман спусьціўся і схапіўся за печань. На лбе выступілі кроплі поту. Ён аддыхаўся, агледзеў прадмет з усіх бакоў.

— Нясіце, малады чалавек, — зьвярнуўся ён да лейтэнанта, — гэта самае тое.

Пстрыкнуў выключальнік, хлам на стэлажах зноў патануў у цемры.

Яны прайшлі ў другі пакой, частку якога займаў прылавак, а на паліцах ляжаў такі самы хлам, толькі ня пыльны. Старыя фотаапараты, пераносныя радыёпрыймачы ў драўляных карпусах, кубачкі з партрэтамі забытых правадыроў, на сьценах віселі падробкі пад малых галяндцаў…

Гмурман палез у кішэню, дастаў плястыкавую скрыначку, высыпаў у далонь дзьве маленечкія жоўтыя таблеткі і закінуў іх сабе ў рот.

— Ну што вы стаіцё, быццам чакаеце, што вам рубель падаруюць? — спытаўся ён у лейтэнанта.

Жыгалка схамянуўся і пачаў сьцягваць радно.

Карціна пад шклом, напісаная на люстэрку. Так, як у квітанцыі, выдадзенай лямбардам, Жыгалка й не сумняваўся. На падлозе сядзеў чалавек дагары нагамі, чорныя валасы спадалі на твар. Майка, джынсы, выкручаныя ногі ў красоўках. Чалавек асеў па сьцяне, пакінуўшы за сабою даўгі крывавы сьлед, побач ляжаў пісталет. Мазкі дакладныя, акуратныя. Колеры натуральныя.

— Арыгінальна, — сказаў Жыгалка. У люстраной сьцяне над нябожчыкам адбіваўся шырокі лейтэнантаў твар. Ён дастаў грабеньчык з задняй кішэні, прыгладзіў ускудлачаныя бялявыя валасы.

— Падобна да месца злачынства, — працягваў ён, — толькі ў банку сьцяна не люстраная. А падлога такая самая, карычневыя квадраты. І пісталет побач…

Гмурман кінуў кароткі позірк на лэйтэнанта.

— Вельмі падобна, — Жыгалка палез па тэлефон. — Любачка, — сказаў ён у слухаўку, — што ў нас за красоўкі на штымпулі, што спрабаваў пяцьсот чатырнаццатае аддзяленьне на гоп-стоп… А майка — чорная? — ён павярнуўся да Гмурмана, — Па-мойму, тут «Адзідас»?

Гмурман паціснуў плячыма.

— Што ты кажаш! Дзякуй! — Жыгалка схаваў слухаўку. — І праўда, «Адзідас», — сказаў ён і шумна ўздыхнуў.

Ён яшчэ нейкі час разглядаў карціну, седзячы на кукішках.

— Вы мне не аддасьцё гэты цудоўны твор пад слова гонару? — зьвярнуўся ён. — Я выдам расьпіску…

Стары адмоўна пакруціў галавой:

— Малады чалавек, я ўдавец, у мяне засталася толькі рэпутацыя. Законы напісаныя на тое, каб іх выконвалі ўсе.

Жыгалка яшчэ раз шумна ўцягнуў паветра носам.

— Заўтра будзе ордэр на канфіскацыю.

— Прыходзьце заўтра, — адказаў Гмурман.

— Ня любіце вы нас, — прабурчаў лейтэнант, — я ж магу ў экстранных выпадках…

Ні дзякуй табе, ні калі ласка, падумаў Гмурман. Гэтае пакаленьне зачалі ў інтэрнэце, яны там нарадзіліся і жывуць. Ім, бач ты, няма часу на прыстойнасьць. У іх так прынята.

А гэты сунуў пад нос нечыя крамзолі зь пячаткамі і думае, што мае пропуск у райскія сады.

— …разгульваюць на свабодзе. Яны могуць нарабіць справаў. А вы мне не даяце рэчавы доказ… — працягваў Жыгалка.

Гмурман дастаў беласьнежную насоўку і выцер ёю шкельцы акуляраў.

Лейтэнант аказаўся ўпартым.

— Ён увайшоў у банк, — Жыгалка паказаў, як рабаўнік увайшоў, — дастаў пісталет, — лейтэнант дастаў свой пісталет, — наставіў яго на супрацоўніцу, — ён наставіў пісталет на Гмурмана, — і запатрабаваў не гатоўку, а ключы ад ячэек.

Ён убачыў, як у Гмурмана паехалі бровы ўгару ад зьдзіўленьня.

— У банку ёсьць дублікаты ад усіх сэйфаў, — падміргнуў лейтэнант.

Бровы Гмурмана вярнуліся на былое месца.

— Дзяўчынка зь перапуду схавалася пад стол, хоць іх і інструктуюць у выпадку абрабаваньня аддаць усё. Ён раззлаваўся, выстраліў. Але, дзякуй Богу, прамазаў. Другі стрэл зрабіў ахоўнік, які выйшаў з прыбіральні. Машына, што чакала на вуліцы, як пачалася страляніна, зараз жа знікла. Ён вось так споўз па сьцяне, — Жыгалка падышоў да сьцяны і паказаў, як спаўзаў забіты.

Квітанцыя вашага лямбарду была ў яго ў кішэні, — працягваў ён, хаваючы пісталет. — Сьцяпанава Марта Яўгенаўна, чый пашпарт быў пададзены, калі вы пісалі заклад, учыніла самагубства два месяцы таму. Марта Яўгенаўна на гэтым сьвеце была вядомай варажбіткай, з сур'ёзнай кліентурай. Да яе прыяжджалі з усёй краіны. Кажуць, яна кансультавала Адміністрацыю Прэзыдэнта і нават асабіста Самога… — Жыгалка скасіў вочы ўгору. — Адзіны сын Ягор. Цяперашняе месца знаходжаньня — наш аддзел крыміналістычнай экспэртызы. Ён цяпер у лядоўні зь дзіркай у грудзях, якую зрабіў ахоўнік пяцьсот чатырнаццатага аддзяленьня Беларусбанку з свайго «дзюка». Калі ня знойдуцца іншыя сваякі, будзе пахаваны на Паўночных могілках за наш з вамі кошт.

Гмурман працягваў непарушна глядзець на лейтэнанта. Сьпіч не зрабіў на яго ні найменшага ўражаньня.


Яна хавала твар у хустку і моцна перажывала. У яе былі рудыя валасы і прыгожыя спалоханыя вочы, дакладна такія самыя вочы былі ў хлопца, які зь ёй прыехаў. Ён паставіў карціну (яна была ў тым самым радне, што ляжала цяпер на крэсьле) і астатні час напружана маўчаў.

Яна вельмі не хацела разгортваць тканіну. Згадзілася паказаць толькі ражок, але Гмурман усё ж настаяў. Ён не знайшоў у карціне нічога дзіўнага… Павешаная жанчына выглядала вельмі натуралістычна. Тоўстая вяроўка, галава павернута набок, зблытаныя даўгія валасы, босыя ступакі, белая начная кашуля. Жанчына вісела сьпінай, здавалася, што трагедыя здарылася толькі што і яна працягвае гайдацца па інэрцыі… Арыгінальнасьць палягала ў тым, што карціна была напісаная на люстэрку, а не на палатне, і любы, хто на яе глядзеў, ствараў фон, на якім разгортвалася дзея. Крыху нязвыкла, вядома. На аматара.

Гаспадыня нэрвавалася, кусала вусны і крыху супакоілася, калі карціну зноў прыкрылі.

— На колькі гадоў вы хочаце здаць яе ў заклад? — Гмурман адарваўся ад запісу і паглядзеў на Марту Яўгенаўну.

Прыгожая, яна ведала сабе цану і, напэўна, дагэтуль круціла галовы, але цяпер ёй было не да таго. Чорныя кругі пад вачыма, заўважная дрыготка ў руках. Яна пацікавілася, які максымальны тэрмін магчымы і, пачуўшы, што пяць гадоў, згодна заківала.

Гмурман падаў квітанцыю, выпісаў дакумэнт для банку, яна расьпісалася, на квіток нават не зірнула, працягнула свайму спадарожніку. У яго стварылася ўражаньне, што грошы ёй былі непатрэбныя. Хлопца, які яе суправаджаў, Гмурман зусім ня памятаў, але быў упэўнены, што гэта быў сын.

Ягор, значыць, яго звалі, падумаў ён.


— Мы патаемна праверылі ўсе ячэйкі ў банку, — пад сакрэтам паведаміў лейтэнант, — там было шмат цікавага. Усяго разам гадоў на сто пяцьдзясят — дзвесьце.

— Мяне ў нечым падазраюць? — спытаўся Гмурман на ўсялякі выпадак.

— Я не магу выключыць таго факту, — Жыгалка ўважліва глядзеў на старога, — што частка злачынцаў на свабодзе, і вам можа пагражаць…

— Малады чалавек, — перапыніў Гмурман, — прыходзьце заўтра. З ордэрам.

Стары падняў анучку, якая валялася на падлозе, і паклаў на крэсла, да якога была прыхіленая карціна. Ён аглядаў яе каля месяца таму, калі страхавая кампанія патрабавала правесьці інвэнтарызацыю ў лямбардзе. Гмурман адгарнуў тканіну, пабачыў пад шклом краявід з магільнай плітой, вянкамі, чыгуннай агароджай і адразу прыкрыў выяву, нават не прачытаўшы выгравіраваныя даты.

Лейтэнант выцягнуў цыгарэты і азірнуўся, шукаючы попельніцу. Гмурман тыцнуў у таблічку «Не курыць» і кіўнуў на дзьверы. Жыгалка ўстаў у дзьвярным праёме. На дарозе гулялі дзеці. Яны вішчалі, ганялі на ролікавых каньках, у руках у іх былі клюшкі. Лейтэнант адварочваўся, выпускаў дым на двор і працягваў глядзець на карціну.

— Дакладна месца злачынства. Адзін да аднаго. Адсюль зусім відавочна…

Жыгалка выкінуў недапалак і вярнуўся ў пакой. Гмурман падсунуў фатэль і паглыбіўся ў свае ўліковыя кнігі.

Лейтэнант памацаў пальцам шкло, агледзеў раму, перавярнуў карціну. З тыльнага боку нічога не было. Ніякіх надпісаў, штампаў, датаў.

Звычайнае люстэрка.

— У лябараторыі разьбяруцца, — Жыгалка выпрастаўся, калені хруснулі, і пайшоў да выхаду.

Гмурман на імгненьне адарваўся ад запісаў.

— Да пабачэньня, малады чалавек.

Яму не адказалі, дзьверы зачыніліся.

Гмурман паглядзеў у акно. Лейтэнант дагаварыў па тэлефоне, сеў у шэрую таёту і на шалёнай хуткасьці рвануў. Дзеці расступіліся, пачакалі, пакуль машына праедзе, і працягнулі высьвятляць адносіны сьценка на сьценку. У шлемах, налакотніках, накаленьніках, з клюшкамі наперавес.

Лета, падумаў Гмурман. Ён усьміхаўся. Ягоны ўнук гэтаксама ганяў па праезнай частцы, у такім самым шлеме, толькі на другім баку Зямлі, сярод кенгуру.

Стары раптам скеміў, што крэсла з прыхіленай карцінай усё яшчэ стаіць пасярэдзіне памяшканьня. Ён зашаркаў наводзіць парадак. Узяў радно і зірнуў на карціну, зьбіраючыся яе прыкрыць. Шэрая таёта коламі дагары, языкі полымя з капота, чорны дым. Насілкі, перавязаная галава, нерухома зьвешаная рука… У вольнай прасторы люстэрка адбіваліся Гмурманавы ногі ў мяккіх разношаных чаравіках і лёгкіх летніх нагавіцах шэрага колеру.

Стары пайшоў у другі пакой і вярнуўся з маленькім вазочкам. Крэкчучы, ён засунуў карціну ў радно і завёз туды, дзе яна пылілася раней. Ён не ўсьцягнуў яе на верхнюю паліцу, хоць і быў упэўнены, што заўтра па яе ніхто ня прыйдзе...

Загрузка...