Герасім & Муму


Яна яму надакучыла. Герасім яе некалькі разоў тапіў — і ўсё няўдала. Калі вяртаўся да сябе, а жыў ён на ўскрайку двара, каля куратніка, яна ўжо сядзела перад уваходам у ягоны катушок, прыязна махала ржавым хвастом, а з разяўленай пашчы ліліся гукі фартэпіяннага джазу. Герасім пасьля гэтага звычайна нейкі час быў як ня свой. Ён або тармазіў, застываючы на пару хвілін кожныя паўгадзіны, або разьюшана мёў, уздымаючы вялізную хмару пылу, у якой яго самога немагчыма было разгледзець.

Ён дастаўся мне ў спадчыну разам з усёй астатняй гаспадаркай майго дзядзькі — невялікай сядзібай на ўзьбярэжжы. Стары, нават, можна сказаць, старажытны андроід. Мэталічная бліскучая галава, пакрытая зашмальцаванай кепкай, даўгі фартух, рыпучыя суставы, дапатопныя інфрачырвоныя камэры ў вачніцах…

Герасім займаўся звычайнай працай дворніка: сартаваў сьмецьце, грузіў яго ў кантэйнэры, зьбіраў па навакольлі пустыя бутэлькі і бляшанкі, што заставаліся пасьля шматлікіх сьвяточных пікнікоў.

Некалі даўно праграму мадэрнізавалі, і ён пачаў даглядаць курэй. Сыпаў ім ячмень, мяняў ваду, зьбіраў яйкі.

Жыў самотна, іншых робатаў цураўся, калі выпадала вольная хвіліна, глядзеў па тэлевізары футбол.

Прыбіраў ён якасна і сумленна. Я заўсёды любаваўся дакладным мерным рухам яго мятлы. Адчувалася старая праграмісцкая школа.

Здаралася, што ён напяваў пад нос старадаўнюю песеньку «Не качагары мы, ня плотнікі». Раз я заўважыў, як ён нешта дастаў з кішэні фартуха, азірнуўся па баках і ўставіў сабе ў рот. Я не паверыў сваім вачам. Бліснуў агеньчык запальнічкі, і Герасім закурыў. Цыгарэта ў роце дымілася. Ён стаяў нерухома хвілін дзесяць, пасьля пстрычкай паслаў недапалак далёка за плот, зноў азірнуўся па баках і ўзяўся як нідзе нічога месьці.

З Утылізатарам адносіны ў Герасіма былі працоўныя.

— Ты, значыцца, эта… ты бліжа падганяй! — крычаў ён, трымаючы кепку ў адной руцэ, а другой пагладжваючы сваю бліскучую галаву. — Ты эта, значыцца… ты коўш акуратней сувай.

Утылізатар быў сучаснай мадэльлю і лічыў, што мае пачуцьцё гумару. Герасім на жарты не рэагаваў, але было заўважна, што ён нэрвуецца. Рукі дрыжалі больш, чым звычайна, вывераныя рухі рабіліся занадта рэзкімі.

— Ты эта, значыцца, хохмы будзеш дома расказываць. Ты зачэм прыехаў? Ты сюда, значыцца, работаць прыехаў. Вот і дзелай сваё дзела.

Муму наагул невядома адкуль узялася. У найпадрабязьнейшым вопісе маёмасьці, які прыкладаўся да тастамэнту, яе не было.

Я абыходзіў будовы разам з аканомам — верным робатам майго нябожчыка дзядзькі, які меў дзіўны дэфэкт, што рабіў яго мову падобнай да мовы задыханага чалавека, — калі ўбачыў праржавелую наскрозь пральную машыну, якая ляжала на баку.

— Будка, — сказаў аканом, злавіўшы мой зьдзіўлены позірк, — дворніка нашага Герасіма кібэрдог.

Муму высунула зь дзьверцаў сваю вострую мордачку, асьцярожна павяла камэрамі, убачыла нас і схавалася. Аканом сумеўся, я махнуў рукой, падбадзёрваючы:

— Хай будзе.

Аканом расслабіўся, і мы пайшлі далей.

Наогул да Муму ўсе ставіліся зусім абыякава. Нават куры не зьвярталі на яе асаблівай увагі. Толькі певень раўнаваў. Ён абавязкова спрабаваў наскочыць і дзюбнуць у вока. На мордзе ў Муму адразу зьяўляўся выраз непадробнага зьдзіўленьня. Яна сядала на азадак, неўразумела глядзела на атакі. Галава зь дзіўным гудам паварочвалася ўсьлед за рухамі пеўня, рот міжвольна разяўляўся. Аднойчы я пачуў, як з пашчы, замест павіскваньня, прагучала:

— Я гэта чаму вам кажу? Не дзеля таго, каб пахваліцца, што мы гэта зрабілі. Хоць мне і прыемна сёньня пра гэта казаць. Я вам хачу прадэманстраваць, што як толькі мы заняліся праблемай сяла, гэта пацягнула, як лякаматыў, астатняе. Пацягнула грамадзкае, сацыяльнае жыцьцё людзей — клюбы, палацы, садок, ясьлі, школу. Мы ў кожным гарадку аб'ядналі ясьлі, садок і школу. Ніякіх траўмаў, чалавек як пачаў з трох гадоў туды хадзіць, ён ужо звыклы. Уяўляеце, зь дзіцячага садка ў школу завесьці дзіця? Самі ж хадзілі. Якая трагедыя…

Некалькі разоў я бачыў, як на другі дзень пасьля начнога дажджу Герасім, буркаючы нешта пад нос, адпілоўвае нажоўкай яе прыржавелае тулава ад пральнай машыны.

— Іш ты, значыцца, муха! — лаяўся ён.

Пасьля праведзенай апэрацыі Герасім абавязкова выхоўваў Муму. Ён садзіў яе насупраць і доўга глядзеў ёй у морду. Яна не вытрымлівала позірку і панура апускала галаву. Хвост, які звычайна весела круціўся вакол сваёй восі, тужліва ляжаў на зямлі. Яна ўсім сваім выглядам паказвала, як шкадуе, што так выйшла, разумее недарэчнасьць свайго становішча і поўнасьцю раскайваецца. Аднак пасьля чарговага дажджу гэта паўтаралася зноў.

Муму была вельмі старая. Іржа аб'ела яе ў розных месцах так, што прасьвечваў рухальны мэханізм, хвост круціўся са скрыпам, часам яна без прычыны спынялася. А калі вочы западалі ў вачніцы, Герасім прыносіў патэльню і біў яе па патыліцы. Яна торгалася, выраз твару рабіўся асэнсаваны, камэры вярталіся на месца. Муму падыходзіла да гаспадара і пачынала ўдзячна терціся аб яго ногі.

Да Герасіма ў катушок яна не заходзіла. Прыладжвалася на парозе і цярпліва чакала. Заўсёды можна было вызначыць, дома Герасім ці не. Калі Муму на варце перад дзьвярыма, значыць ён глядзіць футбол. Калі Герасім выпраўляўся зьбіраць бутэлькі, ён заўсёды браў яе з сабой. Клікаў Муму сьвістам, і яны нясьпешна выходзілі з двара. Герасім ішоў, перакінуўшы праз плячо пару льняных мяхоў, Муму трухала побач, зрэдку забягаючы наперад, спынялася і чакала, пакуль гаспадар зь ёй параўняецца. Празь некалькі гадзін яны дакладна ў такім самым парадку і вярталіся. Толькі на плячах у Герасіма спачывалі два вялізныя, набітыя здабычаю мяхі.

Бутэлькі Герасім здаваў Утылізатару, а на ўтаргаваныя грошы аплачваў спадарожнікавыя каналы. Сума была дробная, але яму хапала, і ён вельмі ганарыўся сваёй незалежнасьцю.

Аднойчы я ўбачыў, што яны ідуць кудысьці разам. Традыцыйных мяхоў для збору бутэлек, што звычайна боўталіся на плячы ў Герасіма, я не заўважыў, але й не надаў гэтаму вялікай увагі. Аднак праз гадзіну са мной зьвязалася берагавая варта. Паводле ідэнтыфікацыйнага нумару яны знайшлі ўладальніка і цікавіліся, што робіць мой катар так далёка ў моры. Я вельмі зьдзівіўся.

— А каго вы бачыце на борце?

Яны адказалі, што там толькі робат у кепцы. Неўзабаве мокрая Муму прыбегла ў двор. Яе хвост прапэлерам круціўся з рыпеньнем вакол сваёй восі, а з пашчы ліліся раскацістыя акорды штутгарцкага канцэрту Мішэля Пэтручыяні. Сьледам за ёй паказаўся Герасім. Ён адразу накіраваўся ў катушок глядзець футбол, але, убачыўшы Муму, зьбянтэжана ссунуў кепку на бліскучую патыліцу і, не саромеючыся нікога, дастаў з кішэні фартуха пачак цыгарэтаў. Ён доўга ня мог прыкурыць, рукі ў яго дрыжалі. Нарэшце ўдалося, ён выпусьціў дым і прысеў на кукішкі.

— Іш ты, значыцца, муха! — толькі й сказаў ён, углядаючыся ёй у вочы.

Я вырашыў яго не чапаць і запатрабаваць тлумачэньняў назаўтра. Але раніцай выявілася, што яны ўжо некуды пайшлі. Аканом расказаў, што Муму чарговы раз прыржавела, Герасім гучна лаяўся, нэрваваўся, зламаў некалькі нажовачных палотнаў, але ўсё ж адпілаваў.

Я, навучаны досьведам, адразу зьвязаўся зь берагавой вартай, яны пацьвердзілі, што Герасім зноў выйшаў у мора.

— Вы яго бачыце? — пацікавіўся я.

Яны пачалі трансьляваць карцінку на мой пляншэт. Герасім стаяў на карме і задуменна глядзеў на небакрай. Ён узяў сабаку за заднія лапы і кінуў за борт. Пасьля ўставіў у рот цыгарэту і закурыў.

Хвілін праз дваццаць Муму ўбегла ў двор і адразу накіравалася на сваё звычайнае месца. Яна прысела там, некалькі разоў паводзіла галавой з боку ў бок і замерла. Вочы згасьлі.

Герасім вяртаўся задаволены. Ён ішоў, выставіўшы наперад бліскучыя грудзі, і на ўвесь голас расьпяваў «Не качагары мы, ня плотнікі». Яго крыху пахіствала, ён нават захрас у браме, абярнуўся і прыгразіў кулаком некаму нябачнаму. Ён ужо дабраўся да другога куплету, калі ўбачыў Муму. Вакол яе ўтварылася невялікая лужына. Дворнік спыніўся, пачаў пільна ўглядацца, але, пабачыўшы, што камэры запалі, пайшоў да сябе і вярнуўся з патэльняй. Ён ляснуў так моцна, што Муму паляцела пад плот.

— Іш, значыцца, муха! — сказаў Герасім, ацэньваючы траекторыю.

Камэры ў вачах у Муму вярнуліся на месца, яна бразнулася аб зямлю, ажыла, радасна завіляла хвастом, спараджаючы пры гэтым жахлівыя гукі дрэнна змазанага жалезьзя, і затрухала да гаспадара, зьбіраючыся, як звычайна, пацерціся Герасіму аб ногі, але той пайшоў у катушок і бразнуў дзьвярмі перад самым яе носам.

А ўначы была залева. Гром грымеў, быццам вялізны асілак тупаў па нашым даху. Маланкі бліскалі штохвілінна, асьвятляючы навакольле яркімі сполахамі. Усё было ненатуральна выразнае, трывожнае, пляскатае. Патокі вады йшлі сьцяною.

— Так… — прашаптаў аканом майго нябожчыка дзядзькі, — такога дажджу даўно ўжо не было. Вельмі даўно.

Стыхія сунялася каля чацьвертай гадзіны. Зь першымі промнямі сонца Герасім выйшаў на двор. Было мокра. Вакол стаялі суцэльныя лужыны, у якіх адбівалася блакітнае неба.

Муму наглуха прыліпла да сваёй будкі. Герасім пахадзіў навокал, пассоўваў кепку, промень сонца адбіўся ад яго бліскучай патыліцы і трапіў у мой пакой. Я думаў, што Герасім пойдзе, як звычайна, па нажоўку, але ён не сьпяшаўся. Дворнік прысеў каля Муму, дакрануўся пальцам, пасьля ўстаў і шпаркім крокам накіраваўся не да сябе, а за куратнік. Праз хвіліну вярнуўся з тачкай, на якую бязь цяжкасьці пагрузіў пральную машыну з наглуха прыржавелай жывёлінай. Галава Муму зь цікаўнасьцю сачыла за дзеяньнямі Герасіма.


Дворнік, ні слова ня кажучы, штурхаў тачку паперадзе сябе. За брамай сядзібы спыніўся, дастаў з кішэні фартуха цыгарэту, крыху патрымаў у руках, нечакана схаваў і пакаціў тачку ў бок мора. Я зьвязаўся зь берагавой вартай і папярэдзіў, каб нічога не рабілі, а толькі трансьлявалі карцінку з свайго дрона мне на экран.

Праз паўгадзіны на пляншэце зьявілася выява катара і Герасіма за штурвалам. За ім ляжала пральная машына з Муму, якая бездапаможна матляла лапамі. Герасім выплыў далёка за буйкі і спыніўся. Ён падняў машыну на выцягнутыя рукі і выкінуў за борт. Зьняў кепку, выцер марскія пырскі з бліскучага мэталічнага твару і разьвярнуў катар. Праз гадзіну ён ужо мёў двор сядзібы і бурчаў пад нос звыклае «Не качагары мы, ня плотнікі, да…»

Я ўжо зьбіраўся выклікаць яго для сур'ёзнай размовы, але маю ўвагу адцягнуў экстранны сыгнал ахоўнай сыстэмы.

— Код чырвоны, — сказаў ахоўнік рыпучым голасам і паўтарыў, — код чырвоны. Гэта не вучэньні.

Код чырвоны — найвышэйшая ступень небясьпекі. Ахова перадавала выявы з камэраў сачэньня. Павольна, вельмі павольна, з-за пагорка, з боку мора, набліжалася вялізная гара хламу з наліплымі ракавінкамі і караламі. Я разгледзеў іржавы якар, лопасьці ад вінта невялічкага катара, некалькі балёнаў ад акваланга, вёдры, талеркі, кулямёт «максім» са стужкай патронаў. Зьверху над усім узвышаліся шыпы падобнай на рыбу-вожыка марской магнітнай міны. У самым нізе быў відаць знаёмы кавалак іржавай пральнай машыны. Увесь гэты хлуд пакідаў за сабой на зямлі глыбокую баразну. Музыкі чуваць не было. Але я быў упэўнены, што па меры набліжэньня да сядзібы Мішэль Пэтручыяні будзе гучаць усё больш выразна…

Загрузка...