Ён прачнуўся і адразу паспрабаваў сесьці. Унутры хруснула, ён пакруціў галавой, прыгадаў, што сёньня чацьвер.
— Мама!
Ніхто не адгукнуўся. Ён падкурчыў калені, суставы скрыпнулі, і паклаў на іх галаву.
Было дзесяць гадзін сорак шэсьць хвілін. Міша пасядзеў бяз руху і роўна ў адзінаццаць зьлез са стала.
— Мама!
Дзьверы ў пакой бясшумна ад'ехалі, і ў праёме зьявілася мама.
— Ты як? — ласкава ўсьміхнулася яна. — Есьці ня хочаш?
Міша падумаў і кіўнуў галавой.
— Хадзем, — паклікала мама.
У кухні было, як заўсёды, стэрыльна. Вялізная ультрафіялетавая лямпа пад стольлю, мноства інструмэнтаў: адвёрткі, гаечныя ключы, разакі, гарэлкі, балёны з аргонам і кіслародам, чорныя разэткі, шпулькі, датчыкі тэмпэратуры і старадаўні гігромэтар, які мама знайшла на сьметніку, аднавіла і вельмі ім ганарылася.
— Чым будзеш сьнедаць?
Міша думаў.
— Можа, марозіва? — нерашуча пачаў ён.
— Сунічнае? — удакладніла мама. Міша энэргічна заківаў.
Яна ўключыла кампутар і пачала варажыць над графікамі. Крывыя не жадалі падпарадкоўвацца, танчылі, выгіналіся васьмёркамі, імкнуліся выскачыць за межы экрана. Міша асьцярожна пазіраў з-за мамінага пляча, як графікі паступова здаюцца, супакойваюцца і ўваходзяць у патрэбную канфігурацыю. Урэшце мама адарвалася ад клявіятуры і падала штэкер, ад якога ішоў тонкі белы дрот.
— Смачна есьці.
Міша ўставіў штэкер у гняздо ў левым баку.
Спачатку трошкі паколвала, але пасьля ўсё запоўніў смачны пяшчотны холад. Ён быў салодкі, сакавіты, хрусткі, ярка-чырвоны, пах сьвежасьцю і вясною. Міша заплюшчыў вочы ад задавальненьня. Ён трымаўся абедзьвюма рукамі за стол і зьлёгку гайдаўся.
Хлопчык зь бялявымі валасамі лез угару па вяровачнай лесьвіцы. На ім была белая кашуля зь сінімі палоскамі. Міша аднекуль ведаў, што гэта матроская форма. Хлопчык сьпяваў:
А ну-тка песьню засьпявай, вясёлы вецер,
Вясёлы вецер, вясёлы вецер!
Моры і горы ты аблазіў усе на сьвеце
І ўсе на сьвеце песенькі пачуў…
Міша бачыў мора, хвалі, хлопчык лез усё вышэй і вышэй, да самага сонца.
— Смачна? — пачуў Міша мамін голас. — Добрага памаленьку.
Міша расплюшчыў вочы.
— Можна яшчэ, — папрасіў ён, — кропельку?
Мама адарвалася ад экрана.
— Шмат салодкага — шкодна. Ты ж ведаеш — не шкада. Але што рабіць, калі ў цябе зноў пачнецца…
Яны былі ў гасьцях, і Каця ўпотайкі зацягнула яго на кухню, сунула штэкер і накарміла сочывам. Увечары Мішу зрабілася дрэнна. Мама ніяк не магла зразумець, чаму ён лётае як шалёны, не жадае адпачываць, хоць было ўжо позна. Яна ледзь злавіла, калі ён амаль што выскачыў у акно. Мішу хацелася лётаць. Мама выклікала лекараў, яны прыехалі праз шаснаццаць хвілін, выявілі парушэньне ў групе рухальных функцый, якое выклікала замыканьне цыклу. Доўга чысьцілі працэсарны блёк, спрачаліся, ці трэба пераўсталёўваць сыстэму, мама пасьля сказала, што гэта называецца «ладзіць кансыліюм», так і не прыйшлі да адзінага меркаваньня, віруснае гэта ці ўзроставае, вырашылі пакінуць усё як ёсьць і паназіраць.
А раніцай зьявілася Каця, яе прывялі бацькі, яна раўла на ўсё горла і расказала пра сочыва.
Міша выцягнуў штэкер.
— Можна, я пайду па вясёлку? — засмучана спытаўся ён.
Мама прыцягнула яго да сябе і пацалавала ў лоб.
— Дык я пайду? — удакладніў Міша.
— Толькі ня доўга, — сказала мама, але Міша ня чуў, ён бег уніз па лесьвіцы.
На вуліцы было ня горача, каля трыццаці. Сонца не было, неба было зацягнута шэрай смугою, з боку мора пахла нечым незнаёмым, кіслым.
Пад нагамі было сьлізка. У чорнай застылай шклістай масе, якая пакрывала ўсё да пачатку бэтоннай паласы, адлюстроўваліся дамы, сілавыя лініі на мэталічных апорах і рэдка-рэдка аўтаматычны дрон, што пралятаў у бок рэактару.
Самога будынку разбуранай АЭС відаць не было, ён хаваўся ў нізіне, за гладкім, таксама пакрытым чорным шклом пагоркам. З таго боку вецер заўсёды прыносіў цяпло, а ўначы — Міша ня бачыў, але Каця клялася і бажылася, што бачыла, — з-за пагорка сьвяцілася зялёным.
Ён спыніўся каля Кацінага дому і пастукаў у дзьверы.
— А, гэта вы, Міша? Добры дзень.
Кацін тата заўсёды называў яго на «вы».
— Добры дзень, — Міша засаромеўся і ў нерашучасьці замаўчаў.
— Каця, — тата адвярнуўся і закрычаў кудысьці ў дом, — да цябе Міша.
— Зараз, — пачулася ў адказ з глыбіні будынку, — зараз…
— Можа, зойдзеш? — тата зрабіў запрашальны жэст, але Міша адмоўна пакруціў галавой, унутры зноў хруснула.
Каця паказалася з-за татавай сьпіны.
— Здароў, Міша, — тата адсунуўся, прапускаючы яе наперад.
— Бывай, тата, — яна памахала бацьку рукой.
Міша ўзяў яе за руку, і яны засьлізгалі па шклістай масе ў бок мора.
— Далёка не гуляйце, — сказаў тата на ўсялякі выпадак.
— Добра, — хорам адказалі яны.
Бэтонная агароджа пачыналася праз кілямэтар. Пліты былі разьбітыя, і з расколінаў, быццам прарослыя расьліны, тырчалі кавалкі ржавай арматуры. Некалі даўно з гэтых плітаў узьляталі цяжкія шатлы.
Міша з Кацяй пераскоквалі праз разломы, караскаліся ўгару па плітах, спускаліся ўніз, паўзьлі па невялікіх тунэлях, што ўтварыліся невядома як. Каця не любіла цемры, пару разоў ёй было ніякавата, але Міша нічога не баяўся. Ён усюды ішоў першы і цягнуў за сабой.
Урэшце яны прыйшлі. Наперадзе непакоілася чорная вада. Ад яе ішоў кіслы пах. Хвалі накочваліся на бэтонныя пліты і разьбіваліся на мільёны пырскаў. Калі сьвяціла сонца, тут зьяўлялася вясёлка. Міша з надзеяй паглядзеў угару. Да канца гарызонту неба было шэрае. Высока ў небе вісеў дрон, за ім цягнулася тонкая белая паласа. Каця прыклала руку да вачэй, быццам яе сьляпіла. Міша сеў на пліту, бэтон быў цёплы. Мора крыху супакоілася, пах зрабіўся не такім рэзкім. Каця прыладзілася побач. Яны праводзілі дрон позіркамі, пакуль ён не схаваўся за шкляным пагоркам, і зноў павярнуліся да вады.
— Якая яна, вясёлка, зьверху? — спытаўся Міша. Галава ў яго ляжала на каленях.
Хвалі ляніва набягалі адна за адной і адкочваліся назад.
— Напэўна… — пачала Каця і замаўчала.
Вада ўнізе шумела, быццам побач у яме рыхтаваўся да выступу аркестар.
Музыкі ладзілі інструмэнты. Дзьмулі ў муштукі флейтаў, спрабавалі валторны, асьцярожна білі ў барабаны, арфа правярала напятасьць струнаў, скрыпічная група тузала смычкі.
Міша ўстаў.
— А ну-тка песьню засьпявай, вясёлы вецер, — пачаў ён, — вясёлы вецер, вясёлы вецер.
— Моры і горы ты аблазіў усе на сьвеце, — падхапіла Каця.