Сэйф


Самотны камар тонка і агідна зьвінеў. Ён заходзіў з тылу, сьпераду, пасьля нечакана зьнік. Гмурман супакоіўся, але раптам адчуў, што яго кусаюць, і ўдарыў па правай скроні. Адзін-нуль, усьміхнуўся стары. Калі ў вуху перастала зьвінець, ён расплюшчыў вочы і паглядзеў у вітрыну.

Ноч, кваканьне жабаў у сажалцы, міліцыянты з аўтаматамі, узламаныя дзьверы ў лямбард…

Колькі іх было? Двое? Трое?


Міця дыхаў брату ў самае вуха. Ігар некалькі разоў адсоўваўся, на нейкі час гэта дапамагала.

— Нічога, — Ігар дастаў з вушэй трубкі фанэндаскопа.

Сэйф аказаўся простым: ручка зь дзяленьнямі, проразь для ключа, бірка з інвэнтарным нумарам на бакавой сьценцы. Вельмі нагадваў канструкцыі зь фільмаў сярэдзіны мінулага стагодзьдзя. Мужчына з трыбушком у мехаватым гарнітуры з выразам вечнага страху перад рэвізіяй дрыготкімі рукамі дастае ключ з кішэні сьветлага пінжака. Вочы бегаюць, ён ніяк ня можа трапіць у замок, выцірае мокры лоб клятчастай насоўкай. Масіўныя дзьверцы адчыняюцца зь лёгкім рыпам. На паліцах — пячаткі на падушачках, блянкі камандзіровачных пасьведчаньняў, тонкая кардонная тэчка, у якой ляжыць падпісаная заява па ўласным. Часам бутэлька алькаголю. Мужчына пакорліва чакае сваёй долі, вінавата ўцягнуўшы невялікую лысую галаву ў плечы.

Міця ўзяў фанэндаскоп, зьлёгку пстрыкнуў пальцам па мэмбране. Увушшу пачуўся грукат — усё працавала. Брат прыціснуў мэмбрану да дзьверцаў і пакруціў ручку. Міця адмоўна заматляў галавой, забраў мэмбрану і ўзяўся сам прыкладаць яе да розных месцаў сэйфа. Ігар нейкі час сядзеў зь безуважным выглядам, залез у торбу з інструмэнтамі, дастаў ломік і ўдарыў па рабры незгаральнай шафы. Аксамітная цішыня. Па лбе ў Міці паехаў зьдзіўлены гармонік зморшчынаў.

— Хто ж ведаў… — засмучана сказаў ён.

У пакоі пахла пылам. Апрача сэйфа, што стаяў у куце, быў яшчэ пісьмовы стол з тумбай, разнымі ножкамі, масіўнай чарнільнай прыладай і звычайнае, нічым не адметнае крэсла. Праз адчыненыя дзьверы была відаць гандлёвая заля. На сьценах віселі партрэты бравых мужчынаў у расшытых камзолах са шпагамі. Блякла блішчала золата цяжкіх рамаў. Пад імі стаялі паліцы, дзе пад шклом або проста так ляжала ўсялякая дзіўная ўсячына. Вялікія шкляныя шары для аматараў магіі, састараныя намаганьнямі суседняга вайсковага заводу падзорныя трубы, парцалянавыя кітайскія правадыры, музычныя скрыначкі, зь якіх, калі зьлёгку націснуць на сакрэтную кнопку, выскоквалі памежнікі, абардажныя пірацкія шпагі, дуэльныя пісталеты і іншая лухта.

— Курыць хочацца, — Ігар павадзіў галавой з боку ў бок, гучна захрусьцела ў шыйных пазванках.

Залезьці ў лямбард была Міцева ідэя. Яны сядзелі на мелі ўжо чатыры месяцы. Усе заказчыкі маўчалі. Дый каму патрэбны прамысловы шпіянаж, калі навокал крызіс. Акцыі падаюць, банкі лопаюцца, абвесткі аб продажы нерухомасьці клеяць нават у прыбіральнях. Працы не было, і, калі яна зьявіцца, было няясна.

Апошнія грошы Міця патраціў на вузкавокую даўганогую манэкеншчыцу, якую падчапіў у «Новым Бронксе». Рыта аказалася аматаркай «Удавы Кліко» і пасьля дзьвюх бутэлек зацягнула ў лямбард, дзе ён купіў ёй пэрлямутравую пудраніцу майстэрскай работы. Яна цмокнула ў шчаку і шчасьлівая паляцела ў Гамбург на здымкі, абяцаўшы патэлефанаваць.

На другі дзень Міцю адключылі мабілку. Ён прыйшоў да брата, бегаў па кватэры, размахваў рукамі.

— Мы можам гэта зрабіць!

— Каму зьбіраесься здаваць барахло? — паспрабаваў астудзіць запал Ігар. — У іншы лямбард?

Засьвістаў чайнік на кухні.

— Стары трымае ў сэйфе сапраўдныя каштоўнасьці. Ігар уздыхнуў, пакапаўся ў кішэнях і працягнуў некалькі купюраў.

— Уключы тэлефон.

Міця ня гледзячы сунуў грошы ў кішэню.

— Ты ж ведаеш, кім Рыта працуе…

Брат скрывіўся.

— Для здымак быў патрэбны пярсьцёнак са смарагдам, — Міця вырашыў не зьвяртаць увагі на незадаволеныя грымасы, — яго прынесьлі. Рыта пацікавілася, колькі каштуе.

Ігар працягваў стаяць з адсутным выглядам твару.

— Страхавая цана сорак тысячаў, — казаў далей Міця. — Рыта сама езьдзіла вяртаць каштоўнасьць.

Ігар чмыхнуў.

— Што ж тут незразумелага? Прычапілася да фатографа, каб пазнаёміў з уладальнікам…

Ігар зразумела заўсьміхаўся.

— Кавы не прапаную: ты й так па столі бегаеш. Можа, проста бром кіпнем разьвесьці?

Міця пакрыўджана замаўчаў, узяўся дыхаць брату ў патыліцу, назіраючы, як той кідае ў кубачак палачку карыцы, залівае карычневую вадкасьць і нясьпешна дастае цыгарэту.

— Чым ты зьбіраесься запраўляць машыну празь месяц? — урэшце ня вытрымаў ён.

Пстрыкнула запальнічка, брат глыбока зацягнуўся.

— «Удавой Кліко». Хопіць на тысячу кілямэтраў.

Ігар думаў тыдзень. Курыў, глядзеў футбол, гартаў часопісы. Пагадзіўся. Міця яшчэ раз схадзіў у лямбард, папрасіў гаспадара дапамагчы падабраць падарунак для сяброўкі. Стары бліскаў акулярамі, трымаўся за бок, крактаў. Заваліў прылавак таннай мішурой. Давялося сказаць, што ў сродках ён не абмежаваны, абы рэч была вартая. «Хвіліначку, — кажа, — малады чалавек». Праглынуў таблетку і пайшоў у другі пакой.

Ён паказаў, як стары шаркае.

— Вяртаецца са скрыначкай і кладзе на прылавак. «Тыфані». Пярсьцёнак са смарагдам у срэбры. Той самы. Я сказаў, што гэта верх маіх магчымасьцяў.

Ігар дробна кіўнуў. Міця працягваў думаць пра сваё.


Яны хутка знайшлі плян лямбарду. Замовілі па звычайных каналах у свайго чалавека ў бюро інвэнтарызацыі. Уваходны замок здаўся праз хвіліну, адключыць сыгналізацыю было сэкунднай справай. Другі пакой быў наагул незамкнуты. Міця ўбачыў сэйф і ня мог схаваць сваёй радасьці.


— Курыць хочацца, — паўтарыў Ігар.

— Можа, гэта матэрыял такі спэцыяльны?

Ігар паглядзеў на брата, быццам убачыў яго ўпершыню.

— Гукапаглынальны… — ня надта ўпэўнена дадаў Міця.

Гадзіньнік паказваў чвэрць на першую.

— Што будзем рабіць? — спытаўся Ігар і паглядзеў па баках.

Міця ўсьлед за братам паводзіў галавой.

— Няма сэнсу, — сказаў ён, — карціны падробныя, падзорныя трубы — таксама.

Ігар падышоў да вешака, на якім вісеў сьветлы пінжак. Міця сабраўся ўжо пажартаваць, што гэты фасон увойдзе ў моду ў наступным сэзоне, але Ігар пачаў абмацваць кішэні. Нешта выцягнуў з адной і пачаў круціць перад вачмі.

— Які, кажаш, ювэлірны брэнд быў?

Міця не зразумеў.

— Смарагд…

— «Тыфані», здаецца, — Міця выцягнуў шыю, спрабуючы разгледзець, што ў брата ў руках.

Ігар працягнуў ключык. На ім было напісана «Тыфані». Міця адкрыў маленькі комп і залез у сетку.

— Палома Пікаса, — прачытаў ён, — распрацавала для «Тыфані» лінейку ўпрыгожаньняў, у тым ліку і ключы. Срэбра.

Ігар уставіў ключ у замок. Пачулася гудзеньне, нізкі гук, быццам недзе запрацаваў генэратар. Яны ўздрыгнулі і пераглянуліся. Выцягнулі ключ, і гук прапаў. У іх загарэліся вочы. Ігар паказаў галавой на фанэндаскоп і зноў уставіў ключ у замок. Сэйф загуў, як разварушаны вулей. Ігар пакруціў ручку зь дзяленьнямі.

— Ну? — Міця зноў пачаў дыхаць у патыліцу. — Ёсьць кантакт?

Ігар крыху падаўся наперад.

— Слухай, — пачаў ён незадаволена. Міця адсунуўся. Ігар пачаў павольна паварочваць ключ. Гуд узмацніўся. Міця ўбачыў буйныя кроплі поту на братавым ілбе.

— Што з табой?

— Ня ведаю… — адказаў Ігар. — Не магу.

Міця не зразумеў.

— Што «не магу»?

— Не магу і ўсё.

Ігар пакруціў рукой, быццам адчыняў уяўны замок.

— Не разумею, — ён устаў. — Ніколі такога не было…

З братам рабілася нешта ня тое. Рухі сталіся няўпэўненымі, рукі заўважна дрыжалі. Ігар падышоў да сьцяны, абаперся сьпінай і павольна споўз уніз.

— Зараз…

Міця працягваў сядзець у той самай позе і з трывогай глядзеў на брата.

— Алергія нейкая, — Ігар сядзеў з апушчанымі павекамі, — прыступ, напэўна…

Міця павярнуўся да сэйфа, які ўсё яшчэ нізка гуў, і ўзяўся за ключ. Скрозь пальчатку адчуваўся дзіўны холад. Пачало паколваць у кончыках пальцаў, на лбе выступіў пот. Яго ахапіла гарачка, у галаве запульсавала. Застукалі зубы, мачавы пухір аказаўся перапоўнены, а ў вушы пачалі запіхваць вату. Яе рабілася ўсё болей і болей, яна забіла ўсю галаву, але яе працягвалі пхаць. Скрозь вату стала чуваць, як дробна завібравалі паліцы ў гандлёвай залі, а зусім побач жаласьліва замяўкала котка. Няма тут ніякай коткі. Няма, і ніколі не было. Міця сьціснуў зубы. Ён расплюшчыў вочы і ўбачыў бацьку зь перакошаным тварам, які замахваўся на яго папругай. Пасьля ўбачыў брата, які павіс у бацькі на руцэ. Бацька стрэс Ігара, і той ляжаў бяз руху на падлозе. З вуха выцек тонкі струменьчык крыві. Міця ўскочыў з канапы і кінуўся на бацьку. Павеяла тытунём і перагарам. Узьнятая папруга апусьцілася проста на галаву…

Сэрца працягвала шалёна біцца.

— Гэта не алергія… — зь цяжкасьцю выціснуў Міця.

Унутры сэйфа пстрыкнула.


Гмурману падалося, што ён ведае гэтага мужчыну. Тонкія вусікі, нос, падобны да дзьвярной ручкі, востры кадык, калючы позірк міндальных вачэй. Наведнік уважліва агледзеў памяшканьне, павольна прайшоў уздоўж паліц, затрымаўся каля партрэта рабіна, прыдзірліва ўглядваючыся ў подпіс. Урэшце падышоў да прылаўка, Гмурман адарваўся ад уліковых кніг.

— Слухаю вас.

Тонкія вусікі выклалі на прылавак скрыначку. «Тыфані энд Ко». Гмурман убачыў пярсьцёнак са смарагдам. Ён дастаў са стала вялікую лупу.

— Цудоўная праца, — сказаў ён праз пару хвілінаў.

— Гэтая рэч дасталася мне ад маці.

Гмурман прыгадаў. Маўрыцыё Леанарда. Або Леанарда Маўрыцыё. На афішы было напісана, што гіпнатызэр і ілюзіяніст. У гэтых артыстаў абсалютна немагчыма зразумець, дзе імя, дзе прозьвішча.

— Я б хацеў яго… — гіпнатызэр сумеўся.

— Ня бачу ніякіх праблем, — Гмурман узяў ініцыятыву ў свае рукі, — назавіце вашу суму.

Лічбы былі прамоўленыя. Нейкі час Гмурман сядзеў моўчкі, абдумваючы. Пасьля выбачыўся і выйшаў у другі пакой. Вярнуўся, трымаючы пад пахай ноўтбук, і пачаў нешта шукаць у інтэрнэце.

— Улічваючы абставіны, хацелася б, каб была захаваная канфідэнцыйнасьць, — парушыў маўчаньне артыст.

— Гэты лямбард, — Гмурман не адрываўся ад экрана, — зачыняўся толькі адзін раз. У тую вайну былі патрэбныя партызаны, а не лямбарды.

Ён скончыў пошукі і зачыніў ноўтбук.

— А дванаццатай вы будзеце канчаткова шчасьлівы. — Гіпнатызёр кіўнуў, і тонкія вусікі зьніклі за ўваходнымі дзьвярмі.

Апоўдні дзьверы лямбарду расчыніліся, Леанарда ўвайшоў, агледзеўся і зрабіў за сьпінай запрашальны жэст. Гмурман спакойна назіраў, як чатыры чалавекі ўнесьлі ў гандлёвую залю нешта цяжкае, прыкрытае ярка-сіняй тканінай з прышытымі па беражку залатымі кутасамі. Артыст эфэктным рухам сарваў покрыва.

— Дык я б запрасіў дзетак, — прабурчаў Гмурман, гледзячы на сэйф, — вам бы спадабаліся іхныя воплескі.

Леанарда Маўрыцыё наморшчыў кручкаваты нос, крыху зьбянтэжыўшыся.

— Не былі б вы так ласкавыя прыняць пярсьцёнак разам з гэтай скрыняй? — спытаўся артыст.

Аднекуль з паветра ён дастаў ключ і паклаў на прылавак. Тонкія вусікі разьехаліся ва ўсьмешцы.

Яны аформілі ўсе паперы, сапраўднае імя гіпнатызэра аказалася значна больш празаічным, чым тое, што друкавалі на афішах. Асыстэнты занесьлі сэйф у суседні пакой і выйшлі. Гіпнатызэр мімаходзь глянуў на распараджэньне для банку аб выдачы наяўных грошай.

— Гастролі ў Амэрыцы, — чамусьці пахваліўся ён перад адыходам.

Гмурману падалося, што ён зьбіраецца яшчэ нешта сказаць, але артыст выйшаў.

У другой палове дня нечакана прыйшлі правяральнікі з страхавой кампаніі, якія пратырчалі ў лямбардзе да канца тыдня. Пасьля зьявіліся пажарныя, а пасьля іх — фінансавая інспэкцыя. У Гмурмана пайшла галава кругам, ён забыўся пра сэйф, пярсьцёнак ляжаў у шуфлядзе пісьмовага стала. Але як толькі праверкі закончыліся, ён адразу ўставіў ключ у замок. Сэйф загуў, у Гмурмана ўсё зрабілася як у тумане. Разбомблены склад, вялізныя салдаты ў касках, якія гаварылі на незразумелай гартаннай мове. Гмурман спалохаўся, што яны зараз забяруць вядзерца, поўнае толькі што назьбіраных суніцаў, перамяшаных з цукрам, і прыціснуў яго мацней. Адзін салдат падняў вінтоўку і накіраваў яе на яго. Побач пырснулі аскепкі камення. Ён, прыціскаючы вядзерца з каштоўнай сумесьсю, пабег туды, дзе дымілася варонка ад авіябомбы. Нешта прасьвістала каля вуха, ён скаціўся ў яму, кароткія штонікі трэснулі на азадку, пачуўся нізкі гул самалётаў і завыла сырэна… Гмурман вырваў ключ і больш да сэйфа не датыкаўся.

Ён адагнаў успаміны і пайшоў усярэдзіну лямбарду. Міліцыянты расступіліся. Стары прашаркаў па гандлёвай залі, уважліва паглядзеў на паліцы і выйшаў у другі пакой.


Дзьверцы сэйфа адчыніліся, нават падалося, што рыпнулі. Гудзеньне зрабілася амаль нячутнае, Міця зазірнуў усярэдзіну. Задняй сьценкі не было, сьвяціў ліхтарык, і нечая рука шнарыла па паліцах. Было чуваць, як перамаўляюцца па-ангельску. Зьявіўся твар. Вялікі кручкаваты нос, тонкія вусікі. Калючыя вочы пільна аглядалі кожны мілімэтар мэталічнай шафы і нечакана ўперліся ў Міцю. Зь міндальных вочы імгненна зрабіліся круглымі, а вакол тонкіх вусікаў зьявіліся кропелькі поту. Ураз узьнік пісталет вялікага калібру. Міця зараз жа выхапіў свой дванаццацізарадны «дзюк».

Яны хвіліну моўчкі ўглядаліся адзін ў аднаго. У чалавека рухаўся востры кадык. Уверх-уніз. Апусьціліся павекі. Міргае, падумаў Міця. У яго самога пашырыліся ноздры, ён часта і дробна дыхаў. Цела трошкі, на мілімэтар, адсунулася назад. Яму здалося, што тонкія вусікі на сваім баку былі цяпер таксама трошкі далей. Свабодная рука асьцярожна намацала дзьверцы. Мэтал апёк холадам пальцы. Міця рабіў выгляд, што рухі яго не датычаць, гэта адбываецца незалежна, быццам нейкая самадзейнасьць органаў. Ён прымружыў павекі, глядзеў скрозь вейкі, расслаблена. У галаве панесьліся ўрыўкі малітваў, і, ня зводзячы позірку з калючых вачэй, ён з усяе сілы бразнуў дзьверцамі сэйфа. Гудзеньне спынілася, ён павярнуўся да брата, які ўсё яшчэ сядзеў бледны, як пэргамэнт.

— Адыходзім, — сказаў Міця, — сам ісьці здолееш? — Ігар кіўнуў у адказ.


Гмурман убачыў ключ, які валяўся на падлозе.

— Ну што? — пачуўся нецярплівы голас з гандлёвай залі, — нешта прапала?

— Усё цэлае, — адказаў ён міліцыянтам. Пакруціў ключ у руцэ і засунуў у кішэню свайго сьветлага пінжака.

Яму прынесьлі паперы, ён уважліва прачытаў, узяў асадку з чарнільнай прылады, паставіў подпіс і зашаркаў да выхаду.

Трэба абавязкова выкінуць гэты сэйф, падумаў стары. Толькі месца займае.

Ля дзьвярэй лямбарду застаўся вартаўнік з аўтаматам. Ён пазяхаў, вакол цвыркалі насякомыя, недзе ў сажалцы сонна квакалі жабы, было душна...

Загрузка...