Пабочны эфэкт


Яны сядзелі на капоце джыпа, пілі піва і гучна пляскалі далонямі па розных частках цела. Камары не спынялі сваіх атак ні на хвіліну.

— Паеду, — сказаў Дзімка, — куплю сабе дом каля акіяну і займуся рыбалкай. Усё жыцьцё марыў злавіць акулу.

Віктар выцер пенныя вусы, што ўтварыліся пад носам.

— А ты ня думаў пакінуць яе сабе?

Дзімка, які ўжо зьбіраўся зрабіць чарговы глыток, замер і паставіў слоік побач. Гэтая простая ідэя чамусьці раней не прыходзіла яму ў галаву.

— Любая ювэлірная крама, — Віктар глядзеў удалечыню, — любое банкаўскае сховішча… Увесь сьвет цяпер будзе ў Гасана!

Яны трэці тыдзень абівалі колы па глушы, ім не падабалася. Мужчыны з шызымі прапітымі тварамі, заклапочаныя жанчыны, смаркатыя дзеці, пыльныя дарогі, сьмярдзючыя рэчкі, шумныя насякомыя. Дзімка праклінаў сябе за тое, што ўблытаўся ў гэтую авантуру, хацеў назад, у шум мэгаполісу, у гул матораў, да плазмаў, кампоў, бараў, мадэляў, вар'яцкай музыкі ды іншых прынадаў начнога жыцьця. Настрой псаваўся, нэрвы, і так не асабліва моцныя, зусім расхісталіся. Ён быў гатовы ў любы момант выбухнуць, кінуцца на партнэра.

Гісторыя пачалася пару гадоў таму. Віктар купіў на eBay некалькі арыгінальных лістоў архэоляга Герхарда Ляндбэрга. Гер Ляндбэрг быў членам асобнай групы СС, спэцыялістам па таемнай рэлігійнай сэкце, пасьлядоўнікаў якой мэтадычна адлоўліваў і ссылаў у лягеры сьмерці. Пісаў сваёй жонцы Леоніі з Турцыі («Што б ні казалі — яны не арыйцы. Але гэта вялікая палітыка»), з Паўночнага Каўказу («Тут жахліва»), з Вугоршчыны і Румыніі («Яны ідыёты, хоць і нашы саюзьнікі»). У лістах ён сьцьвярджаў, што займаецца пошукамі, як ён казаў, «біблейскай зброі». Апошні ліст быў зь Беларусі.

«Мы ўжо зусім блізка. Я адчуваю гэта, як ніхто іншы. Заўтра Райх займее тое, што рашуча зьменіць хаду вайны на нашу карысьць».

Заўтра не настала. Згодна зь нямецкімі архівамі, Герхард Ляндбэрг загінуў геройскай сьмерцю пад Менскам, падарваўшыся на партызанскай міне летам 1943 году.

Дзімка паставіўся да гэтай гісторыі скептычна.

— Якая біблейская зброя? Што ты вярзеш! Калі б у габрэяў яна была, іх бы не палілі ў Асьвенцыме.

Але Віктар не супакоіўся. Пісаў запыты ў архівы, сустракаўся з дасьледнікамі і тлумачальнікамі рэлігійных кніг, задаваў пытаньні на сеткавых форумах.

— Апошні выпадак ужываньня — трынаццатае стагодзьдзе, Ніжняя Саксонія. Але там нешта ня так зрабілі, і здарыўся пабочны эфэкт. Яны спалохаліся і пакляліся не чапаць да прыходу мэсіі. Дакладна вядома, што яшчэ раз спрабавалі ўжыць у Майнцы супраць пагромшчыкаў. Шаснаццатае стагодзьдзе. Кагал ня даў, устаў на дыбкі.

Дзімка нечакана пачаў выяўляць зьедлівую цікаўнасьць. З павагі не круціў пальцам ля скроні.

— І яна дагэтуль пад Менскам?

Віктар палез у стол і выцягнуў кучу папераў.

— У 39-тым гэтая частка Польшчы адышла Беларусі, — пачаў Віктар, — габрэі з Майнцу пасьля тых пагромаў уцяклі сюды.

Дзімка ўбачыў копіі пратаколаў допытаў.

— НКУС? Глядзець ня буду. У іх такія мэтады былі — любы б прызнаўся, што завэрбаваны марсіянамі.

Але Дзімка ўсё ж паддаўся на Віктаравы ўгаворы і пайшоў да Гасана.

Мяркуючы па чарзе перад уваходам у клюб, справы ў Гасана ішлі добра. Ён адкінуўся на сьпінку канапы, разагнаў сваіх прычэплівых бляндынак, закурыў цыгару і, прыплюшчыўшы чорныя вочы, што нагадвалі дзьве аўтаматныя рулі, сказаў:

— Інвэстыцыю нэ дам. Кагда прынэсёш — купылю.

На большае Дзімка і не разьлічваў.

Віктар узрадаваўся і абвясьціў, што аб'ектаў будзе больш за трыццаць, але пабачыўшы перакошаную Дзімкаву фізіяномію, запрапанаваў абсьледаваць хоць бы палову. Дзімка згадзіўся на пяць. Папярэднія чатыры аказаліся пустымі, застаўся апошні. Забіты дошкамі дом зь ледзь заўважнай зоркай Давіда на франтоне на ўскрайку амаль бязьлюднай вёскі, якая складалася з пахіленых драўляных хатак. Аблупленыя, некалі ружовыя сьцены ў расколінах, зь якіх прабіваўся сівы мох, пустыя прахоны вокнаў, закрытыя мэталічным лістом, застаялы пах сырасьці.

Яны сарвалі дзьверы з завесаў, узялі шуфлі і пачалі разграбаць горы сьмецьця, якімі была завалена падлога. Празь дзьве гадзіны натыкнуліся на каменную пліту з надпісам па-габрэйску. Віктар прынёс кампутар і наладзіў перакладчык. «Не ўсклікайце і не давайце чуць голасу вашага».

Пасьля гэтага праца пайшла весялей. Пліту расчысьцілі і падчапілі тросам. Дзімка сеў у джып, матор зароў, колы шалёна круціліся, выкідаючы з-пад сябе гразь, пліта завібравала і ўстала старчма. У чорнай дзіры паказаліся каменныя прыступкі, што вялі ўніз.

Дзімка спусьціўся і праз хвіліну вярнуўся, асьцярожна трымаючы пад пахай цяжкі футарал.

Яны выйшлі з будынку, дасталі апошнія бляшанкі зь півам, селі на капот, закурылі. Тады Віктар і спытаўся, што ён зьбіраецца рабіць са сваёй доляй.

Дзімка азірнуўся на задняе сядзеньне. Гасан адваліць столькі, колькі яны запатрабуюць. Усю кроў зь яго вып'юць, да апошняга лейкацыта.

Ён усьміхнуўся.

Але ідэя працаваць самому вельмі нават добрая. Ён яшчэ раз зірнуў на цёмны футарал. Якое да д'ябла банкаўскае сховішча. Нават Форт Нокс не павінен утрымацца…

— Давай паспрабуем, — ён павярнуўся да партнэра, — на чым-небудзь.

Віктар задумаўся.

— Дзьмуць трэба адмыслова, — адказаў ён.

— Вядома, — згадзіўся Дзімка. — Адмыслова дык адмыслова.

Зьлез з капота, расчыніў футарал. Рог быў пацямнелы ад часу. Ніякіх надпісаў, знакаў.

— Звычайны, — ён пакруціў трубу ў руцэ, прымерваючыся, — нічога асаблівага.

Віктар зь непрыхаванай цікаўнасьцю сачыў за ягонымі дзеяньнямі. Дзімка стаў перад векавым дубам, накіраваў на яго раструб і дзьмухнуў у тонкі канец. Цішыня. Ён зазірнуў у трубу, спрабуючы ўбачыць нешта на сьвятло.

— Можа, не працуе?

— Табе ж казалі, што трэба адмысловым спосабам. Габрэі на звычайным шафары шэсьць гадоў вучыліся граць, а тут «…калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ хай усклікне гучным голасам, і гарадзкія муры абрынуцца да сваіх падмуркаў», — працытаваў Віктар з патасам, — гэта ж зброя!

Нечакана наляцеў пошуг ветру, трава палегла, дуб закалыхаўся, але гэта толькі падалося.

Дзімка над нечым раздумваў:

— Добра. Ты крычы.

Віктар паціснуў плячмі. Усё ж як-ніяк забава.

Дзімка надзьмуў шчокі, пачырванеў, вылупіў вочы і дзьмухнуў. Віктар адразу зразумеў, што гуку ня будзе, але на ўсялякі выпадак, каб не пакрыўдзіць партнэра, крыкнуў.

— ААААА!

Недзе ўгары пачуўся хруст, абодва прыгнуліся і пачалі азірацца. З дуба ўпала галінка.

— О! — узрадаваўся Дзімка. — Атрымалася.

Яны нахіліліся. Галінка была дарэшты згнілая.

— Так нават банкаўскую ячэйку не раскрыеш, — засьмяяўся Віктар, — зараз я паспрабую.

Дзімка перадаў рог. Віктар уцягнуў як мага больш паветра ў лёгкія.

— УРА!!! — пачуўся над самым вухам Дзімкаў рык.

Зноў закалыхалася, затрэслася трава.

— Добра, — сказаў Віктар, — пазабаўляліся й годзе.

Ён пайшоў да машыны, каб пакласьці трубу назад у футарал. Раптам проста з-пад ног нешта выскачыла. Ад нечаканасьці ён ледзь не ўпусьціў ношу. Гэтае нешта пабегла ў бок будынку.

— Бачыў? — Віктар павярнуўся да Дзімкі.

— Пацук, — абыякава сказаў Дзімка, падняў камень зь зямлі і кінуў яму ўсьлед. Віктар адчыніў заднія дзьверы, з машыны на яго выскачыў яшчэ адзін пацук. Ён ледзь ухіліўся.

— Што гэта было?

Дзімка напружана глядзеў у бок дому з ружовымі сьценамі. Травы не было. Замест яе стаяла суцэльная шэрая маса, якая калыхалася. А яна ж жывая, падумаў Віктар. Ён пакруціў галавой па баках. Пацукі ня рухаліся, нечага чакалі. У Віктара перасохла ў роце. Колькі іх там? Тысячы? Мільёны?

Дзімка ўжо ўзьлез на капот і глядзеў у бінокль.

— У нас джып, — прамовіў ён, як Віктару падалося, неяк ня надта ўпэўнена і сеў на сядзеньне кіроўцы.

Зароў рухавік, машына накіравалася проста ў шэрую сьцяну. Пачулася чвяканьне, піск, шыбы пачалі пакрывацца вадкай гразьзю з чырванаватым адценьнем. Хуткасьць упала, аўтамабіль павяло ўбок, ён пачаў завальвацца.

— Тармазі, — закрычаў Віктар, — тармазі!

Дзімка ўчапіўся ў руль, пальцы зьбялелі. Ён зрабіўся мокрым, лоб разьдзяліла папярэчная складка, вочы шалёна засьвяціліся, крылы носа расшырыліся. Рухавік чмыхнуў і заглух.

— Вось які пабочны эфэкт, — прамовіў Віктар, але словы ня выйшлі. У горле булькатала, сэрца выскоквала.

Дзімка выгнуўся і спрабаваў дацягнуцца да футарала з трубой.

«Калі будуць падыходзіць да мяне ліхадзеі, супраціўнікі і ворагі мае, каб зжэрці плоць маю, то самі яны спатыкнуцца і ўпадуць, — заплюшчыў вочы і зашаптаў сам сабе Віктар. — Калі ўзброіцца супраць мяне полк, сэрца маё не збаіцца; калі здарыцца супраць мяне вайна, на гэта я спадзяюся».

Аўтамабіль мякка пагойдваўся сярод жывога шэрага мора, паступова патанаючы ў яго бяздоньні. Пацукі ўзлазілі адзін на аднаго, вынюхвалі, выглядвалі. У машыне зрабілася зусім цёмна. Было чуваць, як торкаюцца морды ў шыбіны, як сотні кіпцюркоў скрабуць па дне, як ззаду напіраюць новыя, нецярпліва пішчаць і пакусваюць хвасты і вушы пярэднім, як ужо пакаштавалі на смак гуму колаў і незадаволена адплёўваюцца. На Віктара накочваліся хвалі насякомых, якія беглі па скуры ад самых кончыкаў пальцаў на нагах да макушкі.

— Крычы, — пачуў ён, — крычы…

Натужліва соп Дзімка, круціўся, крактаў, лаяўся. Скрыгат па дне ўзмоцніўся, зрабіўся гучным, нясьцерпным.

— Крычы, бля!

Да Віктара дайшло, што гэта яму. Ён раскрыў рот.

Крыку не атрымалася — з горла выйшла сіпеньне. Віктар зажмурыўся. Яшчэ адна спроба.

— ААА!

Джып рэзка тарганула ўбок. Зьявіўся цяжкі гук, быццам нізка ляцеў самалёт, да якога прымяшаўся тонкі піск. Шалёна засьвістаў вецер. Пацукоў пачало зьдзімаць. Зрабілася сьвятлей, і дробныя расколіны пабеглі па шыбінах. Дзімку званітавала, ён закрыў вушы далонямі. Джып няспынна трэсла, стойкі прагнуліся. Пасыпаліся асколкі шкла. Успышка асьвятліла перакрыўленыя фізіяноміі. У Віктара йшла кроў з носа. Ён адчуў, што абмачыўся.

Джып узьняло ў паветра, машына праляцела некалькі мэтраў і ўпала на колы. Вецер сьціх, гукі зьніклі, ледзь варушылася трава. Дзімка зусім белы, увесь у ванітах усьміхаўся сьсінелымі вуснамі.

Віктар паглядзеў, куды партнэр паказваў пальцам. Справа ляжаў з коранем вырваны дуб. Магутная каранёвая сыстэма нагадвала грэцкую скульптурную кампазыцыю. Канцы каранёў уздрыгвалі, быццам засьпетая зьнянацку гіганцкая гідра.

Дзімка заціснуў рог паміж каленяў і пяшчотна лашчыў яго, не перастаючы ўсьміхацца.

Загрузка...