Постмадэрнісцкая прыпавесьць


Слова хвалявалася, вілося, закручвалася ў сьпіраль, спрабавала саскочыць, уцячы, схавацца, сесьці на ізьмену. Пасьля Яно супакоілася і пачало дзяліцца. Зьявіліся словы, словы, словы. Іх зрабілася вельмі шмат, і яны пачалі мільгацець. Яму гэта надакучыла, ён расплюшчыў вочы і ўбачыў чаравікі. Звычайныя карычневыя чаравікі. Яны яму не спадабаліся. Нейкі час ён іх разглядаў, пасьля падняў галаву. Далоні ўпіраліся ў дошкі, а паміж імі ў шчыліне тырчала скручаная ў трубачку паперка. Ён дастаў яе.

«Хачу быць жанчынай. Філіп».

Плот быў даўгі. Пацямнелае ад часу дрэва, іржавыя плешкі цьвікоў. Скрозь шчыліны была відаць пустка, зялёная трава, удалечыні калыхаліся таполі. Нічога цікавага.

За сьпінай, па шашы з шалёнай хуткасьцю лёталі машыны. Кабрыялет прытармазіў, зь яго паказалася палкая брунэтка і нешта спытала. Ён не зразумеў, але на ўсялякі выпадак махнуў рукой. Кабрыялет памчаўся далей.

Яшчэ адзін шматок паперы, на якім нязграбным почыркам выведзена:

«Нафта 100. Пятро».

Нарэшце нешта прыгадалася. Нехта падае, і ён хапае бутэльку са стойкі. Стоп. Значыць, быў бар. Ён заплюшчыў вочы і паспрабаваў больш выразна пракруціць у памяці той момант. Але, апрача зялёнай бутэлькі, нічога не зьявілася. Нават твар чэла, якому ўрэзаў, некуды сплыў.

— Іваныч, — сказаў ён уголас, быццам спрабуючы голас на смак. Гук аказаўся зусім хрыплым і таксама не спадабаўся. Ён набраў у лёгкія больш паветра і тут жа закашляўся. Зрабіў яшчэ адну спробу.

— Іваныч!

Ён спалохаўся, уцягнуў галаву ў плечы, азірнуўся, але нікога навокал не было, калі не лічыць машын на шашы. Чортаў плот не зьбіраўся канчацца. Ён зь цяжкасьцю ўзьняўся на насып, стаў на ўзбочыне і пачаў галасаваць. Ну хоць бы адна сука… Праз паўгадзіны адчуў патрэбу адліць і зноў спусьціўся. Захацелся піць, курыць, пачало круціцца ў галаве, і зрабілася млосна. Больш паднімацца да шашы ён ня стаў і пайшоў па сьцежцы.

А Іваныч, можа быць, зусім не імя, а прозьвішча. Або наагул імя па бацьку. Тады што?

— Сонька мяне не кахае. Тэл. 3964745193, — ён выцягнуў чарговую запіску і нечакана адчуў, што ў кішэні нешта ёсьць. Пашпарт, ёлы-палы! Са старонкі глядзеў пахмурны, засяроджаны твар. Тыповы даўн. Сарабан Віктар Іванавіч, прапісаны ў Менску. І дзеці ёсьць. Дачка і сын. Некалькі візаў. Літва, Турцыя, Польшча. Ён яшчэ раз зірнуў на фатаграфію. Значыць, Віктар Іванавіч. Прыемна пазнаёміцца. Бэ-э-э… А каторая гадзіна.

У паветры адчуваўся агідны прысмак вельмі хімічнага. Ён прыгадаў дачку.


— Нясмачна пахне, тата, — сказала яна і адвярнулася. Яны ішлі па парку. — Чаму ад дзядзі нясмачна пахне?

— Дзядзя — бомж.

— Гэта такая праца?


Плынь машын на шашы не спынялася ні на хвіліну. З рыкам праляталі вялізныя фуры, гружаныя легкавымі аўтамабілямі.


— А як дачку завуць? — сказаў ён уголас.

Памяць зноў прачынілася:

— Так, Леначка. Бомж — гэта такая праца.

— А ён ня можа працаваць дыстрыбутарам, каб ад яго ня пахла?


Ён зрабіў некалькі крокаў да наступнай запіскі.

«Патэлефануй. Тэл 975-414».

Неба было зацягнута шэрай смугою, скрозь якую ледзь прасьвечвала сонца. Хімічны прысмак у паветры ўзмацняўся. У роце гарчыла. Сэрца забілася, лоб пакрыўся потам, ён ішоў даволі хутка, часам спатыкаючыся і лаючыся ў адказ на няроўнасьці сьцежкі. Зь цяжкасьцю пераваліўшы праз пагорак, спыніўся, схапіўся за левы бок і пачаў лавіць ротам паветра.

Плот выгнуўся, і наперадзе паказалася Слова. Яно пачыналася праз мэтраў пяцьдзясят. Ён адразу прыгадаў пойла са зьмяёй і тлустымі герогліфамі на этыкетцы, такімі самымі чорнымі, як і Слова. Жаўтлявую цягучую вадкасьць залівалі ў талерку, поўную яркіх фруктаў, падпальвалі і празь нейкі час разьлівалі па піялах. Яшчэ ён выразна прыгадаў твар таго хлопца, які прыйшоў на стрэлку.


— Віктар, — назваўся ён. А перамоўнік замест прывітаньня адразу заявіў, што праблему можна вырашыць двума спосабамі — сумленна або напалам.

— Што такое «сумленна»?

— Калі рызыкі ўсе твае.

— Значыць, кідок?

У хлопца крыху прыўзьняліся бровы:

— А напалам?

У бары былі яшчэ дзьве гарылы, якія ў далёкім канцы рабілі выгляд, што захоплена размаўляюць. Віктар урэзаў перамоўніку ў лоб. Двое ўскочылі. Хлопец яшчэ не пасьпеў асесьці, як зялёная бутэлька разьбілася аб ягоную галаву. Віктару заламалі рукі. Ён зарыпеў зубамі ад болю, брыкнуў нагой і трапіў. Хватка аслабла, кінуўся на падлогу і выхапіў гранату.

— Ну, сукі, — ён часта дыхаў, пераводзячы позірк з адной гарылы на другую. Яны спыніліся. На іх тварах зьявіліся прыкметы чалавечых эмоцыяў. З-за стойкі вызірнула бармэнка і адразу зьнікла.

— Граната не сапраўдная, — сказаў адзін.

Яны зрабілі маленькі крок насустрач.

— У пекле овэрдрафтаў ня будзе, — Віктар зрабіў выгляд, што вырывае кольца. Гарылы адступілі.

— Ня будзе, — паўтарыў ён дзеля большай пераканаўчасьці і ўстаў, не выпускаючы лімонку з рук. Гарылы ўважліва сачылі за ягонымі рухамі. Ён тыцнуў нагой перамоўніка. Той застагнаў. Ён павольна адступаў, трымаючы гранату за кольца.

— Добра, — сказала адна з гарылаў, выцягнуўшы наперад далоні. — Супакойся.

Яны ўзяліся паднімаць перамоўніка. Той мыкаў. Віктар паказаў на крэсла, яны пасадзілі яго, плюхнулі ў твар вадою і ўсталі па баках. Ён зрабіў знак, каб адышлі.

— Вунь туды. Да сьценачкі.


Віктар яшчэ раз азірнуўся. Канца й краю няма гэтаму плоту. «А Бога няма!» было напісана на чарговым шматку, прылепленым да дошкі празрыстым скотчам. Ён паспрабаваў запомніць нумар, запісаны буйнымі лічбамі, некалькі разоў паўтарыў яго ўголас, зразумеў, што няма сэнсу, і сунуў запіску ў кішэню. Зрабіў некалькі крокаў і апынуўся проста перад Словам. Яно зараз жа адбілася ўнутры сьценак чэрапа, націснула на ледзь заўважны рычажок, і нешта ўстала на свае месцы.


Яны патэлефанавалі і сказалі, што гатовыя сустрэцца. Віктар папярэдзіў жонку, што можа быць усякае. Яна села і бязгучна заплакала. Ён надзеў прынесеную некалі вельмі-вельмі даўно са службы бронекамізэльку, жонка выцерла вочы і спыталася, ці трэба нечым дапамагчы.

— Буду ваяваць.

Стрэлку забілі ў «Бoлце». Ён пад'ехаў на паўгадзіны раней, зайшоў у суседні будынак бібліятэкі, падняўся на апошні паверх, дастаў бінокль і агледзеўся. Aдна машына зь дзьвюма гарыламі ўжо на стаянцы. Віктар зірнуў на торбу, там ляжалі докі. Пад'ехала срэбная «паджэра», зь яе выскачыў перамоўнік, увайшоў у бар, адразу ж выбег і пачаў азірацца. Зараз жа зазваніў тэлефон.

— У заторы стаю, — адказаў Віктар. — Яшчэ хвілін трыццаць.

Перамоўнік вярнуўся да машыны і пачаў пра нешта гаварыць з кіроўцам, зрэдку нецярпліва паглядаючы на гадзіньнік. Віктар дастаў з унутранай кішэні пінжака востра заточаную адвёртку з масіўным тронкам і спрытна пакруціў яе пальцамі. Яшчэ раз зірнуў у бінокль, некалькі разоў гучна ўздыхнуў, сунуў адвёртку ў кішэню пінжака і пайшоў уніз.


Побач каля плота валялася бляшанка з рэшткамі засохлай чорнай фарбы. Віктар падчапіў бляшанку. Яна прыліпла да наска чаравіка. Блін! Ён пару разоў трасянуў нагой.


— Значыць, вырашаем так, — сказаў ён, калі ўбачыў, што перамоўнік расплюшчыў вочы. — Твае прыносяць бабло, я аддаю докі, і мы адзін на аднаго ня крыўдзімся.

— Ой, бля… — перамоўнік трымаўся за макушку.

— Ясна? — яшчэ раз спытаўся Віктар. Ён сунуў перамоўніку ў руку тэлефон. Хлопец, усё яшчэ стогнучы, набраў нумар.

— Нясіце валізку, — запатрабаваў ён.


Нарэшце бляшанка адляпілася ад абутку і адкацілася ў траву.


— Зрабі мне выпіць, — Віктар перагнуўся праз стойку.

Бармэнка сядзела на падлозе. Даўгія каштанавыя валасы былі перахопленыя стужкай з выявай вінтоў.

— Я… у мяне… — у яе дрыжалі вусны. — Перапынак. На абед. Казёл.

Віктар паклаў гранату побач з кейсам на стойку:

— Што?

Бармэнка ўстала, схапіла ручнік і пачала нэрвова праціраць келіх.

— Можа, чаго іншага жадаеце? Нажы пакідаць кухонныя? Пастраляць з гарматы?

Келіх лопнуў. Яна кінула яго ў сьметніцу, скоса зірнула на гранату, узяла чарку і наліла дрыготкімі рукамі гарэлкі. Каля чаркі ўтварылася невялічкая лужынка.

Віктар не адказаў, выпіў залпам і жэстам папрасіў яшчэ.

Ён трымаў другую чарку ў руцэ. Бармэнка дастала глыбокую талерку і пачала азартна крышыць туды яркія фрукты. Зьняла з паліцы бутэльку, запячатаную сургучом, са зьмейкай усярэдзіне і чорнымі герогліфамі на этыкетцы, страсянула, перш чым адкаркаваць, выліла зьмесьціва ў талерку і падпаліла.

— Супчык, — яна зачарпнула вадкасьць вялікай лыжкай, наліла ў піялу і паставіла перад ім.

Смак быў прыемны, нядаўкі. Ён выцер вусны сурвэткай, пасьля ўсё закруцілася, бармэнка паплыла, зьявілася пустка і Слова.


Віктар паглядзеў на плот. Слова было зусім побач. Да яго можна было дакрануцца. Яно клікала, вабіла і разам з тым адштурхоўвала і палохала. Ён вагаўся, некалькі разоў азіраўся па баках. Урэшце наважыўся і вымавіў яго ўголас. Гучна і выразна.

— ХУЙ!

Машыны на шашы замерлі, паветра зрабілася шчыльным, шкляным, час заторгаўся і пайшоў зігзагамі. Ён апынуўся ў «Болце», зірнуў на бармэнку, якая церла шклянку, адсунуў піялу ўбок, так і не дакрануўшыся да яе, узяў кейс са стойкі і выйшаў з бару.

Загрузка...