Пяць дзён не сціхала кананада.
Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сябе тое трэсканне.
Быў пяты вечар.
Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на кананаду.
Карпавіча і Васіля адпусцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.
Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патранташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сценкамі, прабіраліся да свайго квартала.
Зрэдку там а там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.
— Не здаюцца, каб іх удушыла, — мармытаў Карпавіч аб белагвардзейцах.
— Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграда, — весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.
— Ах, каб жа бог даў… — уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «бог даў».
— Каб жа бог даў, як той казаў, — падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.
— А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, — весяліў успамінамі сябе і старога Васіль, — шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.
— Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры… Во сам б'ецца, як нячысцік. Усюдых паспее, — гаварыў стары.
— У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.
Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.
Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.
Яны шпарка ўбеглі ў вароты.
— Пачакаем.
— Трэба.
— Ах, не ведаю, як маецца матка, — сказаў Васіль.
— Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. І што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.
— Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.
— З галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.
— Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.
— А цікаўна, як ён цяпер? З чыйго боку? — пытаючы, казаў Карпавіч.
І раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.
— Стой!
Сунуўся груд людзей.
Група ўсякіх мястовых паноў, з'ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двох-трох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.
— Свае, свае!
Яны прад'явілі паролі і сказаліся.
— А! Таварыш Гаршчок! З Газэтнага завулка? Вы як маб быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.
— Нічога, як трапілася, — адказаў Карпавіч.
— Васілёк! — зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.
— Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. — Таварыш начальнік, — папрасіўся ён у галоўнага канваіра, — дазвольце паздароўкацца.
— Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, — казаў Абдзіраловіч.
— Вы яго знаеце? — спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.
— Добра знаю.
— І я таксама, — адгукнуўся Карповіч.
— Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе. Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола. Яны пайшлі.
— А мама дужа хварэець, — зазначыў Васілёк.
— Ну, што ты?! — занеспакоіўся Абдзіраловіч.
— А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыйдзеце.
Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.
Яны махам крутнуліся ўбок.
Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.
— Таварышы! — нейкім пісклявым галаском завапіў ён. — Таварышы, ратуйце!
З варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.
Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоння праваліўся.
Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карповіча.
— Капітан!! Стойце! Здурнелі!! — праразліва загаласіў Абдзіраловіч і выставіў рукі перад Гарэшкам.
Той не мог ужо здзержацца і стрэліў, але сківірнуўся перад рукамі, і куля папала толькі ў нагу Гаршку.
— Ая-я-я-яй!! — заекатаў, як сабака, дзядок, схапіўшыся за нагу.
— Няма чаго шкадаваць такую дрэнь, — зласліва адказаў капітан.
— Ператрэсці яго, — даў ён злёгку выспяткам у бок Карповічу. — Ну, а вы, прапаршчык, якім чынам укруціліся ў добрую кумпанію? Яны вас вялі пад канвоем?
— Так, пане капітане. Яны не далі веры маім паперам і вялі мяне ў свой камітэт.
— Хваліце ж бога за іхную дурнату. Даўно-о маглі б яны адправіць вас на лона святых радзіцелькаў. Што ж, вааружайцеся. Спадзяюся, вы зробіце, як вам падкажа вашае сумлецне і службовая павіннасць.
На вуліцы было зусім цёмна.
Гуд бою сцішыўся на ноч.
З Карпавіча паздзіралі патранташы і чырвоныя перавязкі, паклалі на насілкі і панеслі ў бальніцу.
Яны, як афіцэры, вялі перад і йшлі побач. Калі Абдзіраловіч зірнуў збоку на капітана, ён адразу выявіў тыя, быццам надта а надта даўно былыя часы, калі чарод ехаць на Каўказ не прыхадзіў яму, і тонкая, нібы джгала вужакі, нуда незлавімым мамэнтам датыкалася болем да сэрца і на той мамэнт пужала яго. Фізічна чуў сябе тады ўжо досыць добра, і нават іншы раз увечары ішоў слухаць музыку ці сядзеў у сквэру, хадзіў сярод людзей, каб толькі даць абы-якую разрыўку думкам сваім. «Бурлячая рэвалюцыя коціцца вось міма», — думаў тады, але не адно гэта смуціла яго. Ён баяўся, што пакуль выправіць паперы ў канцылярыях, сярод немагчымай маруды і куламесы рэвалюцыйнай пары, што йзноў пачнуць круціцца нэрвы, а пасля гэтага з'явіцца, можа, й тое, ненавіднае — у вобразе спакусніцы. А другі голас спрабаваў шаптаць тады яму, што не ўсё ж і адзінота, самота, кнігі і думкі, што трэба нейкага іншага, агульнага з людзьмі і весялейшага бавення. І тры дні бадзяўся прапаршчык па камітэтах, саюзах і пунктах, пакуль-непакуль дастаў усе патрэбныя дакументы, і тым клопатам здушыў крыху вужачае джгала. І ў астатні вечар, ідучы на бульвар па люднаму тратуару з гэтым Гарэшкам, старым дзявочнікам і цынікам, афіцэрам яшчэ мірнага часу, чуў ад яго:
«Вы праз тое гэткі ціхоня святы, што не ачунялі як мае быць пасля хваробы…»
Так казаў Гарэшка, па-конску рагочучы, і дадаваў:
«А я, пане-браце, люблю зірнуць у прыгожыя вочкі».
«Мне таксама люба бачыць прыгажство, — адказаў Абдзіраловіч, — калі нам хочацца смакаваць хараство ў абробленным па-мастацку каменю ці на палатне, дык чаму ж не палюбавацца на жывое, богам створанае хараство?»
«Дзіўны чалавек! Дальбо, дзіўны вы чалавек! — зарагатаў капітан, хоць і няўважна зусім слухаў, а можа, і не чуў, што казаў прапаршчык. — Дзіўны вы чалавек, ведаеце, сучасны манах ці… ці хітры мудрагель, прытварака, каторы мае любасць у самаашуканстве, — разумееце вы, пане мой? А я, стары грахавод, люблю зірнуць у прыгожыя вочкі, — разумееце вы, прапар?»
Яшчэ раз паглядзеў Абдзіраловіч збоку на сівеючыя каля вуха, на чырвонай, спечанай скурачцы, валасы капітана і здзівіўся ад успамінаў сваіх і падзівіў спакою свайму. Падзівіў сябе, што не чуў сораму, што не развітаўся з Карпавічам, навет не паглядзеў, калі яго панеслі ў бок ад іхняй дарогі. Нэрваў быццам не было.
А капітан распытваўся ў яго, як жылося на Каўказе і як прапаршчык апынуўся тут.
— Наш начальнік атрада, — казаў ён, — таксама толькі што з Каўказа, і трапіў проста ў гэтую кашу. Ён гвардзеец, князь, — Гальшанскі, можа, чулі калі? Баявы, ведаеце. Ух, працуе! У палон чырвоных не бярэць, а хто і перадасца яму, не ўцешыцца: да сценкі!
— Я, здаецца, сустракаўся з ім у вайсковага начальства ў Пяцігорску. Але ён не рыхтаваўся выязджаць так скора.
— Ён, кажа, баяўся, што дарогі стануць, у яго тут справы ў штабу.
Абдзіраловіч размаўляў ціхім, аслаблым голасам. Ён не мог супоўна ўцяміць частых перамен свайго палажэння. Прыгода з дзядком-бальшавіком, яго айканне стаяла яму ўваччу.
— Пане капітане! Я павінен вас пакінуць на нейкі час і залучыць тут у вадну знаёмую сям'ю. Заўтра ўранні яўлюся, — папрасіў ён.
Гарэшка задумаўся і пацёр сваю рэдзенькую сівізну ля вуха.
— Ано, можаце пайсці! Ды пільнуйце, галубок, сценкі і плота. Смеху будзе варта, калі згінеце за неасцярожнасць.
Зь! Зь! — зняцейку зазвінела міма вуха.
Людзі шурхнулі ўва ўсе бакі і прыгнуліся.
— Во, бачыце? — крыкнуў яму капітан у дагон. І чорт яго ведае, адкуль і хто, свой ці чужы.
Абдзіраловіч аддаў чэсць і трушком пабег за рог дома, спадзяваўся знайсці Васіля ці прабрацца на вакзал.
«Так, свой ці чужы, — падумаў ён з нейкім сорамам ці каяннем. — Я не ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікога нейтралітэту і ашуківаю тых і гэтых і самога сябе. Няўжо панская кроў, каторая цячэць у маіх жылах, маець тут нейкае значэнне? Ату, што за дурныя думкі — гэтага не можа быць».
І адна палова яго, каторая разумела бёлых, маўчала, знямела.
І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала, каб ён знайшоў князя і забіў яго і каб ён дагнаў Гарэшку і даў яму выспятка пад грудзі, як той даў ляжачаму Гаршку.
Інстынктыўна, з агідаю матнуў ён рукою, каторую пажмаў Гарэшка.