На другі дзень ён не сустрэўся з Аляю. Яна паехала з маткаю на станцыю Мінеральныя Воды: чакалі, што прыедзе Мікола Мартынавіч.
У парку Абдзіраловіч знайшоў макасееўскую няньку з дзяцьмі і нейкі час пабыў з імі.
Малодшы хлопчык, паміж гутаркі аб прыезджанню татулькі, сказаў:
— А наш татулька вельмі не любіць «таварышаў». І князь кажа, што яны — хуліганы.
— Калі падрасцеш і пачнеш цяміць усё сам, дык пабачыш, Валя, што гэта можа быць не зусім так.
— А чаму вы іх абараняеце? Князь казаў, што яны жалаванне ў афіцэраў адбяруць, а вы іх бароніце.
Дзіцёнак памаўчаў. Відаць, ён меркаваў нейкае пытанне і не важыўся папытацца.
— А любіце вы мужыкоў?
— Люблю.
— А я не. Яны ўсе вельмі дурныя.
— Няпраўда, Валя.
— А князь казаў, што праўда. Ён казаў, што за мужыкоў толькі тыя афіцэры, каторыя самі з мужыкоў.
— Дык ты, Валя, думаеш, што і я з мужыкоў, так? Ты хацеў спытацца ў мяне?
Хлопчык пачырванеў і ўтупіў вочы.
— Я не ведаю, — шапарнуў ён.
А Мікола Мартынавіч не прыехаў, і матка з Аляю зрабілі на другі дзень невялічкую вечарынку.
Пры сустрэчы, паміж слоў, запрасілі Абдзіраловіча, але ён пасля вячэры забавіўся ў лазарэце. У страўні да яго падсеў вайсковы чыноўнік, вядомы латышскі актор-мастак, хворы на сухоты, звычайна не гаварлівы надта чалавек. Ён пачаў распытавацца аб учорашнім сходзе беларусаў, запрасіў прапаршчыка да сябе ў палату, частаваў кавуном і вінаградам і даткнуўся яго палітычных паглядаў.
— Вы з пэўнасцю спачуваеце бальшавікам? — спытаўся ён.
— Не, — адказаў Абдзіраловіч па шчырасці, — мне не ймецца веры ў магчымасць існавання самастойнай улады радаў нашага пралетарыяту і наагул камуністычнага ладу жыцця. Гэта пакуль утопія.
У таго пайшлі на правай шчацэ плямкі, і ён раптам змяніў голас.
— А, та-а-ак, — працягнуў ён, — значыцца, я вас не добра разумеў. Мне пераказвалі, з прыгоды вашага выступу на сходзе, зусім што іншае. Значыцца, вы за хаўрус з такімі ягамосцямі, як нашае сіяцельства, каторае, колькі мне ведама, не дужа, аднак, шануе вашую асобу і не адмовіцца, бадай, падставіць вам ножку хаця б у інтымных справах.
Латыш нерваваўся. Абдзіраловіча кальнула.
— Гэта другое пытанне… Але палітыку ўрада ў цяперашнім складзе я лічу справядлівай і буду, у разе патрэбы, бараніць яе так, як належыцца салдату, і проці ўсякага ворага.
— А, так-а-ак… — ізноў працягнуў той і насілу, а наўмысля ўсміхнуўся, — ну, ведама, проці ўсякага ворага… Балазе ў радах гэтых ворагаў няма роднага або блізкага чалавека. Балазе й самі ж вы, мяркуючы, так сказаць, па адзнаках звонку, — белая костка.
Каб не пасварыцца, Абдзіраловіч хацеў ужо ўцячы ад сухотніка; добра — пастукалі.
— Зробце ласку! — крыкнуў латыш. Адчыніліся дзверы, і дзяўчына-казачка, дагляданніца хворых, падала прапаршчыку сэкрэтку.
— Вам пасланец пісулечку прынёс, — ласкава прамовіла і прыхільна паглядзела яна.
«Ігналік! Прыходзьце зараз. Чакаю. Аля.» — з радасным тамаваннем у сэрцы прачытаў ён і пачуў ізноў прыязнасць да раздражнёнага актора і трошку нейкую вінаватасць перад ім.
— Даруйце, як ласка. Прашу прабачэння… пайду, — з яснеючай усмешкай жмаў ён яго руку.
— Так, так… нічога. Не марнуйце часу: вам, здаецца, некалі, — безуважна і сцюдзёна адказаў хворы.
Абдзіраловіч ляцеў на крыллі да Макасеяў, аднак жа спазніўся.
Тут ужо было многа каго, у той лічбе і князь.
Ён сядзеў з гаспадыняй каля самавара і з паважным выглядам аб нечым гаманіў з ёю.
Прапаршчык Кунст іграў на гітары. Аля і дзве малыя сястрычкі вярцеліся ў вальцу з афіцэрамі.
Пакуль Абдзіраловіч падайшоў да столу, князь паспеў адысці ў вугол, дзе быццам надта зацікавіўся нейкаю гравюраю.
Гаспадыня сянні высакасэрдна падставіла Абдзіраловічу руку і не сустрэла паўсёднымі жартамі, як ён дружыць з Алечкаю, і запрашаннямі «пачаставацца».
Толькі Аля, як скончыўся танец, угледзеўшы, скоранька падбегла да яго. Чорныя вочкі блішчэлі і казалі тое, што толькі ён і яна разумелі. Дзяўчынка з пяшчотаю шлёпала яго па руцэ, кажучы: «Нядобры, нядобры! Няможна так пазніцца. Мы з мамаю ўчора бачылі вас у Пяцігорску два разы, а вы ніводнага разу не мелі ласкі заўважыць нас. Спачатку вы ехалі ў трамваі. Потым ішлі з нейкімі „таварышамі“… Мама вельмі здзівілася. А мне ўсё роўна, толькі няможна было падысці — шкода»… — І потым дадала, заглядаючы знізу ў глыб яго вачэй: — Сэкрэтачку атрымалі?
— Ага, — адказаў ён нутраным, з дрыжачымі ноткамі голаеам і глядзеў на чорна-бліскучыя, курчавыя пасмачкі, і незвычайна ясна зразумеў, якая ж дзяўчына яму блізкая і як яна люба яму.
Князь рана пайшоў; ён гэта прыкмеціў.
Матка Алі быццам і не змяніла ласку, хоць і была якаясь ўжо не ранейшая.
Абдзіраловіч прагуляў вечар шчасліва і як ніколі. Скакаў з дзяўчынкамі, Алінымі сястрычкамі, сыграў для ўсіх штосьці на гітары з асаблівым мастацкім захапленнем; астаўся з Алечкаю на балконе, глядзеў на ясныя зорачкі на далёкім небе за чорнаю спячаю аграмадзінаю Бештаў. Апавядаў некалькі падзей з свайго жыцця; намаляваў ёй абраз свайго дзяцінства і маленства; развіваў планы на будучыню.
Яна, далікатненькая і кволая, са збялелым у цямноце тварыкам, з любасцю слухала яго, паклаўшы яму на плечы свае рукі.
Спачатку матка прыслала сястру з хвусткаю, а потым — каб гукнуць іх у пакоі, каб не застудзіліся.