VI

І пачаліся дні балючай рэўнасці, адчаю і смяротнай тугі.

Аля як быццам зусім забылася на яго. Яна бавіла ўвесь час у паездках з маткаю і князем то ў Кіславодск, то ў горы, то ў італьянскую калонію.

Яго месца каля Алі забраў сабе князь — гэта было ясна.

І навет няня Макасеяў у парку, калі дзеці хацелі гуляць каля лавачкі, дзе сядзеў Абдзіраловіч, вінаватая вяла іх ад яго.

На другую за той вечарынку ён не быў запрошаны.

І бесклапотныя прапаршчыкі, што хадзілі туды наядацца і піць віно, ласкава і па-прасцецку казалі яму:

— Эй, кіньце, прапаршчык Абдзіраловіч! Ці ж вы гэта запраўды? Бо яна ж яшчэ зялёная дзяўчынка, ветрык… І ведаеце, надта спатвораная. Як яна выказуецца! Курыць, п'ець віно, троху чаго ні пры ўсіх цалуецца з князем і з кім пападзя. Навет князю сорамна.

Абдзіраловіч хацеў бы забіць іх за гэткія прыкрыя гутаркі аб яго ідэалу, але толькі наўмысля ўсміхаўся і пільнаваў, каб як уцячы ад усіх і быць аднаму. І буркаў толькі ў адказ ім:

— Ну, вось яшчэ, любіце плесці нет ведама што, — не варта слухаць.

Аднак яны ведалі, што ён мучаецца, вельмі тым уражаліся і ніякай рады даць не маглі.

Аднойчы ўранні і надта рана, калі ён, змучаны бяссоннаю начою, туляўся ў пустым парку і бязмэтна трапіў на вакзал якраз к адходу першага ранняга поезда, яго вочы стыкнуліся там ля касы з няняю Макасеяў з кошыкам у руках.

Дзяўчына кінула спуджаным вокам убок і прамовіла:

— Аля тут… Мы паедзем на станцыю Бештаў па пірог: Валя сянні імяніннік.

Ён нічога не адказаў і паспяшыў да вагона, дзе стаяла Аля і махала новенькім гнуткім стэкам.

З весялосцю, як быццам нічога не здарылася, усё добра, прывіталася яна з Абдзіраловічам і пачала апавядаць, як цікаўна з'ездзілі яны ўчора.

— Аля! — у трывозе, і запыхаўся, і хапаўся скарэй сказаць усё, і дрыжачым голасам прамовіў ён. — Скажыце мне, Аля, што гэта ёсць? Няўжо ўсё скончана?

— Вы задаліся метаю папсаваць мне настрой, хоць некалькі дзён не бачылі мяне. Слухайце, Ігналік, мне ж не выпадае бегаць за вамі… Што могуць усе падумаць! Ці я вінавата, што вы нейкі, нейкі… — яна памаўчала, — самотны нейкі і ўважаеце ўхіляцца ад паязджання з намі.

Сэрца яго балюча зазнібела.

— Чаму ж вы не адказвалі на мае пісьмы?

— Ай, ну вось… Вы ўсім вінаваціце толькі мяне. Я не пісала таму, што спадзявалася сустрэцца з вамі. Спадзявалася кождага дня, і дні беглі адзін за адным.

— Падумайце, — без абы-якога звязку перапыхнула яна з радасным смехам, — падумайце: князь рыхтуецца прыйсці да мяне ў сваты! Чакаець толькі татусю. Ах, што за дурны чалавек, як усе мужчыны. Хоць, ведаеце, запраўды, ён паважна гэта робіць. Гэткі знялюбелы! Ну, што я адкажу яму? Падараваў мне стэк. Ляньце: срэбраная мышачка і якая прынадная манаграмка!

Бывайце здаровы, Аля… так? — апаўшым голасам, абезнадзеіўшы, спытаўся ён.

— Слухайце, Ігналік, калі не хочаце пасварыцца канец з канцом, дык пакіньце сваю драматычнасць і злуванне, чуеце?

Паравоз запыхкаў і дзьмухнуў белаю параю. Сірэна чыстым, звонкім і зычным голасам прапела ў свежым горным паветры.

Яны рассталіся.

Доўга етаяў Абдзіраловіч і глядзеў туды, гдзе ў лесе хаваўся за дрэвы і кусты, уцякаючы, поезд.

Яна некалькі разоў, жадаючы пацешыць яго, махнула ручкаю, але скарэй, чымсі ён усё яшчэ спадзяваўся, схавалася за дзвярмі.

«Міласлівы пане гаспадару! Прашу адкінуць усякія думкі аб маей дачцэ. І гэтае маё жаданне зусім натуральнае пры поўным з майго боку няведанні аб тым, хто Вы і што Вы ў Вашам грамадскім стане па-за вайсковаю службаю, маю надзею, будзе Вамі, як афіцэрам, добра споўнена. Макасеева.» — прачытаў ён у прынесеным пасля снедання пісьме і зняможна лёг на канапку.

— Князь прадыктаваў! Аб яго залатой торбе яна добра ведае, — скрыгнуў ён зубамі. — А ты, Аля, Аля! Ах, навошта, навошта ўсё гэта было?

І цяжкі гнёт наваліўся на яго, апанаваў яго.

Белы тварык з чорнымі бліскучымі вачмі і курчавымі пасмачкамі, дзявоцкі смех і жарты — гэта быў боль і мука без паратунку.

Душа дваілася. Адна палова несказанна плакала і жалілася на другую, нашто яна мучыць яе падманкамі. І калі ён троху выстагнаўся, казала: «Уцячы, уцячы…»

Загрузка...