На паўдарозе да станцыі ёсць невялічкія выселкі. Яны прытуліліся збоку шляху, пад узгоркам, і жывуць сваім асобным жыццём, у якім няма нічога супольнага з тымі, што ў балагольскіх будках едуць па шляху з N. на станцыю ці з поезда ў N. З тымі «ў чорным», што ўноччы кураць папіросы, бліскаючы жоўтымі аганькамі, гамоняць то паціху, то голасна, смеючыся і пытаючы з будкі: «Што? Коні паіць будзем?» А ўранні дрэмлюць, жмураць вочы ў халадкаватым паветры рання і няўважна кінуць вокам раз-другі на зялёныя ад моху і пырніку стрэхі высялкоўскіх хат — і едуць сабе далей, і дрэмлюць сабе далей, аж да самага N. Ніхто не заязджае ў выселкі, бо і коні там паіць нязручна: калодзеж дрэнны, вада гніллём тхнець, вядро не скора знайдзецца. Заязджаюць у выселкі хіба падводнікі-сяляне, асабліва з «белага» боку, у якім людзі яшчэ і дагэтуль носяць белыя жупаны «на вілачках» і белыя маргелкі. А ў выселках таксама жывуць «белыя» беларусы.
Ціха заўсёды на шляху каля выселак. Улетку толькі часам гуляюць пад старой, каравай бярозаю дзеці з беленькімі ці жоўценькімі альнянымі валасамі, у даўгіх, да пят, белых кашулях, ды туляецца гультай-сабака з калматым хвастом і калматымі звіслымі вушамі.
Поле высялкоўскае за балотам, за хвайняком, па той бок ад выселак, і са шляху яго не відаць. А людзюхны ўлетку на полі.
А ўвосень яшчэ смутней у выселках. Жывой душы не відаць ад шляху на бруднай і шэрай вуліцы. Дзе ж іхныя хлопцы і дзеўкі, каторым належыцца весяліць усе выселкі, — багавіца іх ведае.
Глухая старана. Глухі народ.
Такімі якраз адбіліся выселкі ў памяці Абдзіраловіча, і надта быў ён здзіўлены, што парушаецца чарада яго сумных думак нейкім рухам на шляху і ў выселках, што ў аднастайнасць маркоты ўбіваюцца звонку негарманічныя для цішы ўспамінаў, звонкія гукі.
Паміж шляхам і выселкамі стаяла старэнькая каплічка на крутым курганку пры вузенькай дарозе. Размывалася дарога, спаўзала чырвоная гліна, і не давалі рады пакутныя вербы. А блізка шляху і каплічкі, каб ніхто не ездзіў па руні, добры селянін згарадзіў плот.
Стаялі пад каплічкаю, сядзелі на плоце, на карчох вярбін і навет на тым курганку пры дарозе, спусціўшы ногі на чырвоную размытую гліну, высялкоўцы і слухалі аратара, але не ўсе ўважна: апазіцыя, ці што, галдзела.
А гэты аратар — малады яшчэ хлапец, вучань Гарэцкага каморна-агранаміцкага вучылішча, — калі пад'ехалі калёсы з Абдзіраловічам, аратар гэты, стоячы на плоце і абшчапіўшы аднэй рукою кол, другою, змёрзлаю, грубаю і чырвонаю, быццам тая карэлая гліна, махаў у рытм прастуднага, сіплага, але маладога і дужога голасу:
— Браты сяляне! Браты беларусы! Значыцца, будзем галасаваць за свой спісак! За беларускі спісак! Спісак нумар восем, памятайце! — і ўсё махаў рукою, як слова бласлаўляў, як поп, сваіх слухачоў.
Старэйшыя людзі, дзядзькі і цёткі, ветліва і ўважна слухалі хлапца, таксама і частка моладзі, а невялічкі гурток хлапцоў наўмысля рагатаў, каб збянтэжыць аратара. Падбіваў іх кучаравы дзядок у гарадскім адзенні, каторы не пазнаў у лубяной дажджавой накідцы Абдзіраловіча, а той, посля толькі, пазнаў, што гэта Карпавіч.
— Усім трэба ісці к урнам і ўкідаць свае білецікі. Хоць адзін дзень аджалейце ўжо, не працуйце і йдзіце. Няхай ідуць не толькі мужчыны, але ўсе: і вы, цёткі, — блаславіў вучань кіўком рукі бабскі грудок (тыя ані плюснулі і добра слухалі далей), — і вы, дзевачкі! — кіўнуў ён у дзявоцкі бок.
Дзяўчаты пачалі саромліва аглядацца па бакох і пільнавацца паважнасці.
З гэтага ўзрос клум і наперадак, павялічаны дзяцвішчаю ў каплічцы і хлапецкімі жартамі ненаўмысля і Карпавічам і двума-трыма наўмысля.
— Брахня! Пара канчаць! — крыкнуў адзін з гэтых двух-трох, нейкі абшарпанік, — не то згалелы высялкоўскі гаспадар, не то п'янюга-каменацёс з N. або са станцыі: крыкнуў ён і азірнуўся на Карпавіча.
— Маўчы, Калістрат! Я цябе знаю з Горак! — злосна блаславіў крыкуна вучань-аратар і ўзноў гаварыў далей.
А Карпавіч прабіваўся наперад, каб гаварыць за бальшавікоў.
Абдзіраловіч зразумеў, што гэта выбары ў Устаноўчы Сойм, і захацеў пабыць да канца. Падводнік яго адпусціў каню падпінак і падкінуў яму жмуток сена.
Сход болей ужо зварочваў ўвагі на калёсы.
А надвор'е было імгліва-халадковае, нуднае. І лепей ба сядзець у такую пару ў хаце.
Старэйшыя, слабейшыя, дзяды і бабы, так і зрабілі: патроху, патроху расхадзіліся да хат. Гэткім чынам беларуская старана, што была за вучня, аслабела, і Карпавіч узлез на прасла і абшчапіў другі кол. Вучань пачуў небяспеку і, яшчэ больш напружыўшы свой сіплы голас, крычаў:
— Браты беларусы! Браты сяляне! Дзядзькі і цёткі! І вы, маладзейшыя! Значыцца, будзем…
— Таварышы! Таварышы сяляне! — зазвінеў у перабой яму высокім галаском Карпавіч. — Паслухайце ка мне, калі хочаце, каб быў вам мір і зямля. Паслухайце ка мне, я вам скажу самую лепшую праграму, каб быў ужо адразу мір і панская зямля! Паслухайце, таварышы, праграму бальшавіцкую, каб было вам усяго як найболей…
І да Карпавіча пасунуліся ўсе, хто быў у салдацкіх шынэлях, і Калістрат, і нямала яшчэ каго, навет і дзеўкі ўслед за хлопцамі.
Вучань спазніўся ў пару змоўкнуць і гаварыў далей, хоць і слабеў ад прыкрасці, што Карпавічаў голас так звініць.
— Гэй, паніч, кінеш ты ай не? — схапіў яго за падол шынэлі Калістрат. — Усё ж роўна не аддадзім табе галасоў.
— Мы доўга слухалі паніча, і хоць ён казаў, што належыць да сацыялістаў-рэвалюцыянераў, — вымаўляў акуратна па складох два астатнія словы Карпавіч, — і належыць навет да нейкіх беларускіх рэ-ва-лю-цы-я-нэ-раў, быццам то самых наскіх, але ці пачулі мы ад яго, калі ж будзем дзяліць панскае дабро? Чаму не можам цяпер падзяліць? Ці чулі мы ад яго, чаму не можам зараз жа скончыць ім-пе-ры-ялі-стыч-ную вайну? Ці чулі мы ад яго, што гэта за людзі ідуць па беларускаму спіску нумар восьмы? Не, не чулі? А там ідуць напэўна адны паны, якія кіруюцца, каб як лаўчэй абдурыць мужыка.
— Так, справядліва! — крыкнуў Калістрат.
— Але ж гэта спісак беларускі, наш родны! — крыкнуў вучань і блаславіў слухачоў зусім крыва, губячы настрой.
— Не трэба нам панскай радні, — звінеў Карпавіч з заядласцю.
— Не трэба! Не трэба! — падхапіў Калістрат і хлопцы ў шынэлях.
Дзяўчаты троху палахліва, троху сарамліва адсунуліся яшчэ далей ад вучня. Пачалі канфузіцца і дзядзькі.
— Не трэба нам, паніч, твая праграма, ну! — крыкнуў Калістрат і пацягнуў яго, спрабуючы, далоў за хвост шынэлі.
Вучань скокнуў з плота на зямлю. Быў ён нязграбны, касалапы, у вялікіх ботах, і захлюпаныя разрэзы шынэлі з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам цялёпалі па шырокіх халявах, калі ён ішоў.
— Вы едзеце на станцыю? — спытаўся ён у прапаршчыка. — Можа, падвязлі б мяне троху?
— Добра. Будзе весялей. Сядайце.
Яны паехалі.
Сход слухаў Карпавіча, і толькі мала хто, найболей з дзяўчат, правадзіў іх падводу маўклівым паглядам.
Ізноў пачалася імгліва-халадкаватая нуда ў апусцелым полі.
— Чаму ж вы не давялі змагання да канца? — запытаў Абдзіраловіч.
Вучань памаўчаў, пакрактаў, пахухаў па пальцы.
— Усё роўна, — сказаў ён.
— Чаму?
— Так… Няхай гэты дзядок-бальшавік выедзе ў Маскву, тады да галасавання можна будзе яшчэ падысці сюды, калі я ці хто з нашых паспее. А цяпер трэба агітаваць у С-й воласці. А тут нічога не выйдзе, бо селяніну бліжэй і знаямей цяпер пытанне аб міры і зямлі, чымся аб беларускім адраджэнні. Дзядок карыстае.
— І многа вас, вучняў, ходзіць так?
— Даволі…
— Ад партыі, ці як?
— Не, мы так, самі па сабе.
Абдзіраловіч усё больш дзівіўся і цікавіўся.
— Адкуль жа ў вас гэткая стараннасць? — не мог ён прыдумаць далікатнейшага пытання і збоку ўзіраўся на просты, сялянскі і тыпічны беларускі твар хлопца.
— Адкуль? — весялей пачаў казаць хлопец, гледзячы проста перад сабою. — Ці вы не беларус, што пытаецеся?
— Беларус, — адказаў Абдзіраловіч роўна і проста, але з дробачкай спагаднага смеху.
— А калі беларус, — дык скажыце ж вы мне: што вы робіце, каб адрадзіць нашую няшчасную бацькаўшчыну?
Абдзіраловіч няўмысля ўсміхнуўся, але здзержыўся і спытаў у вучня:
— Вы кажаце ўжо каторы раз аб адраджэнню. Што гэта вы хочаце тым словам сказаць?
— Аб ім вы лепей даведаецеся з беларускай літаратуры, чымся ад мяне, — сказаў хлапец непрыхільна, думаў ужо, што перад ім вораг, — а вы мне, аднак жа, адкажыце, што вы робіце для бацькаўшчыны, для маткі Беларусі?
Абдзіраловіч зноў няўмысля, але дужэй засмяяўся і не мог здзержыцца, хоць пасля і ўцяміў, што пакрыўдзіць хлопца, і несур'ёзна, як ужо пайшло адразу, смеючыся, сказаў:
— Бацькаўшчына — матка Беларусь? Ха-ха! Выбачайце, паночку, але мая бацькаўшчына — уся Расія.
— А! Так! — раптам выскачыў хлапец з калёс. — Ну, дык мне не па дарозе з рэнэгатам, — сказаў і, не глянуўшы назад, пайшоў пехатою па сцежачцы збоку дарогі, пад бярозамі.
— Паночку! Што вы? Пажартавалі, ці што? Сядайце, паедзем шыбчэй! — не ведаў, што казаць, бо не разумеў хлапца, Абдзіраловіч.
— Які я вам чорта «паночку»? — зусім зло і ўзноў не паглядзеўшы, адгукнуўся хлапец. — Я мужык-беларус і пасылаю да ўсіх чартоў змаскаленых паноў-рэнэгатаў… Да ўсіх чартоў! Чуеце? — са злосцю крыкнуў ён і звярнуў на ўбочную вузенькую дарожку, пайшоў і пайшоў у імгліва-халадкаватую нудную восенную далячыню.
— Стой! — крыкнуў узлаваны Абдзіраловіч свайму хурману і схапіўся за вожкі, меўся ўжо бегчы за хлапцом: чаго ён і як ён паважыўся лаяцца?
— Едзь! — пусціў, падумаўшы, вожкі з рук. — Дурны нейкі, ці што, — казаў быццам сабе, быццам падводніку і пачаў супакойвацца, — яшчэ ён і лаецца, вось дурань!
— Дурань нейкі, — згодзіўся і маўклівы падводнік і перасунуў белую маргелку з лба на зморшчаную старую патыліцу.
А той пайшоў і пайшоў у сваіх вялікіх ботах.