Яна ведала, што смертнуха стаіць блізка — у галавах у яе.
— Васілёк, галубец, любінькі, — шаптала яна, трудна вымаўляючы словы, — што, не заб'юць яны паніча? Ай, Карпавіч, Карпавіч, дастаў, бедны, больку…
— За што ж ба яны забівалі афіцэра?
— А ён? За каго ж ён руку дзяржыць?
— Ды так ён неяк, што не магу яго ўцяміць: як быццам за нас, як быццам — не. Бадай што ні за нас, ні за паноў.
— Не можа быць, каб Ігналік проці народа пайшоў, не такоўскі Ігналік, не павінен… А змусціцеля нашага, кажаш, падстралілі… Авохці, Карпавіч, даскакаўся стары, авохці…
Хворая ледзь шавяліла перасохлымі вуснамі, пазірала з глыбокіх вачавых ямін тужлівым і трудлівым зрокам і перабірала збялелымі, як белы воск, пальцамі па краюшку коўдры.
Лямпачка тускла мігцела, і ў падвале было нудна. Вася грукаў і барабаніў самаварам ля печы ў парозе. Зрэдку далятаў сюды глухі гул артылерыі і ціхае трашчанне кулямёта — як словам вартаўнік круціў кляшчотку. У вакне адбіваўся чырвоны бліск пажарышча.
— А божа мой, божа мой! — затужыла йзноў хворая. — Памру во і не пабачу яго. І ты, галубок, ці жыў застанешся, хто ведае. Калі тая завіруха скончыцца? Карпавіч скакаў, скакаў і дастаў сябе больку…
— Заўтра ўранні скончыцца, — спакойна адказаў Васіль. — Заўтра ўранні штурм.
— Што ж гэта за штурм?
— Кінемся ўсе раптам на белых і саб'ём іх.
— А божа мой, божа мой! Колька людзей паб'юць яшчэ. Дай вады. Авохці, сканаець твая матка, Васілёк, скора сканаець. Карпавіч наш, можа, там ужо: пабачымся.
Васіль маўчаў і быў невясёлы.
Стук! Стук! — пачулася, як нехта стукнуў пад дзвярамі.
Работнік схапіўся за стрэльбу і падбег.
— Хто? — крыкнуў ён.
— Я… Ігнат Восіпавіч… Адчыні мне, Васілька! Хворая, забыўшыся на боль, узнялася на локцях і ўстроміла вочы ў дзверы.
— Ён, ён, ён, — шаптала яна. Абдзіраловіч увайшоў.
— Жыў, цэл, мой любінькі, мой залаценькі! — працягнула да яго рукі хворая ў незвычайнай радасці і, калі ён схіліўся да яе, цалавала яго, дрыжачая, абнімаючы за галаву.
А калі ён апавядаў, як выбавіўся і прыйшоў да іх, і калі ўспамянулі беднага Карпавіча, яе апанавалі прыкметна неспакой і нецярплівасць.
— Васілька! — з пакорнасцю і ласкаю звярнулася яна. — Схадзіў бы даведаўся, ці пайшлі шукаць Карпавіча? Сканаець гаротнік сярод чужых, ай, матачка наша найвышняя…
Васіль пайшоў.
Хворая ўся раптам затрапяталася і падгукнула прапаршчыка. Той нядаўменна і з чуццём жалю схіліўся над ёю.
Зірнуўшы на дзверы, яна, уся дрыжачая, абхапіла яго шыю рукамі і, прыжмаўшы яго вуха да мокрага ад слёз зморшчанага твару, як у трасцы, зашаптала: — Мой ты!.. Мой родны сынок… А Васілёк — панскі. Перамяніла я вас маленькіх, пераклала. Меркувала: шчаслівейшы так будзеш… Мой ты, Ігналік… Не, ты — Васілька, а ён — Ігналік… Мой…
І ўсё дужэй і сударажней прыціскала яго канаючая маці да худых грудзей сваіх.