XX

Пад прозвішчам Гарэліка працаваў у месце N., сярод бальшавікоў капітан Гарэшка, як тайны агент вялікага маскоўскага хаўрусу «Вызвалення Расеі». Хаўрус меў мэтаю адрадзіць «ядзіную і недзялімую» расейскую імперыю і рассылаў сваіх людзей скрозь па ўсіх яе быўшых частках. Капітана Гарэшку, як беларуса родам, паслалі працаваць на Беларусь з вялікімі сумамі грошы і важнымі даручэннямі самага сакрэтнага характару. Між іншым было даручана яму знайсці патрэбных людзей для арганізацыі сялянскага паўстання, самому пралезці ў чырвоную армію, заслужыць ласку ў бальшавіцкіх кіраўнікоў, папасці на ўсмірэнне бунту і задавіць яго з незвычайнай, шалёнай жорсткасцю; між іншым было даручана яму, каб як толькі мага, а вывезці з Масквы, цераз заходні фронт, за межы савецкай тэрыторыі аднаго друзлага архірэя, важнага сябра хаўрусу «Вызвалення» (таго, што некалі быў архімандрытам, у манастыры, гдзе спасаўся Гаршчок, прадаў драгацэнную панагію важнага гістарычнага значэння) і вывезці яшчэ яго двух глаўных супрацоўнікаў, манахаў Паісія і Нікадзіма.

Калі ўвечары к Карпавічу прыйшлі Абдзіраловіч і Васіль, там было сярод дыму ад табакі шмат рознага бальшавіцкага камісарства, мусіць быць, у гасцёх ці на якой радзе, але скора ўсе разышліся, апрача аднаго, відаць, блізкага прыяцеля Гаршку. Гэта быў высокі мужчына ў чорным крытым кажушку і вялікіх, халявістых ботах, яшчэ не стары, але з акладзістаю барадою і сівеючай галавой, быццам усаджанай у вялікія чорныя акуляры.

— Таварыш Гарэлік! — сказаў яму Гаршчок, кульгануўшы ля столу. — Напрацаваліся мы з табою сяння добра, аж надта… Я ўважаю, што маем права сянняшні вечар прабандурыць, а?

— Я тож так думаю, што прабандурыць, — адказаў той вельмі знаёмым Абдзіраловічу голасам і пачаў круціць папіроску, седзячы за сталом блізка лямпы, ды адхіліўшысь ад яе.

«А божухна, ці ж гэта капітан Гарэшка?!» — памысліў Абдзіраловіч і з неспадзяванай нясмеласцю пільней агледзеў Гарэліка, а той і віду не падаў, што адразу спазнаў быўшага прапаршчыка.

«Ну, ды ён жа, ён… — думаў Абдзіраловіч і глядзеў на добра віднае ад святла лямпы вуха і шыю Гарэліка, — ён, гэта яго чырвоная, спечаная скурачка п'яніцы і дзявошніка, на якой цяпер так адраслі і засівелі яго мякенькія валасы, ён…» Гэта была для яго першая неспадзеўка.

— А гэта, брат, мае даўныя людзі, — павёў у іх бок рукою Гаршчок, кажучы Гарэліку сваім грубым, але не праціўным голасам: — Адзін, таварыш Васіль, добры камуніста, а другі не ведаю, але чалавек нічога сабе, толькі дужа доўга самавызначаецца. Гэй, Ахмет! — крыкнуў ён у прычыненыя дзверы другога, чарнейшага пакоя. — Давай скарэй вячэру, што там маеш, каб цябе, каб… — а потым павярнуўся і спытаўсь: — Ці ж вы, Ігнат… Ігнат…

— Восіпавіч, — падказаў яму Васіль.

— Чаго казаць, кагды нясу, — адгукнуўся Ахмет.

— Ці ж вы, Ігнат Восіпавіч, яшчэ й цяперака не паспелі з сваім самавызначэннем? А я ж вам казаў: бавіцца не выпадае, каб ногды не спазніцца! Забыліся? — зірнуў ён на Васіля з-пад сваіх сівых кучаравых валаскоў і кульгануў, нізенькі, ля столу. — Забыліся ай не?

— Не, забыцца, — я не забыўся, але бадай што й вызначыўся…

— А-а-а, ну, ну, цікава! — крыкнуў Карпавіч. Падняў голаў на яго й Васіль; толькі Гарэлік не заўважаў і пускаў а пускаў клубкамі дым.

— Я, бачыце, як беларус, патроху знаходжу сябе ў беларускай нацыянальнай і сацыяльнай свядомасці.

— Не зусім я нешта цямлю, — сказаў з чуць прыкметнай насмешкаю Гаршчок, — але чаму гэта «патроху»?

— А што тут цяміць? — загаманіў Гарэлік. — Таварыш, як відаць самасційнік яшчэ аднэй, здаецца, зусім новай — беларускай фармацыі. Украінскіх то я добра знаю, бо расстрэліваў сваімі рукамі, як быў на паўдзённым фронце…

Усе троху памаўчалі, бо зрабілася быццам прыкра. Тады Карпавіч неўспадзеўкі сказаў:

— О, то й я знаю самасційнікаў, навет беларускіх. Двух гэткіх прывялі ў нашу «чразвычайку» за контррэвалюцыйную прапаганду. Але не йму веры, каб таварыш Абдзіраловіч займаўся тым самым, чым яны.

Карпавіч кульгануў, сеўшы за стол наўпроці яго, і ўстроміў свае вочы ў яго вочы. Абдзіраловіч не заплюскаў і даволі спакойна сказаў:

— А ці не ведаеце, як іх фаміліі? Можа быць, якраз у гэтай справе я і прыйшоў да вас прасіць помачы і рады.

— А-а-а, вун яно што, — ухільна адказаў Гаршчок, — ды, можа, после аб гэтым, а цяпер — не пагрэбуйце: што душа мае, тым і прымае, — запрашаў ён госцяў на вячэру. Як ні адпрашаліся Васіль і Абдзіраловіч, а ткі селі вячэраць. Ахмет, татарын з Несвіжу, быўшы салдат, а цяпер не то дзяншчык, не то кухар, разам са страваю падаў чаркі і бутэльку каньяку. Абдзіраловіч, здаецца, ужо з год як не меў прыгоды не толькі піць, але і бачыць гарэлкі. Гутарка цяпер спачатку не ляпілася, але Гарэлік і Гаршчок націснулі на чаркі і загаманілі весялей.

О, шмат чаго нейзвычайнага пачуў Абдзіраловіч ад іх, калі паўпіваліся і пачалі буруздзіць абы-што. Колькі раз парываўся ўцячы адгэтуль, бо чуў, быццам нешта ліпкае, жудаснае наліпаець на яго, а ў горле сцінаець дыханне, калі яны хвалілісь абодва, адзін перад адным, сваімі паслугамі рэвалюцыі, як забівалі людзей. Ён бачыў, як прыкра было Васілю, як той часам мучыўся, бачыў і сам тож мучыўся, але цікавасць (бо гэта было для яго навіною) змяншала яго мукі. Ен шкадаваў, што трапіў сюды ў гэткі дрэнны час, і губіў надзею дайсці парадку з Карпавічам у сваёй справе і выпрасіць помачы для вызвалення Міколы і яго таварыша вучня. А Карпавіч выслаў Ахмета ў кінематограф ці куды ён хочаць, пазачыняў дзверы і пазавешваў вокны, прынёс яшчэ каньяку і ў збане цеплаватай, летнай кавы дый апанаваў гасцей п'яным гоманам. А памагаў яму, быццам жартуючы, Гарэлік.

— Дрэннае, брат, дрэннае тваё самаазначэнне, — казаў Гаршчок Абдзіраловічу, калі язык у яго зусім плетухаўся. — Дрэннае, брат ты мой, — стукаў ён яго па плячу кулаком, — бо ўсё гэта панскія штучкі, каб пасварыць нас про… проле… лелелета-арыяў. Я ведаю, ты — панскі сын і глядзіш на мяне і смяешся, думаеш: напіўся чалавек, як свінтус, а яшчэ бальшавік. А я, брат ты мой, п'ю не з радасці, а з гора… Гора нам вялікае! Колькі про… проле… лелелета-арыяў загубілі, кроў разлілі, а рэ-во-лю-цы-ю яшчэ не ўратавалі ад паноў усяго свету, не, брат ты мой, во што я табе скажу… Налівай мне яшчэ, Гарэлік! Я хачу выпіць з гэтым бералу… бела-ру-сам. І няхай жыве інцанал… інцына-ра-цынал… ін-тэр-на-цы-я-нал! Няхай жыве!!

— Няхай жыве! — крычэў п'яны Гарэлік. — Крычы, а то расстраляю за контррэвалюцыю, ну!

— Няхай жыве, — казаў Абдзіраловіч, а Васіль церабіў пушанку з кансервамі, каб іх не слухаць, і не слухаў, засмучоны.

— Ну, таварыш, дзёрнем за вашу самасційную мову і… за богам створанае хараство, ці што… Не за хараство вашае мовы, не, бо яна, таварыш, пакуль што мала скобленая і некультурная, а за жывое, богам створанае хараство, за дзевачак, ці што… — так буруздзіў Гарэлік Абдзіраловічу, нібыто надта ўжо п'яны, што й нічога не разумее. Але, націснуўшы на некаторыя словы, быццам будзячы ў свайго субяседніка даўныя і толькі ім вядомыя ўспамінкі, ён так зірнуў у вочы Абдзіраловічу, што той як слова чуў: «Я цябе пазнаў, і ты мяне пазнаў. І не дзіва. Але дзіва, што дзе гэта мы сустрэліся? І што з таго ўсяго будзе? Так?»

І на гэтым ён не застанавіўся, а пачаў пераказваць Абдзіраловічу, чаго кульгаець Карпавіч, — быццам той не ведаў. Ён намаляваў яму абразок, як сам раніў Карпавіча. А Карпавіч замінаў яму п'яным языком:

— Не пераказуй яму, таварыш Гарэлік, не пераказуй, чуеш, ну? Лепей бо за цябе ён ведаець аб тым. Ён жа мой даўны знаёмы, а ты чуў гэта ад мяне толькі, чуеш, ну? Ён сам там быў!

І на гэтым не застанавіўся капітан, а пачаў пераказваць Абдзіраловічу, як яны з Карпавічам сцішылі мужыцкі бунт.

— Уводзяць іх да мяне ў штаб. «Бунтаваўся?» — «Бунтаваўся». — «К сценцы». Раздзяваюць, вядуць у другі пакой — чуем: трах! Валіцца і галавою стукнецца. І так аднаго, й другога, й дваццатага, й трыццатага. Два родных браты былі, паповічы, левыя сацыялісты-рэвалюцыянеры. За правадыроў былі. Адзін аж млеець, белы, як крэйда, ногі падламуюцца, зубы калоцяцца, і словам не можа сказаць, заікаецца. А другі… яшчэ па днэй, Карпавіч, што? — а другі, брат, малайчына, спакойны і галаву дзярэць, хоць ведае, што зараз і яго раздзенуць. Падводзяць яго. «Бунтаваўся?» — «Змагаўся з гвалтаўнікамі». — «Хочаш, каб цябе расстралялі?» — «Хачу!» — «А! Маладзец! Ну, раздзявайся». Расшпіляець сарочку. «Косцік! Будзь смялей!» — кажа брату. «Можа, чаго хочаш? Прасі», — кажу. «Напісаць запіску матцы». — «Пішы. А малодшага вядзіце». Самлеў той, павалаклі, а гэты крычыць: «Прашчай, Косцік! Я пішу маме». А сам на кавалачку паперы хапаецца, пішаць, і рука, праўда, дрыжыць: «Дарагая мамулечка! Не плачце — так трэба. Косціка ўжо павялі… Стрэл. Заваліўся. Гэта ён. Зараз я. Цалую». Не дапісаў. Схапіў я ноган і ўсадзіў яму кулю ў лоб. А маладзец?

Абдзіраловіч слухаў, як загіпнатызаваны нечым смярдзючым, гідкім; быццам нешта ліпкае, жудаснае наліпаець на яго, а ў горле сцінаець дыханне.

Гаршчок п'ець, убіўшы вочы ў дол.

— Ну, мне пара дахаты, я болей не магу, трэба адпачыць, — сказаў Васіль з нясхованай прыкрасцю і ўстаў.

— Не прымай да сэрца, Васілёк, — спрабуе жартаваць п'яны Гаршчок.

Васіль кінуў на яго пагляд, як расчарованы вучань на вучыцеля, за каторага стануў вышэй, і злосна сказаў:

— Дык няма чым хваліцца, калі забілі больш невінаватых, чымся вінных.

Ён і Абдзіраловіч пачалі апранацца.

— А ці не будзе па дарожцы і мне з таварышамі, — звярнуўся больш да Абдзіраловіча Гарэлік і падняўся з застолля на свае дыбатыя ногі. У голасе меў цынічную, Абдзіраловічу зразумелую, спакойнасць, выглядаў невінавата-спакойны, быццам нічога не разумеў, дзеля таго яму ўсё тое, што хоча Васіль, прыстаець, як да сцяны гарох.

— Іван Карпавіч! Будзьце ж ласкавы, памажыце, — з прыкрай прыніжонасцю, але вялікай стараннасцю прасіў Абдзіраловіч, выхадзіўшы, — памажыце вызваліць іх з вастрога, бо хоць прысягну вам, што арыштаваны яны хіба па абмылцы, ні ў чым проціў савецкай уласці невінаваты… Будзьце ж ласкавы, не забудзьцеся…

— Добра, добра… Калі так, дык я іх зараз выпушчу… Добра, добра… — марматаў ля дзвярэй Гаршчок, кульгаючы.

На вуліцы Гарэлік яшчэ ля ганка спытаўся ў Абдзіраловіча, у каторы яму бок.

— У гэты? О, то й я з вамі якраз, таварыш, — сказаў ён. — Што? А вы туды? — крыкнуў ён з праступаючай насмешкаю Васілю, каторы паспеў ужо крыху аддаліцца ад іх. — А мы сюды… Бывайце, бывайце!! — старанна крыкнуў ён не столькі за сябе, сколькі за Абдзіраловіча і як слова не заўважыў, што той не прыстоіў, каб падаць ім руку на развітанне.

Калі стукат яго ног па тратуары заціх у воддалі, Гарэшка азірнуўся ў розныя бакі спячай, пустой вуліцы пад сонным бліскам месяца ў трэцяй квадры, безмалімонна падхапіў Абдзіраловіча пад пашку і ціха загаманіў у свежым, ядраным паветры рана-восеннай пары.

— Ну, пане мой, каб ведаў, што ўвіджусь тут я з вамі, разумеецца, прывёз бы паклоны й прывітанні ад Аляксандры Мікалаеўны і князя…

Абдзіраловіч пачуў у гэтых словах цверазеючага капітана, сказаных так зняцейку, спробу пашчупаць грунт, але была ў іх зусім відная насмешка, а таксама паказанне сілы дужэйшага над слабейшым. Ён подаўга думаў, як адказаць, і выйшла так, што зусім змоўчаў. Тады капітан пачаў казаць далей.

— Ці ж вас, пане мой, не цікавіць, як маецца ваша даўная знаёмая Алечка?.. Па-даўнейшаму — Алечка, а цяпер то, праўда, княгіня Аляксандра Мікалаеўна Гальшанская… Жывое, богам створанае хараство, казаў той… што?

— А вы адкуль ведаеце? — спытаўся неўспадзеўкі для сябё Абдзіраловіч, хоць пачынаў надта крыўдзіцца і намерыўся асадзіць нахальнага капітана.

— А я, пане мой, не дужа даўно з Каўказа. Ну, што ж вам цікаўнага сказаць? Мікола Мартынавіч, хоць я і з ім знаём мала, болей са слоў князя, выехаў з сямейкай у Румынію. Усе выехалі, апрача, праўда Алечкі, дзеля таго, што князь такі з ёю пабраўся. І гімназіі не скончыла. Ну, разумеецца, гэтакі завірушны час. Вас мы з ёю ўспаміналі. Так… Казала, што вы чалавек добры і ёй чалавек любы, але мяккасць ваша не да спадобы ёй. Князь мяне пазнаёміў з ёю. Цяпер яны абое выехалі адтуль… туды, куды камандзіравалі князя. Ну, а вы, квіт за квіт, раскажыце, пане мой, аб сваіх прыгодах з той пары?

— Я працую на савецкай службе, так, як і вы, таварыш Гарэлік, толькі вы, здаецца, на вайсковай, а я — на цывільнай.

— Так… Разумеецца, так… Што? Вы па гэтай вуліцы? Добра, добра… Дык вас, кажаце, не дзівіць, як гэта з кульгавым сябрую? Што?

— Я нічога не кажу, але мне, калі не тое, праўда, што наўздзіў вашы гэны… маскарад, ці як ляпей сказаць, не ведаю.

— Так… наўздзіў, кажаце… Ну, але ж, пане мой, дасцё чэснае слова, што нікому нічога не скажаце, так?

Абдзіраловіч нічога не адказаў. Яны падышлі пад самы дом, дзе ён жыў. Месяц ліў сваё соннае святло, а нейдзе на другой вуліцы, за рагом, вартаўнік затрашчэў кляшчоткаю. Гарэшка ўзяў Абдзіраловіча за борт пальта, схіліўся і з націсканнем слоў прамовіў яму ў самыя вочы:

— Чэснае слова, пане мой, дасцё вы мне, што язык свой не распусціце; але не такое, калі памятаеце, як далі ў Маскве, што?

— Я не лічу патрэбным даваць вам нейкае слова… І ніякага слова не дам… І будзьце ласкавы троху супакоіцца, — сказаў Абдзіраловіч, адхіліўшысь ад прыкра-тухлага гарэлачнага паху.

— А-а-а… То так! Ну, добра.

Гарэшка пастаяў нейкі час моўчкі, задумаўшысь.

— Калі вас можна бачыць на кватэры? — спытаўся потым ён.

— Абы-калі, як вярнусь са службы. Толькі не ўноччы.

— Добра. Дабранач.

— Бывайце.

Яны разышлісь, не даўшы рук. Абдзіраловіч пазваніў ля дзверцаў, чакаў, пакуль адчыняць, і чуў, як патроху заціхлі гукі ад шыбкай і шырокай хадні Гарэшкі. А сонны месячык схіляўсь віжэй на свяжэючым небе.

Загрузка...