Вецер
Такі моцны вецер,
Што калі дазволіш сабе расслабіцца,
Ён аднясе цябе далёка на поўнач
І на месцы твайго знікнення
Пакіне табе помнік —
Водар парфумы.
Калі б ты вырашыў быць некім большым,
Чым «проста ісці побач»,
Я падтасавала б карты,
Падманула б руны.
І хай сабе вецер свішча,
Даводзячы фіранкі да аргазму.
Я табе дам дакладны адрас выйсця
З гэтага пекла.
Але не адразу.