Па натуры гэты назіральны газетчык яшчэ і філосаф. Але жыццёвыя няўдачы, абумоўленыя найперш змрочнай рэчаіснасцю і толькі ўзмоцненыя характарам персанажа, робяць яго філасофію вельмі песімістычнай. «От, ты кажаш: “хамут...”, а хочаш — я табе скажу: хамут гэты — усё жыццё наша. І нехта, самы хітры і нахабны, зацягвае супоню. Гэткі выходзіць паварот: любі жыццё ці праклінай, а яно бярэ тваю шыю ў клешчы, аблягае загрывак і персі: цягні, выжыльвайся... Трасуцца сцёгны, іскры крывавыя ўваччу, — а ты цягні... цягні, аж пакуль з капытоў... Воля — яна толькі ў марах», — тлумачыць Муня, адчуваючы сябе хоць і дастойным у прынцыпе, але лішнім у такім жыцці чалавекам.

Кажу тут пра дастойнасць у прынцыпе, бо і сам Муня далёка не бязгрэшны. Зведаў ён карцёжніцтва ды п’янства, хоць незадоўга да самагубства наважыўся «завязаць» і з картаю, і з чаркаю, ужо і адступнога «зафугасіў» на поўную катушку. Збіраўся ўжо і ад’язджаць, ці не ў «райгазету», куды яго клікалі, як ён спадзяваўся, на сталую працу. А потым, здаецца, нечакана і для самога сябе, Муня перадумаў. Чаму? У элегіі зусім пэўнага адказу на гэты конт няма. Але відавочна, што Муню ўсё ж не хочацца пакідаць абжытыя мясціны, дзе застаюцца і пасаджаны ім адным бярозавы гаёк, празваны вяскоўцамі паркам, і выган з траўкай-мураўкай, такой ласкавай, што «хоць да шчакі прыкладвай», і палі, на якіх «жыта ў трубку ідзе», бульба лапушыцца, словам, уся тая любата, з якою зжылася чулая Мунева душа. А яшчэ ён на пошце «пісьмо нейкае атрымаў». Яно і дабіла канчаткова. Што было ў тым пісьме, застаецца загадкай. Аўтар, вядома, знарок пакідае такую загадкавасць без расшыфроўкі. Але і так зразумела, што сумленны чалавек не вытрымаў сучасных жыццёвых штормаў («у разбітым карыце плывеш — не для шторму пасудзіна», — гаворыць, маючы на ўвазе Мунева няўменне прыстасоўвацца да абставін за кошт сумленнасці, ягоны сябра).

Не задалося ў Муні і асабістае жыццё. Пакахаў ён значна маладзейшую дзяўчыну Клаву, якая на пэўны час звязала з ім свой лёс яўна без кахання, толькі дзеля таго, каб з’ехаць ад абрыдлых ёй вяскоўцаў у горад. Дык і даймае яна Муню на кожным кроку, здзекуючыся з яго часам адкрыта, а найчасцей прыхавана, праз розныя дробязі, чапляецца за якія жанчына вельмі вынаходліва. Псіхалагічная пранікнёнасць, дакладнасць ва ўсіх дэталях, якая заўважаецца і ў паказе іншых персанажаў, тут, у абмалёўцы Клавы, уражвае ці не найбольш.

Знешне дзяўчына падалася закаханаму Муню вельмі прывабнай, падобнай на крамяную радысачку, «вось толькі-толькі з градкі, абмытая свежай, са студні, вадою, з гуллівымі пераскокамі сонечных зайчыкаў, з хвосцікам валасоў, заціснутых гумкаю на самай макаўцы...». Але даволі хутка «радысачка» паказвае свой сапраўдны нораў, ператвараючыся калі не ў здрадліва-горкі яблык, то, як сказана ў элегіі, у «спахмурнелы грэцкі арэх». Двухсэнсоўна-з’едлівыя яе жарцікі ў халодны зімовы дзень: «А знаеш, калі б ты памёр, ну хоць бы сабе зараз, — я, напэўна б, і не заплакала. Слёзы на холадзе стынуць...»

Не даводзіцца здзіўляцца і таму, што нават з мужавага імя яна пацвельваецца далёка не бяскрыўдна, маўляў, яно «нейкае ... халоднае, як жаба». А чаго варта тое, што амаль з першых дзён замужжа Клава зганяе Муню з агульнага ложка, заяўляючы, што ўдваіх на ім «і цесна, і вузка». І нібыта залішне штурхаецца мужанёк, а ў дадатак і дыхае, як паравоз, — «ад гарачыні і поту звар’яцець можна, на сценку палезці...». Вось што значыць сысціся з нялюбым! А неўзабаве з’явіўся ў пакоі і трэці сем’янін. Не, не дзіця, нашчадкаў яны не займелі, а «абрыдлы, прыкры для Муні... ложакраскладанец. Па вечарах ён разгортваўся, лязгаючы жалезным шкілетам, выцягваўся, прыўзнімаючы ўзгалоўе, тупа глядзеў на Муню нейкім дапатопным дыназаўрам-страшыдлам і, здаецца, пытаўся: “Ну што — маеш? Зарабіў ордэр на начлег?.. Кладзіся, кладзіся — са мной не ўпацееш...”».

Тое, што жалезная пачвара пад пяром пісьменніка ажывае і пачынае здзекавацца з няшчаснага чалавека, ужо надае размове злавесны сэнс, выразна падкрэсліваючы ўсю меру абсурду, што пануе ў нашым сучасным жыцці. Натуральна, што пасля гэтых і іншых выбрыкаў сямейная ідылія, на якую было спадзяваўся наш герой, ператварылася ў прывід, стала недасягальным фантомам. І дажываў Муня свае ўкарочаныя ім самім гады ўжо бабылём, у вясковай хаце, што дасталася яму пасля сестрыной смерці. Вельмі незайздросны чалавечы лёс!..

Надта каларытна выпісаны і Муневы сябры па чарцы і карцёжных гульнях — Корцік і Дэбет, людзі без прозвішчаў, а толькі з мянушкамі. Гэта так­сама знак чалавечай абяздоленасці, прыніжэння асобы, яе занядбанасці. Застаецца пазначанай толькі ранейшая прафесійная прыналежнасць. Корцік атрымаў сваю клічку з-за колішняй марской службы. Ён — былы марак з Балтыкі, звыштэрміновік-добраахвотнік, звольнены за прыхільнасць да алкаголю. А ўвогуле чалавек ён не благі, па-свойму спагадлівы, ра­зумны і часам яшчэ суцяшае сябе марай, што зможа некалі пакрасавацца «на капітанскім мосціку — дзе-небудзь ля Чорнай Афрыкі...». Мара зноў жа прывідная, нязбыўная. Але ж трэба чалавеку хоць нечым сябе заспакойваць ды суцяшаць, каб жыццё не станавілася, як у Муні, зусім не выносным.

Дэбет так названы з той прычыны, што працаваў рахункаводам, а ця­пер ён ужо на пенсіі і можа падзарабляць хіба на выпадковых работах, калі яны трапляюцца. Ды ён улягаць у працу не вельмі імкнецца. Па чалавечых параметрах Дэбет яўна саступае і Муню, і Корціку, бо ў адрозненне ад іх зайздрослівы і прыцісклівы, схільны да дробязнага хітравання. Сваю пасаду ён страціў з-за таго, што аказаўся не ў ладах з тэхнічным прагрэсам, не змог працаваць на самых простых камп’ютарах. А падхалімнічаць навучыўся, засвоіў, што самае бяспечнае ў часы фарысейства і крывадушнасці — заўсёды і ва ўсім дэманстратыўна падтрымліваць любы афіцыёз. Напісана пра ўсё гэта не без з’едлівасці і зноў жа з тонкай псіхалагічнай выверкай, якая забяспечвае сапраўднасць кожнага Дэбетавага жэста і слова. А мова ў яго шчодра расквечаная жарганізмамі. Гэты лексічны пласт трапна выкарыстоўваецца і ў гаворцы іншых персанажаў, асабліва ў Корціка, у яко­га марскі каларыт проста кідаецца ў вочы.

Наогул, хараство Зуёнкавых элегій у многім трымаецца на багацці і тонкасці іх эмацыянальна насычанай стылістыкі, на ўменні аўтара сцісла, але заўсёды дакладна акрэсліць чалавечы характар персанажа каларытным у сваёй выразнасці, сэнсава і экспрэсіўна ёмістым словам. За майстэрскім валоданнем гэткім словам адчуваецца вопыт працы аўтара ў паэзіі.

Вельмі прывабны Зуёнак і ў эканомных пейзажных штрыхах, у партрэтных і рэчыўных дэталях, трапнасці якіх нярэдка можна пазайздросціць.Вось як падае ён сутычку двух сваіх герояў: «Дэбет выцягваў шыю, лосны ад тлушчу твар звужаўся, збягаючыся да носа, і ўсёадно як пачырванелай дзюбай, сыкаў на Корціка. А той, у сваёй злінялай, мытай-перамытай, што і палоскі ледзь угадваліся, цяльняшцы, выдаваў на перапялёсага шчупака, які ў падлёдную задуху сам сабой выкідваўся з палонкі і на ўсе пашчэнкі хапаў паветра, — здаецца, у Корціка і вушы, быццам жабры, падшавельваліся».

Тонкай настраёвасцю вызначаецца элегія «Куды павёў лапаць». Тут Зуёнак, не хаваючыся за вобраз безыменнага апавядальніка, а непасрэдна ад свайго сапраўднага імя расказвае пра двух вядомых яму сімпатычных вяскоўцаў — старавера Лявона і мужычкі Гапулькі, лёс якіх паяднала моцнае каханне. Яно нарадзілася і захавала сваю трываласць насуперак устойлівай старой традыцыі, якая асуджала блізкія інтымныя стасункі паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій.

Элегія «Куды павёў лапаць» датуецца 1994 годам, «Супоня» — 1999-м. Значыць, ёсць падставы меркаваць, што Васіль Зуёнак да гэтага жанру прыахвоціўся сур’ёзна. Што ж, у добры час!

Пакуль артыкул рыхтаваўся да друку, выйшаў першы нумар «Полымя» за 2000 год, дзе змешчаны яшчэ тры Зуёнкавых элегіі: «Чаравікі для баўэра», «Штаны» і «Дзяцей шкада...». Усе яны напісаны хораша, пранікнёна, зноў жа з журботнай настраёвасцю, выкліканай невясёлымі жыццёвымі рэаліямі, што ўзнаўляюцца ў творах. Але «Штаны» вылучаюцца асабліва шчымлівым гучаннем. Пачатыя яны з гумарам, які паўнаўладна гучыць на цэлым шэрагу старонак, а завершаныя на вельмі балючай трагічнай ноце. Так асэнсоўваецца горкі лёс добрага вясковага хлопца Хомкі, які памірае, не пакінуўшы нашчадкаў: ягоную мужчынскую сілу, а потым і жыццё няўмольна з’ела радыяцыя, атрыманая ў час службы ў ракетных войсках. Пракляцце, якое пасля Чарнобыля абрынулася на цэлы народ, ужо напаткала шмат беларусаў і працягвае забіраць усё новыя ахвяры... Адсюль і асаблівая гаркота фінальных акордаў гэтай проста выдатнай элегіі.

2000 г.


ЯНЫ АБОДВА НЕПАЎТОРНЫЯ ВА ЎСІМ


Рыгора Барадуліна звязвае даўняе сяброўства з Васілём Быкавым. Яно грунтуецца і на зямляцкай блізкасці (абодва знакамітыя пісьменнікі паходзяць з Ушаччыны), і на супадзенні галоўных чалавечых і творчых арыентацый (катэгарычнае непрыманне ў жыцці, літаратуры фальшу і крывадушнасці, дагодлівага прыстасавальніцтва да ўладаў, паслядоўная абарона беларушчыны, тым больш настойлівая, чым большая пагроза навісае над нашай будучыняй як нацыі, самабытнага этнасу).

У таталітарнай дзяржаве бескампраміснае адстойванне прынцыповых грамадзянскіх пазіцый нараджае для мастакоў, якія не апускаюцца да карыслівага прыслужніцтва, шмат праблем творчага плана. А ў самых абвостраных сітуацыях узнікае і небяспека для жыцця саміх творцаў.

Асабліва выразна такая пагроза паўстала ў апошнія гады яго жыц­ця перад Васілём Быкавым. Сваю вялікую мужнасць ён засведчыў у час Айчыннай вайны, у пекле якой шмат разоў глядзеў у вочы смерці. Але цяпер ён не стаў яшчэ раз выпрабоўваць лёс (усё ж і Бог беражэ беражонага), а выехаў за межы Беларусі, спачатку ў Фінляндыю (у Хельсінкі), а потым у ФРГ. Прытулак у абедзвюх краінах яму забяспечыла падтрымка зарубежных пісьменнікаў, якія вельмі высока цэняць выдатны быкаўскі талент, яго грамадзянскую мужнасць, непахіснасць у абароне праўды і чалавечнасці.

У той перыяд, калі Васіль Быкаў б^іў «у змушаным выраі» ў Фінляндыі, Рыгор Барадулін, каб хоць трохі паслабіць сябраў сум па Радзіме, пасылаў яму ў Хельсінкі вершаваныя лісты, якія і склалі першы раздзел кнігі «Лісты ў Хельсінкі».

Пачынаецца ж яна ёміста-шматзначным эпіграфам, які таксама належыць вынаходліваму барадулінскаму пяру:

Будуць часам ідалы раструшчаны,

Свет разумны стоміцца ад крыкаў.

Васільком у жыце беларушчыны

Назаўсёды застанецца Быкаў.

Гэта напісана хораша і добра выяўляе паважлівасць, з якою Барадулін ставіцца да быкаўскай творчасці і яго самога.

Ёсць у кнізе і невялікая прадмова Васіля Быкава. У ёй дакладна акрэсліваецца характар зборніка, у якім, апрача барадулінскіх вершаў, змешчаны і быкаўскія малюнкі, што складаюць заключны раздзел пад назваю «Водгалас». Такім чынам, атрымалася вельмі арыгінальная пераклічка двух выдатных майстроў: вершы паэта падсвечаны малюнкамі празаіка, які прафесійным жывапісцам не з’яўляўся, аднак умее выказвацца не толькі словам, але і выяўленчым штрыхом. Зрэшты, працытую самога Васіля Бы­кава: «Кажуць, што эпісталярны жанр цяпер не ў модзе. Ліставанне, якое цягам стагоддзяў было ці не адзіным сродкам зносінаў між людзьмі, саступае новым, электронным сродкам. Слова папяровае ўсё часцей мяняецца на візуальны вобраз — болей багаты і даступны для ўспрымання. І калі што трымаецца старых людскіх звычак, дык гэта паэзія. Думка і пачуццё ўпарта не хочуць знікаць з традыцыйных, гутэнбергаўскіх радкоў, надта яны паядналіся ў чалавечай свядомасці і пакуль што трымаюцца адзін аднаго.

Так, паэзія не можа абысціся без напісанага (выдрукаванага) радка, таму Рыгор Барадулін паўтара гады пісаў вершаваныя лісты ў Фінляндыю. Вядома, што ростань абвастрае пачуцці — да каханай, сябра або Радзімы — і часам нараджае шэдэўры вершаванай паэтычнай думкі. У гэтай невялічкай кніжачцы безліч самых сур’ёзных думак і самай высокай паэзіі чалавечага існавання. Натуральна, што празаік у гэтым сэнсе не можа спаборнічаць звыклымі сродкамі і абраў не надта традыцыйны спосаб дыялогу — выяўленчы. Атры­малася не дужа гарманічна і стылёва (можа, нават дызгарманічна), але ча­сам і ў дызгармоніі ёсць свой лад і прывабнасць».

Сказана, як заўсёды ў Быкава, слушна і трапна. Я ж пачну разгляд барадулінскіх лістоў з гаворкі пра багацце думак і пачуццёвай насычанасці ў вершах паэта. На першым плане ў іх матывы суму, выкліканыя і расстаннем з сябрам, і самім характарам нашага часу, які паэт у адной з нядаўніх гутарак афарыстычна назваў часам выпаўзання змей. Вызначэнне скрушлівазмрочнае, але небеспадстаўнае. Гэта выразна разумееш, наслухаўшыся той цынічнай хлусні, з якою вылазяць на людзі некаторыя абаронцы самых горшых узораў афіцыёзу.

Для чулай душы паэта гэткая хлусня асабліва невыносная. І таму ніколькі не дзівішся, прачытаўшы ў Барадуліна: «Яшчэ імгненне — // І душа завые». Такая канцоўка самага першага ліста (усе яны ў кнізе адметнай назвы не маюць, а толькі пазначаюцца ў парадку чарговасці). Згаданы ліст і пачаты кідкім пейзажным штрыхом, за якім зноў жа паўстае змрочны ў грамадскім плане воблік нашых дзён: «Дажджы й дажджы, // І хмары, і самота, // І глухата // З усходу да заходу». Гэты матыў суму, скрухі, глухога да людскіх турбот часу праходзіць праз увесь зборнік. Дрэвы ў паэта «маўчаць, дрывамі стаўшы ад пакуты» («Ліст другі»). «Свабодны ад будкі і ад ланцуга // Сабака брэша ў ноч глухавата. // Нібы пытае, чыя чарга // Завыць, каб забыць, // Што жыцця не багата» («Ліст дванаццаты»). «Як стол жалобны, // Усё наўколле» («Ліст шаснаццаты»). Усё гэта былі «Лісты з Вушачы».

У «Лістах з Менску» таксама блізкая па сваёй скрушлівасці карціна: «Ніхто не патрэбен нікому, // Апроч самога сябе» («Ліст другі»). «У душы мае свой закутак // І туды не пускае нікога // Катаржнік пажыццёвы — // Смутак» («Ліст шосты»). «А сэрца б’ецца // Наўздрыж. // Як салаўіная песня // Аб крыж» («Ліст восьмы»). «Паціху самота // Да змоўклай тугі // Звыкае, // Звыкае, // Звыкае...» («Ліст адзінаццаты»). «Каб труною стаць, // Сасна расце» («Ліст дванаццаты»). Тамсама ж: «Перапёлка смутку гнёзды ўе». «Толькі верад // На душы // Ды камяні ляжаць» («Ліст васямнаццаты»).

І ўжо як квінтэсэнцыя матываў суму і журбы ўспрымаецца «Ліст дваццаць пяты», з якога падаю дзве апошнія страфы:

Мы не жывем —

Мы толькі жнем журбу,

Цапамі нашай памяці

Малоцім.

Зажураныя,

Ў неба шлем мальбу.

Мяхі журбы

Даем свайму гарбу

І час наш блоцім.

І кожны з нас

Журбу ў сабе нясе.

Дубам журба

Маланкай крышыць кроны.

І тоіцца

Журба ў жывой красе.

Журбою пахнуць

Словы нашы ўсе,

Наш хлеб надзённы.

Перабольшванне? Празмернае згушчэнне фарбаў? Як сказаць. Пісаў некалі і Янка Купала:

Бываюць хвілі горкіх жаляў,

Душа і ные і баліць;

Агонь пякельны грудзі паліць,

І нечым той агонь заліць.

У гэткай хвілі цяжкай, труднай

Нямілым робіцца жыццё,

Пракляў бы цэлы свет злалюдны

І сэрца роднага біццё.

Пракляў бы свет і быт, і долю,

Усё б на лес сухі паслаў,

І даў бы думам спаць уволю

І сам бы спаў, навекі спаў.

Душа чалавечая ў залежнасці ад канкрэтных акалічнасцей праяўляе сябе па-рознаму. Бывае яна і зняверанай. І тады крычыць ад болю, скрухі, жыццёвай неўладкаванасці, а то і сумуе ад усведамлення абмежаванасці зямных дзён чалавека. А ў выніку нараджаюцца такія няўмольныя па сваёй неаспрэчнасці радкі, як у Максіма Багдановіча: «Шмат у нашым жыцці ёсць дарог. // А вядуць яны ўсе да магілы».

Рыгор Барадулін яўна пераклікаецца з Багдановічам у «Лісце дваццаць першым»:

Жыццё не азіраецца ніколі,

Ідзе ды йдзе дарогаю адной.

І да магілы за яго спіной

Ты блізішся ці шпарка, ці паволі.

Пераклічка, магчыма, і незнарочыстая, міжвольная, але зразумелая і натуральная: чым больш жыве чалавек, чым горш ён сябе пачувае, тым часцей яму даводзіцца задумвацца пра непазбежны скон.

У Барадуліна каталізатарам адпаведнага настрою, акрамя саліднага ўзросту (сёмы дзясятак размяняны), была і бальнічная палата, у якай верш ствараўся. І ўсё той жа сум па сябру-выгнанніку працаваў у гэтым кірунку.

Матыў вымушанага расстання з Радзімай таксама займае ў кнізе вельмі істотнае месца, становіцца адной з яе галоўных дамінант. І тэма Радзімы набывае розныя павароты. Тут ёсць і сцвярджэнне, што для роднага краю нялішні кожны яго сын, бо нават самы слабы, нягеглы з іх можа ўрэшце зрабіць нешта карыснае для Радзімы. У бітве з прышэльцамі і аб яго, недалужнага, хоць крыху «варожы затупіцца меч» («Ліст трэці» з Менску).

Не менш трапна выказана думка, што і няўдзячная Радзіма застаецца дарагой для сапраўднага патрыёта:

І выгнанец

Хоча на радзіму,

Хоць счужэлую,

Але сваю.

Зябка ў сцюжу

Коміну без дыму,

Без гнязда

Самотна салаўю...

(«Ліст трынаццаты» з Вушачы)

І ўжо як апафеоз Радзіме гучыць «Ліст шаснаццаты» з Менску, дзе слова паэта даводзіць, што страта Радзімы — найбольшая бяда, бо там, на Радзіме, застаецца ўсё самае дарагое. Там «і камень, як падушка пухавая», і «мароз цяплейшы ў роднай старане», у ёй і «хмара з граду здасца хлебам з соллю». Так асэнсоўваецца горыч вымушанага ад’езду Быкава з Беларусі.

Але зрэдку ў барадулінскіх пасланнях сябру пракідаюцца і мажорныя ноты. Адзін з вершаў мажорнай танальнасці — «Ліст чатырнаццаты» з Мен­ску, напісаны з нагоды Вялікадня. Некалькі разоў паўтораны радок «Хрыстос Уваскрос!» успрымаецца тут як знак надзеі на лепшае і для нас, беларусаў. Пробліск надзеі бачыцца і ў «Лісце дваццаць чацвёртым», дзе сцвярджаецца, што цяперашні народ-натоўп, у якім бракуе душ, годных «для добрых дзей», вечна не будзе такім. Ён мусіць абудзіцца. І тады «выясніцца сонца, дзень настане» інакшы, нежурботны.

Пробліскі светлага настрою і радасці заўважаюцца з розных лістоў пра «вясёлага бацьку, шчаслівую маму», пра памятныя імгненні маленства, пра «багоўку» (божую кароўку), якая ўспрымаецца як «кропелька вясёлкі», пра яблычны спас і іншыя ўжо ва ўсякім разе не змрочныя жыццёвыя рэаліі.

Ды і размова пра непазбежнае завяршэнне чалавечага жыцця магільным грудком у Барадуліна вядзецца ў большасці выпадкаў без прыкметнага над­рыву, з філасофскай разважлівасцю, хоць, вядома ж, «гадоў сваіх незваротных шкода».

Барадулінская лірыка ўвогуле звычайна мае значную філасофскую заглыбленасць. Выразна праяўляецца гэтая асаблівасць і ў «Лістах у Хельсінкі». Як даволі яскравы ўзор філасофскай насычанасці верша можна згадаць хоць бы «Ліст сёмы» з Менску:

Час знянацку змесціцца ў зярнятку

І засне ў настылай баразне,

Каб прачнуцца рунню па вясне,

Даганяць сябе спачатку.

Свету

Цесна думаць у зярнятку —

Ў вечнасці ў маленькім кулачку.

Ціха й скрыпка жаліцца смычку.

Хоча гук сябе

Пачуць спачатку.

Час аднойчы

Змесціцца ў зярнятку.

Рыгор Барадулін даўно сцвердзіў сябе як віртуозны майстар, паэзія якога прыемна здзіўляе цудамі вынаходлівасці. Незвычайная шчодрасць мастакоўскай фантазіі, а можна сказаць — і буянства яе, густата вобразнасці, забяспечаная яркасцю тропаў, асабліва кідкай метафарычнасцю і нечаканасцю трапнай асацыятыўнасці, рытмічная свабода і арыгільнасць, багацце гукапісу, увогуле дзівосная інструментоўка радка, уменне знайсці ў арсенале народнай мовы незацяганае, часта зіхоткаіскрыстае слова, ды і слова зусім звычайнае павярнуць так, што яно пачынае праменіцца новым святлом, — усё гэта ўласціва Барадуліну і выразна адчуваецца ў ягоных «Лістах у Хельсінкі».

Для нагляднасці нагадаю некалькі прыкладаў выяўленчай яркасці, характэрнай для паэта. «Высокая мелодыя тугі у незабытным краі ціха стыне». «За каўнер небасхілу змрок сцюдзёна цячэ». «Дыспут вечны сабакі вядуць дваравіта» (маюцца на ўвазе сабакі дваровыя). «Стомленасць, як памяркоўная пані, ціха ступае па гулкай жарстве». «І на іржышчы будзённасці колка босай душы». «Туга ў спакою на руцэ засне». «Трымае радасць дні свае ў прыполе. Жалоба ў чорнай хустцы плач нясе». «Сукі... укамянелі зоркамі ў бярвенні». «Слязою яблык дрыжыць на галіне». «П’яніць нявіннай віны віно». «Гурбы выгарбілі перапутак». «Гады маладыя адкукарэкалі». «Ружай хоча быць калючы дрот»... Прачытаеш такое, і становіцца зразумела, якая багатая, слухмяная і гнуткая наша мова, калі ёй аддае сваю душу выдатны паэт.

У «Лістах у Хельсінкі», як ужо гаварылася, шмат роздуму пра непазбежнасць для кожнага чалавека развітання з зямным жыццём. Адзначалася і тое, што да такога роздуму схіляе паэта ягоны ўзрост. Але душою, пачуццямі, сваім эмацыянальным светам, вастрынёю рэакцыі на рэчаіснасць Барадулін паранейшаму застаецца надзіва маладым. Ён і працуе з маладой энергіяй, нават апантанасцю: друкуе ўсё новыя цыклы вершаў, шмат перакладае, публікуе народныя песні, запісаныя ад маці. А які ён няўрымсліва-гарэзлівы ў параўнальна нядаўнім зборніку саланаватага народнага гумару «Здубавецця»! Значыць, жыве і будзе жыць Беларусь, калі ў яе ёсць такія самаахвярныя творцы.

Арыгінальнасцю вызначаюцца і быкаўскія малюнкі, змешчаныя ў кнізе «Лісты ў Хельсінкі». Яны даюць пэўнае ўяўленне пра тое, у якіх умовах жыў і што рабіў Васіль Быкаў у Фінляндыі, як ён успрымаў краіну, якая дала яму прытулак, хто наведваў выгнанніка, як ставілася да яго зарубежная грамадскасць і інш. Словам, інфарматыўнасць гэтых малюнкаў істотная. Яна павялічваецца і за кошт лаканічных быкаўскіх подпісаў-каментарыяў. У іх таксама адчуваюцца настальгічныя ноткі суму па Радзіме, зрэдку, як мне здалося, праглядвае і адценне жартоўнасці.

Так адбываўся абмен думкамі блізкіх сяброў. І добра, што гэтыя думкі цяпер маем магчымасць спасцігаць і мы.

2004 г.


СЛОВА МАЙСТРА НЕ СТАРЭЕ


Глыбокі след у нашай літаратуры пакінуў Іван Чыгрынаў. Чытацкай свядомасцю ён успрымаецца перш за ўсё як стваральнік пяці раманаў пра Айчынную вайну («Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем»). У гэтых раманах, аб’яднаных адзінствам герояў (Дзяніс Зазыба, Радзівон Чубар і інш.), паказана не толькі тое, як супроць гітлераўскіх прыхадняў змагаліся нашы людзі, але і як яны жылі ў той трагічны час. А між тым Іван Гаўрылавіч быў і выдатным майстрам апавядання. Паэт Масей Сяднёў, які стаў прататыпам чыгрынаўскага героя Масея Зазыбы, казаў: «У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў ім і наша, нацыянальнае — філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа».

Сказана вельмі слушна. Лепшыя чыгрынаўскія апавяданні сапраўды вызначаюцца сваёй неардынарнасцю, глыбіннай праўдзівасцю. Пісьменнік і ў часы моцнага ідэалагічнага дыктату не баяўся выходзіць на вельмі складаныя жыццёвыя праблемы, хоць гэта было звязана з вялікай рызыкай. Рэзкія нападкі з боку ідэалагічных наглядчыкаў, якія і ў літаратуры больш за ўсё баяліся праўды, выклікала пасля апублікавання ў часопісе «Полы­мя» апавяданне «У ціхім тумане». Гэтая, па словах Л. Дранько-Майсюка, «маленькая трагічная сімфонія» ўпершыню была надрукавана ў 1963 го­дзе пад загалоўкам «Маці». Іван Чыгрынаў потым мусіў адмовіцца ад таго загалоўка і даць больш нейтральную назву, бо пісьменніка вінавацілі ўжо за тое, што ён па-чалавечы спачувальна напісаў пра маці паліцая і тым як быццам апраўдаў і самога здрадніка.

Але такога апраўдання ў творы няма і блізка. Рэйдаў Яшка, які пайшоў у паліцыю, помсцячы за арыштаванага ў калектывізацыю бацьку, і прымае актыўны ўдзел у карных аперацыях гітлераўцаў, адназначна называецца здраднікам: «Якава Рэйду партызаны потым злавілі толькі на другое лета.

Здрадніка прывезлі ў Бароўку і застрэлілі на краі бярозавага балота, там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі іржавая вада». Яго нікім не дагледжаная магіла даўно зарасла дзірваном і зраўнялася з балотным пяском. Гэта таксама недвухсэнсоўны паказчык сапраўдных адносін нашых людзей да здраднікаў.

Дык што ж турбавала Чыгрынава? Ён напісаў пра чалавечую трагедыю старой Матруны Рэйдзіхі, якая, праз шэраг гадоў знайшоўшы закінутую магілу Яшкі, аплаквае не паліцая, а сына. Па сыне ж, які б ён ні быў, матчына сэрца баліць заўсёды. Такая ўжо ў людзей псіхалогія, нескажона адлюстраваная пісьменнікам.

Вядома, гэта агульначалавечы, а не вузкакласавы падыход. Для нашай ідэалагізаванай літаратуры ў 1960-я гады ён быў яшчэ нязвыклы. Чыгрынаў адважыўся парушыць тую нязвыкласць, бо разумеў, што вузкакласавымі меркамі, якія на першы план вылучалі нянавісць, цывілізаванае грамадства пастаянна жыць не можа. Ды пісьменнік зусім не адмаўляў і заканамернасць нянавісці ў перыяд барацьбы з гітлераўцамі. Паказаў жа ён, што пацярпелыя ад карнікаў жыхары спаленай фашыстамі беларускай вёскі Бароўка тады, у віхуры вайны, «пракліналі на чым свет стаіць і немцаў, і здрадніка [Яшку], і маці, якая нарадзіла яго». І гэта адпавядала праўдзе свайго часу.

Але жыццё на месцы не стаіць. Яно няўхільна змяняецца, уносячы свае папраўкі-карэктывы ў людскія ўзаемадачыненні. Так адбылося і з героямі чыгрынаўскага апавядання «У ціхім тумане». У ім пастаўлена і рознабакова асэнсоўваецца праблема гневу і літасці ва ўзаемаадносінах былых ахвяр і здраднікаў Радзімы. Здраднікі, паўтару яшчэ раз, ніяк не апраўдваюцца, іх злачынствы не рэабілітуюцца, не выдаюцца за дабро ці за нейкую дробязь, вартую хутчэйшага забыцця. Але вастрыня нянавісці калі не да саміх здраднікаў, якім даравання, вядома, няма, дык да іхніх сваякоў, блізкіх ім людзей, — гэтая вастрыня з цягам часу прыглушаецца, гнеў саступае месца літасці, вытлумачальная ў сваім часе нецярпімасць змяняецца разуменнем і нават спагадай, за якою стаіць высакародства добрых людзей. Так па законах чалавечнасці вядуць сябе чыгрынаўскія героі, у прыватнасці Тараськова Ган­на, вобраз якой для разумення праблематыкі твора вельмі важны.

Ганнінага бацьку павесілі немцы, а ім з-за старых крыўдаў зларадна дапамагаў і Яшка-паліцай. Дык Ганна пэўна ж была сярод тых, хто тады праклінаў і карнікаў, і іхніх прыслужнікаў, усё, як тады казалі, паліцэйскае кодла. Але прайшлі гады. Самога здрадніка, які атрымаў па заслугах, даўно няма на свеце. Таму ўжо можна па-чалавечы паставіцца і да ягоных сваякоў, у тым ліку да маці, вінаватай міжвольна толькі тым, што яна нарадзіла хлоп­ца, які стаў паліцаем, не пытаючыся згоды ў яе.Важна таксама, што Ганна ўспрымае Рэйдзіху як старую, нямоглую жанчыну, моцна патрапаную жыццёвымі нягодамі. Гэтая акалічнасць прыкметна падкрэсліваецца ў апавяданні: «Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнай босая — ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі». Уво­гуле, яна выглядае «як падстрэленая варона». У Рэйдзіхі «зусім ужо стары, збляклы» твар, спаласаваны рубцамі маршчын. І сама яна, нібы молячыся, шэпча без разліку на старонняе вуха: «Прытаміліся мае ножачкі, апускаюцца мае ручачкі, баліць маё ўсё цела. Пара спакой даць старым касцям...»

Зразумець матчын боль Рэйдзіхі, яе чалавечую трагедыю дапамагае Ганне і тое, што яна, акрамя бацькі, страціла яшчэ аднаго вельмі блізкага чалавека, свайго мужа, які дачасна загінуў на вайне. «Адна пяклуюся», — скрушліва зазначае Ганна. Так і нараджаецца ўжо спачуванне жанчыны да жанчыны. Дарэчы, яно хоць увогуле і відавочнае, але не зусім адназначнае, суправаджаецца часам і супярэчлівымі рухамі душы. Прыгадаю, што Ганна спачатку глядзіць на Рэйдзіху з прыкрасцю і здзіўленнем, «як на прывід які» (у вёсцы Бароўка, дзе адбываюцца падзеі, старая не паяўлялася ўжо трыццаць гадоў і сведкай Яшкавых злачынстваў не была). Таму і стаяла яна (Ган­на), «бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча».

Рэйдзіха таксама «больш за ўсё на свеце» баялася, што «людзі пачнуць гаварыць пра яе сына», ужо даўно мёртвага. Яна стараецца быць дагодлівай, усмешка перад Ганнай у яе атрымліваецца «палахлівая і вымушаная». Так што складанасці сітуацыі Чыгрынаў ніяк не абмінае. Але разам з тым ён дае нам ясна зразумець, што ў Ганнінай здольнасці, пераступаючы праз свае крыўды, адчуць чужую бяду і адгукнуцца на яе выяўлялася дабрыня нашых людзей, іх чалавечнасць, якую падтрымлівае і хрысціянская рэлігія. Яна, як вядома, бачыць у дараванні грахоў бліжняму бясспрэчную дабрачыннасць.

Тады, як пісалася апавяданне Чыгрынава, наша афіцыйная ідэалогія рэлігійны падыход адмаўляла, лічыла яго заганным. І таму празаік сваю сугучнасць з гэтым падыходам не афішыраваў. Але сёння яна, тая сугучнасць, заўважаецца выразна.

Пісьменнік наогул умеў бачыць жыццё ў яго складанасці. І гэта не толькі кладзе адбітак на пачуцці Ганны, але праглядвае і ў асобных пей­зажных штрыхах, якія ўспрымаюцца як яшчэ адзін напамінак пра вайну, яе трагічнасць і крывавасць: «Яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца. І таму здавалася, што яно крывавіць». Вядома, гэта яўны водсвет ваеннага часу, яго кровапралітнасці.

Выразная настраёвасць, якая ўзмацняе эмацыянальнае гучанне твора, ёсць і ў іншых пейзажных мазках: «На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкое, бы перагружанае чым, і амаль не праменілася.

Вёска як драмала яшчэ». Каб заўважыць усе такія нюансы і адценні, трэба быць не толькі назіральным чалавекам, але і добрым мастаком, здольным ажывіць пейзажныя малюнкі, прымусіць іх выпраменьваць паэтычнае святло. Яно вельмі адчувальнае і ў апісанні ранішняга туману, выкананым з філіграннай тонкасцю: «Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках».

Гэтая хісткасць, у нечым і прывіднасць, а ўжо зменлівасць дык бясспрэчна, паяўляюцца тут невыпадкова. Яны добра акцэнтуюць істотную для разумення твора рухомасць жывога жыцця, адсутнасць у ім застылай аднастайнасці, якая не можа заўсёды панаваць ні ў прыродзе, ні ў людскіх стасунках.

Канкрэтную фактуру многіх эпізодаў, пейзажных малюнкаў у тым ліку, пісьменнік часта браў з рэчаіснасці. У апісанні Бароўкі з апавядання «У ціхім тумане» ўгадваюцца некаторыя прыкметы Вялікага Бору — роднай вёскі аўтара. Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, усё. Таму так натуральна, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін другому чыгрынаўскія героі.

Усе прыкметы класічнасці ёсць у апавяданні з эпічна ёмістай назвай «Ішоў на вайну чалавек». Яно напісана яшчэ ў 1963 годзе, але таксама і да сённяшніх дзён ніколькі не страціла сваёй эстэтычнай важкасці. Цэнтральнае месца ў творы займае ярка выпісаны вобраз шчырага вясковага працаўніка Ігната, чалавека звычайнага, але вельмі паважанага з-за ягонай дабрыні, спагадлівасці і душэўнай далікатнасці. Малюючы гэты во­браз эканомнымі, але трапнымі фарбамі, пісьменнік дасягае глыбокага пранікнення ў беларускую народную псіхалогію. З высокім майстэрствам паказвае ён лепшыя яе рысы, вельмі натуральна разгортваючы нескладаны падзейны сюжэт.

Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а хутчэй звыклая, будзённа-простая: вёску пакідае згаданы селянін Ігнат. Гэта апошні сапраўдны мужчына з той вёскі. Раней ён не быў мабілізаваны на вайну з-за хворай нагі. Цяпер яна паправілася. І трэба чалавеку ісці ваяваць. Пра гэта з усёй неаспрэчнасцю нагадвае лаканічная ваенкаматаўская павестка, якую Ігнат прымае як належнае, хаця добра ўсведамляе, што «на вайну ісці — не жыта малаціць». Пакідаючы жонку Анюту з двума дзецьмі, ён толькі шкадуе, што за апошні дзень не зможа зрабіць усё тое мноства неадкладных спраў, да якіх за звыклымі гаспадарскімі клопатамі раней так і не дайшлі яго працавітыя рукі. З асаблівай вастрынёю пачынае Ігнат адчуваць цяпер усё навакольнае, мусіць, падсвядома ўлоўліваючы, што, магчыма, ужо больш ніколі не ўбачыць някідкае хараство роднага свету.

І яшчэ застаецца ў Ігната ноч развітальнага кахання з жонкай. Яно пададзена ў цнатліва-ўзвышаным ключы, без той натуралістычнай аголенасці, якая ўсё больш запалоньвае сучасную літаратуру, даходзячы ў некаторых аўтараў і ледзь не да адкрытай парнаграфічнасці. У апавяданні Чыгрынава самыя інтымныя падрабязнасці ўвогуле тактоўна апушчаны. Але моцны сва­ёй жыццёвасцю эпізод напісаны так, што мы выразна адчуваем усю не растрачаную за дзесяць шлюбных гадоў сардэчнасць узаемадачыненняў мужа і жонкі, іхнюю пяшчотнасць, абвостраную вельмі блізкім, ужо ранішнім, расстаннем: «Ігнат спачатку доўга цалаваў змакрэлы ад слёз жончын твар, адчуваючы, як налівалася млявай пяшчотаю цела, пасля падхапіў яе на рукі — якая яна ў яго лёгкая! — і, асцярожна ступаючы, панёс па сходках.

На шырокім выгане, што быў паміж полем і гародамі, усімі краскамі лета пахла ў копах лугавое сена».

Зусім скупы пейзажны штрых, што завяршае эпізод, інтуіцыяй мастака дасканала вывераны і таму так шмат гаворыць пра пачуцці герояў. Бо гэта менавіта ім, Ігнату і Анюце, асабліва моцна пахла лугавое сена на тым вы­гане, дзе яны кахаюцца, хутчэй за ўсё, апошні раз — з найцяжэйшай вайны супроць гітлераўцаў, на якую ішоў Ігнат, вярталіся вельмі ж нямногія яго равеснікі.

Хораша гучыць магутны заключны акорд апавядання, яшчэ раз нагадваючы і пра сапраўдную павагу вяскоўцаў да Ігната, і пра натуральнасць учынкаў, думак і пачуццяў яго самога і ягонай жонкі, і пра разуменне людзьмі таго, што яго чакаюць вялікія выпрабаванні, ухіліцца ад якіх чалавек не можа, не мае права: «Праводзіць Ігната ўранні сабралася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. І гэта падабалася Ігнату. І толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі і пайшоў, паскараючы крок, па дарозе, ён пачуў за спіною немы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаворваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек».За эпічнай важкасцю і стрыманай прастатой такіх бездакорна выпісаных малюнкаў з моцна скандэнсаванай унутранай энергіяй ужо ўгадваецца дыханне раманнай прозы. Зрэшты, далёка не кожны раман, прынамсі, з тых, што пісаліся ў нас у 1960-я гады, нёс у сабе столькі праўды пра чалавека, яго душэўнае высакародства, колькі ўмясціла яе невялікае апавяданне Івана Чыгрынава. У ім жа, акрамя ўсяго іншага, дакладна адлюстравана і дзіцячая псіхалогія, без знарочыстага падкрэслівання, але выразна паказана наіўнасць Ігнатавага сына, яшчэ хлапчука. Ён, даведаўшыся, што бацька ідзе на вайну, узрадаваўся, бо па сваім малалецтве яшчэ не разумеў, што менавіта для радасці тут менш за ўсё падстаў. Але ж дзеці застаюцца дзецьмі.

Логіку і псіхалогію дзяцей Іван Чыгрынаў адчуваў вельмі глыбока і дасканала выявіў не толькі ў апавяданні «Ішоў на вайну чалавек», але і ў іншых сваіх творах рознай жанравай прыналежнасці. Ён з бацькоўскай пяшчотнасцю любіў дзяцей, нярэдка хваліўся дзвюма сваімі дочкамі, якія закончылі сярэднюю школу кожная з залатым медалём, і асабліва ганарыўся ўнукам Іванам, які і знешне падобны на свайго славутага дзеда-пісьменніка, і некаторыя рысы ягонага характару атрымаў разма з дзедавымі генамі. Яны ж ідуць, як сцвярджаў Іван Гаўрылавіч, не ад мужыцкіх каранёў, а ад далёкага ажно ў шостым калене (для ўнука ўжо і ў сёмым) продка з панскага роду. Чыгрынаў называў і прозвішча таго панскага продка. Ды гэта ўжо іншы сюжэт, нагода для іншай размовы. Цяпер жа хіба дадам яшчэ тое, што ў пісьменніцкім асяроддзі вострыя на язык жартаўнікі трохі пасмейваліся з панскай радаслоўнай Івана Гаўрылавіча і не без намёку на яе ахрысцілі яго, трэба сказаць, ганаровай мянушкай «Святлейшы» — пад самога князя Пацёмкіна, які ў Крычаве збудаваў для сябе адмысловы палац. Ад Крычава ж да касцюковіцкага Вялікага Бору, у якім нарадзіўся Чыгрынаў, адлегласць яўна не касмічная.

2000 г.


МАСТАЦКІ СВЕТ ІВАНА ЧЫГРЫНАВА


Так зазначаў пра Івана Чыгрынава Алесь Пісьмянкоў — «пісаць для яго азначала жыць». Ужо на схіле сваіх зямных дзён Іван Чыгрынаў, падсумоўваючы вынікі зробленага, казаў: «Літаратура стала маім жыццём, маім лёсам, маёй справай, вялікай справай». І ў яго шчырых словах не было перабольшвання: пісьменнік самааддана, з душэўнай апантанасцю, уласцівай выдатным мастакам, працаваў у літаратуры трыццаць пяць гадоў. Ён вызначаўся глыбінёй разумення часу і чалавека, рознабаковасцю творчых інтарэсаў і жанравых схільнасцей. Мастацкая проза ад кароткага апавядання да рамана з эпапейным замахам, драматычныя творы ад сцэнічнага абразка да поўнаметражных п’ес у выглядзе звыклай драмы і нязвыклага трагічнага гратэску, публіцыстыка ад дзённікавых занатовак і падарожных нататак да палымянага выступлення супраць чыноўніцкай абыякавасці ў дачыненні да ахвяр чарнобыльскай катастрофы, літаратурная крытыка ад невялікага настраёвага эсэ да грунтоўнага, канцэптуальна-заглыбленага артыкула з шырокім ахопам мастацкіх з’яў — усё гэта так ці іначай было падуладна пісьменніку, склала яго важкі творчы набытак, істотны для ўсёй беларускай літаратуры і ў яе барацьбе за праўду і чалавечнасць, і ў яе руху да эстэтычнай дасканаласці. Дапытлівая думка мастака, узброенага яркім адметным талентам, вялікай эрудыцыяй і моцным грамадзянскім тэмпераментам, свабодна сягала ад трапяткой сучаснасці да поўных драматызму старонак нашай шматпакутнай гісторыі. Але галоўнай падзеяй для чалавечага і пісьменніцкага лёсу Чыгрынава стала, як ён сам казаў, Айчынная вайна, сустрэтая ім ва ўражлівым дзіцячым узросце. Менавіта з глыбінным адлюстраваннем жыцця, подзвігу і трагедыі народа ў гэтыя вогненныя гады звязаны самыя значныя чыгрынаўскія дасягненні ў літаратуры, па справядлівасці ўшанаваныя званнямі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі рэспублікі (1974) і народнага пісьменніка Беларусі (1994), ганаровага доктара БДУ (1995).

Нарадзіўся Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў 21 снежня 1934 года ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна. Сям’я таксама была вялікая — мела ажно васьмёра дзяцей. Іх расціла галоўным чынам маці, Хадоска Ігнатаўна, з якой Іван Гаўрылавіч, зноў жа паводле ягонага сведчання, пісаў вобразы верамейкаўскіх жанчын у сваіх раманах пра Айчынную вайну.

Бацька больш займаўся грамадскімі справамі. Да вайны ён быў старшынёю сельсавета. З набліжэннем гітлераўцаў падаўся за лінію фрон­ту. Ваеннае ліхалецце перажыў, але да сям’і не вярнуўся. У чыгрынаўскай аўтабіяграфіі пра гэта адна кароткая фраза: «Бацьку мы з вайны да сябе не дачакаліся». Сказана па сутнасці дакладна, але знарок прыглушана, так, каб толькі ўдумлівы чытач мог здагадацца пра вялікую асабістую драму пісьменніка, якому, відаць, вельмі балюча было дакранацца да незагойнай душэўнай раны.

Затое матчыну ролю ён падкрэсліваў з усёй катэгарычнасцю: «Я ўсім у жыцці абавязаны маці». Святая праўда, якую ўслед за Чыгрынавым маглі б паўтарыць многія з ягоных равеснікаў і трохі старэйшых сучаснікаў.

І яшчэ адна цытата з той жа аўтабіяграфіі: «Пасляваеннае жыццё ў нашых пясчаных і неўрадлівых мясцінах было цяжкае. Ды яно, як высветлілася для мяне потым, і ўсюды не песціла людзей. Ніяк не выходзіць з галавы шмат гадоў, напрыклад, такая карціна: ужо студэнтам універсітэта прыязджаю ў вёску і бачу, як выносіць з паўпустой хаты падатковы інспектар за нядоімкі нашу швейную машынку...»

Гэткую праўду пра той час яшчэ доўга не пускалі ў літаратуру. Чыгрынаў жа, стаўшы пісьменнікам, будзе зноў і зноў вяртацца да пакутлівага жыцця вяскоўцаў, выклікаючы нараканні і злосныя нападкі афіцыёзных артадоксаў.

Ды ўсё гэта адбудзецца значна пазней. А пакуль што ён канчаў Вялікаборскую сямігодку, а потым сярэднюю школу ў Саматэвічах, дзе намнога ра­ней вучыўся і Аркадзь Куляшоў, якога Чыгрынаў асабіста ведаў яшчэ ў свае школьныя гады. Творчасць славутага земляка, арганічна звязаная з роднымі мясцінамі, па словах Чыгрынава, рабіла на яго асабліва моцнае ўражанне, «вучыла разумець літаратуру і надавала смеласці пісаць самому».

Пачынаў Чыгрынаў сваю пісьменніцкую працу, як, мусіць, і амаль што ўсе літаратары, з вершаў, якія друкаваліся ў раённай газеце, а таксама ў абласной «Магілёўскай праўдзе». «Іх Куляшоў чытаў. І яны падабаліся яму», — зазначаў Іван Гаўрылавіч у адным з апошніх інтэрв’ю.

У 1952 годзе Чыгрынаў паступіў у БДУ на філфак (аддзяленне журналістыкі), пасля заканчэння якога займаўся рэдактарскай працай у выдавецтве рэспубліканскай Акадэміі навук і ў часопісе «Полымя» (1957—1975). Больш за дзесяць гадоў (1975—1986) працаваў у кіраўніцтве Саюза пісьменнікаў

Беларусі, спачатку на пасадзе намесніка старшыні, а потым сакратара праўлення. З 1987 года і да канца свайго жыцця, якое абарвалася 5 студзеня 1996 года, узначальваў Беларускі фонд культуры. Быў таксама галоўным рэдактарам часопіса «Спадчына», выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання, у якасці старшыні пастаяннай дэпутацкай Камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова атрымала ў рэспубліцы статус дзяржаўнай.

Сталай літаратурнай працай Чыгрынаў заняўся крыху пазней за сваіх універсітэцкіх равеснікаў. Будучы студэнтам, ён яшчэ зрэдку публікаваў вершы, а на сур’ёзную мастацкую прозу, у якой знайшоў сваё прызванне, адважыўся толькі ў пачатку 60-х гадоў. У 1961 годзе ён у газеце «Літаратура і мастацтва» надрукаваў апавяданне «Праз гады», якое лічыў сапраўдным пачаткам сваёй пісьменніцкай працы. У гэтым творы ўжо выразна выявіліся прыкметы сталага чыгрынаўскага майстэрства. Акрылены ўдачай, пісьменнік працягваў працу над новымі апавяданнямі, якія потым увайшлі ў кнігі «Птушкі ляцяць на волю» (1965) і «Самы шчаслівы чалавек» (1967).

Чыгрынаў абараняў апавяданне і тэарэтычна, даводзіў яго «раўназначнасць з іншымі жанрамі» прозы і нават сцвярджаў, што гэты жанр «найбольш цяжкі, бо патрабуе не толькі руху думкі і пачуцця, але і завершанасці іх у дужа нешырокім разгарненні». І яшчэ: «Апавяданне, асабліва ў яго мініформах, дысцыплінуе мастака ідэйна і эстэтычна, не дае думцы бескантрольна і бязмежна расплывацца “па дрэве жыцця”. Тут слова не патанае ў розных прыёмах пралогаў, аўтарскіх адступленнях, інтэрмедый, эпілогаў, што дазваляюць сабе аповесць і раман, а яно ўсё на віду, усё працуе на галоўную канцавую мэту, дзеля якой апавяданне пішацца. Можна звярнуцца да каго хочаце з прызнаных у літаратуры майстроў, каб пераканацца, што яны адштукоўвалі (па-руску кажучы, “отрабатывали”) сваё валоданне вобразным словам менавіта ў жанры апавядання. Гэта адчувалі яны для сябе абавязковым, каб авалодаць усё новымі вышынямі чалавеказнаўства, раскрыцця асабістага душэўнага вопыту, уменнем мысліць (не думаць толькі, а мысліць!) вобразна і па-філасофску. Часам нават найперш па-філасофску!»

Разважанні вельмі слушныя і пераканальныя, заснаваныя на ўласным творчым вопыце аўтара.

Пра заслугі Івана Чыгрынава ў развіцці беларускага апавядання ўпэўнена выказваўся зямляк пісьменніка — вядомы паэт Масей Сяднёў: «Здаец­ца, упершыню ў беларускай літаратуры чытаю такія дасканалыя апавяданні. У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вывучаю ў ім і наша, нацыянальнае — філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа.

Да гэтага імкнуўся Кузьма Чорны, але шмат сваіх твораў ён папсаваў, намагаючыся задаволіць партыйныя вымогі ў літаратуры.

У малым жанры, у жанры апавядання, Іван Чыгрынаў незраўнаны. У гэтым жанры, думаецца, ён больш дасканалы, чым у жанры эпапеі».

Зайздросна высокая ацэнка. І лепшыя чыгрынаўскія апавяданні ўпаўне апраўдваюць яе.

Тады, як стала паяўляцца ў друку малафарматная проза Чыгрынава, у нашай літаратуры ішло прыкметнае абнаўленне — яна хоць і патроху, са скрыпам, але вызвалялася ад яўнай алілуйшчыны, карыслівай лакіровачнасці і знарочыстага прыхарошвання нашай незайздроснай рэчаіснасці. Чыгрынаўскія апавяданні актыўна працавалі на гэтае абнаўленне і таму адразу апынуліся ў цэнтры літаратурнага працэсу. Іх горача абаранялі прыхільнікі новага і не менш заўзята атакавалі закамплексаваныя дагматыкі, якія ў ягоных творах шукалі ідэйныя заганы і палітычны крымінал, хоць на савецкую таталітарную сістэму, прынамсі, на яе галоўныя асновы, Чыгрынаў ніколі не замахваўся.

Пісьменнік як мог бараніўся ад несправядлівых наскокаў. Найбольш дапамагаў яму моцны мастакоўскі талент, які і выводзіў на перспектыўныя літаратурныя шляхі, дазваляў ствараць творы, якія на фоне тагачаснай літаратуры ўспрымаліся як мастацкае адкрыццё.

Давяраючыся свайму таленту, пісьменнік смела заглыбляўся ў рэальнае жыццё добра вядомых яму людзей, засяроджваў увагу на складаных праблемах рэчаіснасці. Ён праўдзіва, з жывой зацікаўленасцю маляваў змястоўныя ў сваёй чалавечай сутнасці, псіхалагічна ёмістыя і па-мастацку пераканальныя характары зусім не модных тады літаратурных герояў. Сярод іх — адзінокая ўдава, муж якой загінуў на фронце, а дачка, выйшаўшы за­муж, падалася з вёскі («Жыве ў крайняй хаце ўдава»), працавітая жанчына Усціння, якая мела ажно сямёра сыноў, а цяпер таксама жыве адзінока, бо трое з іх у розны час загінулі, а тыя, што засталіся жыць, раз’ехаліся па гарадах («Адна»), яшчэ адна вясковая працаўніца Аўгінка, якая па просьбе сына, што служыць у войску, едзе да гарадской нявесткі з жаданнем хоць трохі памагчы ёй, а тая адразу пачынае коса глядзець на свякруху («У горад»).

Нялёгкая доля і гарачлівага Янкі Галкоўскага, абвінавачанага ў зама­ху на забойства, хоць ён толькі паспрабаваў бараніць маці ад раз’юшанага чыноўніка, які ўзяўся бурыць печ у зямлянцы няшчаснай жанчыны (апавя­данне са шчаслівым, яўна прыгладжаным канцом «Плывун»). Пасля доўгай валакіты Янку ўсё ж апраўдалі (знайшоўся вельмі сумленны следчы, які до­бра ведаў усе хітрыкі сваіх калег), але напакутавацца яму давялося багата. Пра ягонае жыццё ў вёсцы, яшчэ да арышту, выразна гаворыць такая дэталь: «Кармілі ў турме. Гэта таксама нешта значыць. Дома можна было рубіць хату цэлы дзень і не паесці, а ў турме паложана было карміць».

У апавяданні «За сто кіламетраў на абед» перад чытачом таксама паўстаюць галодныя вясковыя падлеткі, якія едуць у вельмі няблізкі дзетдом прасіць абеду.

Не асабліва эфектна выглядае і Палага з апавядання «Птушыныя сны», жанчына зноў жа працавітая і клапатлівая. Яна хоча мець нармальнае чалавечае жыццё. А яго няма. Бо ў дадатак да ўсяго для Палагі і яе равесніц у вёсцы не было жаніхоў. Яны «засталіся дзе толькі змаглі» — адны на Зяелаўскіх гарбах [пад Берлінам], другія на Венгерскай раўніне, а трэція... Трэція хоць і вярнуліся з вайны, але ў Бары не прыехалі...» Вось і мэнчыцца Палага ды раджае дзяцей ад каго выпадзе. «Яна нарадзіла дваіх яшчэ ў Барах, а трэцяга, якраз таго, што цяпер ляжаў пакалечаны, — ужо тут, у Зацішшы, і ніхто не ведаў, ад каго былі ў яе дзеці. Затое ўсе ведалі маці гэтых дзяцей.»

Грубая, непрывабная проза? Але літаратура, якая грэбліва пазбягае прозы жыцця, а займаецца яго лакіроўкай, далёка небяскрыўдным у сва­ёй падманлівасці прыхарошваннем, ці мае права называцца сапраўднай літаратурай? У тым і справа, што праз непрыхарошаныя пакручыстыя лёсы герояў з лепшых чыгрынаўскіх апавяданняў добра праглядвалася народнае жыццё тых часоў, жыццё цяжкое, складанае, з многімі нявырашанымі праблемамі, чалавечым болем і неўладкаванасцю.

Ужо тады Чыгрынаў дакранаўся да трагедыі ахвяр сталінскага тэрору (апавяданне «Народны камісар») і вельмі праўдзіва ўзнаўляў асобныя трагічныя эпізоды з часоў Айчыннай вайны. Так, у апавяданні «У баку ад дарогі» са шчымлівым болем, які адчуваецца за знешняй стрыманасцю аўтарскага пісьма, расказана пра незайздросны лёс нашых воінаў з разбітых у пачатку фашысцкага нашэсця вайсковых злучэнняў. Асабліва кранае тут смерць параненага капітана Кажанава (між іншым, у яго прозвішча чыгрынаўскага дзеда!), якога спрабавалі выратаваць цывільныя жыхары, але нічым не змаглі яму дапамагчы. Твор заканчваецца скупым, але вельмі шматзначным пейзажным штрыхом, які сведчыць пра высокае пісьменніцкае майстэрства: «Над лесам падымалася сонца. Яно было мутнае, невясёлае, быццам праплакала ўсю ноч над чалавечым горам».

Не менш ярка пісьменніцкія магчымасці Чыгрынава выявіліся ў выдатным апавяданні «Ішоў на вайну чалавек» (1965). Багата асабіста перажытага ўклаў Чыгрынаў і ў апавяданне «На пыльнай дарозе». Уласная драма пісьменніка, які пры жывым бацьку рос сіратой, угадваецца тут найперш у драматычнай абвостранасці перажыванняў Васілька Шасцярнёва, якога бацька, як і ў Чыгрынава, былы старшыня сельсавета, ужо вярнуўшыся з вайны, разам з іншымі дзецьмі «баязліва пакінуў у нястачы», пакінуў дзеля кар’еры, якой так і не здолеў зрабіць.

З апорай на асабіста перажытае звязана таксама глыбіня ў адлюстраванні дзіцячай псіхалогіі і дакладнасць многіх нявыдуманых дэталяў, якія скрозь сустракаюцца і ў многіх іншых апавяданнях пісьменніка. Дзеянне ў іх нярэдка «прывязваецца» да родных для аўтара мясцін, увогуле да паўднёваўсходняга кутка Магілёўшчыны, выразным каларытам якой афарбавана і мова Чыгрынава. Яна ўжо ў апавяданнях набывала эпічную важкасць, прыкметную ў самой інтанацыі фразы, у яе свабодным дыханні, характэрным для твораў добрых майстроў.

Заўважаецца ў чыгрынаўскіх апавяданнях і нежаданне націскаць на знешні, пераважна падзейны драматызм, знарок ускладняць сюжэтнае дзе­янне, як гэта звычайна робяць пісьменнікі з рамантычным бачаннем све­ту, са схільнасцю да прыгодніцка-дэтэктыўнага пісьма. Чыгрынава ж і ў ягоных апавяданнях больш вабіў драматызм унутраны, скрыты ў штодзённай плыні жыцця, якое ў шэрагу твораў падавалася шматпланава, у рознабаковых сувязях. Такая арыентацыя таксама выводзіла пісьменніка на вялікую, раманную прозу. Але шлях да яе ўскладнялі несправядлівыя раз­носы, якія ў 1960-я гады абрушваліся на Чыгрынава зноў і зноў. Асабліва рэзкія нападкі з боку ідэалагічных наглядчыкаў, якія ў літаратуры больш за ўсё баяліся праўды, выклікала тады апавяданне «У ціхім тумане» (1963).

Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, усё. Таму так нязмушана, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін другому чыгрынаўскія героі. Яны гавораць добрай літаратурнай мовай. Яна часам аздабляецца залацінкамі ўстойлівых выразаў — фразеалагізмаў («З панскага лесу ні сена, ні палена», апавядан­не «У ціхім тумане»), трапнымі параўнаннямі з шырокім абагульненым зместам («На вайну ісці — не жыта малаціць», «Спакойны, як зямля пасля дажджу», «Гаспадарка без мужчын, што тое вяселле без музыкі», «Плакала ... як па нябожчыку» — усё з апавядання «Ішоў на вайну чалавек»).

Вельмі дарэчы ўжываецца ў Чыгрынава лексіка з каларытам Магілёўшчыны («Прагнала на ранкі за пастухом карову» — «У ціхім тума­не»; «Каб жа знаццё», «Рушылі яны па загароддзю», «Да коўрат сабралася столькі народу» — «Ішоў на вайну чалавек»). У слоўніках, што выдаваліся або перавыдаваліся ў апошнія гады, большасць гэтых слоў з яўнай магілёўскай прывязкай ужо фіксуецца. Гэта значыць, што яны атрымліваюць правы грамадзянства ў агульналітаратурнай мове, хоць магілёўскага каларыту ад гэ­тага канчаткова не страчваюць. Толькі слова «коўраты» пакуль, здаецца, як агульная норма не ўзаконена. А яно абазначае вароты з жэрдак, што зачыняюць уваход на двор з боку вуліцы ці агарода. Даволі шырока выкарыстоўваў пісьменнік лексіку Магілёўшчыны ўжо ў дыялектных варыянтах у мове герояў свайго раманнага цыкла.

Пісаць першы раман Іван Чыгрынаў рашыўся ўсяго пасля дзвюх кніжак апавяданняў. І ўжо гэты раман атрымаўся з моцным эпапейным пачаткам, хаця менавіта на эпапею пісьменнік адразу не замахваўся. «Эпапея, — сведчыў ён у 1994 годзе, — вырысоўвалася паступова, хаця паступовасць гэ­тая ўкладвалася ў невялікі час. Але прыступаючы яшчэ да першага рамана, я быў гатовы сур’ёзна асэнсоўваць вайну».

Так нарадзіўся раман «Плач перапёлкі», у канцы 1970 года апублікаваны ў перыёдыцы, а праз два гады выдадзены і асобнай кнігай. Твор стаў значнай падзеяй у літаратурным жыцці, хутка набыў шырокую папулярнасць. Ён шмат разоў выдаваўся па-руску ў Маскве, выходзіў на мовах тагачасных савецкіх рэспублік (украінскай, літоўскай, латышскай, армянскай, малдаўскай, туркменскай) і за мяжой (у Балгарыі), а ў 1979 годзе разам з раманам «Апраўданне крыві» быў адзначаны прэстыжнай літаратурнай прэміяй імя А. Фадзеева.

Яшчэ да выхаду рамана асобным выданнем пра яго з пахвалою пісаў Іван Мележ, які вылучыў чыгрынаўскі «Плач перапёлкі» з агульнай празаічнай плыні 1970 года і звярнуў увагу на ўменне маладзейшага калегі «ствараць аб’ёмныя вобразы людзей» у сапраўды эпічным творы, адзначыў тое, што аўтар намаляваў «праўдзівую, шырокую, багатую фарбамі карціну незабыўнага лета 1941 года», па-майстэрску паказаў, «як у ліхалецці першых месяцаў вайны ў асяроддзі байцоў і ўчарашніх мірных людзей выяўляюцца цвярозасць, жыццёвая стойкасць і моц духу, здольныя супроцьстаяць неймавернай бядзе».

Дружна хвалілі “Плач перапёлкі” і крытыкі. Так, У. Юрэвіч, адгукаючыся зноў жа на часопісную публікацыю твора, сцвярджаў у газеце «Літаратура і мастацтва», што Чыгрынаў ужо ў першым сваім рамане выявіў «сваю прафесійную сталасць», «сваю адметнасць як майстар аналітычнай прозы». «У рамане “Плач перапёлкі” ёсць шматбаковы ахоп рэчаіснасці і глыбокае даследаванне яе, уменне справіцца з шматпланавасцю жыцця, паказанага ў яго заўсёдным руху... Героі рамана “Плач перапёлкі”... інтэлектуальныя сваім глыбінным зместам», — зазначыў крытык, ахарактарызаваўшы ў заключэнне Чыгрынава «як мастака-мысліцеля».

Няўмольны час, які ўсё ставіць на сваё месца, не перакрэсліў гэтых ацэнак, а толькі яшчэ падвысіў іх. «Бясспрэчна, гэта адзін з лепшых твораў бе­ларускай прозы. Празаік, якому не было яшчэ і сарака гадоў, узбагаціў нашу літаратуру шэдэўрам, па значнасці роўным лепшым раманам М. Гарэцкага,

Кузьмы Чорнага, І. Мележа», — захоплена пісаў пра «Плач перапёлкі» і Л. Дранько-Майсюк ужо ў 1998 годзе.

У рамане «Плач перапёлкі» Чыгрынаў здолеў сапраўды па-мастацку сказаць пра Айчынную вайну шмат новага, таго, што яшчэ не знайшло належнага адлюстравання ў тагачаснай літаратуры. Ён глыбока, у многім падаследчыцку асэнсоўваў матэрыял ваеннай рэчаіснасці, хоць абапіраўся ў першую чаргу на сваё ўласнае веданне той вайны, вынесенае з дзяцінства.

Для стварэння тыпізаваных мастацкіх вобразаў Чыгрынаў ахвотна выкарыстоўваў рэальныя біяграфіі вядомых людзей, у тым ліку блізкіх сваякоў, якія станавіліся прататыпамі ягоных герояў. Моцнай апорай у гэтай працы служыла і ўсеабдымная памяць народа, аб якой К. Сіманаў слушна казаў, што толькі яна ўтрымлівае ў сабе ўсю праўду вайны.

Спасцігаць глыбіні гэтай праўды дапамагалі гутаркі з многімі людзьмі, якія яшчэ жылі вайною, шматлікія сустрэчы з былымі падпольшчыкамі і партызанамі, іх камандзірамі, з кіраўнікамі антыфашысцкай барацьбы на самых розных узроўнях.

Яшчэ са студэнцкай і нават школьнай пары Чыгрынава цікавіў раслінны і жывёльны свет Беларусі, яе гісторыя, асабліва гісторыя Магілёўшчыны ўвогуле і родных мясцін у прыватнасці, наш фальклор. Веданне ўсяго гэтага аблягчала працу над раманамі. Цяпер жа ён грунтоўна вывучаў партызанскія справаздачы і іншыя архіўныя матэрыялы, неабходныя для «Плачу перапёлкі» і ў яшчэ большай меры для наступных раманаў, успаміны, прысвечаныя ваенным гадам, і, вядома, мастацкую літаратуру пра Айчынную вайну.

Але якраз гэтая літаратура мала задавальняла пісьменніка. Многае ў ёй яму здавалася выдуманым, павярхоўна-прыблізным. Затое яна ўмацоўвала пераконанне, што ён зможа «напісаць свой раман пра вайну», які не будзе паўтараць тое, што ўжо сказана іншымі. І толькі «Вайна пад стрэхамі» А. Адамовіча ды «Людзі на балоце» І. Мележа аказвалі на Чыгрынава непасрэдны станоўчы ўплыў як своеасаблівыя арыенціры ў пісьменніцкай пра­цы. «Адамовіч вабіў сваім падыходам да вайны, а Мележ паказаў, што вось так, такой мовай, такім стылем, выкарыстоўваючы жывую гаворку герояў, можна пісаць раман», — падкрэсліваў празаік.

Мележаўская традыцыя ў яго раманнай прозе адчуваецца найбольш моцна. І выяўляецца яна не толькі ў эстэтычна апраўданым выкарыстанні дыялектнай мовы ў гаворцы герояў, але і ў рэалістычнай грунтоўнасці самой апавядальнай манеры, ва ўменні даследаваць глыбінныя токі і плыні народнага жыцця ў пераломны перыяд гісторыі.

У такія часы жыццё, няпростае заўсёды, надзвычай ускладняецца, пачынае ісці крутымі зігзагамі, рэзка абвастраючы свае драматычныя і трагедыйныя пачаткі. Але Чыгрынаў, звяртаючыся да паваротных часоў, спецыяльна не засяроджваў увагу толькі на іх драматызме і трагічнасці, а, наадварот, імкнуўся да паказу ўсёй магчымай паўнаты жыццёвых праяў і на крутым гістарычным зрэзе. Ён неаднойчы падкрэсліваў, што папярэдняя літаратура пра вайну звычайна пісала, як людзі ваююць. Сам жа ён лічыў патрэбным адлюстраваць і тое, як яны жылі і ў ваеннай віхуры. «У мяне чалавек хутчэй не на вайне, а ў вайне. Яна даставала ўсіх. А жыць усё роўна трэба было. І людзі жылі пры той жа акупацыі. Куды ім было дзецца? Пра гэта я і пішу. Пішу не так, як раней пісалі многія, а так, як было», — зазначаў Іван Гаўрылавіч ужо на схіле сваіх дзён. Гэтая ж думка гучала і ў ягоным інтэрв’ю 1994 года: «Людзі не толькі ваявалі. Яны яшчэ і проста жылі, думалі пра жыццё і смерць, пра дабро і зло, пра каханне і абавязак. Гэта паўната існавання была вынікам нястрачанай чалавечнасці перад наяўнасцю бесчалавечнасці, якую ўвасабляў фашызм».

Раман «Плач перапёлкі» храналагічна ахоплівае толькі два першыя месяцы вайны. Для краіны ў цэлым яны, тыя месяцы, былі аглушальнатрагічнымі, але на ўсю моц яшчэ не закранулі вёску Верамейкі, да якой сцягваюцца галоўныя падзейныя вузлы ў «Плачы перапёлкі» і ў іншых чыгрынаўскіх раманах. Дарэчы, такая вёска рэальна існуе на ўсходняй Магілёўшчыне — у Чэрыкаўскім раёне. Але празаік запазычыў ад яе толькі на­зву. Пісаў жа ён пра свой Вялікі Бор і ягоных жыхароў, якія станавіліся прататыпамі літаратурных герояў. І на пачатку вайны гэтыя героі яшчэ не зведалі ўсіх яе жахаў, хаця агульны трагедыйны фон ваеннага ліхалецця ўжо ў «Плачы перапёлкі» адчуваецца выразна.

Праўда, аўтар непасрэдна не паказвае разгром савецкіх армій улетку сорак першага года, не піша падрабязна пра цяжкія баі, што вяліся на велізарнай тэрыторыі, а калі згадвае пра іх, дык у агульных рысах і пераважна рэтраспектыўна, праз не асабліва дэталізаваныя ўспаміны вайскоўцаў, што прабіваліся з акружэння.

Такі падыход дыктаваўся самой біяграфіяй пісьменніка, тым, што ў яго не было асабістага ведання вайны франтавой, без якога больш-менш пераканальна напісаць пра яе ва ўсіх падрабязнасцях было вельмі цяжка, калі ўвогуле магчыма. Таму празаік і выбіраў іншы шлях, паказваў драматычную атмасферу пачатковага перыяду вайны праз згаданыя рэтраспекцыі, праз паяўленне ў Верамейках першых дэзерціраў, сустрэчу вяскоўцаў з танкістамі, якія ў калгасе шукаюць бензіну для запраўкі танкеткі, ды яшчэ праз клопаты раённага начальства пра тое, каб вывезці з Прыбесяддзя як мага больш матэрыяльных каштоўнасцей. Астатняе належала знішчаць. Партыйныя функцыянеры кіраваліся дырэктывай вярхоў, якая абавязвала пакідаць ворагу «адну спустошаную зямлю». А што разам з той спустошанай зямлёю акупантам здавалі мільёны людзей, якім трэба было неяк жыць, — гэта складальнікаў дырэктывы асабліва не турбавала.

Горкая праўда часу, пра якую наша літаратура да чыгрынаўскіх раманаў так канкрэтна не пісала. Яна больш абыходзілася патрыятычнай рыторыкай. Чыгрынаў жа якраз рыторыкі імкнуўся пазбягаць. Яму важна было паказаць тую вайну, якую ён сам добра ведаў, гэта значыць вайну, убачаную вачыма звычайнага чалавека, таго мірнага жыхара, які пакутуе ад вайны і ўрэшце вымушаны ўцягвацца ў яе, хоць па звыклых нормах увогуле ваяваць не павінен. Такім чынам, гутарка ідзе пра вайну народную ў прамым сэнсе слова.

Пісьменннік выразна ўсведамляў гэтую адметнасць сваіх раманаў і ўсяляк падкрэсліваў яе. «Раман — гэта народ», — з палемічным запалам сцвярджаў ён, а закранаючы задуму «Плачу перапёлкі», казаў, што ставіў перад сабой задачу — паказаць свой «народ, расказаць пра яго, расказаць не спяшаючыся, шырока і грунтоўна, галоўнае — праўдзіва».

Адсюль ідзе выключная ўвага да народнай стыхіі, да жыцця верамейкаўцаў, гісторыі вёскі, яе побыту і ўвогуле ўсяго, што звязана з Верамейкамі. Бо тыя Верамейкі не проста галоўны падзейны асяродак у чыгрынаўскіх ра­манах, а, можна сказаць, цэнтр космасу, таго мастацкага свету, які стварае пісьменнік. Тут ён непасрэдна выходзіў на самае запаветнае, блізкае і дарагое з дзяцінства і таму дасягнуў найбольшага поспеху.

Ужо ў «Плачы перапёлкі» ярка выпісаны каларытныя постаці многіх верамейкаўцаў. Мудрай разважлівасцю і вялікай душэўнай спагадлівасцю вылучаецца блізкі па сваёй удумлівасці да герояў М. Гарэцкага сямідзесяцігадовы вясковы філосаф Парфён Вяршкоў, у свядомасці якога, як зазначаецца ў рамане «Апраўданне крыві», «акумуліравалася ўсё найбольш чыстае, здаровае, сумленнае і непадатлівае, на чым трымаецца ўклад» сельскага жыцця беларусаў. Там жа гаворыцца, што гэты малапісьменны селянін «умее ахопліваць сваім уяўленнем вялікія праблемы, што заўсёды набываюць грамадскую значнасць».

Ёсць сярод верамейкаўцаў і яшчэ адзін персанаж з філасофскім складам розуму. Гэта Кузьма Прыбыткоў. Ён, як і Парфён, умее арыгінальна разважаць пра жыццё, грамадскія праблемы, цікавіцца гісторыяй краю, трапна гаворыць пра хараство Беларусі і шматпакутнасць яе долі: «Я от думаю цяперака, дак неяк ажно дзіўна размешчана ета Беларуся наша, бытта Гасподзь знарок яе паклаў так. Усё праз нас з вайной ходзяць, усё праз нас. Здаецца, каб хто перанёс яе ў другое месца, дак і нам бы па-другому жылося. А зямля харошая, можа, нават лепшая за рай той. Ета ж падумаць толькі — у другіх голад, дак ужо голад, людзі, як тыя мухі, гінуць, вазьмі хоць Украіну, тама во і нядаўна колькі паўмірала, а ў нас адно мужыкі паапухалі — не кара дак ягада, не ягада дак грыб, а тама ўжо бульба пойдзе, жыта, але чалавек неяк выб’ецца з бяды, абы не сядзеў рукі склаўшы. Не, зямля наша папраўдзе райская, а от жа.»

Вельмі шматзначнае тут гэтае «от жа»! Ды і ўвесь Кузьмоў маналог поўны глыбокага сэнсу. У ім ужо праклёўваўся матыў трагічнасці нашай гісторыі, які на поўную сілу загучаў толькі ў двух апошніх раманах. Тады ж, як пісаўся «Плач перапёлкі», гэты матыў развіваць было вельмі небяспечна, і пісьменнік адкрытым тэкстам толькі пазначыў яго.

Рызыкоўнай была і размова пра голад на Украіне, выкліканы, як вядо­ма, калектывізацыяй па-сталінску. Чыгрынаў спачатку пісаў пра той голад больш падрабязна. Ён, па ягоных словах, паказваў, «як ішлі з Украіны галодныя людзі да нас у Беларусь, як паміралі на дарогах...». Аднак пільныя цэнзары ўсё гэта выкінулі. І толькі агульная згадка ўсё ж неяк праскочыла.

Вяртаючыся да паказу верамейкаўцаў, нельга не сказаць, што адметным характарам надзелены таксама Іван Падзерын. Гэты селянін з іранічнай мянушкай Цукар Мядовіч вызначаецца якраз адваротным — сваёй яршыстасцю, схільнасцю да грубаватага слова і салёных жартаў, уменнем «непрыстойна павыскаляцца з жанчынамі».

Жаночыя вобразы ў «Плачы перапёлкі» таксама абмаляваны цікава, змястоўна, з добрай псіхалагічнай заглыбленасцю. Таму і запамінаюцца ў ра­мане Палага Хахлова, Роза Самусёва, Дуня Пракопкіна, Сахвея Меляшонкава, Зазыбава Марфа і іншыя. Яны напісаны з павагай да іхняй жыццёвай учэпістасці і сілы, а то і з адкрытым любаваннем, якое праглядвае праз асобныя не пазбаўленыя паэтычнасці дэталі. Так, пра голас Дуні Пракопкінай гаворыцца, што ён «вылятаў з грудзей, як пасярэбраны».

Зрэшты, такія паэтычныя бліскаўкі ў чыгрынаўскай стылёвай сістэме рэдкія і выглядаюць хутчэй як выключэнне. Разуменне цяжару жаночай долі, асабліва ў часы ваеннага ліхалецця, ды і агульная стылёвая арыентацыя, стрымлівалі пісьменніка ад знарочыстага прыхарошвання вясковых жанчын, вымушалі яго звяртацца да падкрэслена рэалістычных фарбаў, якія скрозь выкарыстоўваюцца нават у абмалёўцы ўласнай маці (яна ў рамане называецца Хадоскай Гаўрыліхай і старшыніхай).

Не менш выразная гэтая скіраванасць і ў паказе Ганны Карпілавай, вобраз якой у раманнай канцэпцыі «Плачу перапёлкі» вельмі істотны. Празаік піша пра не абы-якую фізічную красу гэтай жанчыны, яе зайздроснае здароўе, душэўную лагоднасць, пакладзістасць (палітыкі ў дачыненні да грамадства называюць яе талерантнасцю) і вельмі ж ліхі лёс, які ў нечым пераклікаецца з поўным суровых выпрабаванняў лёсам самой Беларусі, так часта распінанай рознымі заваёўнікамі і сваім бязглуздым начальствам. Ган­ну ж спачатку спакушае палявы вартаўнік, які ў галодны год паабяцаў хатомку калгаснай бульбы. Потым пайшлі верамейкаўскія мужыкі і розныя ўпаўнаважаныя, што наязджалі ў вёску. Але асабліва агідным быў недалужны прышэлец — татарын Рахім, паліцай, ад якога патыхала «гнілым і зусім не мужчынскім пахам, быццам чалавека толькі што выпусцілі аднекуль з мышынае саламарэзкі». Ён «браў» Ганну ўжо зусім не па-людску, прывязаўшы сонную да ложка. І яна перажывала гэты «гвалт над сабой, як самы вялікі здзек».

Што ж, як і звычайна на вайне, і ў нас многае рушылася, руйнавалася бязлітасна. І ўсё ж жыццё і тады неяк працягвалася. Сімвалам яго невынішчальнасці з’яўляюцца радзіны ў Сахвеі Меляшонкавай, на якія, не зважаючы на ўсе нягоды вайны, збіраюцца верамейкаўскія жанчыны. Праз гэтыя радзіны выдатна паказана трываласць вясковага свету, ягоная ўстойлівасць на разбуральных вятрах часу. Яе, гэтую ўстойлівасць, на нашых вачах калі не перакрэсліў канчаткова, дык надоўга паставіў пад сумненне толькі Чарнобыль, разбуральная сіла якога пераўзышла ўсе ваенныя жахі. Тады, як пісаліся «Плач перапёлкі» і два наступныя раманы, пра каварства «мірнага атама», пра тое, што ён можа жорстка адпомсціць за безадказнапанібрацкае стаўленне да сябе, ніхто са звычайных людзей і не здагадваўся. Чыгрынаў таксама ні пра што такое не думаў і таму з чыстай душой пісаў пра трываласць вясковага свету, пра здольнасць сваіх верамейкаўцаў насуперак усім нягодам, пакутам і жахам выйсці пераможцамі ў барацьбе за жыццё.

Вядома, і цяжар гэтай барацьбы ён паказваў з падкрэсленай праўдзівасцю. У гэтым плане вельмі цікавым уяўляецца вобраз старшыні верамейкаўскага калгаса Радзівона Чубара. Чалавек сумленны, выхаваны на строгім падпарадкаванні ідэалагічным устаноўкам, не кажучы ўжо пра партыйную дысцыпліну, беспакарана парушаць якую мог хіба што сам Сталін ды самыя блізкія ягоныя прыспешнікі, і то неафіцыйна, Чубар прывык ва ўсім давярацца не ўласнаму розуму, а ўказанням начальства. «Раз ёсць дырэктыва, трэба яе выконваць», — непахісна заяўляў ён. Вось чаму ў бязладдзі і неразбярысе першых месяцаў вайны Чубар адчувае яўную разгубленасць, ад якой і кідаецца на самыя рызыкоўныя крокі. Ён не толькі паліць збожжа, не думаючы, як будуць жыць людзі, пакінутыя ў акупацыі, але і самапраўна забівае ваенурача, які «быў у стане моцнай душэўнай дэпрэсіі», па сутнасці, псіхічна хворым. Па ваенным часе гэтае забойства, вядома, не было выключным, тым больш што Чубар палічыў разважанні ўрача шкоднымі для разгортвання барацьбы супроць акупантаў. Але ўсё роўна той самасуд апраўдаць цяжка. Нездарма ж ён турбуе і самога Чубара, у якога на гэты конт няма пэўнасці ў сваёй праваце, а потым, ужо ў чацвёртым рамане, узнікае і пачуццё віны.

Увогуле, вобраз верамейкаўскага старшыні па задуме пісьменніка павінен быў стаць адным з галоўных і самых значных. І ён займае шмат месца ажно ў чатырох раманах, дапамагаючы мацаваць падзейныя сувязі ў гэтых творах. Але сапраўды значнай, эпічна важкай фігуры з Чубара ўсё ж, здаец­ца, не атрымалася. Ён быў, безумоўна, цікавым, пакуль выступаў як антыпод свайго былога намесніка Дзяніса Зазыбы, увасабляючы спрошчаны погляд на падзеі вайны, жыццё ў акупацыі і партызанскую барацьбу з фашыстамі. Але з цягам часу разыходжанні паміж гэтымі двума верамейкаўцамі згладжваюцца, а потым фактычна і знікаюць. Тым самым вычэрпваецца адна драматычная калізія, якая нараджала ўдзячную для мастацкай распрацоўкі інтрыгу і была істотнай для чыгрынаўскага бачання вайны. Пісьменніку давялося ўрэшце заняцца «скарачэннем штатаў». І ён у рамане «Вяртанне да віны» падрыхтаваў Чубару трагічны канец, на вайне зусім зразумелы, а для Радзівона з яго авантурыстычнымі замашкамі і цалкам апраўданы.

А Дзяніс Яўменавіч Зазыба застаўся. У спрэчцы з Чубарам ён перамог. Гэта наогул стрыжнявы для чыгрынаўскіх раманаў герой, на якім трымаюцца іх галоўныя сюжэтныя скляпенні, што змацоўваюць падзейны каркас. У вобразе Дзяніса Зазыбы найбольш ярка і выразна адлюстраваны чалавечнасць нашых людзей, глыбінна-народныя асновы іх свядомасці, маралі і этыкі. Ужо ў «Плачы перапёлкі» Зазыба паўстае як маштабны характар, намаляваны ў цэлым пераканальна, з добрай псіхалагічнай грунтоўнасцю. Ён жыве інтарэсамі грамадства, клапоціцца пра людзей і ў мірныя дні, і ў час ваеннага ліхалецця.

«Іх патрыятызм натуральны, як дыханне», — казаў пра сваіх герояў Чыгрынаў, успамінаючы пра мінулую вайну. Гэта больш за ўсё стасуецца якраз да Зазыбы, які пераконаны: «Хто з роднай зямлі ўцякае, той ворага не перамагае». І зусім натуральна, што Зазыба, не вагаючыся, робіць усё, што можа, для арганізацыі супраціўлення фашыстам і сам, ужо за межамі рамана «Плач перапёлкі», уключаецца ў партызанскую барацьбу.

Як і належала станоўчым персанажам па тагачасных савецкіх мерках, Дзяніс Яўменавіч мае гераічную біяграфію. Ён удзельнік грамадзянскай вай­ны, узнагароджаны высокім ордэнам, камуніст па пераконанні, а не дзеля кар’еры. Праўда, ён з партыі выключаны з-за рэпрэсіраванага сына. Але гэтая акалічнасць чамусьці не перашкаджае партыйным кіраўнікам раёна з поўным даверам ставіцца да Зазыбы. І ўсё ж ён камуніст нетыповы. Гэта добра разумее былы махновец, а цяпер паліцай Брава-Жыватоўскі, які зазначае, што прававерным камуністам быў Чубар з яго гатоўнасцю, не думаючы, рабіць усё, што скажа партыя, а Зазыба артадаксальнасцю якраз не вызначаўся. Ён не кідаўся выконваць бязглуздыя і асабліва бесчалавечныя дырэктывы, а праяўляў пэўную самастойнасць і сваіх вяскоўцаў шкадаваў, бо разумеў, што «селянін — тое ж садовае дрэва, трусі яго колькі хочаш, а пад корні не заглядвай», не падсякай іх.

Сам Дзяніс Яўменавіч з разважаннямі Брава-Жыватоўскага не пагаджаецца, лічыць іх недарэчнымі. Але, здаецца, больш на словах, якія прадыктаваны тым часам, калі пісаўся раман. Тады ўжо тое, што пісьменнік адважыўся неадпаведнага партыйным канонам камуніста зрабіць галоўным станоўчым героем, выглядала як смеласць і пэўны выклік. Вось і даводзілася гэты «грэх» неяк прытушоўваць запэўніваннямі наконт безумоўнай адданасці За­зыбы савецкай уладзе, тым парадкам, якія раней існавалі.

Зрэшты, і сам Чыгрынаў, хоць ён бачыў многія заганы нашай таталітарнай сістэмы і партыі, у якой, па ягоных жа словах, «радавога камуніста і партыйнага кіраўніка заўсёды раздзяляла бездань», тым не менш да канца сваіх дзён заставаўся прыхільнікам сацыялізму, а камуністаў, змяніўшы іх на аграрнікаў, пакінуў толькі тады, калі ранейшыя сябры па партыі падставілі яму крыўдную падножку на выбарах у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь трынаццатага склікання.

Разважаючы пра свае адносіны да створаных персанажаў, Чыгрынаў прызнаваўся: «Я люблю ўсіх. Таму што ў кожнага, нават самага адмоўнага, нешта ўкладваеш ад сябе. Гэта вельмі няўлоўнае нешта, але яно ёсць». Такое, на першы погляд, парадаксальнае прызнанне растлумачвае поспех пісьменніка ў абмалёўцы дзейных асоб, якіх станоўчымі ніяк не назавеш. Той жа Брава-Жыватоўскі, які па сваёй чалавечай сутнасці ніяк не можа выклікаць нашай прыхільнасці, выглядае ў Чыгрынава настолькі каларытна, што здаецца выхапленым з самой рэчаіснасці. Гэта азначае, што мастак глыбока спасціг узноўлены ім чалавечы тып, адчуў яго да драбніц і як стваральнік нават у пэўнай меры душэўна зжыўся з ім. Вядома, празаік ніколькі не апраўдвае гэтага прыслужніка фашыстаў, але паказвае яго ў рэалістычнай манеры, без яўнага шаржу і карыкатурнай спрошчанасці, якая не стасуецца да паэтыкі «Плачу перапёлкі». І гэтая рэалістычнасць робіць асабліва пераканальным выкрыццё здрадніка.

Або ўзяць Мікіту Драніцу. Гэта, як сказана ад імя аўтара ў рама­не «Апраўданне крыві», «перакідлівы і беспрынцыповы абібок». Ён га­товы прыслужваць любым уладарам. Пры бальшавіках ён па даручэнні энкаусаўскага начальства даносіў на верамейкаўцаў, прычым, робячы сваю подлую справу, «адчуваў над імі, бадай, упершыню, сваю вышэйшасць, нібыта ў выніку гэтага меў над імі патаемную ўладу». Як прыйшлі гітлераўцы, Драніца ўжо стаў запабягаць перад Брава-Жыватоўскім, хаця і Зазыбы ён яшчэ пабойваецца. Словам, перад намі паўстае дробны, мітуслівы і разам з тым небяспечны гэтай сваёй здольнасцю на ўсё трапятун і прыліпала. Але як ён ярка выпісаны ўжо ў «Плачы перапёлкі»!

Вось зноў аўтарская характарыстыка, вельмі трапна падсвечаная лёгкай іроніяй: «Мікіта быў нізкі і вяртлявы, быццам чортам падшыты, мог цэлы дзень, без перапынку, бегаць па вёсцы, адно што пад вечар пачынаў трохі касабочыць і апускаць левае плячо». Бадай, яшчэ лепш, хоць і ў тым жа іранічным ключы, сказана пра ягоную мітуслівасць: «Мікіта быў трохі выпіўшы і напускаў на сябе важны выгляд, але гэта яму не давалася: папершае, постаццю ён для важнасці не выйшаў, а па-другое, вочы ў яго сёння бегалі так, нібыта ўранні яны сарваліся з цвіка, а ўвечары ніяк не маглі трапіць на сваё ранейшае месца».

Чалавечая дробязнасць, як гэта ні дзіўна, спалучаецца ў Мікіты з пэўным прыродным розумам, які найбольш адчуваецца ў псіхалагічнай праніклівасці Драніцы і ў каларытнасці ягонай мовы («Мне яно, як кажуць, і не па кані і не па аглоблях»; «Мы таксама не на адным гаросе раслі» і інш.). Але розум гэты нейкі вельмі ўжо прыніжана-беларускі, скіраваны на дробныя хітрыкі і прыстасавальніцтва дзеля выжывання. Для асобных людзей гэта зрэдку бывае і ратункам, але робіцца згубным, калі апаноўвае людской масай, становіцца псіхалогіяй цэлай нацыі. Народ з такой псіхалогіяй прыніжанага прагматызму можа і зусім страціць сваю адметнасць і знікнуць, загінуць, калі ён не здолее нараджаць шматлікіх асоб, гатовых дзеля вялікай мэты на безаглядную самаахвярнасць.

Зрэшты, гэты глыбінны сэнс хітрыкаў розных драніцаў, добра зразумелы сёння, у рамане Чыгрынава не падкрэсліваецца. Але паколькі мастак пісаў сваіх персанажаў вельмі рэалістычна, з глыбокім пранікненнем у іх жыццёвую сутнасць, дык мы і маем магчымасць убачыць розныя грані іх псіхалогіі і яе небяспечнасць ужо ў новых гістарычных умовах.

Гутарка ідзе, такім чынам, пра сапраўднасць чыгрынаўскага мастацкага свету, пра яго своеасаблівую аб’ёмнасць, нават шматмернасць, якая асабліва выразна выяўляецца ў паказе верамейкаўцаў, іх побыту, звычаяў, мовы. Пра яе А. Лойка пісаў: у Чыгрынава «сапраўды жыве, гучыць, пульсуе, захапляе сваёй непаўторнасцю і багаццем мова магілёўскага Забесяддзя». Гэта паказвае сваю непаўторнасць, непадробленасць і хараство шматфарбны свет вельмі нялёгкага народнага жыцця. Яно падаецца ў шырокім грамадскім развароце, праз грунтоўнае, непаспешлівае, але затое вельмі дэталізаванае і гранічна заглыбленае аўтарскае апавяданне, арыентаванае на максімальную дакладнасць ва ўсім.

Гэтая асаблівасць эпічна важкага мастацкага стылю Чыгрынавараманіста выразна акрэслілася ўжо ў «Плачы перапёлкі», рэалізаваўшыся тут у многім, у тым ліку і ў багацці і ёмістасці масавых сцэн, праз каларытнае шматгалоссе якіх вельмі яскрава і непасрэдна выказваецца думка народная, і ў вастрыні і сацыяльнай значымасці па-майстэрску напісаных дыялогаўспрэчак, якія вядуць многія персанажы.

На стварэнне шматмернай карціны беларускай рэчаіснасці працуюць шматлікія ўстаўныя эпізоды пра смешныя і сур’ёзныя здарэнні, што згадваюцца па ходзе дзеяння, казачна-прытчавыя элементы, даволі частыя і вельмі важныя для аўтарскага бачання жыцця і чалавека прамыя экскурсы ў гісторыю і іншыя адступленні ад асноўнага не асабліва разгалінаванага падзейнага апавядання пра Айчынную вайну, сцэны з выразнай этнаграфічнай афарбоўкай, пейзажныя штрыхі і малюнкі, якія маюць мноства адценняў і выяўляюць, апрача ўсяго іншага, як бы знарок замаруджаны, нягледзячы на ўвесь драматызм вайны і пераменлівасць яе паваротаў, рух часу ў чыгрынаўскім мастацкім свеце. Уражваюць таксама прыродныя вобразы, нярэдка шматзначна-сімвалічныя, з філасофскім падтэкстам. Такую сімвалічнасць маюць выдатна зробленыя раздзелы пра ласёў, якіх, як і ўсё жывое, даймае вайна. Яна нішчыць не толькі людзей, але і красу прыроды, хараство навакольнага свету.

Словам, багата ўмясціў у сябе «Плач перапёлкі», раман, якому аўтар аддаў асабліва многа асабіста перажытага і ўспрынятага ад блізкіх людзей. Мусіць, таму гэты твор і аказаўся, бадай, самым цэласным ва ўсім раманным цыкле, створаным пісьменнікам.

Арганічным працягам «Плачу перапёлкі» сталі яшчэ чатыры рама­ны: «Апраўданне крыві» (1976), «Свае і чужыя» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996; усе даты тут азначаюць першую публікацыю адпаведнага твора). Такім чынам, чыгрынаўскае адлюстраванне Айчыннай вайны, па сутнасці эпапея пра яе, уклалася ў пяць важкіх тамоў. Храналогію падзей, як гэта звычайна рабілі і іншыя нашы раманісты, напрыклад М. Лынькоў у «Векапомных днях», Чыгрынаў давёў да лета 1944 года. Між тым пісьменнік збіраўся вывесці сваіх герояў і ў пасляваенны час, выйсці з імі, у прыватнасці, ажно на Чарнобыль і трэці кангрэс беларусаў, які адбываўся ў Мінску ў ліпені 1993 года. І толькі пасля завяршэння пятага рамана празаік, відаць, адчуўшы, што ягонае жыццё ўжо канчаецца, адмовіўся ад гэтага намеру. Літаральна за два тыдні да смерці ён казаў мне, што трэба было б напісаць і шосты раман, але сілы на гэта ўжо няма. І таму працягу не будзе.

Усе пяць чыгрынаўскіх кніг пра верамейкаўцаў аб’яднаны адзінствам асноўнага месца дзеяння, галоўных герояў і, вядома, аўтарскага пафасу, ягонага погляду на вайну і даваенныя падзеі. І ўсё ж гэты погляд з цягам часу ўдакладняўся. Звязана гэта з грамадскімі пераменамі, а калі казаць канкрэтна, дык з тым, што ў час працы над двума апошнімі раманамі пісьменніку ўжо не трэба было аглядвацца на цэнзурныя забароны, з-за якіх ён раней не пра ўсё мог сказаць з даступнай яму мерай праўдзівасці. Цяпер забароны адпалі. І празаік з большай раскаванасцю загаварыў пра многае. У раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» ён піша пра тое, што і ў гады барацьбы з нямецкім фашызмам вайна на Беларусі нечым нагадвала вайну грамадзянскую, бо нашы людзі змагаліся не толькі супраць гітлераўцаў, але і сваіх, якія сталі чужымі, так ці іначай супрацоўнічалі з акупантамі. Дарэчы, здраднікаў, якіх на еўрапейскі манер называюць яшчэ калабарантамі, было, насуперак сцвярджэнням афіцыйнай савецкай прапаганды, вельмі багата, бадай, больш, чым партызан. Гэтак гаворыць у апошнім рамане нікім не аспрэчаны Дзяніс Зазыба, які тлумачыць: «У сорак першым паліцэйскія гарнізоны ўзніклі ледзь не ў кожным вялікім населеным пункце. Гэта пасля мы трохі пацяснілі гарнізоны, але ж колькасць паліцаяў, здаецца, засталася ранейшай. К нам у партызаны яны сталі перабягаць пазней, а так. Ды зрэшты нічога істотнага не змянілася да самага апошняга часу. Адзінкавыя выпадкі. Прынамсі, за кошт паліцэйскіх гарнізонаў партызанскія атрады яшчэ выраслі нязначна».

Яскравым прыкладам таго, як свае знішчалі сваіх, з’яўляецца пададзеная ў гэтым жа рамане па сутнасці прытчавая гісторыя Арцёма і Ціхона Касцюкоў. Яны — родныя браты, смяртэльная варожасць паміж якімі ўзнікла яшчэ з часоў калектывізацыі. Тады старэйшы Ціхон раскулачыў Арцёма. Той у вайну вярнуўся з высылкі ў родныя мясціны і жорстка адпомсціў брату. Стаўшы паліцаем, ён расстраляў яго жонку і дзяцей. Ціхон падаўся ў парты­заны і, вядома, разлічыўся з Арцёмам, але зноў жа знішчыў не яго самога, а ягоную сям’ю. Вось такая кроўная помста па-беларуску, выкліканая людскім азвярэннем, віна за якое ўскладваецца на савецкую ўладу. «Звярынае пачуццё прыйшло да мяне нечакана. А выклікала яго савецкая ўлада. Гэта яна справакавала жорсткасць, на якую пайшоў брат у адносінах да мяне. Да калгасаў жа мы жылі як людзі», — пераконана заяўляе малодшы Касцюк. І ягоныя разважанні, якія яшчэ не так даўно не прапусціў бы ніякі наш цэнзар, не ўспрымаюцца як дэмагогія, бо нялюдскасць і жорсткасць сапраўды нараджаюць толькі жорсткасць у адказ. Яе праявы ў апошніх раманах Чыгрынава самыя разнастайныя.

Жорстка ваююць фашысты, якія бяруць заложнікаў з ліку мірных жыхароў і спальваюць цэлыя вёскі разам з людзьмі. Пра гэта наша літаратура аб вайне пісала заўсёды. Але яна звычайна замоўчвала, што не самым высакародным чынам нярэдка вялі сябе і партызаны. Чыгрынаў жа цяпер паказвае і гэты бок справы. У яго і народныя мсціўцы займаюцца паборамі, не толькі вымушанымі, для сваіх патрэб, але і «для брата, для цешчы і свата.». Гэта з «Вяртання да віны». У рамане «Не ўсе мы згінем» тэма бясконцых пабораў узнікае зноў. Там жа згадваецца, што крутагорскія партызаны змагаюцца не столькі з гітлераўцамі, колькі з паліцаямі. Такім чынам, зноў фактычна свае б’юць сваіх, а ў выніку нясе страты наш жа народ, аслабляецца патэнцыял нацыі.

А яшчэ ў гэтым жа рамане засведчана, што на Беларусі без разбору чынілі расправы ўкраінскія партызаны. Паявіўшыся ў Верамейках, яны па паклёпніцкім нагаворы схопленага імі старасты Рамана Сёмачкіна «мужыкоў забралі ўначы, адвезлі на край лесу і каля межавога капца пасеклі тапарамі; сярод тых мужыкоў, як лічыў Зазыба, былі і вельмі прыстойныя людзі, якія наўрад ці дазволілі сабе працаваць употай на немцаў. Напрыклад, Тарасёк. Але ж партызаны таксама дзяліліся на сваіх і чужых, гэта значыць, на мясцовых і на прышлых. Свой яшчэ мог не спяшацца, спрабаваў высветліць віну. А што да беларуса літоўцу ці ўкраінцу?» Менавіта партызан з прыш­лых, «зусім п’яны коннік з чырвонай стужкай на кубанцы», забівае і Зазыбаву Марфу. Так ён вучыў няшчасных беларусаў «савецкую ўладу любіць».

Не робіць партызанам гонару і жорсткасць іхняй расправы з Брава-Жыватоўскім, якога не проста забіваюць, а, нібыта дзеля пацехі, кастрыруюць. Тое ж робяць і яшчэ з адным паліцаем ужо на ягоным вяселлі, а потым успамінаюць пра ўсё гэта як пра дасціпную забаву.

Такая нялюдская расправа патыхае садызмам, знарочыстым здзекам, няхай сабе і з ворагаў. Нездарма ж Зазыба, пачуўшы пахвальбу з гэтай нагоды, проста жахаецца, хоць яшчэ ў грамадзянскую вайну «наглядзеўся рознага паскудства. У недавярстве тады амаль аднолькава спаборнічалі як белыя, так і чырвоныя. Але тое, што пачуў ён цяпер, здаецца, пераўзыходзіла сваім цынізмам усё іншае».

Такі страшны воблік вайны наша літаратура падавала не часта. А Чыгрынаў жа яшчэ піша ў сваіх апошніх раманах і пра расправу з дзецьмі за грахі бацькоў, згадваючы, напрыклад, забойства зноў жа партызанамі «паліцаевага сына, лічы, яшчэ дзіця», вінаватае толькі ў тым, што бацька ўцёк. Зазыбу гэта зноў нагадала грамадзянскую вайну, калі таксама «сына каралі за бацьку, а бацьку за сына, асабліва пасля, у час раскулачвання». «Але Дзяніс Яўменавіч, — працягвае пісьменнік, — ніколі — ні раней, ні пазней — не хваліў у душы савецкую ўладу за гэта». І наогул, ён у адпаведнасці з гуманістычнай традыцыяй, якая вельмі часта парушалася ў савецкай літаратуры, лічыць, што «ваяваць з дзецьмі, дарэчы, як і з дапамогаю дзя­цей», недапушчальна. Для нармальнага грамадства. Але як можна назваць нармальнымі тых, хто пасылаў савецкую авіяцыю бамбіць лагер нашых ваеннапалонных у Крычаве? Чыгрынаў у рамане «Не ўсе мы згінем» напісаў і пра гэта («Нават на лагер ваеннапалонных самалёты з чырвонымі зоркамі не шкадавалі бомбаў»).

Гаворыць празаік і пра тое, як у 1941 годзе дрэнна ўзброеных апалчэнцаў клалі «пад гусеніцы нямецкіх танкаў», каб хоць такім жахлівым шляхам затрымаць, няхай і на вельмі кароткі час, фашысцкую армаду. А яшчэ нагадвае, як ужо ў пераможным сорак трэцім кідалі ў мясарубку на Проні і былых паліцаяў, і ўчарашніх партызан. Зноў затыкалі «дзіркі людзьмі». «У шта­бах аднолькавыя адносіны ў такіх выпадках — што да патрыётаў, што да здраднікаў. І тыя, і другія — проста матэрыял, з якога можна збудаваць перашкоду», — тлумачыць адзін з герояў апошняга рамана.

Гэта генерал Зеленадольскі. Ён упершыню паяўляецца толькі ў рама­не «Не ўсе мы згінем». Чалавек ён рашучы, справядлівы і разумны, таму ў свой час і быў рэпрэсіраваны. І толькі ў пачатку вайны, калі яўна не хапа­ла камандных кадраў, яго выпусцілі са зняволення і зноў вярнулі ў армейскія шэрагі. Зеленадольскі — дэмакрат па пераконаннях. Ён надзелены праніклівым позіркам і здольнасцю востра рэагаваць на несправядлівасць. Гэта дало пісьменніку яшчэ адну магчымасць сказаць пра тое, што раней у нас замоўчвалася. Напрыклад, пра савецкае барства. Яно існавала ўжо з першых паслярэвалюцыйных гадоў. «Троцкі некалі не паспеў стаць наркомам, як заняў Архангельскае. Цэлую колішнюю сядзібу царскага вяльможы. Ды і другія наркомы ў шапкі не драмалі — па паркетах у асабняках коўзаліся ды карцінамі выдатных мастакоў гандлявалі. Гэта пасля іх пісьменнікі пачалі паказваць галоднымі, а то іншы раз і амаль босымі», — зазначае Зеленадольскі, а потым яшчэ дадае, што тое барства не знікла ў некаторых і ў суровыя ваенныя гады, калі таксама практыкаваліся шчодрыя генеральскія застоллі: «У рэстаране да вайны падобнага і то не заўсёды можна было за вялікія грошы мець».

Такія штрыхі істотныя не толькі для разумення ўсёй стракатасці ваеннай рэчаіснасці, але і як сведчанне таго, наколькі больш гнуткай, свабоднай і раскаванай стала пісьменніцкая думка, калі яна вызвалілася ад цэнзурнага ўціску.

Новае адчуваецца і ў паказе так званых нацыяналістаў, прыхільнікаў беларускай ідэі, якія пайшлі на супрацоўніцтва з немцамі. Ранейшая наша літаратура адназначна падавала іх як карыслівых здраднікаў беларускага народа, подлых акупанцкіх прыслужнікаў. У Чыгрынава таксама ёсць персанаж, захоплены беларускай нацыянальнай ідэяй. Гэта Алесь Астрашаб, дружбак рэпрэсіраванага пры бальшавіках Зазыбавага сына Масея. Ён паявіўся ў канцы рамана «Свае і чужыя». Служыць Алесь пры гітлераўцах у Мінскай гарадской управе, мяркуючы, што і гэтая служба можа быць выкарыстана для адраджэння нацыянальнай культуры, а потым і дзяржаўнасці. «Нам больш не пагражае ні русіфікацыя, ні паланізацыя. І пакуль немцы б’юцца з бальшавікамі, мы маем час і магчымасць нарэшце пачаць выхоўваць свой народ у нацыянальным духу», — заяўляе Астрашаб, які прыехаў у Верамейкі з намерам далучыць і Масея да беларускай справы. Масей, вядома, адмаўляецца, бо глядзіць на ўсё гэта як на чарговую хімеру, выкліканую «правінцыяльным снабізмам», і падазроную валтузню, якая «нядобра пахне».

Гэткая цалкам адмоўная ацэнка Астрашабавай дзейнасці, па сутнасці, пераглядаецца ў рамане «Не ўсе мы згінем». Ва ўсякім разе, тут ужо не ставіцца пад сумненне шчырасць Алеся, які «калабарантнасць сваю тлумачыць проста: ён служыў сярод немцаў дзеля Беларусі», а ягоная смерць ад выбуху міны ўспрымаецца тым жа Масеем не толькі з жалем, але і як «не­шта жахлівае». Разам з тым яна па-свойму і сімвалічная, бо выразна высвечвае крах тых ілюзій, якімі жыў Астрашаб, прывіднасць яго намаганняў і сапраўды нешта зрабіць для беларускай справы ў часы ваеннага ліхалецця.

Напісаў Чыгрынаў у апошнім рамане пра Другі ўсебеларускі кангрэс, праведзены ў Мінску ў канцы чэрвеня 1944 года. Генерал Зеленадольскі гаворыць пра яго як пра шабаш, наладжаны здраднікамі. Але такую атэстацыю не прымае Дзяніс Зазыба. Ён ведае, што ў тым кангрэсе прымаў удзел, праўда, у якасці госця, а не дэлегата, і ягоны Масей, які насуперак свайму ранейшаму намеру да беларускай справы ўсё ж далучыўся і якога бацька, тым не менш, не лічыць здраднікам. «Апошняе слова прагучала для Зазыбы, як нешта крыўднае, нават абразлівае. У чым у чым, але ён быў упэўнены, што да Масея гэтае вызначэнне не мела ніякага дачынення. Проста, менавіта такім чынам склаліся для яго жыццёвыя абставіны. Пачатак іх знаходзіўся ў трыццатых гадах, у нечаканым арышце», дарэчы, па цывілізаваных мер­ках, зусім несправядлівым. Гэта ўжо роздум старэйшага Зазыбы ў сувязі з тым, што ягоны сын, ратуючыся ад бальшавікоў, падаўся ў эміграцыю. Яна разглядаецца як з’ява трагічная, зыход «з радзімы вялікай часткі народу». І ў тым людскім мностве, слушна мяркуе Зазыба, па сутнасці, невінаватым быў не адзін Масей.

А ён жа таксама «супрацоўнічаў» з акупацыйным рэжымам — «друкаваўся ў газетах, якія выходзілі ў шматлікіх гарадах на акупіраванай тэрыторыі», быў пісарам у валасным упраўленні ў Бабінавічах, не пайшоў у партызаны, хоць яго клікалі туды, а яшчэ па прапанове папа Дворскага (персанаж не вымышлены, такі поп існаваў у сапраўднасці, пасля вайны мусіў стаць шаўцом, аднойчы і Чыгрынаву пашыў добрыя боты) перакладаў на беларускую мову «цэлы круг малітваў і казанняў», прычым разглядаў гэту працу ўжо «не як нейкую хімеру, а як справу патрэбную і, можа, нават богазаўгодную».

А размовы якія былі ў яго з тым папом! Па бальшавіцкіх мерках суцэльны крымінал: «Ні Масей, ні Дворскі не падманваліся ні наконт савецкай улады, ні наконт акупантаў, яны моцна пачувалі сябе людзьмі тутэйшымі, гэта значыць, беларусамі, дарэчы, якія ні бальшавікам, ні немцам, калі разважаць шчыра, не патрэбны былі. Маўляў, штосьці прамежкавае — ні народ у выразным значэнні гэтага слова, ні нацыя. Карацей кажучы, ні тым, ні другім так званы беларускі нацыяналізм не падыходзіў. І калі б не палітыка, калі б не бягучы момант, з якога ўсе бакі хацелі мець выгаду, ніхто б не стаў гуляць у падобныя гульні, дарма што з цягам часу беларусы, нягледзячы на калатэчу, усё смялей вытыркаліся са сваёй нацыянальнай ідэяй». Вытыркаліся, вядома, людзі тыпу Алеся Астрашаба і самога Масея. А тое, што гэтую ідэю не ўдалося ажыццявіць, не ад іх, не ад беларусаў, увогуле, залежала.

Такіх разважанняў проста не магло быць у раманах, выдадзеных да адмены цэнзурных забарон. Зрэшты, у нас і цяпер нацыяналізм нярэдка разглядаецца як крымінал ці, ва ўсякім разе, як адмоўнае паняцце, «хаця на Захадзе гэта тое самае, што патрыятызм, — слушна падкрэслівае выдатны беларускі вучоны, пляменнік нашага літаратурнага класіка Радзім Гарэцкі. — Якія бе­ларусы нацыяналісты — гэта проста смешна. У нас не толькі няма пачуцця перавагі над іншымі, а хутчэй комплекс непаўнацэннасці ў параўнанні з іншымі народамі».

Раней Чыгрынаў не гаварыў і пра тое, што пісаў свайго Масея Зазыбу з вядомага эмігранцкага паэта Масея Сяднёва, якога памятаў з ваенных гадоў, потым сустракаўся з ім, калі паэт, праз паўстагоддзя пасля вымушанага расстання, наведаў Беларусь.

Масей Сяднёў чытаў чыгрынаўскія творы, цаніў у раманах пісьменніка іх псіхалагізм, філасафічнасць, а пра апавяданні, як ужо згадвалася, і ўвогуле пісаў з захапленнем. Але толькі ў апошніх раманах Чыгрынава асноўныя вехі сяднёўскай біяграфіі ваеннай пары сталі праглядвацца ў вобразе Ма­сея Зазыбы выразна. А ў «Вяртанні да віны» нават згадваецца сяброўства Гаўрылішынага Іванкі (гэта Чыгрынаў у дзяцінстве) з Масеем Зазыбам (у сапраўднасці з Сяднёвым): «Хлопчык даверліва падаў Масею руку. Яны сябравалі ў гэтае лета — Іванка і Масей. Здаецца, дзе толькі не пабывалі разам. І ў лесе, і ў полі. Сямігадовы Іванка ўжо скончыў да вайны клас, умеў чытаць, а найбольш — пытацца, хоць таксама даваў, калі можна сказаць так, кансультацыі па грыбах, ягадах».

У ранейшых раманах Масей Зазыба асцерагаўся расказваць пра свае лагерныя пакуты, належнае адлюстраванне якіх зноў жа пачалося толькі з рамана «Вяртанне да віны». У гэтым творы сталінскія рэпрэсіі ўжо не разглядаюцца як нешта выпадковае, не звязанае з самой сутнасцю таталітарнай сістэмы, ледзь не стыхійнае бедства. «Савецкая ўлада ў тваёй бядзе невінаватая. Ты ж сам кажаш, ком з гары каціўся. Было, адмаўляць нельга. Але ж. не ўсюды аднолькава. У нас, напрыклад, дык ніводнага і пальцам не кранулі. Ды і не толькі ў нас. Значыць, самаўпраўства на месцах тварылася. А з верху за ім недагледзелі», — пераконваў, яўна з аглядкай на цэнзуру і насуперак праўдзе, Дзяніс Зазыба свайго сына ў «Апраўданні крыві». А ў «Вяртанні да віны» паявіўся рэпрэсіраваны прафесар Дзягель, гісторык па спецыяльнасці, які без усякіх агаворак і эківокаў тлумачыць: «Усё робіцца Сталіным і ягонай хеўрай свядома, іначай не адбывалася б гэтая “недарэчнасць” на працягу столькіх гадоў. у краіне ажыццяўляўся “няспынны тэрор”, той, за які заўсёды стаяў Троцкі і які цяпер, пасля выгнання Троцкага, ажыццяўляў “пад ленінскім прыкрыццем” Сталін».

Падкрэсліваецца цяпер і масавасць тэрору, яго выключная жорсткасць. «У Марыінску, куды трапіў беспадстаўна асуджаны Масей, знаходзіўся размеркавальны лагер, і новых зняволеных трымалі ў цягніках нядоўга, адно пакуль ішоў пералік. Але цягнікі ўсё падыходзілі і падыходзілі на станцыю. Ім проста не было канца, дарма што ўсе будынкі ў горадзе, прыдатныя хоць збольшага для ўтрымання людзей, былі перапоўнены; у некаторых зняволеныя нават спалі стоячы, а да бочкі, каб апрастацца, дабіраліся па галовах». І яшчэ: «Канвойных вакол калоны налічвалася небагата, затое лютавалі аўчаркі, якіх недзе вырошчвалі дзеля такога прызначэння ў гадавальніках, няйначай, навучаючы на асуджаных людзях. Канвойныя таксама мала чым адрозніваліся ад аўчарак».

Чалавек, які сутыкнуўся з усімі гэтымі жахамі, ужо не можа не думаць пра «зняважаную справядлівасць» і тое, як шмат народ «нацярпеўся ад савецкай улады». І Масей сапраўды пра ўсё гэта думае, але толькі ў двух апошніх рама­нах. Ён не прымае разлічаныя на наіўных дзівакоў дэмагагічныя запэўніванні, што ў здзеку над людзьмі вінаватымі былі толькі карныя органы, бо разумее, што яны «заўсёды дзейнічаюць у краіне адпаведна патрэбам улады».

Гэта з рамана «Не ўсе мы згінем». Там жа падаюцца і наступныя Масеевы развагі: «У савецкай улады заўсёды павінны быць вінаватыя. Яна без гэтага не можа». «Яна доўга помніць. Памяць у яе, на жаль, сапраўды надта доўгая і помслівая».

Масей быў пераконаны (і ў гэтым ён ніколькі не памыляўся), што пасля перамогі над нямецкім фашызмам, за якую народу прыйшлося заплаціць неймаверна цяжкую цану, у нас «зноў пачнецца вялікі хапун, калі мала хто здолее апраўдацца» за любую дробязь. Яму ж самому сібірскі лагер быў зноў гарантаваны. Таму сумленны і таленавіты хлопец, які не зрабіў нічога кепскага людзям і па агульначалавечых мерках не меў за сабою віны, але, як сам казаў, пабыў і ў савецкай, і ў нямецкай пастцы, — гэты хлопец рашаецца на эміграцыю. Выбраны ім шлях сапраўды крыжовы, бо ў віхуры вайны, якая тады яшчэ працягвалася, ён быў непрадказальны і поўны невядомасці. Але наша шматпакутная гісторыя прапаноўвала яго многім. І самыя моцныя з іх, у тым ліку жыццёвы прататып Масея Зазыбы Сяднёў, не згубіліся ў вялікім чужым свеце, а здолелі і там працаваць на карысць Бацькаўшчыны, якую яны заўсёды насілі ў сваім сэрцы.

Не забывае сваіх Верамеек і Масей Зазыба. У рамане «Вяртанне да віны» ёсць лаканічная згадка, што праз шмат гадоў «Масей вернецца сюды зноў. Але тады ягонае Забесяддзе будзе ўжо бязлюднае, у вялікай хваробе, якую ва ўсім свеце назавуць Чарнобылем!..».

У 1944-м гэтую страшную бяду ніхто прадбачыць, вядома, не мог. А горыч вымушанага расстання з Радзімай была моцнай. Дзянісу Зазыбу, які адчуваў, што траціць сына назаўсёды, здавалася нават, што той будзе толькі «мыкацца, гараваць па чужых краёх. А гэта, бадай, горай, чым адседжваць новы тэрмін на Калыме ці Пячоры».

Такія Зазыбавы думкі з рамана «Не ўсе мы згінем» паказваюць, што Дзяніс Яўменавіч ніяк не здагадваўся, што ягонаму Масею выпадзе не самы горшы, а ў нечым яшчэ і шчаслівы лёс, і яўна недаацэньваў здольнасць нашай тагачаснай таталітарнай сістэмы здзекавацца з чалавека, люта распінаць яго і ўрэшце ператвараць у лагерны пыл. Але пры ўсім тым старэйшы Зазы­ба цяпер куды больш рэалістычна глядзіць на некаторыя рэчы. Ён перастае наракаць, што сын «незаконна», «не па чыстай» вярнуўся са зняволення (яго адпусціў канвойны) і тым самым кідае цень на «заслужанага бацьку». Пракурорскі тон у дачыненні да вымучанага лагернай жорсткасцю хлопца паступова змяняецца на натуральную чалавечую спагаду да яго. Не менш істотна, што Дзяніс Яўменавіч вызваляецца ад свайго пэўнага фальшу і, зразумела, вымушанага хваласпеву савецкай уладзе і яе непагрэшнасці ва ўсім. А гэта значыць, што знікае той налёт саўковасці, які раней у Зазы­бы ўсё ж адчуваўся, хоць і не быў такім моцным, як у Чубара і іншых зусім «правільных», цалкам артадаксальных партыйцаў.

Ёсць у двух апошніх раманах перамены і ў поглядзе на калгасы. Раней пісьменнік мусіў трохі прыхарошваць калгаснае жыццё. Рабілася гэта пераважна праз выказванні асобных персанажаў, а не праз канкрэтныя дэталі, якія, як мімаходная згадка пра хату Ганны Карпілавай, што «палохала сваімі пустымі кутамі і голымі сценамі», супрацьстаялі такому прыхарошванню. І яно зусім знікае ў раманах «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем». Больш таго, у «Вяртанні да віны» ідзе размова і пра ўзброенае супраціўленне сялян калектывізацыі. Тут упамінаецца Бешанковіцкае антыкалгаснае паўстанне, пасля падаўлення якога «нямала было арыштавана мужыкоў, расстраляна, як кажуць, на скорую руку, а найбольш вывезена ў Сібір, на Поўнач, дзе толькі ставала калючага дроту ды назіральных вышак».

Вельмі непераканальна выглядала ў тым жа «Плачы перапёлкі» далёкае ад рэальнага стану рэчаў падкрэсліванне вялікай сялянскай адданасці калгаснаму ладу, з-за якой верамейкаўцы і пры нямецкіх фашыстах нібыта не хацелі распускаць калгас і толькі бралі агульную маёмасць на захоўванне да вяртання бальшавікоў. У рамане «Не ўсе мы згінем», цяпер у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, верамейкаўцы ўжо суцяшаюць сябе спадзяваннем, што пасля вайны калгасаў увогуле не будзе, і не спяшаюцца «зноў абагульняць зямлю і маёмасць».

Дзяніс Зазыба, хоць ён раней («Плач перапёлкі») як быццам бачыў у калгасе ўвасабленне сваёй мары, успрымае аднаасобніцкія схільнасці землякоў з натуральным спакоем разумнага селяніна.

І ўсё ж вобраз старога Зазыбы ў апошніх раманах яўна драматызуецца і ўрэшце становіцца бадай што трагедыйным: чалавек, які з адкрытай душой змагаўся за новы лад, прымаў актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе за яго ўсталяванне, з цягам часу пачынае ўсведамляць, што з дапамогай насілля нельга вырашаць усе жыццёвыя праблемы. «Праўду не заўсёды робяць шабляй», — так фармулюе для сябе гэтую ісціну Зазыба, які і сам у канчатковым выніку апынуўся, па сутнасці, ля разбітага карыта — у спаленай вёсцы, без жонкі, забітай партызанамі, і сына, які хоць і застаўся жывы, але мусіць уцякаць з радзімы, назаўсёды пакідаючы адзінокага бацьку. І гэта была трагедыя не толькі Зазыбы, але ў пэўным сэнсе і ўсёй Беларусі, якая за гады вайны страціла многіх сваіх дзяцей.

Натуральна, што ў такім завяршэнні лёсу галоўнага героя бачыцца ўскладненне чыгрынаўскага погляду на вайну, у паказе якой цяпер таксама на поўную сілу загучалі трагічныя ноты. Вядома, пісьменнік, у адрозненне ад многіх сваіх папярэднікаў, і раней не націскаў толькі на яе гераічнасць, а імкнуўся, як сам казаў, адлюстраваць драматызм вайны «ў яе звычайным, будзённым цячэнні». Але ў апошніх раманах увага мастака ўсё больш засяроджвалася на вайне як трагічным «замарачэнні», якое аплочваецца вялікай народнай крывёю. Гэта блізкія і самому аўтару думкі Зазыбы з рамана «Вяртанне да віны», сама назва якога добра выяўляе зрухі ў чыгрынаўскім бачанні ваеннага часу. Растлумачваючы гэтую назву ў інтэрв’ю 1994 года, празаік падкрэсліў: «У вайну было вельмі многа вінаватых. Нават тыя вінаваты, хто віноўнымі сябе не лічаць. Пралітая людская кроў — гэта ўжо віна, а тады колькі яе пралілі, людской крыві. Хіба можна гэта апраўдаць?» Такое выказванне было ўжо ў пэўнай меры і палемікай пісьменніка з самім сабою. Яно азначала, што Чыгрынаў імкнуўся надаць адваротны сэнс назве свайго рамана (другога па ліку) «Апраўданне крыві».

Цяпер празаік сцвярджаў, што сапраўдныя віноўнікі вайны — гэта тыя, хто крывадушнай палітыкай заігрывання з Гітлерам і дзікімі рэпрэсіямі ўнутры краіны справакавалі агрэсію нямецкіх фашыстаў, а потым перакладвалі сваю віну перад народам на ягоныя плечы, абвінаваціўшы, як сказана ў «Вяртанні да віны», усіх, «хто тут, у акупацыі, заставаўся».

Словам, вайна ў разуменні Чыгрынава, выяўленым у яго апошніх рама­нах, гэта перш за ўсё вялікая бяда, народная трагедыя, асабліва адчувальная для Беларусі, дзе было наканавана загінуць «ледзь не кожнаму другому чалавеку, незалежна ад таго, прымае ён чынны ўдзел у падзеях ці трапіў у іх выпадкова, стаўшы так званай нявіннай ахвярай («Не ўсе мы згінем»). Перабольшванне? Невялікае, бо ў цэлым па рэспубліцы загінуў кожны трэці, а ў некаторых раёнах, напрыклад на Віцебшчыне, — і кожны другі. Кажуць, што спіс ахвяр Беларусі ў Айчынную вайну, надрукаваны на машынцы, расцягнецца на 60 кіламетраў («ЛіМ», 1995, 5 мая).

Адсюль, ад гэтага рэальнага трагізму, ідзе і чыгрынаўскае настойлівае паўтарэнне: вайна «грашыма корміцца, затое весяліцца крывёй. І часта крывёю не тых, хто вінаваты ў ёй». «У вайну вельмі лёгка атруціцца чала­веку яе трупным дыханнем» («Вяртанне да віны»). «А вайна — яна ўся амаральная. Чорная, крывавая, брудная». «Людзі, нягледзячы ні на што, ішлі к перамозе праз бруд і кроў». «Чым бліжэй заставалася да канца вайны, тым болей крыві яна патрабавала» («Не ўсе мы згінем»).

На трагедыйнае завяршэнне лёсу Зазыбы, ягонай сям’і і многіх іншых верамейкаўцаў, завяршэнне, якое нясе ў сабе водсвет гэтай вялікай крыві і шматлікіх рэальных ахвяр, моцна ўплывала і чыгрынаўскае адчуванне агульнага трагізму нашай гісторыі, з-за якога не толькі апошняя, але і многія іншыя войны канчаліся для беларусаў адно велізарнымі стратамі ды разарэннем.

«Куды толькі ні хадзілі беларусы паходамі, многім дапамагалі ваяваць, наводзіць парадак, таленты свае аддавалі іншым народам, кадры ім пастаўлялі, словам, былі донарамі. А пра сябе як паклапаціліся? Які ў сябе парадак навялі?.. Дык вось, дзе мы толькі ні былі, чаго ні рабілі, а ўсё не для сябе, не для сваёй Бацькаўшчыны. Як быццам нейкае пракляцце над намі», — з горыччу разважаў пісьменнік ужо ў 1994 годзе. Праўда, ён пры гэтым падкрэсліваў, што «гістарычныя карані ў нас ёсць. Яшчэ жывыя і моцныя карані». Яны дазволяць развіваць «і нацыянальную дзяржаўнасць». Аднак жа на хуткі поспех у гэтай справе Чыгрынаў не спадзяваўся, бо бачыў, што «цяпер нам вельмі не хапае добрых палітыкаў, такіх, якія б думалі пра будучыню нацыі і карысталіся шырокай падтрымкай народа».

Гэткае разуменне ў пісьменніка, які нашу гісторыю ведаў выдатна, куды лепш за многіх прафесійных гісторыкаў, узнікла, сфармавалася даўно і таксама схіляла яго да ўзмацнення трагізму ў апошніх раманах, на мастацкую канцэпцыю якіх ужо не ўплывалі ранейшыя абмежаванні.

Істотнай з’яўляецца і тая акалічнасць, што сучасная эпапея, як слушна пісаў Алесь Адамовіч яшчэ ў 1970-я гады, не можа быць ураўнаважанаспакойнай. Яна патрабуе «большай вастрыні і пачуццяў, і думак, і трагізму». Ды ўжо лёсы Грыгорыя Мелехава ў «Ціхім Доне» і Васіля Дзятла ў «Палескай хроніцы» невыпадкова атрымалі трагічнае завяршэнне. Гэта дыктавала бурлівая рэчаіснасць ХХ стагоддзя, якую добра адчуваў і Чыгрынаў. Асабліва турбавалі яго наступствы Чарнобыля, які паставіў вялікія пытальнікі над са­мой будучыняй нашага народа. Так што ўсё сыходзілася, ціснула ў адным напрамку, працавала на ўзмацненне трагізму ў апошніх чыгрынаўскіх раманах. Іх пісьменнік, паўтару, Чарнобылем і збіраўся закончыць, але з-за невылечнай хваробы не дацягнуў падзейны ланцуг да яго канкрэтнага паказу.

Увогуле, падзейны тэмп у чыгрынаўскіх раманах вельмі замаруджаны. Гэта тлумачыцца тым, што аўтарскае апавяданне ў іх арыентавана на паказ складанасці ваеннай рэчаіснасці праз глыбіннае даследаванне народнага жыцця, дэталёвы аналіз псіхалогіі герояў. А ў выніку раманы «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя» ахопліваюць толькі паўгода вайны — да разгрому гітлераўцаў пад Масквой уключна.

У апошніх раманах пісьменнік мусіў усё ж прыспешваць падзейны тэмп, каб давесці храналогію дзеяння да вызвалення Беларусі. Такім чынам, на ра­маны «Вяртанне да віны» і «Не ўсе мы згінем» прыпадае ўжо два з паловай гады ваеннага часу. Дыспрапорцыя яўная. Яна нарадзіла пэўную аблегчанасць пісьма, асабліва прыкметную ў апошнім творы. Ён у значнай меры ўспрымаецца як раман-эпілог, у якім знаходзяць сваё завяршэнне, нярэдка бегла-інфармацыйнае, галоўныя сюжэтныя лініі і лёсы герояў. Так што страты ёсць. Яны прыкметныя нават у абмалёўцы Дзяніса Зазыбы. Пры ўсім тым новым і надзвычай важным для мастацкай канцэпцыі чыгрынаўскай эпапеі, што паяўляецца ў стаўленні Зазыбы да жыцця і людзей, ён, Дзяніс Яўменавіч, цяпер, здаецца, у нечым трохі і драбнее, бо становіцца персанажам, неабходным найперш для сюжэтнага руху, з’яднання розных падзейных асяродкаў (раней гэтая роля належала пераважна Чубару). Словам, Зазы­ба ў рамане «Не ўсе мы згінем» перастае быць ключавой фігурай у свеце верамейкаўцаў, з якім цяпер траціць амаль усе свае ўстойлівыя сувязі.

Зрэшты, і гэтаму верамейкаўскаму свету, які ў віхуры ваеннага разарэння выглядаў найбольш устойлівым і трывалым, вайна нанесла вялікія стра­ты, праз якія таксама высвечваецца трагізм і яе самой, і жыцця ўвогуле.

Прыкметны след пакінуў Чыгрынаў і ў драматургіі. Ён стварыў п’есы па сваіх апавяданнях (аповесць для тэатра «Дзівак з Ганчарнай вуліцы», па ра­манах «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужыя» (гэты твор мае назву «Свае і чужыя», яго жанравае вызначэнне — «драма ў двух частках»), а таксама цэлы шэраг арыгінальных драматычных твораў. Сярод іх вылучаецца гістарычны цыкл, які ахоплівае вялікі прамежак часу.

У драме «Звон — не малітва» паказаны лёс полацкай князёўны Рагнеды — Гарыславы і яе сына Ізяслава. Гэта — Х стагоддзе. «Прымак» (зноў драма) прысвечаны беларуска-літоўскаму князю Ягайлу, які праз шлюб з каралевай Ядвігай стаў прымаком Польшчы — каралём Рэчы Паспалітай, пайшоўшы дзеля гэтага на далучэнне Вялікага Княства Літоўскага да польскай дзяржавы (Крэўская унія 1385 года). У Чыгрынава ён, ужо ў старасці, перабірае важнейшыя вехі свайго жыцця і скардзіцца на долю: «Увесь час тут у прымаках быць вельмі цяжка... Справа — у паляках... яны паквапіліся на Вялікае Княства. І я здрадзіў свайму народу. Здрадзіў брату Вітаўту, хоць вельмі любіў яго і цяпер люблю. Аднак каму скажаш? Жывуць два народы побач, а як сабакі паміж сабой».

Драма з пралогам і эпілогам «Чыстыя рэкі, мутныя воды» расказвае пра пакручастыя жыццёвыя шляхі Канстанціна Астрожскага і ягоную бліскучую перамогу ў бітве пад Оршай у 1514 годзе. Але пафас твора складае не столькі захапленне воінскай доблесцю продкаў, колькі горыч ад таго, што так часта з дапамогай зброі вырашаліся спрэчкі суседніх народаў. «На мір спадзяванняў ніхто не меў. Таму яшчэ доўга-доўга лілася беларуска-руская кроў!.. І яшчэ доўга нашы чыстыя рэкі цяклі мутныя ад гэтай крыві!..» — недвухсэнсоўна зазначаецца ў эпілогу п’есы.

Зразумела, што думка пісьменніка, які не прымаў варожасцрі паміж народамі-суседзямі, скіроўвалася ў сучаснасць. Яшчэ ў 1991 годзе, адразу пасля распаду былога СССР, ён падкрэсліваў: «Мяне радуе, што ствараецца новая эканамічная прастора. Хацелася, каб яна расшырылася не толькі за кошт былых савецкіх рэспублік. І адначасова вельмі непакоіць настойлівае імкненне нашых палітыкаў аб’яднацца ў прасторы палітычнай, зноў накрыць сябе каўпаком. Магчыма, у будучым гэта непазбежна. Але хацелася б, каб да палітычных аб’яднанняў Беларусь ішла як нацыянальная жыццяздольная дзяржава, а не ў цяперашняй якасці ўчарашняй правінцыі вялікай імперыі». Вельмі цвяроза мысліў мастак!

У «Следчай справе Вашчылы» аўтар стварыў яркі вобраз кіраўніка сялянскага паўстання на Крычаўшчыне ў XVm стагоддзі.

Постаць Васіля Вашчылы цікавіла пісьменніка шмат гадоў. Спачатку ён меў намер напісаць пра Вашчылу раман, але адмовіўся ад гэтай задумы, бо атрымалася п’еса, напісаная, як лічыў аўтар, «дэталёва, аб’ёмна».

Яшчэ з прыкідкай на раман Чыгрынаў грунтоўна, як мала хто з прафесійных гісторыкаў, даследаваў усё, што звязана з Вашчылавай дзейнасцю. «Я старанна вывучаў гісторыю паўстання Вашчылы. Пазнаёміўся з яго сапраўднай судовай справай, якая праляжала ў архівах 240 гадоў... Раней пра яго наогул гаварылі ў сувязі з антыяўрэйскімі выступленнямі. Крычаўскае стараства ў Радзівілаў арэндавалі яўрэі Іцкавічы. Але паўстанне было не антыяўрэйскім, а антыфеадальным. Яно ўзнікла як пратэст супроць цяжкіх жыццёвых умоў. Радзівіл з ім расправіўся. Куды зніклі Іцкавічы — невядома. Відаць, яны загінулі ў падвалах Радзівіла. Напэўна, ён узяў іх пад сваю ”апеку“. Я ў п’есе напісаў, што цыгане іх аграбілі і кінулі ў балота. Баронства цыганскае там было. А калі штосьці з гісторыі дакладна не вядома, прыходзіцца дадумваць. Але я настойваю, што паўстанне было менавіта антыфеадальнае, накіраванае супроць прыгнёту наогул. А яўрэі тут ні пры чым. Прыгнятаў жа не толькі арандатар, але і князь», — патлумачыў мне Чыгрынаў у 1994 го­дзе. А потым яшчэ і дадаў, што «ў час паўстання браты Іцкавічы ўжо не былі арандатарамі Крычаўскага стараства. Іх ужо і ў Крычаве не было». З гісторыкаў, якія давалі слушную трактоўку паўстанню пад кіраўніцтвам Вашчылы, пісьменнік называў толькі В. Мялешку і П. Лойку.

П’еса пра Вашчылу з поспехам ішла ў Магілёўскім тэатры, перадавалася па радыё. Думаецца, што гэта самы значны драматычны твор Чыгрынава.

«Гістарычная рэканструкцыя ў дзвюх дзеях» — такое жанравае вызначэнне даў пісьменнік п’есе «Зайграй, зайграй, хлопча малы». Гэты твор пераносіць нас у ХІХ стагоддзе, прымушае задумацца над лёсам Паўлюка Багрыма, які застаўся для нашчадкаў аўтарам аднаго выдатнага верша.

Загрузка...