Адразу пасля экзамену мы пайшлі з ім на Прыпяць. I там у зацішным месцы (каб не мог ніхто падслухаць) ён прызнаўся, што быў вымушаны пайсці супроць сумлення, бо ў самы бліжэйшы час гаркомаўская партыйная камісія павінна вынесці канчатковае рашэнне па ягонай справе. I яно будзе залежаць ад вынікаў сённяшняга экзамену. Так яму адкрыта і сказалі.
А справа была сур’ёзная. Мовазнаўцу абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з гітлераўцамі. Яно як быццам заключалася ў тым, што ён у перыяд акупацыі нейкі час быў перакладчыкам. Але пры гэтым меў сувязі з партызанамі, выконваў іх даручэнні. Ды з дакументамі былі нейкія няўвязкі. Таму яго выключылі з партыі, выгналі з АН БССР і саслалі ў Мазыр. А цяпер могуць і тут пазбавіць працы, калі ён на той партыйнай камісіі не апраўдаецца. Так што мовазнаўцу трывала трымалі на кручку. I ён мусіў здацца.
Далей гісторыя з паступленнем сакратаровай дачкі развівалася так. У міністэрства я пісаць не стаў, палічыўшы гэта і сапраўды бескарысным, а расказаў пра ўсю баталію карэспандэнту «Гомельскай праўды» па Мазыры і Мазыршчыне, якога нядрэнна ведаў раней, часам і па чарцы разам бралі. Ён загарэўся ідэяй «раскруціць» гэтую справу. Ды і ў яго нічога не выйшла, начальства аказалася хітрэйшым і больш прадбачлівым.
Мудры ход прыдумаў Эльман. У афіцыйным загадзе, які вывешваўся да ведама ўсіх, дзяўчына была пазначана як непрынятая. Але на самой справе наш дырэктар дамовіўся з членамі прыёмнай камісіі, што яна, тая дзяўчына, будзе займацца, толькі першы семестр паўлегальна, як кандыдатка, якую з другога семестра ён залічыць ужо і афіцыйна, адсеяўшы на зімняй сесіі кагонебудзь з прынятых. Так яно потым і было. Але ўсё гэта рабілася незаконна, бо ў кандыдаты ў некаторых навучальных установах некалі залічалі, папершае, адкрыта і толькі тых, хто атрымаў станоўчыя адзнакі, ды не набраў прахадной колькасці балаў. А па-другое, у той час, калі паступала сакратарова дачка, ніякіх кандыдатаў увогуле не прадугледжвалася.
Тым не менш Эльманава двайная бухгалтэрыя, характэрная для практыкі няпісаных бальшавіцкіх законаў, спрацавала выдатна. Карэспандэнту пра ўсе гэтыя фокусы я паведаміў. Але ўсё роўна зрабіць ён нічога не змог — нельга ж аспрэчыць незаконнасць загаду, які афіцыйна не існуе.
А мне заставалася чакаць пакарання. I яно не замарудзіла. Першы ўкол быў дробным. У газеце «Літаратура і мастацтва» я надрукаваў заўважаны самім П. Броўкам нарыс пра тое, з якой нядбаласцю ставяцца ў Мазыры да прапаганды беларускай кнігі і іншых выданняў на роднай мове. Гарадская газета апублікавала водгук, дзе вуснамі загадчыка аддзела «Саюздруку» сцвярджалася, што Бугаёў сам несумленны чалавек, які катэгарычна адмовіўся выпісваць беларускія выданні. Словам, верыць яму ніяк нельга. Хлусня была беспардонная, бо я без гэтых выданняў і працаваць нармальна не мог бы. Але метад правераны. У адносінах да мяне яго не раз прымянялі і ў крытычнай палеміцы, сцвярджаючы, калі не хапала аргументаў, што я сам сякі і такі, нічога не разумею ў літаратуры і г. д.
Узяўшы квітанцыі, я пайшоў у рэдакцыю. Там сказалі, што яны гатовы даць абвяржэнне, але трэба дазвол гаркома партыі, бо газета — яго орган. У гаркоме сядзелі людзі разумныя, яны пагадзіліся, што я маю рацыю, і нават абяцалі надрукаваць мой адказ. Друкуюць і па сённяшні дзень.
На іншае я асабліва і не спадзяваўся, бо здагадваўся, што тую гісторыю на ўступных экзаменах мне не даруюць. Ніколі. Бо грэх я дапусціў дужа вялікі.
Перад пачаткам экзамену са мною гутарыў сакратар гаркома, не сам першы, а той, што займаўся ідэалогіяй. Ён спецыяльна прыйшоў у інстытут, націскаў на тое, што выкладчыкі павінны вельмі ўважліва ставіцца да абітурыентаў, абяцаў, калі будзе трэба, падтрымку. Словам, праяўляў далікатнасць незвычайную. Непасрэдна пра адзнаку сакратаровай дачцэ ён не гаварыў, але і так было зразумела што да чаго.
Наступны выпад быў такі. За няведанне і спробу выкарыстаць шпаргалку ў час экзаменацыйнай сесіі я паставіў нездавальняючую адзнаку адной студэнтцы. Слаба адказвала яна і пры паўторным заходзе. Гісторыя звычайная. Лянівыя студэнты ў патрабавальных выкладчыкаў ходзяць на пераздачу па многа разоў. Я да сваіх выхаванцаў знарок не прыдзіраўся ніколі, але пэўнага ўзроўню ведаў патрабаваў. I гэта нікога не здзіўляла. А тут Эльман, нічога мне не сказаўшы, стварыў камісію, якая павінна была прыняць правалены экзамен у той студэнткі. Па правілах гэта дапускаецца, але робіцца ў выключных выпадках, бо азначае фактычны недавер выкладчыку, хоць ён таксама ўключаецца ў склад камісіі. На гэты раз студэнтка падрыхтавалася прыстойна. I адзнаку мы ёй паставілі з агульнай згоды. Але чарговы чорны шар мне кінулі. За нішто. І гэта было найбольш крыўдна. Бо я раней без істотных ускладненняў праходзіў любыя праверкі і з Мінска, і з Гомеля. А ў Мазыры існавала завядзёнка, што ўсіх правяральшчыкаў накіроўвалі да маладых выкладчыкаў, маўляў, ім найбольш патрэбна дапамога. На справе ж нашы кіраўнікі самі сур’ёзных праверак пабойваліся, дык пасылалі розных інспектараў да нас. Мяне, напрыклад, ніводзін з іх не абмінуў...
За чорным шарам прыкаціўся «гарбуз» — падпісаная дырэктарам папера, што з наступнага вучэбнага года я не буду забяспечаны працай у сувязі са скарачэннем нагрузкі. Паперу ў адпаведнасці з заканадаўствам Эльман прыслаў загадзя, яшчэ вясною. На 1959/60 вучэбны год сапраўды не планаваўся набор на першы курс, бо інстытут яшчэ праз год збіраліся ўвогуле закрываць. Потым сітуацыя перамянілася, і ён, дзякуй Богу, жыве і сёння.
Але пад скарачэнне штатаў мяне падводзілі знарок, бо якраз на першым курсе я не вёў ніякіх заняткаў. Такім чынам, мая нагрузка не скарачалася ні на адну вучэбную гадзіну. Даказаць гэта не складала ніякай цяжкасці. Што я і зрабіў. Тады Эльман як быццам даў адбой — афіцыйна паведаміў, што паўстаўкі мне пакідае. Але фактычна гэта таксама было выгнанне, бо на палову зарплаты пражыць з сям’ёю я не мог. Дасведчаныя людзі раілі падаваць у суд, маўляў, справа мая выйгрышная.
Але я ваяваць не стаў, а звярнуўся да В. Барысенкі, які запрашаў мяне ў акадэмічны інстытут літаратуры яшчэ да Мазыра. Аднак тады я па многіх прычынах не рашыўся. Барысенка ж ад сваёй ідэі не адмовіўся. I я паабяцаў яму, што пасля абароны дысертацыі, калі яна, вядома, адбудзецца, рызыкну вярнуцца ў Мінск. А сам па наіўнасці думаў, што добра было б з цягам часу ад гэтага абяцання неяк адкруціцца.
Але давялося не адкручвацца, а прасіцца. Барысенка маю ранейшую нерашучасць успамінаць не стаў і ўсё зрабіў, каб я ўладкаваўся ў сталіцы. Асабліва цяжка было прабіваць мінскую прапіску. Ды мой навуковы шэф з дапамогай К. Крапівы зрабіў і гэта. Яму патрэбны былі людзі пісаць чатырохтомную «Гісторыю беларускай літаратуры».
У Акадэміі навук я папрацаваў пяць гадоў (1959—1964). I гэта былі вельмі шчаслівыя для мяне гады. Пачаліся няхай і вельмі абмежаваныя, у многім непаслядоўныя, але ўсё ж перамены да лепшага ў краіне. Ішла рэабілітацыя нізашто-ніпрашто рэпрэсіраваных пісьменнікаў, пераглядаліся самыя адыёзныя вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі літаратурных з’яў. Ужо гэта настройвала на аптымістычны лад. А яшчэ ж трэба ўлічыць, што з правінцыяльнага педінстытута, у якім калі не цалкам панавалі, дык былі яшчэ моцнымі дапатопныя норавы і звычкі, я трапіў у дынамічны навуковы калектыў з вялікім творчым патэнцыялам. Тут, вядома, былі свае супярэчнасці, падводныя плыні і завіхрэнні, адчувалася барацьба амбіцый і страсцей. Але сам узровень гэтага жывога віравання быў проста несупастаўляльны з мазырскім. I меў, меў рацыю мой магілёўскі настаўнік Усікаў, калі нахвальваў гэты інстытут і казаў, што там можна займацца навуковай працай.
Мы сапраўды сур’ёзна працавалі над сваімі раздзеламі для «Гісторыі беларускай літаратуры». Усяго, што ўжо тады разумелі, сказаць, вядома, было нельга. Ды і сказанае ўсё больш і больш выхалашчвалася пры бясконцым рэдагаванні. Але сёе-тое і заставалася. Ва ўсякім разе, наша «Гісторыя», для якой я пісаў раздзелы пра У. Дубоўку, М. Лынькова і М. Танка, хоць яна ў канцэптуальным плане і падганялася пад тагачасныя ідэалагічныя догмы, была непараўнальна багацейшай за тыя «Очерки» і «Нарысы», што ствараліся інстытутам літаратуры ў першай палове 1950-х гадоў.
Асабліва шмат давалі нам неафіцыйныя размовы, спрэчкі і дыскусіі ў інстытуцкім калідоры, у якіх удзельнічалі А. Адамовіч і М. Грынчык, С. Александровіч і B. Каваленка, I. Ралько і М. Мушынскі, М. Луфераў і М. Ярош, В. Жураўлёў і У. Казбярук, К. Хромчанка і А. Коршунаў, са старэйшых — Ю. Пшыркоў, А. Семяновіч і Н. Перкін, зрэдку нават В. Івашын. Часам да нас падключаліся і тагачасныя аспіранты А. Мальдзіс, C. Андраюк, В. Чамярыцкі, У. Гніламёдаў, Г. Юрчанка. Менавіта ў гэтых размовах, якія афіцыйна лічыліся ледзь не галоўнай перашкодай для паспяховага выканання планавых тэм, нараджалася ўсё жывое і цікавае ў нашай працы.
Шмат цікавага ў вузкім коле субяседнікаў расказваў і Міхась Лынькоў, які яшчэ працаваў у інстытуце.
Пераехаўшы ў Мінск, я пачаў актыўна друкавацца і нарэшце давёў да ладу кандыдацкую дысертацыю, прычым спачатку напісаў аўтарэферат, а потым і тыя раздзелы, якіх не хапала ў дысертацыйнай працы. У Мазыры з-за вялікай вучэбнай нагрузкі на ўсё гэта неставала часу. У 1961 годзе мяне прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Рэкамендацыі напісалі Р. Бярозкін і Я. Казека, які тады быў старшынёю секцыі крытыкі і галоўным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Яно ў 1963 годзе выдала маю кнігу пра творчасць М. Лынькова «Шчодрае сэрца пісьменніка». Праз год у акадэмічным выдавецтве «Навука і тэхніка» выйшла кніга «Паэзія Максіма Танка». Словам, былі ўсе падставы дзякаваць мазыранам, якія, па сутнасці, выпіхнулі мяне ў людзі. Зрэшты, яны і імкнуліся не столькі мне нашкодзіць, колькі пазбавіцца ад упартага дзівака, каб ён не блытаў ім карты. Кажу гэта зусім пэўна, бо як выязджаў з Мазыра, дык мне вельмі аператыўна далі машыну завезці пажыткі на чыгуначную станцыю ў Калінкавічы, а таксама забяспечылі, як аказалася, вельмі нялішняй афіцыйнай паперай, у якой была просьба да высокіх інстанцый дапамагчы звольненаму па скарачэнні штатаў перспектыўнаму выкладчыку уладкавацца на працу. Напісалі і стрыманую, але ўвогуле прыстойную характарыстыку, якая фармальна патрабавалася на новым месцы.
Але і ў Інстытуце літаратуры з цягам часу ўзніклі свае складанасці. Яны выявіліся ўжо пры рэдагаванні напісаных раздзелаў. Эмоцыі часам набывалі выбуховы характар. Так, у раздзеле, прысвечаным, здавалася б, зусім вытрыманаму, з пункту гледжання тагачасных ідэалагічных канонаў, М. Лынькову, гаварылася, што пісьменнік яшчэ ў 1930-я гады выступаў у абарону багаццяў беларускай нацыянальнай мовы і з’едліва высмейваў невукаў, якім «ледзь не ў кожным беларускім слове мроілася нацдэмаўшчына». Спасылка давалася на артыкул «Пра некаторых Угрум-Бурчэевых... ці прыгоды аднаго лінгвіста». Цяпер гэты артыкул надрукаваны ў апошнім, пасмяротным ужо, лынькоўскім Зборы твораў. Тады ж ён лічыўся падазроным, хаця ў 1939 годзе праскочыў у газеце «Літаратура і Мастацтва». Усё яшчэ заставаўся ў сіле і палітычны ярлык «нацдэмаўшчына», з дапамогай якога пры бальшавіках вынішчалася нацыянальная інтэлігенцыя.
Асцярожны В. Івашын, які разам з В. Барысенкам рэдагаваў тую «Гісторыю» і быў як загадчык сектара савецкай літаратуры маім непасрэдным начальнікам, усю крамолу ўгледзеў і на высокай пафаснай ноце заявіў: «Я хутчэй скрозь зямлю правалюся, чым прапушчу гэтую фразу пра нацдэмаўшчыну». Я вытрымаў невялікую паўзу і сказаў: «Васіль Уладзіміравіч, не трэба правальвацца скрозь зямлю, бо фраза гэтая ўжо надрукавана ў кнізе пра Лынькова. Толькі там былі яшчэ і словы “з перапуду” (“з перапуду мроілася...”), якія я, шануючы Вас, у артыкуле для “Гісторыі” зняў». Як ні дзіўна, у кнізе ўсё гэта яшчэ тады і праўда прайшло.
Пачуўшы мой адказ, В. Івашын скрозь зямлю не праваліўся. У Барысенкавым кабінеце, дзе адбывалася размова, быў моцны паркет. I ён застаўся цэлым. А Івашын падскочыў з крэсла ледзь не да столі і закрычаў: «Гэта хуліганства! Я так працаваць не магу!» Барысенка яго крыху заспакоіў і праводзіў з кабінета, сказаўшы: «Вы ўжо так не хвалюйцеся. Я сам з гэтым аўтарам разбяруся». Ён быў не абы-які дыпламат. Ушчуваць мяне Барысенка асабліва не стаў, а проста перайшоў да іншых заўваг па тэксце артыкула. Аднак тую злашчасную фразу ў мяне пазней усё ж знялі, толькі ціха, без пафасу і крыку. Ды я і сам ужо трохі шкадаваў, што палез на ражон. Падвяла, вядома, гарачнасць, а яшчэ ўпартасць. Івашын жа ўвогуле ставіўся да мяне прыхільна, калі прымалі на працу, згадзіўся ўзяць у свой сектар, сам, нікому не перадаручаючы, напісаў добры водзыў на дысертацыю, якая без афіцыйнай рэкамендацыі сектара не магла быць абаронена. А тут выйшаў такі канфуз.
Новая сутычка атрымалася з-за кнігі пра У. Дубоўку. Яе, дзякуючы падтрымцы Я. Казекі, запланавала на 1965 год выдавецтва «Беларусь». Але пасля нападкаў на інтэлігенцыю непрадказальнага Хрушчова да рэабілітаваных пісьменнікаў пачалі ставіцца вельмі насцярожана. Дык і ў інстытуце баяліся, каб я не нахамутаў крамолы, за якую давядзецца адказваць кіраўнікам. Асцярога была зразумелая, бо ім ужо і так перападала за выступленні ў друку А. Мальдзіса, В. Каваленкі, А. Яскевіча. А тут яшчэ і Бугаёў са сваім Дубоўкам...
Карацей кажучы, кнігу выдаваць мне забаранілі. Настояў на гэтым В. Івашын. Яго падтрымаў і Барысенка. Зрэшты, памяркоўнага Барысенку мне ўдалося ўгаварыць. I ён ужо гатовы быў забарону зняць, а Івашын стаяў непахісна, як скала. Ён наогул не сумняваўся, што хутка зусім скончыцца хрушчоўскі лібералізм, якім выкліканы ўсе гэтыя рэабілітацыі, друкаванне А. Салжаніцына («Адзін дзень Івана Дзянісавіча» і некалькі апавяданняў) і такіх рэчаў, як паэма А. Твардоўскага «Васіль Цёркін на тым свеце». I амаль не памыліўся.
Я ж таксама добра адчуваў, што з кнігай марудзіць нельга, бо сёння выдавецтва яе друкаваць згаджаецца, а заўтра ці паслязаўтра можа адмовіцца катэгарычна. Словам, невялікую манаграфію пра Дубоўку я ўсё ж апублікаваў (яна, як і планавалася, выйшла ў 1965 годзе, калі Хрушчова ўжо звалілі, а брэжнеўшчына яшчэ не набрала сілы). Але дзеля гэтага з Інстытутам літаратуры давялося развітацца.
Страта была вялікая, бо я ўжо меў і добрую тэму для доктарскай дысертацыі, мог у планавым парадку пісаць яе за ўтульнымі акадэмічнымі сценамі, атрымліваючы неблагую па тым часе зарплату. Вядома, пры гатоўнасці на кампрамісы. А якіх іменна кампрамісаў запатрабуюць у краіне вечнага абсурду, ніколі нельга было пэўна сказаць.
Асабліва палохала, што могуць прымусіць распінаць творы добрых пісьменнікаў.
Праўда, і выкладчыцкая праца, на якую я мяняў Інстытут літаратуры, вялікай свабоды не гарантавала. Але там выкручвацца ўсё ж лягчэй, бо не прыставіш жа да педагога пастаяннага наглядчыка. Магчымыя даносы? Гэта яшчэ віламі пісана: што данясуць, а што і не. А ў Акадэміі навук абавязкова трэба будзе друкавацца. I кожнае тваё слова перамацае пільны цэнзар, і, можа, не адзін...
Ды і пераходзіў я не абы-куды, а на філфак БДУ, на кафедру да Міхася Ларчанкі, пра дэмакратычнасць і дабрыню якога складалі гумарыстычныя «хохмы». У адной з іх сцвярджалася, што ў той час, калі Ларчанка быў дэканам, да яго ў кабінет уварваўся разгневаны студэнт. Ён яшчэ, можа, і не зусім ачухаўся ад учарашняй п’янкі. Таму стаў крычаць і стукаць кулаком па стале, за якім сядзеў лагодны дэкан. Ларчанка не падхапіўся, як можна было чакаць, а спакойна ўстаў, рассмяяўся і сказаў: «Малады чалавек, калі вы хочаце мяне раззлаваць, дык вам гэта не ўдасца...» Пачуўшы такое, студэнт астыў. I пачалася звычайная размова.
«Хохма», як усякі анекдот, зразумела, перабольшвае. Але зерне праўды ў ёй ёсць. I Ларчанкаву непаказушную добразычлівасць яно адлюстроўвае. У той добразычлівасці, як мне часамі здавалася, было штосьці і ад ляноты. Але яна ў вочы не кідалася і таму, хто жадаў працаваць з поўнай выкладкай, асабліва не перашкаджала.
А працавалі тады на Ларчанкавай кафедры Іван Навуменка, Алег Лойка, Ніл Гілевіч, Сцяпан Александровіч, людзі аўтарытэтныя і ўжо вядомыя і як пісьменнікі, і як навукоўцы. Яны мяне падтрымалі. I я лёгка пераадолеў конкурсны бар’ер. Канкурэнтам у мяне быў М. Луфераў, але ён з дваццаці галасоў атрымаў толькі два, астатнія 18 выкладчыкаў прагаласавалі за мяне.
Вядома, даводзілася шмат працаваць, рыхтуючы лекцыі, бо я цяпер чытаў зусім не тыя курсы, якія распрацоўваў у Мазыры. Але гэта было яшчэ цікавей.
Выкройваў нейкі час і на новыя кнігі, на артыкулы для друку. Я свядома спяшаўся нешта публікаваць, пакуль ёсць магчымасць. У прыватнасці, яшчэ праскочыў з манаграфіяй пра М. Гарэцкага, у якой адкрыта гаварылася пра яго рэпрэсіраванне. Трохі пазней, аж да гарбачоўскай галоснасці, такія звесткі цэнзура ўжо не прапускала.
Калегі па кафедры маё старанне заўважалі і ацэньвалі яго вельмі прыхільна. I. Навуменка нават даверыў мне місію навуковага рэдактара сваёй кнігі пра канцэпцыю чалавека ў творчасці Янкі Купалы. Яна выйшла ў 1967 годзе пад загалоўкам «Янка Купала. Духоўны воблік героя» з маёй прадмовай, напісанай па просьбе аўтара. Гэта была частка Навуменкавай доктарскай дысертацыі, на якую я рыхтаваў і афіцыйны кафедральны водзыў Яго падпісваў, вядома, М. Ларчанка. Але ў маім тэксце ён, здаецца, нічога не правіў. Гэта была звычайная практыка, прынятая і ў іншых калектывах, якія маюць справу з дысертацыйнымі працамі. Калі б кіраўнікі заўсёды самі пісалі такія водзывы, у іх не засталося б часу ні на што іншае.
Дружна змагаліся мы і з настырным авантурыстам А. П., які яўна выпадкова трапіў у выкладчыкі ўніверсітэта і сваё невуцтва імкнуўся кампенсаваць нахабствам і агрэсіўнасцю. Не грэбаваў ён і шантажом. А яшчэ быў ласы да дзяўчат. Казалі, што адну студэнтку ён запрасіў у свой інтэрнацкі пакой як быццам для кансультацыі, а на самой справе хацеў яе згвалціць. Дзяўчына не толькі дала яму рашучы адпор, але і паведаміла пра ўсё свайму кавалеру. Той узяў яшчэ некалькі хлопцаў. I яны ладна адмяцелілі А. П., які заявіў, што яго адлупцавалі не за памаўзлівасць, а за тое, што ён член партыі. Маўляў, пляжылі і патрабавалі, каб адмовіўся ад партыйнага білета.
Што тут праўда, а што, можа, і прыбаўлена, адназначна сцвярджаць не бяруся. А ў невуцтве А. П. пераканаўся сам, бо па даручэнні М. Ларчанкі мусіў чытаць яго кандыдацкую дысертацыю ажно на шэсцьсот з лішнім старонак. Дзве вялікія папкі машынапіснага тэксту. Дысертацыя прысвячалася купалаўскай творчасці, але напісана была без яе грунтоўнага ведання і надзіва бесталкова. Даходзіла да таго, што ў адным месцы сцвярджалася адно, а ў другім — зусім супрацьлеглае.
На абмеркаванні я адкрыта сказаў пра гэта. Навуменка з Лойкам маю крытыку падтрымалі. Яны і дысертацыю чыталі, і А. П. лепш за мяне ведалі. Ды А. П сцвярджаў, што яны да яго знарок прыдзіраюцца з-за нейкіх старых сутычак. Мяне ў гэтым абвінаваціць было цяжэй, бо я раней А. П. не ведаў.
Потым справа разглядалася яшчэ, калі не памыляюся, на факультэцкім партбюро, на якім прысутнічаў і тагачасны дэкан А. Волк. Я як беспартыйны быў запрошаны толькі для выступлення. Цяпер А. П. ужо і мяне абвінаваціў у неаб’ектыўнасці, маўляў, я да яго прыдзіраюся па асабістых матывах і да таго ж выказваюся са злосцю. Наконт злосці была праўда. І я гэта прызнаў, сказаўшы, што сапраўды злы, бо патраціў некалькі дзён на чытанне непрычасанай лухты, якую і абмяркоўваць не варта. «А што да асабістых матываў, дык адкуль ім было ўзяцца? Я ж вас, па сутнасці, зусім не ведаю. I жонку ў мяне вы не адбівалі», — зрэзаў я А. П. Апошняя фраза была з падтэкстам і выклікала дружны смех.
Словам, усыпалі тады А. П. моцна. Але ён яшчэ доўга супраціўляўся, бо яго нехта моцна падтрымліваў. Урэшце яму далі магчымасць паказаць свае выкладчыцкія здольнасці. Цэлы семестр А. П. рыхтаваў адкрытую лекцыю па сваім уласным выбары. Вёў ён курс дакастрычніцкай літаратуры і спыніўся на творчасці М. Багдановіча. Тэма больш чым удзячная. Але А. П. за сорак пяць хвілін вычарпаў увесь свой запас ведаў пра выдатнага паэта, а другую палову лекцыі яшчэ раз паўтараў тое, што сказаў на першай. Выпадак небывалы, проста скандальны. А ў дадатак да ўсяго А. П. бязбожна скажаў і некаторыя пісьменніцкія імёны, перахрысціўшы, напрыклад, француза Т. Гацье ў Т. Тацье. Як быццам, дробязь, але няведанне яна выяўляла красамоўна.
Абаронцы А. П. спрабавалі дзейнічаць і пасля гэтага сакрушальнага правалу. Да мяне праз некалькі дзён прыходзіў нейкі партыйны прадстаўнік і гаварыў, што на падставе адной лекцыі нельга рабіць вывад аб падрыхтоўцы выкладчыка. Я асабліва не спрачаўся, а толькі зазначыў, што ёсць вялікая розніца паміж лекцыяй звычайнай, якую кваліфікаваны выкладчык таксама не можа прачытаць зусім дрэнна, і той, што працяглы час рыхтуецца спецыяльна.
Канчатковую кропку ва ўніверсітэцкай кар’еры А. П. паставіў I. Навуменка. Ён знайшоў у ягонай дысертацыі плагіят, але не просты, а, можна сказаць, з вывертам, ва ўсякім разе, вельмі спецыфічны. Аказваецца, А. П. нярэдка браў тэкст з адной кнігі пра Пушкіна, апускаў назвы твораў, імёны герояў і іншыя рэаліі, звязаныя з рускім паэтам, і замяняў іх купалаўскай канкрэтыкай. У выніку і атрымлівалася лухта і мудрагелістая нескладуха.
Ды які б ні быў плагіят, ён не дараваўся ніколі і нікому. Таму і наша кафедра нарэшце з А. П. развіталася. А я нажыў сабе не толькі шчырых прыхільнікаў, але і тайных нядобразычліўцаў.
Пра іх існаванне я даведаўся трохі пазней, калі студэнты філфака адважыліся на адкрытую барацьбу за беларускую мову. Гутарка ідзе пра зварот у ЦК КПБ з прапановай, каб на беларускім аддзяленні філфака выкладаліся на роднай мове ўсе дысцыпліны, зразумела, акрамя рускай мовы і літаратуры. Ініцыятарамі звароту былі А. Разанаў, В. Ярац і Барташ (імя яго не памятаю). Яны ўпаўне дэмакратычна, і ні ад кога не тоячыся, правялі сярод студэнтаў збор подпісаў у падтрымку сваёй ініцыятывы. Выкладчыкам падпісвацца не прапаноўвалі. А ў мяне ў той дзень не было заняткаў, дык я пра ўсё даведаўся са спазненнем, калі прыйшоў на чарговую лекцыю.
Пра свой зварот студэнты расказалі самі і спыталіся, як я да яго адношуся. Я іх падтрымаў і сказаў, што гатовы падпісацца. Ды паперы былі ўжо адасланы. А мая заява адразу стала вядома дэкану. Ён мяне выклікаў да сябе, пачалася спрэчка, але асаблівай злосці ў Волка я не ўбачыў. Складвалася ўражанне, што ён ушчувае не столькі па асабістай пераконанасці, колькі па абавязку службы. Мне ж даводзіць, што беларуская мова ў нас у загоне, не складала цяжкасці.
А страсці ўжо закіпелі не на жарт. Дасталося М. Ларчанку. Ён сам не падпісваўся, але на сваёй лекцыі дазволіў падпісвацца студэнтам. У пажарным парадку знялі з пасады незадоўга перад тым прызначанага намеснікам дэкана К. Хромчанку, бо ён адпусціў трох галоўных ініцыятараў паехаць у Гродна. А што яны будуць там рабіць — невядома. Больш таго, пайшла пагалоска, што яны накіраваліся і не ў Гродна, а ў Зэльву, да апальнай Ларысы Геніюш, якую «пасвіла» КДБ...
Некаторыя вельмі ўжо артадаксальныя выкладчыкі спрабавалі падсунуць версію, што вінаваты Бугаёў. Гэта ён сваімі лекцыямі падштурхнуў студэнтаў на бунт. Бо сам крамольнік. I ў Мазыры шумеў, і ў Інстытуце літаратуры не ўжыўся... Я ад гэтых нагавораў адбіўся, бо нічога не чытаў на тым курсе, дзе вучыліся завадатары. А. Разанаў і В. Ярац, праўда, займаліся ў літаратурным гуртку, якім я тады кіраваў. Але працаваў ён дрэнна, збіраўся рэдка. I гэта было вядома.
Кардынальна выкарчоўваць крамолу на вучоны савет філфака прыйшоў ваяўнічы прарэктар С. Умрэйка. Ён доўга даводзіў, як шчыра клапоціцца партыя пра развіццё беларускай нацыянальнай культуры і мовы і як дрэнна мы выхоўваем студэнтаў, калі яны не разумеюць гэтага.
Дэмагогія была відавочнай. I я не вытрымаў, рынуўся ў бойку, хаця спачатку зусім не збіраўся выступаць. Спадзяваўся, што выступіць нехта іншы, больш вядомы і аўтарытэтны. Але ніхто не спяшаўся лезці на ражон. I я зразумеў, што прыйшла мая чарга. Бо выразна адчуў, што адседжвацца нельга, што мы страцім усякую павагу ў студэнтаў, калі прамаўчым усе і, значыць, фактычна падтрымаем не іхняе святое парыванне, а бессаромную хлусню афіцыйных дэмагогаў. Да таго ж унутраная гатоўнасць хоць бы выстагнацца, сказаўшы, як недаравальна мы занядбалі роднае слова, у мяне наспявала даўно. Яна асабліва пякла нутро з тых сумных дзён, калі мне давялося хаваць маці. Тады трэба было афармляць мноства папер, рабіць копіі розных дакументаў.
На адным з іх я і спатыкнуўся. Пачынаўся ён гербам БССР. У копіі гэта таксама канстатуецца. Друкарскі тэкст бланка, у які ўпісваліся канкрэтныя звесткі, ішоў двайны, спачатку беларускі, а пад ім — рускі. Чарговае фарысейства, паказуха, не больш. Мне было вядома, што для копіі дастаткова і аднаго стандартнага тэксту. I паколькі першым быў беларускі, толькі яго, каб не траціць лішняга часу, я і перадрукаваў, зусім не думаючы ні пра якую палітыку. Ды і як яно магло быць іначай, калі маці чакала зямной візы на той свет?
Але натарыус копію «завярнуў», раздражнёна абарваўшы мае разважанні словамі: «Русского текста хватило бы и одного, а белорусского нет». Так мне наглядна паказалі, чаго на самой справе варты герб БССР, па якім наіўныя стараверы і палітычныя дэмагогі плачуць і цяпер.
Пра гэты эпізод, які не даваў мне спакою, я і расказаў у выступленні, націскаючы на тое, што студэнцкі пратэст выкліканы недаравальным занядбаннем роднай мовы, тым, што мы яе зводзім на нішто. А таму не студэнтаў трэба распінаць, а нешта рабіць для выратавання беларускага слова.
Для падмацавання сваёй пазіцыі я спаслаўся на Леніна, нагадаўшы яго выказванне пра тое, што «члены РКП на тэрыторыі Украіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца і гаварыць ва ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы спробам штучнымі сродкамі адцясніць украінскую мову на другі план», што «неадкладна ж павінны быць прыняты меры, каб ва ўсіх савецкіх установах была дастатковая колькасць службоўцаў, якія валодаюць украінскай мовай, і каб у далейшым усе службоўцы ўмелі гаварыць на ўкраінскай мове». Усё гэта зусім слушна і ў дачыненні да мовы беларускай, бо мы нічым не горшыя за ўкраінцаў, з запалам даводзіў я разгневанаму начальніку.
Дакладная цытата пад рукой у мяне аказалася выпадкова. Я яе даваў у кнізе пра М. Гарэцкага, якая ў той час друкавалася ў акадэмічным выдавецтве. Адзін экзэмпляр яе машынапісу ляжаў у мяне на стале. Збіраючыся на вучоны савет, я на ўсякі выпадак і прыхапіў з сабою старонку з гэтай цытатай.
Настойваў я і на тым, што мы неправамерна тлумачым ленінскае палажэнне пра адміранне нацый і зліццё ўсіх нацыянальных моў у адну агульначалавечую мову. Па Леніну, гэта вельмі працяглы працэс. Ён павінен адбыцца ў далёкай будучыні, тады, як пройдзе цэлая эпоха пасля перамогі сацыялізму ў сусветным маштабе.
Думка, вядома, абсурдная (наконт зліцця). I цяпер пра гэта гаворыцца. Але ў той час пра такое нельга было і заікнуцца. Затое спасылка на Леніна была моцным аргументам у любой спрэчцы. Дык я і даказваў, што сацыялізм ва ўсім свеце яшчэ не перамог, вызначаная Леніным эпоха яшчэ не пачыналася і невядома, калі пачнецца, а мы ўжо сёння вядзём справу да ліквідацыі беларускай мовы, хаця яна, зноў жа паводле Леніна, перш чым знікнуць разам з іншымі мовамі, павінна яшчэ прайсці праз стадыю свайго росквіту.
Як ні дзіўна, але спасылкі на Леніна, які тады лічыўся недатыкальнай партыйнай святыняй, ці не найбольш раззлавалі Умрэйку. Адкрыта ён гэтага не сказаў, а стаў крычаць пра дэмагогію. У кулуарах абураўся і тым, што цытату я зачытаў, так падкрэсліўшы яе дакладнасць, і даў спасылку на адпаведную старонку Поўнага збору ленінскіх твораў.
«Ага, спецыяльна рыхтаваўся апраўдваць бунтаўнікоў», — бушаваў прарэктар. I з Леніным яму была закавыка. Публічна прызнаць, што ў Леніна даўно ўжо бралася афіцыйна толькі тое, што адпавядала інтарэсам тагачасных палітыкаў, ён, вядома, не мог. Нельга было сказаць і пра тое, што ў правадыра бальшавікоў нешта ўстарэла. Класікі ж «адзінаправільнага вучэння» не памыляюцца. Вось і даводзілася круціцца.
А я яшчэ наіўна і, бадай, свята верыў у ленінскі гуманізм, якога на самой справе не было і блізка, ніяк не здагадваўся, што «Поўны збор твораў» далёка не поўны і не ўключае ў сябе самых жорсткіх, бесчалавечных выказванняў і распараджэнняў заснавальніка савецкай таталітарнай сістэмы, што гэты вялікі праўдалюбец, як нам яго падавалі шчырыя і няшчырыя апалагеты, таксама і хітраваў, і крывадушнічаў, і гаварыў на публіку, на масы, як тады казалі, адно, а ад сваіх памагатых у сакрэтных запісках патрабаваў зусім іншага.
Ды ў тыя часы любая больш-менш сур’ёзная публічная крытыка парадкаў у краіне магла весціся толькі з апеляцыяй да Леніна, з апорай на яго выказванні.
Вядома, калі чалавек не жадаў быць адразу залічаным у дысідэнты і ворагі народа, якіх чакала хуткая і няўмольная расправа. Я на сістэму не замахваўся, расправы асцерагаўся і таму спасылаўся на Леніна, паўтару, тады цалкам давяраючыся яму.
Сабраныя на вучоны савет выкладчыкі дружна падтрымлівалі маю прамову і вялікай увагай да яе (у самыя напружаныя моманты панавала такая цішыня, што можна было пачуць, як муха ляціць), і адабральнымі воклічамі, і з’едлівымі рэплікамі ў адрас Умрэйкі, калі ён спрабаваў мяне перабіваць.
Асабліва шмат рэплік кідаў Сцяпан Александровіч. А Фёдар Куляшоў, хоць ён чытаў рускую літаратуру, а да беларускай толькі зрэдку звяртаўся ў сваіх даследаваннях, і наогул выступіў у маю абарону, праўда, з пэўнымі агаворкамі, як мне здалося, больш дыпламатычнага характару.
Словам, Умрэйка пайшоў ад нас незадаволены. А назаўтра ці праз які дзень на факультэт прыбег усхваляваны «Дзед». (Так мы называлі тагачаснага рэктара А. Н. Сеўчанку.) Ён сабраў партыйных актывістаў і філфакаўскіх кіраўнікоў, пачынаючы ад дэкана і яго намеснікаў і канчаючы тымі загадчыкамі кафедраў, якія былі на месцы, і пачаў на іх крычаць, стукаць кулакамі па стале і як быццам нават мацюкацца. Кажу «як быццам», бо сам ягоных мацюкоў не чуў, паколькі на той бурнай сустрэчы не быў, а ведаю пра яе са слоў сваіх калег і прыхільнікаў.
Тут ужо дасталося не толькі студэнтам, а і мне, грэшнаму. Ды за мяне заступіліся I. Навуменка, А. Лойка, П. Шуба. Прычым Навуменка і Лойка, да іх гонару, не сталі зважаць і на тое, што я перад гэтым з імі публічна спрачаўся. З Лойкам на кафедральным абмеркаванні ягонай доктарскай дысертацыі. Пра яе я ў цэлым выказваўся станоўча, але ў асобных мясцінах убачыў пэўныя ўступкі абэцэдаршчыне, дарэчы, потым знятыя. З Навуменкам жа задзірыста палемізаваў на адным з пасяджэнняў вучонага савета, калі абмяркоўвалася пытанне аб кантролі за самастойнай працай студэнтаў.
Іван Якаўлевіч выступаў за самыя жорсткія формы кантролю, казаў, што трэба, каб студэнты вялі дзённікі і занатоўвалі ў іх усё, што з імі адбываецца. I нават думкі няхай фіксуюць. Мы, чытаючы гэтыя дзённікі, будзем ведаць кожны крок студэнтаў і такім чынам зможам ажыццяўляць кантроль і за іхнімі мазгамі, разважаў Навуменка, хоць на самой справе ён найчасцей вызначаўся памяркоўнасцю і раней, і тады, калі замяніў М. Ларчанку на пасадзе загадчыка кафедры. А тут раптам «кантроль над мазгамі»! Я зачапіўся за гэты выраз, кваліфікаваў яго як непрымальную для нас фашысцкую тэрміналогію.
А яшчэ дадаў, што і з чытаннем чужых дзённікаў трэба быць асцярожнымі, бо можна трапіць у няёмкае становішча, калі дзяўчына напіша, скажам, пра свае інтымныя адносіны з хлопцам. Словам, трохі пацвяліўся з нечаканага радыкалізму Навуменкі.
Прынцыповая пазіцыя выкладчыкаў, якія выказалі мне падтрымку, зрабіла на Сеўчанку ўражанне. Ён сам казаў, што спачатку збіраўся напісаць загад аб звальненні без усякіх папярэдніх гутарак (за «ідэалагічны крымінал» гэта, мусіць, можна было зрабіць, хоць я праходзіў па конкурсе і мой тэрмін на пасадзе дацэнта тады не скончыўся), а потым вырашыў не спяшацца, паглядзець на дзівака, які так неасцярожна бунтуе.
Неардынарнасць «Дзеда» была і ў тым, што ён не стаў выклікаць да сябе ў галоўны корпус, а прыйшоў на філфак, запрасіў мяне ў кабінет дэкана, якога адправіў дамоў, і ўжо без сведкаў павёў няспешную размову. Так, гэта была менавіта размова, а не выхаваўчая накачка з пагрозамі і крыкам, звыклая для тых гадоў.
Для пачатку «Дзед» пацікавіўся, чаму я выступаю супраць партыйнасці літаратуры. Нямала здзіўлены, я адказаў, што гэта нейкае непаразуменне, бо на самой справе на партыйнасць літаратуры не замахваюся, а, наадварот, чытаю, як і патрабуецца па праграме, цэлую лекцыю на гэтую тэму ў адпаведнасці з ленінскім артыкулам «Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура». «А мне дакладвалі», — зазначыў «Дзед», яўна падкрэсліўшы слова «дакладвалі». I яно прагучала як «даносілі».
Даносы, відавочна, і сапраўды былі. Але не вельмі дакладныя, бо Леніна я не чапаў і тады чапаць, яшчэ раз паўтару, не мог. Крытыкаваў жа не сам прынцып, а толькі спрошчанае, як мне ўяўлялася, разуменне партыйнасці ў савецкай літаратуры. Са спасылкамі менавіта на Леніна і пісьменніцкія выказванні я даводзіў, што сапраўды партыйнымі ў камуністычным разуменні не могуць быць слабыя, бездапаможныя ў эстэтычных адносінах творы, у якіх няма па-мастацку выяўленай праўды жыцця. I падмацоўваў гэтыя разважанні ленінскай цытатай: «Нам патрэбна поўная і праўдзівая інфармацыя. А праўда не павінна залежаць ад таго, каму яна павінна служыць».
Сказана моцна. Але на справе і сам Ленін, і яго паслядоўнікі ў асаблівасці якраз праўды пра свае справы найбольш і баяліся. Нездарма ж яны так зацята змагаліся супроць любых праяў свабоднай думкі і так рашуча расправіліся з усімі апазіцыйнымі партыямі. А ў літаратуры ўзорнымі, ідэйна вытрыманымі, а значыць, і самымі вартымі найчасцей абвяшчаліся найбольш кан’юнктурныя, лакіровачна-ілюстрацыйныя творы, у якіх рэальная праўда жыцця падмянялася хлуслівай выдумкай пра яго.
Такія творы я рэзка крытыкаваў на лекцыях (у друку рабіць гэта было вельмі цяжка, амаль немагчыма), не зважаючы на тагачасныя пісьменніцкія рангі. Так, я адкрыта казаў студэнтам пра кан’юнктурнасць П. Броўкі, пра тое, што гэтаму ўвогуле таленавітаму паэту моцна шкодзіць ягоная гатоўнасць вельмі аператыўна вітаць любую палітычную кампанію, гучнай рыторыкай славіць кожны паварот генеральнай лініі партыі.
Крытычна ставіўся я і да п’есы «Канец дружбы» К. Крапівы, паказваў дэмагагічнасць камуніста Карнейчыка з гэтага твора, а таксама развенчваў Зосю Тварыцкую з чорнаўскага «Трэцяга пакалення» з-за таго, што яна, парушаючы звыклыя чалавечыя нормы, даносіць на ўласнага мужа.
Відаць, пра ўсё гэта і «дакладвалі» «Дзеду», яшчэ сёе-тое перакруціўшы і кваліфікаваўшы маю пазіцыю як адмаўленне самога прынцыпу партыйнасці літаратуры.
«Няправільна дакладвалі», — запярэчыў я Сеўчанку і дадаў, што магу хоць цяпер паўтарыць змест сваёй лекцыі пра ленінскае вучэнне аб партыйнасці літаратуры (так у нас гучна называлася гэтая тэма).
«Дзед» ад маёй прапановы адмовіўся і стаў расказваць пра свайго настаўніка С. I. Вавілава, пра Сталіна і многія іншыя цікавыя рэчы.
Я ўжо і забыўся, што ён мяне «выхоўвае» і ўрэшце будзе вырашаць мой лёс.
Затым гаворка перакінулася на Васіля Быкава. Тады гэтага выдатнага пісьменніка па камандзе з самага верху разносілі на ўсіх скрыжаваннях за праўдзівы паказ трагічных аспектаў вайны ў аповесці «Мёртвым не баліць». Пад такое ж шальмаванне потым трапілі «Праклятая вышыня» і «Круглянскі мост».
А я не толькі не падключыўся да гэтага разносу (афіцыйныя прапановы былі даволі настойлівыя), але і меў дачыненне да пісьменніцкага пратэсту супраць аглабельнай крытыкі, накіраванай на знішчэнне Васіля Быкава. Той пратэст набыў форму пісьма ў ЦК КПБ, які падпісалі 53 літаратары. Я падпісваўся ў ліку самых першых і не ведаў, ці будзе хто з масцітых пратэставаць разам з намі.
Кіраўнікам Саюза пісьменнікаў падпісвацца знарок не прапаноўвалі, палічыўшы, што лепш іх як афіцыйных асоб не ставіць пад удар.
Падпісалі «калектыўку» Міхась Лынькоў і Аркадзь Куляшоў. I іхнія подпісы аказаліся самымі важкімі. Бо тагачаснае начальства асцерагалася гучных канфліктаў, якія маглі кінуць цень на прапагандысцкі міф пра непарушнае адзінства партыі і яе верных памочнікаў і нават падручных, як з гонарам называлі сябе некаторыя пісьменнікі. У канчатковым выніку было вырашана вялікага шуму не падымаць, а публічныя нападкі на Быкава ў рэспубліканскай прэсе трохі прыглушыць.
На чарговым (пятым) пісьменніцкім з’ездзе Васіль Быкаў публічна падзякаваў усім, хто яго падтрымаў. Сваю прамову, якая трапіла ў друк толькі праз чвэрць стагоддзя, ён закончыў словамі: «Покуль мы будзем з’яднаны па важнейшых пытаннях нашага жыцця і будзем гаварыць пра тое адкрыта, беларускі народ можа спадзявацца на добры лёс сваёй літаратуры». Ды менавіта з’яднанасці нам найчасцей неставала і нестае.
Тады ж абышлося без прамых рэпрэсіўных мер, хаця, трэба думаць, на заметку нас усіх узялі.
А я «засвяціўся» і трохі пазней. Той жа восснню 1968 года, калі бушавалі страсці вакол А. Разанава і яго сяброў, на лекцыі ў журналістаў у мяне спыталіся, як я стаўлюся да партыйнай крытыкі быкаўскіх твораў. Канкрэтна гаворка ішла пра «Круглянскі мост». Я выразна ўсведамляў, што пра ўсё, сказанае тут на гэты конт, будзе данесена «куды трэба». Але і прамаўчаць ніяк не выпадала. Самыя лепшыя студэнты палахлівасці не даруюць. А салідарызавацца з афіцыйнымі пагромшчыкамі было ўсё роўна што напляваць сабе ў душу. Бо я ўжо быў асабіста знаёмы з Васілём Быкавым і не толькі добра ведаў цану яго творам, але і захапляўся ягонай чалавечай мужнасцю. Таму не вагаючыся, без усякай аглядкі заявіў, што адрасаваная Быкаву крытыка несправядлівая.
А яшчэ зазначыў, што сучаснікі часта насцярожана ставяцца да самых выдатных твораў, бо яны нясуць у сабе найбольш нязвыклага, адкрывальніцкага. Так было з «Ціхім Донам», які далёка не адразу прызналі класічным раманам эпахальнага значэння. Так здарылася і з коласаўскай «Новай зямлёй», якую вульгарызатары некалі распіналі як нібыта твор кулацкі і, значыць, шкодны для нашай літаратуры. Пройдзе час, мы і быкаўскую прозу пра вайну прызнаем класічнай, нікуды ад гэтага не дзенемся.
Ніколькі не перабольшваю. Менавіта так, у супастаўленні з аўтарам «Ціхага Дона» і Коласам я тады гаварыў пра Быкава, хоць па праграме ВНУ яго яшчэ не вывучалі. Была толькі адна агульная згадка ў аглядзе сучаснай літаратуры.
Звыклыя да асцярожнасці выкладчыкаў студэнты былі нямала здзіўлены. А якраз дзівіцца і не было чаго. Бо ўжо тады творы пісьменніка не толькі набывалі папулярнасць, станавіліся істотным фактарам нашага духоўнага жыцця, але і прыносілі аўтару сусветнае прызнанне.
Мая заява, канечне ж, хутка стала вядома начальству. I яно прыплюсавала яе да таго, што вынікала з іншых даносаў і выступлення на вучоным савеце філфака. Таму цяпер «Дзед» і высвятляў, чаму я хвалю гэтага, як ён сказаў, падонка, якога трэба выслаць за граніцу, каб ён нам не перашкаджаў, а працаваў на сваіх гаспадароў.
Па гэтай афіцыёзнай тырадзе, выказанай з нейкай казённай абыякавасцю, няцяжка было зразумець, што сам «Дзед» не чытаў Быкава, нічога пра яго толкам не ведае, а паўтарае тое, што гаварылася пра пісьменніка на партыйных сходах і пленумах.
I я рашуча запярэчыў, што Быкаў ніякі не падонак, а вельмі сумленны і мужны чалавек, які ваяваў супраць нямецкага фашызму, на фронце двойчы паранены. І нават ёсць ва Украіне брацкая магіла, у якой ён значыцца пахаваным. «Дзед» не абурыўся, а навастрыў «лакатары», яўна зацікаўлены такімі падрабязнасцямі. I яшчэ запытаўся, дзе пісьменнік жыве цяпер, дзе ён працуе.
З кабінета мы ўжо выйшлі, пакінулі філфак, але гаворку ўсё яшчэ працягвалі па дарозе. Часам прыпыняліся, а найбольш размаўлялі на хаду, як два старыя прыяцелі ці добрыя знаёмыя. Прынамсі, старонні чалавек, гледзячы збоку, нізашто б не здагадаўся, што гэта рэктар БДУ выхоўвае свайго крамольнага дацэнта.
Так мы мінулі Чырвонаармейскую, на якой тады размяшчаўся філфак, прайшлі праз Купалаўскі сквер і апынуліся на тралейбусным прыпынку.
«Дзед» не ведаў, дзе жыву я, а я, у сваю чаргу, не ведаў, куды кіруецца ён. Аказваецца, яму трэба было ехаць да таго дома на праспекце Ф. Скарыны (у той час яшчэ Ленінскім), першы паверх якога займае вядомы магазін «Сінтэтыка». Мая ж кватэра была на вуліцы Кнорына. Значыць, мы чакалі розных тралейбусаў.
Першым падышоў «Дзедаў». I перад тым, як сесці ў яго, «Дзед» без злосці і раздражнення, а проста з чалавечай цікавасці і як быццам са спачуваннем да дзівака яшчэ спытаўся: «Ну навошта вам гэтая беларуская мова?» — «Я сам беларус, мае бацькі і дзяды былі беларусамі. Дык чаго мне не хацець, каб і дзеці ведалі родную мову?» — адказаў я, не вельмі ўпэўнены, што «Дзед» усё паспее пачуць, бо ягоны тралейбус ужо кранаўся.
Ніякіх вывадаў наконт таго, што будзе далей, Сеўчанка пры мне не рабіў. У літаратуры ён разбіраўся слаба і быў далёкі ад яе. Але вучоны, даследчык у ім яшчэ жыў (казалі, што навукай ён ужо даўно не займаецца, а толькі будуе ўніверсітэт). I людзей, іх псіхалогію ён разумеў добра. I сам быў увогуле добрым, разумным і памяркоўна-спагадлівым чалавекам. Вядома, рэктарская пасада вымушала яго і на рэпрэсіўныя меры. Так, ён, выконваючы каманду вышэйшага начальства, дамагаўся выключэння А. Разанава і яго сяброў з універсітэта.
Зрабіць гэта наважыліся, па-езуіцку праваліўшы хлопцаў на чарговых экзаменах. «Дзед» выклікаў дзеля гэтага А. Лойку і П. Ткачова і патрабаваў, каб яны паставілі ўсёй тройцы бунтаўнікоў нездавальняючыя адзнакі. Але ні Лойка, ні Ткачоў, у якіх у адпаведнасці з вучэбным планам экзаменаваліся хлопцы, Сеўчанкі не паслухаліся. Ён іх трохі паўшчуваў, але ніякай шкоды ні аднаму, ні другому не зрабіў.
«Дзедаву» каманду выканалі толькі на ваеннай кафедры. Там не далікатнічалі. Але старанне дысцыплінаваных вайскоўцаў аказалася залішнім, бо ў канчатковым выніку нашых бунтоўных выхаванцаў вырашылі не выключаць, а перакінуць у іншыя ВНУ рэспублікі. Так Разанаў і, калі не памыляюся, Барташ апынуліся ў Брэсце, а Ярац — у Гомелі.
Трэба думаць, дапамагло хадайніцтва Максіма Танка, які спецыяльна хадзіў у ЦК КПБ адстойваць хлопцаў. Ведаю гэта ад самога паэта, які быў абураны тым, што расправа чыніцца над сумленнымі юнакамі, заклапочанымі лёсам беларускай культуры, будучыняй свайго народа.
Ад мяне ж не адступаўся Умрэйка. Ён упарта дамагаўся звальнення. Таму на мае лекцыі і практычныя заняткі зачасцілі правяральшчыкі з галоўнага корпуса, якія прыходзілі, зразумела, без папярэджання. Але ніякага крыміналу яны не знайшлі, хоць я чытаў свае курсы без аглядкі на розныя камісіі.
Кафедра, у сваю чаргу, прызначыла мне адкрытую лекцыю, якая, як ужо ўпаміналася, рыхтуецца загадзя і па выбары самога выкладчыка. Так што тут тым больш не было чаго губляцца і палохацца.
Вясной 1969 года мне належала праходзіць перавыбранне па конкурсе на чарговыя пяць гадоў. Звычайна гэта рабілася на факультэцкім вучоным савеце. А тады ў якасці пакарання за студэнцкае пісьмо ў ЦК КПБ і незгаворлівасць некаторых выкладчыкаў самому філфаку перавыбранне праводзіць не дазволілі. І трэба было ўжо ісці на так званы вялікі, агульнаўніверсітэцкі вучоны савет. Тут Умрэйка зноў паказаў сябе. Ён рашуча выступіў супраць майго перавыбрання. I зрабіў гэта насуперак «Дзеду», які сказаў, што гутарыў са мною і не бачыць падстаў для недаверу.
Разгарэліся спрэчкі. У маю падтрымку ажно тройчы выступаў А. Волк. Ён быў членам таго вялікага савета і ніякага начальства не баяўся. Вядома, маіх «грахоў» ён не апраўдваў, але заявіў, што не будзе каму чытаць лекцыі па беларускай літаратуры, калі мяне пракоцяць. Галасаванне па конкурсных справах праводзіцца тайнае. I Умрэйку падтрымалі толькі чатыры ці пяць чалавек. Зусім небагата, калі ўлічыць, што ў галасаванні ўдзельнічала больш за пяцьдзесят прафесараў і дацэнтаў. Так наглядна было засведчана, што старэйшы беларускі ўніверсітэт нябедны на разумных людзей, якія дэмагогію не прымаюць.
Яшчэ адна крамольная гісторыя наспявала ў 1972 годзе. Тады я быў членам прэзідыума праўлення СП БССР і старшынёй секцыі крытыкі. Сасватаў на тое старшынёўства Іван Мележ. Дзякуючы яму ж я набыў членства і ў Савеце па крытыцы пры СП СССР. Гэты Савет у канцы 1972 года аналізаваў распрацоўку гістарычнай тэмы ў нацыянальных літаратурах. Я з дакладам не выступаў, але ўдзельнічаў у падрыхтоўцы матэрыялаў па Беларусі.
Тады ж СП СССР, Інстытут сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага і Акадэмія грамадскіх навук пры ЦК КПСС праводзілі прысвечаную 50-годдзю Савецкакага Саюза нараду з гучнай назвай «Гістарычная агульнасць — савецкі народ і літаратура сацыялістычнага рэалізму». Членаў Савета па крытыцы, якія былі на той час у Маскве, таксама запрасілі на гэтую нараду. А мне яшчэ і прапанавалі выступіць. Мерапрыемства мела афіцыёзнаказённы характар, панавала на ім юбілейная патака. Бо і сама тая гістарычная агульнасць, якую ўсяляк узвялічвалі прамоўцы, была штучнай прыдумкай брэжнеўшчыны.
Ды салідныя літаратары і навукоўцы на гэта не зважалі, а на ўсю катушку славілі русіфікацыю пад выглядам абароны двухмоўя, якое аб’яўлялася апошнім словам прагрэсу ў дзяржаўнай і пісьменніцкай практыцы, нібыта найбольш плённай для нацыянальных рэспублік.
З сур’ёзных пісьменнікаў да двухмоўных залічалі малдаваніна Іона Друцэ, Чынгіза Айтматава з Кіргізіі і нашага Васіля Быкава. Я ж заявіў, што Быкаў пісьменнік нацыянальны, ён піша па-беларуску, а сам стаў перакладаць свае творы на рускую мову толькі таму, што не мае добрых перакладчыкаў. У выніку яму даводзіцца рабіць двайную работу. I гэта нерацыянальная трата духоўнай энергіі.
А так званыя двухмоўныя пісьменнікі, па сутнасці, бязмоўныя, кажучы па-руску, «безъязыкие». Бо і родным словам не валодаюць, і жывой, кондава-глыбіннай рускай мовы не ведаюць. Таму іх бяду ніяк не выпадае выдаваць за прагрэс. Увогуле, толькі ў роднай стыхіі з найбольшым поспехам можа выявіцца сапраўдны мастак. У гэтым пераконвае і вопыт нашага класіка Максіма Багдановіча, які крытычныя артыкулы пісаў на ўсіх усходнеславянскіх мовах, але як паэт сцвердзіў сябе менавіта ў беларускім слове. Ягоныя ж рускія вершы куды слабейшыя. I гэта пры тым, што жыў ён у асноўным удалечыні «ад родных ніў» і выхоўваўся пераважна на рускай культуры.
З усіх прамоўцаў афіцыйную казуістыку не падтрымаў яшчэ Бесо Жгенці, старэйшы на той час грузінскі крытык (ён ужо даўнавата нябожчык), які вызначаўся ўменнем гаварыць дасціпна, са шматзначнай падкавыркай. Гэта ён казаў, што самае цяжкае не крытыкаваць пісьменнікаў, а хваліць іх. Пахваліш аднаго — коса глядзяць усе іншыя. Затое калі каго пакрытыкуеш, дык толькі ён адзін і незадаволены, а ўсе астатнія пасміхаюцца і ніякай крыўды табе не выказваюць.
Не буду сцвярджаць, што наша яршыстасць прыйшлася вельмі даспадобы арганізатарам нарады. Але і вялікага спалоху яны не выказалі, а проста вялі свой рэй па прадугледжанай праграме. Праўда, потым была выпушчана кніга (а ёй папярэднічалі і брашуркі з тэкстамі дакладаў і выступленняў), у якой прадставілі ўсіх прамоўцаў, акрамя мяне і Б. Жгенці. Кампанія не з горшых. I я асабліва не бедаваў. Ды і тое, што нас абышлі, выявілася трохі пазней.
А па прыездзе ў Мінск пры першай жа сустрэчы з I. Навуменкам я атрымаў ад яго добры наганяй. «Глядзі, хлопча, дагаворышся да таго, што і я не змагу абараніць», — шматзначна папярэдзіў Навуменка. Тады ён ужо быў загадчыкам кафедры беларускай літаратуры і, значыць, маім непасрэдным начальнікам. Сам ён на той маскоўскай нарадзе не прысутнічаў, выступлення не чуў. Але там быў нехта з кіраўнікоў БДУ. Ён і ўгледзеў крамолу ў маёй прамове.
Даволі сур’ёзна паўшчуваў і П. Шуба, на той час сакратар факультэцкага партбюро. У аспіранцкія гады мы з ім жылі ў адным пакоі, прыязныя адносіны захоўвалі і надалей. А тут пасада абавязвала на адпаведнае рэагаванне.
Словам, невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б не падаспела яшчэ адна шчаслівая акалічнасць. З СП СССР мне зусім нечакана прыйшла падзяка за актыўны ўдзел у маскоўскіх мерапрыемствах, напісаная ад імя сакратарыята пісьменніцкай арганізацыі і завераная круглай пячаткай. Ніколі раней (і пазней таксама) я такіх падзяк не атрымліваў, хоць заставаўся членам Савета ажно да яго ціхага скону ў сувязі з распадам СССР. А тут такая шчодрасць! Хто да яе дадумаўся, не ведаю і цяпер, хоць на філфаку падазравалі, што ўсё арганізаваў я сам. Каб жа я мог рабіць такое! Фантастыка неймаверная.
Дайшла маскоўская падзяка з невялікім спазненнем, бо выслалі яе на старую кватэру, у якой жыла ўжо Вольга Іпатава. Яна і перадала мне выратавальны дакумент. Я паказаў яго Навуменку і Шубе (ён нават прабачэння папрасіў за ранейшае ўшчуванне), а потым занёс у галоўны корпус. На гэтым чарговую справу закрылі. Бо якія ж яшчэ могуць быць размовы пра крамолу, калі Масква дзякуе!
Закрыць-то закрылі, а ці забылі — не ведаю, бо дробныя непрыемнасці здараліся і пазней. Але хто ў гэтым жыцці ад іх гарантаваны? Я ж працую ў БДУ і па сённяшні дзень. А гэта ўжо 31 год. І прафесарскае званне тут атрымаў. Зноў праходзіў, цяпер ужо двойчы, праз тайнае галасаванне на вялікім вучоным савеце. Першы раз — на пасаду прафесара, другі — на прафесарскае званне. Між іншым, за два разы меў толькі адзін голас супраць. Бо Умрэйкі ўжо не было, а тагачасны рэктар Л. I. Кісялеўскі да мяне ставіўся прыхільна. Як і прарэктары, сярод якіх быў і С. Шушкевіч. На цяперашняе кіраўніцтва і БДУ, і тым больш філфака таксама паскардзіцца не магу.
Але шмат марокі давялося зведаць у Маскве, якая ў той час прымала рашэнне аб выдачы прафесарскіх дыпломаў (лічылася, што ўніверсітэт толькі хадайнічае). Для мяне справа ўскладнялася тым, што я быў беспартыйным і не меў доктарскай ступені. Тады гэта былі вельмі вялікія перашкоды.
А доктарскую дысертацыю не абараняў не з-за нядбаласці і ляноты, як кажа жонка, а таму, што спяшаўся пісаць і друкаваць кнігі, пакуль была такая мажлівасць. Колькі для мяне яна яшчэ працягнецца, ніколі нельга было пэўна сказаць.
Кнігі ж я выдаваў больш-менш рэгулярна, праўда, часта з цяжкасцямі, прыгодамі і пакутамі. Першую з іх («Шчодрае сэрца пісьменніка») два гады запар адмаўлялася ўключаць у план акадэмічнае выдавецтва. Дапамог А. Адамовіч. Ён дамовіўся з М. Татурам. І мая манаграфія, зробленая па кандыдацкай дысертацыі, выйшла ў 1963 годзе ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, дзе М. Татур узначальваў рэдакцыю мастацкай літаратуры, па якой ішла і крытыка.
У другой кнізе (гэта была «Паэзія Максіма Танка», якую друкавала «Навука і тэхніка») хацелі вырываць лісты ўжо з гатовага тыражу. Выратаваў В. Барысенка. Ён быў навуковым рэдактарам працы і ў самы апошні момант адгаварыў выдавецкіх перастрахоўшчыкаў, запэўніўшы іх, што няма ніякай крамолы ў тых лістах, якія яны наважыліся пусціць пад нож.
Трэцяй была кніга пра Уладзіміра Дубоўку. Пра тое, што супраць яе выдання рашуча выказаўся В. Івашын, я ўжо згадваў. Але і ў выдавецтве «Беларусь», дзе мяне моцна падтрымліваў яго галоўны рэдактар Я. Казека, былі свае складанасці. Бо першы рэцэнзент (сам Рыгор Бярозкін!) маю кнігу «зарэзаў». Ён лічыў, што пра Дубоўку манаграфія патрэбна, але пісаць яе трэба не так, як напісаў я. У прыватнасці, Бярозкін настойваў, што неабходна аналізаваць толькі Дубоўкаву паэзію, зусім не закранаючы разносную крытыку, якая ў свой час падводзіла грунт пад расправу над паэтам.
Гэта было шчырае пераконанне таленавітага крытыка. Але ж я думаў іначай. Мяне падтрымаў і Дубоўка, які па просьбе Я. Казекі прачытаў працу, застаўся ёю задаволены і яшчэ напісаў вялікі водгук у яе абарону. А афіцыйную закрытую рэцэнзію зрабіў У. Юрэвіч. I гэтага хапіла, каб пераканаць вельмі асцярожнага дырэктара выдавецтва З. Матузава.
Асабліва істотным у гэтай сітуацыі было тое, што Р. Бярозкін афіцыйнай рэцэнзіі не пісаў. Усе свае пярэчанні ён выказаў мне вусна ў прысутнасці Я. Казекі, які перад згаданай гаворкай прачытаў кнігу, а потым прайшоўся па ёй і пасля выдавецкага рэдактара.
Над кнігай пра М. Гарэцкага дамоклаў меч завісаў двойчы. Спачатку супраць яе ўключэння ў выдавецкі план «Навукі і тэхнікі» выказаўся К. Крапіва. Ён як віцэ-прэзідэнт АН БССР курыраваў гэтае выдавецтва. Счакаўшы год, Г. Юрчанка, які тады працаваў у «Навуцы і тэхніцы» і быў ініцыятарам выдання кнігі, параіў мне самому схадзіць да Крапівы і папрасіць, каб ён зняў свае пярэчанні. Я, вядома, пайшоў. Славуты сатырык назваў М. Гарэцкага другарадным пісьменнікам (тады многія так лічылі, бо гэты наш класік быў як след не прачытаны) і дадаў: «А чаго ён застаўся ў Вільні пры паляках?» Наконт другараднасці я асабліва спрачацца не стаў, сказаў толькі, што гісторыю літаратуры ствараюць самыя розныя таленты. А што да Вільні, дык тут запярэчыў рашуча: «Бальшавікі так хутка здалі горад, што М. Гарэцкі выехаць проста не паспеў». На маё здзіўленне, К. Крапіва такім тлумачэннем задаволіўся і паабяцаў свае пярэчанні зняць. Так ён потым і зрабіў. Кнігу запланавалі.
Але яшчэ да яе здачы ў набор я меў неасцярожнасць змясціць у друку пра М. Гарэцкага артыкул, які трапіў на вочы тагачаснаму загадчыку аддзела культуры ў ЦК КПБ С. Марцалеву. I ён публічна заявіў, што Бугаёў няправільна тлумачыць М. Гарэцкага. Для палахлівага рэдактара гэтага было б дастаткова, каб кнігу «зарэзаць». Але мой рэдактар Г. Юрчанка якраз палахлівасцю не вызначаўся. Ён зрабіў выгляд, што марцалеўская крытыка да кнігі не мае дачынення. Фармальна яно так і было. Але ж тыя сцверджанні, за якія зачапіўся пільны начальнік у маім артыкуле, ішлі і ў кнізе. Адкрытай палемікі з Марцалевым я не вёў, але ў піку яму цяпер падмацаваў свае думкі цытатамі з Леніна. I ўсё абышлося.
Горш было з пятай кнігай. Яна выйшла пад загалоўкам «Шматграннасць», а магла б называцца і «Шматпакутнасць». I не толькі таму, што на долю беларускіх пісьменнікаў вельмі часта выпадалі неймаверныя пакуты, а яшчэ і з той прычыны, што і сам я зазнаў нямала турбот з гэтай сваёй кнігай, у гучную назву якой укладвалася ідэя пра жанрава-тэматычную і стылёвую разнастайнасць нашай літаратуры, яе эстэтычнае багацце.
Яно і само па сабе было вельмі адносным, а ў маёй кнізе выглядала яшчэ і абкарнаным, бо пры рэдагаванні давялося зняць артыкулы пра П. Галавача, С. Грахоўскага, I. Навуменку, А. Вярцінскага і некаторых іншых пісьменнікаў розных пакаленняў, разгляд апавяданняў 1966 года, цэлы раздзел з аналізам крытычных прац, у якіх так ці іначай ставіліся праблемы жанрава-стылёвага развіцця беларускай літаратуры, а таксама прыйшлося рабіць шмат купюр амаль ва ўсіх уцалелых артыкулах.
Але нарэшце кнігу падпісалі ў набор. Я атрымаў зусім неблагі, калі параўноўваць з цяперашнімі ганарарамі, аванс і ўжо чакаў карэктуры. I тут выпадкова высветлілася, што адрэдагаваны з вялікімі пакутамі тэкст у друкарню не трапіў, а наогул згублены. Нячыстая сіла тут наўрад ці ўмешвалася. Была, мабыць, толькі чыясьці нядбаласць, з-за якой давялося пачынаць усё спачатку, выкарыстаўшы другі машынапісны экзэмпляр. А гэта яшчэ не менш двух месяцаў працы, спрэчак, нервознасці і, галоўнае, новыя скарачэнні і праўкі, бо цяпер не праходзіла нямала і таго, што раней пярэчанняў не выклікала ці няхай і са скрыпам, але пакідалася. Мы ўжо не ўкладваліся ў тэрміны. І кніга, запланаваная на 1969 год, выйшла толькі ў 1970-м. Яна і зусім бы не пабачыла свету, каб не атрыманы аванс. Проста спісаць яго па тых часах не выпадала. І самае парадаксальнае, што пасля таго, як мы другі раз падрыхтавалі тую шматпакутную «Шматграннасць» да набору, знайшоўся раней адрэдагаваны экзэмпляр. Яго нечакана выявілі ў нейкіх рэдакцыйных запасніках і аддалі мне на памяць.
Можа, і дарэмна, бо дзякуючы такому падарунку я зразумеў, што кнігу яшчэ па першым заходзе крамсалі і без майго ведама. I не толькі рабілі дадатковыя праўкі, але і здымалі цэлыя артыкулы. Асабліва шкода было, што «вылецеў» вызначальны для канцэпцыі кнігі артыкул «Стылёвая шматграннасць і крытычная спрошчанасць». У ім вялася палемічная ў дачыненні да артадаксальнай крытыкі размова пра раманы «Птушкі і гнёзды» Я. Брыля, «Нельга забыць» У. Караткевіча і некаторыя іншыя творы, якія найбольш вылучаліся ў тагачаснай прозе.
Вядома, усё гэта не прайшло і пры паўторным рэдагаванні. Рэдактарам кнігі была А. Куліш, якая толькі пачынала працу на гэтай вельмі няўдзячнай пасадзе. I яна напакутавалася яшчэ больш за мяне. Асцерагацца ж у яе падстаў было больш чым дастаткова. Бо якраз тады, не зважаючы на пратэст Саюза пісьменнікаў, раскідалі ўжо гатовы набор кнігі С. Андраюка пра беларускую прозу другой паловы 1950-х — 1960-х гадоў. А я, хутчэй за ўсё з-за таго, што публічна падтрымаў А. Разанава і яго сяброў у іх барацьбе за беларускую мову, трапіў у артыкул тагачаснага сакратара ЦК КПБ па ідэалогіі С. Пілатовіча, які ў пераліку найбольшых ідэалагічных грэшнікаў першым назваў мяне. Добра яшчэ, што абвінавачанне было агульнае, без упамінання канкрэтных прац. Таму я мог заяўляць, што паважаны сакратар мае на ўвазе не тыя артыкулы, што ідуць у кнізе.
З вялікімі цяжкасцямі прабівалася да чытача і «Чалавечнасць». Яна таксама выйшла са спазненнем, у 1985 годзе замест 1984-га. Але гэта ўжо цалкам залежала не ад выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе друкавалася кніга, а непасрэдна ад цэнзуры. Кіраўнікі ж выдавецтва М. Дубянецкі і С. Андраюк баранілі мяне самым рашучым чынам, за што і атрымалі наганяй ад вядомага сваёй звышпільнасцю С. Паўлава, які тады быў загадчыкам цэкоўскага аддзела прапаганды.
Больш шчаслівы лёс напаткаў манаграфіі пра Крапіву і Мележа і асабліва тры кнігі, у загалоўках якіх, як заклінанне, паўтараецца слова «талент». Кнігу «Талент і праца», за якую я потым атрымаў Дзяржаўную прэмію імя Якуба Коласа, рэдагаваў А. Разанаў. І ён адстаяў амаль усё, што там было, у тым ліку і некаторыя артыкулы, што ў свой час не прайшлі ў «Шматграннасці». «Арганічнасць таленту», якую рэдагаваў М. Мятліцкі, ішла ўжо пры гарбачоўскай галоснасці. І рэдактар, за што я яму вельмі ўдзячны, у мой тэкст, здаецца, не ўмешваўся зусім.
А што датычыць кнігі «Праўда і мужнасць таленту», дык яе ўвогуле можна лічыць падарункам, які зрабілі мне супрацоўнікі «Мастацкай літаратуры», бо яны самі прапанавалі выдаць гэтую кнігу. У яе падзагалоўку значыцца «Выбранае». І я сапраўды ўключыў сюды кнігу пра Васіля Быкава, якая выходзіла ў «Народнай асвеце» ў 1987 годзе. Тады цэнзурны ціск быў ужо не такі моцны, як раней, але перастрахоўка яшчэ адчувалася. Ды і кніга адрасавалася школьнікам. Таму давялося сёе-тое здымаць, згаджацца на некаторыя праўкі. Была і пэўная, вядома, вымушаная, аўтарская аглядка на тагачасныя ідэалагічныя догмы, з-за якіх рабіліся некаторыя тэрміналагічныя ўступкі. Цяпер усё гэта адпала. І я надрукаваў кнігу пра выдатнага пісьменніка без тых скажэнняў, якія навязваліся часам і абставінамі.
Нарэшце ўдалося аднавіць і першапачатковы загаловак гэтай працы, дастасаваны цяпер і да ўсёй апошняй кнігі. У «Народнай асвеце» яго таксама як быццам згаджаліся даць, але знялі ўжо ў самы апошні момант.
Не менш паловы «Выбранага» складаюць артыкулы, напісаныя ў апошнія гады. У ранейшыя мае кнігі яны не ўключаліся. Такім чынам, «Праўда і мужнасць таленту» — гэта кніга, у якой нескажона адлюстроўваецца маё цяперашняе бачанне жыцця і літаратуры. Іншая справа наколькі глыбока і змястоўна яно адлюстроўваецца. Гэта пакажа час, суддзя аб’ектыўны і няўмольны. Аўтару ж, відаць, і ўвогуле не выпадае ацэньваць якасны ўзровень сваіх прац, а тым больш хваліць іх. I я да гэтага не імкнуся. Але хочацца сказаць пра тое, што мяне самога не задавальняе ў ранейшых кнігах, ад якіх, вядома, не адмаўляюся, бо тады так думаў і так пісаў ці згаджаўся, няхай і з болем душэўным, на такія рэдакцыйныя праўкі.
Кажуць, што ў некаторых людзей часам узнікае адчуванне, што ім баліць даўно адрэзаная рука ці нага. У мяне рукі і ногі, дзякуй Богу, цэлыя. Але і я адчуваю амаль фізічны боль кожны раз, як з той ці іншай нагоды натыкнуся на свой некалі пакалечаны тэкст, у якім зіхаюць бачныя мне пустоты ад колішніх вымушаных ампутацый.
А даводзілася ж і самому пісаць не зусім так, як і тады думалася. I для абароны добрых пісьменнікаў ад зубадрабільнай крытыкі на знішчэнне. I для таго, каб выратаваць, скажам, кнігу ў цэлым, папсаваўшы ў ёй асобныя мясціны афіцыёзнай рыторыкай, своеасаблівым маленнем уладарнаму д’яблу.
Напісаў жа я ў «Шчодрым сэрцы пісьменніка», зачапіўшыся за адпаведныя разважанні А. Фадзеева, што ў М. Лынькова «паэтычная проза была адной з мажлівых, заканамерных і апраўданых моўна-стылёвых форм сацыялістычнага рэалізму. А яшчэ дакладней, яна была разнавіднасцю рамантычнай формы рэалістычнага (праўдзівага) адлюстравання рэчаіснасці, пафасна-прыўзнятага выражэння жыццёвай праўды».
Хаця рамантычная форма рэалізму, як у мяне атрымалася, яўны нонсэнс, нешта накшталт гарачага холаду ці гучнай цішыні. Рамантыкі любяць такія парадаксальна-супярэчлівыя сутыкненні несумяшчальных і ўзаемавыключных паняццяў. Але ж адна справа — квяціста-эмацыянальны стыль мастацкай прозы. I зусім іншая — вызначэнні, што прэтэндуюць на дакладнасць і навуковасць. Як паказвае сарамліва прыхаванае ў дужках вызначэнне («рэалістычнага (праўдзівага) адлюстравання»), падмену я адчуваў і тады, нават пазначыў яе. Але ўсё роўна фокус прайшоў, можна сказаць, на «ўра». I ён даў магчымасць узаконіць у М. Лынькова тое, што складала яго сілу як мастака, не абы-якога майстра слова, але ставілася пад сумненне ранейшай крытыкай. Дзеля гэтага падмена тэарэтычных паняццяў і рабілася, рамантызм абвяшчаўся формай рэалізму, вядома, сацыялістычнага, бо толькі ён у дачыненні да савецкіх пісьменнікаў і прызнаваўся правільным, добранадзейным, даваў ім своеасаблівую індульгенцыю на адпушчэнне грахоў.
Вось і падводзілі пад яго ўсіх: яўнага рамантыка Міхася Лынькова і рэаліста са строгім пяром аналітыка Васіля Быкава, скептычна-з’едлівага Кандрата Крапіву і бунтоўнага Уладзіміра Дубоўку 1920-х гадоў, размашыста-метафарычную лірыку Максіма Танка заходнебеларускіх часоў і спакойна-ўраўнаважаную эпіку Якуба Коласа і Івана Мележа.
Пра своеасаблівае вытлумачэнне партыйнасці літаратуры насуперак таму, што ў гэты тэрмін укладвалі звыклыя да аруэлаўскага наваяза партыйныя функцыянеры, у гэтых нататках ужо гаварылася.
Тое ж самае можна сказаць і пра так званы гуманізм савецкага грамадства, бальшавіцкай таталітарнай сістэмы. Да чаго яна прыводзіла на практыцы, стала больш-менш зразумелым не сёння, а трохі раней. Але ж неяк чапаць гэтую практыку, крытыкаваць яе адкрыта, у друку можна было толькі сцвярджаючы, што яна разыходзіцца з «адзінаправільнай» марксісцкаленінскай тэорыяй. Як вядома, у той тэорыі абавязковым лічылася прызнанне выключнай ролі класавай барацьбы і дыктатуры пралетарыяту. А імі ж фактычна апраўдвалася самая жахлівая кроў, ад якой пахла не столькі гуманізмам, колькі генацыдам.
Аднак увесь яго жах і яго сапраўдныя маштабы трымаліся ў вялікім сакрэце, збольшага парушаным толькі ў перыяд хрушчоўскай адлігі. Таму і я шмат чаго не ведаў, хоць пра сёе-тое здагадваўся, задумваючыся над трагічным лёсам бацькі і не толькі яго. Аднак разам з тым доўгі час верыў у камуністычную ўтопію, якая абяцала нямала спакусліва-прывабнага, суцяшала зманлівымі ілюзіямі, цацанкамі-абяцанкамі, якімі наша хлуслівая прапаганда і пастаўленыя ёй на службу іншыя сродкі абалваньвання чалавека дурылі людзям галовы на працягу дзесяцігоддзяў. I як было не верыць, калі праўдзівая інфармацыя адсутнічала, а ад імя партыі, савецкай улады абвяшчалася: усё для чалавека, для простых людзей, гаспадароў краіны, пра якіх так шчыра клапоцяцца нашы вялікія, мудрыя і вельмі ж гуманныя правадыры.
А калі сутыкаўся з тым «клопатам», якім быў акружаны абсалютна бяспраўны селянін у калгасе, дык думалася, што гэта толькі ў нашай мясцовасці так, бо ў нас дрэннае начальства, якое дыскрэдытуе савецкую ўладу, не выконвае яе законаў. А вунь у Арлоўскага, у «Камінтэрне» пад Магілёвам, на Кубані, як паказвае кінафільм «Кубанскія казакі», там жывуць.
Разуменне ж, што такія кінафільмы таксама ствараліся для абалваньвання людзей, што Арлоўскі быў чалавекам у многіх адносінах незвычайным і знаходзіўся ў выключным становішчы, бо яму сыходзіла з рук тое, што ніколі не даравалася іншым, радавым калгасным старшыням, што і той жа «Камінтэрн» быў у няроўных умовах з іншымі калгасамі, — гэтае разуменне прыходзіла далёка не адразу.
А калі і прыходзіла, дык як яго было выказаць публічна? Зноў жа даводзілася неяк выкручвацца, націскаць на тое, што нібыта самой прыродзе нашага грамадства ўласцівыя гуманістычныя рысы, але ў жыцці гэта не заўсёды рэалізуецца. А героі добрых літаратурных твораў змагаюцца за такую рэалізацыю нават ва ўмовах зняволення, на тым жа будаўніцтве Беламорканала.
Яўны здзек з рэчаіснасці, у якім вінаваты і я, бо нахвальваў лынькоўскія апавяданні пра той канал, вымашчаны чалавечымі касцямі. Але мне тады здавалася, што і так я змагаюся за гуманістычны падыход да чалавека пры нашым таталітарызме, які здзекаваўся над людзьмі як хацеў.
I вось яшчэ што істотна. У класікаў «адзінаправільнага вучэння» можна было знайсці разважанні пра рэальны гуманізм пры сацыялізме, бо ў іх наогул шмат дыяметральна супрацьлеглых думак, выказаных ці ў розны час, ці з рознай нагоды. I мы з тым большай упартасцю чапляліся за гэтыя выказванні, чым далей нашы энергічныя правадыры, а потым і нямоглыя крамлёўскія маразматыкі адыходзілі ад гуманістычных каштоўнасцей чалавецтва, а то і проста глуміліся над імі.
Словам, вельмі часта найбольш даследчыцкай энергіі трацілася, па сутнасці, упустую, бо ішло не на само асэнсаванне мастацкіх твораў у іх суаднесенасці з рэчаіснасцю і эстэтычнымі законамі, а на тое, каб хоць нешта з твайго ўласнага разумення жыцця і літаратуры прабілася праз цэнзурныя рагаткі.
I мне як крытыку і літаратуразнаўцу, ды і як выкладчыку таксама, яшчэ пашанцавала. Бо і БДУ — не горшае месца працы. I рэдактары трапляліся непалахлівыя (не ўсе, вядома). I ў шэрагу друкаваных выданняў, а таксама ў галоўных беларускіх выдавецтвах было спрыянне многіх людзей. Я ўжо не кажу пра Саюз пісьменнікаў, персанальна пра самых выдатных майстроў беларускага мастацкага слова. Іх падтрымка вельмі часта была ў маім лёсе вырашальная. А думка М. Лынькова, I. Мележа, У. Дубоўкі (калі ён ужо быў рэабілітаваны), П. Панчанкі, А. Макаёнка, А. Адамовіча ўсё ж мела пэўную вагу і пры ўладзе партыйных ідэолагаў, якія, як я ўжо згадваў, на адкрытыя канфлікты з самымі вядомымі пісьменнікамі не спяшаліся ісці, асабліва па праблемах прыватных. Ды і не ўсё тыя ідэолагі маглі надзейна зарэгуліраваць і прадугледзець. Называю тут толькі імёны пісьменнікаў-нябожчыкаў, каб не выглядала, што падхалімнічаю перад уплывовымі людзьмі з нейкіх карыслівых меркаванняў.
I яшчэ на адну акалічнасць хацелася б звярнуць увагу. На маю крытычную долю выпалі не самыя горшыя часы. Больш-менш актыўна друкавацца я стаў толькі пры Хрушчове і яго пераемніках. А гэта ўжо не сталінская давільня ўсяго жывога. I як бы нас ні даймалі час ад часу, як бы ні ціснулі, масавых пасадак інтэлігенцыі ўжо не было, хаця хто-ніхто і ў псіхушках пабыў, і за кратамі сядзеў. Мяне ж гэты лёс мілаваў. I баяліся мы ўжо куды менш, чым гэта было, скажам, у зусім жахлівыя 1930-я гады.
А. Адамовіч нават казаў: нічога, нават калі нас цяпер і знішчаць, дык усё роўна потым рэабілітуюць, нідзе не дзенуцца.
Скептычны чалавек, прачытаўшы гэтыя радкі, можа з’едліва ўсміхнуцца: а завошта вас было знішчаць? Вы ж так ці інакш былі падключаны да таталітарнай сістэмы, сваю долю малення, няхай і не хочучы, вымушана, ёй аддавалі. I гэта праўда. Абавязковае, можна сказаць, рытуальнае, маленне было. I я не адмаўляю тут сваёй віны. Хаця той сістэме патрэбна было ад кожнага большае — «рабскае падпарадкаванне», поўная «пакорнасць, адмаўленне ад уласнай асобы». Гэта горкія, але вельмі слушныя словы Ю. Нагібіна з ягоных дзённікаў, нядаўна пасмяротна апублікаваных у «Литературной газете».
Я на такое падпарадкаванне арганічна не здольны. Таму і трапляў у розныя гісторыі. А пры сталінскіх парадках кожнай з іх хапіла б для таго, каб загрымець назаўсёды.
Але ж мы працавалі ўжо не пры Сталіне, а пасля яго. Таму, як цяпер відно, з яўна перабольшаным аптымізмам глядзелі на Хрушчова, а ўжо на Гарбачова дык гатовы былі ледзь не маліцца. Перамены, што пачаліся па ініцыятыве гэтага ўсё ж неардынарнага чалавека, як бы яго ні пракліналі артадоксы сталінскай закваскі, — гэтыя перамены далі небагата, хоць цэнзурны ўціск істотна паслабіўся. А для літаратуры гэта заўсёды нешта значыць.
1995 г.
ІНТЭЛІГЕНТ НАЙВЫШЭЙШАЙ ПРОБЫ
Мусіць, кожнага, хто хоць трохі ведаў Гаўрылу Іванавіча Гарэцкага, найперш уражвалі ягоныя інтэлігентнасць, душэўная далікатнасць і арганічная ўнутраная культура. Гэтыя рысы духоўнага вобліку знакамітага вучонага і цудоўнага чалавека выяўляліся ва ўсім і адразу вабілі да яго.
Мае асабістыя дачыненні з Гаўрылам Іванавічам пачаліся пасля таго, як я стаў займацца творчасцю Максіма Гарэцкага і напісаў пра яго невялікую кнігу. Яна выйшла ў 1968 годзе ў Мінску пад загалоўкам «Максім Гарэцкі». Гэта ў нас была першая кніга пра бязлітасна знішчанага бальшавікамі пісьменніка. Афіцыйна яго рэабілітавалі ў канцы 1950-х гадоў, але сапраўднае вяртанне твораў мастака ў літаратуру ішло з вялікім скрыпам, бо ўлада і пасля рэабілітацыі вельмі насцярожана ставілася да тых, каго яна некалі загубіла. Вось чаму кожнае спагадлівае і больш-менш аб’ектыўнае слова пра іх успрымалася дэмакратычнай грамадскасцю з павышанай увагай.
Натуральна, што сваякі Максіма Гарэцкага выхад кнігі сустрэлі з радасцю. Гаўрыла Іванавіч, які вельмі любіў свайго старэйшага брата і быў яго аднадумцам у справах беларускага адраджэння, падзяляў гэтую радасць. Яму я паслаў некалькі экзэмпляраў сваёй працы па просьбе дачкі пісьменніка Галіны Максімаўны, якая шмат дапамагала мне ў стварэнні кнігі. Хутка з падмаскоўнага Дзедаўска, дзе тады жыў Гаўрыла Іванавіч, прыйшоў напісаны вельмі выразным почыркам і, вядома, на беларускай мове ліст (ён мае дату I.VI. 68), у якім гаварылася: «Дарагі Дзмітрый Якаўлевіч!
Найвялікшая Вам падзяка за кнігі пра Максіма, за ласкавы дарункавы надпіс ад 29. V. 68 г.
Кніга Ваша і мне, і маёй жонцы вельмі спадабалася і сваёй пабудоваю, і зместам, і настраёвасцю.
Гэта — лепшае, што было напісана пра Максіма за ўвесь час. Вы глыбока зразумелі Максіма і гэта разуменне добра паказалі чытачу.
З хваляваннем і радасцю чыталі мы Вашу кнігу. Укланяемся Вам нізка, да самай зямлі, за Вашу смеласць, за аднаўленне праўды». Праз пяць гадоў
Гаўрыла Іванавіч паўтарыў: «Перачытваю Вашу кнігу пра Максіма — як добра і смела Вы яе напісалі, дзякуй Вам яшчэ раз».
Атрымаць столькі пахвалы ад акадэміка, які здабыў сусветнае прызнанне як вучоны ў галіне геалогіі і добра разбіраўся ў літаратуры, сам час ад часу пісаў талковыя артыкулы гуманітарнага профілю, было, канечне ж, прыемна. Але я выразна ўсведамляў (падкрэсліў гэта ў прадмове), што мая кніга толькі пачатак вялікай працы па ўзнаўленні сапраўднага вобліку выдатнага мастака. Далікатна сказаў пра тое і Гаўрыла Іванавіч такой фразай: «Вы пабудавалі моцную прыступку да поўнай рэабілітацыі і прызнання месца Максіма ў беларускай культуры. Спадзяюся, дарагі Дзмітрый Якаўлевіч, што з часам Вы створыце акадэмічную манаграфію пра Максіма. Як гэта было б добра!» Гэтае спадзяванне я, аднак, не апраўдаў, хаця да творчасці Максіма Гарэцкага звяртаўся яшчэ шмат разоў.
Былі ў першым лісце Гаўрылы Іванавіча і зноў жа вельмі далікатна зробленыя заўвагі. Адна з іх прынцыпова важная, але аформлена толькі як пытанне: «Ці варта акцэнтаваць маштабнасць творчасці Якуба Коласа і Максіма?» Такім шляхам ставіліся пад сумненне наступныя радкі з маёй кнігі: «Колас як мастак, вядома ж, значна больш шматгранны, чым Гарэцкі. Але пісьменніцкае дараванне, уласцівае Гарэцкаму, было блізкім да асобных граняў магутнага коласаўскага таленту, сугучным яму.
Зрэшты, ні бясспрэчная рознамаштабнасць талентаў, ні тое, што Колас быў значна старэйшы па ўзросту, не перашкаджала пісьменнікам захоўваць вельмі прыязныя, сяброўскія адносіны паміж сабой».
Вядома, я пагадзіўся з цалкам слушным меркаваннем Гаўрылы Іванавіча і ў наступных публікацыях падкрэсліваў «маштабнасць творчай асобы Гарэцкага, рознабаковасць яго таленту» (цытую артыкул «Самаадданае служэнне Бацькаўшчыне»), бадай, не меншую, чым у Якуба Коласа. Бо хаця Гарэцкі, у адрозненне ад народнага паэта, не пісаў вершаваных твораў, але, як і ён, свабодна адчуваў сябе ва ўсіх празаічных жанрах, а таксама сказаў сваё вельмі арыгінальнае слова ў драматургіі, а яшчэ быў выдатным прафесійным даследчыкам літаратуры, мовы і фальклору, яўна пераўзыходзячы ў гэтых адносінах Коласа.
Ды ў кнізе, якая стваралася ў 1967 годзе, а выйшла ў наступным, я не завастраў на гэтым увагу, бо тады ўжо само збліжэнне Коласа і Гарэцкага, няхай і з некаторымі агаворкамі, гучала як пэўны выклік.
Тая кніга ўвогуле была палемічнай па сваім пафасе. Яна скіроўвалася супраць ацэнкі Максіма Гарэцкага як нейкага другараднага пісьменніка. І гэта рабілася пасля ягонай афіцыйнай рэабілітацыі. «Шмат якія творы М. Гарэцкага для нашага часу гучаць ужо анахранічна. Яны не могуць задаволіць сучаснага чытача ні сваім зместам, ні эстэтычнымі якасцямі». Так пісаў А. Семяновіч у сваёй кнізе «З пражытага і перажытага» (Мінск, 2000).
На такім фоне я і збліжаў Гарэцкага не толькі з Коласам, але (ужо без агаворак) і з Купалам, і з Багдановічам — нашымі прызнанымі і ў тыя часы класікамі. Але прама назваць класікам і Максіма Гарэцкага я не рашыўся. Былі ў маёй кнізе і некаторыя іншыя вымушаныя ўступкі часу, ад якіх я адмовіўся ў пазнейшых публікацыях. Класікам жа ўпершыню ўпэўнена назваў Максіма Гарэцкага Алесь Адамовіч у сваёй выдатнай манаграфіі «Браму скарбаў сваіх адчыняю.», напісанай ужо ў 1970-я гады. Вельмі глыбокі аналіз творчасці Гарэцкага, зроблены тут Адамовічам, цалкам скіраваны на доказ гэтай думкі.
Ды вярнуся да Гаўрылы Іванавіча. Непасрэднае знаёмства з ім адбылося таксама ў 1968 годзе, відаць, у сакавіку месяцы, гэта значыць, яшчэ да выхаду кнігі. Тады Саюз пісьменнікаў Беларусі нарэшце наладзіў вечар, прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага. З дакладам на тым вечары меўся выступаць Алесь Адамовіч. Але ў яго здарылася нейкая тэрміновая паездка. А таму даклад даручылі мне. Рабілася гэта пасля таго ўжо, як былі разасланы запрашальныя білеты, у якіх пазначаны дакладчыкам менавіта Адамовіч. На вечар з Дзедаўска спецыяльна прыехаў Гаўрыла Іванавіч, здаецца, з сынам Радзімам, цяперашнім славутым вучоным і гарачым змагаром за беларускае адраджэнне.
Даклад акадэміку прыйшоўся даспадобы. Ён гаварыў пра гэта і мне, і Уладзіміру Дубоўку, з якім даўно сябраваў. Так, у лісце да У. Дубоўкі (цяпер захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі, ф. 14) Гаўрыла Іванавіч паведамляў, што на вечар з нагоды 75-годдзя Максіма Гарэцкага было разаслана 600 запрашальных білетаў. Але людзей прыйшло малавата — 60—70 чалавек.
На самой справе па нашых мерках гэта была даволі салідная аўдыторыя, калі мець на ўвазе, што вечар наладжваўся ў гонар пісьменніка, творчасць і само імя якога выкрэсліваліся з людской памяці шмат гадоў.
Далей ідзе больш усцешлівае прызнанне: «Але вельмі, вельмі нам спадабаліся прамовы Янкі Брыля, Язэпа Семяжона, Ю. Гаўрука і асабліва даклад Д. Я. Бугаёва».
Калі ўжо закрануўся матыў сяброўства Г. Гарэцкага з У. Дубоўкам, дык, мабыць, нялішнім будзе сказаць, што Гаўрыла Іванавіч, як паказваюць матэрыялы з таго ж аддзела рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі, вельмі ўважліва чытаў Дубоўку, выказваў і заўвагі, як правіла, зусім слушныя.
Пра Дубоўкаву аповесць «Жоўтая акацыя» ён напісаў яе аўтару: «Цікавая, арыгінальная кніга, у якой няма падабенства ні з якой папярэдняй.
Кнігу Тваю з удзячнасцю будуць чытаць не толькі юнакі і юначкі, але і дарослыя, асабліва настаўнікі, для якіх кніга Твая будзе настольнай.
Выхаваўчае значэнне Тваёй кнігі бязмежнае — яна прышчэпіць моладзі палкае замілаванне да Радзімы, да прыроды яе і людзей, да жыцця, да раслін, узгадуе тысячы прыродалюбаў і прыродазнаўцаў, будучых батанікаў і аграномаў, лесаводаў і садаводаў.
Ты праклаў векавы мост да людскіх сэрцаў і розуму. Хвала Табе, браце!»
Гэта пісалася ў лісце ад 18 жніўня 1967 года, пісалася патрыётам, чалавекам, які сам бязмежна любіў родную Беларусь, яе людзей і прыроду, якую ён глыбока вывучаў з маладых гадоў, ведаў яе незаменную каштоўнасць для чалавека і хацеў, каб той не губіў сваім варварствам, а, наадварот, павялічваў красу Бацькаўшчыны.
Прачытаўшы аповесць «Ганна Алелька», Гаўрыла Іванавіч паведаміў: «“Ганна Алелька” мне спадабалася. Чаруе хараство мовы, дынамічнасць, яснасць, прастата апавядання. Здаецца часам, нібы чуеш апавяданні Пушкіна, Бакачыа.
Вершаваныя ўстаўкі кранаюць сэрца, выгукаюць слёзы, надаюць апавяданню сапраўдную паэтычнасць.
Аповесць чытаецца з цікавасцю. Веды аўтара бязмежныя, культура — найтанчэйшая, веданне жыцця, асабліва настаўніцкага, глыбокае. Толькі ці не занадта станоўчая яна [Ганна] гераіня? Ці не надта лёгка пераадольвае яна жыццёвыя перашкоды?»
Учэпістае вока вучонага заўважыла карэнны недахоп Дубоўкавай гераіні, персанажа загалоўнага, цэнтральнага ў творы, аднак даволі ўмоўнага. Але зноў з якою далікатнасцю выказаны папрок!
Набытая ў шматгадовай навуковай працы прафесійная звычка гаварыць пра ўсё вельмі дакладна і ўзважана адчуваецца і ва ўсіх змястоўных, багатых на фактычныя звесткі і глыбокія вывады публікацыях Г. Гарэцкага, прысвечаных брату-пісьменніку («Успаміны пра брата», «Некалькі малюнкаў з дзіцячага і юнацкага жыцця Максіма Гарэцкага», «Сацыяльны аптымізм Максіма Гарэцкага»), і ў ягоных успамінах пра Купалу («Вобраз Янкі Купалы ў маім успрыманні»), Коласа («Такім яго помню»), Дубоўку («Некалькі сустрэч з Уладзімірам Дубоўкам»), і ў такіх даследчых артыкулах, як «Горкі і беларускі фальклор» ды іншыя.
І толькі ў пахвале тым, хто сказаў хоць і не вельмі важкае, але прыязнае слова пра Максіма Гарэцкага, Гаўрыла Іванавіч асабліва не клапаціўся пра дакладнасць меры. Тут ён часта бываў залішне шчодрым, дапускаў яўныя, вядома, знарочыстыя перабольшанні. Я, напрыклад, быў нямала здзіўлены, атрымаўшы ад яго ліст, другі па ліку (а ўсяго іх у мяне набраўся цэлы дзясятак плюс адна віншавальная тэлеграма), у якім выказвалася падзяка за прадмову да палымянскай публікацыі твораў М. Гарэцкага, зробленай у 1968 годзе (№ 8).
Рыхтавалі тую публікацыю мы разам з Барысам Сачанкам. Прадмова ж была невялікая, называлася яна сціпла («Некалькі слоў пра малавядомыя творы Максіма Гарэцкага») і на многае не прэтэндавала. Але Гаўрыла Іванавіч дзякаваў і за яе. Вось што ён напісаў у тым лісце, зноў жа з Дзедаўска, датаваным 18. VIII. 68: «Дарагі Дзмітрый Якаўлевіч!
Сёння прыйшоў да нас № 8 «Полымя». Адразу ж прачытаў Вашу прадмову і ўсё Максімава. Вашу прадмову прачытаў голасна сын Усяслаў у часе абеду ўсёй сям’і.
Усе родныя Максіма бязмежна рады і ўдзячны Вам. Мне здаецца, што я толькі што пагаманіў з Максімам — так усё блізка, знаёма да дэталяў у «Меланхоліі».
А цяжка хворай Леаніле Усцінаўне [жонка пісьменніка, тады, зразумела, ужо даўно ўдава] Ваша прадмова і надрукаванае Максімава будзе сапраўдным бальзамам, як і для Галіны Максімаўны».
У тым жа 1968 годзе Гаўрыла Іванавіч пераехаў у Мінск, дзе прайшлі яго апошнія дваццаць гадоў, якія Радзім Гарэцкі характарызуе як «самыя светлыя, спакойныя і плённыя» ў багатым на крутыя павароты бацькавым жыцці.
Працаваў ён цяпер у АН БССР, у Інстытуце геахіміі і геафізікі, да якога я не меў ніякага дачынення. Сустракацца з Гаўрылам Іванавічам даводзілася нярэдка, бо ён часта прыходзіў у Саюз пісьменнікаў на літаратурныя вечары, наведваў калі не ўсе, дык многія тагачасныя тэатральныя прэм’еры і некаторыя радавыя спектаклі, увогуле, цікавіўся ўсім, што адбывалася ў культуры. Я ў тыя гады таксама бегаў на розныя мерапрыемствы, і калі бачыў Гаўрылу Іванавіча, дык заўсёды падыходзіў да яго выказаць сваю пашану. Размова звычайна адбывалася на хаду, але была шчырай і прыязнай. Абменьваліся думкамі, уражаннямі. Сяброўствам у дакладным сэнсе слова такія адносіны назваць нельга. Але прыхільнасць і непаказная ўвага з боку Гаўрылы Іванавіча адчуваліся нязменна.
Пільнай патрэбы ў перапісцы цяпер не было. Але часам прыходзілі ад яго і лісты, зноў жа з падзякай. Так, ужо ў 1973 годзе ён 4 красавіка напісаў: «Шчыра дзякую Вам за Вашу добразычлівую, змястоўную прамову пра Максіма на вечары ў клубе СП БССР.
Наш Кірылка [унук Гаўрылы Іванавіча] запісаў Вашу прамову на магнітафонную стужку, якую мы пераслалі нашым родным у Ленінград. Леаніла Усцінаўна і Галіна Максімаўна праслухалі па запісу Вашу прамову — ім спадабалася, яны шлюць Вам сваю сардэчную падзяку».
Цытую ліст з намерам падкрэсліць, як клапаціўся Гаўрыла Іванавіч, каб захавалася для будучыні ўсё, што датычылася сапраўднай, а не фармальнаадчэпнай толькі рэабілітацыі Максіма Гарэцкага.
Гэты ж клопат асабліва выразна выявіўся ў вельмі настойлівых захадах, якія рабіў Г. Гарэцкі для перавыдання твораў брата. Справа тут таксама ішла нялёгка, хаця была энергічная падтрымка тагачаснага кіраўніцтва нашага Саюза пісьменнікаў.
У канчатковым выніку турботы завяршыліся паспяхова: у выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў 1973 годзе выйшаў двухтомнік Максіма Гарэцкага агульным памерам звыш пяцідзесяці друкаваных аркушаў — першае прыстойнае выданне твораў выдатнага мастака пасля фізічнага знішчэння яго самога. Але пакуль кнігі пабачылі свет, давялося пахвалявацца нямала.
За падрыхтоўку гэтага выдання, прымеркаванага да 80-годдзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага, я ўзяўся па даручэнні Саюза пісьменнікаў. Складальніцкая праца для мяне была ў навізну, бракавала і часу. Але адмовіцца ніяк не выпадала — з-за разумення, як важна, каб творы яшчэ аднаго нашага класіка вярнуліся да чытача.
Пазней, калі ўжо высветлілася, што моцна падціскаюць тэрміны здачы двухтомніка ў выдавецтве, я папрасіў на падмогу ў якасці суаўтараўскладальнікаў Ю. Пшыркова і Б. Сачанку. Выбар тлумачыўся тым, што абодва яны мелі прамое дачыненне да новых публікацый шэрагу твораў пісьменніка. І гэтыя публікацыі цяпер выкарыстоўваліся ў двухтомніку. Так што тут была і праява звычайнай чалавечай справядлівасці. Вядома, і Пшыркоў, і Сачанка ахвотна згадзіліся на супрацоўніцтва і сваю частку працы зрабілі вельмі аператыўна.
Але «прабіваць» выданне на той стадыі, калі яшчэ не ішла гаворка пра падрыхтоўку твораў да набору, давялося часткова мне, а галоўным чынам Гаўрылу Іванавічу. Зразумела, ён меў і афіцыйныя паўнамоцтвы, бо, як і я, Ю. Пшыркоў, Б. Сачанка і Леаніла Усцінаўна, уваходзіў у склад камісіі па літаратурнай спадчыне Максіма Гарэцкага, але ўсё рабіў зусім не фармальна. Для яго гэта была найважнейшая жыццёвая і, калі не баяцца гучных слоў, кроўная справа, безумоўна, неабходная для нашай культуры і самой будучыні Беларусі. Бо ён выдатна ўсведамляў, што нацыя, якая не можа належна ўшанаваць і нават замоўчвае сваіх творцаў такога маштабу, як Максім Гарэцкі, будучыні не мае.
З падрыхтоўкай і выданнем двухтомніка звязана палова ўсіх лістоў Гаўрылы Іванавіча, якія захаваліся ў мяне. Яны прысвечаны практычным пытанням той падрыхтоўкі і з’яўляюцца дакументальным пацвярджэннем самага актыўнага ўдзелу ў ёй акадэміка, па-ранейшаму вельмі шчодрага на пахвалу адрасату. Каб не паўтарыцца, я не буду іх цытаваць, а толькі прыгадаю некаторыя эпізоды нашага змагання за тое, каб двухтомнік выйшаў у прыстойным выглядзе.
Пагроза падсцерагала ўжо ў самым пачатку. І набыла яна выгляд прапановы выдаць замест двухтомніка адну кнігу памерам у 40 аркушаў. Мы горача, са спасылкай, якія творы трэба абавязкова перавыдаць, даводзілі, што гэтага недастаткова.
Вырашальная гутарка была ў Р. В. Канавалава, які тады ўзначальваў Дзяржаўны камітэт па друку. Пра гэтага чалавека ў пісьменніцкім асяроддзі хадзіла пагалоска, што ён занудлівы і надта ж афіцыёзны чыноўнік, ад якога нічога добрага чакаць нельга. Ягоныя выступленні, якія мне здаралася чуць у Саюзе пісьменнікаў, сапраўды былі афіцыёзнымі і ўражанне пакідалі, мякка кажучы, нялепшае. Але пры сустрэчах у сувязі з выданнем твораў Максіма Гарэцкага ні знарочыстай афіцыёзнасці, ні яўнай занудлівасці Канавалаў не праяўляў. Было хутчэй наадварот. Нас ён прымаў карэктна-ветліва, без чыноўніцкай фанабэрыі, уважліва выслухоўваў аргументы, а да Гаўрылы Іванавіча і ўвогуле ставіўся з падкрэсленай павагай. Думаю, што яна была шчырай. Ва ўсякім разе, мы без асаблівай цяжкасці пераканалі Канавалава, што Максіму Гарэцкаму трэба «даць» двухтомнік. Выданне меркавалася ў серыі «Выбраныя творы» і большым за два тамы быць не магло. Запрасілі мы аркушаў 65—70. Канавалаў зазначыў, што і сам любіць творы пісьменніка, разумее, што гэта выдатны майстар слова, і на 65 аркушаў даў дазвол. Прычым адразу пазваніў у выдавецтва, каб там планавалі такі памер. Званок быў, здаецца, у «Беларусь», бо размова адбывалася ў пачатку 1972 года, калі новае выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе выйшаў двухтомнік, не функцыянавала.
Акрыленыя ўдачай, мы з Камітэта па друку накіраваліся да выдаўцоў дамаўляцца пра далейшыя практычныя крокі. Але выдаўцы з ходу паднеслі непрыемны сюрпрыз — адхапілі 10 друкаваных аркушаў з тых, што прызначаліся на творы Максіма Гарэцкага. Аказваецца, там некаму з жывых творцаў якраз столькі не хапала для поўнага задавальнення сваіх амбіцый. Дык не пасаромеліся адбіраць у загубленага пакутніка. Мяне гэта ўразіла страшэнна. Гаўрыла Іванавіч таксама быў трохі збянтэжаны, але палічыў, што не варта падымаць шум, каб не наклікаць горшую бяду.
Ды непрыемнасці на тым не скончыліся. Моцна ціснула цэнзура. З-за яе ніяк нельга было ўключаць у двухтомнік прынцыпова важную для разумення Максіма Гарэцкага аповесць «Дзве душы», п’есу з вострай пастаноўкай нацыянальных праблем «Жалобная камедыя» і шэраг іншых твораў такога плана, не кажучы ўжо пра апавяданне «Ашуканы палітрэдактар» ці горкаспавядальныя «Скарбы жыцця» — «лебядзіную песню» мастака, якая разам са згаданым апавяданнем упершыню трапіла ў друк толькі ў 1993 годзе.
Зразумела, нічога з гэтага мы і не прапаноўвалі. Але ўсё роўна некалькі аркушаў яшчэ страцілі. Думаецца, страты маглі б быць і значна большымі, калі б нам не так пашанцавала з выдавецкім рэдактарам. Ім быў Алесь Бачыла, які шмат змагаўся з цэнзарамі. Аднак і ён не ўсё мог адстаяць.
Ужо ў карэктуры знялі апавяданне «Рунь», загалоўнае ў першай кнізе пісьменніка (а мы ж па прапанове Гаўрылы Іванавіча давалі творы не ў храналагічнай паслядоўнасці, а па кнігах і цыклах). Тады ж «зарэзалі» ўсё, што я выбраў для двухтомніка з «Камароўскай хронікі». Афіцыйна сказалі, што даваць кавалкі з канчаткова не апрацаванага твора нядобра. А на самой справе цэнзары зачапіліся за трагічную гісторыю Марынкі з гэтага твора, за якою стаяла рэальная жыццёвая трагедыя Ганны Іванаўны Гарэцкай, цудоўнай дзяўчыны, якая паступіла ў Маскву на вучобу, але ў хуткім часе загінула, едучы на спатканне да Гаўрылы Іванавіча, беспадстаўна арыштаванага гаспадарамі Лубянкі.
У двухтомніку Гаўрыла Іванавіч пазначаны толькі як член рэдкалегіі. А ён рабіў і многае з таго, што ўваходзіла ў абавязкі ўкладальнікаў. Ён узяў на сябе самае клопатнае — падрыхтоўку тых твораў, якія раней публікаваліся толькі на тарашкевіцы. Перадрук па цяперашніх правапісных нормах зрабіла машыністка, але яе знайшоў і аплаціў яе працу са сваіх сродкаў Гаўрыла Іванавіч. Ён жа выпрошваў ва Урадавай і Дзяржаўнай (так званай Ленінцы) бібліятэках адзіныя ў іх экзэмпляры твораў брата, па якіх рабіўся перадрук. Па правілах такія экзэмпляры на вынас, ды яшчэ не на адзін дзень, не выдаюцца. Аднак для Гаўрылы Іванавіча рабілі выключэнне, якога самім укладальнікам дабіцца было б вельмі цяжка.
Вядома, мы збіраліся кампенсаваць грашовыя затраты, на якія пайшоў Гаўрыла Іванавіч, ніякага ганарару за выданне двухтомніка не атрымліваючы. Праца ж укладальнікаў даволі сціпла, але аплочвалася. Ды Гаўрыла Іванавіч ні пра якую кампенсацыю і слухаць не стаў і яшчэ дзякаваў нам за ўдзел у выданні. Мне 13 ліпеня 1973 года падарыў двухтомнік з такім надпісам: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — з бязмежнай удзячнасцю за цёплую ўвагу да жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага, за вельмі добрае ўкладанне гэтага двухтомніка, за шчыры клопат аб яго выдрукаванні».
У мяне наша ўкладальніцкая праца асаблівага захаплення не выклікала. Хоць бы таму, што мы не здолелі ўратаваць ад цэнзараў знятыя імі творы. Праўда, укладальнікаў да цэнзараў увогуле не дапускалі. Тыя размаўлялі толькі з выдавецкім рэдактарам, а для нас яны як быццам зусім не існавалі. Такое было фарысейства. Маўляў, калі нешта і здымаецца, дык гэта воля самога рэдактара.
А яшчэ бянтэжыла, што ў двухтомніку праскочыла, як мне здавалася, мнагавата друкарскіх памылак. А гэта ўжо недагляд і ўкладальнікаў, а не толькі карэктараў.
Гаўрыла Іванавіч мае бедаванні ў гэтай сувязі не падзяляў і ў лісце, прысланым ужо ў лістападзе 1973 года, напісаў: «Памылкі друку ў двухтомніку Максіма не змяншаюць вялікай каштоўнасці гэтага выдання. Яшчэ раз найвялікшая Вам падзяка за Вашу плённую працу над складаннем двухтомніка, таленавітай прадмовы да яго, за ўвесь Ваш клопат, за выключную ўвагу і разуменне творчасці М. Гарэцкага. Усе родныя Максіма далучаюцца да гэтай падзякі». Словам, суцешыць ён умеў, як рэдка хто.
Пасля выхаду двухтомніка дзелавых стасункаў з Гаўрылам Іванавічам я больш не меў. Але нейкі час яшчэ быў абмен віншавальнымі пасланнямі. Адзін эпізод гэтага абмену мне здаецца вартым увагі. 9 студзеня 1979 года я даў наступную тэлеграму: «Дарагі Гаўрыла Іванавіч! Горача віншую Вас з высокай урадавай узнагародай [тады ён атрымаў ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі]. Перадайце таксама мае віншаванні Вашаму сыну [гутарка ідзе пра Радзіма Гаўрылавіча] у сувязі з прысуджэннем яму Дзяржаўнай прэміі БССР. Нарэшце магутны сваёй рознабаковай таленавітасцю род Гарэцкіх атрымлівае належнае прызнанне. Няхай і надалей слава гэтага роду, пачатак якой пакладзены Максімам Гарэцкім, шырока ідзе па свеце, бо гэта слава нашага народа, нашай любай Беларусі».
У адказ пайшла пасланая 10 студзеня вельмі прыгожая паштоўка, укладзеная ў яшчэ прыгажэйшы канверт: «Ваша віншавальная тэлеграма, такая ласкавая, цёплая, выключная, узрушыла сэрцы і душы ўсіх Гарэцкіх, — дзякуем Вам, дзякуем.
Шкадуем вельмі, што не пачуюць Вашых натхнёных слоў ні сам Максім, ні Леаніла Усцінаўна, ні салдат-летуценнік Лёня, ні наша маці.
І яшчэ шкадуем, што кароткае чалавечае жыццё, асабліва тых, каму ўжо недалёка да 80-ці. А так хацелася б, каб пажыць крыху болей, каб здзейсніць хаця ў малой меры Вашы надзеі.
І яшчэ шкадуем, што працяг роду нашага пад пагрозай сцірання па мужчынскай лініі. Вайна забрала трох лепшых хлопцаў нашых [маюцца на ўвазе сын Максіма Гарэцкага Леанід і пляменнікі Віктар і Уладзімір, якія таксама загінулі на вайне, баронячы краіну ад гітлераўцаў]. А жанчын, вартых роду, такіх, як Галя, мала. І гены іх праявіцца не змогуць, бо не маюць яны ўмоў для працягу.
Дык няхай жа Вашы словы будуць каталізатарамі творчасці на рэштку дзён, бо яны абуджаюць надзею.
І жывяць нязгасную веру ў вялікую будучыню беларускага прыгожага пісьменства, носьбіта і стваральніка неўміручасці нашага народа і яго культуры».З гэтай верай у неўміручасць беларускага народа Гаўрыла Іванавіч жыў заўсёды. Яна дапамагала яму выстаяць у многіх неспрыяльных, здавалася, невыносных абставінах і давала сілы для самаадданай працы на працягу ўсяго свядомага жыцця. Інтэлігент найвышэйшай пробы, надзелены вялікім талентам вельмі глыбокага даследчыка, а яшчэ талентам сардэчнай дабрыні і высакародства, ён паказаў, як многа можа чалавек, калі не растрачвае свой патэнцыял на дробязную побытавую мітусню ды карыслівае прыстасавальніцтва, а настойліва ідзе да мэты, часта насуперак самым нечаканым і проста жахлівым перашкодам, якіх так шмат выпадала на долю ўсіх нашых выдатных адраджэнцаў. І пакуль беларуская зямля здольная нараджаць такіх выдатных людзей, як Гаўрыла Іванавіч, у нас застаецца надзея на выжыванне ў сучасным няўмольна жорсткім свеце, які выпрабоўвае беларусаў на трываласць, можа, як ні адну іншую нацыю.
1999 г.
ПАТЭНЦЫЯЛ БЕЛАРУСА
(род Гарэцкіх у нашай гісторыі)
Радзім Гарэцкі. Ахвярую сваім «я». (Мінск, «Беларуская навука»,1998).
Радзім Гарэцкі. Шляхам адраджэння (Мінск, «Беларускі кнігазбор», 1997).
Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі. Бібліяграфія. Складальнікі: Р. Я. Айзберг, А. М. Каўхута (Мінск, Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі, 1998).
Тры кнігі. Яны ў сукупнасці даюць выразнае ўяўленне пра трох самых выдатных прадстаўнікоў роду Гарэцкіх і разам з тым яскрава сведчаць пра вялікі творчы патэнцыял беларусаў і пра тое, як заўзята ворагі беларушчыны глушылі гэты патэнцыял, ствараючы шматлікія, часта жахлівыя, перашкоды для яго ажыццяўлення.
Пачну з першай кнігі. Яна мае падзагаловак «Максім і Гаўрыла Гарэцкія». Расказвае пра іх Гаўрылаў сын, Максімаў пляменнік. Расказвае талкова, узважана, як і належыць вучонаму, з навуковай дакладнасцю, якая забяспечваецца апорай на шматлікія дакументы і добрасумленныя сведчанні многіх людзей. Аўтарскі тэкст кнігі, якому папярэднічае змястоўная прадмова М. Мушынскага, адкрываецца раздзелам «Радавод Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх». Тут ідуць згадкі пра даследчыкаў, якія вывучалі жыццё і творчасць славутых братоў, а сам радавод заглыблены ў гісторыю на цэлае стагоддзе (дзевятнаццатае). І даведзены ён да сучаснасці. Такім чынам, асветлена «роднае карэнне» нашых слынных дзеячаў, паказаны не толькі ўсе іх вядомыя продкі, зразумела, за асаблівым вылучэннем бацькоў, але і нашчадкі, людзі не проста добрыя, працавітыя і шчырыя, але часта і неардынарныя. Як Максімаў сын Леанід, які ў няпоўныя 22 гады загінуў на фронце, баронячы ад гітлераўскага нашэсця краіну, якая люта расправілася з ягоным бацькам, аб’явіўшы «ворагам народа» найсумленнейшага чалавека, класіка беларускай літаратуры. Імя Леаніда Гарэцкага цяпер добра вядома дзякуючы шырокай публікацыі ягоных франтавых лістоў. Усім, хто займаецца гісторыяй нашай літаратуры, знаёма і імя Галіны Гарэцкай, Максімавай дачкі, якая сцвердзіла сябе не толькі як захавальніца бацькавай літаратурнай спадчыны (іншай не было — пісьменніка расстралялі з канфіскацыяй асабіста належнай яму маёмасці), але і як добрая даследчыца, аўтар цікавых успамінаў, у якіх вельмі натуральна гучыць жывое беларускае слова.
Плённа працуюць на навуковай ніве абодва Гаўрылавы сыны. Пра ўнікальныя дасягненні ў навуцы малодшага (Радзіма) скажу пазней. А што да старэйшага, Усяслава, дык ён «прафесар, доктар педагагічных навук, галоўны рэдактар часопіса «Начальная школа», аўтар шматлікіх буквароў». Так піша пра брата Радзім, дадаючы, што той жыве ў Маскве. З беларускімі справамі ён непасрэдна не звязаны, у сваёй творчай дзейнасці абмяжоўваецца праблемамі рускай культуры. Так жыццёвыя абставіны прадыктавалі сваю волю.
Вельмі змястоўным атрымаўся раздзел «Максім Гарэцкі: карані жыццястойкасці». Тут звяртаюць на сябе ўвагу трапныя характарыстыкі асобы пісьменніка, у якога вылучаюцца «мэтанакіраванасць, цвёрдасць рашэнняў, самадысцыплінаванасць, найвялікшая патрабавальнасць да сябе». Зусім слушны галоўны вывад: «М. Гарэцкага ўсё жыццё падтрымлівала бязмежная любоў да сваёй Бацькаўшчыны. Сваім жыццём ён падцвердзіў словы: «. ахвярую сваім “я” ва ймя святога ўсім нам Адраджэння». Гэтая выснова добра выяўляе пафас усёй кнігі і таму заканамерна стала (у падкарочаным выглядзе) яе загалоўкам.
Як змястоўныя навуковыя артыкулы чытаюцца раздзелы «Максім Гарэцкі ў Горках» і «Лёс пісьменніка — лёс пакалення». Апошні з гэтых раздзелаў завершаны сцісла пададзенымі звесткамі пра два савецкіх арышты Максіма Іванавіча і ягоны расстрэл у 1938 годзе. Больш падрабязна расказана пра тыя арышты і расстрэл у раздзелах «№ 39: Прыцягнуць да адказнасці» і «Справа Максіма Гарэцкага». Яны напісаны па архіўных матэрыялах і ўражваюць сваёй дакументальнасцю, канкрэтыкай, доказнасцю кожнага аўтарскага слова.
Публікацыя гэтых матэрыялаў уяўляецца асабліва каштоўнай яшчэ і таму, што доступ да апошняй справы Максіма Гарэцкага, заведзенай на яго ў 1937 годзе, быў дазволены толькі Радзіму Гарэцкаму як блізкаму сваяку пісьменніка. Усе іншыя даследчыкі такой магчымасці не мелі і пры нашых парадках невядома, ці будуць калі мець. Натуральна, што Радзім Гаўрылавіч падаў тыя матэрыялы з максімальнай паўнатой. Пад ягоным пяром дакументы загаварылі на ўвесь голас. І сёння проста жахае бязглуздасць і знарочыстая дэмагагічнасць сфабрыкаваных абвінавачанняў, у выніку якіх быў знішчаны выдатны пісьменнік. А гэта ў свой час была распаўсюджаная практыка, цана якой — мільёны загубленых жыццяў. Канвеер смерці працаваў з д’ябальскім размахам. Людзей у 1930-я гады знішчалі без суда і сапраўднага следства, па рашэннях так званых «троек», якія выносілі прысуды з маланкавай хуткасцю. У кнізе прыводзяцца звесткі, што адна з такіх «троек» 25 студзеня 1938 года разгледзела ажно 406 спраў, па якіх былі абвінавачаны 923 чалавекі, з іх 587 прысуджаны да расстрэлу. Так дзейнічалі ў Смаленскай вобласці, дзе быў вынесены смяротны прысуд і Максіму Гарэцкаму. Групу з 40 зняволеных, у якой наш пісьменнік ішоў трыццатым, расстралялі і паспелі пахаваць за 15 хвілін. «Вось так па-ўдарнаму працавала “самая передовая и справедливая в мире” сталінская судовая сістэма па генацыду ўласнага народа», — з сарказмам зазначае Радзім Гарэцкі, даючы ўрэшце волю ўласным пачуццям, свайму чалавечаму хваляванню, якое ў яго звычайна стрымліваецца — каб больш гаварылі самі факты, дакументы, гучала іх неабвержнае слова.
Пра размах рэпрэсій, іх масавасць у 1930-я гады вельмі дасведчана гаворыць і прафесійны работнік расійскай службы контрразведкі М. М. Ількевіч, які зацікавіўся лёсам М. Гарэцкага і адшукаў некаторыя раней невядомыя матэрыялы пра яго, цяпер з удзячнасцю ўлічаныя ў кнізе. «Указанні аб правядзенні масавых аперацый і арыштаў, — сведчыць Ількевіч, — паступалі на месцы з НКУС СССР з сярэдзіны лета 1937 года. З кастрычніка 1937 года Масква стала даваць больш жорсткія і катэгарычныя патрабаванні аб павелічэнні колькасці арыштаў і разгляду крымінальных спраў на месцах. Упраўленні НКУС па абласцях (краях), у сваю чаргу, спускалі ў гарадскія і раённыя аддзелы НКУС кантрольныя лічбы з указаннем мінімуму арыштаваных і разгледжаных крымінальных спраў. Было дазволена не абмяжоўвацца ўзроставым і нацыянальным складам арыштаваных. Паміж перыферыйнымі аддзеламі ў абласцях і ўпраўленнямі НКУС БССР разгарнулася спаборніцтва за максімальную колькасць арыштаваных і расследаваных спраў. Такое становішча прывяло да таго, што аператыўныя супрацоўнікі, якія ахвотна фальсіфікавалі крымінальныя справы, былі ў аўтарытэце ў кіраўніцтва, прасоўваліся па службе, заахвочваліся грашыма, атрымлівалі дзяржаўныя і ведамасныя ўзнагароджанні, падарункі. І, наадварот, хто з супрацоўнікаў супраціўляўся гэтаму — знаходзіўся ў апале, пад пастаяннай пагрозай арышту».
У такой атмасферы сумленнаму чалавеку, калі ён да таго ж быў яшчэ і прыхільнікам беларускага адраджэння, уцалець было вельмі цяжка, амаль немагчыма. Вось чаму драматычныя павароты, якія лёгка маглі прывесці да поўнай трагедыі, так часта спасцігалі і Гаўрылу Гарэцкага. Яму прысвечана большая частка кнігі. Тлумачэнне гэтаму простае: пра бацьку, жыццё якога ведаеш да драбніц, пісаць можна бясконца, асабліва калі ён прайшоў праз столькі выпрабаванняў, як Гаўрыла Іванавіч. Савецкая ўлада арыштоўвала яго ажно пяць разоў, двойчы прысуджала да расстрэлу, які адмяняўся толькі ў выніку, можна лічыць, неверагоднага збегу абставін. Ужо адно тое, што першы расстрэльны прысуд быў заменены на 10 гадоў канцлагера самім Сталіным, які адгукнуўся на просьбу Чарвякова і Галадзеда захаваць маладому вучонаму жыццё, выглядае як найвялікшы цуд, бо на паслабленне кары згадзіўся жахлівы тыран.
Так завяршыўся для Гаўрылы Гарэцкага арышт 1930 года. І да нечаканага зняволення поўны светлых надзей, бадзёрасці і сіл навуковец, адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук (яго пазбавяць акадэмічнага звання разам з В. Ластоўскім, У. Пічэтам, Я. Лёсікам, С. Некрашэвічам), паехаў на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала. Не ў якасці выдатнага арганізатара буйнамаштабных спраў, а як вельмі небяспечны зэк, якому на тым будаўніцтве належала прайсці суровую школу сацыяльнага перавыхавання. Гэтак тады называўся грубы здзек над сумленнымі людзьмі.
Пачынаць даводзілася ўсё спачатку. Гаўрыла Іванавіч мусіў авалодаць зусім новай для сябе спецыяльнасцю геолага, па якой ён таксама з цягам часу стаў акадэмікам (да арышту 1930 года ўзначальваў вялікі Інстытут лясной і сельскай гаспадаркі, у акадэмікі выбіраўся па эканамічнай геаграфіі). Пра ўсё гэта ў кнізе сказана зноў жа коратка, з той сцісласцю, калі факт, падзея толькі засведчаны, але колькі-небудзь падрабязна не каменціруюцца. Галоўная ж увага звернута менавіта на арышт 1930 года і трохі менш драматычнае зняволенне ў 1922 годзе. Атрымалася змястоўная дакументальная аповесць пераважна пра гэтыя арышты, напісаная, як і многае пра Максіма Гарэцкага, па матэрыялах пра бацьку з закрытага кадэбісцкага архіва. Да іх Радзіма Гарэцкага, як і да справы Максіма Іванавіча, дапусцілі толькі ў парадку выключэння, якое цяпер было дазволена сыну пакутніка. Таму пратаколы допытаў бацькі, яго паказанні, заявы, сведчанні іншых асоб, прынамсі пра зняволенага ў 1930 годзе акадэміка, падаюцца ў кнізе надзвычай шчодра, амаль без скарачэнняў.
Аўтара і тут можна зразумець. Яму важна было апублікаваць тое, што дзесяцігоддзямі ляжала ў наглуха замураваных архіўных сховішчах. А яно высвечвае сапраўдны воблік выдатнага вучонага і мужнага чалавека, які застаўся непахісным і перад пагрозай, здавалася, ужо тады няўхільнай смерці.
Карацей кажучы, каштоўнасць гэтых матэрыялаў як дакументальнага сведчання несумненная. Але з пункту гледжання чытацкага ўспрыняцця аповесці бачыцца і пэўная празмернасць у іх падачы. Бо суцэльны архіўны тэкст, у якім з самымі дробнымі дэталямі абмяркоўваюцца спецыяльныя навуковыя праблемы на ўзроўні іх разумення ў пачатку 1930-х гадоў, займае многія старонкі. І ідзе ён без аўтарскага каментарыя, які быў бы ў шэрагу выпадкаў вельмі дарэчы.
Вядома, для самога Гаўрылы Іванавіча, калі ён сядзеў за турэмнымі кратамі, уся гэтая дэталізацыя была неабходнай і выключна важнай. Праз яе ён змагаўся за сваю праўду і само жыццё. Але ў аповесці, якая адрасуецца не адным спецыялістам у адпаведнай галіне навукі, а разлічана на больш шырокае кола людзей, аўтару твора можна было б смялей выяўляць не толькі строга навуковы, але і ўласна пісьменніцкі пачатак, на аснове вельмі аб’ёмных дакументаў ствараючы больш сціслае ўласнае апавяданне, у прыватнасці хоць бы разбіваць суцэльны шматстаронкавы архіўны тэкст гаворкай ад свайго імя. І трэба сказаць, што там, дзе Радзім Гарэцкі ўсё ж адважваецца сам браць слова, яно ў яго гучыць змястоўна і пранікнёна. Вось як ён піша пра пакуты сваёй маці пасля арышту бацькі: «Лару звольнілі з пасады і ўсюды адмаўлялі ў рабоце, як толькі даведваліся, што яна жонка “ворага народа”. Многія знаёмыя, нават тыя, якія раней стараліся з імі пасябраваць, зараз не заўважалі ці пазбягалі яе. Іншы раз, убачыўшы яе, пераходзілі на другі бок вуліцы, каб не сустракацца. Баяліся. Знаёмства з сям’ёй “ворага народа” было небяспечна. Заўсёды вельмі добразычлівая, таварыская, Лара балюча перажывала той вакуум, які раптоўна ўтвараўся вакол яе. Адчуванне, што яна нейкая “пракажоная”, ад якой шарахаюцца амаль усе знаёмыя, вельмі прыгнятала. Калі раней яна ішла па вуліцы, радасна і весела глядзела вакол сябе, усміхалася людзям, дрэвам, кветкам, дык цяпер баялася падняць вочы, каб не напужаць знаёмага, які выпадкова сустрэўся. Усё здавалася змрочным і сумным. Без працы, без грошай, без падтрымкі многіх былых сяброў. Іншы раз проста не хацелася жыць. Але жыць трэба. Карміць сям’ю, малых дзетак».
Вельмі нават нядрэнная проза. І не толькі дакументальная, але, здаецца, і мастацкая.
А гэта ўжо пра пачуцці бацькі-зэка: «Пакуль даехалі да Віцебска, надвор’е сапсавалася, стала хмарна, пайшоў дождж, задуў халаднаваты вецер. Настрой яшчэ больш пагоршыўся. Высадзілі з вагонаў, пастроілі ў шарэнгі і стаялі так пад дажджом больш дзвюх гадзін: зняволеныя — гэта ўжо не людзі, усё вытрымаюць.
Гаўрыла стаяў зусім прамоклы і думаў: чаму так цяжка народу беларускаму заўсёды было на такой цудоўнай прыгожай зямлі? Чаму беларусы, у якіх такая багатая гісторыя, не могуць пабудаваць самастойную дзяржаву? Чаму беларусы, якія далі свету так многа славутых імён, не могуць адстаяць беларушчыну, а больш служаць то аднаму, то другому суседу? Чаму такі працавіты, добры і таленавіты народ застаецца зусім абяздоленым? Чаму беларусам, якія так любяць сваю зямлю, часта зусім няўтульна жыць у родным краі, чаму іх тут крыўдзяць і яны ніяк не могуць дасягнуць таго, каб “людзьмі звацца”?»
Гэтыя пачуцці, вельмі істотныя для разумення асобы і жыццёвага лёсу Гаўрылы Гарэцкага, кроўна блізкія і самому аўтару аповесці. Пра тое пераканальна гаворыць, апрача ўсяго іншага, і ягоная кніга «Шляхам адраджэння». Яна, як падкрэслена ў анатацыі, увабрала ў сябе роздум Радзіма Гаўрылавіча «пра нацыянальнае адраджэнне Беларусі, становішча беларускай мовы, развіццё культуры, навукі, адукацыі, успаміны і нарысы пра дзеячаў літаратуры, мастацтва і навукі».
Памер кнігі — каля 12 друкаваных аркушаў. І ўсе яны маюць высокую інфарматыўнасць, характэрную для сапраўднага вучонага. Цікавыя звесткі ўражваюць амаль у кожным артыкуле. З кнігі «Шляхам адраджэння» чытач даведаецца, напрыклад, пра такое: «Беларусы, як тыя камяні, раскіданы па ўсёй зямлі. Па колькасці насельніцтва яны займаюць другое ці трэцяе месца ў многіх краях і абласцях Саюза [былога]: Латвіі, Карэліі, Прыморскім краі, Амурскай, Архангельскай, Калінінградскай, Белгародскай, Калужскай, Курскай, Ленінградскай, Маскоўскай, Мурманскай і іншых. Усіх беларусаў па-за межамі рэспублікі больш за 2 мільёны. Не менш іх і за межамі Саюза. А колькі былых беларусаў ужо не лічаць сябе беларусамі!» У другім месцы падкрэсліваецца: «Цяпер беларусы расселены па ўсіх кантынентах Зямлі. Калі б беларусы натуральна жылі на сваёй этнічнай тэрыторыі ды не разбуральныя войны, у выніку якіх гінулі кожны чацвёрты, трэці, а то і другі чалавек, то цяпер было б 25—30 млн беларусаў».
Натуральнаму жыццю беларусаў, слушна сцвярджаецца ў кнізе, страшэнна пашкодзіў бальшавіцкі таталітарызм: «Бальшавікі пайшлі на самы жорсткі этнацыд і генацыд, разбурылі этнічнае ядро беларускай нацыі шляхам прымусовай індустрыялізацыі, гвалтоўнай калектывізацыі і раскідвання народаў па тэрыторыі велізарнай імперыі, часткова знішчылі беларускую нацыянальную эліту, а рэшту народа падавілі».
Наконт частковага знішчэння нацыянальнай эліты сказана, як мне здаецца, не зусім дакладна. Наша эліта, яе самая актыўная нацыянальна свядомая праслойка была вынішчана капітальна, амаль поўнасцю, прынамсі ў 1930-я гады. Адны пісьменніцкія шэрагі як былі прарэджаны! Вынішчаліся нават тыя пісьменнікі, якія ва ўсім падтрымлівалі ўладу, захоплена, з вялікім энтузіязмам прапагандавалі камуністычныя погляды. А колькі людзей з нацыянальнай эліты апынуліся ў выгнанні! На гэты конт Радзім Гарэцкі піша: «Амаль з кожнага пакалення беларусаў за апошнія два стагоддзі найбольш ініцыятыўныя, адукаваныя, свядомыя асобы, патрыёты Бацькаўшчыны сталі выгнаннікамі са сваёй зямлі. Гэтыя нашы страты на пакутлівым гістарычным шляху моцна аслабілі генафонд нацыі».
Велізарную шкоду ўсёй беларускай справе прынесла страта сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці, свайго нацыянальнага суверэнітэту. Існаванне БССР, створанай бальшавікамі, па сутнасці, вымушана, у процівагу БНР, вядома, неяк падтрымлівала хоць бачнасць нацыянальнага жыцця. Але ж усе прынцыповыя справы вырашаліся тады ў Маскве. І дастаткова было яе дыктатарам кіўнуць пальцам, каб у нас паляцелі тысячы галоў самых свядомых патрыётаў.
Выдатна ведаючы пра ўсё гэта праз лёс самых блізкіх людзей, Радзім Гарэцкі настойліва паўтарае, што нацыянальнае адраджэнне павінна быць комплексным, як ён кажа, інтэгральным і абавязкова ўключаць у сябе аднаўленне нацыянальнага суверэнітэту, стварэнне на справе незалежнай беларускай дзяржавы, якая абараняе ў першую чаргу інтарэсы ўласнага народа, кіруецца нацыянальнай ідэяй: «Мы можам адрадзіцца толькі пры ўмове комплекснага вырашэння ўсіх задач, адраджаючы адначасова дзяржаўнасць, эканоміку, духоўнасць».
Ключавое значэнне для натуральнага развіцця беларускай духоўнасці, справядліва лічыць аўтар кнігі «Шляхам адраджэння», мае бесперашкоднае развіццё роднай мовы беларусаў, актыўная падтрымка яе на дзяржаўным узроўні. «Няма мовы — няма нацыі, няма нацыі — няма дзяржавы». «Тая ўлада, якая не падтрымлівае нацыянальнае пытанне і мову свайго народа, сячэ сук, на якім яна трымаецца», — трапна, набліжаючыся да афарыстычнай выразнасці, піша Гарэцкі.
У ягоным роздуме пра нацыянальнае адраджэнне ёсць нямала горычы, трывогі за беларускую будучыню, бо ён добра бачыць, як хутка асіміліруюцца беларусы і ў самой рэспубліцы, і на ўсёй тэрыторыі былога Савецкага Саюза, у так званым блізкім замежжы. Але надзея ўсё ж не пакідае вучонага. «Пакуль агонь беларускай нацыянальнай ідэі будзе гарэць у сэрцах беларусаў, пакуль наш розум будзе імкнуцца здзейсніць мару пра дзяржаўнасць Беларуси пакуль будзем любіць і шанаваць нашу Бацькаўшчыну, пакуль не пакінем матчыну мову, не здрадзім ёй, не адарвемся, як той Антэй, ад роднай зямелькі нашай, датуль Беларусь будзе непераможнай, датуль будзе жыць беларускі народ», — упэўнена заяўляе Радзім Гарэцкі, выяўляючы перш за ўсё меру ўласнага патрыятызму.
Гаварылася гэта ў 1995 годзе. З тых пор шмат што для нас змянілася ў горшы бок, беларускае адраджэнне сутыкнулася з новымі вялікімі цяжкасцямі, знарок створанымі ўладнымі структурамі, якія цяпер вядуць актыўны наступ на беларушчыну па многіх лініях. Але хочацца спадзявацца, што ўсё ж мы выстаім, што яўнае і трохі прыкрытае, а таму яшчэ больш небяспечнае афіцыйнае супрацьдзеянне подыхам беларускасці ўрэшце выкліча адваротны эфект, пашырыць рады прыхільнікаў нацыянальнага адраджэння, свядомых барацьбітоў за яго натуральны ход.