У тым, што і выдатны пісьменннік Мележ мусіў аглядвацца на афіцыйныя ідэалагічныя прысуды, тут на прысуд Быкаву, бачыцца плата за несвабоду мастака ў таталітарным грамадстве. Гэтая аглядка была абавязковай для ўсіх, хто займаў кіраўнічыя пасады. Тыя ж, хто афіцыйных прысудаў хоць бы фармальна не паўтараў, на пасадах не затрымліваліся. Давялося ж Алесю Адамовічу развітацца з Маскоўскім універсітэтам, дзе ён чытаў курс беларускай літаратуры, пасля таго, як адмовіўся падпісаць асуджальны ліст супроць А. Сіняўскага. І ў Мінску яго нідзе на працу не бралі. Рызыкнуў гэта зрабіць асцярожны ў многіх выпадках Барысенка.
Зноў вяртаючыся да канфлікту Семяновіча з Барысенкам, мушу падкрэсліць, што тут Антон Аляксандравіч не сказаў пра самае галоўнае. У Інстытуце літаратуры тады арганізавалася ладная група навуковых супрацоўнікаў з кандыдацкімі ступенямі, якія намерыліся скінуць Барысенку з дырэктарскага крэсла. Закулісна гэтай групай дырыжыраваў Ю. Пшыркоў. Знешне сваёй апазіцыйнасці ён ніяк не праяўляў, мабыць, разлічваючы, што так у яго будзе больш шансаў трапіць на пасаду кіраўніка Інстытута, калі ўдасца зваліць Барысенку. Семяновіч жа ўзначальваў апазіцыянераў адкрыта. У іх склад уваходзілі, апрача яго, А. Коршунаў, М. Луфераў, С. Александровіч, В. Жураўлёў, К. Хромчанка. Яны напісалі ліст у ЦК КПБ з прэтэнзіямі да Барысенкі. Якія канкрэтна былі тыя прэтэнзіі, я не ведаю, бо самога ліста не чытаў. Але што ён быў і выклікаў найбольшае Барысенкава абурэнне, ведаю дакладна.
Кіраўнічая кар’ера Барысенкі тады вісела на валаску. Бо гэта ж не жартачкі, што ажно шэсць чалавек з навуковымі ступенямі адкрыта ўзбунтаваліся супроць свайго кіраўніка, патрабуючы яго замены. Але Барысенка і тут перамог. Ён заручыўся падтрымкай ЦК КПБ і разгром апазіцыі правёў па ўсіх правілах чыноўніцкага майстэрства. Найперш ён узяўся за Коршунава, які два гады рабіў «Хрэстаматыю» па старабеларускай літаратуры, кнігу вельмі патрэбную, але няпланавую. Сваю планавую тэму, за працу над якой атрымліваў зарплату ў Інстытуце літаратуры, Коршунаў праваліў поўнасцю. Пакуль ён не ўздумаў бунтавацца супроць дырэктара, дык той не прыспешваў яго са справаздачай, мабыць, мяркуючы, што і па планавай тэме чалавек нешта робіць. А з Коршунавым-бунтаўніком размова аказалася рашучай. У канчатковым выніку Коршунаў напісаў заяву, што яго подпіс на лісце ў ЦК паставілі без ягонай згоды, значыць, падрабілі. А дакумент з падробленым подпісам ужо не дакумент. Словам, Коршунаў падвёў сяброў па апазіцыі найбольш, але дзякуючы гэтаму ў Інстытуце застаўся.
Застаўся і Жураўлёў, які ўвогуле вызначаўся сваёй памяркоўнасцю. Ён шчыра пакаяўся. І Барысенка яму дараваў часовую няўстойлівасць. Хромчанка і Александровіч пайшлі ў БДУ чытаць грувасткі курс літаратуры народаў СССР, Семяновіч — у Мінскі педінстытут (цяпер БДПУ імя Максіма Танка). Пісаў Семяновіч заўсёды ў лепшым выпадку пасрэдна. Але пакуль сядзеў ціха, дык гэта неяк даравалася, хоць пэўныя нараканні былі. А як стаў ваяваць, дасталося і яму напоўніцу. Што тут зробіш... На вайну трэба ісці добра ўзброеным. А калі належнай узброенасці няма, на перамогу разлічваць наіўна.
Здзіўляе ў кнізе Семяновіча і тое, што ён выдае сябе непагрэшным празарліўцам, хаця таксама паўтараў усе тыя казённыя догмы, без прызнання якіх наша літаратуразнаўства ў часы таталітарызму існаваць не магло. Ужо не ў жахлівыя 1930-я гады, а ў перыяд адносна ліберальнай хрушчоўскай адлігі A.Семяновіч падтрымаў той паклёп на беларускую інтэлігенцыю, які зрабіў З. Бядуля ў другім томе рамана «Язэп Крушынскі», дзе праз вобраз Антона Цярэшкі здзекліва высмейваўся Янка Купала, зняважліва пісалася аб працы «Узвышша», у негатыўным асвятленні трактавалася творчасць У. Дубоўкі, Я. Пушчы, крытыка А. Бабарэкі. Пры гэтым падаваліся сапраўдныя назвы іх твораў, цытаты з вершаў, вытлумачаныя з нядобразычлівасцю, характэрнай для гаворкі пра заклятых ворагаў. У скажоным асвятленні Бядуля паказаў акадэмічную канферэнцыю 1936 года, якая паўстае ў рамане як зборышча замежнікаў, што прыехалі ў Беларусь рыхтаваць дзяржаўны пераварот.
Фактычна Бядуля скаціўся да антыбеларускіх твораў. Такім творам стаў другі том рамана «Язэп Крушынскі», напісаны ва ўгоду пагромшчыкам беларускай літаратуры. Семяновіч жа ў сваёй брашуры «Змітрок Бядуля» (Мінск, 1960) сцвярджаў: «Абапіраючыся на гістарычныя факты, Змітрок Бядуля раскрывае контррэвалюцыйную дзейнасць беларускіх буржуазных нацыяналістаў як у часы нямецкай і белапольскай акупацыі Беларусі (1918— 1920), так і ў першыя гады мірнай стваральнай працы савецкага народа. Наш народ выкрыў змяінае гняздо ворагаў і абясшкодзіў яго. Усе так званыя “прэм’еры”, “маршалкі”, “міністры” былі выкінуты на сметнік гісторыі».
На самой справе Бядуля абапіраўся не на гістарычныя факты, а на іх крывадушнае перакручванне, на знарочыстыя інсінуацыі, якія патрэбны былі нашым тагачасным уладам для пагрому беларускай культуры. Тое, што злачыннай антыўрадавай дзейнасці не вялі людзі, абвінавачаныя ў нацдэмаўшчыне, буржуазным нацыяналізме, пацвердзіла сама савецкая ўлада, пасмяротна рэабілітаваўшы за адсутнасцю складу злачынства і B. Ластоўскага, і А. Луцкевіча (на іх быў ківок праз распісванне злачыннага гнязда «прэм’ераў», «маршалкаў», «міністраў»), і Дубоўку, і Пушчу, і Бабарэку, і іншых пакутнікаў, распінаных за любоў да Беларусі, за шчырую працу па ўздыме яе культуры.
Апраўдваючы самае горшае ў паклёпніцкім творы З. Бядулі, А. Семяновіч далучаўся да дзікіх нападак на пісьменнікаў. Па сваёй сутнасці гэта была такая ж недаравальная вульгарызацыя, як і ў Барысенкавых артыкулах супроць Гарэцкага і Бранштэйна. Толькі Семяновіч у адрозненне ад Барысенкі сваіх грахоў не прызнаў і публічна ў іх не пакаяўся.
Зрэшты, мы ўсе так ці іначай паўтаралі многія казённыя догмы, аддаючы сваю даніну несвабодзе ў таталітарным грамадстве, бо мусілі пісаць у каардынатах афіцыйнай ідэалогіі. Усведамляць гэта непрыемна, але трэба, калі сумленне для нас нешта значыць.
Для справядлівай ацэнкі зробленага Барысенкам неабходны як гаворка пра яго вульгарызатарскія артыкулы сталінскіх часоў, так і разважлівы аналіз яго ў цэлым плённай працы ў беларускім літаратуразнаўстве пазнейшага перыяду. А набытак у Барысенкі тут немалы. Ён грунтоўна даследаваў літаратуру ХІХ стагоддзя, перш за ўсё спадчыну Францішка Багушэвіча і яго ролю ў развіцці крытычнага рэалізму на беларускай нацыянальнай глебе, пісаў пра творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа, Змітрака Бядулі і Міхася Лынькова, Кандрата Крапівы і Паўлюка Труса, вывучаў сувязі нашых пісьменнікаў з рускай і ўкраінскай літаратурамі.
Ажно 19 выданняў вытрымаў падручнік для 8-га класа «Беларуская літаратура», напісаны В. Барысенкам у суаўтарстве з В. Івашыным. Варта згадаць таксама складальніцкую працу В. Барысенкі, вынікам якой сталі хрэстаматыі па беларускай літаратуры для школ і педвучылішчаў, а таксама такія навуковыя выданні-зборнікі, як «Беларускія пісьменнікі другой паловы ХІХ стагоддзя» (1956), «Беларуская дакастрычніцкая проза» (1965), «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1967).
На пасадзе дырэктара Інстытута літаратуры ён аддаваў шмат увагі падрыхтаваным у гэтым інстытуце працам: «Очерк истории белорусской советской литературы» (М., 1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), двухтомная «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1964 —1966)і «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1968—1969), «История белорусской дооктябрьской литературы» (Мінск, 1977).
Як аўтар, ён не так багата напісаў для згаданых аб’ёмных выданняў, але затое быў іх непасрэдным практычным арганізатарам і адным з навуковых рэдактараў. А гэта таксама вельмі нялёгкая справа, у некаторых адносінах нават больш складаная, чым індывідуальная ўласна даследчыцкая праца. Усяго ж праз рукі В. Барысенкі як навуковага рэдактара прайшла цэлая бібліятэка самых розных выданняў — ад збораў твораў нашых класікаў да першых прац маладых вучоных. І рэдактар ён быў талковы, разумны і непалахлівы. Прыгадваецца, як у маёй кнізе «Паэзія Максіма Танка», якая ў 1964 годзе выйшла ў «Навуцы і тэхніцы», кіраўнікі выдавецтва са спазненнем убачылі «крамолу» і прапанавалі выдзіраць некаторыя лісты ўжо гатовага тыражу. Барысенка (ён быў навуковым рэдактарам кнігі) яшчэ раз уважліва перачытаў «падазроныя» мясціны і запэўніў палахліўцаў, што нічога страшнага тут няма. Пасля выхаду ў свет кніга рэцэнзавалася ў шэрагу выданняў. І ні адзін рэцэнзент не зачапіўся за тое, з-за чаго ўзняўся пярэпалах у выдавецтве.
Словам, мне было за што паважаць Барысенку, хоць і пра яго колішнія грахі я ведаў. Але самым важным мне ўяўляецца тое, што там, дзе можна было быць чалавекам, ён ім быў. Пра гэта ў свой час пісалі А. Адамовіч, У. Калеснік, В. Каваленка і іншыя нашы літаратары з гучнымі імёнамі. Яны таксама былі ўдзячныя Васілю Барысенку за яго добрыя справы.
2003 г.
ЯШЧЭ РАЗ ПРА СЦЯПАНА АЛЕКСАНДРОВІЧА
Сцяпан Хусейнавіч Александровіч пражыў вельмі нялёгкае, але надзвычай змястоўнае жыццё (1921 — 1986). Сорак гадоў працаваў ён на ніве беларускай культуры і атрымаў шырокае, трывалае прызнанне як адзін з найбольш працавітых яе рупліўцаў. Гэтае прызнанне прыйшло да яго яшчэ пры жыцці. Не змяншаецца ягоная папулярнасць і пасмяротна, бо трымаецца на трывалым падмурку сапраўдных дасягненняў навукоўца шырокага профілю, добразычлівага педагога, а лепш сказаць, прыроджанага настаўніка, таленавітага літаратара, які цаніў слова няхай знешне і някідкае, але дакладнае, жывое і трапнае, калі яно пастаўлена там, дзе трэба.
Цяперашнія нашы навуковыя чытанні, прысвечаныя 85-годдзю з дня нараджэння Сцяпана Александровіча, — гэта ўжо чацвёртае ягонае юбілейнае ўшанаванне, у якім мне давялося ўдзельнічаць. Кажу так, бо я выступаў з дакладамі пра Александровіча ў 1996 і 2001 гадах (75 і 80-годдзі з дня нараджэння Сцяпана Хусейнавіча), а яшчэ ў 1971 г., з выпадку першай круглай даты даследчыка, апублікаваў артыкул пра яго. Тады газета «Літаратура і Мастацтва» ў нумары за 17 снежня змясціла цёплае прывітанне юбіляру ад Саюза пісьменнікаў (С. Александровіч быў яго сябрам з 1955 г.) і мой артыкул «Працавітасць, памножаная на талент». Загаловак, здаецца, невыпадковы, бо Сцяпан Хусейнавіч на працягу ўсяго свайго жыцця ў літаратуры і навуцы працаваў на поўную моц падараванага яму лёсам таленту, з рэдкай цягавітасцю і ўпартасцю, якая пры яго вельмі слабым здароўі, катастрафічна падарваным у гітлераўскім палоне, проста здзіўляла. І якраз у 1971 г. ён паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю «Праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя». Яна апублікавана асобнай кнігай пад назвай «Пуцявіны роднага слова». Гэта адна з самых важкіх і змястоўных у нашым літаратуразнаўстве даследчых кніг.
Я прымаў удзел у абмеркаванні Сцяпанавай дысертацыі і горача падтрымаў яе, бо выразна бачыў навізну і выключную грунтоўнасць працы. Заўважыць і тое, і другое было зусім не цяжка, бо Сцяпан Хусейнавіч вельмі доказна, на велізарным фактычным матэрыяле, які ў большасці выпадкаў упершыню ўводзіўся ў навуковы ўжытак, паказаў, як збеднена ўяўлялі мы сваю літаратуру ў адзін з самых адказных перыядаў яе развіцця. У навуковай грамадскасці дысертацыя Сцяпана Александровіча і асабліва яго кніга « Пуцявіны роднага слова» выклікалі самае прыязнае стаўленне. Але начальства, вядома, не кафедральнае ці факультэцкае, а больш высокае, тое, што ажыццяўляла над намі пільны ідэалагічны нагляд, глядзела на Сцяпана Хусейнавіча з пэўнай асцярогай — з-за таго злашчаснага палону і настойлівага імкнення даследчыка па-новаму асэнсоўваць беларускую гісторыю, заглыбляцца ў нацыянальныя праблемы.
У такой сітуацыі сяброўская падтрымка тых, хто паважаў нашу гісторыю, з трывогай думаў пра лёс беларускай культуры і самой нашай мовы, была зусім не лішняй. Таму Сцяпан Хусейнавіч з удзячнасцю ўспрымаў шчырае, прыхільнае слова пра яго. Мне ён падарыў «Пуцявіны роднага слова» з вельмі прыязным подпісам. Усяго ж у сваёй дамашняй бібліятэцы я налічыў 8 Александровічавых кніг з дарункавымі аўтографамі.
Але вярнуся да юбілейных ушанаванняў Александровіча. У 1998 г. выйшла цэлая кніга (памер — 152 старонкі, тыраж выдання не пазначаны), у якой сабраны матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Сцяпана Александровіча. Яна праходзіла ўжо без яго самога, бо ён адышоў у лепшы свет на дзесяць гадоў раней. Гэтая канферэнцыя адбывалася на нашым філфаку з удзелам пісьменнікаў Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Міколы Аўрамчыка, навукоўцаў не толькі з БДУ, але і з НАН (А. Ліс, Г. Кісялёў, Л. Лыч, гісторык па спецыяльнасці, і інш.), а таксама з Расійскай АН. Яе прадстаўляў А. К. Каўка з Інстытута сусветнай літаратуры імя А. М. Горкага. Былі, як сведчыць згаданае выданне, і навукоўцы негуманітарнага профілю. Адзін з іх — Х. М. Александровіч, доктар хімічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН. Ён назваў сябе родзічам і земляком Сцяпана Хусейнавіча. Дык вось гэты Сцяпанаў родзіч і зямляк прыгадвае: «У перыяд нашага знаёмства Сцяпан Хусейнавіч настаўнічаў у Навагрудку». Ён быў «выхаваны ў ідэалогіі таталітарнай савецкай дзяржавы», пабыў «у час Айчыннай вайны ў нямецкім палоне». І гэта, працягвае родзіч, накладвала на яго свой адбітак: «Ён у той час ... выклікаў уражанне чалавека вельмі падаўленага жыццём... быў мала разгаворлівым і замкнёным, пазбягаў размоў пра вайну, пра палон, пра палітыку, пра мінулае і будучыню. Кантрастам гэтаму былі сустрэчы з ім у больш познія гады ў Мінску, асабліва пасля першай адлігі ў 1953 г. Відаць было, як Сцяпан Хусейнавіч літаральна перайначваўся ў жыцці, у яго пачала паяўляцца ўпэўненасць у сабе, ён станавіўся больш камунікабельным у зносінах і адкрытым. Дзякуючы высокаму ўнутранаму інтэлекту ён з глыбокай цікавасцю і разуменнем ставіўся да людзей і іх жыццёвых праблем. Таму ў памяці ён захаваўся вельмі добрым, адзыўлівым, высакародным, бескарыслівым і добразычлівым Чалавекам з вялікай літары».
Сказана зусім слушна, прынамсі пра большую натуральнасць у штодзённых стасунках Сцяпана Хусейнавіча тады, калі пачалася хоць нейкая лібералізацыя ў краіне, і, вядома, пра яго чалавечае высакародства.
Я добра пазнаёміўся са Сцяпанам Хусейнавічам у час сумеснай працы ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі. Сцяпан Хусейнавіч там працавў старшым навуковым супрацоўнікам у 1958—1963 гадах. А потым перайшоў у БДУ, на філфак. Чытаў ён даволі грувасткі курс літаратуры народаў СССР. Я ж трапіў у акадэмічны Інстытут літаратуры ў 1959 г. Як і Сцяпан Хусейнавіч, працаваў там чатыры гады. Праца ў Інстытуце літаратуры пад крылом майго навуковага кіраўніка В. В. Барысенкі мне вельмі падабалася. Падабаўся і інстытуцкі калектыў. Асабліва Алесь Адамовіч. Ён з цягам часу пачаў ставіцца да мяне з сяброўскай прыязнасцю. Гэта радавала вельмі моцна, бо я бачыў рознабаковую таленавітасць Адамовіча, разумеў, што ён самы выдатны беларускі крытык. Шмат чаго абуджала ў душы ягоная глыбока праўдзівая, баявіта-задзірыстая мастацкая проза, па шэрагу параметраў роднасная быкаўскай прозе. Як і Быкаў, вызначаўся Адамовіч сваёй выключнай сумленнасцю, грамадзянскай мужнасцю і прынцыповасцю ва ўсім.
Сцяпан Александровіч таксама адыграў немалую ролю ў маім лёсе. Гэта ён сагітаваў мяне перайсці на выкладчыцкую працу ў БДУ, на кафедру беларускай літаратуры. Тады яе ўзначальваў Міхась Ларчанка, памяркоўнасць і добразычлівасць якога вядомыя, як і гатоўнасць бараніць беларушчыну тады, калі іншыя мэтры сціпленька маўчалі.
Праца ў БДУ вабіла і жывымі кантактамі са студэнцкай моладдзю, якая сваёй няўрымслівасцю і энтузіязмам, здаецца, падсілкоўвае і выкладчыкаў, калі ў іх яшчэ захоўваецца жывая душа. Згадаю і тое, што, перайшоўшы ў БДУ, я захоўваў трывалыя кантакты з Інстытутам літаратуры. Так што парада Александровіча падацца ўслед за ім на філфак БДУ аказалася слушнай. Тут я працую з 1964 года і на сваю выкладчыцкую долю скардзіцца не маю падстаў. Пашанцавала мне і ў тым сэнсе, што давялося чытаць беларускую літаратуру.
У 1972 г. быў уведзены курс гісторыі літаратурнай крытыкі. Чытаць яго выпала разам са Сцяпанам Александровічам. Ён узяў сабе крытыку дарэвалюцыйную, а мне застаўся савецкі перыяд. Гэта мяне цалкам задавальняла, бо ў тыя гады прымаў актыўны ўдзел у літаратурным жыцці, добра ведаў самых славутых нашых пісьменнікаў і карыстаўся іх падтрымкай.
Навуковыя працы Сцяпана Александровіча заўсёды прываблівалі сваёй багатай канкрэтыкай, шчодрым выкарыстаннем архіўных матэрыялаў і малавядомых фактаў, якія даследчык здабываў у выніку карпатлівых пошукаў. Каб напісаць чарговую кнігу ці толькі артыкул даследчага характару, ён нярэдка гадамі збіраў неабходныя звесткі, перачытваў горы старых выданняў у розных бібліятэках і музейных сховішчах былой савецкай краіны і за яе межамі, падымаў не толькі колішнюю беларускую, але і рускую, украінскую, польскую перыёдыку, працаваў у архівах Мінска, Масквы, Ленінграда і Вільнюса, Кракава і Прагі.
І ён умеў займальна пісаць як пра свае пошукі, так і пра лёс пісьменнікаў, што станавіліся аб’ектам даследавання.
Рыхтуючы гэтае выступленне, я стаў перагортваць некаторыя Александровічавы кнігі. Перачытваць іх усе не было патрэбы, бо і так ведаў яшчэ з тых часоў, калі выкладаў літаратурную крытыку студэнтам. Цяпер узяў «Крыжавыя дарогі» (1985). Як вядома, гэта заключная аповесць пра Якуба Коласа. Ранейшыя выходзілі пад назвамі «Ад роднае зямлі» (1962) і «На шырокі прастор» (1972). У «Крыжавых дарогах» па-мастацку паказаны жыццё і праца народнага пісьменніка на Куршчыне і ў наступныя гады, да самых апошніх коласаўскіх дзён уключна. Напісана так, што ад кнігі нельга адарвацца. Асабліва пранікнёна гаворыцца пра цяжкія выпрабаванні, што выпадалі і на долю Коласа.
У іншых выпадках, калі пра ўсе акалічнасці трагічнага характару, з якімі сутыкаліся беларускія пісьменнікі, з-за ўмоў часу сказаць нельга было, Александровіч, здаецца, фізічна пакутаваў. Вось у кнізе «Тут зямля такая» (1974) ён падышоў да арышту Кузьмы Чорнага восенню 1938 г. Але пра той арышт і турэмнае зняволенне, якое жахлівым цяжарам абрынулася на пісьменніка, з-за цэнзурнай забароны нельга было сказаць ні ў 1964 г., калі пісаўся артыкул, ні праз дзесяцігоддзе, калі праца перадрукоўвалася ў кнізе. Даследчык мусіў у абодвух выпадках абмяжоўвацца такой фразай: «Захварэла жонка, і Кузьма Чорны позна ўвечары 13 кастрычніка 1938 года пайшоў у аптэку па лекі, а дамоў вярнуўся толькі 8 чэрвеня 1939 года». Але змірыцца з такім глуха-няўцямным дакрананнем да вялікай бяды С. Александровіч не мог. І як цэнзурныя ўмовы змяніліся, ён даў волю сваім пачуццям, растлумачыўшы, што 13 кастрычніка 1938 г. Чорны не вярнуўся з аптэкі дамоў, бо «яго арыштавалі ля пад’езда дома. Жонка не ведала, што з ім здарылася, але неўзабаве ноччу прыйшлі рабіць вобыск, перавярнулі кнігі, рыліся ў рукапісах і забралі іх з сабою.
У турме пісьменнік перажыў страшэнныя маральныя і фізічныя пакуты. З дня ў дзень цягнуліся здзеклівыя допыты і цяжкія катаванні. Абвінавачанне было недарэчнае і дзікае: хацеў забіць ... Варашылава. Для гэтага нібыта ездзіў у пагранічныя Цімкавічы, каб атрымаць адпаведныя інструкцыі ад чалавека, які назваўся старшынёю калгаса». Далей даследчык цяпер яшчэ дадаваў, што вялікі здзек уладаў з невінаватага Кузьмы Чорнага падкасіў і ягонага бацьку. Ён «уныў душою, вялікае ўтрапенне ахапіла яго сэрца. Стары праседзеў у роздуме каля акна, потым неяк як сам не свой звязаў венік, лёг спаць і больш не прачнуўся».
Прачытаеш такое і будзеш памятаць калі не заўсёды, дык вельмі доўга.
З цікавасцю чытаецца і аповесць С. Александровіча «Далёкія зарніцы» (1967). Галоўны герой гэтай аповесці — беларускі юнак з татарскімі генетычнымі каранямі Адам Асановіч. Ён уцякае з нямецкага палону, у які трапіў параненым у цяжкіх баях каля Керчанскага праліва вясною 1942. Гэта выразна пераклікаецца з ваеннай біяграфіяй Сцяпана Хусейнавіча. І па складзе свайго характару Асановіч вельмі блізкі да аўтара. Словам, пісьменнік у «Далёкіх зарніцах» узнавіў многае з перажытага ім самім у час Айчыннай вайны. Але ён не ставіў перад сабой задачу напісаць твор цалкам аўтабіяграфічны. І таму нярэдка адыходзіў ад фактаў сваёй ваеннай адысеі. Адзін паказальны прыклад. У аўтабіяграфіі «Радзіма мая — Капыль» так згадваюцца Александровічавы ўцёкі з палону і потым далучэнне да падпольшчыцкай і партызанскай барацьбы: «Разам з сябрамі-ўкраінцамі ўцёк з лагера і пасля амаль двухмесячнага блукання, прайшоўшы Украіну і Палессе, у вёсцы Сярэдзінкі пад Слуцкам зваліўся з ног. Адзін дзядзька злітаваўся і прывёз мяне тайком ледзь жывога ў Капыль, у бацькаву хату. Было гэта ў кастрычніку 1942 года.
Пацягнуліся пакутлівыя дні хатняга арышту. З хаты не пускала хвароба (з лагера прынёс працэс у лёгкіх), баяўся я і чужога вока. На легальнае становішча перайшоў канчаткова вясною 1943 г. Маладосць і дамашні харч збольшага прытушылі хваробу. К гэтаму часу ў мяне ўжо наладзіліся сувязі з партызанамі, якім бацька вырабляў аўчыны і круціў сырамяць на збрую». Далей яшчэ зазначаецца, што хлопец «стаў членам капыльскай падпольнай групы, выканаў два баявыя заданні. Савецкую Армію сустракаў у партызанскім атрадзе».
Асановіч з «Далёкіх зарніц» далучаецца да партызан больш хутка і проста. Да спагадлівай гаспадыні леснічоўкі, дзе знайшлі часовы прытулак Асановіч з сябрамі яшчэ ў час уцёкаў з палону, заходзяць партызаны. «Мы кідаемся да іх, абдымаемся і плачам ад радасці». Гэта апошняя фраза аповесці. Такі фінал сведчыць, што Сцяпан Александровіч і там, дзе ён абапіраўся на ўласна перажытае, літаральна не капіраваў рэальныя факты, а кіраваўся логікай мастацкага твора, якая і дыктавала тыя ці іншыя сюжэтныя павароты. Гэта азначае, што ў яго было мастакоўскае пачуццё, якое вяло аўтара не толькі ў «Далёкіх зарніцах» ці ў аповесцях пра Якуба Коласа, але і ў кнігах «Незабыўнымі сцежкамі» (1962), «Па слядах паэтычнай легенды» (1965), «Тут зямля такая» (1974) і інш.
Заканчваючы размову пра Сцяпана Хусейнавіча, хочацца яшчэ раз падкрэсліць, што ён быў сапраўдным беларусам, хоць меў генетычна не беларускія, а татарскія карані. Але беларушчынай ён пранікся з дзяцінства і самааддана служыў ёй да канца сваіх дзён.
2006 г.
ЖЫЦЦЁ, АБАРВАНАЕ НА ЎЗЛЁЦЕ
(пра Сяргея Гусака)
Сяргей Адамавіч Гусак пражыў няпоўныя сорак гадоў (02.IV. 1930— 20.ХІІ.1969). У магілу звяла яго страшная хвароба веку — рак. Яна напаткала Сяргея Адамавіча тады, калі ён ужо атрымаў прызнанне як удумлівы даследчык літаратуры і таленавіты педагог, які добра ведаў школьную і вэнэунаўскую спецыфіку.
Ён нарадзіўся ў вёсцы Іванькаўшчына Мазырскага раёна ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Мазыры. У 1950—1955 гадах вучыўся на філфаку ў БДУ. Яшчэ ў час навучання ва ўніверсітэце працаваў карэктарам, потым стыльрэдактарам рэспубліканскай газеты «Калгасная праўда». Пасля сканчэння філалагічнага факультэта выкладаў беларускую і рускую мовы і літаратуру ў Жалудокскай сярэдняй школе на Гродзеншчыне, затым, ужо на Брэстчыне, быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў вёсцы Воўчын былога Высокаўскага раёна, завучам сярэдняй школы ў Малых Зводах, загадчыкам раённага аддзела народнай асветы ў г. п. Высокае, займаўся ў завочнай і стацыянарнай аспірантуры Белдзяржуніверсітэта. Закончыўшы аспірантуру, працаваў старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, начальнікам вучэбна-метадычнага аддзела таго ж міністэрства.
У 1965 годзе, паспяхова абараніўшы кандыдацкую дысертацыю па творчасці Аляксея Кулакоўскага, Сяргей Гусак перайшоў на выкладчыцкую работу ў БДУ. Тут ён быў старшым выкладчыкам кафедры беларускай літаратуры, потым в. а. дацэнта. Роўна год (ІХ. 1967 — ІХ. 1968) працаваў намеснікам дэкана філфака. На гэтую пасаду яго ўладкаваў Аляксей Арсеньевіч Воўк, які ў 1967 годзе стаў філфакаўскім дэканам. У яго было даўняе і трывалае сяброўства з Гусаком. Воўк, які меў арганізатарскі талент і вызначаўся сваёй чалавечай неардынарнасцю, на пасадзе дэкана заставаўся да канца свайго жыцця. Але ён не праяўляў схільнасці вельмі ўжо запабягаць перад вышэйшым начальствам, якое не раз ушчувала яго за розныя дробныя прамашкі, якія непазбежна здараюцца ў практычнай рабоце. Бывала, што прапясочвалі Аляксея Арсеньевіча моцна, шмат разоў збіраліся пазбавіць дэканскай пасады. У такія часы Воўк казаў мне, што ён асабліва не бядуе, бо ў крайнім выпадку пойдзе да Гусака намеснікам. Было гэта ўжо тады, калі Гусак стаў рэктарам Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна. У Брэст на рэктарскую пасаду Сяргей Гусак пайшоў з БДУ ў кастрычніку 1968 года і працаваў там да канца сваіх дзён, здабыўшы шчырую прыхільнасць многіх людзей.
Я крыху ведаў Гусака яшчэ да таго, як ён прыйшоў на нашу кафедру. Адносіны былі памяркоўна-прыязныя. Я трымаўся незалежна не толькі з Гусаком, бо ўжо быў, як цяпер кажуць, сябрам Саюза пісьменнікаў (з 1961 года) і паўнапраўным дацэнтам, меў дыплом старшага навуковага супрацоўніка, які зарабіў у АН БССР, тры аўтарскія кнігі і цэлы шэраг артыкулаў у самых розных выданнях, некалькі раздзелаў у акадэмічнай «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры». Але ўсё гэта аказалася малаістотным, калі Гусак стаў намеснікам дэкана.
Тады пасылалі выкладчыкаў, звычайна самых маладых, да якіх я не належаў, «на бульбу» — быць ці то наглядчыкамі, ці то прыганятымі-цівунамі, як смяяліся жартаўнікі, у дачыненні да студэнтаў, якія капалі калгасную бульбу з поўнай выкладкай сіл. Выкладчыкі не капалі: ад іх такое не патрабавалася, а выступалі хутчэй у ролі, я сказаў бы, нейкіх «прыдуркаў», якіх трэба было яшчэ і карміць за кошт студэнцкіх заробкаў (калгас плаціў студэнтам нейкія, увогуле зусім невялікія, грошы). Так што выкладчыкі блыталіся пад нагамі ў тых, хто працаваў, бясплатна. Словам, заўсёды дарагі час траціўся ўпустую.
Дык вось памяркоўны Гусак, стаўшы начальнікам, загадаў ехаць у калгас мне. Я адмовіўся, бо ў дадатак да ўсяго яшчэ хадзіў на лячэнне (у мяне было абвастрэнне хранічнага запалення сярэдняга вуха, захворванне сур’ёзнае, годам раней я з ім ляжаў і ў бальніцы). «Нясіце даведку пра хваробу», — паначальніцку афіцыйна загадаў наваспечаны намеснік дэкана.
Вядома, даведку я прынёс. І Гусак ад мяне адступіўся. А як выйшла ягоная кніжка «Аляксей Кулакоўскі. Крытыка-біяграфічны нарыс» (Мінск, 1967), дык і запрасіў мяне ў рэстаран на абед і там падпісаў тую кніжку так: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу з пачуццём глыбокай павагі. 25. ХІ. 67. С. Гусак». Гэта адзіная Гусакова кніжка, якая пабачыла свет пры ягоным жыцці. Другая кніжка (невялікі зборнік артыкулаў «Пафас праўды». Мінск, 1973) выдадзена пасля смерці крытыка.
У Саюз пісьменнікаў мы прымалі яго ў 1969 годзе, тады, калі ён ужо быў безнадзейна хворы. Рабілася гэта больш дзеля таго, каб сям’я крытыка магла разлічваць на нейкую дапамогу ад пісьменніцкай арганізацыі, якая тады валодала немалымі сродкамі. Кажу тут «мы прымалі», бо я ў той час быў старшынёю секцыі крытыкі і разам з Іванам Мележам, які ўзначальваў прыёмную камісію, удзельнічаў у афармленні неабходных папер. Ад імя секцыі (відаць, мною, бо тэкст захаваўся ў мяне) была зроблена наступная рэкамендацыя: «С. А. Гусак пачаў друкавацца не так даўно. Стаж яго работы ў якасці крытыка і літаратуразнаўцы не налічвае і дзесяці гадоў. Колькасна С. Гусаком апублікавана пакуль што таксама не вельмі многа. Яму належыць крытыкабіяграфічны нарыс «Аляксей Кулакоўскі» (1967) і шэраг артыкулаў пераважна ў часопісах «Полымя», «Маладосць» і ў газеце «ЛіМ». Тым не менш С. Гусак звярнуў на сябе ўвагу нашай літаратурнай грамадскасці. Яго працы звычайна прывабліваюць сваёй прынцыповасцю, пафасам праўды, высокай патрабавальнасцю да літаратурных з’яў сучаснасці (С. Гусак піша галоўным чынам пра сучасную беларускую прозу), уменнем аўтара кваліфікавана і тонка аналізаваць мастацкія творы.
Шчырая любасць да літаратуры, добрае моўнае чуццё, развіты эстэтычны густ, грунтоўная тэарэтычная падрыхтоўка (Гусак з’яўляецца кандыдатам філалагічных навук) — усё гэта ёсць у Гусака, усё гэта дазваляе і ў будучым чакаць ад яго плённай працы ў галіне крытыкі і літаратуразнаўства».
Аптымістычнае заключэнне не апраўдалася, бо Гусак, паўтару, ужо фактычна паміраў. Мы, канечне ж, ведалі пра гэта. Але хацелася спадзявацца на нейкі цуд. Ды статус рэкамендацыі і вымагаў бадзёрай канцоўкі.
Вельмі высокую ацэнку крытыку даў тады Іван Мележ. На пасяджэнні прыёмнай камісіі ён сказаў: «Сяргей Гусак адносіцца да ліку самых сур’ёзных, удумлівых нашых крытыкаў. Яго працы, у прыватнасці яго манаграфія, прысвечаная творчасці А. Кулакоўскага, сведчаць пра самастойнасць даследчага падыходу, пра здольнасць крытыка глыбока аналізаваць літаратурныя з’явы, правяраць іх важкасць жыццём, рэальнымі жыццёвымі праблемамі».
Прыгадаю таксама выказванне Р. Шкрабы: «Гусак рос творча з кожнай сваёй новай працай».
Цяпер я перачытаў абедзве Гусаковы кнігі. У іх, асабліва ў зборніку артыкулаў, моцна адчуваецца тагачасная ідэалагічная зададзенасць (ёй тады аддавалі непазбежную даніну мы ўсе). А Гусак жа быў дысцыплінаваным членам бальшавіцкай партыі, яе патрабаванні ведаў добра і, прынамсі адкрыта, не парушаў іх. Але ў сваіх артыкулах ён звычайна вылучаў лепшыя творы той пары. Ён з прыхільнасцю пісаў пра Я. Коласа і К. Чорнага, М. Зарэцкага і К. Крапіву, І. Мележа і Я. Брыля, І. Шамякіна і М. Лобана, І. Навуменку і Б. Сачанку. Ды і ў гэтых пісьменнікаў хваліў тое, што пахвалы заслугоўвала. У таго ж Шамякіна ён асабліва цаніў раман «Сэрца на далоні». Там жа, дзе вялася канкрэтная размова пра эстэтычную адметнасць майстроў слова, своеасаблівасць іх стылю, меркаванні Гусака і сёння застаюцца безумоўна цікавымі і не патрабуюць значнай карэкціроўкі.
Асабліва шмат такіх нагляданняў у кнізе пра Аляксея Кулакоўскага, якая належыць да лепшых, найбольш грунтоўных крытыка-біяграфічных нарысаў, выдадзеных у тыя гады.Зразумела, Гусак мусіў пісаць як пра няўдачу пра самую вострую і шчыра праўдзівую аповесць Кулакоўскага «Дабрасельцы», бо яна тады афіцыйна лічылася ідэйна заганнай якраз за тое, што пісьменнік там сказаў нямала горкай праўды пра савецкія парадкі. Але затое крытык шмат добрага знайшоў у некаторых апавяданнях пісьменніка, сапраўды лепшых, у аповесцях «Да ўсходу сонца» і «Нявестка», у дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» і «Сустрэчы на ростанях».
Вызначаючы мастакоўскую своеасаблівасць празаіка, Гусак слушна пісаў: «З першых крокаў сваёй літаратурнай дзейнасці Кулакоўскі заявіў сябе бытапісцам. Арыентацыя Кулакоўскага на быт чалавека была адной з прычын, якая аслабляла навуковую цікавасць да яго творчасці. Звязаная з бытам літаратура ва ўмовах, калі заахвочвалася ўяўная манументальнасць мастацтва слова, калі лічылася няёмкім гаварыць аб надзённых патрэбах чалавека, разглядалася як літаратура другога эшалона, ніжэйшага гатунку. Насцярожанасць да мастацкага асэнсавання штодзёншчыны, быту адчуваецца ў нашай літаратуры і крытыцы і зараз; будзёншчыны, па словах Янкі Брыля, “усё яшчэ баяцца і тыя, што пішуць, і тыя, што вучаць пісаць”».
У бытапісцу часам схільны бачыць пісьменніка, які толькі і здольны, што паслядоўна, крок за крокам, з этнаграфічнай дакладнасцю апісваць прадметы хатняга ўжытку, сямейнае жыццё, норавы і звычкі людзей і іх нейкай застыласці, ізаляванасці ад жыццёвых бур. Бытавая плынь твора пры гэтым разглядаецца як перашкода стварэнню значных чалавечых характараў».
Крытык паслядоўна абвяргае такі падыход, даводзячы канкрэтным аналізам твораў Аляксея Кулакоўскага, што «праз быт пісьменнік ідзе ў свет вялікага жыцця, дзе сутыкаюцца маральна-этычныя, грамадска-палітычныя і філасофскія праблемы». Гэта асноўная ідэя даследавання, рэалізаваная ў кнізе пра Кулакоўскага ў цэлым паспяхова.
І невыпадкова, што кнігу Гусака Аляксей Кулакоўскі цаніў высока. Мне даводзілася чуць ад яго словы шкадавання, што быў добры крытык, які зацікаўлена і з разуменнем даследаваў яго творчасць, ды рана памёр...
Пра тое, якую страту панесла беларускае літаратуразнаўства з-за дачаснай смерці Гусака, спрабаваў сказаць і я ў некралогу, які за сваім подпісам надрукаваў у «Весніку БДУ» (1970, № 2). А ў самім факце, што наш «Веснік» даў гэты некралог, адгукаючыся жалобным словам на смерць рэктара Брэсцкага педінстытута, таксама было сведчанне павагі да памяці Сяргея Гусака, да таго, што звязвала яго ў свой час з нашым універсітэтам, філфакам і кафедрай беларускай літаратуры.
2001 г.
ГОЛАС ЧАЛАВЕЧНАСЦІ БЫЎ ДЛЯ ЯГО ЗВЫКЛЫ
(штрыхі згадак пра Віктара Антонавіча Каваленку)
А дна з ранніх кніг Віктара Каваленкі мае назву «Голас чалавечнасці» (1970). Загаловак па-свойму сімвалічны і разам з тым дакладны ў прамым, літаральным сэнсе — у гэтай невялікай, але змястоўнай манаграфіі прасочваюцца гуманістычныя матывы ў беларускай літаратуры. Напісана праца з тагачасных афіцыйных ідэалагічных пазіцый. Аднак цэлы шэраг канцэптуальных тэзісаў з той кнігі захоўвае сваю актуальнасць і цяпер. Прыгадаю хоць бы наступныя выказванні аўтара: «Сапраўднае мастацтва і літаратура — гуманістычныя па сваёй сутнасці, па сваіх задачах і мэтах. Адступленне ад гуманізму ніколі не застаецца непакараным, яно абавязкова выклікае скажэнне саміх эстэтычных асноў і прынцыпаў». Гуманістычная па духу літаратура — «залаты фонд чалавечай культуры». «Колас у паэме “Новая зямля” паказаў, што багацце, зямля, задавальненне хоць бы самых звычайных, натуральных патрэб народа — гэта першая і самая важная аснова яго духоўнага прабуджэння і развіцця яго чалавечнасці. Народ, які асуджан на вечную галечу, асуджан і на духоўны заняпад. Калі клопат пра кавалак хлеба забірае ўсю энергію чалавека, то адкуль могуць узяцца ў яго сілы для духоўнай творчасці, для інтэлектуальных пошукаў? Таму ідэя зямлі ў паэме Коласа была гуманістычнай». З такімі разважаннямі можна выходзіць на людзі і сёння.
Пазней, у палемічным запале, В. Каваленка будзе не раз адмаўляць відавочную залежнасць магчымасці духоўнага і інтэлектуальнага развіцця чалавека ад яго нармальнай матэрыяльнай забяспечанасці.
Сам зварот Віктара Каваленкі да вывучэння гуманістынага зместу літаратуры таксама вельмі характэрны менавіта для гэтага даследчыка, бо ён звычайна кіраваўся гуманістычнымі прынцыпамі і ва ўласным жыцці. Голас чалавечнасці быў для яго вызначальны, арганічны і звыклы. Збоі ў гэткайнакіраванасці калі і здараліся (хто з нас зусім бязгрэшны?), дык былі рэдкімі выключэннямі. Сваёй чалавечнасцю В. Каваленка прывабліваў многіх людзей, а ягоны неаспрэчны талент літаратуразнаўцы і крытыка, які настойліва змагаўся за сумленную, праўдзівую літаратуру, забяспечваў яму павагу з боку лепшых беларускіх пісьменнікаў.
Пра свае даследчыцкія магчымасці ён заявіў яшчэ ў студэнцкія гады, надрукаваўшы ў «Полымі» (1952, № 11) артыкул пра Якуба Коласа-крытыка. Выпадак у нашым тагачасным жыцці нячасты. Таму ён меў пэўны розгалас. Я тады таксама ўпершыню пачуў пра Каваленку, хоць некаторы час вучыўся з ім у Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага. Там Каваленка быў студэнтам (1940—1953), а я аспірантам (1952—1955). Студэнты з аспірантамі кантактавалі мала. І я калі што ведаў пра тагачаснага Каваленку, дык ад ягонага сябра Міколы Васілеўскага, тады таксама педінстытуцкага студэнта, які з цягам часу стаў вядомым мовазнаўцам, доктарам філалогіі.
З Васілеўскім мы зблізіліся ў дыялекталагічнай экспедыцыі на Палессі і потым сталі блізкімі сябрамі. Сяброўства з Каваленкам узнікла крыху пазней, ужо ў тыя часы, калі ён апынуўся ў Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы. З той пары мы ўтрох склалі трывалае сяброўскае кола, часта сустракаліся з рознай нагоды. Разам адзначалі дні нараджэння кожнага, ездзілі да Каваленкі ў яго Сакаўшчыну (Валожынскі раён), там лавілі рыбу ў блізкім вадасховішчы на Беразіне (прытоку Нёмана), карысталіся шчодрай гасціннасцю Віктаравых бацькоў, людзей з добрай беларускай душой, якія вылучаліся сваёй далікатнасцю і сардэчнасцю.
Вялікі навуковы патэнцыял Віктара Каваленкі для мяне станавіўся ўсё больш відавочным у тыя часы, калі і я ўладкаваўся на працу ў Інстытуце літаратуры. Нас збліжала захапленне Алесем Адамовічам, прыхільнасць да В. В. Барысенкі, тагачаснага дырэктара гэтага інстытута, павага да Р. Бярозкіна, які выдатна пісаў пра беларускую паэзію, разуменне таго, што лепшыя нацыянальныя традыцыі ў новых умовах развіваюць І. Мележ, Я. Брыль, В. Быкаў, М. Танк, А. Куляшоў, П. Панчанка, А. Макаёнак, а не пасрэдныя, ды затое ваяўнічыя літаратары, якія ўпарта трымаліся за старое, выдаючы прыгладжана-лакіровачны падыход да паказу жыцця за сапраўдны прагрэс у літаратуры.
У адзін год мы выдалі свае першыя кнігі (Каваленка пра З. Бядулю, я пра М. Лынькова). Абедзве яны некалькі гадоў не пускаліся ў друк у выдавецтве АН БССР, куды былі здадзены першапачаткова, а выйшлі па рэдакцыі мастацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Уладкаваў іх туды Алесь Адамовіч, які заўсёды спрыяў нам абодвум.
Тады нас звычайна ставілі побач у гаворцы пра літаратурную крытыку. У мяне захаваўся экзэмпляр маскоўскага часопіса «Вопросы литературы» (1962, № 9). Гэты нумар, як пазначана на яго вокладцы, «прысвечаны маладым сілам савецкай літаратуры». Ёсць у ім і раздзел «Маладыя крытыкі і літаратуразнаўцы за працай». З беларусаў тут прадстаўлена магчымасць сказаць пра сябе толькі В. Каваленку і мне.
Нас энергічна падтрымлівала член рэдкалегіі гэтага часопіса А.М. Дзмітрыева, якая «курыравала» нацыянальныя літаратуры. Яе прываблівала тое, што мы, як маглі, змагаліся за праўду ў літаратуры, вылучалі ў ёй не старавераў і прыстасаванцаў, а мастакоў арыгінальных, сумленных і мужных. З дапамогай А. М. Дзмітрыевай мы апублікавалі ў гэтым часопісе і адну суаўтарскую працу — рэцэнзію на кнігу А. Кучара «Аб мастацкай прозе» (1961). У гэтай кнізе А. Кучар у многім яшчэ заставаўся на старых, вульгарызатарскіх пазіцыях. І мы ў Беларусі не змаглі надрукаваць сваю рэцэнзію, у якой гэтыя пазіцыі востра крытыкаваліся, а ў «Вопросы литературы» таксама прабіліся з вялікімі цяжкасцямі.
Рэцэнзія змешчана з многімі папраўкамі ў шостым нумары часопіса за 1962 год пад рэзка перайначаным загалоўкам «Праблемы майстэрства і гістарызм аналізу» (у нас яна мела назву «Калі перашкаджаюць застарэлыя пазіцыі»). А справа была ў тым, што за Кучара заступіўся Бярозкін (ён лічыў, што крытыкаваць Кучара ёсць маральнае права толькі ў яго самога). Пэўную падтрымку Кучару аказаў і М. В. Гарбачоў. Гэта наш зямляк, беларус з Віцебшчыны, які працаваў у Маскве на пасадзе сакратара СП СССР Ён вядомы як перакладчык беларускай прозы на рускую мову. Але ягоныя пераклады хоць і дапамагалі нашым празаікам дзякуючы шырокай распаўсюджанасці гэтай мовы выходзіць у вялікі свет, аднак дасканаласцю не вызначаліся — у іх прыкметна нівеліраваўся стыль самых арыгінальных мастакоў.
Займаўся М. В. Гарбачоў па сваёй службовай пасадзе і пытаннямі крытыкі. Чаму ён бараніў А. Кучара, дакладна не магу сказаць і цяпер.
Разам з Каваленкам мы змагаліся супроць рэтраградных выступленняў П. Глебкі, які адзін час выяўляў вялікую актыўнасць у нападках на беларускую крытыку. Тады ён ужо быў акадэмікам АН БССР і дэпутатам Вярхоўнага Савета рэспублікі. У розных аўдыторыях (ад навукоўцаў да медсясцёр, якія непасрэднага дачынення да літаратуры, а тым больш да крытыкі, не мелі і наўрад ці хоць колькі цікавіліся ёю) ён настырна ўшчуваў Каваленку за артыкул «Думкі пра сучасны беларускі раман», апублікаваны ў «Полымі» (1963, № 1). У гэтым артыкуле згадваліся імёны Джойса, Пруста і Кафкі, зазначалася, што і вопыт гэтых пісьменнікаў можа быць у нечым карысным для савецкай літаратуры. П. Глебка тут убачыў небяспечны ідэалагічны крымінал. Пакідаць без адказу такія заявы нельга было. І я на адным акадэмічным сходзе таксама выступаў з пярэчаннямі Глебку.
В. Каваленка, вядома ж, цаніў такую падтрымку. Пра гэта сведчаць і яго прыязныя аўтографы на падараваных мне кнігах. Іх у мяне захавалася больш за дзясятак. І аднойчы (аўтограф на выдадзеным у 1967 годзе зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў «Давер») В. Каваленка сярод іншых пахвальных слоў, на якія ён ніколі не скупіўся, напісаў: «Майму аднадумцу». Здаецца, тады так і было.
На кнізе «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» (1975), якая стала доктарскай дысертацыяй В. Каваленкі, значыцца: «Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — добразычліваму рэцэнзенту гэтай кніжыцы з удзячнасцю за спагадлівую дапамогу, з сяброўскімі пачуццямі, сардэчна».
Звярну ўвагу на тое, што В. Каваленка сваю выдатную манаграфію на 336 старонак вялікага фармату называе ўсяго толькі кніжыцай. Так ён «прыбядняўся» даволі часта.
А што да маёй «спагадлівай дапамогі», дык я ўжо і не помню, у чым яна заключалася. Хутчэй за ўсё гэта тыповае для Каваленкі перабольшанне, бо ў лепшым выпадку я зрабіў нейкія прыватныя заўвагі і ўдакладненні.
Каваленка ж дзякаваў і за адну выдавецкую рэцэнзію, у якой я нарабіў сябру мноства заўваг прынцыповага характару. Так было з кнігай «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977), якую я рэцэнзаваў як старшыня крытычнай секцыі ў нашым пісьменніцкім Саюзе. Вядома, я ўрэшце выказваўся за выданне кнігі. І Каваленка потым падарыў яе мне з такім подпісам: «Дзмітрыю Якаўлевічу — першаму суроваму, але таленавітаму крытыку гэтай недасканалай — вядома ж! — кніжыцы з удзячнасцю за заўвагі. Аўтар. 14. ІІ. 1978 г. В. Каваленка».
Рэцэнзія на «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць» таксама пісалася не для друку, а для выдавецтва. І галоўная яе мэта была ў падтрымцы кнігі. Я сапраўды шчыра падтрымліваў В. Каваленку, лічачы гэта цалкам справядлівым, і ў перыяд падрыхтоўкі ім доктарскай дысертацыі, і тады, калі ён выбіраўся членам-карэспандэнтам, а потым правадзейным акадэмікам АН БССР. Як адбываліся гэтыя выбары, я ўжо працаваў на філфаку БДУ. Філфакаўскае кіраўніцтва таксама вітала выбары Каваленкі ў АН БССР. Неабходныя паперы з атэстацыяй яго навуковых заслуг даводзілася пісаць мне (падпісвалі, вядома, кіраўнікі). І я рабіў гэта зноў жа ахвотна, з пераконанасцю, што пішу пра свайго сябра чыстую праўду. Важна і тое, што ў такіх выпадках даецца агульная ацэнка зробленага вучоным. У дачыненні да В. Каваленкі яна, з майго пункту гледжання, магла быць толькі высока станоўчай. Ды і ў тыя часы, калі мы з Каваленкам вялі палеміку ў друку, я таксама звычайна падкрэсліваў і таленавітасць Каваленкі-даследчыка, і агульную значнасць ягоных прац. Вось што напісалася ў маёй разгорнутай рэцэнзіі на двухтомную «Гісторыю беларускай літаратуры», выдадзеную ў 1977 годзе на рускай мове ў Мінску: «Некаторыя спрэчныя, на маю думку, палажэнні ёсць і ў раздзеле аб творчасці Я. Коласа. Гэты раздзел належыць В. Каваленку, які, бясспрэчна, з’яўляецца адным з самых таленавітых, цікавых і арыгінальных сучасных крытыкаў. Пра Я. Коласа В. Каваленка таксама піша ўвогуле змястоўна, глыбока. Але асобныя разважанні даследчыка пра паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка” здаюцца мне недастаткова абгрунтаванымі».
Палемізуючы з Каваленкавым артыкулам «Эстэтычны ідэал і грамадзянская пазіцыя пісьменніка», надрукаваным у перыядычным зборніку «Вобраз» (1986) і ў калектыўнай кнізе «Ідэйна-тэарэтычныя пытанні сучаснага літаратурнага працэсу» (1987), я зноў падкрэсліваў, што артыкул «у цэлым вызначаецца тэарэтычнай абгрунтаванасцю, надзённы сваёй праблематыкай, слушны ў агульным пафасе абароны духоўнасці. Але ёсць і думкі, на мой погляд, спрэчныя, недакладныя ці недастаткова ўзважаныя». На гэтых думках я і спыніўся, напісаўшы пра іх з’едліва і пад гучным загалоўкам «Пара глядзець праўдзе ў вочы» (Полымя, 1989, № 3). Палеміка ў нас тады ўжо бушавала. І Віктар Антонавіч, які ладна крыў мяне і ў згаданым артыкуле, зноў у даўгу не застаўся. Ён у тым жа нумары часопіса змясціў яшчэ больш з’едлівы артыкул «У імя чаго баталія», дзе ўжо не столькі канкрэтныя аргументы разглядаў, колькі раздражнёна, з нейкімі рызыкоўнымі намёкамі асуджаў стыль маіх паводзін у літаратуры, прадказаўшы мне незайздросны лёс закончанага рэтраграда, які будзе гатовы пабегчы за кожным, хто яго паманіць.
Гэта ўжо быў перабор яўны. І я не змаўчаў, выступіў з артыкулам «Яшчэ раз пра крытычныя прыпіскі» («Полымя», 1989, № 10), але зноў зазначыў, што ў Каваленкі «аспрэчваю не ягоную пазіцыю ўвогуле, а толькі асобныя канкрэтныя сцверджанні ды выпадкі адвольнага абыходжання з тэкстам».
Гэтым артыкулам тады фактычна падводзілася нейкая рыса пад нашымі спрэчкамі. Спрэчкі тыя зацягнуліся. І вяліся яны, як бачыцца цяпер, з перахлёстамі з абодвух бакоў. Самі пісьменнікі, пра творчасць якіх мы найбольш спрачаліся, скажам, В. Быкаў ці В. Казько, глядзелі на нашу палеміку спакойна, не ўмешваючыся, бо значнасць твораў мастакоў не ставілі пад сумненне ні Каваленка, ні я. А калі канкрэтная трактоўка некаторых аспектаў у нас разыходзілася, дык пісьменнікам шкоды ад гэтага не было. Хутчэй наадварот, спрэчка вакол іх твораў толькі павялічвала чытацкую цікавасць.
Думаецца, што палемічны запал прыцягваў увагу і да саміх нашых артыкулаў, асабліва тады, калі спрэчкі толькі пачыналіся.
Сыр-бор найбольш разгарэўся з-за маёй публікацыі «Пошукі новых падыходаў». Гэта была зноў разгорнутая рэцэнзія (яна перарасла ў ладны артыкул) на кнігу В. Каваленкі «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» (1981). Рэцэнзію мне заказалі ў «ЛіМе». І я ўзяўся пісаць яе з намерам толькі пахваліць кнігу сябра, падараваную мне з аўтографам: «Дарагому Дзіму — майму сябру, лепшаму дарадчыку і субяседніку, з якім я люблю сустракацца, сардэчна. 5. 01. 81 г. В. Каваленка». Але «лепшы дарадчык і субяседнік» на гэты раз моцна падкачаў. Праўда, у пачатку рэцэнзіі я пахваліў першую Каваленкаву кнігу «Пошукі і здзяйсненні», зазначыўшы, што яна «і на сённяшні дзень [1981 год] застаецца лепшай працай пра Бядулю», і «тры ёмістыя, важкія значнасцю выказаных у іх думак зборнікі крытычных артыкулаў — «Давер» (1967), «Прага духоўнасці» (1975), «Жывое аблічча дзён» (1979)», назваў змястоўнай манаграфію пра І. Шамякіна, выдадзеную ў Маскве (1979) і Мінску (1980), згадаў і ўсе іншыя абсягі даследчай працы В. Каваленкі, яго кнігі, асабліва вылучыўшы ўжо ўпамінаныя «Вытокі. Уплывы. Паскоранасць». Пра самі «Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры» таксама выказваўся ў цэлым пахвальна, як пра маштабнае даследаванне з новай для нас праблематыкай, у якім у святле выбранай аўтарам праблемы разглядаецца ўся наша літаратура — «ад яе старажытнымх вытокаў да сённяшніх дзён. І гэты разгляд дазволіў даследчыку зрабіць многія цікавыя і значныя высновы, па-новаму прачытаць нямала старонак беларускай літаратурнай гісторыі». Здаецца, тон узяты дастаткова высокі. Ды і сам загаловак «Пошукі новых падыходаў» меў на ўвазе падкрэсліць неардынарнасць кнігі. Але час паказаў, што ўсёй яе значнасці я ў пэўнай меры не адчуў.
Сярод больш-менш аб’ектыўных крытэрыяў ацэнкі навуковых прац ёсць і такі: як часта спасылаюцца на іх у друку. Па гэтым паказчыку Каваленкавы «Міфа-паэтычныя матывы.» займаюць трывалае месца ў шэрагу самых выдатных літаратуразнаўчых прац беларускіх вучоных.
Закончаны мой артыкул пра манаграфію сябра зноў на высокай аптымістычнай ноце: «Хачу з усёй выразнасцю падкрэсліць, што для аўтара кнігі пра міфа-паэтычныя матывы характэрныя пошукі новых падыходаў у вывучэнні беларускай літаратуры. І яго кніга пры ўсёй супярэчлівасці асобных яе палажэнняў вызначаецца не толькі навізной, але ў цэлым і добрай абгрунтаванасцю асноўнай канцэпцыі. Няма сумнення, што яна выкліча грамадскую цікавасць і дасць новыя імпульсы нашаму літаратуразнаўству, магчыма, яшчэ больш значныя, чым ранейшыя працы гэтага арыгінальнага і вельмі таленавітага даследчыка».
Гэты прагноз апраўдаўся напоўніцу. Але ж у маім артыкуле было нагаворана шмат такога, што аўтара кнігі ўзрадаваць не магло. Я ўвогуле лічыў, што ніякае сяброўства не вызваляе крытыка ад абавязку быць шчырапраўдзівым ва ўсім, што ён сцвярджае, бо толькі яго шчырае слова, народжанае ўласным бачаннем жыцця і літаратуры, можа мець нейкую цану і грамадскую значнасць, вядома, калі гэтае слова не зводзіцца да пустой тарабаршчыны, а схоплівае нешта істотнае ў той з’яве, якой яно датычыцца. Хваліць жа, няхай і з сяброўскіх меркаванняў, тое, што на самой справе табе не падабаецца, я лічыў недапушчальным, мяркуючы, што з непраўдзівасці ды няшчырасці, а па сутнасці крывадушнасці пачынаецца кан’юнктуршчына і прыстасавальніцтвва, небяспечныя не толькі ў палітыцы, але і ў літаратуры, у мастацтве і любых іншых сферах чалавечай дзейнасці.
Літаратурная палеміка, вынесеная і ў друк, але, канечне ж, абгрунтаваная, канкрэтная і не разлічаная на знішчэнне апанента, таксама ўяўлялася мне з’явай нармальнай. В. Каваленка, здаецца, таксама трымаўся блізкіх поглядаў. Словам, у тэорыі тут у нас былі яснасць і згода. А на практыцы так атрымлівалася не заўсёды, бо ёсць жа ў жывых людзей самалюбства, амбіцыі, увогуле эмоцыі, закранаць якія (ды яшчэ публічна) бывае рызыкоўна. А я ў сваім артыкуле з нагоды «Міфа-паэтычных матываў...» спрэчцы аддаў залішне багата ўвагі і самой друкаванай плошчы.
Не думаю, аднак, што сама спрэчка была беспадстаўнай. Віктар Антонавіч любіў пісаць канцэптуальна і быў у гэтым па-сапраўднаму моцным. Але захапіўшыся нейкай ідэяй, ён нярэдка падводзіў пад яе і тое, што сюды яўна не клалася. Калі тэкст мастацкага твора відавочна супярэчыў гэтаму, Каваленка спасылаўся на падтэкст. І ўжо тады даваў волю фантазіі, якая магла ісці ў разрэз і з тэкстам, і з сапраўдным падтэкстам.
У «Міфа-паэтычных матывах...» ён сцвярджаў, што Наталька з купалаўскай паэмы «Магіла льва» шчыра пакахала распуснага баярына і тым самым сцвердзіла сябе як асобу. У Купалы ж той баярын хітрасцю і падманам спакушае Натальку, якая была яшчэ нявопытнай дзяўчынай і потым «ішла за ім, як цень», гэта значыць праявіла сябе тут не як вартая пахвалы і захаплення асоба, а як бязвольная ахвяра, якая ва ўзаемаадносінах з баярынам пайшла «пуцінамі крывымі» (тут і раней у двукоссі словы з паэмы).
Звярнуўшыся да пушкінскай «Палтавы», Віктар Антонавіч апалагетычна пісаў і пра намаляванага ў паэме Мазепу, і пра яго інтымныя ўзаемаадносіны з дачкой Качубея Марыяй, хаця ў паэта яны паказаны ў негатыўным асвятленні. У яго паэтызуецца толькі «герой Палтавы» Пётр І.
Пра гэтыя разыходжанні з аўтарамі славутых твораў і пра іншыя спрэчныя моманты ў кнізе я сказаў без эківокаў, а дзе-нідзе і з’едліва.
Асабліва здзівілі мяне сябравы асуджальныя разважанні пра каханне, якое ўслаўляецца як норма ў народнай творчасці. На думку В. Каваленкі, яно патрыярхальнае і маральна непатрабавальнае, бо «няздатнае адарвацца ад зямной, нізкай, прыродна-фізіялагічнай асновы».
А «чаму нармальнае здаровае каханне яго і яе павінна ісці на такі адрыў, а не спалучаць у сабе духоўныя і зямныя, прыродна-фізіялагічныя пачаткі? І як без гэтых зямных пачаткаў будуць нараджацца дзеці, як будзе працягвацца род чалавечы?» — не без іроніі пытаўся я і ахарактарызаваў пазіцыю Каваленкі, па сутнасці, здзекліва, назваўшы такі падыход немужчынскім. Выразы былі мацнейшыя. Але я цяпер не хачу іх паўтараць, бо тады за язык мяне пацягнуў няйначай як нячысцік, які вельмі ж любіць рабіць прыкрасці добрым людзям. Зразумеўшы, што атрымалася нядобра, я самыя здзеклівыя выразы перайначыў, перадрукоўваючы свой артыкул у кнізе «Чалавечнасць» (1985).
Але той здзеклівасці, якая была ў газетнай публікацыі, не вытрымаў і Каваленкаў гуманізм. Далей у нашых спрэчках пайшло-паехала. Яны станавіліся ўсё больш зацятымі. Крыўднага, як ужо бачна і з папярэдніх згадак, мы нагаварылі адзін аднаму шмат. Віктар Антонавіч аднойчы сцвярджаў у друку, што я ўвогуле нічога не разумею ў літаратуры, хаця раней так, канечне ж, не лічыў, прызнаваў, паўтаруся, сваім аднадумцам, а ў аўтографе на зборніку літаратурна-крытычных артыкулаў «Прага духоўнасці» напісаў: «Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — сапраўднаму крытыку, літаратару па натуры, любоў да праўды ў якога стала страсцю, што і з’яўляецца вышэйшай мерай таленту».
У перыяд самых зацятых спрэчак, якія мы вялі ў розных выданнях, я таксама не скупіўся на ўшчуванні сябру, даймаючы яго ўедлівай гаворкай пра фактычныя недакладнасці, якія зрэдку пракідаліся ў ягоных артыкулах, ды яшчэ, думаецца, слушнымі заявамі пра недакладнае вытлумачэнне маёй пазіцыі ў шэрагу выпадкаў, пра дарэмнае прыпісванне мне безумоўнай абароны патрыярхальнасці, адмаўлення духоўнасці і інш.
Словам, пацешылі публіку мы нямала. Наша сяброўства тады пачало даваць трэшчыны, фактычна знаходзілася пад пагрозай і ўжо ва ўсякім разе не было такім пранікнёна-сардэчным, поўным узаемазахопленасці, як у перыяд яго росквіту. Але ў аснове сваёй яно ўсё ж захоўвалася, бо ў галоўным мы, нягледзячы на зацятасць спрэчак па асобных праблемах, заставаліся аднадумцамі. І гэта дазваляла пры ўсіх перахлёстах у палеміцы падтрымліваць даволі прыязныя практычныя ўзаемаадносіны, заснаваныя на даўняй трывалай павазе. Тут зноў на поўную сілу спрацоўваў Каваленкаў голас чалавечнасці, красамоўным фактычным пацвярджэннем якога з’яўляюцца аўтографа на апошніх кнігах Віктара Антонавіча.
Ягоную манаграфію «Агульнасць лёсаў і сэрцаў», у якой даследуецца беларуская проза аб Вялікай Айчыннай вайне ў кантэксце рускай і іншых літаратур, у тым ліку зарубежных (выдадзена на рускай мове ў Мінску ў 1985 годзе), я атрымаў з подпісам: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу — майму шчыраму сябру, пачуцці да якога не прытупляюцца нават у выніку самых злосна-зацятых літаратурных нападак на мяне, з найлепшымі і шчырымі пажаданнямі. 20. 12. 85. В. Каваленка».У 1989 годзе выйшаў ёмісты том выбраных артыкулаў В. Каваленкі з характэрным для ягонай пазіцыі ў літаратуры загалоўкам «Веліч праўды». Подпіс на гэтай кнізе зноў надзвычай прыхільны: «Дарагому Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — у знак даўняга і нязменнага сяброўства, якому не перашкаджае «крытычная любоў», — з найлепшымі пажаданнямі. 27. 12. 89.
В. Каваленка».
Шчырым, сардэчным чалавекам з вялікім гуманістычным патэнцыялам ён заставаўся да канца сваіх зямных дзён. Як многа значыла для мяне ягонае сяброўства, я па-сапраўднаму адчуў, калі Віктар Антонавіч пайшоў ад нас назаўсёды. Крыху раней памёр Мікола Васілеўскі. З усёй нашай сяброўскай тройкі цяпер застаўся я адзін. І скрухай поўніцца маё сэрца. Непапраўна балючыя страты ідуць адна за адной. Зусім нядаўна з вялікай народнай жалобай пахавалі Васіля Быкава, магутнага пісьменніка і ўнікальнага па аўтарытэтнасці і душэўнай далікатнасці чалавека, у якога гэтая далікатнасць спалучалася з непахіснасцю маральна-этычных прынцыпаў нязломнага барацьбіта. Ад яго невымернай душэўнай цеплыні нямала ласкавых промняў перападала і мне яшчэ з часоў «Жураўлінага крыку» і аж да гэтага трагічнага для беларускай літаратуры года, які забраў ад нас Васіля Уладзіміравіча ў вечнасць. А мы на грэшнай зямлі папраўдзе асірацелі.
Вельмі балюча было траціць Лынькова, Мележа і Дубоўку, Танка, Панчанку і Янішчыц, Алеся Адамовіча і Чыгрынава, з якім мяне таксама звязвала блізкае і трывалае сяброўства.
А сяброўства з Каваленкам і Васілеўскім вылучалася яшчэ і тым, што мы равеснікі, у літаральным сэнсе прадстаўнікі аднаго пакалення. І гэта таксама істотная рэч.
Не хацелася б скардзіцца на лёс, бо ён пры ўсіх пературбацыях складваўся ў мяне ўсё ж шчасліва. І яшчэ застаецца нямала добрых і выдатных людзей найперш з пісьменніцкага і навуковага асяроддзя, якім я шчыра ўдзячны за прыхільнасць, добразычлівасць, спагаду і падтрымку. Але адсутнасць самых блізкіх сяброў маладосці адчуваецца ўсё больш востра. Іх страта ўспрымаецца як незагойная рана. Суцешыцца, згадваючы Віктара Каваленку, застаецца хіба тым, што яго голас чалавечнасці ў нашай крытыцы, у літаратуразнаўстве гучыць выразна, моцна і надзейна і будзе яшчэ доўга патрэбны людзям, не абыякавым да Беларусі і яе нацыянальнай культуры.
2005 г.
НАТУРА БАРАЦЬБІТА
(жменя ўспамінаў пра Уладзіміра Калесніка)
Уладзіміра Андрэевіча Калесніка я трохі ведаў яшчэ з 50-х гадоў мінулага стагоддзя, бо вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага, з якім Калеснік быў трывала звязаны працяглы час. Ён атрымліваў тут і вышэйшую адукацыю, і аспіранцкую падрыхтоўку, быў блізкім сябрам Ф. М. Янкоўскага, часта наведваў яго ў педінстытуцкім інтэрнаце на вуліцы Кірава. Мне таксама давялося правесці ў гэтым інтэрнаце тры аспіранцкія гады і якраз у той перыяд, калі там жыў Янкоўскі. Пакоі ў нас, вядома, былі розныя, але размешчаныя на адным паверсе і з выхадам у адзін калідор. Таму выпадковыя сустрэчы з Янкоўскім здараліся нярэдка. Калі-нікалі трапляўся з ім і Калеснік. Яны абодва ўжо тады вылучаліся сваёй відавочнай сталасцю, мелі за плячыма вопыт узброенай барацьбы з гітлераўскім фашызмам, словам, яўна адрозніваліся ад яшчэ зялёных і ў многім легкадумных аспірантаў майго ўзросту, але ставіліся да нас з таварыскай зычлівасцю, бо адчувалі і нашу захопленасць беларушчынай.
А яшчэ ў мяне былі добрыя стасункі з Алесем Адамовічам, які сябраваў з Янкоўскім, і асабліва з Калеснікам.
У 1960 годзе я нарэшце наважыўся абараняць кандыдацкую дысертацыю па ранняй творчасці М. Лынькова. З гэтай нагоды У. Калеснік, які ўжо працаваў (з 1956 года) загадчыкам кафедры беларускай літаратуры ў Брэсцкім педінстытуце, па просьбе А. Адамовіча напісаў мне наступны вельмі прыязны водзыў, які падаю тут цалкам, бо ён нідзе не друкаваўся.
«Жыццёвы і творчы шлях Міхася Ціханавіча Лынькова да апошняга часу не вывучаны ў той меры, на якую заслугоўвае такі арыгінальны пісьменнік — адзін з заснавальнікаў беларускай савецкай прозы.
Артыкулы Д. Я. Бугаёва, прысвечаныя гэтаму пытанню, з’яўляючыся ў друку, выклікалі ўвагу літаратурнай грамадскасці, студэнтаў і настаўнікаўславеснікаў нашай рэспублікі.
Калі меркаваць пра дысертацыйную працу толькі па артыкулах ды аўтарэфераце, дык і яны даюць падставу сцвярджаць, што дысертант зрабіў новы крок у вывучэнні ранняй творчасці Лынькова, пераадолеўшы схематызм і спрашчэнства, якія наслаіліся ў шэрагу папярэдніх літаратурнакрытычных прац і часткова атрымалі значэнне дрэннага нарматыву. Даследаванні Д. Я. Бугаёва праведзены на ўзроўні сучаснага савецкага літаратуразнаўства, мастацкія творы разглядаюцца аўтарам у адзінстве зместу і формы, глыбока раскрываюцца сувязі пісьменніка з жыццём.
Карціна творчага шляху Лынькова здаецца тым больш пераканальнай, што аўтар разглядае яго творы на шырокім гісторыка-культурным фоне, прыцягваючы матэрыялы беларускай, рускай, украінскай літаратур.
Напісанае з улікам дасягненняў савецкага літаратуразнаўства апошніх гадоў, даследаванне Д. Я. Бугаёва з’яўляецца, на наш погляд, плённым працягам той працы, якую правялі беларускія даследчыкі да яго, таму суіскальніку варта было б адлюстраваць у аўтарэфераце не толькі тыя моманты, якія адрозніваюць яго працу ад папярэдніх прац па гэтым пытанні, але падкрэсліць якраз тыя агульныя моманты, што сведчаць пра навуковую паслядоўнасць, уласцівую савецкаму літаратуразнаўству, якое стаіць на метадалагічным фундаменце марксізму-ленінізму.
Кафедра лічыць, што суіскальнік заслугоўвае прысуджэння яму вучонай ступені кандыдата філалагічных навук.
Заг. кафедры беларускай літаратуры
кандыдат філалагічных навук У. Калеснік».
Такія водзывы звычайна пісаліся па пэўнай схеме. Збольшага яе прытрымліваўся і Калеснік. Але яго прынцыповасць, удумлівае стаўленне да справы выявіліся і тут. Пра гэта сведчыць і агульная змястоўнасць напісанага тады Уладзімірам Андрэевічам, і ягоная заўвага пра маю недастатковую карэктнасць да зробленага папярэднікамі. Гэта тыповы для дысертацыйных прац перакос. Зусім абмінуць такое Калеснік не мог і ў сяброўскім водзыве — не дазваляла сумленнасць. З-за яе ён дапускаў і рэзкасць ацэнак, калі сутыкаўся з павярхоўнымі ці залішне прыгладжанымі працамі. Такую прыгладжанасць пасля бясконцых рэдагаванняў і ўзгадненняў ён убачыў у «Нарысах па гісторыі беларускай літаратуры» (1956) і сказаў нямала рэкіх слоў пра гэта, выклікаўшы нараканні з боку некаторых аўтараў тых нарысаў і іх рэдактараў. Аднак Уладзімір Андрэевіч, калі быў пераконаны ў сваёй слушнасці, не зважаў на ўшчуванні самых амбітных, у тым ліку і надзеленых уладнымі паўнамоцтвамі асоб. Сам ён па дробязях не лез на ражон, да літаратурнай палемікі ставіўся спакойна, разважліва, асабліва не крыўдаваў, калі нешта аспрэчвалася і ў ягоных працах. Зразумела, гэта датычылася толькі тых выпадкаў, калі нейкія падставы для аспрэчвання былі.
Кажу пра гэта, абапіраючыся на свае стасункі з Калеснікам у сувязі з вывучэннем танкаўскай творчасці. Я звярнуўся да яе пасля кнігі Уіадзіміра Андрэевіча «Паэзія змагання. Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959). Гэта першая кніга даследчыка, але кніга выдатная, як і іншыя яго этапныя для нашага літаратуразнаўства працы. Пазней ён казаў, што яе моцна парэзала цэнзура, бязлітасна выкасаваўшы некалькі друкаваных аркушаў. Я суцяшаў, зазначаючы, што ў тым выглядзе, у якім кніга дайшла да чытача, яна вылучаецца сваёй грунтоўнасцю, багаццем фактычнага матэрыялу і значнасцю абагульненняў. Калеснік з гэтым не спрачаўся, але знятых раздзелаў усё роўна шкадаваў. Ды іначай яно і не бывае. Па сабе ведаю, што выкрасленае гвалтоўна, насуперак волі аўтара, заўсёды здаецца самым цікавым і значным.
Рыхтуючы сваю кнігу пра Максіма Танка (яна выйшла ў 1964 годзе), я мусіў звярнуцца за парадамі да паэта, бо без ягонай дапамогі цяжка было разабрацца ва ўсёй складанасці тых судовых спраў, якія заводзіліся на яго ўладамі ў заходнебеларускія часы. Танк, вядома, дапамог, але разам з тым настойліва казаў, што ён лічыць памылковымі некаторыя сцверджанні пра яго ў кнізе «Паэзія змагання». Усе Танкавы пярэчанні Калесніку я ўключыў у сваю працу (яны для таго і рабіліся паэтам) і не без асцярогі чакаў рэагавання Уладзіміра Андрэевіча. Чалавек усё ж можа пакрыўдзіцца, думалася мне, хоць я даваў і шэраг сцвярджальных спасылак на «Паэзію змагання», цытуючы тое, што Танк не крытыкаваў. Было ў мяне і некалькі дробных удакладненняў ужо ад сябе, зробленых там, дзе я заўважыў нейкія «апіскі», што праскочылі ў Калесніка. Ні за гэтую ўедлівасць, ні за публікацыю танкаўскіх крытычных заўваг Калеснік ніколі не папракаў, фактычна пагадзіўшыся, што я павінен быў лічыцца найперш з поглядам самога паэта.
Такім чынам, нядобразычліўца з-за спрэчкі пра паэзію Танка я сабе не прыдбаў. Нашы адносіны заставаліся нармальнымі, увогуле прыхільнымі. Былі сустрэчы з ім на розных пісьменніцкіх сходах, на якія Калеснік прыязджаў з Брэста. Калі мне даводзілася гаварыць у вусных выступленнях ці ў друкаваных артыкулах пра нашу крытыку, я, канечне ж, не абмінаў добрым словам і Калесніка. Але даследчыя дзялянкі ў нас збліжаліся, а тым больш перакрыжоўваліся рэдка. Бо ён шмат пісаў пра старажытнасць, і асабліва пра заходнебеларускую літаратуру. А я якраз тут спецыялістам сябе не лічыў, як даследчык не займаўся ні творчасцю заходнебеларускіх пісьменнікаў (акрамя Максіма Танка), ні літаратурай ранейшых эпох, хоць у час выкладчыцкай працы ў Мазыры чытаў курс дарэвалюцыйнай літаратуры, цішком, але шчодра выкарыстоўваючы напаўзабаронены тады вялізны фаліянт В. Ластоўскага «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».
Даводзілася не раз рэцэнзаваць абагульняльныя літаратуразнаўчыя працы, для якіх пра Заходнюю Беларусь заўсёды пісаў Калеснік, бо тут па агульнай аўтарытэтнасці ніхто з ім тады параўнацца не мог. Але і ў такіх выпадках пра асвятленне заходнебеларускага літаратурнага працэсу я падрабязна пісаць не рызыкаваў, абыходзячыся сумарным заключэннем. У якасці прыкладу згадаю тое, што напісалася ў рэцэнзіі на двухтомную «Гісторыю беларускай літаратуры», выдадзеную ў 1977 годзе ў Мінску на рускай мове (так давала сябе адчуць моцная тады русіфікацыя). У той рэцэнзіі падкрэслівалася, што для новаай «Гісторыі беларускай літаратуры» і даследчыкі, якія ў папярэдніх працах такога профілю таксама рыхтавалі адпаведныя раздзелы, «цяпер, як правіла, не толькі нанава пісалі, але і нанава вывучалі свае ранейшыя тэмы, ва ўсякім разе, паглыблялі і ўзбагачалі іх асэнсаванне. Гэта ў першую чаргу стасуецца да разгляду заходнебеларускай літаратуры, зробленага У. Калеснікам, які, дарэчы сказаць, амаль што адзін і ўзняў на сапраўдны навуковы ўзровень гэтую галіну нашага літаратуразнаўства». (Агаворка «амаль што адзін» невыпадковая. Яна выклікана тым, што пра творчасць некаторых заходнебеларускіх літаратараў час ад часу пісалі і іншыя, маладзейшыя за Калесніка крытыкі з добрым веданнем жыцця ў Заходняй Беларусі, напрыклад, М. Арочка, А. Ліс).
Ацэнка напісанага Калеснікам для той «Гісторыі» раздзела ў мяне зроблена, канечне ж, па вельмі высокім рахунку, але ўсяго адной фразай. Праўда, там і пра іншых даследчыкаў пахвала выдаецца без размазвання і шматслоўнасці, а больш падрабязна, з канкрэтнай аргументацыяй ідзе толькі крытыка спрэчных мясцін. У Калесніка такіх я не бачыў. І ён зноў успрыняў усё належным чынам.
Рэцэнзія на двухтомную рускамоўную «Гісторыю беларускай літаратуры» друкавалася ў 1978 годзе. К таму часу я ўжо меў зноў бліскучую Калеснікаву кнігу «Ветразі Адысея. Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977) з аўтографам: «Дзмітрыю Бугаёву — з пажаданнем новых поспехаў у даследаванні сучаснай прозы. У. Калеснік. 8. ІІ. 1978». А потым была падаравана параўнальна невялікая памерам, але ёмістая ў змесце, глыбокая па думках кніга «Максім Танк. Нарыс жыцця і творчасці» (1981). Тут зноў кароткі, але яшчэ больш прыязны аўтограф: «Дзмітрыю Бугаёву — з павагай да творчай прынцыповасці. Ул. Калеснік. 18. Х. 1981. Брэст».
У 1983 годзе У. Калеснік падарыў мне свой зборнік выбраных партрэтаў і нарысаў «Лёсам пазнанае». Кніга выдадзена «Мастацкай літаратурай» (1982) да 60-гадовага юбілею даследчыка. І зроблена яна так, як і павінны рабіцца нешэраговыя выданні выдатных літаратараў, класікаў у сваёй галіне (а што Калеснік дасягнуў самых выдатных вышынь у нашай крытыцы, стаў яе класікам, сёння ўжо відавочна для многіх).
Але яшчэ колькі слоў пра тое выданне. Яно вельмі арыгінальна аформлена, надрукавана на першакласнай паперы, з партрэтамі аўтара і тых майстроў слова, якім прысвечаны нарысы, напісаныя з зайздроснай таленавітасцю. Выдавецкі рэдактар кнігі — А. Разанаў, цяпер славуты паэт, якога Калеснік мужна бараніў усе тыя гады, калі на хлопца насядалі з усіх бакоў рэтраграды ад ідэалогіі і літаратуры, не прымаючы ні яго грамадзянскай няскоранасці, ні эстэтычнай нязвыкласці ягонай паэзіі.
Кнігу «Лёсам пазнанае», якую толькі пагартаць і то прыемна, а чытаць — адно задавальненне, я атрымаў з аўтографам: «Дзмітрыю Бугаёву з нязменнай сімпатыяй і павагай. 6. V. 1983. Ул. Калеснік».
Належна выдадзена і Калеснікава кніга «Тварэнне легенды» (1987). Яна мае вельмі сціплы падзагаловак «Літаратурныя партрэты і нарысы». На самой справе гэта вялікая праблемная манаграфія, адна з тых, у якіх даследуюцца кардынальныя праблемы нацыянальнага быцця. Падрабязней скажу пра яе далей. А цяпер перачытаем ужо і зусім апалагетычны аўтограф з кнігі: «Дзмітрыю Якаўлевічу Бугаёву — змагару за гонар і годнасць нашага літаратуразнаўства, за права на ўласную думку. 26. ХІІ. 87. Ул. Калеснік. Брэст».
З гэтай кнігай Уладзіміра Калесніка я знаёміўся яшчэ па прысланых аўтару з выдавецтва карэктурных адбітках, бо незадоўга да яе выхаду ў свет апынуўся ў Брэсце. У студзені 1987 года мяне ўрэшце выбралі на пасаду прафесара БДУ — без абароны доктарскай дысертацыі. Падчас летняй экзаменацыйнай сесіі трапіў і ў Брэст у якасці старшыні дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па беларускай літаратуры. Вось тады і паявілася магчымасць наладзіць з Калеснікам больш шчыльныя дзелавыя кантакты, паглядзець на яго педагагічную працу зблізку. Яна пакінула найлепшае ўражанне. Уладзімір Андрэевіч быў педагогам надзвычай дасканалым, гэткім жа таленавітым, як і ў літаратуразнаўстве ці грамадскай дзейнасці. Ён трымаўся натуральна, свабодна, з той душэўнай адкрытасцю, якая найбольш прываблівае ў людзей разумных, дасведчаных і незакамплексаваных рознай афіцыяльшчынай і клопатам пра чыноўніцкую субардынацыю. Такога клопату ў яго не было ні кроплі. З ім можна было гаварыць зусім шчыра, зноў жа свабодна, даверліва, без аніякай палахлівай аглядкі пра ўсе тагачасныя вострыя праблемы і ў самім жыцці, і ў літаратуры. І мы гаварылі шмат, у смак, не асцерагаючыся падвохаў. Гэтаму нямала спрыяў сам той час, пазначаны істотнымі грамадскімі пераменамі. Але Калеснікава чалавечнасць яшчэ падахвочвала. А яна адчувалася скрозь.
Прыемна было бачыць, як паводзіў ён сябе са сваімі выкладчыкамі і студэнтамі. Роўны тон, спакойная разважлівасць тут былі нормай. Прымаючы экзамены ў студэнтаў, Калеснік не збіваўся на безадказную паблажлівасць, добрага ўзроўню ведаў дамагаўся без сюсюкання, але і па-дурному прыдзірлівым не быў. Усмешка, жарт, зусім не злосны ці з лёгкай падкавыркай, не разлічанай, аднак, на яўнае прыніжэнне чалавека, імпанавалі ў яго асабліва.
Вельмі высокая павага да Калесніка адчувалася не толькі ў выкладчыкаў і студэнтаў, але і ў тых людзей за межамі педінстытута, з якімі мы па яго прапанове колькі разоў сустракаліся. Гэтыя сустрэчы наглядна сведчылі, як трывала зросся ён з Брэстчынай, якім свойскім і дарагім стаў тут многім.
У 1987 годзе я атрымаў ад У. Калесніка і ладны ліст, які зноў падаю поўнасцю, бо ён таксама яшчэ не друкаваўся. «Брэст, 12. ХІІ — 87.
Паважаны Дзмітры Якаўлевіч!
Дзякую Табе за перададзеную цераз Сіранькова кнігу пра Быкава. Прачытаў з задавальненнем, хоць і часу не меў, але стараўся пазнаць яшчэ адну працу з серыі бібліятэкі для старэйшых школьнікаў. Прыемна было ўсведамляць, што пачаўся прынцыповы пералом у гэтай занарматывізаванай да бязлікасці серыі. Звяртаючыся да Дзяльца, калі рэдактары мне рэзалі рукапіс манаграфіі пра Брыля, я прапанаваў яму зняць абмежаванні памеру, ці хоць зрабіць нейкія рамкі (10—15 аркушаў), і гаварыў, што пара адмовіцца ад жорсткай рэгламентаванасці зместу, і выказваў меркаванне — упэўненасць, што Твая кніга пра Быкава пры адпаведнай падтрымцы з боку выдавецтва і Камітэта магла б напэўна стаць вяхою абноўленых арыенціраў, арыенціра на буджэнне думкі, дапытлівасці і прывучвання юных чытачоў да культуры палемікі, адвучвання ад артадаксальна-дагматычнай глупоты. Я рады, што кніга Твая, нягледзячы на кансерватызм выдавецтва, усё ж стала такім творам, які сёння патрэбны як паветра ці гаючая вада, каб лячыць душы ад застою.
Мяне, на жаль, трасуць і скубуць (рукапіс), перанеслі ўжо ў план 1989 года. Не дзейнічаюць на ўпартых пасрэднасцей нават словы аўтарытэтных людзей, лезуць і правяць мову — гэта пасля Брыля, які чытаў жа рукапіс, і пасля Цябе, які (дзякуй Табе) вельмі высока адазваўся пра мову. Думаю змагацца, засланяючыся Табою і Брылём як шчытом. Давядзецца папсаваць крыві і сабе, і выдаўцам, а ўсё дзеля філалагічнага дылетанцтва, якое мучае і раз’ядае і мастакоў многіх, і нас, крытыкаў, і найгорш чытачоў, для якіх руска-беларуская мяшанка выдаецца ідэальнаю літаратурнай мовай. Зрэшты, такую мову яны чуюць і ад настаўнікаў у школе і са школы прыносяць дамоў, яе чуюць па радыё і г. д.
Ну, ладна, не будзем займацца спрэчным бурчаннем.
Прачытаў учора Тваю палеміку з Каваленкам. Думаю, што абодва Вы, міленькія-харошанькія, хочаце вырашыць маральна-псіхалагічную загадку, развязаць гордзіеў вузел тым самым спосабам: знайсці абавязкова адназначную дэфініцыю — вечны, скончаны здраднік гэты самы Рыбак ці не. А Рыбак жа застаўся жывы. Вы ж спрачаецеся, як пра нябожчыка. Дакладней, Ты лічыш яго скончаным мярзотнікам антычалавекам, а Віктар [Каваленка] упэўнены, што ў яго ёсць яшчэ шанц. І абодва Вы забываеце, што праблема зусім не ў гэтай плоскасці. Праблема ў тым, ці ёсць у грамадстве права на адкупленне віны і як савецкі, ваенны варыянт гэтага права суадносіцца з адвечным, агульначалавечым (больш ён жорсткі ці не і чаму? Апраўдана гэта ці не? На які час дапушчальна жорсткасць і абмежаванні ў праве на раскаянне?), гаворыцца ў Цябе нешта пра змыванне віны крывёю, але мімаходзь. А між іншым фактам вайны на Беларусі была і біяграфія Гіль-Радзівонава. Я не думаю, што ён, камандзір карнага фарміравання, перайшоў да нас, партызан, толькі са страху перад намі і нашай Перамогай. Тысячы здраднікаў жывуць сабе за мяжой прыпяваючы і знаходзяць сабе апраўданне і гераічнае падвышэнне ў прэсе. Тут дзейнічала ўсё ж і сумленне, і раскаянне, і права на адкупленне віны. Перад усім гэтае права!! Але пра гэта можа пазней... Цісну руку. У. Калеснік».
Ліст ёмісты, шматзначны. Ён, акрамя ўсяго іншага, паказвае глыбіню разважанняў Калесніка, яго ўменне гаварыць праўду. Я ж толькі патлумачу, што размова ідзе ў пачатку ліста пра маю кнігу «Васіль Быкаў. Нарыс жыцця і творчасці», выдадзеную «Народнай асветай» у 1987 годзе (серыя — «народныя пісьменнікі БССР»). Яе перадаў Калесніку брэсцкі выкладчык А. Ф. Сіранькоў. М. І. Дзялец тады быў старшынёй Камітэта па друку, які курыраваў выдавецтвы, паліграфію і кніжны гандаль. Рыбак — персанаж з быкаўскай аповесці «Сотнікаў». Рукапіс Калеснікавай кнігі пра Брыля я рэцэнзаваў для выдавецтва «Народная асвета». Кніга выйшла толькі ў 1990 годзе, але памерам трохі большым, чым аналагічныя папярэднія выданні (13,84 друк. арк.). Калеснік мне падараваў яе з надпісам: «Дзмітрыю Бугаёву, чыя лёгкая рука блаславіла рукапіс гэтага сачынення, — з удзячнасцю і найлепшымі пажаданнямі. Ул. Калеснік. Мінск, 13. ХІ — 90».
Ды вярнуся нарэшце да «Тварэння легенды». Разгорнутую рэцэнзію на гэтую кнігу я надрукаваў толькі ў 1989 годзе («Полымя», № 2). Затрымка была выклікана рознымі прычынамі. Гэтую працу я разглядаў як адну «з самых значных, глыбокіх і канцэптуальна змястоўных у нашым літаратуразнаўстве». Бо тут зноў выразна выявілася маштабнасць крытычнай думкі Калесніка, які цяпер стварыў кнігу пра тое, як беларусы станавіліся народам, як яны выпрацоўвалі сваю ўласна патрыятычную і нацыянальнавызваленчую свядомасць. Ключавымі фігурамі ў гэтым працэсе Калеснік называе Ф. Скарыну, М. Гусоўскага, казачніка Рэдкага (за ім — глыбіні нашага фальклору і памежжа паміж нацыянальным фальклорам і літаратурай) і, канечне ж, Я. Купалу. Але фактычна ў кнізе праз ёмістую прызму тварэння нацыянальнай легенды, нацыянальных асноў даследуецца ўся беларуская літаратура дакастрычніцкай пары, а праз савецкага Купалу зроблены пэўны экскурс і ў паслярэвалюцыйныя гады. Аўтар звяртаецца да В. Цяпінскага і С. Буднага, А. Філіповіча і М. Сматрыцкага, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча і Я. Лучыны, П. Багрыма і К. Каліноўскага, не кажучы ўжо пра Я. Коласа і М. Багдановіча, Цётку, М. Гарэцкага і З. Бядулю. Праўда, у кнізе не згадваюцца імёны А. Гаруна ці В. Ластоўскага. Але тады гэтыя пісьменнікі яшчэ не былі рэабілітаваны. І пахвалу ў іх адрас савецкая цэнзура прапусціць ніяк не магла.
Ацэньваючы «Тварэнне легенды» як выдатнае дасягненне нашага літаратуразнаўства, я мусіў звярнуць увагу і на тое, што савецкі перыяд у творчасці Купалы тут пададзены без належнай крытычнасці, што ў даследчыка абмінута трагедыя, якая напаткала паэта пры бальшавіках (30-я гады ХХ стагоддзя). Вядома, у мяне адзначалася, што прычына гэткай недастатковасці не ў самім Калесніку, а ў тым, што яго кніга пісалася і выдавалася тады, калі яшчэ не ўсе цэнзурныя забароны былі зняты і пра многія жахлівыя факты літаратурнай гісторыі мы яшчэ добра не ведалі. Нам жа такую праўду старанна дазіравалі, адкрывалі па кропельцы, калі скрыць яе цалкам было ўжо немагчыма. Уладзімір Андрэевіч мае заўвагі па «Тварэнню легенды» прыняў без пярэчанняў (казаў пра гэта пры сустрэчы), бо ён і сам, па меры таго як гарбачоўская галоснасць набывала пашырэнне, выказваўся пра савецкія парадкі ўсё больш рэзка і бескампрамісна. У яго ж і праўда была натура барацьбіта, якая штурхала на пошукі ісціны, вялікай праўды пра чалавека і свет. Гэтаму была падпарадкавана і яго грамадская актыўнасць, і літаратурная дзейнасць, і педагагічная праца.
А ў заключэнне працытую яшчэ адзін неапублікаваны Калеснікаў тэкст — адрасаваную мне віншавальную паштоўку: «Дарагі Дзмітры Якаўлевіч!
Сардэчна віншую з Новым годам! Няхай не зморваецца Твая працавітая рука і не траціць баявога запалу сэрца!
Абнімаю. Ул. Калеснік.
26. ХІІ. 1987».Якія харошыя, бадзёрыя, чалавечныя словы! І які нячысцік пастараўся, каб яны загучалі іначай, сталі па кантрасце нагадваць пра незваротныя страты? Бо і маё сэрца праз непрацяглы час ледзь-ледзь выкараскалася з чорнай прорвы (інфаркт з клінічнай смерцю ў 1991-м). А пра смерць, ужо канчатковую, няўмольную, самога Уладзіміра Андрэевіча, якая балюча скаланула не толькі свядомасць, але і ўсё нутро, я пачуў у Бараўлянах, чакаючы непрадказальнай па магчымых выніках аперацыі на страўніку.
Суцяшэнне толькі адно. Зробленае чалавекам такога маштабу, як Уладзімір Калеснік, застаецца нашым духоўным набыткам доўгатэрміновага значэння. Каб нічога, нават драбніцы, не страціць з гэтага набытку, я і падаў усе неапублікаваныя тэксты Калесніка, якія ёсць у мяне, цалкам, без скарачэнняў і знарочыстых умаўчанняў.
2003 г.
З ЛЮБОЎЮ ДА РОДНАГА СЛОВА
Наша мова больш за трыста гадоў знаходзіцца ў неспрыяльным стане, адлік якога пачаўся яшчэ з 1696 года, калі ў тагачаснай аб’яднанай беларуска-польскай дзяржаве Рэчы Паспалітай была прынята пастанова пра забарону пісаць дзяржаўныя дакументы па-беларуску. Гэта вельмі хутка адбілася і на становішчы нашай літаратуры, усёй нацыянальнай культуры. Ціск неспрыяльных абставін на яе то рэзка ўзмацняўся, то паслабляўся, бывала, што і вельмі істотна, але існаваў з тых даўніх часоў заўсёды. Нават тады, калі афіцыйна, але больш на словах, чым папраўдзе, абвяшчалася самая рашучая падтрымка беларушчыны.
А яна, беларушчына, усё дыхае, жыве і з большым ці меншым поспехам развіваецца. Яе развіццё не можа быць спынена, пакуль ёсць беларусы як самастойны этнас са сваёй адметнай ментальнасцю, якая ўжо самім сваім існаваннем узбагачае сусветную культуру, даючы ёй няхай і сціплую, але непаўторную адмысловую фарбу, як гэта робіць і кожны іншы самабытны народ.
Вялікая заслуга ў падтрымцы беларускай культуры, у садзейнічанні яе выжыванню належыць нашым самаахвярным рупліўцам, якія прысвяцілі сваё жыццё абароне роднага слова, клопату пра яго захаванасць і нармальнае развіццё. Адным з самых паслядоўных, можна сказаць — апантаных рупліўцаў у гэтай святой для нас справе быў Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі (1918—1989). Ён сам у гутарцы з А. Гардзіцкім, якая адбылася ў 1970 годзе, падкрэсліваў: «Кніжкі, якія я выдаў, прысвечаны розным галінам мовазнаўства: дыялектнай лексіцы, фразеалогіі, культуры мовы і стылістыкі... Але ўсё, што рабілася, — рабілася з клопатам пра літаратурную мову, пра яе ўнармаванне, узбагачэнне, выяўленне невычэрпных рэсурсаў беларускай народнай мовы».
Сказана зусім слушна. І тая слушнасць неаднойчы пацвярджалася праніклівымі добрасумленнымі даследчыкамі, якія пісалі пра Ф. Янкоўскага яшчэ пры ягоным жыцці. Вось характэрнае ў гэтым сэнсе выказванне С. Александровіча, датаванае 1975 годам: «Чалавек гэты [Янкоўскі] не проста збірае скарбы беларускай мовы і народнай творчасці. Ён адкрывае людзям моўныя і фальклорныя багацці свайго народа, дае прыклад, як трэба шанаваць роднае слова, што стваралася і шліфавалася вякамі. Ён сам умее захапляцца і ўмее натхніць тых, хто ідзе ў літаратуру і навуку».
Яшчэ больш лаканічна праз пяць гадоў напісаў М. Тычына: «Любоў да роднага слова складае сэнс усяго жыцця Фёдара Янкоўскага».
А яно ў Фёдара Міхайлавіча было поўным нялёгкіх выпрабаванняў і небяспекі, якая шмат разоў пакідала свае балючыя адмеціны ў лёсе рупліўца. Не буду падрабязна казаць пра тое, што яшчэ юнаку Янкоўскаму давялося спазнаць цяжар фізічнай працы, бо рос ён у вялікай сялянскай сям’і (на дзесяць душ), дзе змалку цанілі кавалак хлеба і вучылі здабываць яго толькі сумленна.
Таленавіты і настойлівы ў дасягненні мэты хлопец здолеў прабіцца да адукацыі. У васямнаццацігадовым узросце ён скончыў Рагачоўскі белпедтэхнікум (1936) і атрымаў настаўніцкую пасаду на Міншчыне. Тады ж стаў завочна вучыцца ў Мінскім настаўніцкім інстытуце.
Вайна для Фёдара Янкоўскага пачалася ў 1939 годзе — з нападу Савецкага Саюза на Фінляндыю, якая аказала ўпартае супраціўленне сталінскай агрэсіі і здолела адстаяць сваю незалежнасць, хоць і панесла некаторыя тэрытарыяльныя страты.
Зіма 1939/40 гадоў, калі вялася тая вайна супроць Фінляндыі, выдалася асабліва марознай. Тады Янкоўскі намёрзся як ніколі. Ён быў цяжка паранены і ледзьве выжыў. Урэшце яму ўручылі белы білет, які сведчыў пажыццёвую непрыгоднасць да вайсковай службы. Але ў перыяд Айчыннай вайны гэты белабілетнік прымаў самы актыўны ўдзел ва ўзброенай барацьбе супроць гітлераўцаў. Тады ён стаў начальнікам коннай разведкі партызанскага атрада. А на яе долю выпадалі самыя рызыкоўныя сітуацыі, нечаканыя баявыя сутычкі. Выжыць у такіх умовах было рэдкай удачай. Цяпер падлічана працягласць жыцця на перадавой. Для салдата яна складала менш за суткі, для камандзіраў: узвода — тры дні, роты — сем дзён, батальёна — адзінаццаць, палка — дваццаць.
Гэты падлік датычыць вайны франтавой. Але партызанская вайна патрабавала ніяк не меншай рызыкі. Ды лёс збярог Фёдара Янкоўскага і ў такой калатнечы. Але цана выжывання была вялікай і для яго. Згадваючы свае дзве вайны, Янкоўскі са скрухай зазначаў: «Першая пакінула ў целе больш за дваццаць асколкаў, другая адабрала маіх родных-крэўных [загінула чацвёра Янкоўскіх: Карп, Сава, Вольга, Інэса. — Д. Б.], маіх сяброў, вучняў, знаёмых. Вайна парадніла мяне не з адным дзясяткам дарагіх людзей».
Апошнія словы добра выяўляюць аптымізм аўтара, яго ўменне знаходзіць нешта суцяшальнае і там, дзе пераважае драматычны пачатак.
У пасляваенныя гады Фёдар Янкоўскі скончыў Гродзенскі педінстытут імя Янкі Купалы (1948), потым аспірантуру пры Мінскім педінстытуце імя А. М. Горкага (1954).
З гэтым інстытутам, які цяпер мае назву БДПУ імя Максіма Танка, звязана ўся далейшая праца Ф. Янкоўскага. Тут ён з 1953 года быў выкладчыкам беларускай мовы, у 1956—1982 гадах узначальваў кафедру беларускага мовазнаўства, якая пры Янкоўскім стала адным з вядучых навуковых цэнтраў філалогіі ў рэспубліцы.
Аднойчы Ф. Янкоўскі прыгадваў, што гэтая кафедра, супрацоўнікі якой у 1956 годзе надрукавалі толькі тры артыкулы, «у апошнім навучальным годзе апублікавала больш за дваццаць артыкулаў і адзінаццаць кніг, сярод якіх падручнікі для школ, дапаможнікі для студэнтаў-філолагаў і настаўнікаў, слоўнікі, манаграфіі.
Гады працы ў гэтым калектыве — мае добрыя гады. Узаемная павага і падтрымка, шчырыя адносіны да працы, да роднага слова забяспечылі калектыву пэўныя поспехі». Гэта напісана Янкоўскім у лютым 1972 года. Вялікія поспехі ўзначаленага ім калектыву ён назваў толькі пэўнымі з-за сціпласці. Па той жа прычыне не падкрэслівалася, што такі спрыяльны мікраклімат у калектыве педінстытуцкіх беларусазнаўцаў ствараўся найперш намаганнямі кіраўніка, які дасягнуў поспеху ў гэтым кірунку дзякуючы і сваёй чалавечнасці, і вялікаму навуковаму аўтарытэту.
З 1983 года Фёдар Міхайлавіч адмовіўся ад кіраўніцтва кафедрай, але да канца сваіх дзён заставаўся яе супрацоўнікам на пасадзе прафесара, якім быў з 1970 года.
Працуючы ў Мінскім педінстытуце, ён абараніў кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, стаў заслужаным дзеячам навукі Беларусі.
Ягоная пісьменніцкая праца пачыналася спакваля, без вялікіх прэтэнзій і амбіцый і вылівалася ў нарысы, абразкі, эцюды. А потым склаліся і кнігі: «Абразкі» (1975), «Прыпыніся на часіну» (1979), «І за гарою пакланюся» (1982), «Радасць і боль» (1984), «Само слова гаворыць» (1986), «З нялёгкіх дарог» (1988). Апошняе з прыгаданых тут прыжыццёвых выданняў прозы Янкоўскага — гэта ёмістая кніга яго выбраных твораў. А зборнік «Само слова гаворыць» мае падзагаловак «Філалагічныя эцюды, абразкі, артыкулы». Ён вельмі дакладны.
Лінгвістычнымі нататкамі называў абразкі Фёдара Янкоўскага Сцяпан Александровіч. Гэта таксама трапнае акрэсленне. Увогуле, замалёвачнасць уласцівая абразкам па вызначэнню.
Абразкі, створаныя Ф. Янкоўскім, звычайна вырасталі з дакладнага і падрабязнага апісання нейкага канкрэтнага факта, уражання ад яго. Ці ўзнікалі як роздум над недзе пачутым або ўспомненым каларытным словам. Пры гэтым нярэдка ўзгадваліся ўсе акалічнасці, пры якіх тое слова было пачута, адзначалася, як выглядаў чалавек, што вымаўляў яго, дзе ён жыў і які меў лёс, як ставіўся да аўтара замалёўкі. Усё падавалася цікава і любасна-захоплена. Асабліва каларытнае слова нярэдка проста смакавалася, паварочвалася то адной, то другой гранню, а ўрэшце і праўда само пачынала гаварыць з такой выразнасцю, што не захапіцца ім, чытаючы абразок, можа хіба што зусім глухі да слова чалавек.
Уменнем пераканальна паказаць хараство народнай мовы, здольнасцю бясконца любавацца беларускім словам, сапраўды каларытным, як казаў сам Янкоўскі, гаваркім, забяспечаным сэнсавай глыбіннасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю, калі гэтае слова пастаўлена на сваім месцы, прамоўлена дарэчы і са смакам, — усім гэтым Ф. Янкоўскі ў нас вылучаўся асабліва. А сярод вучоных-філолагаў ён тут увогуле не меў сабе роўных.
Хораша пісаў ён і некаторыя нарысы. Адзін з іх прысвечаны Янку Брылю, з якім Фёдара Янкоўскага звязвала трывалае непаказное сяброўства. Той нарыс апублікаваны пад загалоўкам «Ідзе хораша, сумленна, смела». І ўжо самім гэтым загалоўкам вызначаны эмацыянальны тон гаворкі. Яна падкупляе сваёй натуральнасцю, свабодай выяўлення асобы нарысіста і той даверлівасцю, якую за яе гранічную шчырасць можна назваць спавядальнасцю.
Свабода і раскаванасць, з якімі напісана пра Янку Брыля, звязаны, можа, найперш з вельмі блізкім веданнем пісьменніка, якое абумовіла дакладнасць усяго, што сказана ў нарысе.
Але зрэдку Фёдар Янкоўскі браўся пісаць і пра тое, што ведаў прыблізна. Ён тонка разумеў мастацкую літаратуру, пра творчасць шэрагу пісьменнікаў выказваўся арыгінальна і змястоўна, але прафесійным літаратуразнаўцам ён усё ж не быў і маштабы зробленага канкрэтнымі літаратуразнаўцамі, іх практычныя справы і стасункі ўяўляў прыблізна. І гэта яскрава выявілася, напрыклад, у нарысе «Па бацьку пазнаюць сыноў». Нарыс увайшоў у кнігу «Прыпыніся на часіну». Прысвечаны ён М. Р. Ларчанку і нібыта выпеставаным ягонымі намаганнямі і клопатамі літаратуразнаўцам. Але нацяжкі тут ідуць скрозь. А ў выніку воблік Ларчанкі атрымаўся яўна ідэалізаваным, яго роля ў нашым літаратуразнаўстве вельмі істотна перабольшана.
«Міхась Ларчанка гадаваў і выхоўваў, ствараў і стварыў цэлы вялікі калектыў, дружны і працавіты, літаратараў — літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратуры, крытыкаў, вучоных педагогаў», — піша Ф. Янкоўскі, маючы на ўвазе тагачасную кафедру беларускай літаратуры ў БДУ. Кафедра і на самой справе ўжо тады была моцнай. І Ларчанка быў на пасадзе яе загадчыка даволі працяглы перыяд. Ён вызначаўся сваёй памяркоўнасцю і добразычлівасцю, у 1956 годзе абараніў доктарскую дысертацыю (тады доктарам філалогіі па беларускай літаратуры ў нас быў яшчэ толькі Васіль Барысенка) і часта выступаў афіцыйным апанентам у многіх нашых навукоўцаў, спрыяючы тым самым іх новым поспехам. Словам, тут значная заслуга М. Ларчанкі відавочная і неаспрэчная.
Але кафедрай Міхась Ларчанка кіраваў, здаецца, не найлепшым чынам. Тое, што сюды прыходзілі выдатныя літаратуразнаўцы (І. Навуменка, А. Лойка, значна пазней С. Александровіч, Р. Семашкевіч, В. Рагойша), не заўсёды было заслугай загадчыка. Урэшце ж, БДУ і сам па сабе меў вялікую прыцягальнасць. І сюды імкнуліся такія таленавітыя людзі, якіх у большасці выпадкаў проста нельга было не ўзяць на працу. Міхась Рыгоравіч іх урэшце браў. І дзякуй яму за гэта!
Але ўжо і на маёй памяці ў давер да Ларчанкі ўціраліся і карысталіся яго падтрымкай асобы прайдошлівыя, да педагагічнай і навуковай працы зусім не здольныя. Пра аднаго з іх, абазначанага ініцыяламі А. П., мне ўжо даводзілася пісаць з другой нагоды. Не буду цяпер усё паўтараць, а скажу толькі, што ён паўгода рыхтаваў лекцыю, якую павінны былі наведаць члены (цяпер кажуць сябры) кафедры, каб ацаніць выкладчыцкія здольнасці новага супрацоўніка. А Ларчанкаў пястун за 45 хвілін вычарпаў усе свае веды па тэме заняткаў, астатні час (зноў 45 хвілін) з вялікай натугай паўтараў тое, што сказаў раней. Ды яшчэ рабіў пры гэтым жахлівыя памылкі.
Спрабаваў той А. П. пісаць і дысертацыю. Ягоным кіраўніком быў Ларчанка. Ён, на наша здзіўленне, прыхільна паставіўся да бездапаможнай пісаніны А. П., у якой І. Навуменка выявіў і злёгку замаскіраваны плагіятперакручванне. Толькі пасля гэтага кафедра ад А. П. пазбавілася.
Затое Міхась Рыгоравіч адпрэчыў добрага пісьменніка Міколу Лобана, які хацеў у БДУ чытаць курс беларускай літаратуры.
А колькі важданіны было з тым жа Р. Семашкевічам. Начальства коса глядзела на яго з-за яршыстасці хлопца, вастрыні ягоных крытычных выказванняў (не ў друку). Дысертацыю ж ён падрыхтаваў талковую. Я пісаў на яе афіцыйны кафедральны водзыў, вядома, станоўчы. Ларчанка да абароны дапусціў Семашкевіча з вялікім скрыпам і пасля працяглай валакіты, пераадолець якую ўдалося з цяжкасцю.
Такія «праколы» (я згадаў не ўсе з іх) сведчаць, што шаноўны Міхась Рыгоравіч у ацэнцы прафесійных якасцей навукоўцаў і педагогаў не заўсёды быў на вышыні. Яму яўна неставала ўмення адрозніваць сапраўды таленавітых людзей ад пустых, але дагодлівых балбатуноў.
Гэта магло мець вельмі сумныя вынікі. Але іх не здарылася таму, што на кафедры, прынамсі, ужо на маёй памяці, вырашальнае слова належала І. Навуменку і А. Лойку. Гэтых хлопцаў на мякіне правесці нельга было, бо яны выразна бачылі, хто чаго варты.
Міхась Рыгоравіч мусіў мірыцца з такім становішчам. І ад загадвання кафедрай ён адмовіўся ў 64 гады. У тыя часы пра абмежаванні на кіраўнічыя пасады па ўзросце яшчэ ніхто і не заікаўся. Ды, здаецца, і цяпер кіраваць можна да 65 гадоў без паблажак ці скідак, пры якіх у нас можна заставацца кіраўніком пажыццёва.
Ды вярнуся да Фёдара Янкоўскага. Уласцівае яму глыбіннае і разам з тым вельмі тонкае разуменне хараства роднай мовы выявілася ў ягонай асаблівай прыхільнасці да фразеалогіі. І гэта невыпадкова. Бо якраз тут арыгінальнасць любой мовы, яе адметнасць праяўляецца найбольш ярка. Фёдар Міхайлавіч адчуваў гэта нутром, усёй сваёй чалавечай сутнасцю. Таму ў сваёй складальніцкай практыцы Янкоўскі нязменна шчыраваў і ў гэтым кірунку. Ён стаў складальнікам кніг: «Крылатыя словы і афарызмы: З беларускіх і літаратурных крыніц» (1960), «Беларускія народныя параўнанні: Кароткі слоўнік» (1973). У тым жа 1973 годзе выйшаў «Фразеалагічны слоўнік», складзены Ф. Янкоўскім разам з Н. Гаўрош, І. Лепешавым. Прыкладна з сярэдзіны 1970-х гадоў Янкоўскі стаў рэдагаваць практычна ўсе беларускія выданні прац па фразеалогіі і іншых устойлівых выслоўях.
Шмат увагі аддаваў ён яшчэ з маладых гадоў збору і публікацыі беларускіх прыказак і прымавак, у якіх акумуліравана глыбінная мудрасць народа, правераная шматвяковым вопытам.
Першы іх салідны зборнік выйшаў у 1957 годзе пад назвай «Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі». У 1962 годзе выданне было паўторана ў абноўленым і пашыраным выглядзе. Складальнік крыху змяніў тады і загаловак. Кніга атрымала назву «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы. Выданне другое, дапоўненае». Дапаўненні былі вельмі істотнымі — у кнігу ўключалася звыш дзвюх тысяч прыказак, прымавак і фразеалагізмаў, якія адсутнічалі ў першым выданні.
Зроблена кніга 1962 года на самым высокім прафесійным узроўні. Тут ёсць прадмова М. Р. Судніка, тады дырэктара Інстытута мовазнаўства АН БССР. Суднік узначальваў гэты інстытут чвэрць стагоддзя. Ён быў прызнаным спецыялістам па лексікалогіі і лексікаграфіі, грунтоўна вывучаў таксама беларускія прыказкі і прымаўкі. Пра іх адметнасць, ролю ў моўнай практыцы народа Суднік напісаў дасведчана, з добрым веданнем справы. Таму тая прадмова з цікавасцю перачытваецца і цяпер. Удакладнення тут патрабуе толькі гаворка пра стан даследаванасці і публікацыі беларускіх прыказак і прымавак. Тады, як пісалася Суднікава прадмова, беларускія прыказкі і сапраўды былі вывучаны мала. Але за сорак з лішнім гадоў, што мінулі з той пары, становішча істотна перамянілася. Паявіліся новыя зборнікі, некаторыя з грунтоўным аналізам. Назаву хоць бы ёмістую кнігу А. Аксамітава «Прыказкі і прымаўкі. Тлумачальны слоўнік беларускіх прыказак і прымавак з архіваў, кафедральных збораў, рэдкіх выданняў ХІХ і ХХ стст. 2002, 2-е выд.».
Багата прыказак, сабраных аўтарам на Мсціслаўшчыне, прадстаўлена з фіксацыяй моўнага кантэксту ў кнізе Г. Ф. Юрчанкі «Народнае мудраслоўе» (2002), у трох выпусках «Дыялектнага слоўніка» Ф. Янкоўскага (два з іх выйшлі яшчэ ў 1959 і 1960 гадах, трэці — у 1970-м), у яго ж, Янкоўскага, «Беларускай фразеалогіі» і іншых кнігах аўтара. У 1996 годзе выдалі слоўнік беларускіх прыказак І. Я. Лепешаў, М. А. Якалцэвіч. Іх аб’ёмная кніга перавыдавалася ў 2002 годзе. Ёсць і шэраг іншых зборнікаў нашых прыказак, якія тут няма патрэбы пералічаць, бо яны з адпаведнай ацэнкай згадваюцца ў напісанай у 1961 годзе прадмове Ф. Янкоўскага да другога выдання, якая, як і само выданне, перадрукоўваецца цяпер.
Цікавы зборнік прыказак і прымавак пад назвай «Паслухай, што людзі кажуць» выдаў у 1984 годзе В. Рабкевіч, які ў «Слове да чытача» падкрэсліў, што стаў збіраць гэтыя ўзоры народнай мудрасці пад уплывам свайго настаўніка Ф. Янкоўскага.
Нямала сапраўды народных прыказак і прымавак, а таксама прыгаворакзычанняў, народных параўнанняў і іншых мудраслоўяў ёсць у складзенай Нілам Гілевічам кнізе «Народныя казкі-байкі, апавяданні, мудраслоўі»(1983) з серыі «Беларускі фальклор у сучасных запісах», якая рыхтавалася ў БДУ пад кіраўніцтвам паэта.
Без дадатковых каментарыяў перадрукоўваецца цяпер «Слова складальніка» (Ф. Янкоўскага) да першага выдання «Беларускіх народных прыказак і прымавак», змешчанае і ў зборніку 1962 года. Яно датуецца яшчэ 1956 годам, але і цяпер цалкам захоўвае сваю каштоўнасць. Тое ж можна сказаць і пра «Слова складальніка да другога выдання», напісанае 17 лістапада 1961 года.
Завяршаецца кніга «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» «заўвагамі і тлумачэннямі», у якіх Янкоўскі даў надзвычай каштоўны каментарый да прадстаўленых у зборніку твораў. Гэты каментарый узнаўляецца з невялікімі скарачэннямі.
Тлумачэння патрабуе тое, чаму для перадруку ўзята менавіта другое выданне кнігі «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы». Праца ж Ф. Янкоўскага мела і трэцяе выданне. Яно выйшла ў 1992 годзе, праз тры гады пасля смерці аўтара-складальніка. У падрыхтоўцы трэцяга выдання сам Янкоўскі ніякага ўдзелу не прымаў. Яно падрыхтавана жонкай (тады ўжо ўдавой) Фёдара Міхайлавіча Серафімай Андрэеўнай (яна была прафесійным філолагам, цяпер таксама нябожчыца), дачкой Інай Фёдараўнай і супрацоўніцай Янкоўскага па кафедры беларускага мовазнаўства Нінай Васільеўнай Гаўрош (цяпер прафесар БДПУ імя Максіма Танка).
Трэцяе выданне друкавалася праз трыццаць гадоў пасля другога.
С. Янкоўская разам з І. Янкоўскай і Н. Гаўрош істотна перагледзелі кнігу, значна павялічылі яе памер, але скарацілі пры гэтым некаторыя раздзелы як яўна не сугучныя новаму часу. Выданне пазначана як «дапрацаванае, дапоўненае». Праўда, пры дапаўненні не абышлося ў асобных выпадках без пэўных «накладак». Так, у раздзеле «Вялікая Айчынная вайна» паявіліся псеўдапрыказкі: «Гітлеры ды Чэрчылі не раз ад злосці (зайздрасці) енчылі»; «Гітлеры ды Чэрчылі — чэрці адной шэрсці».
У прыжыццёвых выданнях Ф. Янкоўскага гэтых псеўдапрыказак няма. Відаць, таму, што ў іх скажалася гістарычная праўда. Як вядома, Чэрчыль быў адным з самых паслядоўных праціўнікаў Гітлера і ўнёс вялікі ўклад у перамогу над ім. Такія псеўдапрыказкі ствараліся не народам і не ў Айчынную вайну. Іх у перыяд пазнейшай халоднай вайны паміж Савецкім Саюзам і заходнімі дэмакратычнымі дзяржавамі, былымі саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, прыдумвалі, выконваючы заказ нашых тагачасных ідэалагічных службаў, супрацоўнікі выданняў тыпу «Блакнота агітатара».
І яшчэ. Для пасмяротных перадрукаў звычайна бярэцца апошняе прыжыццёвае выданне, калі аўтар меў да яго непасрэднае дачыненне. Такім для кнігі «Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы» з’яўляецца другое выданне. Яно было дбала і вельмі ўдумліва падрыхтавана менавіта самім аўтарам-складальнікам Ф. Янкоўскім, хоць без пэўных уступак патрабаванням ідэалагічнай цэнзуры не абышлося і ў яго. Гэта асабліва прыкметна ў раздзелах: «Камуністычная партыя, вялікі Ленін», «Кастрычніцкая рэвалюцыя. Грамадзянская вайна», «Савецкая Айчына. Новае жыццё», «Калектывізацыя. Калгасная праца», «Супраць падпольшчыкаў вайны, ворагаў Савецкай Радзімы», «Рэлігія і яе сутнасць. Рэлігійныя прыслужнікі». Гэтыя раздзелы і каментарыі да іх цяпер апускаюцца, бо яны ўзніклі ў выніку жорсткага ідэалагічнага дыктату, без якога ў нас пры бальшавіках, прынамсі ў гуманітарнай сферы, нічога не выдавалася.
Дарэчы сказаць, згаданыя раздзелы, за выключэннем аднаго, зняты ў трэцім выданні. Але адназначна адмоўнае асвятленне рэлігійных пытанняў там яшчэ пакідалася. Цяпер жа ніяк не выпадае перадрукоўваць тэндэнцыйна падабраныя з-за тагачаснага ідэалагічнага ўціску матэрыялы, у якіх у адпаведнасці з жорсткай бальшавіцкай дагматыкай адмаўляецца цывілізатарская роля рэлігіі, яе пропаведзь дабрыні і чалавечнасці, клопат пра духоўнасць людзей, іх душэўнае здароўе.
Такім чынам, усе скарочаныя цяпер раздзелы з кнігі Ф. Янкоўскага (памерам яны невялікія) былі вымушанай данінай складальніка ідэалагічным устаноўкам савецкай таталітарнай дзяржавы. Яму хочаш не хочаш, а даводзілася ісці за абавязковымі патрабаваннямі ідэалагічнай цэнзуры.
Ф. Янкоўскі выдатна ведаў, што сапраўды народныя прыказкі праходзяць працяглую, а то і шматвяковую апрабацыю. І таму яны з’яўляюцца згусткамі народнага вопыту, народнай мудрасці і праўды. А якая праўда была ў такіх паспешліва скляпаных па ідэалагічным заказе выслоўях з апушчаных цяпер раздзелаў: «Ад ленінскай навукі мацнеюць розум і рукі», «Да шчасця і свабоды вядзе партыя народы», «Голас партыі — голас міру». Тут усё крыкам крычыць пра грубую падтасоўку. Бо па ленінскай (а потым сталінскай) навуцы з яе пропаведдзю найлюцейшай класавай барацьбы рукі мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей закоўваліся ў кайданы ці атрымлівалі лапату, кірку, кайло, адбойны шахцёрскі малаток, пілу і сякеру для прымусовай працы да поўнага знясілення. Свабода і сапраўднае, вялікае ў грамадскім сэнсе шчасце прыдаўленаму народу тады маглі толькі сніцца, а апантаныя прагай навязаць камуністычную ўтопію ўсяму свету крамлёўскія «міралюбцы» бальшавіцкай закваскі вялі такую шалёную гонку ўзбраенняў, што ўрэшце разарылі краіну з велізарнымі прыроднымі багаццямі і магутным чалавечым патэнцыялам.
Усё, што рабіў Фёдар Янкоўскі ў мовазнаўстве, у збіральніцкай і складальніцкай працы, у мастацкай літаратуры, натхнялася такой любасцю да роднага слова, якая рэдка сустракаецца ў асяроддзі чыстых навукоўцаў і нават пісьменнікам уласцівая не ўсім, а толькі сапраўды значным, арыгінальным майстрам.
Ён і почырк меў вельмі прыгожы, а свае кнігі падпісваў часамі з такімі аздабленнямі некаторых літар, што імі можна любавацца.
У мяне захавалася некалькі ягоных кніг з аўтографамі. І ўсе яны падпісаны так, што іх можна дэманстраваць на выстаўцы. І змест у подпісах вельмі прыязны, пранікнёна-шчыры. З подпісу ў кнізе «Само слова гаворыць» вылучу радок «З удзячнасцю душы і сумлення». А вось разгорнуты аўтограф з кнігі «Радасць і боль»: падаю яго з разбіўкай на радкі, зробленай Янкоўскім.
«Дарагому Дзмітрыю Бугаёву з нязменнай
Прыязнасцю, сімпатыяй!З нязменнаю цеплынёю Ад гэткіх кароценькіх нашых (што іншы раз не адразу і сам адчую, улаўлю) філалагічных сустрэч!
З Богам, Чалавек!
Надоўга, надоўга Вам
Вашай някідкай філалагічнай цеплыні, вернасці.
Шчыра Ф. Янкоўскі».
Яму хацелася, каб была нейкая прыгажосць і ў самім размяшчэнні радкоў, ключавых слоў у іх. А сустрэчы ў нас і праўда былі філалагічнымі пры любых абставінах: і ў кнігарні (найчасцей), і ў інтэрнацкім калідоры (у мае аспіранцкія часы мы жылі ў педінстытуцкім інтэрнаце па вуліцы Кірава), і проста на вуліцы, найбольш на праспекце, які цяпер носіць імя Францішка Скарыны, звычайна ў адрэзку ад педінстытута да Купалаўскага сквера.
Сардэчны ён быў чалавек. І я рады, што на маю долю выпала блізкае знаёмства з ім. Шкадую толькі, што пры ягоным жыцці да мізэрнага мала пісаў пра яго працы, хаця вусных размоў пра іх было мноства. Напісаў жа больш-менш грунтоўна толькі адзін раз: з мовазнаўцам А. Баханьковым мы рэцэнзавалі першы выпуск «Дыялектнага слоўніка» Янкоўскага. Рэцэнзія называлася «Хараство народнага слова», друкавалася ў «ЛіМе». І Фёдар Міхайлавіч быў ёю задаволены, шмат разоў гэта падкрэсліваў. Ён умеў быць удзячным за кожнае шчырае слова, асабліва калі яно было пахвальнае, за ўвагу і павагу да той справы, якой сам аддаваў усю сілу свайго таленту, увесь жар сваёй надта добрай, трапяткой душы.
2004 г.
ЖЫЦЦЁМ ІДУЧЫ...
(старонкі ўспамінаў)
Напісаць больш-менш падрабязную аўтабіяграфію для друку мне прапаноўвалі неаднаразова. Асабліва настойліва рабіў гэта Янка Казека, калі рыхтаваў цяпер добра вядомыя кнігі пісьменніцкіх жыццяпісаў. Я не менш настойліва адмаўляўся. І не толькі з-за сціпласці, але і таму, што не бачыў магчымасці расказаць пра сябе праўдзіва, без вымушанага ўтойвання істотных момантаў. Увогуле, думалася мне, такія рэчы лепш за ўсё пісаць на схіле дзён і, вядома, з гранічнай шчырасцю, без вымушанай аглядкі на розныя акалічнасці. Бо толькі праўдзівыя сведчанні няхай сабе і звычайных людзей могуць мець нейкую каштоўнасць, праліваць пэўнае святло на час і яго норавы.
Цяпер такая пара, здаецца, прыйшла. Бо, па-першае, ёсць магчымасць выказвацца свабодна, без апаскі, што за тваю шчырасць цябе ж і будуць цягаць, а то і зусім сапсуюць табе жыццё. А па-другое, адкладваць на будучае я ўжо нічога не магу, бо не ведаю, ці ёсць яно ў мяне, тое будучае, ці адолею я страшную хваробу, якую выявілі ў мяне ў канцы мінулага года. Дактары з Бараўлянаў, якія выразалі мне дзве трэці страўніка, кажуць, што пэўную адтэрміноўку я яшчэ буду мець. Але цвёрдай веры ім у мяне няма.
Аўтабіяграфію пачну, як і звычайна гэта робіцца, з нараджэння. Ва ўсіх афіцыйных даведніках пазначана, што нарадзіўся я 12 студзеня 1929 года ў в. Сычык Крычаўскага раёна. Дакладная тут толькі дата нараджэння. Усё астатняе патрабуе ўдакладнення.
Пра дату, яе правільнасць кажу вельмі ўпэўнена. Бо ў мяне захавалася яшчэ даваеннае пасведчанне аб нараджэнні, выдадзенае 18 жніўня 1936 года. У нас яно называлася метрыкамі. Па гэтых метрыках мяне прымалі ў школу. У 1941 годзе, калі перад самым прыходам гітлераўцаў нашу школу рабавалі, мае метрыкі знайшоў сярод раскіданых абы-як і ўжо, здавалася, нікому не патрэбных папер Іван Міхайлавіч Фралоў, мой траюрадны брат, старэйшы на некалькі гадоў. Хлопец падумаў, што ўсё ж гэта дакумент, і на ўсякі выпадак прынёс яго мне. Тыя метрыкі потым сапраўды шмат разоў мяне выручалі.
Яны цікавыя і як штрых да характарыстыкі часу. Бо бланк аддрукаваны яшчэ на беларускай мове, але запоўнены ў асноўным па-руску, прычым з памылкамі. Кідаюцца ў вочы і яўныя беларусізмы, таксама пададзеныя непісьменна: само пасведчанне называецца «О нарожденні (дарэчы, «О» замест «Аб» тут друкарскае, значыць, памылка была і ў бланку), запаўнялася папера 18 «жнівня», прадстаўлялася яна в «навуковыя установы». Словам, справавод (яго прозвішча напісана неразборліва) добра не ведаў ні беларускай, ні рускай мовы. Даўняя трагедыя многіх нашых «грамацеяў», тых псеўдаінтэлігентаў, якіх А. Салжаніцын называў прадстаўнікамі «образованщины».
І яшчэ. Пераважнасць рускамоўнага тэксту ў беларускім па задуме дакуменце наводзіць на думку, што ўжо тады пачынала згортвацца беларусізацыя, хоць сама наша школа, для якой і выдаваліся тыя метрыкі, была беларускай. Выкладанне ўсіх прадметаў, за выключэннем, вядома, рускай мовы і літаратуры, вялося на роднай мове. І нам гэта падабалася.
Але я забег далекавата наперад. Пра дакладнасць даты майго нараджэння, зафіксаванай у тых даваенных метрыках, сведчаць і неаднаразовыя матчыны згадкі, паводле якіх я нарадзіўся ў каляды. А па новым стылі гэта ў праваслаўных, да якіх належалі і мае бацькі, якраз студзень.
Затое месца нараджэння ў афіцыйных даведніках падаецца недакладна. На самой справе я паявіўся на гэты свет зусім не ў Сычыку, а ў в.Губіншчына. Так, здаецца, гаварыла маці. Так запісана і ў маіх метрыках.
Там жа ідзе і наступны запіс пра бацькоў: «отец: Бугаев Яков Якимович; мать: Бугаева Гапка Антоновна».
Афіцыйнае імя маці — Агаф’я. Але ў вёсцы яе сапраўды звалі Гапкай. І гэта добрасумленна адлюстраваў сельскі справавод. І мяне, і ўсіх братоў, і нашу сястру таксама называлі Гапчынымі дзецьмі. Гэта было зусім справядліва, бо ў цяжкія часы нас ратавала менавіта маці. У бацькі такой магчымасці проста не было.
А што да Губіншчыны, дык гэта старая і некалі вялікая беларуская вёска на мяжы з Крычаўшчынай. Адным сваім канцом яна выходзіла да ракі Воўчас (прыток Сожа). Тады Губіншчына належала не да Крычаўскага, а да Чэрыкаўскага раёна. Была яна ў складзе Горкаўскага сельсавета, тэрыторыя якога ў перыяд хрушчоўскага ўзбуйнення адміністрацыйных адзінак далучалася да суседняга Бацвінаўскага сельсавета, бо і сам Чэрыкаўскі раён тады скасоўваўся, дакладней, уключаўся ў склад Крычаўскага. Пазней наш раён быў адноўлены, але Горкаўскі сельсавет ужо не аднаўляўся. Так наша мясцовасць і засталася ў Крычаўскім раёне, а я стаў ураджэнцам Крычаўшчыны.
Старая Губіншчына адчувала перанаселенасць, бо не толькі ў коласаўскіх мікалаеўцаў былі «цесна збіты нашы хаты, як авечкі ў летні жар». Калі здараўся пажар, дык ён і ў губіншчанцаў вынішчаў не адну хату і гаспадарку. Адзін раз гарэў набытак і маіх бацькоў. Я сам гэтага не памятаю (мусіць, не пры мне тое было), але ведаю з успамінаў маці.
У 1920-я гады мясцовыя ўлады ў адпаведнасці з агульнай бальшавіцкай палітыкай заахвочвалі стварэнне хутароў і пасёлкаў. Сталі падавацца на больш вольны прастор і многія губіншчанцы. Так узніклі пасёлкі Асінаўка, Падабак, Ліпкі, Майскі, Чырвоны, Сычык і іншыя. Усе яны ствараліся перасяленцамі з Губіншчыны.
Мае бацькі і яшчэ пяцёра гаспадароў пабудаваліся ў пасёлку, які атрымаў назву Быкоўка. Магчыма, па мянушцы майго бацькі і яго малодшага брата Яшкі, якіх чамусьці дражнілі не бугаямі, а быкамі. «Быкаў брат», — казалі і на мяне, калі я са старэйшым братам трапляў у гурт большых хлопцаў.
У літаратурным асяроддзі ўжо ў Мінску пра гэтую мянушку, канечне ж, не ведалі, аднак прыдумалі ўвогуле няхітрую хохму, нібыта я напрошваўся ў «Маладосці» напісаць рэцэнзію на кнігу Васіля Быкава. Але там адмовілі, зазначылі, што сваякам рэцэнзіі не заказваюць. На самой справе я рэцэнзаваў першы быкаўскі зборнік у гэтым часопісе. Але вострых на язык «братоў па літаратуры» спакусіла нагода абыграць сэнсавую сугучнасць прозвішчаў.
Наша Быкоўка была размешчана каля маляўнічага і тады досыць глыбокага балота, у якім яшчэ і на маёй памяці вадзіліся качкі, кулікі (у нас іх называлі дзікімі баранамі), зрэдку пракідаліся журавіны. Побач быў добры лес. У ім раскашавалі магутныя дубы і вельмі прыгожыя клёны, якія давалі дужа смачны сок — кляновік. Гэтыя дрэвы падыходзілі да самых хат, а ў Яшкі дык раслі і на двары. (Ягонае селішча было крайнім ад лесу.) Памятаю таксама тоўстыя бярозы, ад якіх ранняй вясной набіралі поўныя вёдры бярозавіку. Восенню чырванелі вялікімі гронкамі ладныя рабіны. У розныя поры года радаваў вока гаманлівы асіннік, вусцішна шумеў пры ветраным надвор’і змрочны ельнік. Мясціны былі багатыя на грыбы, у тым ліку на баравікі. На сонечных прагалах расло шмат суніц.
Пазней усё гэта знікла. Бо лес бязлітасна вынішчылі. Спрабавалі асушаць і балота. Ваду спусцілі ў лагчыну пад назвай Яросвін. Але ўрадлівага поля на месцы былой балотнай раскошы чамусьці не атрымалася. Нават добрая трава там не хацела расці. Буяла толькі грубая асака, якую не жадалі есці ні коні, ні каровы, ні авечкі. Скошаная, гадзілася яна толькі на подсціл жывёле ды зрэдку ішла на сечку, калі з нармальным сенам станавілася тугавата.
У Быкоўцы, яшчэ не спаганенай людской прагнасцю, і прайшло маё дзяцінства, шчодрае толькі на ўражанні ад прыроднага хараства навакольных мясцін, якое, мусіць, заўсёды будзе хваляваць жывую чалавечую душу.
Засмучала, здаецца, адно — у бацькі не было сапраўднага саду. Думаю, што ён з мужыцкай практычнасцю бярог зямлю на прысядзібным пляцы для больш рацыянальных патрэб — для бульбы, канопляў і, вядома, гародніны.
Каля самай хаты і гаспадарчых пабудоў ды каля плота, якім агароджвалася сядзіба ад дарогі праз пасёлак, расло некалькі вялікіх і вельмі ўраджайных кустоў іргі (яе часам завуць беларускім вінаградам), шэраг сліў і тры моцныя ігрушы-паўдзічкі, надта прыгожыя ў шчодрай квецені вясною. Яны таксама кожнае лета давалі багата пладоў, якія станавіліся прыдатнымі для яды пасля добрай лёжкі. А яшчэ іх можна было сушыць, што маці заўсёды і рабіла. Сялянская печ для гэтага вельмі падыходзіла. Зімою тыя сушаныя грушы былі ці не найбольшымі нашымі прысмакамі.
З Быкоўкі нам, аднак, давялося пераязджаць. Недзе ў 1939-м ці 1940-м годзе. Перасяленне было вымушанае. «Родная савецкая ўлада», якая ўсё за нас рашала, тады ўзялася ліквідоўваць тыя пасёлкі, якія сама ж некалі і арганізоўвала ці, прынамсі, заахвочвала.
Але вярталіся мы ўжо не ў Губіншчыну, а на недалёкае ад Быкоўкі поле паміж пасёлкамі Сычык і Чырвоны. У гэты прамежак сцягнулі і яшчэ некалькі пасёлкаў, так што ў канчатковым выніку атрымалася адна ладная вёска на пяцьдзесят з лішнім двароў, якая стала і цэнтрам калгаса, а старая Губіншчына аказалася ўжо наводшыбе. За новай, па сутнасці, вёскай замацавалася не прэтэнцыёзная назва Чырвоны, а больш сціплая Сычык.
Каб не ўдавацца ва ўсе гэтыя тонкасці, я і стаў пісаць у розных анкетах, што нарадзіўся ў Сычыку.
Загад аб перасяленні маці ўспрыняла як вестку пра вялікую бяду і не адзін раз паўтарала, што ўсяго два перасяленні роўныя пажару. Трэба ж было перацягваць на новае месца і знізу падгнілую ўжо хату, і таксама не новыя гаспадарчыя пабудовы. Ды і зямля на новым месцы няўгноеная. Колькі гадоў яна будзе радзіць слаба. А самае галоўнае, што ўвесь цяжар перасялення клаўся на матчыны плечы, бо ў нас тады ўжо не было бацькі...