Калі Ала прыбегла са школы, маці якраз наводзіла ў пакоях парадак. Сёння — субота, і ў гэты дзень у доме заўсёды, як кажа тата, генеральная ўборка.
Ала пахвалілася маме, што прынесла выдатную адзнаку, і сказала:
— Лісточкі кветак я памыю, а потым вазоны вадзічкай палью...
Даглядаць кветкі — любімы занятак дзяўчынкі. А ў пакоі мноства кветак. I ўсе прыгожыя-прыгожыя.
— Мама, што яшчэ мне рабіць? — спытала Ала, калі паліла кветкі.
У пакоі пасвятлела, стала болып утульна. Гэта таму, што кветкі нібы ажылі, расправілі лісточкі.
— Што яшчэ рабіць? — перапытала маці.— Пратры шкло ў вокнах. Справішся?
Ала ўзялася за работу. Старалася. I выходзіла ў яе, як у сапраўднай гаспадыні. Шыбы адно папісквалі: піш-у, піш-у...
Потым дзяўчынка адышла ад акна падалей, каб паглядзець, ці ёсць на шкле яшчэ плямкі. Зірнула — і здзівілася...
Пытае ў маці:
— А дзе шкло? Я ж толькі яго працірала...
Маці ўсміхнулася і абняла Алу.
— Памочніца ты мая залатая! Шкло нікуды не падзелася. На сваім месцы яно. Гэта ты дужа добра справілася са сваёй работай. Плямак няма — вось і шкла не відаць...