Максімкаў дзед жыве ў вёсцы. Ранняй вясной, калі яшчэ не было работы на агародзе, бабуля сказала яму:
– З’ездзі ў Гомель, унуку яблыкаў і журавін завязі. А я ўжо сама тут карову і парсючка дагледжу.
Дзед прывёз поўную торбу розных вясковых ласункаў. Як толькі данёс? У яго ж, у дзеда, няма адной рукі – з вайны вярнуўся з пустым рукавом.
Усе абрадаваліся дарагому госцю. А найбольш – Максімка.
Назаўтра тата з мамай пайшлі на працу, а яны, малы і стары, засталіся ўдвух. Чыталі казкі, глядзелі кінафільм. Максімка і заснуў перад тэлевізарам у крэсле, а дзед патупаў на кухню. «Пакуль унучак спіць, – падумаў, – памыю посуд. Прачнецца ён, а талеркі і лыжкі будуць чысценькія – можна і абедаць».
Нязручна мыць посуд адной рукой, але дзед сяк-так прылаўчыўся. І раптам адна талерка выслізнула з рукі і разбілася. Прысеў дзед на табурэцік, шкадуе: такая прыгожая талерка была.
Тут Максімка прачнуўся, прыбег на кухню, суцяшае:
– Не бядуй, дзядуля. Тата казаў калі б’ецца посуд, то гэта на шчасце.
– Шчасця, канечне, у тым мала, што я талерку разбіў, але ж і бедаваць надта не трэба, – пагадзіўся дзед і пагладзіў унука па галаве. – Няёмка мне, канфуз атрымаўся.
Максімка паднёс да ракавіны табурэцік, ускараскаўся на яго і пачаў мыць посуд.
– А ты, дзядуля, пасядзі, – сказаў ён. – Табе цяжка. Каб у цябе было дзве рукі, як у мяне, тады б і ты мне дапамог... А такі канфуз з кожным можа здарыцца.
Дзед назіраў за унукам і суцешна ўсміхаўся.