ЯК СОН ЗНАЙШЛІ


Дзед Васіль ўстаў рана, паглядзеў на ўнука, паправіў коўдру, якая спаўзла на падлогу.

– Спі, унучак. А мой сон недзе згубіўся...

Максімка пачуў дзедавы словы, працёр вочы кулачком:

– Дзядуля, а дзе твой сон згубіўся?

– Дзе, пытаеш? Я і сам не ведаю. Ляжу, а не спіцца, усё ўспамінаю розныя здарэнні, перабіраю ў памяці. А ты чаму не спіш? – хітравата прыплюснуў вочы дзед.

– Не ведаю, – пакруціў галавой Максімка, а потым прапанаваў: – А давай сёння твой сон пашукаем?

– Добра, – згадзіўся дзядуля.

Яны дапамаглі бабулі накарміць парсючка, курэй, сабаку, а пасля і самі паснедалі.

– Ну што ж, пайшлі, унучак, мой сон шукаць, – першы ўзняўся з-за стала дзед Васіль.

Яны выйшлі на двор, узялі кош і пакіравалі на вуліцу. Шырокая вясковая вуліца вывела іх на вузенькую сцежку, якая бегла полем, а потым звярнула ў лес. Там спявалі птушкі. Павольна, быццам на парашуціках, падалі долу першыя жоўтыя лісточкі.

– Дзядуля, глядзі, што я знайшоў! – пахваліўся Максімка і паказаў баравічок.

Грыбоў назбіралі поўны кошык. Дадому лясныя дарункі нёс дзед Васіль. Максімка толькі зрэдку браўся за дужку, падсабляў. Прытупалі ў вёску, адчулі, што натаміліся. Ды вось цікава: абодва, здаецца, зусім забыліся, чаго хадзілі ў лес. Здаецца – сон шукаць, а назбіралі грыбоў. Селі на лавачку каля хаты, адпачываюць Дзед сядзеў-сядзеў ды неўпрыкмет і вочы заплюшчыў – заснуў. Выглянула з веснічак бабуля, убачыла поўны кошык грыбоў, далонямі пляснула ад здзіўлення.

– Цішэй, бабуля, – шэптам папрасіў Максімка. – Дзед сон знайшоў!


Загрузка...