Максімка мыецца ў ваннай . Адзін. Як дарослы. Але больш займаецца ён тым, што ловіць мыла, якое зусім не слухаецца – выслізвае з рук, нібы забаўляецца з хлопчыкам:
– А-га, паспрабуй злаві! А вось і не зловіш!
Максімка такіх жартачкаў не разумее, на вочках выкругліліся слязінкі. Неўзабаве ён пачынае румзаць. Падыходзіць мама: бяда ж! Яна глядзіць на малога і нічога не разумее.
– Што з табой, сынку? – пытае.
– Мыла... не слухаецца, – паказвае хлопчык на кавалачак мыла, які плавае на вадзе.
Ён апускае руку ў ваду і…ловіць мыла! Максімка моцна заціскае яго ў кулачку і шчасліва ўсміхаецца: калі мама побач, то і мыла слухаецца.