ДЫКТАНТ


Алесь дрэнна піша дыктанты: памылка на памылцы. Каб хлопчык трохі падцягнуўся, настаўніца параіла часцей пісаць дыктанты дома.

Вечарам Алесь прынёс тату падручнік і сказаў:

– Дыктуй, тата. Буду вучыцца пісаць без памылак.

Тата ахвотна дыктуе, Алесь старанна піша. І так некалькі дзён запар. А потым тата адклаў падручнік убок.

– Садзіся, сынок, пішы,– сказаў ён.– Сёння буду дыктаваць на памяць.

Алесь выводзіць сказ за сказам: «На дварэ адліга. Радасна свеціць сонейка. На вуліцы з’явіліся лужыны. Я не магу прайсці міма, абавязкова ўлезу ў ваду...»

Алесь глянуў на тату:

– Ты пра каго гэта так?

– Пішы, сынок, пішы...

Алесь працягвае пісаць: « Прыйдзеш дадому ўвесь брудны, мокры –вось маці і работа. А яна хацела адпачыць...»

–Дрэнны дыктант ты, тата, прыдумаў, – пачырванеў да вушэй Алесь.

– Нічога я не прыдумаў, – сказаў тата.

Вечарам, зрабіўшы ўрокі, Алесь вырашыў, што заўтра ён напіша зусім іншы дыктант.

КАПРЫЗА

У нядзелю ўся наша сям’я збіралася ў госці да дзядзькі Мішы – на дзень нараджэння.

Мы прыбраліся ў свае святочныя касцюмы. Назбіралі ў гародчыку прыгожы букет кветак.

– Дзеці, – паклікала нас маці, – ідзіце абедаць.

– А мы ў дзядзькі Мішы паабедаем, – сказала Маня.

– Да дзядзькі Мішы мы пойдзем аж пад вечар. Так што сядайце за стол.

– А што мы будзем есці? – спытаў Паўлік.

– Торт? – паглядзела на маму сястрычка.

– Не, я прыгатавала варэнікі.

Наша мама гатуе вельмі смачныя варэнікі – з тварагом, салодкія. Мы ўзялі па адным, а Паўлік зірнуў на стол і насупіўся.

– Бяры еш, сынок, – сказала мама.

– Не хачу варэнікаў, хачу халвы.

– Няма ўжо, скончылася,– адказала мама.

– Двай схаджу куплю.

Мама дала Паўліку грошы, і ён пайшоў. Але неўзабаве вярнуўся з пустымі рукамі.

– Сёння ж выхадны ў краме. Заўтра куплю…

– Не, – выйшла з кухні мама,– давай грошы, бо заўтра ты ўжо будзеш абедаць разам з намі.

– А дзе мае варэнікі? – зірнуў хлопчык на пустую талерку.

– З’елі Маня з Мішам. А ты дакапрызіўся, сынок.

Паўлік захлімкаў:

– Я больш не буду так… Ніколі…


Загрузка...