–Уставай, сынку, у садзік пара ісці, – кранула мама за плячо Юраську.
Хлопчык пацягнуўся, пазяхнуў, а калі мама схавалася за дзвярыма, схаваўся пад коўдрай.
Неўзабаве мама зноў заглянула ў спальню, сказала больш строга:
– Юраська, спознішся!
Трэба ўставаць. Хлопчык споўз на падлогу.
– Рабі, рабі фіззарадку! – паспяшае мама.
Раз, два – і ўсё, зроблена.
– Мыцца будзеш, ці, можа, не? – з іроніяй глядзіць на малога мама.
– Буду...
Юраська патупаў да мыцельніка.
Не пазнаць сёння Юраську. Сам на сябе не падобны.
– Ці не захварэў ты, сынку? – насцярожылася мама.
– Захварэў, – схлусіў хлопчык.
А яму проста не хацелася ў садзік. І сам не ведаў – чаму.
Тут паказаўся тата.
– Сёння ў садзік салдаты прыедуць, – прамовіў тата.
– Праўда? – засвяціліся вочы ў Юраські.
І ён хуценька пачаў апранацца.
– Я ўжо сабраўся…
– Ты хоць мяне пачакай, – кажа тата і ўсміхаецца разам з мамай.