Рады,
я пакажу
сёння ўсім веру сваю,
якою
жыву i жыўлюся,
прынамсі,
рускаму свайму люду.
Яна
слаўная даўнім векам,
i людзі,
што спадкаемнічаюць
ад продкаў
іхні здабытак жыццёвы,
надзею маю,
згодзяцца з тым,
што я тут выкладаю
i вызнаю.
Калі ж
я ў чым памыляюся
i ў заблуджэнне
уводжу сябе,
хай яны паправяць.
Хоць, зрэшты,
ні чым другім,
апроч самога Евангелля,
я кіравацца не кіраваўся,
ну а яно
дадзена нам ад Бога
праз нашага Пана
Ісуса Хрыста
i ягоных апосталаў
i ўяўляе
суму законаў Божых.
Дужа мне рупіла,
каб яно
было перакладзена
з мовы славянскай
на нашу мову
i выйшла з друку.
Маючы Пана Хрыста
у помач,
не бессэнсоўным i красамоўным
высновам,
не словам,
што лесцяць
i дагаджаюць слыху,
але, у зычлівасці да айчыны,
айчыннік просты,
праўдзіва i шчыра
з маёмасці ўбогай сваёй
слугую
свайму народу.
Бо тыя,
каму, уласна,
належала рупіцца —
ні ўладыкі,
ні мітрапаліты,
ні знаўцы-вучоныя,—
гэта зрабіць за ўвесь
доўгі мінулы час
не схацелі.
Хай наш нажытак i невялікі,
каб выдрукоўваць кнігі,
я намагаўся
яшчэ ў нядаўніх гадах
пракласці
дарогу для друку
i ўскласці
на плечы сабе
неабходны клопат —
хоць ён i цяжкі,
i надта стратны,
i асабліва, калі здабываеш
у розных,
не блізкіх прытым,
мясцінах
старыя кнігі.
Зроднены з абавязкам,
які зрабіўся
прычынай маіх вымогаў,
я сёння
рады не за сябе,
а за справу,
якую, урэшце,
падняў не хто-небудзь —
не ўлох,
не немец,
не пасвячэнец папоўскі,—
а с в о й чалавек.
Але з чаго б гэта
раптам людзі
хваліць пачалі
свайго чалавека
i радавацца з ім разам,
што з іхняга асяродку
узяўся русін,
якому
Русі сваёй закарцела
карысць прынесці?!
Як тое
зазвычай бывае,
не помаччу i падзякай,
а зайздрасцю i пагардай
i іншай няўдзячнасцю
не адзін раз
браліся мне
аддаваць адплату.
Можа, i крыўдна было б
мне за гэткі вынік,
можа, i прыкра было б
за такую ўвагу,
калі б я не ведаў,
што не адно толькі людзям,
але i Богу
працай сваёй слугую.
Дык з Божае ласкі,
для славы Божай,
дбаючы аб збавенні
людскім
i памкненне
сэрца свайго выяўляючы,
працу
сваю канчаю.
Мушу зазначыць,
што на старонках
кнігі сваёй,
хоць гэта
нам каштавала нямала,
мы адначасна
змясцілі
евангельскае пісьмо
тоесамае
на дзвюх мовах —
на мове славянскай,
а побач з ёю на рускай:
слова за словам,
радок за радком,—
як прынята ўсюды
i як чытаецца ў цэрквах.
Надрукавалі
ва ўбогай друкарні сваёй
мы пісанні
святога Мацвея,
святога Марка,
а гэтаксама
пачатак Лукі
не адно для таго,
каб людзі,
чытаючы ix,
паляпшаліся ў веры
(бо мы нічога
новага тут не прыводзім,
a толькі нагадваем тое,
што ўжо вядома),
але для таго,
каб лепш
чытанае разумелі
i навучацца маглі
вучонай мове славянскай.
I для таго,
каб i самі людзі,
i іхнія дзеткі
свой розум святлілі,
вастрылі
i ў веры практыкавалі,
ім падаю тым часам
найперш катэхізіс,
які, спадзяюся,
яны прызнаюць,
пераканаўшыся самі ў гэтым,
за рэч
карысную дужа.
Вось жа,
абудзіць у ix наш Пан
словам сваім ахвоту
да ведаў спраўнейшых,
узмоцніць імкненне
у ix да навукі паўнейшай
i да развагі паважнай
ды мудрасці кемнай
схіліць.
Я гэта кажу
нездарма
i кнігу
у свет выпускаю
з патрэбы пільнай —
бо мудрасць сярод людзей
нібы знемаглася цяпер,
нібы згінула
ці заснула.
Дзіўлюся на скрушныя справы,
што чыняцца ў свеце,—
i словы самохаць
бягуць да вуснаў.
Хто з людцаў,
што вераць у Бога
i маюць розум,
застаўся б, як рэч,
абыякавым i безуважным,
гледзячы на такую
Божую кару?!
Хто з дабрадзеяў,
што зычаць дабра айчыне,
не мусіў бы плакаць,
бачачы многіх князёў вялікіх,
многіх паноў знакамітых,
многіх мужчынаў дужых,
гожых жанчынаў
ды беспавінных дзетак,
што ўпалі
у яму няпамяці;
бачачы здатны,
яшчэ нядаўна вучоны,
яшчэ нядаўна свядомы
народ свой рускі,
што адцураецца ад сваёй,
слаўнай спрадвеку,
мовы?!.
Хіба не кара Божая —
лад,
што ўсталяваўся
у нас у доме?!
А тое, што мудрасць,
якая свяцілася ў Божым слове
i ясным для разумення
рабіла слова
i, як прыроджаная, была
уласціва людзям,
ад ix адступілася,
а прыйшла
на месца яе галеча,—
хіба не кара?!
I тое,
што ўжо некаторыя
грэбуюць граматаю сваёю
i пагарджаюць пісьмом сваім,
быццам яно
Божага слова не варта,—
не кара?!.
А, зрэшты,
што можа паганейшым быць,
што — горшым,
калі i тыя,
што называюцца вучыцялямі,
што наймяноўваюцца
святарамі,
меней за ўсё
у ім разумеюць,
меней за ўсё ў ім умеюць,
i самі
не практыкуюцца ў ім,
i школы,
дзе навучалі б яму,
не маюць.
Затое да польскага
ці да якога
другога пісьма,
з прычыны
гэткай галечы,
усцяж
наварочваюцца бессаромна
i наварочваюць,
ад свайго адварочваючы,
дзяцей.
Узяў бы
я з радасцю сёння
з вялікага мноства
славянаў знаных
сабе ў абаронцы
i справе ў сведкі,
не клічучы многіх,
калі б жывыя былі цяпер,
адно — Іаана
альбо Грыгора,
якія не толькі ў сваёй,
але ў розных мовах,
дзякуючы вялікай
сваёй навуцы
i адмысловаму красамоўству,
займелі найменне
залатавустаў.
Былі б яны —
мусілі б, сапраўды,
уразіцца i сумецца,
бачачы,
як змарнела
i заняпала ў патомках
праўда,
якая была красой
i аздобай народа,
і як патомкі,
забыўшы,
што трэба
дбаць аб ратунку,
губяць,
што прашчуры шанавалі,
i з гэтым
губяцца самі.
A паглядзелі б,
які гэта быў сумленны,
годны,
разумны,
здатны,
спрыязнены з мудрасцю,
кемлівы ў справе,
знаходлівы ў словах
народ!..
За гэта
колькі разоў хвалілі
яго вучоныя людзі
другіх народаў,
колькі разоў пераймалі
яго здабыткі
i мусілі самі
ў яго вучыцца.
Хоць бы пісьмо сваё —
a менавіта
чатыры евангеллі
i «Апостала»,
што былі
выкладзены па-славянску,
можа,
за тысячу год дагэтуль
i ўсюды
чытаюцца ў цэрквах:
у сербскіх,
маскоўскіх,
валоскіх,
балгарскіх,
харвацкіх
ды некаторых іншых,—
у нас шанавалі.
Папраўдзе,
хто ўмеў бы
i хто захацеў бы
той выклад
сваімі вачамі
убачыць,
сваімі вуснамі прачытаць,
напэўна,
пазнаў бы адразу,
што пішацца там,
i, пазнаўшы,
прыняў як сваё
i свайго трымаўся б.
Той муж,
славянін наш мілы,
як іншыя — на лаціну,
ператлумачыў на мову
славянскую нашу
з грэцкай
апостальскія пісьмёны,
ды так удала,
быццам сваё напісаў,
i няпроста
таму, хто чытае,
даўмецца,
якою —
славянскай ці грэцкаю мовай
ён лепей валодаў.
Калі б нават больш ніякіх
знакаў не засталося
з тых чынных,
мінулых даўно, часін,
усё роўна
i гэтага дастаткова,
каб утрываліцца ў думцы,
што люд славянскі,
з якім так спрыроднена
нашая Русь,
i кемлівы быў,
i дасціпны:
i простасць
яго не спрашчала,
i сціпласць
яго не звужала,
i шчырасць
не паніжала.
I пісьмы свае, прынамсі,
тады папярэднікі нашы
чытаць умелі,
i словы напісаныя вымаўлялі
з розумам,
а не бяздумна.
Пра кемлівасць іхнюю
i дасціпнасць
пішацца ў згадках помных —
i я гэта паўтараю:
як мелі яны
з папам рымскім
і з іншымі,
вартымі ўшаны,
дастойнікамі,
сіноды;
як многіх людзей у веру
выводзілі з блуду;
як зналіся добра
у розных мовах;
як пільнаваліся i вялі
святое жыццё;
i як няўстойлівых ды ілжывых
у веры братоў
між сабой ушчувалі
i лекавалі,
скіроўвалі
і выпраўлялі;
як аддзялілі
вучыцялёў сваіх
шлюбам святым,
паводле навукі
Божага слова,
ад іншых
i гэтым аздобленых,
свецячых,
нібы свечкі,
шлюбнаю чысцінёю,
для ўзору
народам i верам усім
паказалі,—
пра ўсё гэта,
што цяпер
напісалася мною,
можна было б, насамсправе,
пісаць шырока,
можна было б, насамсправе,
казаць багата.
Але адзін красамоўны,
выяўны,
значны
i ведамы ўсім —
без таго каб пісаць пра яго,
ды варты,
каб пра яго заўсёды
памятаць,—
прыклад
я ўсё ж яшчэ прывяду.
Дзякуючы праведнасці
нашы вучыцялі
былі ўзнагароджаны
нашым Панам
дарункам шчодрым,
якім
былі ўзнагароджаны гэтаксама
хіба што сам папа рымскі
ды найвыдатнейшыя асобы
часоў тых —
у Лівіі,
Антыохіі,
Пяціполлі,
Сіцыліі,
Месапатаміі,
Палесціне,
Фініцыі
i ў некаторых
іншых мясцінах.
I ў недалёкіх ад нас
народаў:
немцаў,
улохаў,
палякаў,
французаў,
ангельцаў,
гішпанцаў,—
а карацей,
ва ўсіх хрысціянскіх
народаў на свеце
можна той прыклад
угледзець вокам.
Самі сабе i ўсім
яны паказалі,
што ў слове Божым
відушчымі сталі
і, як апосталы запавядалі,
мовай сваёю
выклалі,
захавалі
i перадалі
наступнікам Божае слова.
Ha ix
іншыя ўсе народы
гледзячы як на прыклад,
прыйшлі
яшчэ ў тыя вякі
да намеру —
хоць гэта
i выклікала ўзбурэнне,
i прывяло
да пярэчання немалога —
Божае слова
з лацінскіх ды іншых пісьмаў
на мову сваю перакласці,
каб людзі самі
яго чытаць пачалі.
Дай Бог,
каб i вы,
паны-дабрадзеі,
стаўшы
нібытз бацькамі справы,
што засталася
ад папярэднікаў знакамітых,
i нібы ўзышоўшы
на іхняе месца,
рабілі так, як яны,—
бо не ў тым жа грэх,
што ахвоча
людзям, чым можаш,
дапамагаеш,
a ў тым,
што, маючы можнасць
дапамагчы,
дапамагчы не хочаш.
Вось жа,
з любасці да айчыны
убачце
i паспалітага чалавека:
ён выглядам просты,
маёмасцю — ўбогі,
ды вочы яго заўсёды
скіроўваюцца да вас
i ўслед,
куды вы ідзяце,
неадступна
за вамі ідуць.
З усіх
вартасцяў чалавечых
няма багавернаму чалавеку
нічога важней
за літасць.
Той, хто яе
выяўляе ў сабе,
выяўляе з гэтым
глыбокае падлбенства
з Божаю дабрынсю
i здабывае
сабе ад Бога
вечную ўзнагароду.
Дык у часіну,
калі галеча
начуе ў айчыне вашай,
а вашы браты,
не зазнаўшы
навукі праўдзівай,
нямеюць
у прастаце сярмяжнай,
скіруйце i вы,
калі вас
яшчэ не пакінула
братняя міласць,
на свой заняпалы i збедаваны
народ
сваё вока.
Няхай,
чуючы вашы просьбы,
мітрапаліт,
уладыкі й вучыцялі,
што дужа
ад вашага слова залежаць,
гэтак сябе павядуць,
пакіруюцца гэтак,
каб не было між імі
ні подкупу,
ні падману,
каб спрытам i хабарам,
напярэймы
адно аднаму,
прыбытковых месцаў
i стольных пасадаў
не дамагаліся,
a рупліва
вучыліся Божаму слову
i іншых вучылі,
бо тою маёмасцю,
тымі маёнткамі,
што перайшлі
вам, спадкаемцам,
ад продкаў вашых,
вы надзяляеце, мусібыць,
не абы-каго,
а каго надзяляеце,
дык жа не для таго,
каб, займеўшы,
ix марнавалі
сабе на аздобы,
на ўборы
альбо на пацеху цела,
а — каб дасканаліліся
у навуцы
i падавалі
астатнім прыклад.
Гэта б
ды для навукі!..
Але не для гэтакай,
што цяпер,
на вечны свой сорам,
маюць,—
калі прачытаць,
i то ледзьве-ледзь,
на мове сваёй
два-тры словы
умеюць.
He — каб жа школы
імкнуліся адчыняць
i навуку
Божага слова,
што безліч гадоў
заставалася занядбанай,
рупіліся данесці
сваім братам.
Усім вам,
а не аднаму каму-небудзь,
спадзеючыся
на вашу разумнасць,
богаадданую дбайнасць
ды клапатлівасць,
у пільнай патрэбе
айчыны вашай
я даручаю i пакідаю
справу айчыны
i ў Пана Бога прашу,
каб я
з ёю —
калі яна згіне —
згінуў,
калі акрыяе —
з ёй акрыяў.
Ужо да канца
набліжаю сваю гаворку,
але перад тым,
як закончыцца ёй,
зазначаю
з глыбокім смуткам:
калі б не было
міласэрнасці Божай
на нашу няўдзячнасць,
гадзіна кары
не аддалілася б,
а цяпер
настала б ужо.
Наўкол паглядзі —
i ўбачыш,
што ўсюды ўсе справы
наўмыснымі змысламі
так папсаваны,
што анічога
добрага нельга зрабіць,
каб яно не было
тут жа спачварана злым
i на злое
зыначана.
Ну, а тыя,
што неяк забагацелі,
на добрую справу
i шэлега не адшукаюць,
калі толькі ў гэтым
не ўбачаць мажлівасці,
каб пажывіцца
ці змахляваць.
Зазвычай
яшчэ ў нас бывае,
што здольнага чалавека,
i асабліва, калі ён свой
ці знаёмы,
людзі
не могуць зносіць,
каб не ўчыніць
яму нейкай шкоды
альбо абразай зняважыць.
Таму, каб застацца
ў гаворцы сваёй
праўдзівым
i каб ухіліцца
ад нагавораў прыкрых,
нікога пайменна
не называю,
бо не хачу
ні просьбай,
ні грозьбай,
ні меркаваннем,
ні нараканнем
нікога ў тым пераконваць,
у чым самі
пераканацца не хочуць,
але, наколькі
змогі маёй хапала,
настолькі
споўніўшы свой абавязак,
мушу да Божага трону
звярнуцца,
бо перад ім
усе мусім стаць
для адказу.
Не сумняваемся мы, аднак,
што Суддзя справядлівы
нашую справу ўхваліць,
хоць непрыхільнікі
грэбуюць ёй,
хоць непрыязнікі
ёй пагарджаюць.
Але ў набожнага чытача,
дзеля Хрыста міласэрнага,
просім,
каб ён,
калі напаткае
у нашым пісьме дзе-небудзь
заўзятыя выпады
ці ў бок навукі,
ці ў бок
галечы айчыннай,
дык не прыпісваў
гэтага нашай злосці,
адно —
чалавечай гарачлівасці,
i дзеля Хрыста
дараваў.
Калі ж нашы хібы
ці недахопы,
якія заўважацца ім,
будуць важыць багата,
няхай
не сарамаціць нас,
а нагадае
аб гэтым па-хрысціянску,
бо мы гатовы,
як Іаан Хрысціцель,
змяншацца,
каб рос Хрыстос.
I, урэшце,
усіх набожных
просім дзеля Хрыста,
каб да тых,
што нас даймаюць
шчыпаннем i дапяканнем,
не мелі ніякай варожасці,
бо хіба
мы не жадаем
з Іакавам ды Іаанам —
i ў цэлым
з усёй навукай Хрыстовай,—
каб з неба
спусціўся агонь
i займела
слова Гасподняе ў ix
сваё месца,
сваю гасподу.
Няхай
ім зычаць дабра
нязменна
i з намі заўсёды
няхай Пана Бога просяць
за ix —
каб апамяталіся
i былі
збаўлены Богам,
i каб у сабе
не адпрэчылі
i не стлумілі
ласкі вялікай Божай,
што, пачынаючы дзейнічаць
у чалавеку,
у ім выяўляецца
як яго
шднасць уласная
i сумленнасць.
Амін.