Кірыла Транквіліён-Стаўравецкі (1560-я г.—1646)

Нішто, удыхнутае ў абалонку


Скажу вам праўдзівае слова

i прывяду

праўдзівыя паказанні

пра тыя чатыры брамы,

якія акрэсліваюцца перад намі

i праз якія,

рады ён ці не рады,

праведны ён ці грэшны,

мусіць, аднак, аднойчы

у нейкі дзень неспадзеўны,

прайсці чалавек,

каб урэшце

займець свой прыстанак

вечны.

Першая брама — смерць;

брама другая — страшны

суд Божы;

брама пякельная,

што ўгатавана

грэшнікам самым,—

трэцяя брама;

i брама прыветная, праз якую

праведнікі ў сялібу

вечную пойдуць,—

чацвертая брама.

I лаиясе тры сумы

з сабой чалавек

(зразумей,

што кажацца тут пра цябе,

чалавеча —

зямны пілігрыме).

У першай суме (належаць

яны самому сумленню)

жаль невымоўны смерці,

калі чалавек назаўжды

расстаеццаз усім,

што любіў на свеце,—

з жонкай ды з дзецьмі,

з прыязнікамі ды з сябрамі,

ды з многімі скарбамі

дарагімі.

Пры гэтым

балюча i цяжка

целу, з якім

душа разлучаецца,

нібы з сябрам.

Другая сума сумлення —

страх i трымценне

перад судом

непахібным Божым.

У трэцяй суме сумлення

роспач i вечны верад

з-за вечных пакутаў

пякельных.

Вось жа, пра гэта

ў часіне кожнай

думай i разважай —

i ніколі

ужо не зграшыш i дойдзеш,

мінаючы страшнае,

да спакою

i радасці вечнай.

Я тут павяду

гаворку пра першую браму —

пра смерць —

i ўздыхну

казаннікавым уздыхам.

Марнасць над марнасцю

i ўсё марнасць,

таўпеханне i паражнеча.

Няма нічога трывалага

ў справах пад сонцам —

усё бяжыць

бегам бесперастанным,

нібыта цень

бязводнага воблака.

Гэты свет,

i ўсё, што ў ім ёсць,

на карчму падобны;

бязлітасны ў ёй гаспадар.

Ледзь толькі

мы ў ёй абжывемся —

нас выганяе адтуль i ўсё,

што цешыла нас,

што было нам люба,

ад нас забірае, а нас,

разбойным,

зласлівым,

нелітасцівым

слугам сваім аддаўшы,

выпіхвае голымі

за парог.

Паражнеча

усе чалавечыя справы,

i час чалавечы —

таўпеханне i блуканне.

Дзе багацеі гэтага свету?

Дзе іхнія замкі, якія

былі абароненыя надзейна?

Дзе іхнія маляўніча

аздобленыя палацы?

Дзе іхнія па-мастацку

вырабленыя шкатулкі,

поўныя золата?

Ну, дык вось:

шпалеры каштоўныя

пашарпаны,

скарбы нязмерныя

парабаваны,

набыткі нялічаныя пабраны

i ворагам іхнім

аддадзены ў рукі;

a ім адно шкадаванне

вечнае засталося,

i цяжкая цемра знянацку

ix агарнула.

О смерць, твае рухі

гняўлівыя,

о смерць, твая сіла

страшлівая,

ты — нібы люты

леў згаладнелы,

ты — як разбойнік,

у нелітасцівасці закамяиелы.

Кожны заможны

i дужы заможнасцю гаспадар,

згадаўшы пра смерць,

урэшце,

можа сказаць пра сябе:

О смерць,

раптоўна ты на мяне напала

і добрае ўсё

ты ў мяне забрала.

У доме маім учора

не начавала гора,

у доме маім бяседа

учора цякла, i беды

учора ў ім не днявалі,

але — музыкі ігралі,

але — спевакі спявалі,

але — танцоры скакалі,

дасціпнікі жартавалі,

бяседнікі балявалі.

А сёння — якая змена! —

не тое ўжо ў гэтых сценах.

Мой дом стаўся месцам плачу,

усё нехта ў ім перайначыў:

слёзы — замест іграння,

скаргі — замест спявання,

уздыхі — замест скакания,

жалоба — замест весялосці,

смуткуюць i плачуць госці.

Прыйшла, хоць яе не клікаў,

смерць у мой дом вялікі.

Прыйшла — i вялікага пана

не стала неспадзявана.

Зняла з мяне смерць уборы,

якімі хваліўся ўчора.

Паклала мяне да купы —

сярод смуродлівых трупаў.

О смерць, ты не маеш жалю —

забрала мяне ты з балю

і, маладога, ўмярцвіла.

О смерць, ты з мяне ўчыніла

відовішча ўсяму дому,

усім, каму быў вядомы,

Сябры нада мною плачуць,

a ворагі рады — скачуць.

Учора хадзілі за мною

слугі мае чарадою,

а сёння стаяць за кругам —

хто я сябрам i слугам?

Труп, што смярдзіць, не болей.

Розныя нашы долі.

Яны насы затыкаюць,

мной грэбуюць, пагарджаюць.

Адно, што яны павінны,—

у цёмную дамавіну

укласці мяне i зямлёю

цяжкою засыпа ць, каб з ёю

змяшаўся я даастатку

і чарвяковаму статку

стаўся спажыткам урэшце:

наце, бярыце, ешце.

Чым быў я ўсім людзям любы,

о смерць, ты кідаеш на згубу.

Чым быў я прыяцелям мілы,

о смерць, ты кладзеш у магілу.

Заводзіш у тлустым целе

ты гнюсаў, каб цела елі.

Водарам са смуроду

парфуміш маю прыроду.

Што чыніш ты з прыгажосці?

Агідныя гніль i косці.

Што з велічы самай-самай?

Яна паглынута ямай.

Што з дужасці, поўнае змогі?

Кінута ўсім пад ногі.

Ты доступ да кожнага маеш,

нікога ты не мінаеш.

Вядзеш у панурую хату

са светлых палатаў магнатаў.

Піхаеш пад цеснае века

славутых гэтага веку.

Дзе сёння князі,

што гулялі,

наладжваючы паляванне

на птушак нябесных

i на звяроў зямных?

Усе пасыходзілі ў дол.

Дзе цяпер

цары знакамітыя, чыя ўлада

сягала на мноства земляў?

Там, дзе зямля

на царствы не дзеліцца.

Дзе ганарлівыя ваяры?

Пераможаны апраметнай.

Дзе прагавітыя рабаўнікі —

крумкачы

пабоішчаў страшных?

Усіх памкнула

смяротная сетка.

Дзе сёння раскошнікі i гулякі,

што ў гамане застольнай

пілі віно?

Занямелі —

прыйшоўшы, у ix забрала

смерць гучную весялосць.

Дзе цяпер

тыраны i дэспаты,

што ў дзяржаве

наводзілі жах?

Пакліканы на суд Божы.

Дзе сёння

аздобнікі i красуны,

што золатам шытыя

шаты насілі,

што маляўнічыя ўборы любілі

i мазаліся духмянай

парфумай старанна?

Ляжаць у трунах

згалелыя i смярдзяць.

Дзе сёння

самая важкая галава,

якую вянчала карона?

Адцята

мечам гняўлівай смерці.

Дзе сёння

скарбы, якія

збіраліся ў багацеяў?

З раптоўным

прыходам смерці

рассыпаны i разабраны.

Дзе шафы, што зіхацелі

штукарствамі залатымі?

Ў хвіліну

распаліся з трэскам.

О чалавеча, ці скажаш сёння,

дзе твая пыха,

дзе гонар,

якія з цябе прамяніліся

і якія

наклікалі Божы гнеў

на тваю душу?

Усмяротнай

вязніцы замкнёны разам

з тваёю душой.

Дзе палацы,

што роскашшу білі ў вочы,

дзе дарагія шпалеры,

што дзівавалі розум?

Гінуць, як гінулі,

i зямля

ix паглынае, як паглынала.

Усё бяжыць

бегам бесперастанным,

нібыта цень

бязводнага воблака.

О чалавеча,

нашто заўзята

гонішся ўвесь свой век

за тым, што злавіць

не можаш?

О так,

марнасць над марнасцю

усе справы,

што спраўджваюцца

пад сонцам,

таўпеханне i паражнеча.

Цяпер

наблізімся разам з табою

змысловай наблізінаю

да трупаў.

Угледзься i пакажы,

дзе бацька тут,

дзе тут маці,

дзе іхнія дзеці,

якія памерлі,

свой век пражыўшы;

адрозні,

хто гэта — цар

ці жабрак,

грэшнік ці праведнік.

Не адрозніш

i не пакажаш: змяніла

смерць усе постаці

i змяшала

усе найменні.

Дзе сёння тыя

магутнікі, што хадзілі

у срэбры i ў золаце,

што сядзелі

высока на троне

i што былі

аточаны вартаю паслухмянай?

Нічога няма ўжо ад ix,

адно —

голыя косткі,

агідныя чарвякі,

ліпкая павуціна.

Усё толькі сон i ўява,

усё толькі цень i дым,

што ў паветры

затрымліваецца на хвіліну

i неўзабаве развейваецца,

нішто,

удыхнутае ў абалонку.

Марнасць над марнасцю

i паражнеча

справы i з'явы

гэтага свету.

Таму, чалавеча,

распазнавай мінлівасць

і нетрываласць

веку зямнога:

тваё жыццё

кароткае ў ім,

i да марнасцяў звабных

ты не прывязвайся,

але пільна

шукай i трымайся моцна

вартасцяў вечных — i будзеш

жывы заўсёды.

Я расказаў вам пра марнасць,

таўпеханне

i паражнечу,

справы i захапленні

людскога роду,

што ўжо мінуў.

Цяпер жа

душаратоўнае слова

скіруем да тых, што таксама

тонуць у марнасці,

што тойсамай

грахоўнаю слодыччу зваблены,

што працуюць

i ўдзень, i ўначы на грахі,

што ў абжорстве,

у п'янстве,

у блудзе,

нечысціні

пасвяцца колькі змогі;

што прагай

багацця спакушаны

i з душой

захоплены срэбралюбствам.

Такія людзі

не думаюць i не дбаюць

пра тыя чатыры брамы,

якія ўжо ix чакаюць

i праз якія

часінаю невядомай

пойдуць яны адгэтуль

да іншай сялібы —

вечнай.

Не думае i не дбае

такі чалавек ні аб смерці,

якая пільнуе яго,

ні аб страшным

Божым судзе,

ні аб вечных

пакутах пякельных,

ні — гэтаксама —

аб царстве нябесным,

бо д'ябал

хітры спакуснік

i ён перш-наперш

крадзе ў чалавечых душаў

памяць пра гэта

i напускае

на ix забыццё,

a саміх марналюбцаў

i грахатзорцаў у пачуццё

бясстрашнасці ўводзіць.

I той, хто граху дагаджае

i д'яблу слугуе,

аб смерці не думае

i не баіцца

пякельных пакутаў

i аб нябесным

царстве не дбае.

Ёсць i такія, што кпяць

i пасміхаюцца крыва,

калі ім згадаеш пра гэта,

а д'ябал

цешыцца i агіду

да веку наступнага

ў ix абуджае.

Затое

уцехайi асалодай

ім выстаўляе цяперашні век,

дзе смутак,

дзе плач

i скаргі,

дзе воржы —

лютыя ворагі

роду людскога

i згубцы

збавення людскога —

блукаюць, закідваючы на нас

хітрамысныя сеткі,

каб марналюбцаў

ды грахатворцаў

імі злавіць i смерцю,

злавіўшы, ўмарыць.

Так воржы,

поўныя здрадных намераў,

людзям някемлівым выдаюць

гарчэчу за слодыч,

змрок за святло

i смерць за жыццё.

Дзе ўсё змена,

плач,

уздыханні,

марнасць,

малюе зламысны д'ябал

гэта сваім ахвярам

слодыччу i раскошай —

i так

зваблівае хлуснёю

іхнія душы

i ў будучым веку

ім не дае паглядзець ні трохі

на вечную радасць,

калі міраванне

царуе ўсюды

i ўсюды любоў, якая

з'ядноўвае чалавека

з Богам i ca святымі

анёламі.

Але д'ябал

спачварвае рэчаіснасць

i гэта

ад марналюбцы крадзе,

хавае ад грахатворцы.

Той будучы век шчаслівы

паказвае д'ябал векам

жалобы i скрухі

i ад яго

так адварочвае малавераў.

Падвучвае д'ябал

свайго навучэнца: навошта

спяшацца табе з пакаяннем,

лепей

адкласці яго на заўтра,

а сёння

займіся чым цікавейшым.

У Бога дзён многа —

заўсёды

пакаяцца зможаш,

i многа

на пашы ў мяне

разнастайных рэчаў,

якія чакаюць тваёй увагі.

Хіба ты стары

i схілак

гадоў тваіх блізкі?

Ты ў росквіце, дык не губляй

у марных развагах часу,

ідзі i каштуй

пачастунак жыцця

на пасвішчах нашых.

Будзеш стары — тады

кайся, калі захочаш.

А састарэе бядак — вядзе

д'ябал яго

да смяротнага ложа,

кажучы па дарозе:

ты можаш

каяцца i лічыць

грахі свае проста

на ложы смяротным.

О чалавеча грэшны,

не слухайся здраднай

д'яблавай рады —

не адкладай да заўтра

свайго пакаяння.

Бо ведаць не ведаеш,

калі смерць

спаткае цябе — праз тыдзень,

праз дзень,

a мо праз гадзіну, а мо

калі заспявае певень,

і вось

дг старасці не дабудзеш

i што хацеў здзейсніць —

не здзейсніш.

Дык не марудзь з пакаяннем,

не адкладай на потым,

як раяць воржы.

У старасці час не гэткі,

які быў у маладосці:

кароткі — бы дзень узімку,

няроўны — бы сцежка ў лесе,

i шпаркі — бы птушка ў небе.

А смерць

не толькі ў канцы дарогі,

якой мы ідзем, чакае,

аднак жа суправаджае

заўжды нас, на ўсёй дарозе,

i ўладу сваю прасцірае

на ўсе гады i гадзіны

нашага бытавання.

I ў маладога

здароўе, здараецца, адбірае;

здараецца, што й старому

звязвае, як немаўлятку,

язык: нешта хоча

сказаць, але ўжо не можа;

i розум,

здараецца, чалавеку

цемраддзю акрывае.

А пакаянне

i сэрца разжаленае —

дарунак,

які далека не ўсім

у хваробе іхняй

даецца Богам.

Не маюць

дарунку такога людзі,

якія ім пагарджалі,

якія яго адцуралі,

калі былі ў дужасці i ў здароўі.

Таму згодна з Божым

судом справядлівым,

хто якім быў у жыцці,

i ў смерці

такім апынецца,

i хто

з грахамі прыязніўся

i патрэбы

у пакаянні не меў,

той мае

памерці ў грахах таксама.

У чым чалавека

смерць застае — тым Бог

i судзіць яго: таму

адны заслугоўваюць

вечнай пакуты,

другія — у вечнасць

прысвечанага жыцця.

Зазначым прытым,

што старасць

зусім не садзейнічае пакаянню;

наадварот, цяжарам

кладзецца на чалавека:

больш немачы ў ім, чым сілы,

больш боязі, чым адвагі,

i воржавыя спакусы

кладуць перад ім перашкоды,

якія ці здолее небарака

адолець — бо й часу нямнога

ён мае на гэтым свеце

i мусіць душа неўзабаве

цела пакінуць.

А на смяротным

няпэўным ложы

i час як не час — няпэўны.

Вунь, ужо смерць ідзе

i вядзе

на цела тваё чараду хваробаў,

а д'ябал зласлівы

гурму спакусаў

вядзе на тваю душу.

Калі ж азірнешся

назад, на жыццё, якім жыў,

дык убачыш:

ідзе за табою ў абліччах,

бы ў дэманаў, страшных

мноства тваіх грахоў,

каб з'явіцца

разам з табою на страшным

Божым судзе.

Ты ix забаішся,

i засаромеешся,

i адвернеш

вочы свае ад ix.

A скіруеш

у правы бок — вось жа,

убачыш анёлаў Божых,

якія з цябе пасміхаюцца,

кажучы: не разумее

гэты бядак-чалавек

годнасці чалавечай,

што неразумнай

скаціне ўпадобіўся.

A зірнеш

у левы бок ад сябе, убачыш

жахлівых істотаў — д'яблаў,

што, быццам галодныя львы,

чакаюць

душы тваёй,

i здрыганешся

душою, яшчэ жывою.

I вочы падымеш

у неба, увышыню —

ды Ўсявышні

Бог, справядлівы суддзя,

ад цябе

адвернецца найсвятлейшым

сваім абліччам.

I ты

славы яго засаромеешся

i забаішся,

i вочы апусціш долу —

але i тут

цябе чакае-падсцерагае

жахлівае:

перад табою

стаіць ca сваёю касою

грозная смерць,

пад табой

сярністым агнём бушуе

бяздоннае пекла.

I так

у роспачы,

у грахах,

змарнаваўшы

магчымасці пакаяння,

грэшнік

смерцю бясслаўнаю памірае,

а д'яблы

лютыя каты —

прыходзяць i гвалтам

душу з яго выдзіраюць.

I потым яе заносяць

у цёмныя нетры,

i там

яна бытуе ў пакутах

да суднага дня.

Такі, варты жалю,

канец грахатворцы,

што памірае без пакаяння.

Таму,чалавеча,

не адкладай да заўтра,

да старасці

ці да смяротнага ложа,

як радзяць зламысна воржы,

свайго пакаяння.

Але цяпер,

адкладу не чынячы,

кайся

разжаленым сэрцам

i абмывай слязамі

грахі свае,

i рассыпай

міласцінамі — пакуль

цябе не паклічуць анёлы

на Божы суд.

Нам кажуць

падзеі вякоў старажытных,

як перад самым патопам

людзі пілі i елі,

скакалі, ігралі,

цешыліся i ахвоту

да ўцехаў сабе дадавалі,

але нечакана

вялікай вадою патопу

змыты былі з аблічча

зямлі;

гэтаксама

чыніліся i ў Садоме

падобныя справы,

i грэх

разрастаўся беспакаранна

iзвычкай

людскою рабіўся,

але знянацку

сярністым агнём з нябёсаў

былі спапялёны

нячыстыя грахатворцы.

Таксама былі пакараны

трое князёў габрайскіх:

Дафон, Авірон i Карэй;

яны не чакалі смерці,

але расселася раптам

пад імі зямля i жывымі

ix паглынула пекла.

Таксама

Елізавель-царыца

думала не пра смерць,

а пра чары i пра залёты,

аднак мінуў дзень —

i з'елі

яе сабакі.

I багацею

было напярэдадні сказана,

што ўначы

вырвуць душу з яго цела

анёлы смерці, a ўсім,

што ён назапасіў, будзе

валодаць другі.

Калі гэткай

раптоўнаю смерцю людзі,

згаданыя тут,

паміраюць,

дык мы не павінны

вочы заплюшчваць i думаць,

што мы неўміручыя,

i адкладаць

сваё пакаянне да заўтра,

да старасці

ці да смяротнага ложа,

як вушчаць

нам ашуканцы-воржы.

Павінен, аднак,

хрысціянін-вернік

ведаць i разумець,

што з некім

другім чалавекам

здараецца, тое можа

здарыцца неспадзеўна

i з ім самім.

Бо такое слабое

i нетрывалае наша цела,

што часам

хопіць аднюткай

заразнай кроплі,

якая з паветра

ўпадзе незаўважна,

каб смерць

чалавеку прынесці.

О сумятлівы

і хапатлівы сладару,

хіба не грахамі

ты кормішся?

Нібы камень,

што коціцца шпарка з гары,

мы такім жа

шпаркім няспынным бегам

бяжым да смерці.

I што не бачна

нам на сабе, тое добра

відаць на суродзічах нашых:

учора яшчэ размаўлялі з намі,

а сёння ляжаць у цёмнай

труне маўкліва.

Няхай жа ім дапаможа

цяпер іхні гонар —

ён быў вялікі;

няхай жа цяпер паспрыяе

ім іхняя слава —

яна лунала высока;

няхай ім цяпер паслужыць

раскоша, што ix акружала,—

яна была адмысловай;

няхай ix цяпер накормяць

ласункі-лізункі;

няхай напояць

напоі салодкія;

хай аздобяць

уборы святлістыя

i надухмяняць

пахошчы!..

Нямы, страхотны,

i ты неўзабаве ляжаш

у цёмную яму —

смярдзець i ежай

быць чарвякам нікчэмным.

Таму дарма ганарышся

i хвалішся сваім царствам,

сваім багаццем,

сваёй прыгажосцю i моцай,

сам — куфар нечысціні,

сам — кораб гнілечы,

сам — гляк смуроду.

Кім ёсць ты на справе самой,

тым урэшце

i апынаешся: недарэчнай

i не патрэбнай нікому рэччу,

заразным тленам,

гнілою зямлёю.

Таківось канец

грэшнага чалавека:

усё абяцалі яму грахі,

a ўсё ў яго ўрэшце забралі.

Таму, адкладу не чынячы,

людзі, о людзі,

пакайцеся шчыра ўжо сёння,

слязамі ўжо сёння абмыйце

усе свае, вартыя жалю,

справы:

вы зневажалі Божую веліч

сваімі грахамі —

i перш чым на Божы суд

паклічацеся,

перш чым будуць

палічаны вашы грахі,

палічыце ix самі!..

Ведаю, што засмуціў

душы i сэрцы вашы

казаннем сваім аб страшных

i жаласных з'явах смерці.

I хоць яно

страшыць i засмучае,

але прыводзіць хутка

да пакаяння праўдзівага

многіх людзей,

не пазбаўленых праўды,

i ад пякельных

пакутаў ix выбаўляе.

Належыць

мне зараз уцешыць вашу

заплаканую душу

расказам пра тое,

як адыходзіць з гэтага свету

праведны чалавек.

Ведайце, з гэтага свету —

з юдолі слёзнай,

з вязніцы цёмнай,

з сялібы няпраўды,

з бярлогі разбойнікаў,

з дому грахоў —

ён з вясёлай

душой адыходзіць.

Ён радуецца, што застаецца

нарэшце ззаду

няволя Егіпту — краіны,

якая

з грахамі схаўрусавалася,

i што ўваходзіць

у край запаветны —

у нябесны Ерусалім,

у сваю

аднойдзеную Айчыну.

Не смутак i не жалоба

праведніка праводзяць,

а абдымае радасць,

калі ён выходзіць з цямніцы,

грахамі населенай

i пільнаванай

зламыснымі духамі,

i ўваходзіць

сцяжынай нябеснаю

ў нябесны Ерусалім;

калі ён прыходзіць

да першаіснай,

напісанай на нябёсах,

царквы саборнай

i там сустракае

мноства анёлаў Божых,

святых i праведных духаў:

там будзе

у радасці вечнай з імі

праведнік бытнаваць.

Дык вось, калі век чалавека,

адмераны Богам Творцам,

канчаецца,а чалавек

трымаўся ў жыцці хрысціянскай

праўдзівай веры

i не чыніў нічога,

што Божыя запаведзі

забараняюць,

тады да яго прыходзяць

анёлы, святыя i светлыя,

i як бачыш

з абліччам вясёлым лёгка

з ягонага цела вымаюць

яго святую душу.

I, пэўна ж,

усцешаны праведнік дужа

з прыходу анёлаў i з іхніх

паводзінаў шчасных.

Яны ж, узяўшы,

душу яго, што не мае

цямноты граху, імкнуць

яе ўвышыню, да трона

трохіпастаснага Боства

i пакланяюцца разам з ёю

Творцу свайму, а ён

багаслаўляе душу

праведную багаславеннем

сваім усявышнім вечным

i кажа весці яе

у праведны збор.

Анёлы

бяруць i адводзяць яе тады,

радуючыся, у месца

спакою i светлыні.

I там сустракаюць

яе другія святыя

анёлы

i патрыярхі вітаюць,

i пацалункам

любові святой цалуюць,

радуючыся яе

прыходу i перамозе

над звабамі гэтага свету

i хітрасцю воржавай.

I жыве

у светлай сялібе душа

праведніка да другога

прыйсця Ісуса Хрыста,

Госпада нашага,

з канчатковым

судом вызначальным, якім

будуць судзіцца людзі.

A калі б тут

азваўся які малавернік

з нязгодаю i сказаў:

дзе гэта пісана, каб анёлы

людскую душу імкнулі

з зямлі ў нябёсы,

i хто гэта бачыў,—

я адкажу:

той гэта бачыў, перад чыімі

вачамі як на далоні

усё стварэнне —

усёвідушчы

Сын Божы бачыў.

I праз Яго

мы таксама бачым,

як узялі i гтанеслі

анёлы ў нябёсы

Лазареву душу,

а душу

грэшнага багацея

панеслі д'яблы

у сутарэнні падземныя —

у пекла.

Сам Бог засведчыў

i паказаў нам, які

страшны канец рыхтуе

грэшнік сабе i які —

не страшны,

а радасны — угатаваны

праведніку.

Павінны

усе хрысціяне

шукаць i прагнуць

такога канца.

I латва

могуць яго дасягнуць

праз праўдзівае пакаянне

i праз таемствы святыя

Цела Хрыстовага i Крыві

i алеяпамазання,

бо святыя

гэтыя з'явы

нячысцікаў адганяюць

ад чалавечай душы

у часіну смерці.

Належыць

ведаць яшчэ вам,

што разам з целам

не памірае,

у адрозненне ад жывёльнай,

душа чалавечая,

а жыве,

будучы вобразам Божым,

жыццём бясконцым.

Дваякае — бачым —

жыццё людское,

дваякая — бачым —

людская смерць: ,

адною дарогай

праведнік адыходзіць,

другою — грэшнік,

адзін — у вечную радасць,

другі — у пакуту.

Думай

пра іхнія дол i часцей,

чалавеча,

i ў памяці моцна,

што чуеш цяпер, трымай —

бо ў чым смерць застане,

тым Бог i асудзіць.

З трыма

вялікімі зменамі

смерць настае i нас

гэтымі зменамі страшыць:

па-першае, стратаю рэчаў,

з якімі мы зеыкліся;

па-другое,

той невядомай краінай,

дзе апынецца бядачка-душа;

i, па-трэцяе, неспазнаным

абліччам Бога,

які нас будзе судзіць.

Ды ад гэтага страху

я маю траякія лекі,

траякую дапамогу.

Па-першае, ведай

i памятай,чалавеча,

што ты пілігрым-вандроўнік

на гэтым свеце

i тут у доме чужым жывеш.

Як сказаў апостал,

не маем тут горада,

але мусім

будучы горад шукаць.

А на гэтым свеце

мы нібы ў карчме,

i гняўлівы

у ёй гаспадар гаспадарыць —

смерць.

Яшчэ не паспелі

мы тут набыцца,

a ўжо гаспадар патрабуе

платы ад нас

і, нібы разбойнік,

усё дарагое i гожае,

што мы мелі,

у нас адбірае гвалтам

i, голых,

выпіхвае прэч.

Па-другое,

прыводзь на розум

словы апостала, што сказаў:

калі гліняная хата

нашага цела разбурыцца,

маем у небе

палац незраўнаны,

які не людскою рукою,

а Боскаю збудаваны.

Дык паспяшайся,

любы мой чалавеча,

хутчэй да яго,

а не баўся

ў закутку смуродлівым,

дзе звіваеш

гняздо свайго быту,

марна

спрабуючы на зямлі,

а не ў небе,

займець уцеху.

Па-трэцяе,зарабляй

тут, у цяперашнім гэтым веку,

нябесную ласку Бога,

а ён табе заўтра,

у будучым веку,

заплаціць шчодра.

Нам недарэчы

баяцца смерці,

бойся адно граху,

які пасылае адданцаў сваіх

на пакуты ў пекла;

а праведнаму чалавеку

не страшная смерць;

праз яе,

нібы праз браму,

мы пераходзім

ад нетрывалых часовых рэчаў

да вечных

i ў неўміручасць саму.

Дык ведайце i памятайце,

што смерць выводзіць

нас з цемрадзі да святла

I ўводзіць

з зямлі ў нябёсы —

каб вечна

ты жыў

з Богам Творцам сваім

i славу

царства ягонага бачыў ясна.

Спадобі ўсіх нас,

сваіх вернікаў,

Хрысце Божа,

нябеснага царства твайго,

каб у ім

i мы ўслаўлялі цябе,

адзінага ў Бостве

з Богам Айцом i Богам

Духам Святым,—

цяпер,

i заўжды,

i на векі вякоў.

Амін.

Загрузка...