Адам Глёбус

* * *

Кропля падае

на лілёвы цёмны лёд

і плыве ў вясну.

* * *

Ціха, сьнег ідзе,

Толькі каляндар сказаў —

надыйшла вясна.

* * *

Вясновым ранкам

паліць у парку сьмецьце

малады салдат.

* * *

Чорная ліпа,

спавітая слатою,

чакае цяпла.

* * *

Вежы аблокаў

над каменнай гарою

заружавелі.

* * *

Раніца ў шыбу

ціха пастукалася…

Пара над кавай.

* * *

Блакітны ранак,

апрану ўсё новае

у гонар вясны.

* * *

Першы дзень вясны,

трэба ўмывацца сьнегам

з самай раніцы.

* * *

Ранак, варэльня,

горка-салодкі водар —

кубачак кавы.

* * *

Лапкі ядлоўца

і пралескі на стале

ў шкляначцы з вадой.

* * *

Капеж, дворнікі

на даху рыдлёўкамі

сякуць ледзяшы.

* * *

Хваёвы водар,

кедравая ігліца

блішчыць на сонцы.

* * *

Стаю на вежы

з выбітымі шыбамі,

над нашым сьветам.

* * *

Над могілкамі

хмары плывуць няспынна.

Сыходзяць сьнягі.

* * *

Шукаюць вочы

сярод жоўтых аблокаў

дарогі, птушак.

* * *

Дастаю штодня

водар сьвежай газэты

з паштовай скрыні.

* * *

За вакном сьнег.

Кубачак гарачай кавы

гатую сабе.

* * *

Сонечны ранак,

жаўтавокая котка

выйшла з пад'езду.

* * *

Ранак, парк стары,

узьлятаюць галубы —

ледзь чутны ветрык.

* * *

Паралеляграм

сонечны на шпалерах,

вясновы ранак.

* * *

Адчыніў дзьверы —

скразьняк прынёс духмянасьць

травы і бэзу.

* * *

Шэрую траву

вецер цёплы і сухі

на асфальт прынёс.

* * *

Шчыліны ў плоце —

пасечанае сьвятло

ляжыць на зямлі.

* * *

Сонца, капяжы,

але калюгі ўначы

павымярзалі.

* * *

Еду ў трамваі,

паўпустым і халодным,

на кніжны кірмаш.

* * *

Блакітна-шэры

кавалак тынкоўкі

разломліваю.

* * *

Парушыначка

трапіла ў вока маё —

вокамгненны боль.

* * *

З кнігаю ў руцэ

наведваю кавярню,

накрапвае дождж.

* * *

Першы дзень, калі

лёду няма на ганку.

Сьціхлі капяжы.

* * *

Сонечны настрой

па вільготным пяску

разьліваецца.

* * *

Надыходзіць час

занесьці на сьметнік

зімовыя боты.

* * *

Вецер. Груд. Вясна.

Як вуркочуць галубы

слухаў і маўчаў.

* * *

Шэра-жоўты сьнег

плямамі ў полі ляжыць,

вецер гоніць пыл.

* * *

Шалахнуўся куст,

зашчабятала птушка…

Ізноў цішыня.

* * *

Побач з дарогай

доўгія, нежывыя

трубы ляжалі.

* * *

Сухое дрэва.

Прыляцелі вераб'і —

пошчак, мітусьня.

* * *

Сіні аўтобус

спыніўся й павітаўся

з жоўтым дзьмухаўцом.

* * *

Кветачку набыў,

а каму падараваць

так і не знайшоў.

* * *

Пасыпаўся дождж:

на інжыры вераб'і

зашчабяталі.

* * *

Ідуць насустрач

людзі, хаваючы твары

ад ветру і дажджу.

* * *

Шклянка на стале.

У празрыста-шэры цень

муха запаўзла.

* * *

Ціха, сьпіць дачка

ў пакоі, а за вакном

дробны дождж ідзе.

* * *

Каля бардзюраў,

на асфальце растаюць

кавалкі лёду.

* * *

Быкі на бойні:

чорныя сьлёзы ў вачах,

цяжкі дух крыві.

* * *

Старое дрэва

пяшчотныя лісточкі

паўпрыгожылі.

* * *

Ружовы камень

на зялёнай траве…

Шукаю словы.

* * *

Сухая трава

ціха шэпча пад ветрам

песьню пра лета.

* * *

Чорная каза

жоўтым вокам зіркае

на гаспадара.

* * *

Зь берага камень

спаўзае ў ваду вельмі —

вельмі павольна.

* * *

Каляровае

паветра Эстоніі

пахне трэскамі.

* * *

Дарога ў полі,

фурманка, стары чалавек,

кола скрыгоча.

* * *

Мэтрапалітэн,

у чаканьні цягніка

разглядваю столь.

* * *

Гутарка дзяцей,

хутка і мая дачка

гаварыць пачне.

* * *

Зь лёгкім сумам

трываю галаўны боль,

вясновы ветрык.

* * *

Самотны груган

нізкую аблачынку

зачапіў крылом.

* * *

Сьпілаваны сук

на сухі асфальт упаў —

безнадзейны хруст.

* * *

Вечар, парк стары,

шоргат старэчых крокаў,

азіраюся.

* * *

Перакулены

сьвет у калюзе жыве…

Шпурляю камень.

* * *

Качкі і кірлі

лунаюць над вадою

цёмнай Сьвіслачы

* * *

У пясочніцы

алавяны салдацік

пад дажджом заснуў.

* * *

Дзе схавалася

за вясновай смугой

маё юнацтва?

* * *

Сшытак бэзавы

набыў, а што запісаць

і ня ведаю.

* * *

Вечар. Мястэчка.

Каля кожнай хаты

сьлівы красуюць.

* * *

Маленькі пакой,

фотаздымкі на сьцяне —

твары знаёмых.

* * *

Набліжаюцца

хмурынка і маладзік,

аддаляюцца.

* * *

Атрутны водар

магноліі напоўніў

маёвую ноч.

* * *

Малады ліхтар,

ты, напэўна, першы з нас

павітаесься.

* * *

Рэдзенькі блакіт

і празрыстая поўня

над даляглядам.

* * *

Кардыяграма

на стужцы папяровай,

доўгай, бясконцай…

* * *

Гартаю кнігу,

не чытаю, а гляджу

рэпрадукцыі.

* * *

Навальніца, дождж,

плачуць-плачуць ліхтары

сьветлымі сьлязьмі.

* * *

Гляджу на поўню

праз агеньчык запалкі —

маленечкая.

* * *

Жаданьне заснуць?

Не! Жаданьне прачнуцца

і не засынаць.

* * *

Дом над вадою…

О, колькі сноў вяртае

мяне ў гэты дом.

* * *

Ты не гавары,

што ня хочаш спаць зусім

і ня любіш сон…

* * *

Наліваецца

лякам цёплым, залатым

ліст магноліі.

* * *

Сёньня чуйна спаў,

слухаў празь няпэўны сон

шолах дажджавы.

* * *

Знайшоў у лесе,

зьбіраючы суніцы,

драўляны гузік.

* * *

Залаты трысьнёг

сее кропелькі расы

ў сінюю ваду.

* * *

Выпаўзла жабка

з-пад вільготных камянёў

муху ўпаляваць.

* * *

Гладыёлусы,

захутаныя ў марлю,

едуць на кірмаш.

* * *

На суседзкі плот

верабей пераляцеў

зь яблыні маёй.

* * *

Невялікі сад,

маладзіца босая

яблык-штрыфель есьць.

* * *

У калянадзе

прыемна схавацца —

сонечны ранак.

* * *

Высокая столь,

блакітныя шпалеры,

сіні матылёк.

* * *

У маім двары

сітаўка блакітная

скача па пяску.

* * *

Рукі кабеты

над дзіцячай калыскаю,

чалавечы сьвет.

* * *

Бруіцца вецер —

засыпаючы сьляды —

пясок бруіцца.

* * *

Каля дзяржбанку

на пыльным тратуары

знайшоў капейку.

* * *

Па рудой сьцяне

жучок паціху паўзе,

лета ажыло.

* * *

Белае неба,

а ў ім шэры матылёк

уздымаецца.

* * *

На яркім сонцы

крухмальныя карункі

фіранак сьнежных.

* * *

Пыльныя пальмы

высахлымі лістамі

ледзь-ледзь варушаць.

* * *

Белакрылая

кветка вэнтылятара

на вакне расьце.

* * *

Кавярня ў вежы,

музыка, млявасьць, кава.

Шэры, спакойны дзень.

* * *

Уздоўж прыбою,

бязгучна, па каменьні

ляціць цень кірлі.

* * *

Паласатая

яшчарка са сьцяжыны

ўцякае ў траву.

* * *

Які вялікі

ліст! Ня знойдзецца кнігі

такі засушыць.

* * *

Колькі матылькоў

віецца над чаромхай

каля альтанкі.

* * *

Высокі комін,

аблокі доўгія плывуць,

талінскі вецер.

* * *

Дапамагаю

выпаўзьці з-пад лісточка

божай кароўцы.

* * *

У белым небе,

о, як высока, як шмат

зялёных шышак.

* * *

На веях маіх

зьнікае сонечны пыл,

вецер у хмарах.

* * *

Сьпёка, на дварэ

селі курыцы купацца

у гарачы пыл.

* * *

Басанож іду,

чорна-сіняя сьцежка,

сьціхае конік.

* * *

Стручок гароху

зялёнаю рыбкаю

высьлізнуў з рукі.

* * *

Жонка і дачка

сьпяць у цёплай цішыні,

жнівеньскі спакой.

* * *

Рэчка ратуе

ад сьпёкі, ад горычы

і ад маркоты.

* * *

Цячэ, шапоча

жвір скрозь пальцы… У руцэ

застаўся камень.

* * *

Пыл на паліто,

каля жалезнай брамы

чакаю брата.

* * *

Іржавы ліхтар

сьпіць пад дажджом у парку,

стоячы сьмірна.

* * *

Рукі, рыдлёўка,

дождж, дзёран, жвір, камяні…

Моўчкі працую.

* * *

Дожджык перастаў,

а вада яшчэ цурчыць

з вадасьцёчных труб.

* * *

Вулка вузкая,

патыхае вільгацьцю

стогадовы брук.

* * *

Кубачак кавы,

белы цукровы кубік,

сухія кветкі.

* * *

У трубах рэха

павялічвае памер…

Сэнс непарушны.

* * *

З вачэй цяжарнай

жанчыны паглядаюць

дзьве розныя душы.

* * *

Цэлы Божы дзень

цяжкая гарачыня —

горад змучыўся.

* * *

Абараняйце,

чорныя акуляры,

хворае вока.

* * *

Стома, здранцьвеньне,

на скронях гарачы пот,

не варушуся.

* * *

Не здымаючы

ахоўных акуляраў,

разьвітваюся.

* * *

Чапіў анучу,

спалохаў шалахвоста —

няма спакою.

* * *

У зеляніне

аранжавыя зоры —

кветкі гарбуза.

* * *

Каханка плача,

хавае твар за букет

гладыёлусаў.

* * *

Лісток сьціскаю —

зялёны, тапалёвы,

гаркаваты сок.

* * *

Зусім няблага

ляжаць і доўга думаць

пра сьпелы агрэст.

* * *

Успамінаю

дзедаў каменны ганак —

трэснуты жорнаў.

* * *

Сонечны вечар,

пылам і галубамі

пахне гарышча.

* * *

Ля плыткай вады

цёплай ліпеньскай рэчкі

па пяску іду.

* * *

З далані на далонь

перакідаў каменьчык

і слухаў хвалі.

* * *

Вецер незнарок

перагарнуў старонку

маленькай кнігі.

* * *

Карункі шуму

на жвір шпурляе хваля

і цягне назад.

* * *

Са жмені ў жменю

няспынна і марудна

сыплецца жарства.

* * *

Залацістая

на вялікай паніве

рыбіна ляжыць.

* * *

У рудым збанку

блакітнае малако,

парожні кубак.

* * *

Стол. Відэлец. Нож.

Памідоры. Агуркі.

Шклянка, сок. Гладыш.

* * *

Астудзіў сьпіну

сьвежы, цёплы вятрыска —

безумоўна, кайф.

* * *

Куст ядлаўцовы

пад маціцовым небам —

вечны вандроўнік.

* * *

Вечар, піск стрыжоў

пранізьлівы, трапяткі

над цёмным дваром.

* * *

Золата крыжоў

плыве над купаламі

чужога храма.

* * *

Вільня, ціхі двор,

пад шэраю сьцяною

папараць расьце.

* * *

Хлопчык-акрабат

на чырвоным дыване

стомлены сядзіць.

* * *

Стогадовы дом,

і каля яго цьвітуць

гладыёлусы.

* * *

Кацяня дайшло

да вакна ў стары падвал

і схавалася.

* * *

Шэра-жоўтае

менскае нізкае неба

кратаю рукой.

* * *

Чорнае неба,

маўклівае чаканьне

ў аэрапорце.

* * *

Сыботні вечар,

зьбіраю зь нізкай ліпы

цьвет на гарбату.

* * *

Ціха паклікаў

круглалісты званочак

мяне ў дзяцінства.

* * *

Іду дахаты,

салодкі ліповы дух

супакойвае.

* * *

Пад алешынай,

у завоіне маўчыць

мяккая вада.

* * *

Гарачы вецер

па зялёнай дарозе

коціць жоўты ліст.

* * *

Квадра, парк стары,

пахне скошанай травой

малады туман.

* * *

Ноч, прыслухаўся —

стракочуць гадзіньнікі;

ці то конікі…

* * *

Па-над сасною

поўні жоўты дыск плыве

на хмарах сініх.

* * *

Падае зьнічка

за далёкі чорны лес;

забыў жаданьні.

* * *

Плывуць аблокі

у ласкавай цеплыні,

месячная ноч.

* * *

Успамінаю

далёкае каханьне

пад платанамі.

* * *

Чужы, чорны дом.

Бясконцы глухі паркан.

Бразнула клямка.

* * *

Джаз разгойдвае

карабельны рэстаран…

Ці наадварот?

* * *

Кураць і танчаць

маладзіцы п'яныя.

Весела глядзець.

* * *

Цёмная поўня

шэпты кляновых шатаў

слухае ў цемры.

* * *

Прытаіліся,

як пачвары марскія,

на пяску карчы.

* * *

Вугаль на зубах,

печанае бульбы смак,

салёны дымок.

* * *

Залаты агонь,

моўчкі з братам сядзелі,

блакітны попел.

* * *

Гудзеньне мора.

Моцны, пякучы вецер.

Чорная вада.

* * *

Бездапаможны

матылёк на шыбе

шукае выйсьце.

* * *

Дзьверы на гаўбец

адчыніў, а мой сябра,

месяц, не прыйшоў.

* * *

Гарадзкая ноч,

шчыльная гарачыня,

кропелькі зорак.

* * *

Не памылюся —

назваўшы запальнічку

любімай кветкай.

* * *

Ціхі шум машын.

Ноч. Гадзіньнік. Я і ты.

Цёпла. Споры дождж.

* * *

Патушы сьвятло,

чуеш — бьецца-бьецца ў шкло

шэры матылёк.

* * *

Срэбная хмара

стала побач з поўняю,

вецер стаміўся.

* * *

Шчупака сасьніў.

Не, не жывога, на —

маляванага.

* * *

Прачынаюся,

пью халодную ваду

і засынаю.

* * *

У сінім садзе

цяжарная жанчына

сьпелы яблык есьць.

* * *

Халодны вецер,

празрыстае паветра,

аголены сад.

* * *

Сьліва на стале,

побач востры нож ляжыць;

зараз сьліву зьем.

* * *

Дворнік пад вакном,

ён мяце-мяце асфальт,

ён бліжэй-бліжэй.

* * *

Як непрыемна

вільготную адзежу

раніцай надзець.

* * *

Гуляю з дачкой

пад жоўтымі ліпамі

старога сквэра.

* * *

Ральля, груганы,

гара пад нізкім небам,

салодкі вецер.

* * *

Аса на шыбе —

дзынкнае пажаданьне

вярнуць свабоду.

* * *

Ляснула шыба,

шкло блішчыць на падлозе,

стаю басанож.

* * *

Чырвань рабіны

ў зеляніне дваровай,

вось спаткаў восень.

* * *

Вербы па рацэ

пасылаюць у нябыт

сумныя лісты.

* * *

Туманны ранак,

над сівою рэчкаю

лунаюць кірлі.

* * *

Сонны смоўж паўзе

па падасінавіку

маладзенькаму.

* * *

Чародка сітавак

пабудзіла ціўканьнем

навакольны лес.

* * *

Шэрая зямля,

скача жвавы верабей,

жоўтая трава.

* * *

Падасінавік —

згубленая шапачка

чорнага дзятла.

* * *

Дзеці зьбіраюць

каштаны на асфальце,

халодны ветрык.

* * *

Дзіця ў касьцёле

слухае арган. Вітраж

чырвоны зьзяе.

* * *

У Койданаве

сады спавівае дым —

паляць бульбоўнік.

* * *

Лёгенькі лісток

да мяне ляціць-ляціць

шэрым матыльком.

* * *

Жоўтыя ліпы,

знаёмая вуліца,

чужыя людзі.

* * *

Сіні кіпарыс,

калі паглядзець праз дождж,

робіцца вышэй.

* * *

Праз кастрычнік

іду пад каштанамі

і па каштанах.

* * *

Скляпеньні, крокі,

водгульле, палёт-лісток

сухі лунае.

* * *

Шоргат шэрых хваль

доўга слухаю адзін.

Дух марской травы.

* * *

Жорсткі хвалялом,

насьцярожанае мора,

шурпаты вецер.

* * *

Глядзіць сланечнік,

нахіліўшы галаву,

на ранішні сьнег.

* * *

Пад белым небам

у сухой траве заснуў

руды сабака.

* * *

Лялька ў калюзе,

нерухомыя вочы

глядзяць з-пад вады.

* * *

Кідае лісты

ў фантанчык зь лебедзем

стогадовы клён.

* * *

Ціха падае

лісьце з паркавых клёнаў,

падае ціха.

* * *

Вецер у сьпіну.

Коціцца сухі лісток,

а за ім другі.

* * *

Вяртацца мушу,

вяртаньне будзе хуткім…

Ізноў дарога.

* * *

Гаворым з братам

пад цёмнымі букамі,

палім няспынна.

* * *

На ціхай вадзе

дзікія качкі сядзяць,

хуткі цень кірлі.

* * *

Зачапілася

за гатычны кіпарыс

хмарка горная.

* * *

Пад ляскоўкаю

нечакана знайшоўся

салодкі яблык.

* * *

Я забіў жучка,

А спытай мяне — нашто?

І не адкажу.

* * *

Палахлівае

лісьце паляць у парку,

полымя й вецер.

* * *

Восеньскі кантраст —

на бліскучым блакіце

жоўта-цёмны клён.

* * *

Парк прапах дымам.

На гурбе чорных лісьцяў

танчыць агеньчык.

* * *

Чорная вада

у калюжыне стаіць,

а над ёю — я.

* * *

На рэчку хадзіў

паглядзець, ці замерзла,

чакаю зімы.

* * *

Чужы завулак —

тут нават чырвань цэглы

цяпла ня мае.

* * *

Холад восені,

у вясну ляціць-ляціць

матылёк сухі.

* * *

Ты мяне суцеш,

доўгая дарога да

шэрага неба.

* * *

Лілея ў шклянцы,

дух яблыкаў-антонаў,

сьлёзы каханкі.

* * *

Нашто блукаю

і каго шукаю тут,

сярод туманаў?

* * *

Памажыце мне

каханую забыць, кля —

новыя лісты.

* * *

Сланечнік высах,

ледзь чутны водар мёду

застаўся ў лістах.

* * *

Несупынны дождж,

як дзіця, спадзяюся

на заўтрашні дзень.

* * *

Рукі нямога,

чырвоныя на дажджы,

хутка гавораць.

* * *

На камень-валун

сеў самотны вандроўнік,

халодны вечар.

* * *

Легкаважны дым

не магу ніяк схапіць

за блакітны хвост.

* * *

Як непрыкметна

на вагоннай падлозе

сьлед высыхае.

* * *

Сьпяць дарожнікі,

лыжка ў шклянцы на стале

ўсё зьвініць-зьвініць.

* * *

Так дрыжыць вагон,

што ніводнай літары

роўна не пішу.

* * *

Стаміўся ехаць,

нарэшце, той прыпынак,

дзе ўсе сыходзяць.

* * *

Чаму ж вы, пташкі,

ня зьведалі адзіноты

па-над зямлёю?

* * *

Агарнулі лес

восеньскія халады,

вогнішча кладу.

* * *

Колькі каштанаў

прынёс дадому й расклаў

у кніжнай шафе.

* * *

Паўночны вецер,

дождж, шэрая дарога,

ноч, валацуга.

* * *

За галінамі

чорна-сінімі плыве

белы маладзік.

* * *

Восеньскі ўспамін —

на вясковых могілках

пахіліўся крыж.

* * *

Сталёвы вецер,

коціцца па асфальце

звон кансароўкі.

* * *

Ліхтар, прыпынак,

высачэзная постаць

пад парасонам.

* * *

Не дае заснуць

скразьняк у электрычцы,

бязбожны холад.

* * *

Поўнач у мэтро,

мармуровая сьцяна

слухае мяне.

* * *

Жаданьне — заснуць,

не патушыўшы сьвятла,

глыбокая ноч.

* * *

Спаць і толькі спаць,

больш нічога не хачу;

не магу заснуць.

* * *

Дзьверы зачыніў,

а ў пакоі скразьнякі

не пазьнікалі.

* * *

Халодны пакой,

ціўканьне гадзіньніка

не дае заснуць.

* * *

Дзе падзеўся ты,

ясна-белы маладзік?

Не кладуся спаць.

* * *

Вадкая цемра,

уздыхнула машына,

вуркоча матор.

* * *

Нізкая вярба

ўсё кранае на вадзе

адлюстраваньне.

* * *

Ноччу падаў сьнег,

а нараніцу растаў —

цёплая зямля.

* * *

У чаўне вада,

на вадзе — срэбра поўні

і тонкі лёдзік.

* * *

Вельмі многа сплю,

дык чаму цалюткі дзень

пазяхаецца?

* * *

Далёка ў небе,

марозным сінім ранкам

сканала зорка.

* * *

Квітнее сьліва.

О, не-не — падалося…

Навокал шэрань.

* * *

Дробныя зоры

востра міргалі, золкасьць,

час разьвітаньня.

* * *

Стары чалавек

спытаў у вялікай гары:

— Ці гэта зноў сьнег?

* * *

Цёмны шэры ліст

падае на першы сьнег,

нахіляюся.

* * *

У вакно гляджу,

на стале астывае

шклянка малака.

* * *

Над таполямі

шэра-маціцовае

неба студзеня.

* * *

Сонны настрой —

вуркоча рэпрадуктар,

слоў не разабраць.

* * *

Гляджу на шэрань

і не магу пакінуць

занятак марны.

* * *

Мокрая далонь —

бо на ёй дадому нёс

першы цёплы сьнег.

* * *

Марозны ранак,

двухгадовая дачка

шукае поўню.

* * *

Падняўшы з долу,

павесіў на галіну

дзіцячы шалік.

* * *

Ціха, сьняжынкі

на паркавыя вазы

апускаюцца.

* * *

Надпіс на сьнезе,

вецер схапіў і панёс

белую думку.

* * *

Белая шыба;

сонечны, марозны дзень

толькі пачаўся.

* * *

Шэрань на слупах.

Не спыняецца цягнік

ля вясковых хат.

* * *

Сваім холадам

бела-блакітны аркуш

запалохвае.

* * *

Парэзаў палец,

выціраю цёмную кроў

зь белага стала.

* * *

Згадаю вясну —

сьнег і лёд на імгненьне

зазелянеюць.

* * *

На ўчарнелы парк

зноў зімовыя дажджы

сеюцца штодня.

* * *

За нізкім плотам

цяпла й вясны чакае

гарод пад сьнегам.

* * *

Апякаюць твар

вецер і сьнежаньскі дождж,

лёд на паліто.

* * *

Цаліком іду,

сорак дзён парожняя

дзедава хата.

* * *

Пануе шэрасьць —

на местачковым пляцы

туман адліжны.

* * *

Засьнежаны сквэр,

сабачы брэх над рэчкай

разьлягаецца.

* * *

Качар на хвалях

вузкай балотнай рэчкі,

сьнег на берагах.

* * *

Пяро на сьнезе

кінула чорная птушка,

каму, як ня мне?

* * *

Так па-японску —

празь белыя жалюзі

глядзець на зіму.

* * *

За вакном ляціць

вечарова-чорны сьнег

праз маю душу.

* * *

На зялёны лёд

бела-жоўты цяжкі сьнег

падае праз дождж.

* * *

Вечар, ліхтары

над пустой дарогаю

нахіліліся.

* * *

Шафа зь люстэркам,

там сьпяць пах нафталіну

і зімовы дух.

* * *

Мяккі сьнег ляціць;

раптам шэры матылёк

у памяці ўзьнік.

* * *

Брудны шэры сьнег

вечаровае сонца

пазалаціла.

* * *

Чужы чалавек

прапанаваў зь ім выпіць

моцнай гарбаты.

* * *

Навокал сьнегу —

ні прайсьці, ні праехаць —

насыпаў люты.

* * *

Цьвярозы мароз,

за лесам вежавы кран,

лілёвы вечар.

* * *

З дачкой на руках

дамоў, на пяты паверх,

падымаюся.

* * *

Чорная кава

астыла канчаткова,

нарэшце — крокі.

* * *

Сьвятло зьбіраю,

каб асьвятляць сьвет сноў

зімовай ноччу.

* * *

Надакучвае

пасылаць падарункі

самому сабе.

* * *

Чорны тэлефон,

як скарбонка, прыхаваў

галасы сяброў.

* * *

На адпачынку

раніцай люблю згадаць

каляровы сон.

* * *

Дваццаць год прайшло,

а ракавіна тоіць

галасы мора.

* * *

Колькі радасьці

яны раней дарылі —

лісты каханкі.

* * *

Чалавечы лёс.

Не хапае нават слоў,

што ні гавары.

* * *

Зараз я сябе

у люстэрку не пазнаў…

Зрэшты, ну і што.

* * *

Добрая душа —

ён і зь дзецьмі гаварыў,

як з дарослымі.

* * *

Гартаю кнігу,

у гармідары літар

зьяўляецца сэнс.

* * *

Нараджаемся,

паабяцаўшы Богу

хутка памерці.

* * *

Самы лепшы верш

запішу на газэце

й шпурну ў сьметніцу.

* * *

Верш на паштоўцы

запісваю алоўкам,

а потым тушшу.

* * *

Чытае хлопчык

гучна, па складах, мой верш,

ніякаватасьць.

* * *

Бяз дай патрэбы

на аловак насадзіў

катушку нітак.

* * *

Некалі ў мяне

плястмасавы чалавек

у скарбонцы жыў.

* * *

Кроплі чарніла

ўпалі на чысты стол —

зорнае неба.

* * *

Ломкі лябірынт

падлічвае памылкі

лягічных крокаў.

* * *

І паміж сяброў

не магу пазбавіцца

адзінотнасьці.

* * *

У прорву часу

ляцяць нашыя крокі…

Рэха, успамін.

* * *

Пыл, пясок, жвір,

жарства, камяні, груды,

горы, сьнег, неба…

* * *

Накіроўваю

ў падземны пераход

свае пакуты.

* * *

Аб кант коміну

разьбіваецца погляд

на рэчаіснасьць.

* * *

Пазабаўляцца б

з такім прывабна-сінім

электрадротам.

* * *

Мэтазгоднасьці

ўказальнік блакітны

не вызначае.

* * *

Адваротная

пэрспэктыва дарогі

сыходзіцца ў сэрцы.

* * *

Памыляюся,

за павелічальным шклом

той жа самы сьвет?

* * *

Хто табе сказаў,

што мінулае маё

не належыць мне?

* * *

А ці трэба па —

мятаць, які зараз дзень,

можа, ведаеш?

* * *

Брат мой гаварыў:

— О, які ён салодкі,

водар атруты…

* * *

Непераможны,

як дух безнадзейнасьці,

смак самагубства.

* * *

Сустракаюцца

не зусім падобныя

і сярод блізьнят.

* * *

Так яно лепей, —

калі ніхто ня прыйдзе.

Крокі пад вакном…

* * *

Два гадзіньнікі

і ніводзін не ідзе.

Як гэта добра.

* * *

У бясконцай чарнаце

бразнуў клямкаю

нечаканы госьць.

* * *

Сталёвы месяц,

жалезабэтонны мост,

срэбная вада.

* * *

Лютаўская ноч,

мароз; а мурын ідзе

без капелюша.

* * *

Не магу заснуць.

Напішу пра галалёд —

астуджу душу.

* * *

Каляровы сон

завітаў сярод зімы —

з кветкамі вяргінь.

* * *

Ноч глыбокая.

Перачытваю наноў

Іса і Басё.

* * *

Не магу заснуць.

Слухаю далёкі гуд

аэрадрому.

* * *

Ці не вар'яцтва —

марыць пра бессьмяротнасьць

лютаўскай ноччу?

* * *

Лётае вецер,

страсае зоры на сьнег,

рыпяць таполі.

* * *

Ідзе гадзіньнік.

А куды? Невядома.

Спыню маятнік.

Загрузка...