Прачнуўся Сцёпка на золку. Абудзілі яго галасы — блізкая гамана людзей, смех, ранішні курэцкі кашаль, бразгат кацялкоў. Яшчэ не зусім асіліўшы ў сабе дрымоту, хлопец зразумеў, што гэта ішлі на сняданак — побач, у алешнічку, была сцяжынка да недалёкае кухні, пах дыму ад якой даўно ўжо даносіўся да яго лаўжа. Сцёпкаў галодны нюх некалькі разоў лавіў спакушальны пах смажанага, і тады Сцяпан нават у сне адчуваў згаладнелую знямогу ва ўсім целе. Але пра яду ён тут жа і забыўся. Разам з абуджэннем на хлопца хлынула плойма самых непрыемных думак і адчуванняў — учарашняе абрынулася ўсё адразу, і ён з тужлівай самотай адзначыў гэты пераход з санлявага забыцця ў надта турботны, нярадасны цяпер для яго свет.
Болей ужо не заснуў.
Свядомасць яго была цалкам ва ўладзе трывогі, на некалькі гадзін прыпыненай сном; зноў пацягнулася чаканне, у канцы якога, аднак, не прадбачылася нічога добрага. Сцёпка паварушыў галавой: шыя па-ранейшаму — не моцна, а неяк дакучліва-тупа — балела; скулы, здаецца, нарывалі ўсё болей; адна, разбітая ўчора, мабыць, падсохла і, скранутая цяпер, азвалася вострым болем. Было балюча варухнуць плячом, і ён пакутна паморшчыўся, думаючы, што скуллё, якое нядаўна яшчэ атручвала яму жыццё, цяпер не болей чым дробязь.
У яме ад ранішняй свежасці было холадна, цела са сну прабірала дрыготка, азяблі рукі. Струхлелая салома ў дне адсырэла, стала вогкая, як скошаная падвялая трава, і не грэла. Недзе, нябачнае за лесам, усходзіла сонца; абяцаючы пагодлівы дзень, у высокім прасторы неба бялела некалькі невялічкіх спакойных аблокаў. Ніжай пад імі высілася абсыпаная шышкамі вяршаліна елкі. Некалькі тугіх шышак ляжалі і ў доле, на ўтаптанай саломе, ля яго босых і брудных ног.
Яма была не такая ўжо і глыбокая, некалі нядбайна выкапаная на бульбу — невялікі яе запас хавалі тут да вясны. З абсыпістых сцен бізунамі вісела яловае карэнне, таўсцейшае тырчала з бакоў, як цвёрдыя, вузлаватыя локці. Вылезці адсюль было проста, нават і дзіця вылезла б, але ён вылазіць не збіраўся. Па-першае, наверсе да ямы была прыстаўлена варта — партызан з вінтоўкаю, што пільнаваў яго як злачынцу. Па-другое, і гэта галоўнае, Сцёпка не лічыў сябе ніякім злачынцам, чакаў і дужа спадзяваўся на справядлівасць. Цяпер, памалу спакайнеючы пасля таго недарэчнага ўчарашняга здарэння, Сцяпан адчуваў, што пагарачыўся, што не трэба было даводзіць усё да бяды. Але разумныя думкі звычайна спазняюцца, і таго, што здарылася, ужо не перайначыш.
Галасы тым часам памалу аддаліліся, заглухлі ў ельніку, наўкола зноў стала ціха і надта чуйна, як звычайна ў яме. У гэтай самотнай цішы лесавога ранку Сцяпану неяк міжвольна захацелася пачуць вартавога, які ўсю ноч тупаў паблізу. Калі ўчора саджалі сюды, дык ставілі Кучкіна, але цяпер, мусіць, не Кучкін — змянілі іншым. Той быў непаседлівы і надта шумлівы: то кашляў, то мармытаў нешта і ўсё хадзіў і хадзіў наўкола. Гэты ціхі — мусіць, сядзіць недзе паблізу і дрэмле.
Прыцяўшы дыханне, Сцёпка, аднак, злавіў на слых ціхенькія гукі, якіх спярша не адгадаў нават, а пасля неяк само сабою між думак стала зразумела, што вартавы стругае палачку ці, можа, дубчык: чутны былі ціхае шорханне нажа, мах рукі. Пасля ён пачуў і лопат дубца аб прысыпаны ігліцаю дол. І хлопцу раптам да душэўнай сутаргі захацелася туды, на волю, хоць азірнуцца, паглядзець на бакі з краю ямы, вылезці з гэтага сырога, прасмярдзелага трухлявай саломай і зямлёй дна.
Але ён знае, што, пакуль не прыедзе камісар, ніхто яго адсюль не пусціць.
Між тым на сцяжыне пад елкамі спярша невыразна, а потым усё гучней раздаюцца чыесь шырокія крокі, чуецца шорхат скранутых галін, мернае пабразгванне ў такт кроку — зброі ці чаго ў кішэні. Паблізу, чутно, мусіць, устае вартавы, ударамі далоні абтрасае падол світкі; рэзка пстрыкае складанчык. Сцёпка спазнела здагадваецца: ідуць сюды. Можа, па яго? Ён чакае гэтага і гатовы ўжо ўзрадавацца, але замест адпаведных для такога выпадку слоў чуе іншыя.
— Ну, ідзі падрубай, — чуваць здаля роўны голас задаволенага сабой і, пэўна, не галоднага ўжо чалавека.
Нечакана блізка і хрыплавата адгукаецца вартавы:
— Што там? Зноў ячная?
— Не, зацірка з салам.
— Ну, усё лепей. А то гэта ячная ўжо ў бруха не лезе.
— Палезе. Ну, як твой бандыт? — раптам пытаецца новы вартавы.
— Ціхі, як мыша. Спіць усё.
— Ціхі, кажаш?
Галасы незнаёмыя, — мусіць, хтось з новых. Сцёпка адчувае, што ідуць сюды, і, сеўшы, робіць незалежны выгляд, насупліваецца, ледзьве адольваючы невыразную, шчымлівую трывогу.
Над краем ямы з'яўляюцца дзве галавы — адна ў шапцы, другая ў нямецкай пілотцы, а пасля і боты — трафейныя, падбітыя шыпамі, — гэта ў таго, што змяняе. Той, што адстаяў, месціцца далей, і Сцёпка бачыць яго да пояса.
— Прывет! — з пераігранай добразычлівасцю кідае новы вартавы, цікаўна абмацваючы яго нязлымі вачмі.
Сцёпка паволі апускае голаў — яму не да жартаў і бязглуздых размоў. Вартавы, мусіць, разумее гэта і зганяе з твару ўсмешку.
— Нічога. Камісар разбярэцца. Ты з чые роты?
— А табе што? — ціха кажа Сцёпка і ўзнімае дакорлівы позірк.
— Ды так.
— Што ты яго дапытваеш? — нецярпліва пераступае другі. — З чыёй бы ні быў, цяпер яго дзела труба. Расстрэл будзе.
— Ну, чаму ўжо і расстрэл? А калі змякчаючыя абстаяцельствы? Пашлюць на жалезку, іскупіць віну і будзе бегаць, — з бадзёрай упэўненасцю гамоніць вартавы.
Сцёпка прыслухоўваецца і ўзіраецца ў гэтага чалавека: ён не стары яшчэ, каржакаваты і — па гаворцы чуваць — не тутэйшы. Мабыць, з акружэнцаў ці з былога раённага начальства. Хлопец ужо гатоў павесялець, як у голасе вартавога адзначае ноткі няшчырасці, хутчэй — бяздумнае абыякавасці, і зноў тупіць свой позірк.
— Прыедзе камісар — ён яму пакажа «змякчаючыя».
— Нічога. Галоўнае — не дрэйф. Калі што — моў, пад мухай быў. А пад мухай — яно ўсё магчыма.
Яны паварочваюцца і знікаюць. Раздражненае напружанне ў Сцёпку патроху слабее — трываць гэтую гаману яму ўжо рабілася не пад сілу. Што б там ні чакала яго, абы толькі скарэй. Хлопцу ўжо здаецца, што ён сядзіць тут доўга-доўга, і ягоныя ўстрывожаныя пачуцці то прыглушваюцца ўспамінамі, то абуджаюцца да нясцерпнасці. Мусіць, лепш, калі ён адзін і ніхто не дакучае ні пагрозамі, ні не патрэбным цяпер суцяшэннем. Сцяўшыся ад золкасці, ён прытыкаецца плячом да вогкае земляной сцяны, адну да другой горне азяблыя ступні — нагам так робіцца нібы цяплей.
Непадалёк у алешніку сякуць дровы — мабыць, на кухню, чуюцца непаспешлівыя ўдары, кароткі хруст дрэва, шорхат галля; часам тонка адзвоньвае сякера. Так і ён сек два дні назад і, мабыць, сек бы і цяпер, і заўтра, і жыў бы, хоць і не дужа весела, але ўжо напэўна без гэтых непрыемнасцей, якія горш за рану, а можа, і за самую смерць, калі ў баі. І трэба ж было яму паперціся на тое заданне… Ён і дагэтуль не разумее, ці сапраўды Маслакоў яго шукаў, каб узяць у групу, ці, можа, выпадкам напаткаў у лесе і паклікаў.
Зрэшты, на Маслакова ён крыўды не мае — той усё рабіў з найлепшым намерам. Ці яго віна, што многае абярнулася такім чынам…