Праз гадзіну, аднак, не патопалі: здарылася няўпраўка са ўзрыўчаткай. Пакуль Маслакоў бегаў па начальству, яны ўтрох чакалі пад елкай акрай лясное прагаліны, у тым месцы, дзе пачыналася дарога. Былы камандзір партызанскае роты Брытвін, толькі прыйшоўшы сюды, адразу паваліўся жыватом на іглісты пад елкаю дол і ляжаў так, з маўклівай засяроджанасцю ўткнуўшы ў рукавы моцны паголены падбародак. З іх трох ён адзін, у шынялі і суконнай пілотцы, меў хоць прыблізна вайсковы выгляд; Сцёпка ж у сваім зборным убранні быў падобны хутчэй на паліцая. Што ж да трэцяга тут, стараватага селяніна Шпака Данілы, дык у таго наогул не было нічога вайсковага. Маўклівы, з зарослым чорнымі касмылямі тварам, у рыжым, злубянелым ад вільгаці кажуху і лапцях, ён сядзеў, прыхінуўшыся да смалістага камля елкі, і нешта старанна, з ненасытнаю асалодаю жаваў. Побач ляжаў яго кароценькі абрэз з нефарбаванай самадзельнаю ложай. Сцёпка не адразу і зразумеў, што Даніла еў боб, які даставаў з зашмальцаванай процігазнай сумкі патрошку, па пары каліваў, нібы яны былі ў яго ўжо апошнія. Тым не менш і праз паўгадзіны ён усё жаваў, кожны раз унікаючы Сцёпкавага позірку, калі той паварочваўся да яго. Хлопец наскрозь разумеў гэтыя прастадушныя дзядзькавы хітрыкі, але маўчаў, бо даўно меў за правіла нічога не прасіць у тых, хто не хацеў даць.
Ён быў у прыўзнятым, амаль радасным настроі, бо выхад на заданне ўвогуле абышоўся ўдала. Кляпца не спатрэбілася і выклікаць да камандзіра, проста Маслакоў перадаў яму загад начштаба, і гаспадарнік, пабурчаўшы, змоўк, што значыла — пагадзіўся. Сцёпка не чакаў абеду, атрымаў свой кус хлеба, які тут жа з'еў, і цяпер быў ва ўладзе адвыклага ўжо хвалюючага нецярпення, калі хацелася толькі аднаго: як найхутчэй рушыць у дарогу. Закінуўшы за спіну вінтоўку, ён выламаў дубчык і пасцёбваў ім у доле, паглядаючы ў бок буданоў, адкуль павінен быў паявіцца Маслакоў.
— Можа, ля Азярышча пойдзем? Не ведаеце?
Яму ніхто не адказаў. Даніла быў заняты бобам, а Брытвін толькі павёў на хлопца косым абыякавым позіркам.
— Ля Азярышча б прайсці лягчэй. Там паліцыя свая.
— А ты скуль ведаеш? — суха запытаў Брытвін.
— Я? Гэткі сакрэт! Усе ведаюць, — знарок бесклапотна адказаў Сцёпка, але ўнутрана насцярожыўся: тон гэтага пытання быў яму дужа вядомы, і ён ужо зразумеў, што дарма так сказаў.
Брытвін пасля паўзы важка зазначыў:
— Ты за ўсіх не атветчык. А сам трымай язык за зубамі. Калі што і ведаеш.
Паверх лесу Сцёпка паглядзеў у неба, завалочанае малочнай смугой, праз якую з раніцы не магло выбавіцца сонца, потым перавёў позірк уніз, на буданы за палянай: Маслакова ўсё не было. Другому б ён нешта адказаў у такім выпадку, але Брытвіну пярэчыць цяпер не стаў: як-ніяк той старэйшы і нягожа было заядацца з ім. Праўда, хадзілі чуткі, што месяц назад Брытвін здорава праштрафіўся на заданні, яго знялі з роты, хацелі нават судзіць, ды перавялі ў іхні атрад радавым. І тым не менш тон і ўвесь яго выгляд сведчылі, што радавым ён сябе не лічыў. Прынамсі, тут, у гэтай групе, паводзіў сябе як старшы, хоць і з маленькай, але ўсё ж з перавагай над імі двума. Праўда, гэтае яго старшынство не дужа турбавала Сцёпку, які адзіным камандзірам прызнаваў тут Маслакова.
Паляскаўшы дубцом, Сцёпка зняў з-за спіны вінтоўку і таксама прысеў на дол, трохі воддаль ад іх двух. Вінтоўка ў хлопца была старая, з гранёным казённікам, выпушчаная, мяркуючы па кляйме, яшчэ да мадэрнізацыі 1930 года. Увогуле, страляла яна няблага, затвор таксама працаваў нармальна, і Сцяпан быў бы ёю задаволены, калі б не мушка. Мушка раскярнілася ў сваім гняздзе і соўгалася туды-сюды. Перш чым стрэліць, трэба было пасунуць яе на месца, да рыскі, а пасля ўжо цэліцца.
Сцёпка ўзяў з долу сучок, пазногцямі адшчыкнуў ад яго трэску і стаў ціхенька запіхваць яе ў шчылінку пад мушкай. Трэска, аднак, не лезла, ламалася. Ягоны занятак звярнуў на сябе ўвагу Данілы, а потым і Брытвіна, які нездаволена варухнуў брывамі.
— Што ты робіш?
— Ды во — мушка.
Былы ротны павярнуўся на бок і з патрабавальнай упэўненасцю працяг руку.
— Ану!
Сцёпка яшчэ раз калупнуў трэскай, але зноў няўдала і падаў вінтоўку Брытвіну. Той сеў, расставіўшы калені, звыкла паляскаў затворам.
— Ну і ламачына! Гразная, канечне, іржавая. У цябе хто камандзір? Мелік'янц, ага?
Сцёпка прамаўчаў. Гаварыць з Брытвіным у яго ўраз прапала жаданне — хлопец ведаў, што той скажа далей.
— Ладна. Давайце вінтоўку.
— Не, пачакай! — ухінуўшыся ад яго рукі, Брытвін шчоўкнуў курком, пакратаў прыцэльную рамку. Потым зірнуў на мушку. — А яшчэ казалі: Мелік'янц — строгі камандзір!
Сцёпка ўсё маўчаў, але пад елкай падазрона заёрзаў Даніла.
— Ды ён не Мелік'янца. Ён з кухні.
— Як з кухні?
Брытвін апусціў вінтоўку і ўтаропіў у Данілу недаўменны, амаль абураны позірк. Сцёпка за рулю выхапіў у яго вінтоўку, падумаўшы пра Данілу: «Каб ты прапаў! Цягнуў яго хто за язык!» Хлопец адчуў у сабе пакутную няёмкасць ад гэтае недарэчнай падказкі, але паправіць нічога ўжо нельга было, і ён агрызнуўся:
— А што на кухні — не людзі?
Пасля ўстаў і закінуў сваю ламачыну за плячо, гатовы ісці, толькі ісці яшчэ не выпадала — хочаш ці не, а трэба было чакаць з гэтымі побач. Тым часам Даніла з лёгкай пагардай на валасатым твары, а Брытвін з трывожлівай насцярожлівасцю пазіралі на яго.
— Дык хто цябе назначыў у групу? — запытаў Брытвін, ссунуўшы да пераносся густыя чорныя бровы.
— А вам якое дзела? — Так, усё было дужа знаёмае: Сцёпка зноў адчуў сябе ў становішчы горшага за іншых, і гэта міжвольна выклікала ў ім інстынктыўны парыў абараняцца. — Каму трэба было, той і прызначыў.
Брытвін, аднак, пільнаваўся стрыманасці, неўзабаве прыцяў здзіўленне і зірнуў на Данілу. Той без асаблівай увагі да іх варушыў рукой у сваёй сумцы.
— Дажыліся, няма чаго сказаць! — прабурчаў Брытвін і зноў адхінуўся на локаць.
Сцёпка, патаптаўшыся трохі, сеў воддаль ад іх, ля сцежкі. Першая прасветліна ў ягоным настроі хутка завалоквалася прыкрасцю, ён ужо лаяў сябе, што даў Брытвіну ў рукі вінтоўку, — хай бы трымаў сваю. А то прыдбаў недзе дзесяцізарадку, дык столькі ўжо фанабэрыі. Калі спатрэбіцца, яшчэ невядома, чыя лепш возьме — гэтая СВТ ці яго, узору 1891 года. Сцяпан мог бы ўсё гэта ім растлумачыць, таксама як і тое, што на кухні ён апынуўся выпадкова, што ён не менш за іх пахадзіў у свой час на заданні. Але нейкая нядобрая ўпартасць у адносінах да іх, асабліва да Брытвіна, ужо брала сваё, і ён нічога не мог зрабіць з ёю. Яна яму не падпарадкоўвалася, ён ведаў гэта і не імкнуўся перасіліць яе.
Пакрыўджана прыціхшы, Сцёпка і не згледзеў, як ад буданоў паказаўся Маслакоў. Хлопец пачуў толькі, як пад хваінай, устаючы, зашорхаў кажухом Даніла, падняўся і зручней сеў Брытвін. У Сцёпкі ж ад скулля ламіла ў шыі, і, каб азірнуцца, ён мусіў павярнуцца ўсім целам. Цераз прагаліну наўпрасткі ішоў іх камандзір. Адною рукой ён нёс штосьці цяжкое — здаецца, нямецкую каністру, у якой звычайна трымалі бензін. Падышоўшы бліжэй, паставіў каністру і ссунуў з потнага лба армейскую шапку.
— Што гэта? — запытаў Брытвін.
— Дымок, дымок рабіць будзем, — жартоўна загаманіў камандзір групы. — Думаў, грукнем — нічога не выйшла. Будзем дыміць.
Яны ўсе пахмурна глядзелі на каністру: Даніла і Сцяпан — пастаўшы ля яе, а Брытвін — маўкліва седзячы на сваім месцы. Вядома, усе з прыкрасцю разумелі, што выходзіла горш, чым меркавалася: бензін — не тол; як бы там ні выпадала, паліць заўжды горш, чым узрываць.
— Дык мы што? Хіба не на чыгунку? — стрымана запытаў Брытвін, пазіраючы некуды ў дол, на камандзіравы боты.
Маслакоў з жартоўнаю жвавасцю ў вачах агледзеў сваіх падначаленых.
— Не, не на чыгунку. У другі бок. На Кругляны.
— На Кругляны. А хто табе групу камплектаваў?
— А што — кепская група? Сам падбіраў.
Брытвін устаў і падышоў бліжэй. Потым з нейкаю замаруджанай важнасцю павярнуўся да Сцёпкі.
— А таго таксама сам выбраў?
— Каго? Тоўкача? А што, кепскі падрыўнік?
Брытвін спадылба выпрабавальна і настойліва глядзеў на камандзіра.
— Дзе ж гэта ён падрываў? На кухні?
— Якое вам дзела? — не стрываўшы, агрызнуўся Сцяпан. — Падумаеш, начальнік знайшоўся!
— Ціха!
Маслакоў, мабыць, толькі цяпер зразумеў нешта. З ягонага твару сышла ўсмешка, без якое рысы яго зрабіліся рэзкія, амаль жорсткія.
— Каго браў — мая справа, — сказаў ён. — Хто заслужваў.
— Заслужваў! Ты паглядзі, якая ў яго вінтоўка, — кіўнуў галавой Брытвін.
Маслакоў павярнуўся да Сцёпкі.
— Ану, дай сюды.
Сцяпан падаў вінтоўку, Маслакоў адкрыў і закрыў затвор, спусціў курок. Строга зірнуў на хлопца.
— У чым справа?
— Ды мушка трохі ківаецца, — знарок, як аб дробязі, скорагаворкай адказаў Сцёпка і прыкусіў губу. Пакуль Маслакоў аглядаў і абмацваў мушку, хлопец усё болей панурыўся і з нянавісцю думаў пра Брытвіна. Ці ён быў вінаваты, што Кляпец уручыў яму гэту ламачыну? Ці яму самому не хацелася мець добрую зброю? З асаблівым шкадаваннем ён успомніў свой ладны трафейны аўтамацік, які ў яго забралі, калі пераводзілі ў гаспадарчы ўзвод.
Маслакоў узняў позірк на хлопца.
— Закярніць не мог, да?
— Дык не было чым.
— Цяпер некалі — на перакуры напомніш. Сам замацую. Астатняе ў парадку?
— У парадку, — паспешліва адказаў Сцёпка.
Маслакоў яшчэ зірнуў на яго тонкую постаць, перацятую дзяжкай, даўжэй затрымаў позірк на завязаным дротам боце, але не сказаў нічога.
— Трымай!
Сцёпка на ляту ледзьве ўхапіў кінутую яму вінтоўку і з палёгкай уздыхнуў. Напружанне яго расслабілася, галоўнае абышлося — яго не прагналі; астатняе для хлопца ўжо не мела вялікага сэнсу.
— Так. Тады шагам марш! — сказаў Маслакоў да астатніх. — Каністру панясём па чарзе. Хто першы?
Першага, аднак, не знаходзілася, каністра стаяла ў доле, над ёй, чакаючы ахвотніка, стаяў Маслакоў. Брытвін, па яго, мабыць, старой звычцы, адышоўся воддаль з такім выглядам, нібы яго тут нічога не датычыла. Даніла чамусьці глядзеў у лес — бы і не чуў, што сказаў камандзір. Тады Сцёпка з гняўлівай зацятасцю ступіў крок наперад і ўзяўся за гнутую металічную ручку каністры.
— Да-а, — няпэўна прамовіў Маслакоў і кораценька ўздыхнуў. — Ладна, пачынай, Тоўкач.