15

Дачакаўшыся за альховаю купкай, калі вартавы на мосце паверне ў другі канец, Сцёпка куляю матлянуўся за кустоўем і ўпаў ледзь не пад самаю крайняй чародкай маладога алешніку — за якіх сто крокаў ад насыпу.

Некалькі хвілін ён цяжка, зморана соп, распластаўшыся на амаль голай тут, не зарослай яшчэ травою, чорнай зямлі, і ва ўсе вочы глядзеў на дарогу.

Самае найгоршае, здаецца, мінула: ён падабраўся да моста і, мабыць, яго не заўважылі. Праўда, за вярсту адсюль ён незнарок наткнуўся на нейкага дзядзьку ля рэчкі — па той бок, мабыць, была сцяжына: неспадзеўкі з-за хмызняку выткнуўся чалавек у шэрай суконнай паддзёўцы, з пугаўём у руцэ. Раздзеленыя нешырокай рачулкай, яны спаткаліся позіркамі, абодва трохі схамянуліся ад нечаканасці, але Сцёпка хуценька і моўчкі праскочыў міма і схаваўся ў радкаватым прыбярэжным кустоўі. Чалавек таксама ні пра што не спытаўся, толькі зацяў у сабе здзіўленне, ці, можа, і спалох, і памалу пайшоў па беразе рачное крывуліны. Мабыць, трэба было б прасачыць за ім, ды не было калі — Сцёпка і так баяўся спазніцца з выхадам да моста і, як апантаны, імкнуўся наперад, хоць і адчуваў, што ў такой спешцы надта проста было дастукацца бяды. Пакуль жа, аднак, усё абышлося: яго не затрымалі, ззаду нікога не было відаць.

Да моста адсюль было так блізка, што аж рабілася страшна. Ён ужо мог крамсануць па ім з аўтамата, хоць, вядома, цяпер лепш было мець вінтоўку: з яе куды зручней было зняць вартавога, які між тым лена сноўдаўся сюды-туды між парэнчаў. На сярэдзіне ненадоўга спыніўся, паглядзеў уніз, плюнуў і з блазенскай цікаўнасцю прасачыў, як плявок плюхнуўся ў ваду. На плячы ў паліцая вісеў нямецкі карабін, які ён раз-пораз папраўляў аберуч. Калі паліцай адварочваўся, Сцёпка бачыў яго вузкаватую спіну ў цеснай чорнай куртцы і светлую стрыжаную патыліцу пад чорнай, з кантам пілоткай — быў ён гліставаты, малады — мабыць, не надта старэйшы за Сцёпку. Гэтага вартавога хлопец угледзеў яшчэ здалёк, з кустоўя, і падумаў спярша, што ён тут адзін. Але потым да алешнічку данеслася ціхая гамана на дарозе, аднойчы нават пачуўся лязгат рыдлёўкі аб камень ці жалезку: мабыць, у тым канцы моста акрай насыпу нешта капалі. Сцёпку адсюль не было відаць, колькі іх там, ён чуў толькі скупыя абрыўкі размовы, часам невысока па-над дарогай узлятала зямля. Праз нейкі час з-за насыпу на дарогу вылез распрануты да пояса паліцай у зялёных штанах і чорнай пілотцы. Ён недалёка пратупаў узбочынай, нагнуўшыся, нешта падняў з долу і зноў пайшоў сабе туды, дзе капалі.

Сцёпка здорава ўгрэўся, пакуль бег, але цяпер, заняты ўвагай да моста, не здагадаўся нават расшпіліць гузікі ды зняць шапку. Трохі спачыўшы ў засені, ён зразумеў, што, мабыць, давядзецца паляжаць тут доўга: на дарозе ў сасонніку яшчэ нікога не было відаць. Затое з боку мястэчка неўзабаве паказалася нейкая фурманка, якая хутка каціла дарогай да моста. Яшчэ праз нядоўгі час стала відаць, што гэта брычка; запрэжаны ў яе ладны буланы конік рухава кідаў капытамі, наравіста выгінаючы прыгожую, з коратка падстрыжанай грывай шыю. Сцёпка сцяміў, што гэта хтосьці з начальства. Сапраўды, хутка брычка ненадоўга спынілася каля тых, што капалі, там жа апынуўся і вартавы; не злазячы з сядзення, чалавек у шэрым паліто нешта загаманіў, другі, з лейцамі ў руках, сядзеў ля яго моўчкі. Неўзабаве, аднак, ён заварушыўся, гукнуў на каня, і брычка з ціхім стукатам пакацілася па дашчаным насціле моста.

Сцёпка шчыльней прытуліўся да зямлі, нават зацяў дыханне; яны праехалі зусім блізка ад яго, але нават не зірнулі ў яго бок, і Сцёпка ўздыхнуў, з прыемнасцю адчуваючы вясновыя пахі зямлі.

Зноў пацягнуўся час. Сонца ў небе павольна падымалася над лесам; мабыць, было ўжо гадзін дзесяць, калі не болей. Сцёпка часцей, чым на мост, пазіраў цяпер назад, на дарогу, чакаючы ўбачыць там Міцеву фурманку з Рослікам. Але там доўга нікога не было, і хлопца пакрысе пачаў агортваць неспакой: ці не здарылася што на дарозе?

Вартавы разы тры прайшоўся сюды-туды па мосце і зноў завярнуў у гэты канец. Правай рукой ён высока, ля самага пляча, перахапіў рэмень, а левай, заклаўшы яе назад, ашчаперваў ложу карабіна, які, мабыць, добра ўжо намуляў за змену яго худое плячо. Ён нетаропка пашкандыбаў уздоўж па мосце, спыніўся ля паламанай парэнчы, і Сцёпка падумаў, што зараз паверне назад. Але паліцай чамусь не паварочваўся. Ён нават выняў левую руку з-за спіны і таксама перанёс яе на рэмень карабіна, нібы рыхтуючыся зняць яго з-за пляча. Адчуўшы штось новае ў паводзінах паліцая, Сцёпка азірнуўся і з-пад навіслай альховай галінкі ўбачыў, як з горкі ў хвойнічку шпарка і неяк весела нават коціць уніз знаёмы іх Рослік.

Хлопец пасунуў бліжэй да сябе аўтамат, ямчэй упёрся локцямі ў чорны мяккаваты дол. Думкі яго набылі іншы, паскораны тэмп. Сам не хочучы таго, ён захваляваўся, адчуваючы, што зараз настане самае важнае. Праўда, ягонае напружанне трохі расслабілася ад здзіўлення, калі ён згледзеў на калёсах аднаго толькі Міцю: ні Данілы, ні Брытвіна там не было. Не відаць іх было і ззаду, і нідзе паблізу. «Няўжо яны выправілі Міцю аднаго?» — падумаў Сцёпка. А мо там што здарылася? Здагадвацца, аднак, не было калі: фурманка хутка набліжалася, а паліцай стаяў у пачатку моста, і ў Сцёпкі аж схаладнела ўнутры: а раптам спыніць? Калі паліцай спыніць падводу, тады, мусіць, усё прапала.

Сцяўшыся і нязручна падкурчыўшы ногі, Сцёпка праз вецце пазіраў то на дарогу з фурманкаю, то на мост, дзе ва ўпартай нязрушнасці ля зламанай парэнчы стаяў паліцай. І тады ў хлопца мільганула думка: а раптам гэтаю ноччу варту змянілі, паставілі новых, якія цяпер першы раз бачаць малакавоза? Вядома, тады ўжо яны яго спыняць. Але ж Міця недзе тут, блізенька ад моста, павінен падпаліць шнур — што ж тады здарыцца?

Між тым, борзда патрухваючы, Рослік з фурманкай набліжаўся да кусцікаў. Міця высока сядзеў на адным з бітонаў, выглядаў ён спакойны. Праўда, трохі ненатуральным здавалася гэта яго сядзенне, хіба што так ямчэй было сапхнуць з задка міну. І зноў — ні ў фурманцы і нідзе паблізу нікога: Брытвіна з Данілам сапраўды не было. Няўжо яны засталіся ў сасонніку ці, можа, з імі здарылася што кепскае? — дзівіўся Сцёпка. Вядома, ён прыкрые Міцю, калі на тое пасланы, але навошта тады яны? І на што ўвогуле ўсё гэта падобна?..

І тут Сцяпан згледзеў над возам дым. Хлопец здзівіўся, нават спалохаўся, але неўзабаве сцяміў, што Міця пыхкаў цыгаркаю. Пыхкаў, аднак, няўмела, надта ўжо дымна і часта — незразумела было, ці для таго, каб падпаліць шнур, ці каб замаскіраваць ягонае гарэнне. Міця настойліва варушыў лейцамі, Рослік увішна бег, і фурманка на момант схавалася за навіслым суччам алешын…

У Сцёпкі ад хвалявання нядобра закалацілася сэрца, спатнелі далоні, ён пасунуўся крыху ўбок, ствол аўтамата нацэліў на вартавога. Як на тое ліха, свежаваты вецер заматляў перад тварам галінкі, маладая лістота то адкрывала на момант, то зусім затуляла сабой паліцая. Але вось той ступіў з месца насустрач фурманцы і, нешта нягучна гыркнуўшы, зняў карабін. Міця саскочыў на дарогу.

Фурманка спынілася, трохі не даязджаючы да вартавога, мо за які дзесятак крокаў ад моста. Рослік, выставіўшы наперад нагу, узяўся яе церабіць зубамі. Сцяпан у алешніку ўвесь сцяўся ад напружання — ён кепска разумеў, што адбываецца, але адчуваў, што брытвінаўскі план пляжыцца, што справа паварочвае ў другі бок і што цяпер, відаць па ўсім, настала ягоная чарга.

Ён не ведаў, ці запаліў Міця шнур (павінен быў запаліць), але калі сапраўды той гарыць, то паліцай, як толькі падыдзе да воза, адразу ўсё згледзіць. Тады незалежна ад таго, будзе выбух ці не, хлопец загіне. Дужа хвалюючыся, каб як уратаваць хоць бы Міцю, Сцёпка скіраваў аўтамат па-над насыпам і ціскануў на спуск.

Тр-р-р-р-р-р-рр-рт!

Што адбылося далей, ён не адразу і сцяміў. Ён убачыў толькі, як ірвануў з месца Рослік — збіўшы, ці што, паліцая, конь з возам кінуўся па мосце наперад, задняе кола, мусіць, трапіўшы на выбоіну, дужа падскочыла, затрэсліся ўвязаныя вяроўкай бітоны, фурманка апантана загрукала. Ззаду на дарозе астаўся адзін толькі Міця, паліцай недзе знік. Хлопец памкнуўся быў за фурманкай, але ў нейкай няўцямнасці спыніўся, раскінуўшы ў бакі рукі.

Сцёпка ўскочыў, каб бегчы, ды позірк яго напаследак ухапіў гэтую разгубленую постаць Міці, і ён зноў асеў за кустом. Ён хацеў крыкнуць хлопцу, каб той бег, ратаваўся, як раптам Міця скалануўся, нібы ад жаху, ад таго нябачнага, што ў гэты момант сталася на мосце. Сцёпка хуценька і трывожна выглянуў праз голле — Рослік, упаўшы ў аглоблях на пярэднія ногі, біўся аб насціл каленямі, спрабуючы ўстаць, высока і роспачна матляў галавой. У тое ж імгненне аднекуль збоку, нібы нават здалёк, да слыху запознена данеслася нягучнае «бах-х!». Сцёпку здалося, што гэта паліцай з-за насыпу, і ён зноў ірвануў да пляча аўтамат.

Але стрэліць ён не паспеў.

Міця апантана сарваўся з месца і, матляючы поламі свайго пінжачка, кінуўся па мосце. «Што ты робіш?!» — нема закрычала ўсё ў Сцяпане. З таго канца моста да фурманкі ўжо бегла трое паліцэйскіх, Рослік скроб заднімі нагамі па насціле, марна спрабуючы падняцца, воз перакасіўся, упёршыся адным колам у парэнчу…

Сцёпка на каленях крутануўся з-за вецця ўбок, ловячы на мушку тых, што беглі, але яму не хапіла якое секунды, каб сумясціць яе з проразам, як магутная сіла выбуху кінула хлопца вобзем. На ўсю глыб скалануўся поплаў, цёплая смярдзючая хваля шаснула па кустоўі. Аглушаны Сцяпан нейкаю часткай пачуцця адзначыў, як штось важкае гэпнула паблізу на зямлю. Ён, аднак, тут жа ўскочыў, глытаючы горкую сліну, навобмацак ухапіў ля сябе аўтамат. Клубы едкага рудога дыму ахінулі кустоўе, вочы тут жа заслала слязьмі, хлопец спатыкнуўся і зноў упаў на штось цвёрдае — пад нагамі, коса ўбіты ў зямлю, тырчаў абламаны брус ад парэнчы.

Ён прабег трохі за алешнічкам — далей ад моста і дарогі, потым па лузе завярнуў да недалёкага знаёмага хвойнічку. Па ім не стралялі, усё наўкола замерла, аглушанае выбухам. Паступова Сцяпан адолеў сваё ўзрушэнне і ўпершыню азірнуўся: мост акурат пасярэдзіне быў разарваны вялізнай праломінай, з якой бязладна тырчалі ў бакі абломкі бярвён, дошак. Там жа нешта смылела — шызы, не густы дым слаўся па-над рэчкай і поплавам.

На мосце і каля яго не было ніводнай жывой душы.

Загрузка...