8

Бралася на змярканне, у хвойніку прыкметна цямнела, неба скрозь засцілалі аблокі, некалькі кропель упала на шыю і рукі — відавочна збіраўся дождж. Першы вясновы дождж, не халодны і не ветраны; яму, помніцца, некалі радаваліся людзі, бо пасля ўсё навыперадкі зелянела, аж шапацела, пускаючыся ў рост.

Цяпер жа, аднак, дождж не радаваў, здаецца — наадварот, нават устрывожыў іх камандзіра групы. Усё ў тым сасонніку Даніла са Сцёпкам узышлі на верх выспы і следам за Маслаковым апусціліся на калені пад крайняю ад прагаліны хвойкай. Побач сядзеў Брытвін і нерухома глядзеў кудысь між хваёвага голля.

Там была дарога і мост.

— Ну што? — ціха спытаў Маслакоў. — Не відаць?

— Ні чарта не разбярэш. Каб бінокль…

Яны ўсе стаіліся, углядаючыся туды, дзе святлявая стужка дарогі, вынікшы з сасонніку збоку ад гэтае выспы, бегла па невысокім на лужку насыпе да моста — доўгага шэрага збудавання з бярвення, што выглядала адсюль, нібы агромністы чарвяк, які споўз з дарогі ў ваду і спыніўся.

— Трэба ісці, — сказаў Маслакоў.

— Цяпер? — насцярожыўся Брытвін, не адрываючы позірку ад прыцьмелай ужо вечаровае далечы.

— Ну, а калі ж? Пакуль дождж не разышоўся. А то намочыць — не ўпаліш.

— Ну ўжо не, — падумаўшы, сказаў Брытвін. — Цяпер я не пайду.

— Можаш не ісці, — пачынаючы нерваваць, кінуў Маслакоў і падняўся. — Даніла!

Даніла выпрастаўся на каленях, але не ўстаў.

— Дык у мяне ж абрэз.

— Ну і што?

— На якіх дваццаць крокаў, не болей. Калі што, дык і не пацэліш, мушкі ж няма, — загаманіў ён нейкім не сваім, бы вінаватым, з плаксівасцю голасам.

Маслакоў ціха вылаяўся і ўхапіў каністру.

— Тоўкач, айда!

Сцёпка ўстаў, непрыязна, амаль з варожасцю зірнуў на Данілу. Хлопцу таксама было не шмат радасці выпраўляцца цяпер, яшчэ завідна, па голай дарозе добрую вярсту навідавоку, але ён болей за ўсё не хацеў, каб тое ўбачылі іншыя. Ён быў гатовы. Асабліва калі з Маслаковым — хай гэтыя героі сядзяць ззаду і чакаюць.

На хаду ён пераняў у Маслакова каністру, яны хуткім крокам выдраліся з хвойнага зарасніку на ўзлесак і апынуліся на лугавіне.

Дожджык усё сыпаў — дробненькі, але спорны; далячынь за ракой заслала туманам, у ім прыцьмелі і мост, і поплаў, і ўвесь той бераг з Круглянамі. Увогуле, гэта было няблага, здалёк іх на мосце не ўбачаць, толькі каб загарэлася дрэва…

Брытвін з Данілам засталіся на ўзлеску акрай дарогі, а Маслакоў са Сцёпкам амаль подбегам пашыбавалі дарожнай узбочынай. На хаду Маслакоў некалькі разоў азірнуўся, і ў тых яго позірках Сцёпка згледзеў трывогу. Яно і зразумела: атрымлівалася не так, як было ўдумана, прыбаўлялася рызыкі, надзея на поспех меншала. Па сутнасці, яны дзейнічалі цяпер на славуты «авось», хоць яўнай небяспекі пакуль не адчувалася, непагадзь добра хавала іх — а можа, і пашэнціць? Адкладваць жа наўрад ці будзе разумна, бо калі разыдзецца дождж і намочыць на мосце гразь ды бярвенне, колькі тады трэба будзе чакаць, пакуль усё гэта высахне. Зноў жа — цяпер мо дапаможа Вялікдзень: усё ж паліцаям таксама ахвота пасвяткаваць.

Сцёпка ледзьве паспяваў за Маслаковым, яны ўжо амаль беглі, камандзір раз-поразу азіраўся, але на дарозе, здаецца, скрозь было пуста.

— Якраз такі час, панімаеш? Удзень там іх варты няма. А на ноч яшчэ не паспелі. Каб не дождж толькі.

Яны ўсё памыкаліся на бег, але Маслакоў знарок стрымліваўся — мусіць, каб не адрывацца ад Сцёпкі або не выклікаць падазрэння, калі хто з'явіцца насустрач. Аўтамат свой ён трымаў напагатове, прыкладам пад пахай. Сцёпка вінтоўку нёс на плячы, почапка яе недзе на закарку сцягвала скуру, скуллё на шыі балела, але ён не мог нават прыпыніцца, каб перамяніць руку з каністрай.

— Ты па верху. А я ўнізе. Пальеш, а я знізу падпалю. Толькі акуратна, каб на зямлю не лілося. Па бёрнах.

— Знаю.

— Крайнюю ад вады апору. Загарыцца! Павінна загарэцца. І паглядвай за мост. Каб з Круглян хто не наскочыў.

У ашчэраны Сцёпкаў бот набілася пяску, назе стала мулка, хлопец памалу накульгваў. Сасоннічак застаўся ўжо далекавата ззаду, яны былі адны на пустой дарозе; дожджык неяк раздумна лапатаў па дарожным пыле, які смярдзеў, беручыся зверху мокрай васпаватай скарынкай.

Мост быў блізенька, ужо відаць сталі яго парэнчы, адна з іх была абломана з канца і звесілася над вадой. Насып пабольшаў, дарога на ім стала цвярдзейшая, пясок застаўся ззаду, і Сцёпка на хаду трасануў у паветры ботам — каб высыпаць, што там муляла. Мусіць, дзеля засцярогі Маслакоў перабег на другі бок, яму ўжо трэба было спускацца пад насып, але камандзір марудзіў, ва ўсе вочы ўзіраючыся праз дождж наперад, на мост.

І раптам з дажджлівай прыцьмеласці на пустым за секунду да гэтага мосце з'явілася постаць.

Маслакоў нібыта спатыкнуўся, зменшыў крок, Сцёпка таксама прыцішыў хаду, ногі адразу сталі цяжэйшыя, чым секунду раней, і агідна падрыгвалі ў каленях. Постаць — не зразумець было здаля — не то стаяла, не то памалу варушылася, ідучы ўздоўж ля парэнчаў. Няўжо хто са спазнелых прахожых ці, не дай бог, ахова — тады справа іх кепская. У абсалютным неразуменні яны, аднак, ішлі, катастрафічна хутка збліжаючыся з ёй, бо захінуцца тут было недзе, а ўцякаць не выпадала — іх ужо ўбачылі.

Аднак паўхвіліны той, на мосце, нічым не выказваў сваіх намераў, толькі, здаецца, спыніўся ля зламанай парэнчы і — гэта адразу адчулася абодвум — праз прыцемак уважліва паглядзеў на іх. Яны таксама ва ўсе вочы сачылі за ім, гатовыя ўхапіцца за зброю, як ён раптам ускрыкнуў нешта палахліва-пагрозлівае і знік. Спярша яны абодва спыніліся — здалося, ён скочыў пад мост або дзіўным чынам праваліўся праз насціл. Але тут жа ў прыцемку востра бліснула, і рэха вінтовачнага стрэлу скаланула абшар.

Гэта была жахлівая нечаканасць, якой яны не прадбачылі, і цяпер абодва разам шаснулі з дарогі пад насып — Сцёпка па адзін, а Маслакоў па другі яе бок. Хлопец, мусіць, не дабраў спрыту, разгоніста саўгануўся з каністрай, здорава ўдарыў сцягно і бокам споўз да паловы скосу. Тут жа ён ухапіўся за вінтоўку, хуценька тузануў затвор, але не стрэліў — тыцнуўся тварам у зямлю: кулі ў двух месцах ля яго, пырснуўшы жвірам, дзеўбанулі насып. Ад моста стралялі — таропка, спалохана, але зноў, як на злосць, таго, хто бахаў, не было відаць, над дарогай толькі пранозліва дзігала — мусіць, па той бок насыпу. Маслакоў, аднак, маўчаў, і Сцёпка таксама зацяўся, сціх на адхоне, не адважваючыся адкрываць сябе і ўсё гледзячы ў той бок, да моста: чакаў, як пабягуць, каб жарнуць ужо ва ўпор, напэўна.

Аднак адтуль ніхто не бег. Пасля дзесятка стрэлаў там сціхлі, рэха закацілася за лес, і ўсё наогул змоўкла. Сцёпка паляжаў яшчэ грудзьмі на скосе, як раптам падумаў, што, мабыць, ён тут адзін, і гэта ажно напалохала яго. Ведама ж, Маслакоў наўрад ці ляжыць на тым баку, мусіць, адбег да лесу; значыць, і яму трэба падавацца назад. Мост, відаць па ўсім, прыйдзецца адкласці, да моста цяпер не падступішся.

Ускочыўшы на калені, Сцяпан адной рукою ўхапіў каністру, другой вінтоўку і, коўзаючыся па мокрай траве, пабег па-за насыпам. Ён чакаў стрэлаў, і яны сапраўды пачуліся, зноў часта і грымотна: бах — дзі-у-у-у… бах — дзі-у-у-у… Толькі вельмі хутка ён вызначыў, што стралялі не па ім, а міма. Тады ён упаў, загнана дыхаючы, азірнуўся — месца тут было крыху вышэйшае, а насып ніжэйшы, чым ля моста, і згледзеў здаля на дарозе цьмяны, прыгнуты сілуэт, які неяк, быццам крадком, бег, падаў і бахаў у ягоны бок стрэламі. Але кулі ён перастаў чуць, і гэта прарвалася ў ім неспадзёўкай-сполахам: ён ужо зразумеў, што паліцай страляў у Маслакова. Значыць, Маслакоў там, бліжэй да моста. Але чаму ж ён не страляе?

Сцёпка кінуў, дзе быў, каністру і, вывернуўшы ўбок ногі, амаль не цэлячыся, грымнуў стрэлам насустрач постаці, потым яшчэ і яшчэ. Ён не цэліў, ды і не было куды цэліць: ужо добра прыцьмела, і паліцай зноў знік — упаў ці, можа, скочыў за насып. Пасля трох стрэлаў Сцёпка даслаў у патроннік і чацвёрты патрон, але страляць не стаў, а, ускочыўшы, за тры крокі перабег дарогу.

Тут ён зноў зморана ўпаў і стаіўся. Ззаду, узбітае ботамі, пасунулася воблака смярдзючага пылу, пад рукамі і грудзьмі замулялі ў мокрай траве нейкія калючкі, па шапцы і плячах далікатна і гусценька лапатаў дожджык. Сцёпка думаў тут недзе знайсці Маслакова, але яго не было відаць ні ззаду, ні спераду. Хіба што камандзір ужо адбег да лесу, што ўвогуле было зусім верагодна. І ўсё ж нейкае падсвядомае адчуванне сведчыла, што ён не ззаду, а, мабыць, ля моста. Трохі аддыхаўшыся і зацяўшы ў сабе страх, Сцяпан таксама падаўся туды.

Увага яго раздваілася: ён чакаў стрэлаў, каб тут жа ўпасці пад насып, і з усяе сілы хацеў убачыць дзе Маслакова. У яго ўжо з'явілася і шырэла ў сваёй акрэсленасці думка, што з ім кепска, мусіць, яму папала. Тады Сцёпка проста не ведаў, чым можна дапамагчы камандзіру і як яго ратаваць тут, пад носам у аховы. Баючыся самага найгоршага, ён, аднак, спадзяваўся яшчэ, што, можа, Маслакоў проста стаіўся і ён яго зараз знойдзе.

Ён і сапраўды хутка ўбачыў свайго камандзіра — у дажджлівым паўзмроку той цёмным бугром знерухомеў акрай насыпу, і яшчэ зводдаль Сцёпка зразумеў, што камандзіра падстрэлілі. Напэўна, упаў Маслакоў яшчэ на скосе і ссунуўся ўніз. Ён так і ляжаў цяпер, закінуўшы ўгору рукі, з ненатуральна падкурчанымі ў каленях нагамі. Ватоўка на ім загарнулася, кашуля таксама, і голы запалы жывот цьмяна свяціўся ў доле. З разбегу Сцёпка выцягся ля камандзіра, і па тым, як той ніводным рухам не рэагаваў на яго з'яўленне, хлопец з паныласцю зразумеў, што найгоршае сталася. Сцяпан не стаў тармасіць яго ці абмацваць: не было часу — на дарозе вось-вось маглі з'явіцца паліцаі. Ён толькі выдзер з-пад пляча аўтамат і стаіўся побач, чакаючы.

Унутры ў ім усё аж захлыналася ад стомы і страху, пачуцці, здавалася, дасяглі мяжы напружання і, бы сірэны, гулі ад роспачы. Наўкола, аднак, было ціха: дождж роўненька, але настойліва лапатаў па дарозе, траве. Паліцаі нешта марудзілі — не беглі сюды і не стралялі. Сцёпка тады азірнуўся і, сцяўшы ў сабе агорклае дыханне, пераваліў Маслакова на бок. Не адрываючы позірку ад дарогі, ён зачапіў на руку почапкі аўтамата і вінтоўкі і, напружыўшы не дужа вялікія свае сілы, узваліў на сябе страшэнна цяжкога цяпер Маслакова. Ён ажно спалохаўся, што не падніме; ад натугі ў вачах бліснулі і расплыліся жоўтыя плямы, але ўсё ж ён устаў на ногі і, сагнуўшыся ў тры пагібелі, бы п'яны, пабрыў пад насыпам.

Ён упаў, крыху не дасягшы ўзлеску. У трохі святлявым небе відаць былі верхавіны сасонак, але ў яго не хапіла сілы забрысці ў лес, ногі падламаліся, і ён мякка лёг з ношай на бок. Сцёпка чакаў, што з лесу выбегуць тыя двое і скончацца яго пакуты, утрох бы яны ўжо маглі выхапіць адсюль камандзіра і адбіцца. Хвілін пяць ён захлынаўся горкай задухай: прыціснутае да зямлі, шалёна таўклося ягонае сэрца; усё на ім было мокрае ад поту і дажджу. Ён не памятаў, колькі часу, нібы ў непрытомнасці, ляжаў на мокрай маладой траве, і ніхто да яго не бег ні насустрач, ні ззаду. Зрэшты, ззаду ён не бачыў нічога — ён толькі слухаў, але ні крокаў, ні стрэлаў адтуль не было.

Найгорш, што ён па-ранейшаму не ведаў, жывы Маслакоў ці не. Магчыма, ён нёс забітага. Але ні жывога, ні мёртвага ён бы яго не кінуў, хоць нешта ў ім пратэставала супроць гэтай няўдачы, у якой, мусіць, найбольшая віна была Маслакова. Цяпер, аднак, становішча Сцёпкі і яшчэ горшылася ад новай неспадзеўкі: чым болей раўнела яго дыханне, тым выразней расла ў ім злосць на тых двух, якія чорт ведае дзе прапалі і не ішлі, калі дорага была кожная секунда. А можа, і зусім уцяклі? Гэта абурала да слёз, ён ужо гатовы быў і заплакаць, толькі не ставала сілы, а галоўнае — зноў трэба было ўставаць і несці.

І ён устаў. Жахліва цяжка было падняць непрытомнае цела Маслакова, але ён, ледзьве не выломваючы камандзіру рукі, неяк усцягнуў яго на сябе. Толькі калі ўставаў з калень на ногі, не ўтрымаўся і зноў паваліўся на бок. Тут жа, не даючы сабе перадышкі, пачаў узграбацца зноў і, дужа сагнуўшыся, абапіраючыся аб зямлю адною рукою, неяк устаў.

Найлепш было б зашыцца ў лес, але на ўзлеску ён напароўся ў цемры на нейкае калючае сучча, абдзёр твар — мабыць, тут быў найбольшы гушчар, і ён не адважыўся лезці ў яго — зноў пайшоў краем пожні. Ад слабасці Сцёпка хістаўся і з усяе сілы стараўся не ўпасці. Маслакоў жа тугім, налітым цяжарам увесь час спаўзаў долу, хлопец ледзьве ўтрымліваў ягоныя рукі і хіліўся наперад — так лягчэй было трымаць яго на спіне.

Увесь час страшэнна замінала зброя, чаплялася за зямлю і блыталася ў нагах, але ён не мог кінуць нават вінтоўкі. Яна яму, мабыць, была ўжо не патрэбна, ды ён памятаў на гэты конт загад па брыгадзе і ведаў, як дорага там было ўсё, з чаго можна страляць. Добра, аднак, што яго не даганялі, і ён ажно падзівіўся з таго: так проста было цяпер узяць іх двух з Маслаковым.

Праз якіх паўсотню ці меней крокаў ён зачапіўся ботам за нейкі корч і ўпаў — балюча, грудзьмі на цвёрдае, перавярнуўшыся на бок, застагнаў ад болю і тут жа прыцяў у сабе гэты стогн: ззаду ён пачуў крокі. Сцёпка схапіўся за аўтамат, аднак хутка сцяміў, што ён не спатрэбіцца — яшчэ здалёку на светлаватым небе ля хвойніку ён пазнаў характэрную ў кажуху постаць Данілы, які прыпыніўся і глухавата гукнуў там, напэўна, Брытвіну:

— Унь ён.

Хлопец аслабела павярнуўся і сеў побач з распластаным на зямлі Маслаковым. Даніла падбег першы, за ім праз рэдкае сяйво дажджу ўжо варушыўся ў шызым шыняльку Брытвін, які змораным голасам спытаў:

— Што, паранілі?

Сцёпка не адказаў, ён пакратаў мокрую, без шапкі галаву Маслакова, якая падатка перакацілася пад ягонай рукой. Потым яго рукі трапілі ў нейкую ліпкую макрату на ватоўцы; хлопец зразумеў, што гэта кроў, і толькі цяпер адчуў яе пах — трывожлівы пах чалавечай бяды. Але тут ужо за параненага хапіўся Даніла, і Брытвін дыхавічна камандаваў:

— Так! Пасля… Давайце бярэм! Панеслі…

Яны ўдвух зграблі з-пад яго рук Маслакова, Даніла моўчкі прысеў і натужыўся, пераняў яго на сваю спіну і крута павярнуў у цёмны гушчар сасонніку.

Воддаль на дарозе тым часам пачуўся рух, прыцішаныя адлегласцю галасы, штось стукнула на мосце, і па насціле глуха затопалі конскія капыты. Сцяпан устаў, згроб з долу аўтамат, вінтоўку і зноў ледзь не заплакаў ад крыўды і вострага ўсведамлення няўдачы.

Загрузка...