Яны бясконца доўга прадзіраліся ў цемры праз мокры хмызняк, пасля натрапілі былі на сцяжынку, але хутка згубілі яе ў лесе, перайшлі змрочны, шумлівы на ветры ельнік і апынуліся ў нейкім чорным праваллі — яры. Даніла, які ўвесь час цярпліва валок на сабе Маслакова, у цемры паслізнуўся на мокрай траве, упаў і склаў з сябе цела параненага.
— Годзе! Уходаўся…
— Ладна, — спыніўся наперадзе Брытвін. — Адпачнём.
Ён падышоў бліжэй і таксама апусціўся долу на нешырокай травяністай прагаліне сярод кустояў. Недзе побач, унізе, чутно было, бурчаў-гаманіў ручай, неба ўгары нядобра чарнела, але дождж сціх. Скрозь стаяла лясная ціхмань, глушэча, адно з галля наўкола шапотка падалі сцюдзёныя кроплі. Людзям, аднак, было цёпла, нават горача пасля імпэтнай хады па лесе.
Пакуль Даніла аддыхваўся, Сцёпка перш-наперш абмацаў у доле ўсё яшчэ непрытомнага Маслакова. На шчасце, той быў жывы, сэрца яго, чуваць было, торгала слабымі няроўнымі штуршкамі. У грудзях, калі прыслухацца, штось булькатала-хлюпала, і гэта палохала хлопца — здавалася, Маслакоў памірае. Павязка з сарочкі, як-колечы зробленая імі ў дарозе, перакруцілася, спаўзла на жывот. Удвух з Данілам яны пачалі папраўляць яе. Зводдаль, згорбіўшыся, апанурана сядзеў Брытвін.
— А каністра дзе? — спахапіўшыся, запытаў ён.
— На дарозе, — буркнуў Сцёпка.
Брытвін памаўчаў і сказаў са злоснай іроніяй:
— Падпалілі, называецца!
Сцёпка з Данілам маўкліва поркаліся над параненым.
— Здаецца, вопытны падрыўнік, а такога цюху-мацюху ўпароць!
Даніла аслабіў канцы ўшчэнт скрываўленага кавалка сарочкі, Сцёпка прытрымліваў іх і, амаль глытаючы слёзы ад жалю па Маслакову, не мог запярэчыць Брытвіну. Як ён ні быў настроены супроць яго, але мусіў цяпер прызнаць, што Брытвін казаў праўду. Хоць, вядома, пасля бяды, калі было позна штосьці паправіць, кожны станавіўся разумнейшы; а тады хто ведаў, што паліцаі ўсё ж выставяць варту? І тым не менш былая яго непрыязнасць да ротнага сама па сабе меншала, зрэшты, як і да Данілы: мінулыя крыўды сталі цяпер драбязой перад тым няшчасцем, якое напаткала Маслакова.
— Што тут у яго робіцца! — бурчаў Даніла, поркаючыся пад загорнутай мокрай кашуляй.
Ноч наогул была цёмная, без месяца, а ў гэтай лясной яме дык і пад носам нічога нельга было разабраць. Каб хоць пасвяціць чым, агледзець рану, а то першы раз перавязалі навобмацак і цяпер таксама. Так нядоўга і сплысці крывёй. Сцёпка, аднак, успомніў, што ў Маслакова недзе былі запалкі.
— Запалкі ж былі. Пасвяціць?
— Трымай.
Сцёпка ўзяў канец павязкі, а Даніла пачаў абмацваць мокрыя кішэні параненага, якія, як, зрэшты, і ва ўсіх, былі туга напханы рознай драбязой. Цяпер, выцягваючы адтуль, што трапляла пад рукі, Даніла пералічваў:
— Нож. Анучка нейкая. Кніжка ці блакнот…
— Дай сюды, — працягнуў руку Брытвін.
— Патроны. Скрутак дроту… Аловак ці не — запал бытта. Наце, паглядзіце там.
Брытвін без асаблівай цікаўнасці ўзяў у яго нешта і, абмацаўшы, адразу вызначыў:
— Бікфордаў шнур, а не дрот. І ўзрывальнік быццам. Ну да, узрывальнік. Толькі ўзрываць нечага.
— А во запалкі.
— Нашто табе тыя запалкі? — раздражнена загаманіў Брытвін і ўстаў. — Ты што, будзеш яму аперацыю рабіць? Падводу трэба шукаць!
Даніла на момант, мабыць, збянтэжыўся ад гэтага амаль начальніцкага вокрыку і няўцямна павярнуў голаў да невыразнае ў змроку постаці былога ротнага. Неяк так атрымлівалася, што той цяпер браў над імі двума старшынство, хоць аб гэтым яшчэ і не было ніякай гаворкі.
— Падвода, кажу, трэба. Не можам жа мы тут сядзець, пакуль паліцаі налезуць. Вёска далёка?
Даніла агледзеў змрочныя лясныя схілы, нібы там можна было што ўбачыць.
— Валатоўка тут недалёка бытта. І хутары. Хутары, мабыць, бліжэй.
— Дзе, у які бок?
Даніла няпэўна тыцнуў рукой у цемру.
— Ось бытта туды, як па рове. Трошкі, можа, лявей.
— Так! — прыкінуў Брытвін. — Ты, як фамілія?
Сцёпка не адразу і зразумеў, што гэта звяртаюцца да яго, але Даніла ахвотна падказаў:
— Тоўкач яго.
— Ану, Тоўкач, марш за падводай. Інакш твой Маслакоў у пяць хвілін дуба дасць. Паняў?
Сцёпка хуценька ўстаў, адчуваючы, што гэта праўда. Тое, што яго пасылалі немаведама куды, у ноч, цяпер не крыўдзіла, хоць спярша ён і адчуў маленькае недаўменне: чаму не Данілу, які тут ведаў усе хады-выхады. Але, бадай, Даніла патрэбны быў ля параненага, зноў жа — ён столькі валок яго цераз лес. Падабраўшы з долу аўтамат, Сцяпан устаў і палез у мокрае кустоўе.
З вецця лілося, ён аж асцерагаўся яго чапаць, хоць і без таго даўно ўжо намок. На схіле ў мокрай траве было слізка, хлопец некалькі разоў упаў і ўрэшце сышоў ніжэй, да ручая. Тут, аднак, было не лягчэй. Ён доўга прабіраўся праз мокрыя травяныя зараснікі, абышоў прагаліну, заваленую сухім ламаччам. У дашчэнту змакрэлых ягоных ботах надакучліва чвякала, ануча збілася на пяту і муляла, жорсткія калівы папараці рэзалі голыя пальцы. Але ён, не спыняючыся, таропка прадзіраўся ў кустоўі і толькі думаў, каб не заблудзіць, не прыпазніцца, знайсці падводу, якую чорт ведае дзе і шукаць. Найперш трэба было знайсці вёску. Праўда, ён не першы раз ужо хадзіў па начы і трохі ўмеў арыентавацца, у асноўным па формах рэльефу: адкладваў у памяці ўвесь шлях — дзе ўніз, дзе ўгору, дзе касагор або балацявінка. І ўсе павароты таксама.
Праз нейкі час лясное кустоўе абапал асела ніжэй, угары шырэй разлеглася шараватая святлявасць неба, на якім у дзвюх-трох мясцінах слаба бліснула некалькі зорак, — роў аставаўся ззаду. З ім неўзабаве скончыліся і зараснікі, хлопец апынуўся на лужку, а ўзяўшы правей, вылез па касагоры на ўзгорак. Ісці стала лягчэй, мокрыя боты роўна шорхалі ў рослай густаватай азіміне, наперадзе высіліся нейкія бялявыя купкі — здавалася, людзі. Але людзей тут не магло быць, то цвілі грушы-дзічкі. І тым не менш Сцёпка міжвольна браў стараной, далей ад іх — страх не страх, а нейкая інстынктыўная засцярожлівасць прымушала яго паводзіць сябе тут надзвычай чуйна. Праўда, ён зусім не ведаў, куды ісці, і часам лавіў сябе на тым, што паварочвае то ўправа, то ўлева — самае горшае без дарогі. Так можна круціць да ранку і нават зноў выйсці да рова.
Але вось шорхат азіміны пад нагамі сціх, і ён апынуўся на чымсь голым і цвёрдым, не адразу зразумеўшы, што гэта дарога. Тады ён паглядзеў у адзін яе канец, у другі — дарога пралегла якраз упоперак ягонаму кірунку, а ў які бок было лепш павярнуць, ён не ведаў. Прайшоў дзесятак крокаў улева, падумаў і вярнуўся ўправа, увесь час напружана ўзіраючыся ў прыцьмелую далячынь, у якой была няпэўнасць і нешта загадкава-страхавітае.
Дарогай ён ішоў, мабыць, доўга, думаючы, што нарэшце павінна ж яна прывесці ў вёску. Трапіць на вясковую вуліцу ў яго не было намеру — там варта, мужыкі і паліцаі; хто ведае, як паставяцца яны да незнаёмага начнога прыблуды. Лепш зайсці з гарода ў які двор. Праўда, цяпер у яго аўтамат — новенькі, з лакіраванай ложай ППШ, з якім можна пастаяць за сябе, — гэта не вінтоўка ўзору 1891 года. Але ўсё ж лепш асцярожна. Неасцярога ім надта дорага абышлася сёння.
Наперадзе, аднак, зноў, здаецца, чакаў яго лес — нагрувашчаная чарната няроўнай паласой зусім затуліла і без таго азмрочаны краявід. Сцёпка прыцішыў крок, аўтамат перасунуў на плячы пад паху, гатовы кожную секунду рвануць кароценькую ручку затвора. Але ён яшчэ не дайшоў да гэтае чарады дрэў, як учуў збоч нібыта знаёмы, хоць адразу і не зразуметы ім глухі стук аб зямлю. Хлопец стаў і тады, выразней пачуўшы ўдары, здагадаўся, што гэта забівалі кол. Так, мусіць, кол, ды яшчэ калі камянём — некалькі цяжкаватых тугіх удараў аддалося ў зямлі. Сцёпка падумаў, што б гэта магло значыць, і пасля, абнадзеены, нясмела яшчэ ўзрадаваўся.
Ён збег з дарогі і паціху, ледзь не крадком, падыбаў на гэты стук, які, аднак, тут жа сціх. Тады Сцёпка прысеў, знізу ўгору агледзеў святлявы край неба — паблізу нічога падазронага не было відаць. Мякка, амаль нячутна ступаючы па пожні, ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і зноў, прыгнуўшыся, агледзеўся. Зноў нічога навокал не было відаць, толькі зводдаль шырока чарнела куп'ё лазняку, між якога тырчалі ўгору рэдкія дрэўцы алешын. Тым часам трава ў доле пабольшала, стала мякчэй, пад ботамі мокра зачвякала — мусіць, пачыналася забалаць. Ён ужо хацеў быў павярнуць у абход, як зусім побач — так блізка, што ён ажно скалануўся, знянацку ўбачыўшы, — быў конь. Пачуўшы хлопца, конь трывожліва махнуў галавой і сціх, а Сцёпка прыпыніўся, прысеў, зірнуў сюды-туды, але блізка, здаецца, нікога не было. Асцярожліва, каб не спудзіць жывёліну, ён пайшоў да каня.
Конь па-ранейшаму ціха стаяў з цікаўнай страхавітасцю, завярнуўшы галаву ў яго бок, і, відаць па ўсім, недаўменна чакаў яго набліжэння.
— Кось-кось, — ласкавым шэптам паклікаў Сцёпка і выцяг руку, нібы ў ёй было што смачнае. Потым гэтаю ж рукой ён намацаў у доле вяроўку і кароценькі калок, убіты ў пожню, які тут жа, натужыўшыся, выдзер. Цяпер трэба было, не спудзіўшы каня, узлезці на яго.
Сцёпка закінуў за спіну аўтамат і, перабіраючы ў руках вяроўку, памалу пацягнуў за аброць. Конь выцяг морду, але не пайшоў. Тады Сцёпка сам пайшоў да яго, трымаючыся за вяроўку, але яшчэ не дайшоў, як конь раптам коратка і пужліва заржаў.
Сцёпка другі раз скалануўся і вылаяўся, злосна тузануў за аброць. Ён падышоў ужо ўпрытык і рукой ухапіўся за мокры цвёрды хрыбет, ды конь крутануўся задам, не даючыся.
— Ах ты, падла! — сцішана вырвалася ў хлопца злосна-роспачнае, як праклён. Не выпускаючы вяроўкі, ён ужо болей рашуча аберуч ухапіўся за хрыбеціну, але скочыць зноў не паспеў — конь матлянуўся ўбок.
І тады ззаду ён пачуў глухаватыя, як удары ў зямлю, штуршкі нечых крокаў.
— Хто гэта? — пачулася страхавіта-пагрозлівае. — Што ты робіш?
Сцёпка адскочыў ад каня, але вяроўкі не выпусціў, толькі правай рукой за ствол саўгануў з-за спіны аўтамат. Тут жа ён зразумеў, што аўтамата можна было не чапаць — да яго бег нехта адзін: невялічкі, у расхрыстанай адзежыне чалавек, босы, як гэта ён адразу пазнаў у змроку па тонкіх, з падкасанымі штанамі нагах. Не адказваючы, Сцёпка счакаў, пакуль той, запаволіўшы бег, нерашуча падыходзіў да яго.
— Куды вы бераце? Гэта мой конь.
Па голасе Сцёпка канчаткова ўпэўніўся, што гэта падлетак, і зноў адчуў сябе амаль спакойным і ўпэўненым. Ён падумаў, што зблізку выгляд яго і асабліва зброя дадуць хлопцу ўсё зразумець без роспытаў.
— А ты хто? Ану, падыдзі бліжэй!
Хлопец не дужа рашуча падышоў і спыніўся трошкі воддаль, ва ўсёй сваёй постаці тоячы боязь і недавер. Конь з высока ўзнятай галавой уважліва глядзеў на гаспадара, нібы не цямячы, што тут адбываецца.
— Гэта мой конь. Не бярыце, дзядзька, майго каня.
Сцёпка пацяг за вяроўку, конь нехаця пераступіў, і ён падышоў бліжэй да хлопца.
— Дзе калёсы?
— Калёсы? Дома.
— А дом дзе?
— Дом? Ды вунь за аселіцай.
— А хто дома ёсць?
— Дома мама і бабка.
— А паліцаі ў вас ёсць?
— Ну, ёсць…
Хлопец, мусіць, нешта ўжо зразумеў і ціха стаяў у намоклым, з чужога пляча пінжачку, пакорліва чакаючы ягоных пытанняў. Сцёпка, аднак, падумаў, што калёсы, мабыць, не прыйдзецца браць — як-небудзь абыдуцца канём, а то налезеш яшчэ на паліцыю. Паглядзеўшы, куды паказваў хлопец, Сцёпка здагадаўся, што тая чорная града непадалёк, якая здалася яму лесам, была вёска, дрэвы, сады: на краі ўгадвалася шэрая святлявая пляма — мусіць, новая страха нейкай будыніны.
— Каня аддамо, — сказаў ён. — Праз пару дзён толькі.
Хлопец, аднак, бадай зусім ужо асмялеў і, ступіўшы на крок бліжэй, запярэчыў:
— Дык нельга мне без каня. Я малако важу.
— Ну, знаеш! Ты малако возіш, а нам трэба чалавека ратаваць. Ану, падзяржы свайго злыдня!
— Ды не бярыце, дзядзька, далібог, не хлушу: неяк мне без каня! — запрасіўся хлопец, аднак узяў каня за аброць і прытрымаў.
Сцёпка грудзьмі скочыў на конскі карак і з прыемнасцю ашчаперыў нагамі цёплыя бакі.
— Дзядзька, партызаны не робяць гэтак!
Сцёпка тузануў быў за вераўчаны повад, конь паслухмяна павярнуў у патрэбны бок, ды раптам хлопцава нявыкрутка ці, можа, ягоны папрок нешта кранулі ў Сцёпку.
— Ну, вось што… Айда з намі, — сказаў ён. — Завязём куды трэба і аддамо. Заўтра дома будзеш.