Пачынаць было не так ужо і цяжка — з гадзіну Сцёпка, мяняючы рукі, нёс каністру. Закінутая лесавая дарожка вілася спярша ў змрочным, замшэлым ельніку, пасля папаўзла нізінай, альховым хмызняком, расцяробамі. Цераз чорны, гразкі тарфянік хлопцы нядоўга абходзілі хлюпкае, з талай вадой балота, на якім у кустоўі нясмела яшчэ зелянелі кволыя зубчыкі вясновай травы.
Яшчэ ўпачатку Сцёпка знарок адстаў, каб не ісці поруч з Брытвіным, якога ён ужо амаль ненавідзеў. Хлопец разумеў, што былы ротны незадаволены ім, бо сумняваўся ў ягоных баявых якасцях, а можа, і наогул лічыў няўдакам. У глыбіні душы Сцёпка не мог не адчуваць, што сапраўды ад радасці трохі паспяшаўся з выхадам. Мусіць, трэба было папрасіць у Спірыдзёнка аўтамат або хоць бы закярніць мушку, тады б, можа, і не было гэтае звягі. Цяпер, разважыўшы, ён не лічыў сябе зусім невінаватым, але і не мог пагадзіцца, каб яму «чытаў мараль» Брытвін, які тут, па сутнасці, такі ж радавы, як і яны ўсе. Калі ўжо на тое пайшло, дык Сцёпка яшчэ стрываў бы мараль ад Маслакова ці ад каго з атраднага начальства, але толькі не ад Брытвіна, якога ён не ведаў, а цяпер ужо і не паважаў зусім. Мала што ён колішні камандзір, але таварыш з яго няварты, гэта ўжо было ясна з самага пачатку. І гэта засмучала, бо ў той справе, на якую яны выпраўляліся, куды важней было мець проста надзейнага таварыша, чым нейкага там звяглівага камандзіра. Камандаваць, уласна кажучы, не было кім — трэ было валачы каністру.
І ён валок яе, ледзьве не пераломваючыся напалам. Бензін нязвыкла смярдзеў, заглушаючы лесавую духмянасць, і з ціхім плёскатам мерна варушыўся ў пасудзіне. Спакваля, аднак, каністра ўсё цяжэла. Сцёпка стаў перабіраць яе ў руках амаль штомінуты, некалькі разоў спыняўся, мяняючыся рукамі, і ўрэшце адстаў. Наперадзе якраз трапіўся неглыбокі, зарослы ляшчыннікам равок, Маслакоў з астатнімі перайшоў па дарожцы на той бок, а Сцёпка спыніўся на ўзроўку і паставіў каністру. Напэўна, трэ было крыкнуць, каб падмянілі, але ён маўчаў: не хацеў пры Брытвіне ні аб чым прасіць — маглі б здагадацца самі. Студзячы ў паветры пякотную далонь, ён толькі глядзеў ім услед і думаў: азірнецца хто ці не? Тыя адзін за адным лезлі па схіле ўгору, і толькі выкараскаўшыся з рова, Маслакоў гукнуў яго. Сцёпка не азваўся, а з затоенай крыўдай сеў ля каністры. Яны за ровам таксама паселі — ніхто не ішоў сюды. Тады ён устаў і, узяўшы каністру, памалу сышоў у роў.
Ён думаў, што яны дачакаюцца яго і пойдуць, аднак яны не ўставалі. Акрай дарогі з заклапочаным выглядам сядзеў Брытвін, ля яго пераабуваўся Маслакоў. Даніла, засцярожліва хапаючыся за сучча, палез да ручая напіцца. Занятыя размовай, яны не звярнулі на хлопца ніякай увагі.
— Раку пад Круглянамі ведаеш? — казаў Маслакоў, пераабуваючыся.
— Ну.
— Дык вось там.
— Доўгі той? Драўляны?
— Ён самы.
— Наўрад ці што выйдзе, — падумаўшы, сказаў Брытвін, па сваёй звычцы пазіраючы ў дол. — Там ахова.
Сцёпка сцяміў, што размова датычыла іх задання, і спадылба пільна пазіраў то на Брытвіна, то на камандзіра. Маслакоў, падчапіўшы наском, сцягнуў другі бот, двума дакладнымі рухамі загарнуў скарэлую анучу.
— Аховы няма. Учора прыйшоў Галёнкін з разведкі. На мосце пуста.
Насунуўшы бот, Маслакоў мякка прытупнуў ім па імшарыстым доле.
Сцёпка адразу ж здагадаўся пра сэнс іхняга задання, і яму стала зразумела, што спаліць мост, мусіць, будзе нялёгка. Калі нават і няма аховы. Там за логам — мястэчка з паліцыяй, адкуль гэты мост відзён як на далоні. Але цяпер сваім пярэчаннем хлопец не хацеў падтрымліваць Брытвіна і маўчаў.
— Удзень, можа, і няма. А ўночы? — сказаў Брытвін.
— А нашто ўночы? Мы ўдзень і падпалім.
— Пад носам у бобікаў?
— А што? Дрэва сухое — пыхне, што порах! Толькі б бензіну болей, — бадзёра пацвердзіў Маслакоў і паглядзеў на Сцяпана. — Тоўкач, давай драгунку.
Хлопец падаў вінтоўку, камандзір дастаў фінку і чаранком пачаў ціхенька кляпаць пад мушкай.
— Уся справа ў тым, як абмазгована. А абмазгаваў ты няважна. Хітрасці няма, — незадаволена зазначыў Брытвін.
— Якой хітрасці?
— Такой, каб сказаў — і адразу паверылі, што ўдасца.
— Хітрасць, хітрасць! Тут наважыцца трэба. Чым раптоўней, тым лепш.
«Ведама ж, так. Што разводзіць нейкія там хітрыкі», — думаў Сцяпан. Слухаючы нетаропкую гаману-спрэчку, ён пазбыўся першага міжвольнага сумнення наконт маслакоўскай задумы і ўзняў на Брытвіна крыўдлівы, амаль злы позірк.
— Не такія нішчылі. Аж трэскі ляцелі. І не палохаліся.
Ён знарок сказаў так груба і задзірліва, каб зачапіць Брытвіна, над якім тым самым сцвярджаў нейкую сваю калі не перавагу, дык ва ўсякім разе не прызнаную ім годнасць. Праўда, гэта выглядала трохі самаўпэўнена, можа, нават легкадумна, але ён ужо адчуў у сабе прыемны халадок помслівай рашучасці і ведаў, што не саступіць.
Брытвін насупіўся.
— Хто гэта — нішчылі?
— А мы.
— Гляджу: разумныя вельмі, — з'едліва сказаў былы ротны.
Было прыкметна, аднак, што ён асцярожнічаў, можа, хітрыў, тым самым паслабляючы ў сабе звыклую камандзірскую самаўпэўненасць, якая нядаўна яшчэ трымала Сцёпку наводдалі. Адчуўшы гэта, хлопец ужо шыбаваў напралом, беручы на сябе яшчэ больш, абы толькі дапячы Брытвіну за нядаўнюю яго пагарду.
— Ды ўжо ж баяцца не будзем. За шкуру дрыжаць.
З рова, шорхаючы кажухом у голлі, зморана вылез Даніла і стаў ззаду, прыслухоўваючыся да размовы.
— Што ж, пабачым! — раптам рашуча аб'явіў Брытвін.
— Пабачыце.
— Ладна, годзе! — прыкрыкнуў Маслакоў. — Прыйдзем, агледзімся, вырашым на месцы. Трымай стрэльбу.
Не ўстаючы, ён шпурнуў у Сцяпанавы рукі вінтоўку, якую на гэты раз той са спрытным ляскам ухапіў за ложу.
— Абы дажджу не было. — Маслакоў паглядзеў на неба.
Астатнія, апроч Брытвіна, таксама паднялі галовы. Бялявая смуга там, здаецца, гусцела, небасхіл за раўком нават падазрона засінеўся. Падобна — сапраўды збіралася на дождж.
— Нешта хмарыцца, — няпэўна сказаў Даніла.
— Відаць, што хмарыцца.
Маслакоў энергічна ўстаў на ногі.
— Ну, патопалі! Даніла, бяры каністру. Тоўкач сваё аднёс.