Па лесе яны прабіраліся пехатой абодва, ведучы каня на повадзе. Мясціну гэтую падлетак ведаў, ён адразу ж знайшоў сцяжыну на ўзроўку і, расхінаючы рукамі мокрае вецце, упэўнена вёў Сцёпку з канём.
Мусіць, было за поўнач. Ноч яшчэ паглушэла, лес стаіўся, нават не стала чутна шастання кропель, толькі роўна тупалі ззаду конскія капыты ды ў голлі, спуджана залапатаўшы крыламі, часам кідаўся прэч які-небудзь патрывожаны імі птах. Аднак у лесе па-ранейшаму было мокра, няўтульна і трывожна; дрыготкая золкасць нябачным воглым туманам распаўзалася між кустоў.
Сцёпка настойліва цягнуў за сабой каня, які, аднак, не дужа ахвотна ішоў за чужым. Вядома, каня лепш было б аддаць падлетку, але хто ведаў, што ў таго ў галаве. Зноў жа ў парасніку некалькі часу назад Сцёпка пачуў пах дыму, і гэта пачало яго крыху трывожыць. Добра, калі палілі Брытвін з Данілам, а калі хто чужы? Такое суседства, вядома, не падабалася, і ён трывожліва ўглядаўся ў туманны змрок рова, каб не спазніцца ўбачыць агонь. Ён і сапраўды яго хутка ўбачыў — праз хмызняк кораценька бліснула чырвоная плямка і знікла. Спыніўшыся на момант, Сцёпка падумаў, што, здаецца, гэта яны.
Сапраўды, на краі той самай невялічкай прагаліны ля ручая бліскала маленькае цяпельца, ля якога памалу варушылася сутулаватая постаць у ватоўцы. Учуўшы іх на ўзроўку, постаць крута павярнулася і на хвіліну знерухомела, узіраючыся ў змрок. Але яны ўжо лезлі па схіле ў роў, Сцёпка сцішана прыкрыкнуў на каня, які страхавіта сунуўся на падкурчаных задніх нагах, дзеручы капытамі зямлю. Абодва яны з хлопцам прытрымлівалі яго за аброць і хутка спусціліся, збегшы да самага вогнішча.
Брытвін паправіў на плячах нейкую ватоўку і адступіў убок, гойдаючы ззаду, па кустоўі, хісткі змрочны цень.
— Ну, вось конь, — сказаў Сцёпка. — А калёс няма.
Ён чакаў, што Брытвін або выкажа задавальненне, што ўдалося дастаць каня, або пачне папракаць, чаму без калёс. Аднак былы ротны паглядзеў на незнаёмага падлетка, які сціпла спыніўся збоч, і абыякава і нетаропка сеў ля агню; побач, распяты на палках, сушыўся яго шынелак.
— Дарма стараўся.
Сцёпка не зразумеў і запытальна паглядзеў на Брытвіна, але той з маўклівай ваўкаватасцю на твары працяг да вогнішча далоні і пачаў грэцца. Агонь паволі разгараўся, дым шэрымі клубамі плыў угару і еў вочы. І тады Сцёпка, ужо адчуўшы нядобрае, пачуў нейкае тупаценне ў другім краі прагаліны. Туды ж касіў насцярожаны позірк конь. У цьмянай валтузні ценяў пад хмызняком, аднак, можна было разгледзець сагнутыя плечы Данілы, які, стоячы на каленях, нешта калупаў у зямлі. Працяты кепскім прадчуваннем, Сцёпка кінуўся да яго, але адразу за канём наткнуўся на прыкрыты кажухом бугорчык. З-пад аўчыннай палы вытыркаліся дзве босыя, недарэчна белыя ў змроку ступні.
Далей можна было ні пра што не пытацца.
Раптам адчуўшы сябе ўшчэнт знясіленым, Сцёпка апусціўся ля гэтых босых, блізка ссунутых ступняў, па якіх далікатным дотыкам гулялі водбліскі, і зразумеў, што самае страшнае, чаго ён баяўся, сталася. І не з ім, слабаком і няўдакам, не з недарэкам Данілам, нават не з Брытвіным, а з самым лепшым, самым для яго дарагім чалавекам у атрадзе.
Не хочучы паверыць, што гэта не сон, не хваравіты, недарэчны прывід, Сцёпка ў абсалютным змярцвенні прыцяўся позіркам да гэтых надта збялелых ступняў, і перад яго вачмі памалу выплывалі з туману тыя, убачаныя ім у сасонніку, шэрыя, падзяўбаныя вараннём ногі. Цяпёр ён не мог ды і не стараўся асэнсаваць тую несумненную агульнасць, якая аб'ядноўвала іх нейкім аднолькавым сэнсам, — гэты сэнс ён спасцігаў пачуццём. Не зважаючы, што там быў невядомы, зусім абыякавы яму чалавек, а тут ляжаў Маслакоў, на паляне, як і там у сасонніку, ужо ўладарыла смерць. Яна адштурхоўвала, палохала і сваёй несправядлівасцю, як заўжды, падаўляла жывое.
Сцяпан сядзеў так доўга, прыдушаны роспаччу і крыўдай за камандзіра, а можа, і за сябе таксама, — на жыццё, на вайну, а болей на сляпы выпадак, які часцей за ўсё іншае гаспадарыў над іхнім лёсам.
— Цяпер не падвода — лапата трэба. Лапаты няма? — спытаў ля вогнішча Брытвін.
Скручаны горам, Сцёпка не абазваўся, аднак, пэўна, падлетак даў знаць, што лапаты яны не маюць, бо Брытвін не пытаўся болей. Конь пастаяў, паўзіраўся на Данілу ў змроку і, памалу пераступаючы, пачаў скубці маладую траву. Сцёпка ж усё сядзеў, ні аб чым не думаючы, змярцвеўшы ўсімі сваімі пачуццямі, абыякавы да ўсяго і найперш да самога сябе. Ён надта азяб ад начное золкасці, цела яго пачало міжвольна падрыгваць пад воглым мундзірам.
Брытвін, мусіць, убачыўшы тое, сказаў:
— Хопіць мандражыць. Падмяні Бараду.
Сцёпку было ўсё роўна што рабіць, галоўнае для яго мінула, а ўсё астатняе не мела сэнсу. Ён пакорліва ўстаў і паплёўся да змрочнае постаці на краі прагаліны.
— Што тут падмяняць! Каб было чым, даўно б выкапаў, — бурчаў Даніла, але вылез з неглыбокай, па калена, яміны і аддаў хлопцу вышараваны ў зямлі цясак. — На, дзёўбай!
Сцёпка апанурана стаяў у змроку на раскіданай зямлі. Не ўзнімаючы вачэй, узяў у Данілы штых і, калі той ступіў да яго, пачуў ці, можа, адчуў, што крок яго нейкі не такі, як ранейшы, нязвыклы для Данілы. І тады ён заўважыў, што Даніла ўжо ў ботах. На Брытвіне ладная ватоўка, у гэтага боты — ужо ўсё падзелена. Але што ж! Гэта было дужа звычайна і зразумела ў іхнім жыцці: рэчы, як заўжды на вайне, перажывалі людзей. Сцёпка прывык ужо да таго, тым не менш нешта ў яго пачуцці міжвольна і неўсвядомлена варухнулася кароценькай нязгоднай крыўдаю немаведама на каго.
Ён скочыў у магілку і пачаў драць ды сячы цесаком тугія і цвёрдыя, як рамяні, лесавыя карані, якімі тут густа і бязладна пераплецена, мусіць наскрозь, зямля. Накрышыўшы, рукамі выкідваў мяккія лесавыя ацяробкі. Аднак усё гэта ён рабіў нібы ў сне, машынальна, не займаючы свае свядомасці. Яго думкі бязладна снавалі ў галаве, часам затрымліваючыся на чымсь далёкім, дробязным і неабавязковым для такое хвіліны, штораз абрываючыся і пераскокваючы на другое. Часам яны знікалі зусім, і тады ён чуў блізкую размову там, ля агню.
Знарок са строгасцю ў тоне, як дарослы малому, Брытвін казаў падлетку:
— Ось так! Пабудзеш, пакуль захаронім. А тады шагам марш дадому. Панятна?
— Панятна, — ціха адказаў хлапчук.
— Як панятна, тады і ўвесь разгавор, — сказаў Брытвін, але, памаўчаўшы трохі, спытаў: — Табе колькі год?
— Пятнаццаць.
— Бацька ёсць?
— Ёсць, але…
— На вайне хіба?
— Не, — сказаў хлопец, уздыхнуўшы. Голас яго зрабіўся нейкі няўпэўнены і ледзь чутны.
— Што, у паліцыі? — здагадаўся Брытвін.
— У паліцыі, — ціха пацвердзіў падлетак.
Сцёпка ў магілцы трохі нават здзівіўся, зацікаўлены і непрыемна ўражаны адначасова. Называецца, знайшоў памагатага! Мусіць, пра бацьку трэ было запытаць раней, а то яшчэ меўся весці з сабою аж у Грыневіцкі лес — ось бы нарабіў перапалоху! Ён з адчуваннем вінаватасці падумаў, што Брытвін, мабыць, пакліча яго да агню і задасць перцу, якога ён цяпер, безумоўна, заслугоўваў.
— Ну, а ты што ж, значыць, бацьку памагаеш? — запытаў былы ротны яшчэ болей пасцюдзянелым, амаль варожым голасам.
— Я не памагаю, — сказаў хлопец. — Я ў партызаны пайду.
— Ого!
Брытвін — чутно было — разламаў галінку і паклаў яе ў агонь; мігатлівыя водбліскі яго ў наваколлі на момант атухлі, пасля, памалу ажыўляючыся, заскакалі зноў. Хлопец насупіўся і нявесела маўчаў.
— Нічога не выйдзе, — сказаў Брытвін. — Такіх, як ты, у партызаны не бяром. Каб у партызаны пайсці, заслужыць трэба.
— А я заслужу.
— Гэта як жа?
Хлопец, аднак, не адказаў, мабыць, маючы ў думках нешта надта сур'ёзнае, каб так проста даверыць гэта незнаёмаму лясному чалавеку. Сцёпку гэта спадабалася. Ён зірнуў з ямы — невялічкая постаць у абвіслым, дужа паношаным пінжачку цьмяна, але з нейкай упартай годнасцю маячыла ля вогнішча. Побач на каленях стаяў Даніла і падкладваў у агонь сучча.
— Ось так! — заключыў размову Брытвін. — Мы пойдзем, а ты пасядзіш ля агню. Як развіднее, тады паедзеш. Паняў? Не раней. А што не спаў, дык заўтра выспішся.
— Мне ўранку малако на сепаратар везці.
— Паспеецца тваё малако, — сказаў Брытвін, павярнуўшы палкай у агні, з якога шаснуў угору мігатлівы рой іскраў.
Полымя добра разгарэлася, на прагаліне стала відно, дым у цішы слупам валіў угору і барвовым воблакам знікаў у начным небе. Брытвін пасунуўся далей. Раптам, нібы штосьці ўспомніўшы, ён падхапіўся.
— Да, а куды ты малако возіш?
— У мястэчка, куды ж! — з яўнаю нездаволенасцю сказаў хлопец, і Сцёпка падумаў, што паліцаеў сынок, здаецца, з характарам.
— У Кругляны?
— Ну.
Брытвін змоўк, неяк са значэннем паглядзеў на хлопца, потым на Данілу. Той, адваліўшыся на бок, нерухома пазіраў у агонь.
— Цераз мост ездзіш?
— Цераз мост. А як жа.
— Ага! І ўчора вазіў?
— Вазіў. Позна прыехаў толькі. Партызаны паставога забілі, дык не пушчалі доўга.
— Так-так, — сказаў Брытвін і ўсеўся ямчэй, прытрымліваючы на плячы ватоўку. — А што ж у іх, ахрана стаіць?
— Раней не было, а цяпер ставіць пачалі. Два паліцыянты з Круглян.
— Глядзі ты! Усё ведае. Маладзец! Ану, ідзі бліжэй. Сядай во, грэйся.
Хлопец памалу зайшоў з таго боку агню і апусціўся на кукішкі. Даніла, мабыць, зацікаўлены новай акалічнасцю, прыўзняўся і сеў роўна, загарадзіўшы агонь. Цераз прагаліну да Сцёпкі разлёгся ягоны шырокі цень, у магіле не стала відна нічога, і Сцёпка стаў на калені, каб ямчэй было калупаць. Ён ужо не глядзеў туды, толькі слухаў.
— Вот так. Сушыся. Таксама ж мокры. Як цябе завуць?
— Міця.
— Дзмітры, значыць. Харошае імя. У мяне быў друг Дзмітры. Дык, кажаш, партызаны паліцая забілі?
— Ну. Увечары падкраліся і застрэлілі. Роўба яго прозвішча. Да вайны ў маслапроме рабіў.
Дзеручы ў магілцы карані, Сцёпка сціпла парадаваўся: гэта ўжо ягоная работа. Дзіўна толькі, як удалося папасці: ані ж не цэліў нават. Пасля гэтае весткі стала зразумела, чаму не даганялі: мусіць, таксама вывалоквалі з-пад моста забітага і ўпусцілі яго з Маслаковым.
— Так-так, — штось ажыўлена памеркаваў Брытвін. — Бачу, ты хлопец харошы. Мабыць, мы цябе возьмем. Толькі… — ён не дагаварыў і павярнуўся ў другі бок. — Даніла, ану, па сакрэту!
Абодва яны падняліся ад вогнішча і, гойдаючы на кустах пужлівыя цені, ступілі некалькі разоў да ямы. Сцёпка выпрастаўся, пераводзячы дух, Брытвін крануў за рукаў Данілу.
— Ты казаў пра тол. Гэта дзе?
Даніла пераступіў ботамі, нявесела паглядзеў у хмызняк.
— Быў. А ці ёсць, хіба я знаю.
— Гэта дзе? У Фралоўшчыне?
— Ну.
— Слухай, трэба падскочыць.
Не адказваючы, Даніла гучна высмаркаўся ў траву, старанна выцер пяцярнёй нос і бараду.
— Дык жа цёмна. А там балота, ліха на яго. Ды не знаю, ці швагер той дома, — пачаў ён панылым, глухім голасам, які заўжды ў яго сведчыў пра неахвоту.
Брытвін, аднак, абарваў:
— Нічога! Сядай на каня і скачы.
Яны павярнуліся да агню, у якім цяпер засяроджана поркаўся Міця.
Даніла на хаду гучней ужо сказаў:
— Дык што, калі ў мяне абрэз гэты!
— Бяры вінтар!
— Што вінтар! Аўтамат каб.
Брытвін спыніўся.
— Бяры аўтамат. Тоўкач, аддай аўтамат!
— Нашто аўтамат? Хай з вінтоўкай едзе, — паныла сказаў Сцяпан.
Брытвін нецярпліва настояў:
— Кажу: дай аўтамат!
Сцёпка з сілай увагнаў у зямлю цясак і ціха вылаяўся: болей за ўсё на свеце яму не хацелася цяпер аддаваць аўтамат. Але загад Брытвіна прагучаў так катэгарычна, што хлопец стрымаўся ад спрэчкі і падняў з-пад алешыны былы маслакоўскі ППШ.
Брытвін з нецярплівасцю падганяў Данілу:
— І давай скачы. На тое табе дзве гадзіны. Фралоўшчына недалёка, знаю.
Даніла, аднак, усё нешта поркаўся, яўна не спяшаючыся на заданне, да якога ў яго, відаць па ўсім, не дужа ляжала душа.
— Кажух мокры… Калі б вы далі ватоўку.
— На. На і ватоўку, — рашуча шкуматнуў яе з плеч Брытвін. — Толькі не цягні рызіну.
З маўклівай засяроджанасцю Даніла апрануўся, узяў на краі прагаліны каня і, натугай цягнучы яго за повад, палез на ўзровак.