Амаль палову жыцця Тадэвушу Касцюшку давялося правесці па-за межамі сваёй Бацькаўшчыны. За час паўстання другім і апошнім разам пабываў ён там ужо пасля бітвы пад Мацяёвіцамі. Параненага героя пад пільнай аховаю, пад чужым імем везлі з Польшчы праз Гомель, Магілеў, Шклоў, Воршу і Віцебск у Петрапаўлаўскую цытадэль… Так, па сутнасці, пачаўся яго шлях у выгнанне.
Але крэўная сувязь з радзімай, Літвой-Беларусяй, яе людзьмі і яе лёсам ніколі не слабела. У чэрвені 1794 года ў адным з сваіх зваротаў Т. Касцюшка пісаў: «Літва! Землякі і суайчыннікі мае! На вашай нарадзіўся зямлі і ў запале праведным для маёй Бацькаўшчыны адгукаецца ўва мне найасаблівейшая прывязанасць да тых, спаміж каго распачаў я жыццё». Гарачым жаданнем Касцюшкі было разам з сваімі землякамі-ліцьвінамі змагацца за волю роднага краю, які, як ён лічыў, «доўга нешчаслівы праз здрады ўласных сыноў». У Амэрыцы, Францыі і Швайцарыі перш за ўсё яго турбаваў лёс Радзімы.
Верыў Касцюшка ў лепшую будучыню сваёй Бацькаўшчыны, не лічыў яе нешчаслівы гістарычны лёс канчаткова вырашаным. У лісце да Аляксандра І за два гады да смерці ён пісаў: «Нарадзіўся я ліцьвінам… смуга будучыні яшчэ пакрывае лёс маёй роднай зямлі…»
Беларусы заўжды шанавалі памяць пра Тадэвуша Касцюшку. У легендах, паданнях, песнях захоўвалі яны светлы ўспамін пра свайго земляка-заступніка: «Касьцюшка зваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны, як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшкі не слухалі, затым і Польшча прапала». «Кажуць, што ў Касьцюшкі то быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча злажыць, так яго чыста пасеклі і забралі»{18}. Прызнаннем Касцюшкі за свайго абаронцу гучыць і беларуская народная песня, якую спявалі і праз сто гадоў пасля паўстання:
Наш Касьцюшка слаўны быў,
Маскалёў ён добра біў…
Яшчэ на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя на Лепельшчыне была запісаная, а пазней апублікаваная песня пра Касцюшку, які, паводле народнай версіі, загінуў у бітве. (Пра гэта паведаміў Аляксей Каўка, за што выказваем яму шчырую падзяку.) Невыказныя туга і смутак чуваць у гэтых словах:
Вазьмі, маці, пяску жменю,
Пасей на каменю.
Калі той пясок узыйдзе,
Касьцюшка з вайны прыйдзе.
Ляціць воран цераз мора,
А лятучы, крача.
А хто ж майго Касьцюшачкі
Магілку аплача.
Да гераічнай постаці правадыра паўстання 1794 года звяртаўся наш другі выдатны суайчыннік Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў «Мужыцкае праўды» ў 1862 годзе ён пісаў пра Касцюшку як пра народнага заступніка, заклікаў да яднання і змагання па прыкладзе паўстанцаў 1794 года.
Т. Касцюшку прысвечаныя многія творы мастацкай літаратуры, жывапісу, скульптуры, пра яго жыццё і дзейнасць напісаныя навуковыя працы. У шмат якіх краінах Эўропы, Амэрыкі і нават у далёкай Аўстраліі пастаўлены яму помнікі. Шанаванне памяці Касцюшкі ў свеце — сведчанне павагі і да народа, які яго спарадзіў.
Справядліва кажуць, што нават і без аднаго чалавека народ няпоўны. Без вяртання ж імя Касцюшкі, як і шмат якіх іншых забытых дзеячоў нашай гісторыі, гэтая гісторыя будзе не толькі няпоўная, але і несправядліва абкрадзеная.
У 1994 годзе ўпершыню за дзвесце гадоў урачыста адзначаліся ўгодкі паўстання ў Беларусі. З гэтаю мэтай быў створаны грамадскі Нацыянальны арганізацыйны камітэт, у склад якога ўвайшлі вядомыя дзеячы культуры, навукоўцы, літаратары, сябры шматлікіх грамадскіх згуртаванняў — дэмакратычных партыяў, таварыстваў, суполак. Ушанаванне памяці палеглых у бітвах, стварэнне помнікаў і мемарыяльных табліцаў, наданне вуліцам і пляцам імёнаў герояў паўстання — кірункі дзейнасці гэтага камітэта.
Андрэй Тадэвуш Касцюшка — «сябар прыгнечаных, вораг прыгнятальнікаў», наш нацыянальны герой — вяртаецца з выгнання на сваю Бацькаўшчыну, у сваю Літву-Беларусь.