У спадзяванні на лепшую будучыню

Грамадска-палітычны запавет. Праграма барацьбы за свабоду


Ідэі Вялікай французскай рэвалюцыі, а таксама вызвольнай барацьбы паўночнаамэрыканскіх калоній зрабілі на Касцюшку вялікі ўплыў. На працягу ўсёй сваёй палітычнай дзейнасці ён глыбока паважаў і быў паслядоўным прадаўжальнікам вызвольных, антыфеадальных ідэяў Ж. Ж. Русо, Ш. Мантэск'ё, Т. Джэфэрсана ды іншых прагрэсіўных дзеячоў. Яго светапогляд, грамадска-палітычныя і праўныя ідэі найбольш поўна былі выкладзеныя ў брашуры «Ці могуць палякі дамагчыся незалежнасці», выпушчанай ананімна ў Парыжы ў 1800 годзе, з фіктыўным месцам выдання — «У Прыкопе-на-Доне». Мяркуюць, што запіс ідэяў і разважанняў Касцюшкі, выкладзеных у брашуры, быў ажыццёўлены яго сакратаром Ю. Паўлікоўскім. У брашуры разглядаюцца слабыя і моцныя бакі вызвольнага руху ў Рэчы Паспалітай. Яна складаецца з прадмовы, чатырох частак і заканчэння.


Вера ў свае сілы — неабходная ўмова вызвалення народа


У прадмове аўтар папярэджвае сваіх землякоў, каб не спадзяваліся на замежную дапамогу, а калі хочуць «шчасця, гонару і славы…, неабходна карыстацца сродкамі і сіламі, якія прырода дала чалавеку…, пажадаем толькі — і мы станем свабоднымі, бо шаснаццацімільённы народ не можа быць народжаны для рабства». Вызначаючы колькасць насельніцтва ў 16 мільёнаў чалавек, Касцюшка меў на ўвазе не толькі палякаў, але і беларусаў, украінцаў і жамойтаў, якія складалі тады Рэч Паспалітую.

У першай частцы аўтар аналізуе прычыны, якія прывялі да заняпаду Рэчы Паспалітай. Ён паказвае, што першай прычынай з'яўляецца страта народам сілы духу, страта веры ў свае сілы і антынародная палітыка магнатаў, калі шляхта пачала «імкнуцца не да дабрабыту краіны, а да задавальнення ганарлівасці… Магнаты былі зацікаўленыя ў тым, каб пераканаць нацыю ў яе нікчэмнасці і слабасці, у тым, быццам яна нічога не можа дасягнуць сваімі ўласнымі сіламі, без дапамогі суседняй дзяржавы, бо яны ўзбагачаліся, гандлюючы яе крывёю ля падножжа тронаў. Магнаты былі зацікаўленыя ў аслабленні духу сваіх суайчыннікаў, у прыніжэнні іх годнасці для таго, каб, не ведаючы сваёй сілы, яны не маглі скінуць з сябе ганебнай апекі, у адваротным выпадку магнаты страцілі б увесь свой уплыў і аўтарытэт». З гэтых разважанняў Касцюшкі відаць, што першачарговай прычынай заняпаду Рэчы Паспалітай ён лічыў нутраныя супярэчнасці і асабліва эгаізм магнатаў.

Адначасова ён адзначаў, што ў краіне, дзе ёсць урадлівыя землі, сяляне амаль паміраюць ад голаду, слаба развітыя прамысловасць, рамяство, навука, а «шляхта ўмела толькі тыраніць сялян». Правільна крытыкуючы ўвесь тагачасны лад, Касцюшка разам з тым не зрабіў высновы пра неабходнасць яго ліквідацыі, а толькі прапанаваў памешчыкам зрабіць некаторыя ўступкі сялянам, што было выкладзена ў Паланецкім універсале.

Заклікаючы сваіх суайчыннікаў да барацьбы за свабоду, аўтар трактата звярнуў увагу на досвед барацьбы за незалежнасць народаў Швайцарыі, Галяндыі, Паўночнай Амэрыкі, якія ніколі не былі б паважанымі народамі, калі б не адбілі захопнікаў сваімі ўласнымі сіламі. Найбольш тыповым прыкладам ён лічыў барацьбу Францыі, супраць якой сабраліся ўсе каралі Эўропы з мэтай пакарыць гэтую нацыю і аднавіць у ёй стары лад. На думку аўтара, французы не былі гатовы ў вайсковым дачыненні, аднак, упэўненыя ў справядлівасці сваёй справы, яны не толькі выгналі непрыяцеля з сваёй Айчыны, але і дасягнулі такой славы і магутнасці, што скідалі троны. Думка Касцюшкі грунтавалася на тым, што ваенная навука не можа зводзіцца да матэматычных разлікаў, а таму некалі галяндцы змаглі адбіць у шмат разоў большыя сілы гішпанцаў, швайцарцы — аўстрыйцаў, амэрыканцы — ангельцаў.

У другой частцы разгледжана магчымасць новага паўстання, яго тактыка і стратэгія. Аўтар адзначыў, што сілы рэвалюцыі могуць павялічвацца за кошт вызвольнай барацьбы працоўнага народа суседніх дзяржаваў, якія падзялілі Рэч Паспалітую. «Хіба расейскі селянін, жорстка прыгнечаны сваімі абшарнікамі, у спрыяльных умовах не кінецца з запалам супраць сваіх прыгнятальнікаў, імкнучыся скінуць сваё ярмо? Няўжо прыгнечаны казак не імкнецца зноў атрымаць свае свабоды?.. Прусак… пачынае разумець, што ён не быдла, якое знаходзіцца ў распараджэнні казны. Некаторыя правінцыі з радасцю скінулі б сваё ярмо». На пачатку паўстання рэкамендуецца весці барацьбу невялікімі партызанскімі аддзеламі. Разам з тым у трактаце абвешчана неабходнасць захавання і аховы права прыватнай уласнасці. Робіцца агаворка і пра тое, што «хоць прынцыпы свабоды і роўнасці дапускаюць усіх аднолькава да займання ўрадавых пасад, аднак… я б жадаў, каб асобы, якія зоймуць месцы ва ўсіх магістратах, былі абраныя з ранейшых станаў», г. зн. са шляхты і мяшчанства.

У трэцяй частцы асноўная ўвага аддадзена пытанням маралі і права ў часе рэвалюцыі: «Рэвалюцыя праводзіцца не для таго, каб зняць усякую аброць з свавольства, наадварот, яна мае на мэце ўсталяваць парадак, падпарадкаваць закону ўсякія правапарушэнні, прывучыць падпарадкоўвацца ўладам, устаноўленым нацыяй, ахоўваць уласнасць кожнага, што складае аснову грамадства. Усім даецца аднолькавая свабода і роўныя правы, але нікому не дазваляецца ўчыняць злачынствы… Правасуддзе павінна быць гразой для злачынцаў, але не помстай; невінаватым жа яно служыць прытулкам. Тыя, хто думае, што важней не ўпусціць злачынцаў, чым захаваць бяспеку невінаватых, робяць жудасную памылку… Хто не паважае ўсталяванай над ім улады, парушае правы нацыі, учыняе крыўды і рабункі, той разбойнік і злодзей. Рэвалюцыя якраз і мае на мэце выпраўленне заганаў, знішчэнне злачынстваў і ўкараненне ў сэрцы ўсіх грамадзянаў міласэрнасці і дабрачыннасці». Далей аўтар адзначае, што ў яго на радзіме сярод простага люду няма злачыннасці і можна спакойна хадзіць праз вялікі лес, не баючыся нікога.

У сваіх разважаннях аб маралі, праве, злачыннасці і правасуддзі Касцюшка асуджае тэрор, які практыкаваўся ў часе Вялікай французскай рэвалюцыі, лічачы, што гэта выключная асаблівасць французскай нацыі або нават некаторай «шайкі разбэшчаных злачынцаў». Ён прыхільнік строгага захавання праўных нормаў, выпрацаваных у ходзе буржуазнай рэвалюцыі, адначасова ён выказаўся супраць самавольства з чыйго б ні было боку. Яго маральныя і праўныя ідэі ўвасаблялі інтарэсы рэвалюцыйна настроенай шляхты і буржуазіі і зыходзілі з прынцыпу карысці для вызвалення народа (нацыі) ад улады манархічных дзяржаваў, якія забралі яго край. На ягоную думку, настаў час шырокай асветы народа і яго актыўнага ўдзелу ў грамадскіх справах. А палітычнай асвеце народа і павышэнню яго грамадскай актыўнасці садзейнічае свабода друку.

З асветай народа разбураюцца і розныя палітычныя забабоны, такія, як вера ў выключнасць каралеўскай улады і шляхты: «Кожны ведае, што яны не валодаюць упрывілеяваным розумам; чаму ж яны прыўлашчылі сабе права распараджацца лёсам нацыі насуперак яе волі?» Усё гэта дазваляе зрабіць выснову, што Касцюшка паводле грамадска-палітычных і праўных поглядаў стаяў на больш прагрэсіўных пазіцыях, чым бальшыня буржуазных ідэолагаў таго часу.

У чацвертай частцы разглядаецца пытанне пра матэрыяльнае забяспечанне паўстання. Адзначаецца, што прамысловасць — гэта сіла, якая творыць багацці, якая можа развівацца на поўную сілу толькі пры свабодзе, гаворыцца аб прыродных багаццях краіны. Разам з тым адзначаецца, што «ў часе рэвалюцыі неабходна прыносіць ахвяры: трэба задавальняцца малым, калі мы хочам дамагчыся волі».

У заканчэнні аўтар падкрэслівае, што ў народа, які жадае свабоды і верыць у перамогу, ёсць усе падставы для дасягнення высакароднай мэты. Калі ўсе будуць мужна змагацца, то праціўнік, нават калі ён будзе больш шматлікі, усё ж не зможа перамагчы.

Увесь трактат прасякнуты духам аптымізму, верай у перамогу справы. Ён з'яўляўся тэарэтычнай і практычнай праграмай барацьбы за дэмакратыю і незалежнасць. Палітычныя і праўныя ідэі Касцюшкі, выкладзеныя ў трактаце, перадвызначалі новы кірунак у палітычнай барацьбе і спрыялі падрыхтоўцы і зараджэнню рэвалюцыйнага і дэмакратычнага руху ў Польшчы, Беларусі і Ўкраіне.

У трактаце ёсць некаторыя спрашчэнні і памылковыя сцверджанні. Перабольшана значэнне баявой сілы шляхоцкай конніцы і сялянскай масы. У цэлым жа асноўная думка аб тым, што калі ўвесь народ паўстане аднадушна, то ён атрымае перамогу, не выклікае сумневу.

Пад час знаходжання ў Францыі ад 1798 і да сярэдзіны 1815 года Касцюшка шмат часу аддаваў сваім мастацкім захапленням: маляваў, працаваў на такарным станку, выточваў розныя драўляныя рэчы. Разам з тым цікавіўся вайсковай справай. У 1808 годзе выдаў у Нью-Ёрку брашуру «Манеўры коннай артылерыі», другое выданне якой выйшла ў 1809 годзе ў Лондане. У ёй падсумоўваўся досвед выкарыстання артылерыі ў Амэрыцы і Эўропе і ў сувязі з гэтым даваліся рэкамендацыі па тактыцы.


Сустрэчы і перапіска з Аляксандрам І


Разгром напалеонаўскай арміі адрадзіў у Касцюшкі надзеі на магчымасць аднаўлення Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расеі. Пра свае планы гэтага аднаўлення Касцюшка гутарыў з імператарам Аляксандрам І першым разам у Парыжы ў красавіку 1814 года і другім разам у Браўнаў у траўні 1815 года. Яшчэ да асабістай сустрэчы Касцюшка напісаў ліст Аляксандру І, у якім прасіў абвясціць поўную амністыю тым сваім суайчыннікам, якія ўдзельнічалі ў паходзе Напалеона на Маскву, а таксама скасаваць прыгоннае права на анексаваных Расеяй землях. Аляксандар І абяцаў Касцюшку падтрымаць яго прапановы і прыняў яго ў Парыжы з вялікай пашанай.

Аб змесце ліста да цара і гутарак Касцюшкі з Аляксандрам І дазваляе меркаваць ліст да Т. Джэфэрсана, у якім Касцюшка пісаў: «Цар Аляксандар абяцаў мне павялічыць княства Варшаўскае аж да Дзвіны і Дняпра, даўніх нашых межаў, але яго выдатным і зычлівым жаданням запярэчыў яго кабінет…, пісаў цару і прасіў яго, каб мне пісьмова пацвердзіў свае абяцанні, што мне вусна абяцаў стварыць канстытуцыйны ўрад, ліберальны і незалежны, вызваленне нашых няшчасных сялянаў, зрабіўшы іх нават уласнікамі зямлі, якой валодаюць, чым адным зрабіўся б бессмяротным, — але ўсё з дымам пайшло». Ліст Касцюшкі і яго сустрэчы з Аляксандрам І усё ж далі пэўны вынік. Цар абвясціў амністыю ўсім жаўнерам і афіцэрам, выхадцам з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, якія знаходзіліся ў Францыі, дазволіў ім вярнуцца на радзіму са зброяй і з захаваннем вайсковых званняў, пакінуўшы ўвесь корпус на вайсковай службе і аддаўшы яго пад камандаванне свайго брата, вялікага князя Канстанціна. Быў заснаваны Арганізацыйны камітэт, які садзейнічаў вяртанню вайскоўцаў на радзіму. Кантакты з Касцюшкам узвысілі аўтарытэт Аляксандра І у вачах эўрапейскай грамадскасці, дазволілі яму заняць больш цвёрдую пазіцыю ў перамовах з Прусіяй і Аўстрыяй на Венскім кангрэсе, у выніку чаго ў траўні 1815 года былі падпісаныя пагадненні паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй аб Варшаўскім княстве, а 9 чэрвеня — генеральны акт Венскага кангрэса.

Паводле трактата Венскага кангрэса заходняя і паўночная часткі Польшчы заставаліся ва ўладанні Прусіі, паўднёвая частка Польшчы і частка Ўкраіны — у Аўстрыі. Цэнтральная частка Польшчы была далучаная да Расеі і склала Каралеўства (Царства) Польскае. 27 лістапада 1815 года Аляксандар І падпісаў канстытуцыю Польскага Каралеўства, якая тады была найбольш ліберальнай у Эўропе. У ёй захоўвалася некаторая пераемнасць Канстытуцыі 1791 года, прадугледжвалася выбарнасць адміністрацыі і суддзяў, выбарчае права пашыралася на значную частку насельніцтва, што дасягалася параўнальна нізкім маёмасным цэнзам, парламент абіраўся наўпроставымі выбарамі ўсімі станамі грамадства з удзелам, хоць і вельмі нязначным, сялянаў.


Апошні прытулак у Швайцарыі


Улетку 1815 года Касцюшка пераехаў на сталае жыхарства з Францыі ў Швайцарыю, у гарадок Салюр. Пераезд быў выкліканы тым, што пасля рэстаўрацыі Бурбонаў у Францыі пачаўся пераслед былых удзельнікаў рэвалюцыі, была абмежаваная свабода друку, узрос уплыў рэакцыйнага святарства, супраць чаго ўсё жыццё змагаўся Касцюшка. Пераехаўшы ў Швайцарыю, Касцюшка працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці. У лісце да Адама Чартарыйскага ён прапаноўваў аддаць асаблівую ўвагу народнай асвеце. Адам Чартарыйскі быў найбліжэйшым дарадцам Аляксандра І, у 1803 годзе стаў куратарам Віленскай навучальнай акругі, куды ўваходзілі ўсе беларускія губерні, з 1805 года — сябрам Сената і Дзяржаўнай рады. Шэраг школаў на Беларусі быў адчынены з ініцыятывы Чартарыйскага, у тым ліку і вядомая Свіслацкая гімназія. Касцюшка прапанаваў выдаць пастанову, каб кожны ўласнік быў абавязаны ў сваім маёнтку стварыць школу для сялян і ў адпаведнасці з агульным коштам маёнтка асігнаваць грошы на ўтрыманне настаўнікаў, акрамя таго, на гэтыя ж мэты трэба было выдаткоўваць і царкоўную «дзесяціну», якую плацілі сяляне. Ураду таксама рэкамендавалася паклапаціцца аб адкрыцці рамесных навучальняў, дзе б вучыліся рамёствам: сталярнаму, цяслярскаму, кавальскаму, такарнаму, слясарнаму і інш. Для лепшага азнаямлення з найбольш перадавымі метадамі школьнага навучання ў траўні 1816 года Касцюшка наведаў настаўніцкі інстытут у Івердоне, дзе меў гутарку з яго стваральнікам, выдатным педагогам-дэмакратам Ёганам Гайнрыхам Песталоці. Касцюшка, гэтак жа як і Песталоці, меркаваў, што палепшанне жыцця працоўных можа быць дасягнутае ў рамках тагачаснага ладу шляхам адукацыі і выхавання.

У лісце Касцюшкі да А. Чартарыйскага гаварылася таксама, што неабходна палепшыць умовы жыцця простых людзей, а для гэтага трэба паступова зменшыць паншчыну і заахвочваць выкарыстанне найманых работнікаў для палявых работ і быць суровым для валацугаў, п'яніц, дармаедаў, якіх трэба скарыстоўваць на публічных работах, будаўніцтве дарог, каналаў, для брукавання вуліц з выплатай сціплай нагароды. Для развіцця прамысловасці трэба адкрываць новыя фабрыкі: суконныя, папяровыя, металургічныя ды інш. Далей ён прапанаваў зрабіць захады, каб з часам усе сяляне маглі вызваляцца ад залежнасці і атрымаць ва ўласнасць зямлю.

Памёр Касцюшка ў Швайцарыі ў Салюры 15 кастрычніка 1817 года. Пахаванне адбылося 19 кастрычніка там сама. У 1818 годзе парэшткі Касцюшкі былі ўрачыста перавезеныя ў Кракаў і змешчаныя ў каралеўскім замку Вавель. Смерць Касцюшкі выклікала шырокі водгук ва ўсім свеце. У многіх краінах, дзе жылі эмігранты з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, памяць славутага ліцьвіна ўшанавалі памінальнымі службамі ў касцёлах і сходамі.


Загрузка...