На чужыне

У палоне. У Петрапаўлаўскай цытадэлі


Пасля двухмесячнага пераезду 10 снежня 1794 года Касцюшка быў дастаўлены ў Петрапаўлаўскую цытадэль. З першых дзён зняволення ў астрозе ад Касцюшкі і яго паплечнікаў пачалі патрабаваць паказанняў, вусных і пісьмовых. Следчых цікавілі адказы на пытанні пра мэту рэвалюцыі, яе прычыны. Якія былі сувязі кіраўніцтва паўстаннем з Францыяй і Турэччынай? Якое іх стаўленне да Аўстрыі і Прусіі? Што б зрабілі паўстанцы, калі б рэвалюцыя ўдалася? Хто з жыхароў далучаных раней да Расеі правінцыяў падтрымліваў сувязь з Касцюшкам і абяцаў яму дапамогу? Якія былі сувязі Касцюшкі з князем Адамам Чартарыйскім і якія сумы князь прысылаў у падтрымку рэвалюцыі? Адкуль браліся грошы на ўтрыманне войска і вядзенне вайны? Ці падтрымліваў кароль рэвалюцыю? На ўсе гэтыя пытанні Касцюшка вымушаны быў адказваць на допытах, але ад яго не атрымалі патрэбных ім звестак. Ён адказаў, што мэты рэвалюцыі былі адкрыта абвешчаны Актам паўстання, Паланецкім універсалам ды іншымі абнародаванымі дакументамі. Ад Францыі і Турэччыны ніякай дапамогі не атрымлівалі. Стаўленне да Аўстрыі і Прусіі было варожае, асаблівую нянавісць выклікалі паводзіны прускага караля, з якім у Рэчы Паспалітай была дамова аб дружбе, а ён яе вераломна парушыў.

Генерал-пракурор А. Самойлаў, кіраўнік Тайнай экспедыцыі, у якой дапытвалі Касцюшку, рэгулярна дакладваў Кацярыне ІІ пра ягоны стан. Пры канцы сакавіка ён паведаміў ахове Петрапаўлаўскай цытадэлі, што імператрыца дазволіла Касцюшку «з прычыны слабога здароўя гуляць у садзе» блізу дома каменданта, «калі ён пажадае, з тым каб пры ім тым часам па два афіцэры знаходзіліся». Паколькі Касцюшка пакутаваў на хваробу ног (некаторыя меркавалі, што ён яе сімуляваў), яго пачалі вывозіць на свежае паветра ў калясцы. У траўні 1795 года здароўе знакамітага вязня раптоўна пагоршылася: да ранейшых немачаў дадалася хвароба страўніка. Да яго быў накіраваны штаб-лекар імператрыцы Джон Роджэрсан. Кацярына ІІ загадала, як толькі хвораму стане лепей, перавесці яго ў асобны дом за межамі цытадэлі.

Знаходзячыся ў зняволенні, Касцюшка амаль увесь час ляжаў або сядзеў у крэсле. Пазней займаўся рэззю па дрэве, спрабаваў працаваць на такарным станку. З гэтага можна зрабіць выснову, што нават Кацярына ІІ даволі гуманна і з павагаю ставілася да Касцюшкі. Спачувалі яму і некаторыя прыдворныя.


Цар Павел І вызваляе Касцюшку з вязніцы


Пасля смерці імператрыцы на трон узышоў Павел І. Ён наведаў Касцюшку 27 лістапада 1796 года і ў часе гутаркі абвясціў пра яго вызваленне. (Ю. Нямцэвіч у сваіх успамінах піша, што першая сустрэча Паўла І з Касцюшкам адбылася 26 лістапада.) Пры гэтай гутарцы прысутнічалі два сыны цара (Канстанцін і будучы імператар Аляксандар І) і прыдворныя.

Праз дзень Касцюшку самога павезлі да цара. Ён падаў спіс паўстанцаў, якія знаходзіліся на паўночным Урале, у Сібіры, на Камчатцы, з просьбай аб іх вызваленні. Гэтая просьба была неадкладна задаволеная. Павел І распарадзіўся вызваліць усіх зняволеных і сасланых паўстанцаў.

Гэтакі крок Паўла І быў, аднак, абумоўлены неабходнасцю прыняцця Касцюшкам «прысягі на вернасць». І ён вымушаны быў прыняць умову. Цікава, што ў беларускім фальклоры гэты факт набыў своеасаблівую афарбоўку: «Як Касьцюшку злавілі, то зараз прывялі перад цара, дай казалі яму, каб ён прысягнуў Расеі, так ён сказаў: «На чыёй зямлі стаю, таму прысягаю і за таго голаў палажу!» А ён уперад набраў зямлі ў чобаты, як з Польшчы выяжджаў, і на той зямлі прысягаў: от таму ён і не зьняверыўся»{14}.

Павел І прапанаваў таксама Касцюшку атрымаць маёнтак з 1000 душ прыгонных сялянаў, ад чаго той адмовіўся і замест гэтага атрымаў буйную суму грошай (паводле звестак Нямцэвіча, 60 тысяч рублёў срэбрам). Аднак Касцюшка цвёрда адмовіўся ад прапановы імператара «ўступіць у службу расійскую». Ён заявіў Паўлу І, што можа змагацца толькі пад харугвамі незалежнасці ў Амэрыцы ці Рэчы Паспалітай.

Стаўленне Паўла І да Касцюшкі ды іншых палонных паўстанцаў выклікала недаўменне не толькі ў сучаснікаў. Так, савецкі гісторык М. М. Пакроўскі пісаў: «Павел пачаў заступацца за палякаў, вызваліў героя апошняй польскай вайны Касцюшку, які сядзеў у зняволенні, а генерала Суворава, які ўзяў Прагу, выгнаў у адстаўку. Усё гэта ён зрабіў без усялякага разліку, проста па сваёй шалапутнасці»{15}.

На самой жа справе Павел І праводзіў разумную, дальнабачную палітыку. У гутарцы з былым маршалкам земскім Вялікага Княства Літоўскага Ігнатам Патоцкім, актыўным дзеячом паўстання, Павел І гаварыў: «Я быў заўсёды супраць падзелу Польшчы, лічыў яго як несправядлівым, так і палітычна памылковым. Каб адрадзіць Польшчу, неабходна згода трох дзяржаў, але на гэта не згодзіцца Аўстрыя, яшчэ менш Прусія, не абвяшчаць жа мне ім вайну? Дзяржава мая пасля такіх працяглых і непатрэбных войнаў вельмі ж міру жадае»{16}. Пасля смерці Паўла І некаторы час такую ж палітыку праводзіў і Аляксандар І, які дамогся вызвалення часткі польскіх земляў ад аўстрыйскага і прускага ўладарніцтва і ўтварэння Каралеўства (Царства) Польскага ў складзе Расейскай імперыі.


Падарожжа ў Швецыю, Ангельшчыну і Амэрыку


Касцюшка, атрымаўшы свабоду разам з сваім ад'ютантам і сакратаром Юльянам Нямцэвічам, дарэчы ўраджэнцам Берасцейскага павета, пастанавіў выехаць у Злучаныя Штаты Амэрыкі. 18 снежня 1796 года Касцюшка наведаў Паўла І і падзякаваў яму за прыязнасць. (Паколькі Касцюшка па-ранейшаму хадзіў з цяжкасцю, да ўваходу ў Зімовы палац былі пасланыя кавалергарды з крэслам царыцы, у якім яго і транспартавалі.) Павел І і ўся яго сям'я зычліва сустрэлі яго і пажадалі шчаслівай дарогі. 19 снежня Касцюшка з Нямцэвічам пакінулі Пецярбург.

Пасля непрацяглага знаходжання ў Стакгольме і Лондане 18 чэрвеня 1797 года Касцюшка выехаў з Брыстоля ў Амэрыку і праз два месяцы плавання па Атлантычным акіяне прыбыў у Філядэльфію.

Касцюшка меркаваў, што ў Амэрыцы жывуць свабодныя і шчаслівыя грамадзяне, за свабоду якіх ён змагаўся. Аднак яго надзеі не спраўдзіліся: у Злучаных Штатах працягвала захоўвацца рабства больш цяжкае, чым прыгоннае права. Разам з тым Касцюшку не пакідала думка вярнуцца ў Эўропу і працягваць барацьбу за свабоду на радзіме. Пад час знаходжання ў Амэрыцы Касцюшка сустрэўся з сваімі баявымі сябрамі і таварышамі. Кангрэс Злучаных Штатаў прыняў пастанову аб выплаце Касцюшку грошай за мінулую службу і прызначыў яму пенсію.


Вяртанне ў Эўропу


Французскі ўрад (Дырэкторыя), жадаючы скарыстаць патрыятычна настроеных эмігрантаў з Рэчы Паспалітай, у студзені 1797 года пачаў фармаваць у паўночнай Італіі «польскія» легіёны пад лозунгамі свабоды, роўнасці і братэрства («За вольнасць нашу і вашу»). Яны выкарыстоўваліся французскім камандаваннем у барацьбе з Аўстрыяй. Імкнучыся скарыстаць аўтарытэт Касцюшкі для арганізацыі паўстання ў Заходняй Украіне і Паўднёвай Польшчы супраць Аўстрыі, Дырэкторыя праз свайго консула ў Філядэльфіі схіліла яго абяцаннем ваеннай дапамогі ў барацьбе за вызваленне Рэчы Паспалітай да вяртання ў Эўропу.


Касцюшка і Напалеон


5 траўня 1798 года Касцюшка выехаў з Амэрыкі і ў ліпені прыбыў у Парыж. Тут ён сустракаўся з прадстаўнікамі Дырэкторыі, а таксама з Напалеонам І (17 кастрычніка і 6 лістапада 1799 года). Гэтыя перамовы ні да чога не прывялі. Касцюшка пераканаўся, што буржуазны ўрад Францыі кіруецца толькі сваімі эгаістычнымі інтарэсамі.

Знаходзячыся ў Францыі, Касцюшка, паддаўшыся ўгаворам Талейрана, напісаў зняважлівы ліст Паўлу І, абвясціў яму пра адмову ад прысягі і вярнуў атрыманыя ад яго грошы.

У гэтым жа часе ён наладзіў больш блізкія кантакты з салдатамі і афіцэрамі польскіх легіёнаў, якія знаходзіліся ў Італіі. Аднак змагацца за радзіму ім не давялося. Французскі ўрад скарыстаў іх для вядзення вайны ў інтарэсах французскай буржуазіі ў Італіі, Эгіпце ды іншых мясцінах, дзе частка іх загінула.

Пачынаючы вайну з Прусіяй, Напалеон праз свайго міністра Фушэ паспрабаваў выкарыстаць Касцюшку для вярбоўкі новых польскіх легіёнаў. У гутарцы з Фушэ ў 1806 годзе Касцюшка сказаў: «Служыў я Айчыне пры розных абставінах, з большым ці меншым шчасцем. Нічога больш не жадаю, як служыць ёй сёння. Але навучаны горкім вопытам, у якім мае землякі заўсёды былі пераможаныя, панеслі нечуваныя страты ў Італіі, у Эгіпце, на Сан-Дамінга, пад Марэнга, пад Гагендліндэнам, пасля перашкодаў і горычы, якія я сам адчуў, пра што гаварылася ў маёй брашуры 1800 года, нарэшце, таксама з бітвы пад Аўстэрліцам не пажадалі атрымаць ніякай карысці для Польшчы, бачу, што імператар Напалеон і пан міністр палічаць абгрунтаваным, што жадаю для Польшчы сякіх-такіх гарантый і якога-небудзь тлумачэння»{17}. У далейшай гутарцы Касцюшка прапанаваў, каб імператар Напалеон прызнаў, што настаў час, калі Польшча (мелася на ўвазе ўся Рэч Паспалітая) можа і павінна быць адноўленая, з адпаведнай канстытуцыяй, з абвешчаннем палітычнай роўнасці ўсіх без вынятку жыхароў, як гэта ёсць у Францыі. Фушэ заявіў, што Напалеон ніякіх абяцанняў і гарантыяў даваць не будзе, і прапанаваў Касцюшку падпісаць пракламацыю-зварот да суайчыннікаў з заклікам выступіць у падтрымку Напалеона, а калі Касцюшка адмовіцца яе падпісаць, то ўсё роўна яе зачытаюць ад яго імя.


Загрузка...