За волю Вялікага Княства

Да аднаўлення Айчыны


Сакавіцкія падзеі ў Кракаве неўзабаве знайшлі свой працяг на радзіме Касцюшкі. Ён сам і яго бліжэйшыя паплечнікі вельмі спадзяваліся на дапамогу з Вялікага Княства Літоўскага. Тут яшчэ з другой паловы 1793 года ў асяроддзі патрыятычна настроенага афіцэрства, мясцовай шляхты ды святарства пачалася падрыхтоўчая праца да будучага паўстання. У Вільні, Горадні, Наваградку, Берасці, ваколіцах Браслава, Ашмяны, Смаргоні, Хвойнікаў, Пінска і Мазыра яны складалі спісы аднадумцаў, збіралі сродкі і зброю, знаёмілі надзейных людзей з першымі таемнымі пасланнямі Касцюшкі.

Дзеля ўздыму патрыятычнага духу была створаная і шырока распаўсюджвалася «Песня паўстанцаў»:

Помнім добра, што рабілі,

Як нас дзёрлі, як нас білі.

Докуль будзем так маўчаці?

Годзе нам сядзець у хаце!

Нашто землю нам забралі?

Пашто ў путы закавалі?

Дочкі, жонкі нам гвалцілі.

Трэ', каб мы ім заплацілі!

Коней нам пазаяжджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касьцюшкі,

Рубаць будзем маскалюшкі!

У Беларусі гэтую працу напачатку ўзначальваў экс-абозны Вялікага Княства Кароль Прозар. Дапамагалі яму Канстанцін Ельскі, былы надворны маршалак Станіслаў Салтан, віленскі святар Міхаіл Богуш, экс-стражнік літоўскі Ян Аскерка ды іншыя. Яшчэ ў лістападзе 1793 года ў Мазырскім павеце пачынае хадзіць па руках пісьмовы ўніверсал ад Касцюшкі з заклікам, каб «збіраліся грамадзяне да аднаўлення Айчыны».

Весткі аб неспакоі «на Літве» сталі даходзіць да расейскага пасла ў Варшаве. Таму ён на пачатку 1794 года з мэтаю высвятлення сітуацыі накіраваў туды «надзейнага чалавека з палякаў». Прывезеныя звесткі пацвердзілі здагадкі пра існаванне асяродка бунту ў Беларусі. Непакой акупантаў яшчэ болей узрос, калі пачалося паўстанне ў Кракаве. Іх галоўны памагаты ў Вялікім Княстве гетман Сымон Касакоўскі дае загад арыштаваць западозраных у змове ў Вільні, Наваградку і Горадні.

Усё ж галоўны, вайсковы, асяродак па падрыхтоўцы паўстання, які на пачатку 1794 года ўзначальваў у Вільні палкоўнік «літоўскага корпусу інжынераў» Якуб Ясінскі, застаўся нераскрыты. Але ад сярэдзіны красавіка яму і ягоным сябрам таксама пачынае пагражаць арышт. Больш марудзіць з пачаткам паўстання было нельга.


Вызваленне Вільні


Уначы з 22 на 23 красавіка паўстала Вільня. А палове першай па стрэле гарматы з віленскага арсенала рушылі на чале з Ясінскім на яе вызваленне ад акупантаў невялікія аддзелы рэгулярнага войска Вялікага Княства Літоўскага (у горадзе іх налічвалася крыху болей за 700 чалавек). Вайскоўцам дапамагалі блізу 500 цывільных грамадзянаў Вільні, папярэдне падрыхтаваных да выступу. У выніку нечаканага нападу і кароткага двухгадзіннага бою на вуліцах горада сталіца Княства апынулася ў руках паўстанцаў. У палон разам з камендантам акупацыйнага гарнізона трапіла больш за тысячу чалавек.


Віленскі Акт паўстання. Утварэнне Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Літоўскага


24 красавіка ў Вільні быў урачыста прыняты «Акт Паўстання Народу Вялікага Княства Літоўскага». Згодна з ім утвараўся свой незалежны орган для кіраўніцтва паўстаннем — «Найвышэйшая Рада Вялікага Княства Літоўскага». Менавіта ёй аддавалася ўся паўніня ўлады ў Княстве. У склад Рады як камендант віленскага гарнізона ўвайшоў і Я. Ясінскі. (Старшыня Рады мусіў змяняцца кожны дзень паводле алфавіта. Прадугледжвалася дапаўненне складу Рады дэлегатамі ад ваяводстваў і паветаў. У такім разе яна мела ўсе падставы ператварыцца ў незалежны паўстанцкі ўрад Вялікага Княства.) Таго ж дня 2328 чалавек падпісалі Акт аб пачатку паўстання і прынялі прысягу на вернасць яму.

Справе больш дэталёвай арганізацыі паўстанцкага руху быў прысвечаны «Ўніверсал да ваяводстваў і паветаў правінцыі Вялікага Княства Літоўскага і гарадоў вольных». Ён быў абвешчаны ўжо ад імя Найвышэйшай Рады 24 і 25 (паўторна) красавіка 1794 года. Пачынаўся «Ўніверсал» словамі: «…Слухай, Народзе Літоўскі, што табе гаворыць не кароль слабы са слабейшага яшчэ трону, не свавольны збор людзей, што нічога акрамя марнага тытулу не маюць, але спакойнае згуртаванне спагадлівых тваіх сыноў, якія доўга для вызвалення твайго працавалі тады, калі Ты ўжо ў ім зняверыўся». «Універсал» абвясціў галоўнымі прыярытэтамі паўстання «здабыццё вольнасці і роўнасці грамадзянскай», выгнанне расейскіх акупацыйных войскаў, вяртанне ўсіх анексаваных земляў Вялікага Княства Літоўскага.

Для абароны паўстання ад ворагаў і здраднікаў быў абраны найвышэйшы Крымінальны суд. З сяброў Найвышэйшай Рады ўтварыліся яе «дэпутацыі» — забяспечання, публічнай бяспекі, скарбу і таемная (для кіраўніцтва войскам).

Трэцяга траўня Найвышэйшая Рада Вялікага Княства прызначыла Якуба Ясінскага начальнікам над усімі паўстанцкімі сіламі ў краі.

25 красавіка пасля першага свайго паседжання найвышэйшы Крымінальны суд вынес смяротны прыгавор апошняму гетману Княства Сымону Касакоўскаму як здрадніку і галоўнаму памагатаму расейскіх акупантаў. Гетмана павесілі прылюдна на «французцкі манер», скарыстаўшыся з вулічнага ліхтара, на пляцы перад віленскай ратушай.

Ад пачатку паўстанне набыло своеасаблівыя рысы, якія не прадугледжваліся ў Кракаўскім Акце. І рэч тут не толькі ў тым, што імя Касцюшкі нават не прыгадвалася ў Віленскім Акце. (Заяўлялася, аднак, аб поўнай салідарнасці з падзеямі 24 сакавіка ў Кракаве.) Куды істотнейшым быў факт утварэння самастойнага ва ўсіх пытаннях (войска, скарбаў і нават міжнародных дачыненняў) органа — Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Літоўскага. (Найвышэйшая Рада Вялікага Княства праіснавала да 10 чэрвеня 1794 года. Потым ёй на змену прыйшла Цэнтральная Дэпутацыя Вялікага Княства Літоўскага, ужо поўнасцю падпарадкаваная Касцюшку і Найвышэйшай Нацыянальнай Радзе ў Варшаве.) Усё гэта выразна спалучалася з якабінскім радыкалізмам Якуба Ясінскага, які яскрава выявіўся ў яго сімпатыях да рэвалюцыйнай Францыі, што абвясціла святым права кожнага народа на свабоду і незалежнасць. Актам 24 красавіка фактычна была адноўленая дзяржаўнасць Вялікага Княства Літоўскага, значна абмежаваная Канстытуцыяй 3 траўня 1791 года.

Аднак неабходнасць змагання з агульным ворагам, наяўнасць супольных мэтаў у паўстанні — здабыццё вольнасці, роўнасці і незалежнасці — болей аб'ядноўвала, чым раз'ядноўвала Варшаву і Вільню. Урэшце ўсё вырашалася на полі бітвы. Гэта выдатна разумеў Я. Ясінскі. Яго асоба аднолькава не задавальняла «памяркоўную плынь» у паўстанні як у Польшчы, так і ў Вялікім Княстве. Пасля пакарання смерцю С. Касакоўскага прывід шыбеніцы ўзнік перад многімі з тых, хто запляміў сябе супрацоўніцтвам з акупантамі. Яны згуртаваліся супраць «віленскай заразы», стараліся зняць Ясінскага, усялякім чынам зняславіць яго перад Касцюшкам. Тым не меней Ясінскі шукаў доказаў свайму праву на камандаванне паўстанцкім войскам зусім не ў інтрыгах, а на пабаявішчы.


Першыя бітвы


Адна з такіх бітваў адбылася 7 траўня 1794 года пад вёскай Паляны, у Ашмянскім павеце. Я. Ясінскі хацеў скарыстацца з ініцыятывы, якая на той час поўнасцю была ў руках паўстанцаў, і разбіць амаль трохтысячны аддзел палкоўніка Дзеева, які пагражаў Вільні. У паўстанцаў было каля дзвюх тысяч рэгулярнага войска. Акрамя гэтага, іх сілы папоўніла амаль тысяча мясцовых сялян-касінераў. Зацятая бітва з удзелам артылерыі пачалася а 11 гадзіне раніцы і доўжылася да самага вечара. Акупанты не чакалі такога моцнага адпору. Урэшце абодва бакі, знясіленыя шматгадзінным боем, вымушаныя былі разысціся. Пры гэтым адыход расейцаў да Смаргоні меў выразнае падабенства да выратавальнага адступлення. Да гэтага прымушалі і немалыя страты — 173 чалавекі забітымі і 322 параненымі. У сваім рапарце пра бой пад Палянамі палкоўнік Дзееў напісаў, што «воины (расейкія) были так раздражены, что не давали пардону (г. зн. дабівалі параненых), но они (паўстанцы) так были отчаянны, что и раненные оборонялись». Акрамя таго, каб апраўдаць свой «канфуз» пад Палянамі, Дзееў «павялічыў» сілы Ясінскага ажно да 11 тысяч чалавек. Сярод іх вылучыў упартасцю ў змаганні асобную групу «канфедэратаў-шляхцічаў, віленскіх стральцоў і мужыкоў, узброеных стрэльбамі, сякерамі, пікамі і косамі».

Пасля бітвы пад Палянамі расейцы нават і думаць не маглі пра які-кольвечы наступ. Галоўнае для іх было стрымаць націск паўстанцаў. Поспех Якуба Ясінскага пад Палянамі прымусіў паспешліва адысці з-пад Горадні на прыкрыццё мяжы пад Нясвіж і трохтысячны корпус генерала Цыцыянава.

Другая буйная бітва беларускіх паўстанцаў пад камандаваннем Я. Ясінскага з расейцамі адбылася 26 чэрвеня пад вёскай Солы, каля Смаргоні. Але гэта быў ужо іншы час, менш спрыяльны для паўстання. Ініцыятыва з розных прычынаў пачала пераходзіць да акупантаў. Не апошнюю ролю ў гэтым адыграла адстаўка Ясінскага з пасады начальніка ўсяго паўстанцкага войска Вялікага Княства. (Ад 4 чэрвеня 1794 года камандзірам паўстанцкіх сілаў у Вялікім Княстве Літоўскім быў прызначаны генерал-лейтэнант Міхал Вяльгорскі, які бяздзейнасцю поўнасцю пацвердзіў сваю няздатнасць да гэтай пасады.)

Пад Соламі сустрэліся буйны пяцітысячны расейскі корпус з 16 гарматамі і аддзелы Ясінскага колькасцю да 3 тысяч чалавек. Ізноў, як і пад Палянамі, у Ясінскага было блізу адной тысячы касінераў. Бітва пачалася ўранку і цягнулася болей за пяць гадзін. Вырашыла справу перавага расейцаў у артылерыі. Паўстанцы, якія мужна стрымлівалі атакі ворага, пад канец бою трапілі пад навальны гарматны агонь і сталі адступаць. У гэтай бітве загінула каля трохсот паўстанцаў (у тым ліку брат Я. Ясінскага — Язэп), бальшыня з іх — неспрактыкаваныя сяляне-касінеры.

Адметнай рысай вызвольнага паўстання 1794 года ў Беларусі было ўжыванне партызанскіх, дыверсійных формаў змагання. Паўстанцы імкнуліся перанесці яго ў т. зв. «расейскі кардон», г. зн. на анексаваную раней тэрыторыю Беларусі. Першага чэрвеня Я. Ясінскі выдаў свой знакаміты ўніверсал да павятовых генерал-маёраў (якія выбіраліся з мясцовай шляхты ў паветах для арганізацыі і кіраўніцтва паспалітым рушаннем і зацвярджаліся Найвышэйшай Радай Вялікага Княства, а потым Т. Касцюшкам) аб тэрміновай арганізацыі спецыяльных конных дыверсійных 300-асабовых аддзелаў. Увайшоўшы ў «расейскі кардон», яны павінны былі адцягваць на сябе сілы акупантаў і, сеючы паніку ў тыле ворага, адначасова ўздымаць на паўстанне мясцовую шляхту і сялянства. Гэтую ініцыятыву заўважыў і ўхваліў Касцюшка. Ён адзначыў, што «ў Літве генерал Ясінскі (загадам Касцюшкі 11 траўня Ясінскаму было нададзенае званне генерал-лейтэнанта) апярэдзіў маю думку, калі выдаў да сваіх суайчыннікаў праўдзівыя звароты ў тым духу і з тымі прадпісаннямі, якіх вымагае парадак рэчаў і якія на ўвесь край павінны быць распаўсюджаныя»{10}.

Апрача гэтага ўніверсала Ясінскім была складзеная асобная «Інструкцыя для ўваходных у кардон расейскі». Яна рэгламентавала парадак дзеянняў і паводзін паўстанцаў на акупаванай тэрыторыі. У інструкцыі гаварылася, што, заахвочваючы паўсюдна «шляхту і люд да паўстання…, трэба з сялянствам як найлепей, па-людску, абыходзіцца». Партызанскія дыверсійныя дзеянні павінны былі весціся ажно да таго часу, пакуль «хоць яшчэ адзін узброены расейскі салдат застанецца»{11}. У стратэгічным жа плане дыверсійныя акцыі павінны былі прывесці да расшчаплення і аслаблення варожага войска, што дазволіла б больш упэўнена дзейнічаць асноўным сілам паўстанцаў.

Ці не першым скарыстаўся з такой магчымасці сябар Найвышэйшай Рады Вялікага Княства Міхал Клеафас Агінскі. Ён звярнуўся да Ясінскага і атрымаў дазвол на правядзенне разведвальна-дыверсійнага рэйду ў кірунку Менска. 12 чэрвеня, скрытна выйшаўшы з-пад Вільні на чале 500-асабовага аддзела (200 чалавек кавалерыі пад камандаваннем маёра Корсака і 300 стральцоў, узброеных і забяспечаных уласным коштам самога Агінскага), ён накіраваўся пад Валожын. Разбіў там невялікі расейскі гарнізон, захапіўшы пры гэтым значныя запасы вайсковай амуніцыі і харчавання, і рушыў на Івянец. Там Агінскі абвясціў свой зварот да жыхароў Менскага ваяводства. У ім, спасылаючыся на тое, што пасланы ён ад «мужнага генерал-лейтэнанта Ясінскага», заклікаў далучацца да паўстанцаў, каб «вярнуць Айчыне свабоду». З Менска насустрач Агінскаму на загад губернатара Няплюева былі пасланыя значныя сілы. 16 чэрвеня пад Вішневам расейскія войскі сустрэлі і разбілі паўстанцаў. Толькі рэшткі аддзела, 150 чалавек кавалерыі і частка стральцоў, змаглі разам з Агінскім прабрацца пад Крэва да Ясінскага. Неўзабаве пасля гэтага М. Агінскі на загад М. Вяльгорскага быў накіраваны з рапартам аб падзеях ў Беларусі да Касцюшкі. Той, нягледзячы на сумны фінал выправы аддзела Агінскага, усё ж адзначыў яе вартасць і карысць: вораг занепакоены, трэба імкнуцца, каб і надалей ён адцягваў значныя сілы для забяспечання сваіх тылоў.

Прыкладна гэтым жа часам у Паставы з Вільні з конным аддзелам на 60 чалавек быў накіраваны падпалкоўнік Тадэвуш Гарадзенскі. Згодна з інструкцыяй Ясінскага, ён абвясціў Віленскі ўніверсал аб паўстанні, канфіскаваў мясцовую канцылярыю і грашовую касу. Рука Ясінскага адчувалася і ў далейшых дзеяннях Гарадзенскага. У першы ж дзень знаходжання ў мястэчку ён загадаў паставіць дзве шыбеніцы для здраднікаў. Ніхто павешаны не быў, але з Паставаў атрад Гарадзенскага выйшаў папоўнены 200 чалавекамі «шляхты і ўзброеных сялянаў»{12}.

Выконваючы загад Найвышэйшай Рады Вялікага Княства, актыўна дзейнічалі па далучэнні да паўстання шляхты і сялянства Завілейскага павета браты Ксавер і Ян Зяньковічы. У мястэчку Свір з іх удзелам быў скліканы соймік, абраны павятовы генерал-маёр (ім стаў К. Зяньковіч), накіраваны дэлегат ад павета ў Раду. На пачатку чэрвеня аддзел на чале з Я. Зяньковічам напаў на мястэчка Ваўкалаты ў Менскай губерні і разбіў там расейскую каманду.


Дзейнасць парадкавых камісіяў


Адначасова з вайсковымі дзеяннямі, згодна з распараджэннем Касцюшкі, ішло стварэнне ўстановаў для кіраўніцтва паўстаннем у ваяводствах і паветах, гэтак званых парадкавых камісіяў. Яны займаліся наборам у войска «рэкрутаў», арганізацыяй паспалітага рушання, забяспечаннем яго харчаваннем і амуніцыяй, вялі судовыя справы. На тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, ахопленай паўстаннем, былі створаныя 23 павятовыя парадкавыя камісіі, 19 з якіх дзейнічалі на беларускай зямлі. Найбольш актыўныя і дзейныя былі берасцейская, кобрынская, гарадзенская і віленская, а таксама ваўкавыская, смаргонская і ашмянская.

Асабліва ўсцешыў Тадэвуша Касцюшку той факт, што яго землякі-берасцейцы ўвялі ў склад сваёй камісіі 8 чалавек ад праваслаўнага насельніцтва, праявіўшы сапраўдную палітычную сталасць і дасведчанасць. Начальнік паўстання з гэтай нагоды адгукнуўся да іх шчырым лістом-падзякай з пажаданнем гэтак жа рабіць і ў іншых мясцінах, дзе ёсць праваслаўнае насельніцтва. Увогуле для паўстання ў Беларусі было характэрнае імкненне злучыць у змаганні не толькі розныя станы грамадства, але і людзей усіх веравызнанняў — вуніятаў, каталікоў, праваслаўных, мусульман, юдэяў.


Рэйды М. Агінскага і С. Грабоўскага


Ад пачатку ліпеня 1794 года ўсё большы непакой Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікага Княства Літоўскага, якая прыйшла на змену Найвышэйшай Радзе, выклікала становішча Вільні. Расейцы ўсялякім чынам імкнуліся захапіць сталіцу Княства. 17–18 ліпеня першая спроба ўзяць Вільню штурмам не ўдалася. Але з гэтага часу варожыя войскі далёка ад горада ўжо не адыходзілі. Каб адцягнуць адсюль іх сілы, а таксама дапамагчы сваім паплечнікам у Польшчы, у жніўні былі арганізаваныя два найбуйнейшыя дыверсійныя рэйды беларускіх паўстанцаў на Віцебшчыну, Меншчыну і Магілеўшчыну. Іх узначальвалі М. Агінскі і С. Грабоўскі.

1 жніўня напачатку невялікі 50-асабовы конны аддзел Агінскага пакінуў Вільню і праз Немянчын і Свянцяны выйшаў на Браслаўшчыну. Па дарозе ён папоўніўся ўзброенымі фармаваннямі шляхты і сялянаў. Колькасць паўстанцаў павялічылася да дзвюх з паловай тысяч чалавек. На Браслаўшчыне М. Агінскі пакінуў бальшыню свайго аддзела, у тым ліку 1200 касінераў, а сам, узяўшы тры эскадроны конніцы, рушыў на Дынабург (цяпер Даўгаўпілс). Але вызваліць горад не ўдалося. Вестка аб захопе расейцамі Вільні (12 жніўня) прымусіла паўстанцаў павярнуць назад.

Можа, сама адчайную спробу палепшыць справы паўстанцаў у Беларусі ўжо пасля страты Вільні зрабіў у канцы жніўня — пачатку верасня падпалкоўнік Стафан Грабоўскі. 17 жніўня яго амаль дзвюхтысячны аддзел з дазволу М. Вяльгорскага каля Івянца ўвайшоў у «закардонную» Меншчыну. Планаваўся захоп Менска. Але і гэтым разам удача адвярнулася ад паўстанцаў, бо непрыяцельскі гарнізон у Менску атрымаў значнае падмацаванне. Тады, сышоўшы з ракаўскага гасцінца, аддзел Грабоўскага ў абыход горада праз Койданаў рушыў да Пухавічаў. Па дарозе паўстанцы грамілі расейскія каманды, разбуралі масты, рабілі засекі на дарогах. Паводле сведчання начальніка расейскага войска ў Вялікім Княстве Літоўскім М. Рапніна, у паўстанцаў не было праблемаў з забяспечаннем харчаваннем і фуражом. Па дарозе амаль на паўтары тысячы чалавек папоўніўся лік «грабоўчыкаў». (У аддзеле С. Грабоўскага быў спецыяльны ўпаўнаважаны Цэнтральнай Дэпутацыі Вялікога Княства Ц. Саванеўскі і, відаць, па прыкладзе рэвалюцыйнай Францыі «камісар» Ю. Козел. У іх задачу якраз і ўваходзіла арганізацыя паспалітага рушання сярод мясцовай шляхты і сялянства.) Мясцовае насельніцтва спрыяла іх маршу. І гэта больш за ўсё непакоіла Рапніна, які наогул не мог уцяміць «дерзостного стремления сих мятежников». А тыя яшчэ на вайсковай радзе ў Пухавічах вырашылі ісці ўглыб Беларусі: або «прапасці», або ажывіць згасалае паўстанне.

30 жніўня аванград паўстанцаў дайшоў да Бабруйска. Начным нападам горад быў заняты, а мясцовы гарнізон знішчаны. Ад Бабруйска Грабоўскі павярнуў назад, намерваючыся захапіць Слуцак. Але пад Любанем шлях яму з чатырохтысячным войскам перагарадзіў генерал Цыцыянаў. 4 верасня раніцою пачалася бітва, якая ішла цэлы дзень. Пры гэтым Грабоўскі апынуўся там амаль без пяхоты і значнай часткі конніцы, якія не паспелі напярэдадні пераправіцца цераз раку Арэсу. Паўстанцы біліся мужна, але сілы былі занадта няроўныя. З часткай свайго аддзела на 250 чалавек С. Грабоўскі вымушаны быў капітуляваць.

Сам Касцюшка рэйд Грабоўскага на той час не лічыў неабходным. Даведаўшыся пра яго, ён запатрабаваў, каб паўстанцы выйшлі з «расейскага кардону», адцягнулі свае сілы пад Берасце і Горадню. Тым не меней, той факт, што на нейкі час аддзелу Грабоўскага ўдалося адцягнуць на сябе да 4 тысяч расейскага войска на Беларусі, ужо сведчыў сам за сябе.


Загрузка...