Гэта было маё першае і апошняе старшыняваньне ў Камітэце па Дзяржаўных прэміях. Ведаючы, што за 1994 год указ аб лаўрэатах ужо будзе падпісваць новасьпечаны пан начальнік дзяржавы — я загадзя падаў у адстаўку. Хоць толькі адзін раз віншаваў лаўрэатаў у якасьці старшыні Камітэту, але з чыстай радасьцю, бо званьне атрымалі годныя. Прэмію імя Янкі Купалы — Сяргей Законьні­каў і Алесь Звонак (на 86-ым годзе, вязень ГУЛАГу, уважыць паэта раней не дадумаліся!); прэмію імя Якуба Коласа — Сяргей Грахоўскі, Алесь Жук і Васіль Сёмуха; прэмію імя Кастуся Каліноўскага — Мікола Ермаловіч; за творы для дзяцей — Яраслаў Пархута; у галіне тэатральнага мастацтва — М. Пінігін, В.Манаеў, У. Кур’ян і У. Кін-Камінскі за сьпектакль «Тутэйшыя»; а яшчэ славутыя мастакі Э. Агуновіч і М. Селяшчук... Але было і тое, аб чым дагэтуль успамінаю са шкадаваньнем: Камітэт адхіліў дакументальны фільм кінарэжысёра В. Дашука. Мой грэх у тым, што паддаўся думцы многіх, якія даказвалі, што гэта ня лепшы твор таленавітага аўтара.

***

Бачачы ашалелае супраціўленьне асімілятараў-русіфікатараў курсу на нацыя­нальна-культурнае адраджэньне Беларусі, найперш — курсу на пашырэньне ў грамадскім ужытку беларускай мовы, нашая Камісія, сумесна з сакратарыятам ТБМ, прыняла рашэньне заклікаць патрыётаў Беларусі выступіць у абарону роднай мовы, а менавіта — падаць свой голас лістом ці тэлеграмай у Вярхоўны Савет. Водгук грамадскасьці перавысіў нашыя спадзяваньні: кожны дзень пош­та пачала прыносіць дзясяткі лістоў і тэлеграмаў. Ды якіх палымяных, якіх зьмястоўных, разумных, пераканаўчых! Сама сабою набегла думка — выдаць іх брашурай, ладным накладам, каб і кожнаму дэпутату даць — так бы мовіць, для «патрыятычнага выхаваньня», і пусьціць у продаж праз кнігарні. Укладаньне і напісаньне прадмовы было даручанае старшыні Камісіі. Летам 1993-га брашура пад назвай «Голас народа — голас божы» была аддрукаваная накладам 10 тысячаў асобнікаў. Але лісты і тэлеграмы ў Вярхоўны Савет працягвалі ісьці — і праз колькі месяцаў я склаў з іх яшчэ адну кніжыцу — пад назвай «Мы не просім — мы патрабуем!..» Яна выйшла ў сьвет накладам 5 тысячаў асобнікаў ужо ў наступным, 1994-м годзе, у канцы лютага, якраз перад прыняцьцем Канстытуцыі з артыкулам аб статусе беларускай мовы. У абедзьвюх брашурах зьмешчана больш за 200 лістоў і тэлеграмаў. Гэта была сапраўдная народная публіцыстыка, чытаць якую без хваляваньня немагчыма — столькі ў ёй неспакою, трывогі, болю, пратэсту, надзеяў і спадзяваньняў. І мне здавалася, што гэтага балючага і гнеўнага голасу народу не перакрые і не заглушыць ніхто, што яго абавязкова пачуюць і паслухаюцца, бо пабаяцца не паслухацца і з’ігнараваць. Складаючы гэтыя кніжачкі, я радаваўся і ганарыўся нашым народам, да спазмаў у горле — ганарыўся, і быў упэўнены ў незваротнасьці працэсу адраджэньня, і ў прадмоўцы «Сведчанне волі народа» узьнёсла пісаў: «...Тое, што здарылася ў 30-я, калі спроба беларускага нацыянальнага адраджэньня была бязьлітасна задушана, цяпер не паўторыцца. На гэты раз беларускі народ свой гістарычны шанц ня ўпусьціць. Яго душа высьпела, а воля дастаткова падужэла. Красамоўнае сьведчаньне гэтага — сотні пісем і тэлеграм выбаршчыкаў у Вярхоўны Савет Беларусі...»

Так: іначай тады думаць не хацелася. Волю народу, які пасьпеў уздыхнуць свабодна, зламаць ня ўдасца! Хоць да канчатковай перамогі яшчэ, на жаль, далёка. Ворагі беларушчыны яшчэ зусім не зьбіраюцца «скласьці зброю». О, не!

На пачатку 1994-га ў зале пасяджэньняў Вярхоўнага Савету меў месца адзін нязначны, але цікавы і паказальны эпізод. Ідучы раніцой да свайго месца ў зале, я ўбачыў, што на многіх крэслах ляжыць невялікі, на чвэрць аркуша, лісток. І на маім крэсьле — таксама. Падумаў: нешта афіцыйнае, з Сакратарыяту. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі на лістку я ўбачыў свой верш «Пакуль ня позна», два дні назад апублікаваны ў «Народнай газеце». Верш акуратна, без памылак, перадрукаваны на машынцы і памножаны на ксераксе. Вось яго апошнія дзьве страфы:

Ці, звыкшы несьці крыж пакутны,

Мы так і будзем жыць-цярпець,

Пакуль наш дух, калісь магутны,

Не перастане нават тлець?

Дык не маўчыце ж! Станьце грозна

Жывой сьцяной, у поўны рост —

І рушце ўсе, пакуль ня позна,

За вольны край, за новы лёс!

Пад вершам было дадрукавана: «Дык вось хто падбухторвае народ!» Прачытаў — і ўсьміхнуўся. «Ну, хай будзе — «падбухторвае». Хоць дакладней — я за­клікаю. І ня першы раз. І буду заклікаць, панове-таварышы, буду! Маўчаць, шаноўныя, ня маю права.»

Прадметам абмеркаваньня ў зале эпізод ня стаў, на трыбуну з гэтай прычыны ніхто ня вылез. Ініцыятары зразумелі: ім жа нявыгадна.

***

У Вярхоўным Савеце тым часам абазначыліся дзьве галоўныя кропкі прыкладаньня сілаў, яны ж — і дзьве галоўныя інтрыгі. Першая — падрыхтоўка новай Канстытуцыі, Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая павінна заканадаўча замацаваць вялікія гістарычныя заваёвы беларускага народу. Другая — падрыхтоўка «дварцовага перавароту». Паглыбленьне і абвастрэньне процістаяньня патрыётаў-дэмакратаў, непахісных незалежнікаў на чале са сьпікерам С. Шушкеві­чам і — рэваншыстаў-эсэсэсэрнікаў, апантаных інтэгратараў на чале з прэм’ерам ураду В. Кебічам уступіла ў стадыю адкрытай варажнечы. Вось такія дзьве «падрыхтоўкі», фармальна — нібыта дзьве «паралельныя прамыя», а насамрэч — зусім па-жывому сплеценыя і ўзьвязаныя між сабой. Спачатку — пра гэтую другую інтрыгу, пра курс на «дзяржаўны пераварот».

Радкі з «Дзёньніка»:

(15.9.1993): «Цэлы дзень «празасядаў» на Прэзідыуме. Абстаноўка напальваецца. Дзьве хвіліны гаварыў і я. «Агульную рублёвую зону» і «агульную грашовую сістэму» безагаворачна кваліфікаваў як першы крок да ліквідацыі дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі — прычым такі крок, пасьля якога ўжо ніякіх ілюзіяў не застанецца. Гаварыў гэта пры мёртвай цішыні ў зале. «Што мы робім выгляд, быццам не разумеем, што гэта значыць?! — з гэтага пытаньня пачаў, ім жа і закончыў». (Праз дзясятак гадоў С. А. Багданкевіч па радыё «Свабода» скажа: «Адзін Ніл Гілевіч змагаўся за беларускі талер».)

(16.9.1993): «Сітуацыя ў Расіі разьвіваецца вельмі нядобра, і падобна на тое, што яе ўжо мірным шляхам не адрэгуляваць.

Заходзіў Вярцінскі. Гаварылі пра гэтак званы Зьезд народу Беларусі, пра абвастрэньне становішча ў Беларусі, пра нападкі на Шушкевіча, пра здрадніцкую пазіцыю Ураду».

(18.9.1993): «Слухаў раніцой па радыё частку выступленьня Шушкевіча — яго водпаведзі Кебічу. Малайчына! (...) Ну, а ўвогуле — пачалося! Такой пікіроўкі паміж Ш. і К. яшчэ не было.

У Беларусі нарастае... дзяржаўны пераварот. Не сумняваюся, што дзеля гэтага «Саюз афіцэраў Беларусі» аб’явіў сябе палітычнай арганізацыяй (да сёньня быў дабрачынна-грамадскай)».

Пераварот адбыўся 26 студзеня 1994 году. Без удзелу Саюза афіцэраў. С.С.Шушкевіча скінулі з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету — вышэйшай дзяржаўнай пасады ў Беларусі — дэпутаты, — тыя самыя, што ў свой час яго і выбралі. В. Кебіч з хаўрусьнікамі ў дэпутацкім корпусе арганізаваў механізм перавароту найлепшым чынам: сказаў паставіць на галасаваньне, на прадмет аказаньня ці не аказаньня даверу — дзьве кандыдатуры: і яго, і Шушкевіча, наперад ведаючы (падлічылі, папрацавалі), што Шушкевіч «праваліцца», а ён — пройдзе. Так і сталася. Такая была расстаноўка сілаў у авальнай зале. Будзем помніць, дарэчы, што супроць Шушкевіча былі і многія дэмакраты, не маглі яму дараваць зрыў рэферэндуму ў 1992 годзе, мэтай якога было правядзеньне новых, поўнасьцю дэмакратычных, выбараў у Вярхоўны Савет. Праўда, не зразумела, на што цяпер дэмакраты разьлічвалі: што замест Шушкевіча сьпікерам выберуць каго-небудзь з іх? Але ж гэта — звышнаіўнасьць!.. Бясьпечна, вельмі бясьпечна паставіўся Станіслаў Станіслававіч да той інфармацыі аб блізкім перавароце, якою валодаў. У яго быў час, былі магчымасьці не дапусьціць вынясеньня на сесію пытаньня аб даверы, для чаго трэба было здорава папрацаваць з людзьмі, з дэпутатамі, з міністрамі, а ён, падобна, махнуў рукой — маўляў: марныя іх намаганьні. Ад празьмернай самаўпэўненасьці, ці што?

Адразу ж, як «зьедзены» Шушкевіч (можна ўявіць яго настрой) схапіў машыну і паехаў дадому, у пакоі за сьцяной сабраўся Прэзідыум — каб тэрмінова падабраць кандыдатуру на пасаду Старшыні ВС і прапанаваць зале на зацьвярджэньне. Пачалі па-парадку, па кругу, як сядзелі, апытваць: «Вашая прапанова?» Я быў ці не другім у гэтым крузе і замест адказу спытаў: «Можа, спачатку абмяркуем, як гэта здарылася, чаму мы дапусьцілі, каб так неразумна застацца без старшыні?» Было паўхвіліны маўчаньня. Ухмылак на тварах ня бачыў, але адчуваў іх. Знайшоў у каго спытаць. Гэта было маўчаньне змоўшчыкаў-пераможцаў. А затым разважлівы генерал Грыб сказаў: «Ну, здарылася, дык здарылася, назад ужо не адробіш. Трэба выбіраць новага...» Было бачна: ніхто ні трохі не засмучаны тым, што адбылося. Радасьці не выказвалі, але і засмучэньня ці разгубленасьці — ні знаку. Значыць, гэтага чакалі, ведалі, што так будзе (можа, і ня ўсе, але бальшыня — напэўна). Бальшыні Шушкевіч не падабаўся. Ня з іх гурту, не з партыйна-савецкай наменклатуры. Прафесар, навуковец, а галоўнае — нацыяналіст, да таго ж — гне і верне на Захад, з Клінтанам сябраваць хоча. Во — толькі што ў Беларусь прыцягнуў, без нашае згоды. Удумацца: прэзідэнт ЗША ў Беларусі — бяз згоды Крамля! Ну не! Гэткі Старшыня ВС нам не патрэбен!..

Праз колькі дзён на пасаду сьпікера была прапанаваная зале кандыдатура генерала міліцыі М. І. Грыба. Прайшоў, як па масле!..

***

Пасьля гэтага ВС і яго Прэзідыум ушчыльную заняліся Канстытуцыяй — з разьлікам, што да 15-га сакавіка яна павінна быць прынятая. Фактычна тэкст новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь быў гатовы, рабіліся апошнія ўдакладненьні. Галоўнымі ў новым асноўным Законе краіны былі тры сапраўды новыя і архіважныя, лёсавызначальныя палажэньні: 1) дзяржаўная незалежнасьць, 2) дзяржаўная мова (адна ці дзьве?), 3) прэзідэнцкая форма кіраваньня. Калі на сесіі пачалося паартыкульнае абмеркаваньне і галасаваньне — артыкул аб поўнай дзяржаўнай самастойнасьці і незалежнасьці Беларусі пярэчаньняў ня выклікаў (Артыкул 1).

Артыкул 17 — аб дзяржаўнай мове Рэспублікі Беларусь — абмяркоўваўся і прымаўся пры надзвычайным процістаяньні поглядаў і пазіцыяў. Шанц адстаяць беларускую мову ў якасьці адзінай дзяржаўнай з кожнай хвілінай зьмяншаўся і зьмяншаўся, і нарэшце ўсё завісла на валасінцы: перамагала «двухмоўе», — перамагала агідная, сьляпая Вандэя. Канстытуцыйная Камісія не прыдумала нічога лепшага, як зусім зьняць артыкул аб дзяржаўнай мове. Гэта азначала, што ў Канстытуцыі беларуская мова ня будзе ўзаконеная як адзіная дзяржаўная, што яна застанецца такой у фармаце існуючага Закону аб мовах, які заўсёды можна будзе лёгка перакантаваць на дзьве дзяржаўныя. Свой апошні зварот да дэпутатаў я пракрычаў у залу ўжо амаль ня помнячы сябе. «Народная газета» назаўтра зазначыла, што слова дэпутата Н. Гілевіча прагучала «На апошняй ноце стрыманасьці». Стэнаграма захавала гэны мой роспачны, на мяжы нярвовага зрыву, крык.

«Гілевіч Н. С. Шаноўныя дэпутаты! Нельга, калі мы не прыйшлі да згоды, адразу прымаць такое рашэньне, якое зьдзівіць цэлы сьвет. Я зьвяртаюся да ўсіх прысутных: давайце мы яшчэ раз — хоць ужо былі галасаваньні, адзін раз 204 набралі, учора менш, — і ўсё ж такі давайце вернемся да гэтага варыянту і прагаласуем яшчэ раз. Я зьвяртаюся да нашых рускіх братоў, — у гэтай зале, у дэпутацкім корпусе вас 70 чалавек. Зьвяртаюся да вас, браты нашы палякі, украінцы, яўрэі, — вас тут больш за 20. Падтрымайце вы перш за ўсё! Не бярыце грэх на душу! (...) Памажыце сёньня, у гэты гістарычны, у гэты лёсавызначальны момант нам — памажыце! Калі гэта ня будзе зроблена — гэта пасее ў краіне страшную смуту. Вы ня думайце, што маладыя беларусы, маладыя людзі прымуць гэта і зьмірацца з гэтым. Пачнецца вялікая смута на нашай зямлі! Не рабіце гэтага! (...) Я зьвяртаюся да ўсіх беларусаў, у каго з вас жыве памяць пра вёску, дзе вы нарадзіліся, пра мову вашых бацькоў. У такім разе я заклікаю вас — не галасаваць за Канстытуцыю наогул! Не галасаваць зусім за Канстытуцыю!..

Старшыня: Паважаныя народныя дэпутаты, я прашу вас супакоіцца! Я зьвяртаюся да ўсіх».

Так, сапраўды, зала наэлектрызавалася і шумела-гаманіла на ўсе галасы. Яшчэ многія бралі з месца слова ў падтрымку «адзінай дзяржаўнай беларускай» з прапановай — «ну давайце прагаласуем яшчэ раз». Сёй-той напэўна і з разьлікам: правалім і ў трэці раз, — калі ўжо дэпутат Н. Г. так хоча перагаласаваньня. Да мяне падсеў аўтарытэтны сярод дэпутатаў ад грамадскіх арганізацыяў (ад пенсіянераў) высокі кашчавы генерал Гетц і спытаў: «Ну вы хоць згодны даць рускай мове ў Беларусі статус мовы міжнацыянальных зносінаў?» Я ведаў, што ў прыбалтыйскіх дзяржавах руская мова такога статусу не атрымала, але ведаў, разумеў і тое, што мы не Прыбалтыка, і таму адказаў: «Згодзен». І дзіва дзіўнае: дэпутат-генерал сказаў некалькі слоў у падтрымку таго варыянту, які, ўрэшце рэшт, і быў запісаны ў Канстытуцыі: «Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь зьяўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забясьпечвае права свабоднага карыстаньня рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносінаў».

У маім жыцьці было некалькі сапраўды шчасьлівых дзён. Першы — калі пасьля трох гадоў нямецкай акупацыі, жыцьця пад пастаянным страхам сьмерці, я сустракаў у ліпені 1944-га «нашых» («Нашы ідуць! Гэй-гэй! Нашы ідуць!»), разумеючы, што вайну перажыў, ацалеў, не загінуў. Другі — калі ўлетку 1946-га ўбачыў у часопісе «Бярозка» свой першы надрукаваны верш. Трэці — калі ўступіў у шлюб з каханай дзяўчынай. Чацьверты — калі нарадзіўся сын. Быў і яшчэ адзін дзень — калі 26 студзеня 1990 году быў прыняты Закон аб мовах, паводле якога беларуская мова абвяшчалася адзінай дзяржаўнай у Беларусі. Але тады Закон прымаўся простай большасьцю галасоў у Вярхоўным Савеце, ды і сама Беларусь была яшчэ савецкай рэспублікай, а не самастойнай незалежнай дзяржавай. І вось, нарэшце, беларуская мова запісана як адзіная дзяржаўная ў Канс­тытуцыі суверэннай незалежнай Беларусі. Надыйшоў і гэты Доўгачаканы Вялікі дзень. Сталася самае радаснае, самае запаветнае, аб чым марылі многія пакаленьні верных сыноў і дачок Беларусі. Свая дзяржава — і свая дзяржаўная мова! Па Канстытуцыі! Па асноўным Законе краіны! Нікому больш ня кланяемся, нікога не баімося! Самі сабе гаспадары! І роднае слова таксама будзе ад гэтага часу гаспадарыць паўсюдна і скрозь — па ўсёй Беларусі! Ад гэтага часу — і на вечныя векі!..

Так пачуваўся я, выходзячы з Дому Урада, у той шчасьлівы дзень на пачатку вясны, так думалася мне, так верылася, так дыхалася. І не хацелася, аніяк не хацелася думаць і дыхаць іначай! Вядома ж, гэта быў міг узьлёту да нябёс — міг адключэньня ад рэчаіснасьці. Але калі ты маеш жывую душу і сэрца, — такі настрой доўга трываць ня можна. І ён закончыўся літаральна праз ноч, бо рэчаіснасьць мяне чакала ўжо назаўтра ж у зале. Сесія падступала да пытаньня аб прэзідэнцтве — пытаньня, якое мяне турбавала і трывожыла надзвычай. Усё ў ва мне пратэставала супроць прэзідэнцкай формы кіраваньня дзяржавай, усё падказвала, што для нас. для Беларусі, — гэта шлях пагібельны. І на двух пасяджэньнях Прэзідыуму — ужо ў апошні месяц я рашуча выказаўся супроць. Але са мной пагадзіўся адзін А. В. Сасноў, усе астатнія члены Прэзідыуму ВС як бы і не зрэа­гавалі — маўляў «дзівак — паэт, што ён патрабуе? Ды мы ўжо рыхтуемся віншаваць Прэзідэнта, нам ня церпіцца хутчэй падкінуць яго на руках угору, бо ён будзе наш. Мы ўжо ведаем — хто!..» Праўда, як паказаў найблізкі час, адны ведалі і зьбіраліся віншаваць аднаго, другія — зусім іншага. Адны прамахнуліся адразу ж — у дні выбараў прэзідэнта, другія — трохі пазьней, але больш драматычна і нават трагічна...

З увагі на надзвычайную важнасьць пытаньня, галасаваньне за тры разьдзелы аб прэзідэнцтве праводзілася па імянных бюлетэнях. Каб ведаць «злачынцаў» — праціўнікаў прэзідэнцкай формы кіраваньня — паімённа. Вечарам на тэлебачаньні старшыня падліковай камісіі дэпутат В. І. Ганчар абвясьціў вынікі галасаваньня. «Супраць» прагаласавалі дэпутаты апазіцыі начале з З. Пазьняком і... дэпутат Н. Гілевіч. Ганчар палічыў патрэбным даць свой высакамерна-іранічны каментар да майго «супраць». Гэта ж трэба: член Прэзідыуму, старшыня пастаяннай камісіі ВС — і такі недарэка, такі палітычна непісьменны! Ах, мілы, мілы Віктар Іосіфавіч, сумленны і мужны чалавек! Як табе хацелася, табе і некаторым тваім сябрам, каб у Беларусі быў прэзідэнт! Ды не прадстаўнічы, як у Германіі (ці як каралева ў Англіі), а надзелены ўсёй паўнатой улады кіраўнік дзяржавы. Хацеў бы я сёньня паўспамінаць з табою тыя дні, але — дзе ты?

Назаўтра супрацоўніца газеты «Наша слова» Ірына Крэнь узяла ў мяне вялікае інтэрв’ю наконт апошніх падзеяў у Вярхоўным Савеце (было апублікаванае ў нумары за 30 сакавіка).

Пытаньне: «Якія Вашы палітычныя прагнозы на бліжэйшы час? Чаго нам далей чакаць ад Вярхоўнага Савета, калі Канстытуцыя прынята цалкам?»

Адказ: «Цяпер, відавочна, будзе яшчэ прыняты закон аб прэзідэнцкіх выбарах, і з той хвіліны, як ён будзе прыняты, пачнецца барацьба за пасаду прэзідэнта. Нічога добрага ад гэтай барацьбы я не чакаю. Асабіста я супраць прэзідэнц­кай формы кіраваньня, таму і не галасаваў імянным бюлетэнем за тры разьдзелы Канстытуцыі. Нам лепш мець формай дзяржаўнага кіраваньня парламент, дзе, дасьць Бог, збярэцца дастаткова сьветлых разумных галоў, якія і будуць вы­працоўваць законы, а ўрад будзе строга гэтыя законы выконваць. Баюся, што прэзідэнт у нас хутка ператворыцца ў таго «бацьку з палкай», пра якога яшчэ Аляксей Талстой у сваёй «Истории государства Российского...» пісаў, маючы на ўвазе Пятра I: «Он молвил: мне вас жалко, Вы сгинете вконец. Но у меня есть палка, И я вам всем отец!» Пры нашым узроўні культуры і грамадскай маралі атрымаць такога «бацьку з палкай» — небясьпека зусім рэальная. (...) Баюся, што ў нашай сёньняшняй сітуацыі пераможа на прэзідэнцкіх выбарах той, хто ўсю сваю прадвыбарную праграму пабудуе на сьпекуляцыі сацыяльнымі бедамі нашых людзей, на сацыяльнай дэмагогіі. Нічым так лёгка не заваюеш душу і сэрца беднага, няшчаснага паўгалоднага чалавека, як сацыяльнай дэмагогіяй. Мы ведаем гэта з гісторыі.» І далей: «Ёсьць небясьпека, што ў нас на прэзідэнцтва можа прабіцца вельмі нядобры чалавек, які ў сацыяльнай дэмагогіі стрымліваць сябе ня будзе, абяцаньняў будзе даваць шмат: «Вот давайце зломім-скрышым гэтых баламутаў-дэмакратаў, расправімся з імі канчаткова, навядзем парадак, і ўсё ў нас будзе выдатна!» А на аснове чаго будзе гэтае «выдатна»? На аснове тэрору? Калі ня будзе каму сказаць слова праўды, тады лёгка будзе здаць краіну з усімі яе багацьцямі суседняй дзяржаве».

Гэта гаварылася задоўга да вылучэньня кандыдатураў на прэзідэнта, калі ніякія імёны, апрача Кебіча, Шушкевіча і Пазьняка, яшчэ не называліся.

Праз два гады адна з беларускіх газетаў у ЗША надрукуе, а менская газета «Свабода» перадрукуе нататку пад загалоўкам «Ніл Гілевіч як у ваду глядзеў». У нататцы ўспаміналіся першыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі і давалася характарыстыка дзейнасьці першага ўсенародна абранага.

Пасьля прыняцьця Канстытуцыі (з разьдзеламі аб прэзідэнцтве») у Вярхоўным Савеце ўсё закруцілася ў адзін бок — насустрач прэзідэнцкім выбарам: скарэй, скарэй выбраць свайго сябра ці аднадумца начальнікам дзяржавы! Усе іншыя пытаньні законатворчасьці і жыцьцядзейнасьці дзяржаўнага арганізму як бы страцілі сваю значнасьць, актуальнасьць і на нейкі час былі адсунутыя ў цень. Пытаньні, якімі перадусім жылі я і мае паплечнікі-адзінаверцы, спадароў дэпутатаў і членаў прэзідыуму ВС не цікавілі, а тым больш не хвалявалі. Пераканаўся ў гэтым, калі рабіў (18 траўня) свой апошні ў будынку Вярхоўнага Савету даклад. Тэмай даклада было — выкананьне «Закону аб мовах у Беларускай ССР». Думалася і верылася, што замацаваньне ў новай Канстытуцыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай паслужыць моцным імпульсам для выкананьня Закону аб мовах, для больш інтэнсіўнага разгортваньня працы ў гэтым кірунку. Як ніяк, а ўсё ж ізноў, ужо ў другі раз пасьля 1990 году, асноўны Закон краіны надаў Роднаму Слову дзяржаўную годнасьць. Трэба абавязкова скарыстаць гэтую сітуацыю, гэты гістарычны шанц! Даклад я падрыхтаваў досыць грунтоўны, амаль на дваццаць старонак, з мноствам фактаў-доказаў, як кепска ажыцьцяўляецца ва ўсіх сферах і на ўсіх узроўнях Закон аб мовах, як выканаўчыя ўлады адкрыта яго ігнаруюць, фактычна ўчыняюць сабатаж, сьвядома падтрымліваюць антыбеларушчыну. Якое ж было маё расчараваньне і за­смучэньне, калі я адразу ж адчуў і ўбачыў, што члены прэзідыуму мой даклад ня слухаюць — усе перашэптваюцца між сабою пра штосьці сваё, або нешта крэмзаюць у нататніках, пазіраюць на гадзіньнікі і нецярпліва ёрзаюць на крэслах, усім сваім выглядам даючы знаць: Канчай! Годзе! Нас гэта не цікавіць! Да выбараў Прэзідэнта засталося крыху больш за месяц — і трэба думаць пра гэта, а не пра беларускую мову!.. Закончыў даклад — і каб табе адно пытаньне ці хоць адна якая прапанова. Усё зразумела, усё ясна. Трыбуну пакінуў з вялікім цяжарам на душы. Пастанова па дакладу была прынята фармальная, «адпісачная». У сэнсе — напомніць Міністэрствам, Ведамствам і Выканкамам, што Закон аб мовах неабходна ажыцьцяўляць.

Нейкае нядобрае, трывожнае прадчуваньне, зарадзіўшыся, пакуль яшчэ стаяў за трыбунай і сьпяшаўся дагаварыць даклад, цяпер разрасталася ў душы, запаўняючы яе даастатку. Гэтая абыякавасьць калегаў да найбалючага, да найгалоўнага, да лёсавызначальнага — нічога ўцешнага абяцаць ня можа, і калі яе не пераадолець, калі яе не пазбыцца — нас чакае самае горшае. Бо абыякавасьць — маці паразы.

Праз колькі месяцаў, у першыя дні верасьня, прынародна, з самай высокай дзяржаўнай трыбуны прагучала «навуковая» і палітычная «мудрасьць», якой і трэба было чакаць. А менавіта, на ўсю краіну было заяўлена, што для нашых паслуг ёсьць дзьве выдатныя, дасканала-разьвітыя, вялікія мовы — руская і англійская, на іх можна выказаць самыя глыбокія і складаныя думкі, а беларускаю моваю іх ня выкажаш, бо яна бедная, убогая, прымітыўная, і значыць — нічога ня вартая. Уся лепшая, элітная частка беларускай інтэлігенцыі проста не магла даць веры, што гэтая «мудрасьць» сапраўды прагучала, і была на нейкі час страшэнна агаломшана, каб не сказаць — паралізавана. Вось і спраўдзілася маё нядобрае, трывожнае прадчуваньне: у дзяржаве бярэцца курс на ліквідацыю дэмакратычных заваёў у галіне нацыянальна-моўнай палітыкі. Будзем вяртацца назад, у мінулае, да таго, што было — пры Сталіне, пры Хрушчове, пры Брэжневе, адпаведна — пры Панамарэнку, пры Патолічаве, пры Мазураве і іншых правадырах нацыі. Што будзе насоўвацца на наш беларускі небасхіл далей — прадбачыць ужо было няцяжка. І яно насунулася. І году не прайшло, як па волі ўсенародна-няшчаснага плебісцыту дзяржаўнымі ў Беларусі былі абвешчаныя дзьве мовы — апрача беларускай, і руская. А гэта азначала (і гэта разумелі нават школьнікі), што ў рэальнасьці дзяржаўнаю мовай у краіне становіцца адна — руская. Як і было задумана, як і планавалася па геапалітычнай стратэгіі Крамля.

***

Мінула дзевяць гадоў ад таго часу, як уся ўлада ў краіне — ні трохі нічым не абмежаваная, нават сумленьнем — апынулася ў руках аднаго чалавека. Дзевяць гадоў жыцьця — па ўказах і дэкрэтах, якія маю найсьветлую, найдарагую мару ўсё больш і больш ссоўвалі на мяжу роспачы. Маю — і нашага добрага, сьціплага, вытрывалага народу. Так, на працягу апошніх дзевяці гадоў пад небам нашай ціхамірнай Бацькаўшчыны адбываліся такія зламысныя падзеі, што нярэдка сапраўды было ўжо зусім блізка да роспачы. І аднак жа — надзея не пагасала, сьвяцілася, паблісквала — хоць як тая жывая жарынка ў цемры начы на датлелым, ачахлым вогнішчы. Не пагасла — і не пагасьне. Насуперак і наперакор усім нягодам.

У апошні час я шмат разоў сустракаўся і працягваю сустракацца з беларускай моладдзю — школьнікамі, навучэнцамі каледжаў, ліцэістамі, студэнтамі. І што ж бачу-заўважаю, што адчуваю-чую, што ўлаўліваю — як біятокі — ўсёю сваёю істотай? А тое — што Беларусь жыве і будзе жыць. З усім тым, што ёй належыць. І ў першую чаргу — са сваёй уласнай мовай — адной з самых прыгожых, самых жыцьцяздольных і самых персьпектыўных моў у сьвеце. Бачу і адчуваю гэта па тым, як маладыя людзі ня проста цікавяцца, а горача, і нават апантана горача жывуць яе лёсам — лёсам роднага слова.

Па тым, як выходзіць з грамады сяброў-аднакласнікаў падлетак гадоў пятнаццаці ці шаснаццаці і дэкламуе верш «Першая клятва», асабліва акцэнтуючы зьмест яго апошняй страфы:

А задумае вораг з чужога далёкага краю

Адабраць у мяне, зьнішчыць родную мову маю —

Не дазволю.

Ня дам.

Не прадам.

Не зьмяняю.

І да сьмерці за волю тваю пастаю.

Аўтару, калі ён у сакавіку 1947-га даў сабе і Радзіме гэтую клятву, было пятнаццаць з палавінай. Быў якраз у гэткім жа падлеткавым узросьце — самым парыўным да волі, да сьвятла, да праўды, самым акрыленым верай у будучыню.

***

На гэтым свой абрыс пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары я дачасна абрываю. Так распарадзіўся лёс. 24 ліпеня 2003 году ў маім асабістым жыцьці сталася вялікае гора: пасьля страшна пакутнай хваробы адышла на вечны спачын мая Ніна Іванаўна — мілая, любая жонка, нястомная, самаахвярная памочніца, мужная спадарожніца ў маіх жыцьцёвых клопатах і нягодах, чалавек на рэдкасьць жыцьцерадаснай, адухоўленай натуры, высакароднай, добрай і шчодрай душы, глыбокага, жывога, дасьціпнага розуму. Да сьвятасьці верная роднай мове патрыётка Беларусі, яна была прыродна таленавітым філолагам, дасканалым стылістам, мела надзвычай тонкае адчуваньне слова, а яшчэ і бездакорную памяць — і ў гэтых адносінах яе мне падмога была проста неацэнная. Увогуле ж, яна значыла ў маёй творчай самарэалізацыі так шмат, што цяпер, калі яе ня стала, я пачуўся катастрафічна бездапаможным. Тое лепшае, на што я быў здатны як пісьменьнік і грамадзянін, я мог рабіць таму, што побач была яна, яе слова, моц яе волі, нябесная чысьціня яе душы, яе вернасьць свайму паэту, яе сьвятасьць служэньня ідэі — нашай з ёю ідэі, нашай з ёю мары. Цяпер — усё рухнула. Усё. «Кар’ера» закончаная. Гэта і ёсьць прычына таго, што свой «абрыс пройдзенага шляху» я давёў толькі да сярэдзіны 90-х гадоў і пакідаю незавершаным. Усё перажытае мною «між роспаччу і надзеяй» — перажыта разам з ёю як адно непадзельнае жыцьцё, адзін лёс, і весьці апавяданьне далей — без яе прысутнасьці, без яе голасу побач, без яе рукі на маім плячы — не магу: зусім ня стала жаданьня. Як бы раптам страціўся сэнс усяе гэтае задумы. Спадзяюся, Усёлітасьцівы Бог мне даруе. Ну, а сябры-чытачы хай прабачаць, калі заўчасна пастаўленая ў гэтай споведзі кропка каго-небудзь з іх крыху засмуціла.


1998, 2001-2003


Загрузка...