Здарэнне з дзедавым скакуном

Атрад спыніўся на стаянку ў густым непраходным лесе. Ніякаму немцу сюды не дабрацца. Паабапал глухія балоты, дзе толькі дзікая птушка праляціць ды лесавая звярушка з купіны на купіну пераскочыць. Партызаны выкапалі зямлянкі, паставілі шалашы ад дажджу.

На векавой сасне, якая ўзнімалася над усім лесам, ставілі наглядчыкаў па чарзе. На сасне было буслава гняздо, вельмі зручна было чалавеку хавацца пад ім. І вельмі часта забіраўся туды Міколка і, прыслухоўваючыся да буславага клёкату, назіраў за лесам, сачыў за дальнімі дарогамі, якія відаць былі адсюль як на далоні. Часам прыходзілі сяляне і скардзіліся, што іх толькі-толькі абрабавалі немцы. Кідаліся ўслед партызаны, наганялі немцаў, раззбройвалі, адбіралі назад сялянскае дабро.

А кожнае ночы частка партызан рабіла налёт на маёнткі, давала «перцу» панам. Дзед Астап ездзіў часам з другімі партызанамі на разведку. Ён ужо нядрэнна трымаўся на кані, добра налаўчыўся страляць, седзячы на кані, з карабіна. Але адно, што турбавала дзеда, гэта яго няўменне абыходзіцца з шабляй. І так і гэтак практыкаваўся ён, але нічога не выходзіла. І нават тонкі дубец не паддаваўся адразу дзедавай шаблі.

— Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца… Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі… — скардзіўся ён часам на сваё няўмельства Міколку.

І гэта, на яго думку, падрывала яму крыху аўтарытэт як слаўнага кавалерыста-рубакі. Але дзед не здаваўся. Ён усё намагаўся прылаўчыцца да шаблі. Цэлымі гадзінамі сек лазовыя дубцы. Сек, праўда, у пешым страю. Нават дровы налаўчыўся шабляй сеч. Але калі толькі садзіўся на каня, усякі спрыт на шаблю праходзіў. А калі ўрэшце адважыўся дзед папрактыкавацца на кані, выйшаў адзін толькі канфуз. Разагнаў ён каня, выхапіў маладзецкі шаблю і ну ёю махаць, каб ямчэй секануць па бярэзіне. Размахнуўся з усіх сіл, крактануў ды як секане, аж конь на дыбы ўзвіўся. Зірнуў тут дзед, а ў каня толькі адно вуха матляецца. І хоць з адным вухам конь, але такога вялікага спрыту ён набраўся, як сігане, як падскочыць ды, наставіўшы хвост пісталетам, як пусціцца ў шалёны галоп — у дзеда аж дух захапіла.

Імчыць дзед ні жывы ні мёртвы, толькі барада па ветру пасцілаецца. І ў пору яму крыкнуць «ратуйце», але ці старому артылерысту паратунку прасіць. Ухапіўся за грыву, трымаецца. Але тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Добра яшчэ, што гарцаваў ён пад вялікай бярозай. Так і ўчапіўся за сук, павіс на ім. Назіраючы за дзедавай джыгітоўкай, Міколка з жалем падумаў, што давядзецца яго бацьку быць сіратой, а яму, Міколку, застацца без слаўнага таварыша. Але, угледзеўшы дзеда на суку, узрадаваўся і, пад’ехаўшы з каламажкай, дапамог яму злезці на зямлю. Стары быў зусім разбіты, скардзіўся на паясніцу, але духам не падаў і ўрачыста тлумачыў Міколку:

— Хіба ж гэта конь? Гэта ваўкарэзіна, а не конь, не можа седака на сабе ўтрымаць… Вось у турэцкую вайну былі коні ў нас, дык коні.

Хаця Міколка быў трохі інакшых думак пра коней і пра седакоў, але тут не пярэчыў. Не хацеў крыўдзіць старога. Тым больш што ў таго і так хапала тут непрыемнасцей. Набегаўшыся ўволю, яго скакун з’явіўся назад, з’явіўся аднавухі, з абкарнаным хвастом. Усе, усміхаючыся, зірнулі на кавалерыста, сёй-той запытаўся:

— Што-та сталася з тваім стаеннікам?

Не міргнуўшы вокам, дзед адказаў:

— Ды, няйначай, дзе за сук засілілася жывотнае, ну… і адарвала слыхавы орган.

Дзед любіў пры зручным выпадку ўжыць навуковае слова.

Змаўчалі ўсе. Каму было ахвота крыўдзіць такога слаўнага рубаку. Толькі Сёмка-матрос, хітра падміргнуўшы, запытаў яго:

— Ці цэлы хаця сук той?

Гэта завельмі ахаладзіла дзеда да кавалерыйскай справы. А тут яшчэ падвярнуліся такія падзеі, што дзед хоць і атрымаў перамогу над немцамі, але канчаткова рашыў перайсці да пяхотнай справы. І не тое каб пешака хадзіць, скажам, але каб не кідацца болей з дзедавым слабым здароўем у кавалерыйскія атакі.

Неяк давялося дзеду паехаць раз у разведку. Паехалі ўтрох: Сёмка-матрос, Міколка і дзед. Чуткі былі, што ў бліжэйшых вёсках грабяць нямецкія коннікі. Паехалі праверыць, ці праўда то, каб у выпадку патрэбы наляцець з атрадам. І толькі выехалі на ўскраек лесу, бачаць — едуць чалавек з восем нямецкіх кавалерыстаў. І проста насустрач едуць. Міргнуў Сёмка Міколку і дзеду, каб зараз жа хаваліся ў лесе. Не ісці ж утрох супроць васьмі.

Але тут пачалі рабіцца несусветныя штукі з дзедам. Праўда, ва ўсім ён і душой не быў вінаваты, усё пачалося з каня. Ці той пачуў іржанне сваіх былых нямецкіх сяброў, ці якое другое ліха ўзбрыло яму ў галаву, але конь выказаў яўныя намеры кінуцца ўперад, насустрач немцам. Дзед і так і сяк браўся за каня, усё намагаўся яго павярнуць убок да лесу. Але нічога не дапамагала. І праз якую хвіліну дзед горда імчаў на немцаў, не трацячы, аднак, у глыбіні душы надзеі, што, можа, як і ўдасца павярнуць шалёнага каня назад. Толькі і паспеў крыкнуць дзед: «Ратуй, Сёмка, старога артылерыста!» Ды, бачачы немінучую сустрэчу з немцамі, прышпорыў з адчаем каня наскамі ботаў, выхапіў шаблю ды як закрычыць «ура», аж Міколка не на жарты спужаўся.

Зірнуў Сёмка на Міколку — вось ашалеў дзед! — ды, выхапіўшы гранату з кішэні, памчаў на ўвесь дух услед за дзедам. Не кідаць жа старога рубаку ў небяспецы такой. Бачаць немцы, ляцяць на іх дзіўныя коннікі, «ура» крычаць, шаблямі махаюць. А тут і трэці памчаўся ад лесу. То Міколка пусціўся наўскач за дзедам, за Сёмкам. Павінен жа і ён дапамагчы дзеду з бяды выбавіцца. Імчыць Міколка ды раз-пораз з карабіна страляе. Замітусіліся немцы, спыніліся. А ўгледзеўшы Міколку, зусім спалохаліся. Ім паказалася, што прытаіліся ў лесе несусветныя сілы — выскакваюць адтуль адзін за адным партызаны. І, не разважаючы доўга, пусціліся немцы назад, коней прышпорылі.

Але не такі дзед, каб адстаць. І хоць гатовы ён і каня нямецкага праклясці, які кінуў яго ў такую страшэнную атаку, хоць гатовы ён і другое вуха яму адсеч за вялікае непаслушэнства, але дзе ты ўжо дзенешся, калі шаблю выхапіў. Ляціць віхурай дзед, насцігаючы немцаў, крычыць:

— Здавайцеся, пакуль не ўцяклі!

Бачаць немцы — не паласа, кінулі карабіны, рукі ўгору. Тут і Сёмка падскочыў, падскакаў Міколка, палонных пад канвой забралі.

Так неспадзявана рушыў дзед у кавалерыйскую атаку і, як бачым, атрымаў перамогу. Дзедаў аўтарытэт вырас яшчэ болей, і ніхто ўжо не пасмеў бы напомніць дзеду аб яго джыгітоўцы, аб няшчасным конскім вуху і абсечаным хвасту яго скакуна. Але ўсе гэтыя падзеі вельмі дорага каштавалі дзеду, дні са тры прахварэў ад тых здарэнняў і расказваў пасля:

— Думаў я, што не прыйдзецца мне болей Міколку пабачыць праз гэтага нямецкага скакуна, які папёр мяне на нямецкі атрад. Але калі ўбачыў, што няма мне ўжо аніякага выхаду болей і што насоўваецца мая смертухна, рашыў я тады на хітрыкі пайсці і так грымнуў на іх, што аж сам быў спужаўся… А тут і Сёмка! А тут і Міколка! Ну, думаю, цяпер падавай мне цэлую дывізію і самога генерала! Я ім пакажу, што знача дзед Астап і яго турэцкая шабля!

Сказаўшы пра шаблю, ды яшчэ пра турэцкую, дзед трохі пачырванеў і змоўк. Відаць, адчуваў сябе ніякавата. Ён сам убачыў, што трохі перабаршчыў. Пра шаблю ж ён наогул не любіў успамінаць пасля трагічных падзей з конскім вухам. З крыху прыкрага маўчання вывеў Міколка:

— А ты не зважай, дзед, калі там сёе-тое з шабляй у цябе было раней… Затое ж ты перамог! Усё ж такі здаліся немцы!

— Так, здаліся… — прамовіў дзед.

Але ўсё ж прымушаны ён быў адмовіцца ад кавалерыйскіх атак.

Як-ніяк, адчуваў сябе вельмі нязручна з шабляй. Ды і гарцаваць на кані не дазвалялі ўжо гады і здароўе!

— Арудзію б мне! Паказаў бы я вам, як ваяваць трэба! — гаварыў часам дзед і марыў аб гарматах, аб сваёй колішняй зброі.

І трэба сказаць, што гэтыя мары хутка спраўдзіліся і дзед Астап стаў заўзятым артылерыстам, багата дапамогшы партызанам у іх барацьбе з немцамі.

Аб гэтым пасля.

Загрузка...