Міколка вызваляе бальшавікоў

Ужо з тыдзень хадзілі чуткі, што набліжаецца нямецкае войска.

Рабочыя дэпо рыхтавалі лепшыя паравозы, каб не пакінуць іх немцам. Міколкаў бацька раіўся з другімі рабочымі, што рабіць: ці ваяваць з немцамі, ці пусціць іх без бою. Але паступілі і пэўныя ўказанні, каб не адкрыць бойкі, не рабіць кровапраліцця, бо што могуць зрабіць рабочыя з узброенымі да зубоў палкамі Вільгельма. Ды трэба было памятаць і аб Берасцейскім міры, расказаць аб ім рабочым і сялянам. Трэба было быць гатовым для падпольнай работы сярод нямецкіх салдат, каб зрабіць іх салдатамі-рэвалюцыянерамі.

Меркавалі, што немцы прыйдуць праз дні два, праз тры. Але яны з’явіліся ноччу зусім нечакана. Відаць, знайшоўся здраднік на суседняй станцыі і не папярэдзіў аб адпраўцы нямецкіх эшалонаў.

Прачнуўся Міколка ад стрэлаў. То ганяліся немцы за бацькам, які ў адной сарочцы выскачыў праз акно і адстрэльваўся ад салдат. Бацьку ўдалося ўцячы, ён паспеў дабегчы да вялікіх штабеляў дроў і схавацца там да вечара. І толькі раніцай наступнага дня, калі ішлі рабочыя ў дэпо, бацька непрыкметна зайшоў у вагон. Страшна ўзрадаваліся маці і Міколка. Яны чулі, што арыштавана і пасаджана ў пакгаўз цэлая група рабочых-бальшавікоў, і нічога не ведалі, ці жывы яны, ці пабіты, ці ёсць сярод іх Міколкаў бацька. Аж заскакаў ад вялікай радасці Міколка, але бацька абурыўся на яго:

— Цішэй ты, скакун! Яшчэ немцы пачуюць, ураз прыйдуць сюды… А цяпер бывайце… Даводзіцца, як бачыце, хавацца… Арыштоўвалі, відаць, па спіску, нейкі гад пастараўся для немцаў спісак скласці ўсіх тых, хто быў найбольш актыўны… Ну, не сумуйце ж, не вечна тут немцы будуць.

І толькі бацька нагу на парог паставіў, як падбегла ўсхваляваная маці, на акно паказала:

— Пачакай, вунь ідзе адзін з начальнікаў дэпоўскіх, каб не ўгледзеў яшчэ часам.

Да вагона набліжаўся той самы «буржуй», з якім былі ў Міколкі неаднаразовыя сутычкі і які загадваў жыллёвымі вагонамі дэпо. Ён ішоў проста да вагона. Міколкаў бацька зайшоў за полаг і схаваўся там. Неўзабаве зайшоў «буржуй», не вітаючыся, важна рассеўся на зэдліку, нахабна азіраючы ўсё навокал…

— Ну што ж, вітаю вас, вітаю! Накамісарстваваліся, значыць, здаволіліся…

Маўчала маці, маўчаў Міколка, не ведаючы, да чаго хіліць гэты чалавек.

А той сядзеў, азіраўся навокал, усё адцягваў надалей сваё рашэнне. І ўрэшце загаварыў:

— Сказ мой будзе кароткі… Не ўсё ж у камісарах хадзіць ды другімі камандаваць. Расправяцца вось цяпер немцы з вашым камісарам. Паслухайце цяпер і майго загаду — у дваццаць чатыры гадзіны аслабаніць гэтую кватэру, і каб духу вашага тут не было… Хоць да д’ябла! А не паслухаеце — штыкамі выпарам, бо, дзякаваць Богу, ёсць цяпер каму за парадкам сачыць… Дык жыва ж… — разышоўся ваўсю «буржуй», і аж тлустая яго шыя пачырванела і заскакаў тлусты падбародак з барадаўкамі, з рудай шчацінай. І раптам «буржуй» змоўк, абмяк, нібы костка яму ў горла папала ці нечакана паляруш стукнуў. Перад ім стаяў бацька, які выйшаў з-за полага. Бацька прыставіў «буржую» рэвальвер да лба і гаварыў ціха, але так, што чуў і Міколка:

— Дык вось хто немцам нас павыдаваў… Маліся ж Богу, што сядзіш ты ў мяне ў вагоне, не хачу вось шуму падымаць ды ім непрыемнасці рабіць.

Тут паказаў ён на Міколку і на маці.

— А цяпер глядзі: калі хоць пікнеш слова якое пра мяне ці супроць нас усіх, ці будзеш іх вось чапаць, дык памятай: жыццё кароткае, а мы яго яшчэ табе ўкароцім… А не верыш, дык вось панюхай!.. Гэта табе прысяга — не раскрываць нідзе свайго паганага рота ды вымятацца самому падабру, па-здароваму са станцыі…

«Буржуй» сядзеў і пікнуць не смеў. У яго не пападаў зуб на зуб — і ад страху, і ад здзіўлення. Не чакаў ён сустрэць тут Міколкавага бацьку, якога лічыў ён ужо нават загінуўшым ад немцаў.

Бацька сунуў яшчэ раз рэвальвер у лоб «буржую» і, развітаўшыся са сваімі, пайшоў як ні ў чым не бывала з вагона. Перапалоханы «буржуй» прасядзеў яшчэ з паўгадзіны і толькі тады рушыў з вагона. Пайшоў моўчкі, азіраючыся за сабой, як пабіты сабака.

А вечарам прыйшлі некалькі рабочых. Сярод іх Міколкаў брат Павел, які служыў змазчыкам. Маці пайшла кудысьці да суседзяў. Міколка забраўся спаць на свой тапчан. Драмаў і прыслухоўваўся, аб чым ціха гаварылі рабочыя. Яны, відаць, спрачаліся аб нечым, бо адны гаварылі, што можна ўцячы з пакгаўза, другія гаварылі, што цяжка. Тады Міколка зразумеў, што гутарка ідзе аб вызваленні тых рабочых, якія арыштаваны немцамі і сядзяць зараз у станцыённым пакгаўзе. Добра ведаў Міколка гэты пакгаўз, колькі разоў забіраўся ў яго з хлапчукамі, сваімі таварышамі, калі грузілі ў пакгаўз семечкі, гарох альбо якія іншыя падобныя прысмакі.

— Туды вельмі цяжка забрацца, бо пакгаўз новы, ды часавых стаіць аж два — ад станцыі і ад горада, — чуў Міколка, як гаварыў адзін з рабочых. Пачуў і не сцярпеў. Саскочыўшы з тапчана, падбег да рабочых.

— Я магу залезці ў пакгаўз, нягледзячы і на часавых… — хутка выпаліў ён і пачырванеў нават, ці то ад нечаканае свае храбрасці, ці ад сарамлівасці.

Рабочыя аж ахнулі.

— Казаў жа я вам, каб гаварыць цішэй… А то вось аб усім і даведаўся гэты падшывалец.

Міколку страшна ўкрыўдзіла такое слова. Ён скоса зірнуў на гаварыўшага, працадзіў праз зубы:

— Каму падшывалец, а каму Міколка, бальшавікоў сын…

— Ну, то ідзі да немцаў і скажы ім, што бацька твой — бальшавік!

— Няма такіх дурных! — увязаўся ў гутарку Міколка. — Калі вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку і так ведаюць, што ён бальшавік, бо не сталі б лавіць яго, нехта ж падказаў… А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькі разоў туды лазілі галубоў ганяць…

— «Галубоў, галубоў!..» — перадражніў яго адзін з рабочых. — Тут, бачыш, не галубамі пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.

Хацеў тут Міколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.

— Няхай сабе і малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезці, чым катораму з вас вялікаму…

На гэтым і разышліся, строга-настрага наказаўшы Міколку, каб ні слова, ні гуку ніхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.

— Ну, што вы, маленькія якія, ці што… — не на жарты ўсердаваў Міколка. — Ці буржуй я, ці меншавік, па-вашаму…

Чуў Міколка пра меншавікоў як пра вялікіх паскуднікаў, якія любому буржую гатовы заўсёды боты лізаць. Таму і памянуў пра іх.

— Ну, глядзі ж, — яшчэ раз сказалі яму на развітанне.

А раніцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзіў Павел Міколку, сказаў яму паціху:

— Ну, уставай, бальшавік! Пойдзем сваіх ратаваць. Глядзі ж не падкачай… Зловяць, скажы — за галубамі палез.

— Якія ж галубы па начах! — папракнуў Міколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.

— Тады скажы, што за семечкамі палез.

— За семечкамі яшчэ можна… — згадзіўся Міколка з такой прапановай.

Станцыя хавалася ў прадранішнім змроку. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары, пыхкалі парай паравозы ля дэпо, збіраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялі адзіночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Каб не быць заўважанымі нямецкімі часавымі, Міколка з рабочымі прабіраўся каля вагонаў, хаваючыся ў іх доўгім цені.

І тут ля вагонаў заўважылі і дзеда Астапа. Ён ішоў следам за ўсімі, не адстаючы ні на крок. На яго накінуліся ўсе:

— Куды табе, дзеду, ісці! Ідзі кладзіся спаць!

Аднак дзед аж узлаваўся:

— За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакінуў унука свайго ў небяспецы?

І колькі ні спрачаліся з дзедам, нічога не выйшла. Дзед не адступіў і рашуча ішоў услед. Вось і пакгаўз. На ім пабліскваюць цьмянымі аганькамі два-тры ліхтары, відаць шырокія дзверы. Ля іх стаіць, не зварухнецца, нямецкі часавы. Дзесьці далёка за пакгаўзам пабліскваюць у небе агнявыя зарніцы — відаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарніцы загадкава пазірае часавы. Водбліскі іх мігцяцца на шырокім бліскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.

Задумаўся часавы, абапёрся на вінтоўку, не зварухнецца.

А побач з пакгаўзам — вялікія штабелі дроў. Сюды і дабраліся Міколка, Павел і другія рабочыя. Адсюль добра відаць пакгаўз і часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Міколка бачыць, як у руках яго таварышаў з’яўляюцца рэвальверы. Людзі становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Міколку ціха вядуць да пакгаўза бліжэй, пад самы апошні штабель дроў.

— Ну, цяпер дзейнічай сам! Ды глядзі ж, не патрап пад вінтоўку! — дае апошнія парады брат Павел.

Міколка ўзіраецца ў часавога, да яго якіх трыццаць ці сорак крокаў. Відаць толькі спіна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлі, ціха пасоўваецца Міколка да пакгаўза, хаваючыся за раскіданыя побач каменні. Міколка паўзе і думае: што будзе з ім, калі заўважыць салдат, і куды трапіць нямецкая куля. Добра, каб у галаву — адразу і ўсё табе тут… А калі ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!

Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся, замёр на якую хвіліну-другую. Не з-за страху за свой жывот — які там у яго жывот! — а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, і яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставіў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Міколка ні жывы ні мёртвы і толькі чуе, як моцна б’ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

«Эх! хаця б ды супакоілася, а то яшчэ ўчуе немец…» — думае Міколка ды праз шчыліну між каменнямі сочыць за часавым. Той ужо супакоіўся, нейкую песеньку пачаў ціха напяваць. Папоўз Міколка далей. Вось і ганак пакгаўза. Пад ганкам можна пралезці пад насціл, на які выгружаюць з вагонаў багаж, грузы. І праз якую хвіліну быў ужо Міколка пад ганкам і прабіраўся праз дзірку ў цаглінах пад самую падлогу пакгаўза. Ледзь не крыкнуў ён з перапуду, трапіўшы рукой у нешта слізкае і халоднае. Але ўспомніў, што і днём тут хаваюцца часам жабы, супакоіўся. Месца пад падлогай, кожную дошку самой падлогі Міколка ведаў як свае пяць пальцаў, бо не раз рабіў ён налёты сюды са сваімі таварышамі. Вось і гэтая дошка, якая падымаецца ўгору разам з цвіком.

Міколку здаецца, што праходзіць цэлая гадзіна, пакуль удаецца яму падняць адзін канец гэтай дошкі і прасунуць у дзірку галаву. Спачатку нічога не бачыць Міколка, і толькі прыгледзеўшыся, ён заўважае групу людзей, якія згрудзіліся ў кутку на ахапках гнілой саломы. Недалёка на сценцы мігае закапцелы чыгуначны ліхтар. Пад ім ляжыць чалавек і, як відаць, не спіць, бо часта варушыцца і ўздыхае. Прыгледзеўся да яго Міколка і пазнаў — гэта найлепшы бацькаў прыяцель, стары машыніст Арлоў. Разам з бацькам колькі пачысцілі яны на сходах эсэраў ды меншавікоў, тыя прымушаны былі заўсёды ледзь не ўцякаць ад рабочых пад гучны свіст, вострыя жарты і кепікі.

Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Міколка хуценька перадаў аб усім, сказаў, што ў дровах чакаюць яшчэ рабочыя, што трэба спяшацца, таго і глядзі, развіднее.

Доўга не збіраліся. Адзін за адным з вялікімі перасцярогамі лезлі пад падлогу, па аднаму выбіраліся з-пад ганка і адтуль Міколкавым спосабам паўзлі да дроў. Міколка сядзеў пад ганкам і скрозь ранішні змрок сачыў за Паўлавымі сігналамі. Апусціць той руку за штабелем дроў — значыць можна паўзці чалавеку. Падыме руку — значыць нельга, няйначай часавы ходзіць па насцілу, над ганкам. Так і выпусціў усіх восем чалавек, арыштаваных немцамі.

А сам затое ледзь не папаўся. Толькі высунуў ён галаву з-пад ганка, як бачыць паднятую руку Паўла. Падаўся назад Міколка, як рак у пячору, сядзіць там сагнуўшыся, чакае і бачыць: над самым над ім сядзіць нямецкі часавы, ногі на прыступку ганка паставіў, вінтоўку да калена прыціснуў. Відаць, надакучыла яму стаяць, і, не бачачы поблізу начальства ў такі час, рашыў ён прысесці. Выбраў жа месца! Хоць ты бяры гэтага часавога за ногі і цягні пад ганак. Але дзе ты пацягнеш! Сядзіць Міколка хвіліну, сядзіць другую, трэцюю. А далей ужо і нясцерп бярэ — калі ж гэты часавы на другое месца падасца. А тут і кашлянуць хочацца, наглытаўшыся пад падлогай усякага пылу. Засунуў Міколка канец рукава ў рот, сядзіць ды чхнуць баіцца.

І, магчыма, доўга б прасядзеў так Міколка, каб не выручылі рабочыя. Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгаўза і там чым-небудзь адцягнуць увагу часавога, прымусіць яго перайсці на другі бок. Так і зрабілі. Рабочыя адышліся на добрую адлегласць і пачалі гучную гутарку, нібы ў сварку ўкінуліся адзін з адным. Услухаўся часавы, падняўся з месца, падаўся ў другі бок пакгаўза. Не то праверыць хацеў, што там робіцца, не то проста пабаяўся начальства, каб не заспела яго часам седзячым на пасту.

А Міколка толькі і чакаў гэтай хвіліны і, як маланка, сігануў пад дровы. Там ціха і моўчкі паціскалі яму руку, а стары машыніст Арлоў расцалаваў яго і, жартам пацягнуўшы за нос, ціха сказаў:

— І які ж ты яшчэ малы, мой хлопец! Але справы можаш рабіць вялікія… Ну, расці, ды немцам не пападайся. Яны, брат, такіх бальшавікоў, як ты, не паважаюць…

«Такіх бальшавікоў, як ты…» — ад такога гонару можна было падскочыць, прайсціся калясом на руках сярод дроў. «Бальшавікоў! Гэта не дзедавы турэцкія крэпасці, а куды важней…» — думаў і радаваўся Міколка. Але трэба было хутка і непрыкметна разыходзіцца ад дроў ды хавацца, каб не папасціся на нямецкае вока.

Так вызваліў Міколка арыштаваных прыяцеляў свайго бацькі, якому пашанцавала яшчэ раней пазбавіцца ад нямецкага арышту.

Яшчэ не выспаўся Міколка як след пасля начных прыгод, прачнуўся і падумаў: «А што ж будзе там, ля пакгаўза?» І тут успомніў: «А дзе ж дзед?» Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш.

Міколка агледзеў вагон — няма дзеда. Выйшаў за дзверы — і там няма. Запытаў у маці. Тая адказала, што з самае ночы не бачыла дзеда і не ведае, дзе ён цяпер.

«Няйначай, там…» — мільганула думка, і Міколка хуценька падаўся з вагона, дабраўся да дэпо і, каб не быць заўважаным нямецкімі часавымі, разам з рабочымі перабраўся праз пуці пад штабелі дроў. Даволі высока забралася ўжо сонца і мякка прыгравала зямлю. Над пакгаўзам кружыліся галубы, усё вышэй і вышэй узнімаючыся над страхой, пабліскваючы на сонцы беласнежнымі крыллямі.

«Відаць, нехта папужаў іх…» — падумаў Міколка.

І сапраўды, на пуцях каля пакгаўза варушыліся людзі. Манеўровы паравоз падганяў пад пакгаўз арыштанцкі вагон, які сурова пазіраў на Міколку сваімі грознымі вокнамі з тоўстымі жалезнымі кратамі. На падножках вагона стаялі нямецкія часавыя. Ля вагона і паравоза завіхаліся стрэлачнік і счэпшчыкі, машыніст курыў цыгарку і злосна пляваў праз сваё акенца. Заўважыўшы Міколку, ён сярдзіта замахаў на яго рукой з паравознай будкі і крыкнуў ціха:

— Уцякай, падшывалец, а то дадуць табе немцы пытлю, што ходзіш ты дзе не трэба…

«Відаць, падаюць вагон пад арыштаваных, што ў пакгаўзе…» — падумаў Міколка. Але ўспомніў ноч і пусціўся ў рогат. Цяпер будзе камедыя… Вось заскачуць немцы, калі даведаюцца!

Міколка хацеў яшчэ бліжэй падысці да паравоза, каб разам з машыністам пасмяяцца над дарэмнымі клопатамі немцаў. Машыніст жа свой, бацькаў знаёмы. Але той рашуча замахаў на Міколку рукой, нібы хацеў сказаць: «Знаю, усё знаю… Не лезь на ражон дарэмна…»

Зразумеў Міколка яго знак, падаўся далей ад вагона. Толькі зірнуў на пакгаўз. Той стаяў, як і раней. Той жа цяжкі замок вісеў на дзвярах. Тая ж самая пячатка нямецкая вісела на замку. І толькі часавы быў не той, што ноччу.

У гэты час паравоз, бразнуўшы буферамі, ціха падаўся ад вагона на стрэлкі. І тут успомніў Міколка пра дзеда: «Дзе ж ён падзеўся, аднак?»

І толькі падумаў, як учуў моцны храп са штабеляў дроў. Насцеражыўся адразу Міколка і паціху падаўся ў дровы. Храп быў такі моцны, што станцыённыя вераб’і, прыляцеўшыя на дровы, палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Яны скоса пазіралі на зямлю і палахліва падымаліся цэлаю стайкаю далей ад небяспечнага месца, дзе чуюцца такія страшэнныя, незразумелыя для іх гукі. Нават часавы ля пакгаўза пазіраў часам на штабелі дроў, але, добра прыслухаўшыся, пачынаў так пазяхаць, што чутно было, як патрэскваюць яго сківіцы. Відаць, зайздрасць брала чалавека да такога важнецкага сну.

На храп і дабраўся Міколка да дзеда. Той, палажыўшы пад галаву бярозавы цюльпак, спаў як пшаніцу прадаўшы.

«З такім гучным носам можна лёгка і ў турму патрапіць…» — падумаў Міколка і пачаў асцярожна будзіць дзеда, торгаючы за руку.

Дзед нечакана раскрыў рот ды як грымне:

— Другая арудзія па бастыёну карцеччу, агонь!

Аж прысеў тут Міколка, ды пакгаўзныя галубы зноў узвіліся спалоханай стайкай, ды крыкнуў часавы па-нямецку:

— Эй! Хто там?

Аднак не ісці ж Міколку да часавога і растлумачваць яму, што ў дровах нічога страшнага няма, што дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Міколка хуценька прыкрыў дзеду рот далоняй і лёгка таргануў яго за бок. Адкрыў дзед вочы, схамянуўшыся, нешта гаварыць захацеў.

Але Міколка рашуча замахаў яму рукой пад самым носам і ціха шапнуў:

— Нішкні, дзед!

Часавы паслухаў, паслухаў — не чуваць нічога — і паклыпаў на другі канец пакгаўза.

— Ну, цяпер выбірайся, дзеду, з дроў і блізка сюды не падыходзь. Аднак і падкачаў ты, дзед, можна сказаць, на баявым пасту… — хацеў Міколка сказаць «заснуў», але не хацелася крыўдзіць дзеда.

— Што падкачаў, то падкачаў… — вінавата прамовіў дзед. — Гады бяруць сваё, унучак мой… Сядзеў я тут ноччу, сядзеў, пакуль ты пад пакгаўз лазіў, ды неяк і задрамаў… А тут і сняцца мне ўсякія туркі ды крэпасці. Усё наступаю ды наступаю. І вось-вось ужо ў атаку павінен быў кінуцца, а ты разбудзіў…

— А дарэмна ты, дзед, у атаку хадзіў!

— Як так дарэмна?

— А для чаго ты турэцкія дывізіі лажыў, людзей біў? За цара ваяваў? А ты ж вось уведаў пасля, што гэта за птушка твой цар?

— Дык вось у тым-та і справа, што пасля… А цар? Які ён мой?

— Ну, вось! — пераможна сказаў Міколка і, захапіўшыся, яшчэ колькі хвілін ушчуваў дзеда за яго турэцкія прыгоды. Дзед спачатку ўсё аднекваўся, апраўдваўся сваёй мінулай цемнатой, але потым у спрэчкі ўкінуўся:

— Добра табе так разважаць, калі ты ўсяго старога жыцця не бачыў, а пражыў бы з мае гады…

Слова за слова, спрэчкі набылі такі гарачы характар, што нашы субяседнікі і не заўважылі, як апынуліся пасярод нямецкіх салдат, якія акружылі іх і чакалі далейшай каманды рыжавусага і надзвычай злоснага на від нямецкага каменданта.

— Ну, вось і прыехалі… — сказаў з перапуду дзед і змоўк.

Маўчаў і Міколка, праклінаючы ў думках дзедавы арудзіі і турэцкія бастыёны, праз якія так нечакана трапілі ў нямецкія лапы. «Гэта ж трэба, надумаліся дзе спрачацца з дзедам!»

Па загаду каменданта іх прывялі да пакгаўза.

А справа ўся адбылася такім чынам. Нямецкі камендант, які прыйшоў з атрадам салдат, каб пераправіць арыштаваных з пакгаўза ў арыштанцкі вагон, учуяў гучныя спрэчкі Міколкі з дзедам. Наяўнасць лішніх людзей ля пакгаўза паказалася яму падазронай, ды і хто наогул мае права блізка хадзіць ля такога месца… Так натрапіў ён на Міколку з дзедам і, каб высветліць, што яны за людзі, затрымаў іх да пары да часу. Нельга сказаць, каб Міколка з дзедам адчувалі сябе зручна пад нямецкімі штыкамі, але далейшыя падзеі намнога ўзнагародзілі іх за якія паўгадзіны нечаканага палону.

Паставіўшы дзеда і Міколку каля пакгаўза, камендант важна рушыў да дзвярэй, сарваў пячатку на замку, адамкнуў замок і пацягнуў дзверы. Дзверы не паддаваліся.

Міколка сачыў за камендантам, за яго работай і хітра падміргваў дзеду. Але дзед Астап быў не ў гуморы і ў адказ на Міколкавы падміргванні так сурова зірнуў на яго і так рашуча ўзяўся парадкаваць пяцярнёй сваю бараду, што Міколка палічыў за лепшае «не падсыпаць дзеду солі на раны», як казала часам маці. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны.

А камендант усё завіхаўся ля дзвярэй. Ён і пыхцеў і соп, аж каплі поту ўкрылі яго лысіну, а дзверы ўсё не паддаваліся. Ён ужо некалькі разоў грозна крычаў, мусіць, прапануючы арыштаваным адразу ж адчыніць дзверы і не заводзіць такой непрыемнай бузы.

«Як жа, адчыняць табе…» — пасмейваўся сам сабе Міколка, успамінаючы, як, уцякаючы ноччу з пакгаўза, вызваленыя ім арыштаваныя асцярожна, каб не пачуў часавы, замкнулі дзверы знутры на вялікую жалезную засаўку.

Камендант грымнуў каманду, адышоў убок, і чалавек з дзесятак салдат наляглі на дзверы. Але яны — ні з месца, як моцна ні калацілі па іх дзесяткі чалавечых рук. Яшчэ спрытней наляглі салдаты на дзверы, увесь пакгаўз тросся ад моцнай калатнечы, але дзверы не паддаваліся. І толькі са страхі праліліся некалькі струменьчыкаў вады і трапілі за каўнер каменданту. Той падняў галаву ўгару, разгублена паглядзеў на неба, адкуль то дождж. Але ярка свяціла сонца, на небе не відно было ні воблачка, над пакгаўзам мірна ляталі белагрудыя ластаўкі, нідзе не было аніякага, хоць бы маленечкага, намёку на дождж.

Пакруціў галавой камендант, пацяў плячыма недаўменна, на салдат накінуўся з лаянкай. Тыя яшчэ дружней узяліся за працу, і цэлы струмень вады ізноў ёмка трапіў за каўнер каменданта. Аж ашалеў тут камендант, хапіўшыся рукой за спіну, дзе пад мундзірам пацяклі халодныя струменьчыкі вады. Тут і салдаты пазіралі на яго, як на цуд, глядзелі ўгару, але неба па-ранейшаму было чыстае і яснае, без воблачка, без хмурынкі.

А Міколка з дзедам закрывалі раты далонямі рук, каб не засмяяцца голасна, не прарвацца шалёным рогатам. Хто-хто, а яны-то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж.

— Узяць бервяно! — закамандаваў тут па-нямецку камендант. Прынеслі тэлеграфны слуп, які ляжаў на пакгаўзным двары. Узяліся дружна салдаты і давай дзяўбці слупам у дзверы. Такі стук паднялі, што народ пачаў збягацца, усім хацелася падзівіцца на незвычайную работу. І тут здарылася такое прадстаўленне, што дзед, расказваючы аб ім пасля, за бакі хапаўся ад вялікага смеху. Толькі гэты слуп разышоўся як след па дзвярах, як на страсе нечакана раздаўся страшэнны грукат. Ледзь не абамлеў ад страху камендант, але паспеў грымнуць каманду:

— Лажыся! Агонь!

І выхапіў рэвальвер з кабуры.

Ляснуў вобземлю слуп. Салдаты маланкай сіганулі ўбок і заляглі на зямлю, нацэліўшы вінтоўкі на дзверы. І ў гэты момант скацілася са страхі нешта круглае, чорнае, вялікае, абдаўшы каменданта цэлай рэчкай вады. Яшчэ секунда — і гэтае круглае, чорнае, прабіўшы дно аб камендантаву каску, уссела на каменданта. Той толькі і паспеў, што пекануў разы са два з рэвальвера па гэтаму страшнаму ворагу. А потым стаяў як мыла з’еўшы, лыпаў вачыма. З вусоў ліліся струмені вады, і ўвесь ён быў такі прыгажун у гэту хвіліну, такі ваяўнічы з выгляду, што цяжка было салдатам захаваць строгую дысцыпліну ў такі ўрачысты момант. Яны заліваліся дружным рогатам. Дзед і Міколка не прамінулі тут даць драпака.

Дзед бег так шпарка, што зачапіўся за кастыль і пакінуў на ім палавіну адарванай падэшвы. Ды ў дадатак згубіў красала, якім выкрэшваў заўсёды агонь для свае піпкі. Гэтае красала, як і ўсё ў дзеда, пачынаючы з яго медалёў і канчаючы піпкай, было, па яго словах, вельмі гістарычным. Таму зразумелы тыя вохі і ахі, якія апанавалі дзеда, калі ён не далічыўся красала. Яно заўсёды было прывязана танюткім раменьчыкам да пояса.

— Гэта ж не са звычайнага жалеза, а з турэцкай крывой шаблі была зроблена гэтая рэч. А шабля належала самаму заядламу турэцкаму салдату-янычару… — успамінаў пасля дзед пра сваю страту і вельмі ж сумаваў і жалкаваў.

— Яно і відаць! — падтакваў дзеду Міколка. — Калі ты пачынаеш красаць, дык нібы шабляй махаеш, і не падыходзь блізка.

І сапраўды, калі дзед выкрэсваў агонь для піпкі, дык махаў так заўзята рукой, што лепш было адысціся далей, каб не атрымаць па лбу. Ды і выгляд тады ў дзеда быў надзвычай суровы і грозны.

Так закончыліся ўцёкі для дзеда. Міколка ж кінуўся ў другі бок. Як маладзейшы і спрытнейшы, ён пабег паціху паміж вагонаў, перабег пуці і схаваўся за вадакачку. Апынуўшыся тут, ён не мог уцярпець, каб не паглядзець, а чым жа ўрэшце скончыцца ўся пакгаўзная справа. Па вітай чыгуначнай лесвіцы ён спрытна забраўся на вадакачку і, прымасціўшыся пад самай страхой, пільна сачыў за пакгаўзам.

Там варушыліся ля каменданта салдаты. Яны вызвалілі яго ад уссеўшай на яго бочкі, разабраўшы яе па клёпцы. То была самая звычайная бочка пажарная, якая стаяла на пакгаўзнай страсе, на самым вільчыку, з вадой. Калі пачалі салдаты грукаць у дзверы і трэсці сцены пакгаўза, бочка скранулася ад стуку з месца, пахілілася трохі. Вось адкуль былі тыя струменьчыкі вады, якія ліліся з гары за каўнер каменданту, хоць быў такі ціхі і ясны дзень. А калі салдаты ўзяліся за слуп і ўзяліся не на жарты за дзверы, бочка зусім пахіснулася і, пакаціўшыся з грукатам наніз, нагнала вялікага перапалоху на каменданта. Ад нечаканасці той падумаў, што тут цэлая дывізія варожая наступае.

Калі салдаты вызвалілі каменданта з яго вымушанага палону, яны зноў узяліся за перарваную справу.

Якія ні моцныя былі пакгаўзныя дзверы, але падаліся яны пад тэлеграфным слупам, бразнулі засаўкі, разляцеліся. Каб падтрымаць свой крыху падмочаны аўтарытэт, камендант храбра кінуўся ў насцеж раскрытыя дзверы, высока трымаючы, аднак, перад сабою неразлучны рэвальвер.

— Ану, выходзь, бандыты, рукі ўгару! — грозна скамандаваў камендант па-нямецку. Але ў пакгаўзе было ціха, як у магіле. І толькі пары з дзве галубоў са свістам пранесліся міма падмочаных каменданцкіх вусоў, прымусіўшы яго для перасцярогі разы са два стрэліць у пусты пакгаўз. Ды клубы пылу, узнятыя галубамі, паволі плылі з дзвярэй, і ад гэтага пылу папярхнуўся начальнік, зачыхаў. Зачыхаў і ўзлаваўся.

— …Смірна! — зароў начальнік і тут жа — «чых… чых… чых!». — На плячо-о-о!.. чых… чых… чых… Шагам… арш… чых-чых-чых…

Выстраіліся салдаты і, каб замаскіраваць свой вялікі рогат над начальнікам і залішне яго не канфузіць, пачалі дружна чыхаць. Так і пайшла, што называецца, з носам чыхаючая каманда. І кожны ўяўляў сабе расправу, якую ўчыніць генерал над незадачлівым камендантам, не сумеўшым усцерагчы арыштаваных бальшавікоў.

А на станцыі была абвешчана ваенная трывога. Замітусіліся немцы, наладжваючы пошукі ўцекачоў. Але дзе ты іх зловіш! Сядзеў, сядзеў Міколка на вадакачцы і ўрэшце наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры, пакуль кінуць немцы пошукі ўцекачоў.

Загрузка...