Атрад Сёмкі-матроса набліжаўся да горада, каб дапамагчы рабочым на выпадак якой сутычкі з немцамі. А такія сутычкі маглі быць. Атрад разбілі на тры часткі, каб лягчэй было прабрацца праз нямецкія войскі. У перадавым атрадзе былі Сёмка-матрос, Міколка, дзед Астап і сотня коннікаў партызан. З атрадам быў адзін кулямёт, рэштка кулямётаў была ў другіх атрадах. У кожнага партызана былі карабінка, рэвальвер, гранаты. Некаторыя спрытнейшыя мелі яшчэ шаблі.
Атрад спыніўся на начлег у адным вялікім сяле. Ужо з даўняга часу павялося, што партызаны рабілі па вёсках суд і расправу над тымі, хто крыўдзіў сялян, хто прыгнятаў бедных. І доўга разбіралі Сёмка-матрос, дзед Астап і Міколка розныя сялянскія скаргі і крыўды. Скардзіліся на мясцовага памешчыка, які такую волю пры немцах займеў, што адбірае ў сялян зямлю, не пускае іх у лес, з дапамогай немцаў жорстка распраўляецца з усімі тымі, хто быў раней у батрацкіх камітэтах і ў сельсаветах.
— Пусціць яму чырвонага пеўня! — скамандаваў Сёмка.
Група партызан адразу ж села на коней і, нягледзячы на цемень ночы, паехала «ў госці» да памешчыка. І праз якую гадзіну шырокае зарава калыхалася ўжо над лесам і над палямі. І кожны ведаў, што гэта пану навука, што гэта з агнём і дымам пусцілі партызаны панскія здабыткі.
Скардзіліся сяляне і на мясцовых кулакоў, на мельніка, на старасту, які задужа налягае на сялян з падаткамі для немцаў, прычым гэтыя падаткі ўскладае на плечы бяднейшых, адбірае ў іх апошняе дабро, апошнюю карову. Узяліся як след за старасту. Да позняй ночы дапытвалі яго і дзесяткі сведак. Каб добра правучыць кулака, пастанавілі: адабраць у яго палавіну маёмасці і раздаць бяднейшым, а лепшых коней узяць у атрад. Узвыў тут стараста, замахаў рукамі, захадзіў, забегаў.
— Хто даў вам такі закон распраўляцца з чужым дабром? Хто мае такое права?
Аж падскочыў тут Сёмка-матрос ды як лясне па стале рэвальверам:
— Маўчы, крывасмок! Вось як пастаўлю да сценкі, пазнаеш тады закон наш і права!
Сагнуўся кулак, згорбіўся. На ціхую авечку зрабіўся. Толькі барада шырокая трасецца ад страху. Прасіцца пачаў:
— Даруйце, таварышы! Па несвядомасці гэта я, па цемнаце нашай…
Ды бух у ногі з мольбамі, з просьбамі.
Зірнуў тут дзед Астап, і крыху жаль яго ўзяў. Не любіў ён, каб чалавек па зямлі поўзаў, задужа ўніжаў сябе. І сказаў Сёмку-матросу:
— Пусці ты яго лепш на волю… Ці варта на такога кулю псаваць?
Стараста ледзь дзверы не выбіў ад радасці, што застаўся жывым. Так спяшаўся да свае хаты. Але вышэй за радасць была пякучая злосць. Шкадаваў дабра, шкадаваў сваіх коней. І, апынуўшыся на сваім двары, ён пагразіў некаму кулаком:
— Я пакажу вам, галадранцы, як устанаўляць над светам закон свой…
Пайшоўшы да хлява, доўга быў там, потым вывеў каня, якога пакінулі яму партызаны з яго маёмасці. Сеў верхам і агародамі, па загуменню, паехаў у цемень ночы, хаваючыся па кустах і сцежках, каб не перанялі часам партызаны.
Ехаў, успамінаў пра нямецкія аб’явы і загады, дзе абяцалася некалькі тысяч марак таму, хто пакажа месца стаянкі партызан ці даставіць жывым альбо мёртвым Сёмку-матроса ці дзеда Астапа. Успомніў і ўзрадаваўся, кінуў коней сваіх шкадаваць. Не такіх стаеннікаў можна будзе набыць за такія вялікія грошы… Колькі зямлі яшчэ можна будзе купіць, дамы паставіць, сады пасадзіць, вялікія крамы паадчыняць. І будзе тады ягонай кожная капейчына. А капейка за капейкай — рубель. А там сотні, а там тысячы.
Аж дух захапіла ў яго ад прыемных мар. Ехаў, спяшаючыся, ды ўсё шаптаў сабе паціху ўголас:
— Гэткія ж грошы, гэткія грошы…
І, успамінаючы тых, якія прыносілі скаргі на яго партызанам, не шаптаў, а сіпеў праз вялікую злосць:
— Нічога… Я правучу! Я скручу вас так, што юшка з вас крывавая пацячэ!
Ён то выпростваўся, выцягваўся, пагражаюча сціскаў кулакі, то рабіўся адразу абмяклым, расслабленым і гойдаўся тады на кані, як саламяны куль. Тады ападаў на яго душу страх. Нібы прылятаў ён з недасяжных вышынь і ціснуў яго, прыціскаў да чорнай зямлі.
Гэты страх ішоў адтуль, дзе калыхалася чырвонае зарава. Махнатыя зоры рабіліся бледнымі перад заравам. Некаторыя ніклі, гаслі. Водбліскі зарава хадзілі па каменнях. Аб каменні спатыкаўся конь, таропка прабіраючыся па кустах, па глухіх ваўчыных сцежках.
Глухая ноч была напоена пахамі пажараў, крыві і чалавечае нянавісці.
Спяшаўся коннік.
А партызаны спалі.
Даўно адгулі гармонікі, разышліся дзяўчаты са скокаў з удалымі партызанамі. Дзед Астап з Міколкам спалі ў каламажцы, што была з кулямётам. У хаце не захацелі спаць. Там было душна. Ды і, акрамя таго, у хаце быў нябожчык. Там памёр нядаўна адзін стары селянін. Ён ляжаў цяпер на стале, васковая свечка гарэла ля яго. На лаве стаяла труна. Не сказаць, каб дужа далюбліваў дзед Астап нябожчыкаў.
Таму і сказаў самым рашучым чынам:
— Будзем спаць на дварэ, на каламажцы! Самае лепшае месца: ні прус цябе не джыгане, ні клоп не кусне, ні духаты, ні спякоты. Ты спіш, а табе зоры ўсміхаюцца ды падміргваюць. І зноў жа ноч, ці мала што можа здарыцца, а тут і кулямёт пад бокам…
Так і спалі, укрыўшыся дзедавым кажухом.
Ціха і спакойна мінулася ноч. Даўно ўжо пагаслі зоры, апала зарава і пачаў ружавець усход. Вось і першы сонечны прамень бліснуў, пазалаціў калодзежны журавель, перакінуўся на старую ліпу. Замычэлі каровы, забляялі авечкі. То выганялі сяляне жывёлу на пашу. І толькі паспелі выгнаць яе за сяло, як страшэнны крык пракаціўся па вуліцы. Ён узнік за сялом, адтуль беглі перапалоханыя пастушкі. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся, рос, паланіў усе двары, усю вуліцу.
— Немцы! Ратуйцеся! — крычалі з усіх бакоў.
Як скрозь сон пачуў гэты крык Міколка, дзеда разбудзіў. Паднялі на ногі Сёмку-матроса, усіх партызан. Тыя кінуліся да коней.
Сёмка хутка ўзабраўся на высокую бярозу, за ім ускарабкаўся Міколка. Глянулі навокал. Па дарозе ад лесу ехаў конны нямецкі атрад. Было ў ім чалавек з сотню. Ужо хацеў скамандаваць Сёмка, каб выбіраліся партызаны ў другі бок сяла. Але заўважыў тут, што і з другога боку падаецца да сяла яшчэ большы конны атрад. Хвіліна-другая — і ад нямецкіх атрадаў аддзяліліся групы коннікаў і памчалі галопам, акружаючы з усіх бакоў сяло.
— Акружаюць, гады, у пастку бяруць! Што ж то рабіць? — услых падумаў Сёмка-матрос.
— Прарвацца! У шаблі ўзяць! — закрычалі тут партызаны. Але Сёмка-матрос махнуў рукой, гарачых спыніў.
— Усіх не возьмеш!.. Вялікі атрад, трохі нам не па сіле. Нельга на ражон перці. Прыйдзецца, няйначай… — і хацеў Сёмка яшчэ нешта сказаць, але тут яму Міколка пару слоў шапнуў, на кулямёт паказаўшы. Дужа шкадаваў кулямёта Міколка, баяўся, каб немцам яго не пакінуць. І з’явіўся нейкі план у Міколкі, аб ім і сказаў ён матросу. Той аж смехам спачатку заліўся, але раптам зрабіўся сур’ёзны, каманду даў:
— Коней хавай па хлявах, сёдлы ў каноплі! Палавіна каманды хавайся па гародах, а палавіна за мной!
І, узяўшы чалавекі з чатыры, кінуўся з імі да хаты, дзе нябожчык быў.
Праз якую хвіліну выносілі пустую труну адтуль. Партызаны і раты паразяўлялі: што за праява? Некаторыя ў жарты кінуліся: «Малая труна, усіх не ўмясціць!»
Але так грозна закрычаў тут Сёмка-матрос, што ўсе захадзіліся, як па струне:
— Карабінкі хавай, з сабой бяры гранаты і рэвальверы! — І да дзеда Астапа: — Крыж бяры! Крыж хапай, дзед Астап, ля труны станавіся! А ты, Міколка, за пратэсію!
Пачухаў патыліцу дзед Астап, нічога не разумеючы. Але ўзяў крыж, што стаяў ля варот каля хаты з нябожчыкам. Раз каманда, дык каманда, трэба выпаўняць.
Міколка ўзяўся за пратэсію, з якой носяць нябожчыкаў на могілкі. А Сёмка ўжо клаў кулямёт у труну. Той не лез, знялі колы, у гарод іх закінулі. Уціснулі кулямёт, патронаў налажылі. Прыкрылі белым палатном, паднялі труну на плечы, аж чалавек з восем яе панеслі. Ды ўслед чалавек сорак. І тут толькі зразумелі партызаны справу з труной і як пусцяцца ў шалёны рогат:
— Вось гэта дык нябожчык!
Але грымнуў тут Сёмка-матрос:
— Смех далоў! Слёзы давай, слёзы, плачу паболей!
І загаласілі ўсе па камандзе, галасамі грубымі, басавітымі:
— Угу-гу-гу… Ого-го-го… Га-га-га…
З усіх хат выскоквалі на той плач старыя бабкі. Як зірнулі на труну, напалохаліся. Пачалі лбы хрысціць, ды галасіць, ды прыгаворваць:
— Упакой, Госпадзі, душу бязгрэшную!
Ім і сапраўды здавалася, што нябожчыка нясуць. Таму і слёзы пусцілі, самыя сапраўдныя.
А тут і немцы ўжо. Імчаць наўскач з канца вуліцы, толькі пыл курыць, коні ржуць, шаблі пабліскваюць.
І страшна Міколку і смешна. Нясе пратэсію царкоўную ды тонкім голасам падцягвае:
— Ве-е-ч-ная памяць! Ве-е-чны пакой!
І ўсе за ім:
— Ве-е-ч-ная памяць…
А тут зірнуў на дзеда і ледзь не самлеў. Ужо блізка немцы, а дзед нясе крыж і на сябе не глядзіць. Вісяць на поясе ў дзеда дзве бомбы, забыўся той па старой памяці на іх, не схаваў. І як запяе тут Міколка ды на новы лад:
— Ве-е-чная па-а-мяць… Дзеду, дзеду, бо-о-мбы хавай, што на поясе вісяць…
І ўсе падхапілі басам:
— Што на поясе вісяць… што на поясе вісяць…
Пачуў дзед, схамянуўся, хуценька бомбы схаваў за пазуху і, як ні лыс, Міколку падміргнуў. І да таго тут зрабілася весела Міколку, што ледзь у скокі не пусціўся з пратэсіяй. Нават «вечную памяць» на манер кадрылі запеў. Зірнуў на яго Сёмка сурова, шапнуў — загадаў:
— Цягні, цягні, ды каб жаласліва было…
А немцы ўжо блізка. Цяжка храплі ўзмыленыя коні, гулка білі ў зямлю цяжкімі капытамі. Прыцішыўся нямецкі атрад, калі параўняўся з хаўтурнай працэсіяй. Нават пад казырок узялі немцы труне з нябожчыкам. Не азіраліся партызаны, старанна выцягвалі «вечную памяць». Плакалі ды галасілі бабкі. Нямецкі атрад паволі праехаў каля «працэсіі» і, падагнаўшы коней, памчаў далей галопам па вуліцы. Аж у самы канец праляцелі. Адтуль назад, на сярэдзіну сяла. Немцы былі яўна расчараваны. Яны, відаць, рабілі налёт, хацелі некага злавіць. Але ніякіх партызан на сяле не знайшлі, і следу тут не відаць было ад партызанскага атрада.
Труна з нябожчыкам усё шпарчэй набліжалася да могілак, якія былі за сялом.
— Хутчэй, хутчэй! — камандаваў Сёмка-матрос.
Не паспявалі бабкі следам, бурчаць пачалі:
— Куды гоніце… Дайце душы нябожчыка гэтым светам усмак падыхаць…
Але тут як крыкне Сёмка, як закамандуе бабкам:
— Хавайцеся, бабкі, па баразёнках, нябожчык уваскрос!
Зірнулі тыя на труну, ды куды каторыя кінуліся ў жыта хавацца.
А немцы тым часам спешыліся і, прывязаўшы коней да платоў, кінуліся курэй ды парасят лавіць, шукаць па хатах «млека ды яйкі». Пачуўшы кудахтанне курэй, уехалі ў вуліцу і тыя атрады, якія акружалі сяло, заставы рабілі.
І пачаліся тут несусветная сумятня, гвалт, вэрхал, шалёная страляніна.
Не паспелі немцы і малака паспытаць, як загрымеў з могілак вызвалены з труны «нябожчык». Ваўсю грымеў кулямёт, наводзячы вялікі жах на немцаў сваім нечаканым з’яўленнем. Кінуліся немцы да коней, але партызаны, якія засталіся па гародах, такую страляніну паднялі, што было не да коней. Ды і кулямёт не змаўкаў. І пабеглі немцы хто куды, без коней, а некаторыя і карабіны пакідалі. Як злавіў каторы курыцу, так і бег з ёй, гойсаючы цераз платы, цераз канавы, уцякаючы да лесу. І не да курэй было. Ляцелі вызваленыя птахі, ашалела кудахталі па гародах, кідалі немцы гладышы з малаком, давалі спрытнага драпака.
А ўслед ім імчалі ўжо конныя партызаны… На нямецкіх конях ляцелі. Хто з немцаў уцёк, а многіх у палон забралі, абяззброілі. Сабралі ў кучу, наладзілі допыт.
— Хто? — дапытваўся ў іх Сёмка-матрос. Ён пытаў пра чалавека, які навёў іх, паказаў ім партызанскую стаянку.
Добра не ведалі немцы імя чалавека, але паказалі на блізкі лясок, дзе, паводле іх слоў, хаваўся той чалавек, які прывёў іх і, баючыся паказацца з імі на сяле, застаўся там.
З дзесятак партызан паскакалі к паказанаму месцу. І праз якіх хвілін дваццаць прывялі адтуль чалавека. Гэта быў стараста.
— Ён… — паказалі на яго немцы.
Здрыгануўся той, пабялеў увесь, прыліп да зямлі, не зварухнуўся. Зрабілі вобыск. З-за пазухі выцягнулі вялікі пачак нямецкіх грошай. Памахаў Сёмка гэтым пачкам перад стараставым носам, прагаварыў праз зубы:
— Мала, аднак жа, ты зарабіў на нашай крыві…
І, сцяўшы зубы, коратка загадаў:
— Станавіся пад бярозу.
Была малая размова са здраднікам-кулаком.
Немцаў адпусцілі на волю, выдаўшы ім вядомыя распіскі з партызанскай пячаткай.
Сёмка-матрос падміргнуў дзеду:
— Бачыш, пашкадаваў учора!
Дзед і сам абураўся:
— Каб я ведаў, што чалавек здольны на такую подлую справу, дык я сваімі рукамі задушыў бы яго.
— Ворага не шкадуй ніколі…
Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Ходырам хадзіла сяло, успамінаючы незвычайныя хаўтуры і такога дзіўнага нябожчыка.
Сёмка Міколку хваліў:
— Вось каму дзякуйце за шчаслівыя хаўтуры! Не здагадаўся б ён, магчыма, і прапелі б нам немцы вечную памяць…
Смяяліся хлопцы, жартавалі. Успаміналі дзедавы бомбы. Ладзілі кулямёт, чысцілі карабіны, пахаваныя раней па гародах.
Атрад рушыў у дарогу.