Царскія арлы

Акрамя непрыемнасцей праз Бога, меў іх Міколка і праз цара. Чуў ён пра яго і дома і ў школе. У школе нават спецыяльнай малітве вучылі, дзе гаварылася аб тым, каб дапамог Бог яго імператарскай вялікасці, каб захаваў яго жыццё і даў перамогу над супастатамі.

«Вось гэта дык асоба, калі ўсе моляцца аб ёй», — думаў Міколка. Дома ён распытваў дзеда, хто такі цар.

— Ого! Цар — гэта, браце мой, цар, а не абы-што… — адказваў дзед. — Ён табе сядзе вячэру спраўляць, а навокал тысячу слуг… Не менш! Адзін каўбасу падае, другі — гарэлку, трэці — селядца, чацвёрты, браце мой, салоныя агуркі прэ.

— А пяты? — пытае Міколка.

— Пяты? Ну і пяты мае якую-небудзь справу, скажам, блінцы падае, дранікі або капусту тушаную… — прыпамінаў дзед стравы, каб даць абавязак для кожнага слугі.

— А ці есць цар прэжаны гарох? — пытаўся Міколка пра свой найлепшы прысмак.

Дзед доўга чухаў патыліцу, не ведаючы, як адказаць. Але потым, каб падтрымаць свой аўтарытэт, рашуча казаў:

— А што ж ты думаеш! Магчыма, есць… Ён, браце, усё можа… Захоча гароху — з’есць гароху, захоча смятаны — яму падаюць смятану… Яшчэ толькі ў думках у яго пра смятану, а тут ужо слуга перад ім з гладышом смятаны, хоць адбаўляй… Але, як мне здаецца, цару і без гароху добра жывецца… Гарох жа не панская яда.

Тады ўжо Міколка кідаўся ў спрэчкі з дзедам:

— Не можа быць, каб гароху не еў! Няма нічога на свеце смачнейшага, як гарох. А цар, відаць, не дурны.

— Вядома, не дурны… Ён, браце, і хітры, усё ведае, хто дзе жыве і што думае. Вось і пра нас з табой ён ведае. Сядзіць дзе-небудзь у Пецярбургу на троне, на карту зірне, бачыць — станцыя наша… І адразу ў думках у яго: «Ага! А ў мяне там стары герой турэцкай вайны Астап жыве з унукам Міколкам, а паказаць іх мне перад мае царскія вочы!» І што ты думаеш! Ён усё можа. Захоча пакараць, адразу і скажа: «Ану, падайце мне сюды Міколку, я яго жыцця рашу за непаслушэнства!» І чык-чырык — няма галавы ў Міколкі… А захоча памілаваць, скажа: «А што табе, Міколка, даць — залатыя палацы ці цуда-камень самацвет?»

— Мне палацы залатыя непатрэбны… — уздыхае Міколка. — От бы далі нам, дзеду, невялічкую хату, каб табе на падлозе не спаць ды зімой нам усім не прастуджвацца…

— Бачыш, куды ты хапіў! Невялічкую хату — гэта, браце, для цара цяжэй, чым залатыя палацы… Не любіць цар такой драбязой займацца.

Міколка ўздыхаў, не згаджаўся з такімі парадкамі.

Так гаварылі часта паміж сабой дзед з унукам. Міколка і ў бацькі пытаўся пра цара і пра гарох прэжаны.

Бацька пасмейваўся, на дзеда міргаў:

— Ты яго, Міколка, слухай, ён табе казак нагаворыць, усё роўна як пра турэцкую вайну. Цар народ кулямі частуе, вось пра які гарох ён дбае…

Кулі і гарох — незразумела гэта крыху для Міколкі. Распытаў бы яшчэ пра цара ў бацькі, але той не асабліва паважае такія гутаркі.

— Адчапіся ты з царамі сваімі… Трутні яны, крывасмокі на нашым целе.

— Як буржуі?

— Ну, вось… Цар над усімі буржуямі буржуй, вось хто такі цар…

Не шкодзіла б яшчэ каго распытаць пра цара, але няма ў каго. Не ў папа ж таго ў школе. Можа выйсці горай Адама і Евы…

А неўзабаве давялося Міколку з царом пазнаёміцца, ды яшчэ як! Так пазнаў цара, што потым і другім не раіў.

Аднае раніцы панесліся па вагонах чуткі, што заўтра цар будзе па чыгунцы ехаць. І сапраўды, яшчэ ўвечары ў вагон да Міколкі ўваліліся салдаты і пара жандараў. І так па ўсіх вагонах пасёлка. Бацьку і дзеду далі спецыяльныя бляшкі, каб павесілі на грудзі замест прапускоў. Гэта каб кожны бачыў, што яны служаць на дарозе, і не затрымліваў на пуцях. І вельмі строга загадалі, каб не хадзілі, аднак, без патрэбы па пуцях і каб ні кроку не рабілі на станцыю. Ды загадалі яшчэ навокал вагона жоўтага пяску насыпаць. А маці цэлы экзамен учынілі, загадалі ёй вагон звонку адмыць і новымі хусткамі дзверы і вокны завесіць, каб не бачыў цар лахманоў гэтых тухлых, не псаваў бы настрою. І каб самі ля вокнаў не стаялі, іначай «страляць будзем».

— Ды глядзі, галадранца гэтага за дзверы не выпушчай, убача цар — у Сібір тады запяком! — гэта ўжо ў дачыненні да Міколкі.

«Відаць, пабойваецца мяне цар, калі зірнуць на мяне баіцца…» — падумаў Міколка, але змоўк, не сказаў нічога.

І як прачнуўся Міколка, так і пільнаваўся акна, а ці скора царскі цягнік пойдзе. Бачыў ён, як завіхаліся на пуцях рабочыя, якіх падганялі жандары. Рабочыя падчышчалі і падмяталі пуці, замыкалі стрэлкі і наглуха забівалі іх кастылямі. Гэта для таго, каб царскі цягнік не павярнуў на другую дарогу і каб ніхто не мог павярнуць стрэлку не туды, куды трэба. І ўвесь таварны і пасажырскі рух спыніўся. Таварныя цягнікі стаялі ў тупіках, а пасажырскі як стаў на трэцім пуці, так і не пайшоў далей. А ўсіх пасажыраў выгналі з вагонаў і пазаганялі на станцыю. Відаць, таксама, каб цар не ўбачыў…

Міколка назіраў за пераездам цераз чыгунку. Там таксама ішла работа. Салдаты і жандары не давалі нікому пераязджаць цераз чыгунку і заганялі ўсіх — і конных і пешых — далей ад чыгункі ў лагчыну. Наогул, у гэты дзень было багата работы жандарам і салдатам. І колькі ж іх нагналі! Паабапал усёй дарогі было поўна іх, усё ганяліся за людзьмі, адганялі іх ад чыгункі.

Вось урэшце паказаўся і цягнік. Ён хутка прайшоў праз станцыю. Усе вокны былі завешаны фіранкамі. І як ні прыглядаўся Міколка, ён нічога не ўбачыў. І толькі ён сабраўся ўжо выйсці з вагона, калі прайшоў цягнік, як яго за руку схапіў салдат.

— Ты куды, падшывалец, назад!

Аказалася, што прайшоў толькі цягнік з царскімі генераламі і слугамі і хадзіць па пуцях яшчэ не дазвалялася. Праз якія паўгадзіны паказаўся і царскі цягнік. Вялі яго аж два паравозы, і на пярэднім быў вялікі двухгаловы арол. Усё роўна як той, што быў намаляваны на Міколкавым вагоне над надпісам: «40 человек, 8 лошадей». Але гэты арол быў надзвычай вялікі і бліскучы, аж загледзеўся на яго Міколка, на якую хвіліну і пра цара забыўся. Вагоны ў цягніку былі надзвычай прыгожыя, усё з шырокімі вокнамі, бліскучымі, як люстэркі. Цягнік ішоў вельмі марудна на стрэлках, нібы воз які з малаком ці з гаршкамі. Міколка пільна прыглядаўся да акон, каб угледзець цара ці хаця царанят. Але дзе ты ўбачыш на такой адлегласці. А цягнік усё ішоў ціха, паволі. І тады, не доўга думаючы, кінуўся Міколка маланкай да цягніка, каб спрытней разгледзець усё. Ён ужо набліжаўся да вагонаў, як за ім пабеглі аж два жандары і крычалі так, што не чутна было стуку вагонаў:

— Стой! Стой! Страляць будзем…

Міколка бачыў, як заварушыліся фіранкі на вокнах вагонаў і нечыя палахлівыя твары схаваліся за імі. І, каб не папасціся ў лапы жандараў, Міколка як дуж сігануў на падножку вагона і кінуўся далей, у тамбур.

«Пад’еду, — думаў, — за станцыю, а там і саскочу ля семафора…»

Толькі ён падумаў гэта, як яго і схапілі за рукі ў вагоне двое салдат-вартавых, што стаялі непрыкмечаныя ім каля выхаду. А нейкі сівы-сівы, увесь у золаце, у медалях, у звёздах ды ў блішчастых эпалетах, наставіў на Міколку пісталет і, трасучыся і адступаючы назад, крычаў не сваім голасам:

— Стой! Стой! Рукі ўгару!

А дзе ты падымеш гэтыя рукі, калі іх сціснулі так, што косці занылі.

— Не варушыся, застралю! — не сунімаўся стары. — Звязаць злачынца, абшукаць, адабраць зброю!

Моцна скруцілі Міколку рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Павалілі Міколку на падлогу, абшукваць пачалі. Але што ты там знойдзеш у Міколкавых кішэнях. Высыпалася з іх штук з дваццаць розных гузікаў, дзве невялічкія гайкі, пара цвікоў, кавалачак каляровага шкла, драбок цукру, што ўзяў у дзеда, ды кавалак «зайцавага хлеба».

Сівы генерал, а можа, міністр — не было асабліва часу Міколку даведацца дасканала пра ўсё, — трымаючы над Міколкам пісталет, другой рукой у пальчатцы асцярожна дакрануўся да гузікаў, да цвікоў. Ён нібы баяўся, што гэтыя гузікі ўзарвуцца адразу і разнясуць на мэтлахі ўвесь царскі цягнік.

— Што гэта? — грозна спытаў ён Міколку, паказваючы на гузікі.

— Гузікі… Вось гэта пара ад штаноў дзеда Астапа, а гэта…

— Маўчаць! — і так грозна крыкнуў сівы, што ў Міколкі і дух заняло. — А гэта што? — і сівы асцярожна дакрануўся пальцам да хлеба.

— «Зайцаў хлеб»… — ледзь прашаптаў ад страху Міколка, адчуваючы сябе ні жывым ні мёртвым пад грозным пісталетам.

— Панюхаць! — скамандаваў салдатам сівы.

Тыя добра панюхалі па чарзе, паклалі назад і грымнулі ў адказ, як па камандзе:

— Хлеб, ваша сіяцельства!

Сівы недаверліва паглядзеў на хлеб, дакрануўся да яго яшчэ раз пальцам і, наморшчыўшы нос, загадаў:

— Пакласці ўсё назад у кішэні злачынца. А яго прывесці ка мне на допыт…

І вось стаіць Міколка перад генералам, а можа, перад міністрам, і ўспамінае дзеда. Эх! Хутчэй бы да яго, да бацькі, да маці. А цягнік ідзе. Толькі чуваць, як пастукваюць колы: цік-так-так, цік-так-так… Праз завешанае акно нічога не было відаць. Абапал Міколкі стаяць два салдаты, трымаюць яго за рукі. Генерал пытае сурова:

— Дык чаго ж ты скочыў у вагон?

— Убачыць хацеў… — выпаліў адразу Міколка. Ён ужо смеласці пачаў набірацца, узгадаўшы, як храбра лавіў ён рака ў дзедавай барадзе. Дый баяцца ён кінуў гэтага сівога, які, бачыш ты, не разумее, што такое гузікі і што такое «зайцаў хлеб». Дый баіцца, відаць, яго гэты сівы. Не стаў бы звязваць Міколку, пісталетам яму пагражаць.

— Каго ж ты ўбачыць хацеў?

— Цара! З царом хацеў пазнаёміцца…

— Ах жа ты рыштант! — аж пачырванеў тут ад злосці сівы і ад злосці той бараду сваю торгаў. — Ладна, я пакажу табе цара, добра пакажу, каб ніколі не забыўся ты на гэта знаёмства…

На суседняй станцыі, дзе спыніўся на хвіліну цягнік — паравоз дровы браў, — з’явілася ў вагон цэлая група жандараў і ўзяла з сабою Міколку. На станцыі яны доўга распытвалі яго: хто ён, адкуль, чый сын. Доўга званілі па тэлефоне на Міколкаву станцыю і ўрэшце запыталі:

— Дык хочаш цара ўбачыць?

— Не трэба цяпер мне вашага цара, мне б дзеда хутчэй ці бацьку…

— Не… Чаму ж… мы пакажам… Загадана паказаць табе як след.

І так паказалі цара Міколку, што ён і цяпер не любіць асабліва ўспамінаць аб гэтым. І плачу было тут, і слёз, і рову. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. А адзін усё банькай ад папругі стараўся.

Ледзь жывым вярнулі Міколку на родную яму станцыю, куды накіравалі яго таварным цягніком, даручыўшы галоўнаму кандуктару. А на роднай станцыі ён патрапіў яшчэ ў рукі свайго жандара. Той наверх усыпаў, прыгаворваючы:

— Гэта табе за замах на свяшчэнную асобу гасудара-імператара. Гэта за гузікі ад штаноў дзеда Астапа, якімі абразіў ты яго сіяцельства, вялікага князя… Гэта табе за вялікія непрыемнасці мне, што парушыў ты, супастат, наладжаны мною парадак на станцыі…

Хацеў Міколка ў зубы даць жандару, усё намацваў свае гайкі ў кішэні. Але не хапала сілы, так быў збіты. Ледзь жывога вярнулі яго ў вагон да дзеда, да маці, да бацькі. Ахнулі яны, жахнуліся. Раздзелі Міколку, цёплай вадой пабоі змачылі. Дзед прыгледзеўся, збялеў аж:

— Глядзіце-ка, па ўсяму целу нібы царскія арлы павыбівалі, няйначай хто казённай банькай стараўся…

А назаўтра дзед, узброіўшыся сукаватым кіем, пайшоў на станцыю і, напаткаўшы жандара, збіў яго на горкае яблыка. Патрушчыў і шаблю і пісталет паламаў. І хоць уся станцыя і ўсё дэпо падтрымалі голасна дзеда пры гэтай баталіі, аднак на другі дзень арыштавалі дзеда і пасадзілі ў турму. Праўда, праз месяц які выпусцілі дзеда, з прычыны яго старасці, на волю, але са службы ў дэпо прагналі як «небяспечнага злачынца». Дзед спрабаваў пахваліцца крыху, што таму выпусцілі яго з турмы, што ён герой, што ў яго два медалі за турэцкую вайну. Бацька слухаў гэтую пахвальбу ды папракаў дзеда:

— Кінуў бы ты, стары, свае турэцкія байкі. Герой! Не нам з табой пакуль што ў героях хадзіць, і медалі веку ў цябе ўварвалі… Аддаў бы лепш малому на цацкі, чымся вешаць гэтыя бразджолкі на грудзі…

Маўчаў дзед, не адказваў нічога. Але, відаць, згаджаўся з сынам. І, відаць, галоўная прычына гэтай згоды была ў царскіх арлах, што павыбівалі жандары на Міколкавым целе.

Так пазнаёміўся Міколка з царом.

Так пазнаў яго.

Загрузка...