Партызанскі браняносец

За часы Міколкавага партызанства на яго роднай станцыі ў родным горадзе станавілася ўсё горш і горш. Дзесяткі рабочых былі пасаджаны ў турмы. Некаторых саслалі на катаргу, некаторых у канцэнтрацыйныя лагеры. Каля дэпо стаялі часавыя, і рабочым ледзь не пад канвоем прыходзілася станавіцца на работу. Пад канвоем вадзілі машыністаў на паравозы. За малейшае супраціўленне пагражалі расстрэлам. За работу амаль не плацілі, і сем’і рабочых жылі ў вялікім голадзе. І гэта ў той час, калі праз станцыю праходзілі дзесяткі і сотні эшалонаў з хлебам, з мясам, з жывёлай. Немцы рабавалі народ і ўсё, што рабавалі па гарадах і вёсках, адсылалі ў Германію.

Але як ні горка жылося рабочым, яны не думалі здавацца немцам. Яны рабілі ўсё, чым толькі можна было нашкодзіць нахабным заваёўцам, якія марылі задушыць Савецкую краіну. Рабочыя псавалі паравозы, вагоны, чыгуначны шлях, каб перашкодзіць немцам вывозіць нарабаванае дабро. Уцякалі машыністы з паравозаў, спынялі ў лясах цягнікі і раздавалі назад сялянам адабраную ў іх жывёлу. Арганізоўвалі рабочыя дружыны абароны. Даставалі зброю.

Нават дзеці рабочых удзельнічалі ў гэтай барацьбе. І часта можна было назіраць на станцыях, як Міколкавы таварышы, катаючыся на падножках вагонаў, сыпалі ў буксы вагонаў пясок, разлівалі ў кандуктараў і змазчыкаў мазут, каб не было чым змазваць калёсы.

Барацьбой рабочых кіравалі бальшавікі. Сярод іх быў і Міколкаў бацька — Андрэй. Ён даўно быў у падполлі, і часам самыя блізкія людзі не ведалі, дзе ён знаходзіцца.

Часам, калі асабліва зверскімі рабіліся немцы ў якім-небудзь горадзе ці на станцыі, рабочыя рабілі ім добрую ўзбучку, напамінаючы гэтым, што рабочая сіла не зломлена. Вось і цяпер атрымаў з горада ліст Сёмка-матрос. Прачытаўшы яго, раіўся з дзедам Астапам, з другімі партызанамі. Быў пры гэтай нарадзе і Міколка. Чуў ён, што трэба атраду зрабіць налёт на горад і даць добрага пытлю немцам. Думалі і гадалі, як лепш правесці налёт.

Да поўначы раіўся Міколка з дзедам, як лепш справу зрабіць. Аж надакучыў дзеду сваімі парадамі. Той і рукой махнуў:

— Адчапіся ты! Малы ты яшчэ, табе толькі варон біць з карабіна ды штыком тваім пячуркі з пяску рабіць…

І дзед паказаў на кінжал, якім так ганарыўся Міколка. Абурыўся тут Міколка, трохі нават узлаваўся на дзеда і з пагардай сказаў яму:

— Як відаць, ты, дзед, добра яшчэ мяне не ведаеш! Можа, я таксама ваяка… Ізноў жа: хто спаў каля пакгаўза, а хто лазіў у пакгаўз людзей вызваляць? Ага! Успомніў! А хто каню вуха шабляй адсек?

Аж паморшчыўся дзед, узгадаўшы пра гэтую прыгоду, і, каб спыніць непрыемныя для яго Міколкавы ўспаміны, адразу ж пайшоў на змірэнне:

— Ну, дык чаго ты ўжо так разышоўся? Хіба я кажу, што ты не храбры? Ну дык гавары, што ты надумаў.

— А вось і надумаў…

І тут расказаў Міколка аб сваім плане:

— Бачыш, дзеду, сіл яшчэ ў нас мала і зброі мала… Калі не пойдзем мы на хітрасць, нічога часам і не выйдзе!

Міколкаў план быў вельмі просты. Лазячы на хвою, на наглядальны пункт, Міколка часта бачыў, як праходзяць зрэдку па Дняпру параходы. Яны хадзілі пад нямецкім сцягам, хадзілі з узброенай камандай, з кулямётамі, а часам і з гарматамі.

— Абы толькі параход нам дастаць, а там пабачым… — закончыў Міколка свой план.

— А што ты думаеш! — захапіўся дзед планам. — Ты ж у мяне мудрэй за Напалеона!.. Ды што Напалеон! Ты ж проста, браце мой…

— Бальшавікоў сын, — падказаў дзеду Міколка.

— То-та ж!.. — згадзіўся дзед і пайшоў раіцца да Сёмкі-матроса.

А раніцай дзед Астап і Міколка выбраліся на разведку ў горад. Запрэглі звычайныя сялянскія калёсы, палажылі на воз паўмяшка мукі, яек з дзесятак. Дзед Астап нават пеўня недзе расстараўся. Усё гэта рабілі, каб ніхто не западозрыў іх у партызанстве і каб немцы прынялі іх за звычайных сялян, якія едуць на базар у горад. Так і паехалі. Амаль без асаблівых прыгод дабраліся яны да горада. Толькі ў адным месцы спынілі іх немцы, хацелі ў падводы забраць. Але выручылі ўзятыя яйкі. Аддаў дзед салдату цэлы дзесятак, пусцілі іх далей. Так і даехалі. Каб лішне не цягацца з мукой ды з розным другім харчам, рашылі аднесці іх на станцыю да маці.

— Нябось, даўно і хлеба добрага не бачыла яна…

Расплакалася маці ад нечаканай сустрэчы.

— А я-то думала, што і костачак тваіх не збяру. Толькі чуеш штодня расстрэлы ды расстрэлы… Вось бацька твой таксама хаваецца недзе. Хіба ж гэта жыццё! Табе б у твае годы пагуляць толькі!

— Некалі, маці, гуляць! — заўважыў Міколка.

Яшчэ больш расплакалася маці.

— А ты слёзы кінь! Некалі, маці, плакаць! Давай лепш павячэраць старым бальшавікам! — важна сказаў Міколка і стаў наразаць хлеб на стол. — А ты, дзед, цягні сала з торбы.

Хутка і развіталіся. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам, да бяды не дапускаў.

— А ты не клапаціся, мы-то ўжо адзін за аднаго пастаім, у крыўду не пусцім.

Пайшлі на прыстань. Па дарозе дзед Астап заглянуў да Міколкавага брата, потым забег на тэлеграф, на станцыю, да знаёмага тэлеграфіста, з сваіх.

— Ты ўжо стукні па тэлеграфу на раз’езд, што мы выязджаем. З раз’езда нашым перададуць у атрад…

На прыстані сустрэліся. Абышлі горад, агледзелі, дзе і якая часць стаіць. Заўважылі на беразе Дняпра нямецкую батарэю. Недалёка ад прыстані стаяў штаб. За штабам стаяла гарадская турма. Ля яе важна прахаджваліся нямецкія часавыя. Агледзелі ўсё, запомнілі і пайшлі на параходную прыстань. Якраз і параход стаяў на Дняпры, і даволі вялікі. Дзед купіў білеты, селі на параход. Тут было багата пасажыраў, усё больш буржуяў, памешчыкаў, царскіх афіцэраў і генералаў, якія ўцякалі з савецкай Расеі. Адны ехалі ў гетманаўскую Ўкраіну, другія трымалі шлях за граніцу. На параходзе была спецыяльная суправаджальная каманда з нямецкіх салдат і аднаго афіцэра. На носе і на карме стаяла па кулямёту. Недалёка ад капітанскага мосціка прыстроілася скарастрэльная гармата.

Зірнуў на яе дзед, уздыхнуў, на Міколку глянуў.

— Разумею, дзеду, зайздросціш? Гэта табе не турэцкая шабля!

Яны ўважліва аглядалі ўсё, прымячалі кожную драбніцу, пакуль не накінуўся на іх капітан парахода:

— Чаго вас носіць тут, д’яблы? Панам толькі вочы мазоліць… Айда ў трэці клас, галадранцы!

Зірнуў на яго Міколка, кулакі сцяў. Нешта хацеў сказаць, але міргнуў тут яму дзед, за руку ўзяў, уніз павёў. Шапнуў:

— Памятай, дзе знаходзішся!

Адно, што добра было ў трэцім класе цяпер, гэта прастора. Як відаць, звычайныя людзі мала карысталіся цяпер параходам. Усё больш паны ехалі са сваімі манаткамі, чамаданамі, сабачкамі. Ехалі афіцэры. Ехалі эсэры і ўсякая іншая погань. Усе яны ратавалі свае шкуры ад бальшавікоў, марылі аб жорсткай расправе над імі.

— Мы ім пакажам матушку Русь! Мы ім адпомсцім за бацюшку-цара! Мы павешаем іх на слупах тэлеграфных за святую царкву! — толькі і чуваць было навокал. І асабліва стараўся адзін генерал. Стары, сівы, недалужны, а такі ж заўзяты. Каб змог, дык, відаць, сваёй бы рукой перадушыў і бальшавікоў, і сыноў бальшавіковых. Аж пенай пырскаў:

— Вось гетман ім пытлю дасць… Вось немцы вуму-розуму навучаць… Вось французы, ангельцы… Хоць немцам усю Расею аддаць, толькі не ім, бальшавікам праклятым…

І аж сіпеў стары, шапялявіў. І «за бацюшку-цара» было ў яго «за бачушку-чара». І пра супастатаў-бальшавікоў: «Я іх, шупаштатаў, на кожным шлупку паражвешваю, я ж іх кішкі павыпушчаю…»

Нявесела было Міколку слухаць гэтыя размовы, і калі генерал на якую хвіліну астаўся з ім адзін, Міколка шапнуў дзеду, мацаючы пад поясам свой кінжал:

— Дай я яго, дзеду, трохі штыком памацаю ці хоць стукну па дурным чэрапу…

Але дзед рашуча забараніў:

— Не чапай яго! Ён і так акалее ад свае злосці… А мы з табой тут адны пакуль што. Вось пачакаем раніцы, а цяпер кладзіся і спі…

А раніца выдалася надзвычай добрая. Узышло яркае сонца, і пад яго праменнямі хутка раставалі і знікалі белыя пасмы туманаў. Паволі плыў параход. Дзед разбудзіў Міколку:

— Уставай! Ужо час на работу, пад’язджаем.

Абмацаўшы за поясам сваю зброю, дзед з Міколкам падаліся на гару, на верхнюю палубу. Было мала людзей на ёй. Яшчэ спалі. Толькі драмала ля кулямётаў некалькі салдат, хадзіў сонны афіцэр і курыў цыгарку, каб адагнаць рэшткі сну. Ды неўгамонны генерал сядзеў ужо на лаўцы, усё не супакойваўся і пагражаў «шупаштатам», памінаў «бачушку-чара».

Дзед з Міколкам скромна прыселі на скрутку канатаў. Дзед закурыў цыгарку і ленавата сплёўваў за борт, пільна прыглядаючыся да берагоў. І, нешта заўважыўшы, раптам ажывіўся, падняўся, Міколку крыкнуў: «Пара!» І адкуль толькі спрыт узяўся ў дзеда, кінуўся ён бегма да капітанскага мосціка і, стрэліўшы на бягу з рэвальвера, закрычаў капітану:

— Ану, круці да берага! Ды шпарчэй! А то галаву знясу!

Стрэл нарабіў перапалоху. За дзедам кінуўся афіцэр. Перапалохаліся салдаты. І ўжо гатоў быў афіцэр выстраліць у дзеда, як з правага берага раздаўся дружны залп. Потым яшчэ і яшчэ. Толькі пырскі ўзняліся ля бартоў — партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Стары генерал як стаяў, так і сеў на лаўку, і падняцца не мог, прыліп ад страху. Прыніклі салдаты да кулямётаў, але тут раздаліся залпы з левага берага. Салдаты кінулі зброю і пабеглі хавацца.

Прачнуўся народ на параходзе, пачалася несусветная сумятня. Істэрычна крычалі пані і паненкі, выскачылі паны на палубу. Некаторыя ад страху перад партызанамі кідаліся за борт у ваду. Толькі нямецкі афіцэр паспрабаваў яшчэ абараняцца, прыпаў да кулямёта. Але не паспеў ён зрабіць па беразе і дзесятка стрэлаў, як адцягнуў яго дзед ад кулямёта.

А параход, ткнуўшыся носам сюды і туды, паволі падплываў ужо да берага. Людзі на параходзе стаялі з паднятымі ўгору рукамі. З берага неслася моцнае «ўра». Адтуль віталі дзеда, віталі з перамогай слаўнага Міколку.

Праз якую хвіліну параход прыстаў да берага. Яго прывязалі канатамі, паклалі дошкі на бераг, пачалі высаджваць палонных. І чаго тут не рабілася толькі. І крыку было, і панскіх вобмаракаў, і просьбаў, і паклонаў, і слёз. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам, перад дзедам, перад Міколкам. Сёмка-матрос дзяліў палонных на дзве кучкі. У адну адсылаў жанчын, старых і маладых паненак, старых паноў і афіцэраў, камандаваў:

— Ану, мадамы ды старыя сіяцельствы, айда налева.

А маладзейшых адбіраў у меншую кучку. Тут былі заўзятыя ворагі бальшавікоў. Людзі, якія вербавалі сілы для гетмана. Людзі, якія ездзілі ў савецкую Расею па контррэвалюцыйных справах, якія прадавалі Расею сусветнай буржуазіі. Міколка ведаў, што чакае гэтых людзей, і ніколькі не шкадаваў іх, калі партызаны павялі іх у лес, у лагчынку.

Яго больш зацікавіла гісторыя з генералам. Той ад страху страціў усякую прытомнасць, і як сеў на лаўку, так і прыліп да яе.

Зірнуў на генерала Сёмка-матрос, а ў генерала і каленкі затрэсліся. Аж плюнуў тут Сёмка-матрос:

— Ну і абломак імперыі, да чаго ж палахлівы!

Паглядзеў на генерала і Міколка. Успомніў пра «бачушку-чара» і пра «шупаштатаў». Хацеў нешта грознае сказаць, але махнуў рукой і, пераймаючы Сёмкавы манеры, таксама плюнуў паважна і адышоўся ўбок.

— Што ж з генералам рабіць будзем? — запыталі партызаны Сёмку.

— А паслаць яго да мадамаў!.. Няхай ідзе.

І тут звярнуўся Сёмка-матрос з вялікай прамовай да незвычайных сваіх палонных:

— Вы, каторыя мадамы, старыя сіяцельствы і ўсякія іншыя абломкі імперыі! Айда адсюль хутчэй, ды на вочы больш не трапляйцеся! Пападзецеся зноў — народ мы недалікатны: адзьё, мусью, на штык ды ў рэчку…

І нават Міколку падміргнуў: «Бачыш, як я па-французску з імі наярваю!»

А «мадамы», «сіяцельствы» і ўсе «іншыя абломкі» не палічылі патрэбным доўга ўпрошваць сябе і адразу ж далі заўзятага драпака, толькі лыткі мільгалі. Адкуль і спрыту набраўся стары генерал: так бег, што аж «мадамы» з сабачкамі ззаду засталіся. Бег і шаптаў:

— Пожа, Пожа, выратуй маю душу!

І даваў такога спрытнага драпака, што толькі пыл курэў пад «абломкам імперыі».

А «шупаштаты» аглядалі параход, прыводзілі яго да парадку. Сёмка-матрос, жартуючы, назваў параход браняносцам, і гэтая назва так і засталася за ім. А паколькі Міколка быў галоўным завадатарам усёй параходнай справы, то судна называлі яшчэ Міколкавым браняносцам.

Так партызаны набылі сабе «браняносец».

Загрузка...