Міколка з дзедам трапляюць у бяду

Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам натрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Тут было некалькі дзесяткаў сялян з сем’ямі, з маёмасцю, з коньмі, з каровамі. Збоку ўсё было падобна на вялікі цыганскі табар. Стаялі калёсы з паднятымі ўгору аглоблямі. На аглоблях былі панадзяваны розныя дзяругі, коўдры. Пад гэтымі дзяругамі спалі на лахманах дзеці. Плакалі жанчыны то голасна, то ціха, наўзрыд. Плакалі па-рознаму, але словы былі адны:

— А што ж то будзе далей? Хіба жывымі ў магілу класціся?

Ля калёс гарэлі агні. Сухое вецце хвой патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Нібы раіліся залатыя пчолы, падымаліся ўсё вышэй і вышэй, аж пад самыя верхавіны маўклівых сосен, ялін. Ад сядзеўшых ля агню сялян мітусіліся навокал палахлівыя цені, яны скакалі па дрэвах, па кустах і знікалі, праглынутыя чорнымі змрокамі ночы. Усюды было трывожна. Гэта відаць было і па плачу жанчын, і па гутарках сялян, па іх трывожных позірках навокал. Некалькі чалавек было з старымі паляўнічымі стрэльбамі. Яны вартавалі жывёлу — тут жа ў лесе пасвіліся коні, каровы, свінні.

Міколку з дзедам спынілі некалькі чалавек, акружылі, запыталі сурова:

— Што вы за людзі? Чаго паначы швэндаецеся па лесе?

— А вы хто? — перапытаў у сваю чаргу дзед.

— Мы сяляне, уцяклі ў лес ад немцаў…

— Ну дык і мы ўцяклі ў лес… А самі мы рабочыя, чыгуначнікі.

Слова за словам — пачалася гутарка. І тут убачыў Міколка, што аднолькава прыходзіцца ад немцаў і рабочым і сялянам. І тым і другім прыходзіцца хавацца, ратаваць сваё жыццё, апошні свой кавалак хлеба. Рабочага пад канвоем немцы вядуць на працу ў дэпо, на паравоз. За гэтую працу амаль нічога не даюць, прымушаюць галадаць. У селяніна немцы адбіраюць апошнюю карову, апошні хлеб, паляць яго хату, калі селянін не захоча добраахвотна аддаваць гэты хлеб. А паспрабуй ты выступі супроць гэтых парадкаў, цябе расстраляюць або закатуюць да смерці.

— Адным толькі панам настала цяпер вялікае жыццё… — гаварыў адзін з сялян. — Толькі немцы прыйшлі, з’явіўся і пан. І такую расправу ўчыніў нам, што мы і не снілі ніколі… Вось і сядзім цяпер у лесе, укрыўшыся небам. А Сёмку-матроса, які быў у батрацкім камітэце, выдаў пан немцам. Тыя прысудзілі Сёмку да смерці за тое, што ён нібыта падбухторваў сялян да паўстання. Сёмка быў ворагам паноў. За гэта, відаць, і судзілі. І хто ведае — жыў цяпер Сёмка ці не…

Да самае поўначы гаварылі каля агню. Тут жа і ўлегліся спаць. Хто пад калёсамі, хто пад хатнім скарбам, прывезеным сюды. Хто тут жа каля агню, падклаўшы пад галаву торбу ці шапку-кучомку. Тут жа спалі і Міколка з дзедам.

А перад самай раніцай узняліся ў лесе таропкія стрэлы. Папрачыналіся напалоханыя людзі, беглі куды папала, крычалі:

— Ратуйцеся, немцы ў лесе!..

Але хавацца было ўжо недзе. З усіх бакоў акружылі немцы паляну, дзе размясціліся ўцекачы-сяляне. І калі намагаўся хто праскочыць праз густыя зарасці хмызнякоў, насустрач яму высоўваўся шырокі нямецкі штык і чуўся грозны вокліч:

— Стой! Назад!

Сяляне кідаліся назад, але ўсюды іх сустракала адна і тая ж грозная каманда, шэрыя каскі салдат і ашчаціненыя штыкі. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абамшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай.

— Патроны, дзеду, хавай, патроны! — ціха крыкнуў Міколка. Але недачуў дзед, ды позна было. Каля дзеда стаяў ужо нямецкі салдат і штыком падганяў яго, каб ён хутчэй падняўся на ногі. Міколка кінуўся да салдата, лёг грудзьмі на вінтоўку, каб адвесці штык ад дзеда, але тут жа пакаціўся па зямлі. Яго ўдарыў прыкладам вінтоўкі другі нямецкі салдат. Міколка ледзь падняўся на ногі, бо, падаючы, ён моцна ўдарыўся аб ламачыну. У Міколкі кружылася галава, нейкая пеляна засцілала яму вочы, але ён выразна бачыў таго салдата, які так неміласэрна ўдарыў яго. І вялікае, непераможнае пачуццё помсты запаліла Міколку. Ён падхапіў вялікі камень і кінуў яго ў салдата. Камень трапіў у каску. Азвярэлы салдат кінуўся са штыком на Міколку. І здавалася тады Міколку, што ніколі яму болей не ўбачыць ні гэтай паляны, ні лесу, ні дзеда, ні бацькі. Ля самых грудзей прамільгнуў перад ім шырокі штык, і Міколку здавалася нават, што ён бачыць на штыку цёплыя каплі расы ў барвовых і яркіх водблісках раніцы. Але то была не раса. Гэта Міколкава кроў пацякла па штыку. Хапіўшыся за яго абедзвюма рукамі, Міколка моцна, да пякучага болю, парэзаў пальцы і крыкнуў. Яго адцягнулі ад штыка падбегшыя жанчыны.

— Што вы з хлопчыкам робіце, рабаўнікі! — крыкнулі яны азвярэламу салдату.

Той памкнуўся быў жорстка расправіцца са сваёй ахвярай, але нейкі трэці салдат затрымаў яго за рукі, нешта гаварыў яму, няйначай, папракаючы за дзікі ўчынак.

Хутка ўсіх сялян павялі пад канвоем з лесу. Сярод сялян быў і Міколка з дзедам. Ззаду салдаты гналі сялянскіх кароў, ганяліся па лесе за коньмі, за свіннямі…

Развіднела. Узышло сонца. Было яно нейкае пахмурнае, мутнае, нібы шызая пеляна засцілала яго ранішні зрок. То былі шэрыя хмары, якія абляглі ўсё неба, праглынулі сонца, замуцілі небавую сінь. Неба было шэрае, халоднае, нібы ў познюю дажджлівую восень.

— Гэта ж дым, а не хмары, — праказалі сяляне.

І сапраўды, то дагарала вёска, да якой падвялі цяпер пад канвоем сялян. Вёска гарэла ўжо другі дзень, і некаму было тушыць пажару, дый баяліся тушыць. Вёску падпалілі немцы за супраціўленне сялян непамерна цяжкім падаткам і кантрыбуцыям. У гэтым падпале вінаваты быў і пан, які помсціў сялянам за рэвалюцыю і падгаворваў немцаў на бязлітасную расправу з беднатой вёскі. І вось стаялі пачарнелыя коміны, дыміліся галавешкі, струменьчыкі дыму віліся ад платоў, ад пажоўклых яблынь, бяроз. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах і завіхаліся на трупах жывёлы, загінуўшай у дыме, у агні.

— Наша вёска… — ціха прамовіў адзін селянін да дзеда. — Вось яны ж і спалілі… — паказаў ён на сваіх канваіраў.

Над усімі навісла грозная цішыня. Толькі чуваць былі кароткія загады афіцэраў ды канваіраў. Твары салдат былі ва ўсіх грозныя, у некаторых раз’ятраныя. Гэтыя зусім былі не падобны на тых, якія займалі калісьці Міколкаву станцыю. Там былі палкі запасных салдат, многія былі з бародамі, пажылыя людзі. Неяк нават лягчэй было гаварыць з імі, не так па-зверску абыходзіліся яны з народам. У гэтых жа і форма трохі інакшая: чорныя венгеркі, большасць салдат на конях, у многіх чорныя шапкі і на шапках страшныя чарапы з перакрыжаванымі касцямі.

— Відаць, гусары смерці з карных вільгельмаўскіх батальёнаў… Быць цяпер у бядзе нам… — ціха прагаварыў дзед Астап да Міколкі.

Канваіры спынілі народ недалёка ад спаленай вёскі. Паставілі пару кулямётаў, нацэліўшы іх на сялян. Асобна ад усіх пад узмоцненым канвоем трымалі двух маладых сялянскіх хлапцоў, якіх захапілі немцы са зброяй у лесе. Канваіры і афіцэры, акружыўшы сялян, нечага чакалі. І раптам заварушыліся, заўважыўшы на дарозе ад маёнтка белае воблачка пылу. Воблачка расло, шырылася. І хутка ўсе ўбачылі, што гэта шпарка едзе па дарозе запрэжаная ў чацвёрку коней карэта. Паабапал і ззаду карэты ехала чалавек з трыццаць коннікаў. Усё гэта былі тыя ж гусары смерці. Чацвёрка коней стала як укопаная перад кругам сялян. З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі, у паляўнічым касцюме, у жоўтых ботах. Чуваць было, як рыпелі гэтыя боты, становячыся на зямлю. То быў памешчык. Ён дапамог выйсці з карэты другому чалавеку ў вайсковай форме.

— Палкоўнік нямецкі… — шапнуў нехта збоку і замоўк пад суровым позіркам канваіра.

Памешчык з палкоўнікам падышлі да сялян. Спешыліся коннікі, пад’ехала яшчэ адна каламажка, і з яе таропка вылез поп, няўклюдна апраўляючы падраснік, з-пад якога відаць былі наваксаваныя папоўскія боты.

— А гэты сіваграк чаго тут? — гучна запытаў дзед Астап у стаяўшага побач з ім селяніна. Але той не паспеў адказаць, бо загаварыў памешчык. Ён стаяў перад народам, важна выставіўшы ўперад немалы свой жывот, ленавата пакручваючы вус, і нібы ўсміхаўся сялянам самай мірнай, лагоднай усмешкай:

— Ну вось, мужычкі, ізноў мы з вамі сустрэліся… А вы думалі, што мы рассталіся навекі… Ну што ж, мала з вас ласкі імператара Вільгельма? — І ён паказаў рукой на абгарэлыя коміны сялянскіх хат, на сумныя папялішчы. — Вы думалі, што вам пройдуць так, даруюцца грабяжы над маім маёнткам? Што вам даруецца бальшавіцкае свавольства? Не, не чакайце, мае мілыя, гэта вам не свабода… Гэта вам не бальшавікі… Гэта войска вялікага імператара Германіі, якое стаіць за закон, за законную ўладу, за маю зямлю, за маё дабро.

Ён гаварыў і гаварыў, і словы яго перайшлі ўжо ў шалёны крык. Ён захліпаўся словамі, пырскаў пенай, пагражаў, лаяўся.

— За кожную маю карову я вазьму цяпер тры каровы, за кожнае зярно вы будзеце расплачвацца са мной сваёй крывёю і потам… Я згнаю ў турмах… Я расстраляю.

Яго спыніў чамусьці палкоўнік, запытаў нешта. Тады памешчык пачаў гаварыць больш спакойна:

— Палкоўнік ставіць перад вамі ўмову: калі хочаце яшчэ пабачыць свету, гаварыце, хто забіў нямецкага афіцэра і вызваліў Сёмку-бальшавіка?

Народ глуха маўчаў. Толькі відны былі сцятыя ў бяссіллі кулакі, суровыя твары былі ў цяжкай задуме. Ужо бегаў памешчык сярод людзей, ярасна трос кулакамі, грозна падступаў да некаторых.

— Гавары, дзе Сёмка? Хто яго вызваліў?

Але маўчаў народ. Толькі ўсхліпвалі жанчыны, выціраючы слёзы ражкамі хусцінак, ды плакалі дзеці.

Адышоўся памешчык, пачаў нешта раіцца з палкоўнікам. Той махнуў рукой аднаму з афіцэраў. Двух хлапцоў, якіх узялі з лесу са зброяй, падвялі да абгарэлай грушы, паставілі пад ёй. Да іх падышоў поп, нешта гаварыў ім, паказваючы на крыж. Але бачыў Міколка, як плюнулі хлопцы на крыж папу, на яго грудзі. Як пабіты сабака, адышоў поп убок. Загаласілі жанчыны, хапіўшыся за галовы. Глуха шапталі старыя:

— Калі ж кончацца гэтыя здзекі? Ці доўга цярпець яшчэ будзем?

Грымнулі стрэлы… Міколка не глядзеў туды. Ён бачыў толькі, як узняліся над папялішчам стаі чорных крумкачоў, як з абгарэлай грушы пасыпалася сухое лісце і ціха-ціха кружылася, ападаючы ўніз. Яму насустрач віліся шызыя клубы дыму ад стрэлаў.

Доўга яшчэ здзекаваліся над людзьмі, усё выпытвалі пра Сёмку, пра тых, хто падбухторваў не здаваць немцам хлеб і жывёлу, хто быў у батрацкім камітэце.

Але колькі ні настаўлялі на людзей кулямётаў, колькі ні спрабавалі страляць паверх галоў у народ, нічога не дапамагала. Людзі маўчалі. Тады памешчык з афіцэрамі падышлі бліжэй да людзей. Некаторых бралі і адводзілі ўбок. Вось і да дзеда з Міколкам падышоў памешчык, сурова паглядзеў:

— Ты хто, нешта цябе я не памятаю?

— Я таксама з табой незнаёмы… не даводзілася сустракацца… — працадзіў дзед скрозь зубы.

— А ты, чорт стары, адказвай, калі з табой гавораць… Жарты ў мяне кароткія… Хто і адкуль? — усё пытаў расчырванелы ад злосці пан.

— Чалавек я… Вось хто я.

Ашалелы пан трос дзеда Астапа за рукі. Кастлявыя былі гэтыя рукі, з шырокімі пляскатымі далонямі, з вечнымі мазалямі, з незмываемым нагарам ад дэпоўскага жалеза, са слядамі ад мазуту. Зірнуў на іх пан і затросся аж.

— Недарма ты аціраешся тут сярод мужыкоў… Відаць, з рабочага кодла, пракляты… — засіпеў ён і, заўважыўшы Міколку, запытаў яго грозна, паказваючы на дзеда: — Гавары, хто гэта такі?

— Гэта мой дзед… — адказаў напалоханы Міколка.

— Які дзед?

— А дзед… вось проста дзед, і ўсё тут.

— А ты адкуль узяўся? Хто ты, шчанё?

Хацелася Міколку сказаць, што не шчанё ён, а самы што ні на ёсць бальшавікоў сын, але, зірнуўшы на дзеда, схамянуўся. Прагаварыў ціха:

— А я дзедаў унук.

— А фамілія твая?

Зірнуўшы яшчэ раз на дзеда, прамовіў: «Не ведаю…» Як уджалены, падскочыў пан.

— У склеп іх! — грымнуў ён на ўсё горла.

Міколку з дзедам адвялі ўбок да купкі людзей, акружаных цяпер моцным канвоем. Салдаты ганяліся за каровамі, за іншай жывёлай. Частку гналі ў маёнтак да памешчыка, рэштку бралі для нямецкага войска. Сяляне аставаліся на дымных папялішчах. Над папялішчамі кружыліся крумкачы. Дыміліся платы і дрэвы садоў. Пад апаленай грушай ляжалі два забітыя чалавекі.

Міколка з дзедам ішлі ў групе людзей. Іх падганялі салдаты. На салдатах былі чорныя венгеркі і чорныя шапкі. На шапках былі страшныя чарапы. На пражках паясоў паблісквалі пад сонцам выбітыя літары нямецкіх слоў: «З намі Бог!»

Кружыліся крумкачы над дымнымі папялішчамі.

Паблісквалі штыкі.

Людзей вялі ў склеп.

Загрузка...