7. Пра тое, як Мах і Шэбестава паплавалі ў моры ля Гавайскіх выспаў


Аднойчы перад Калядамі Мах з Шэбеставай прыйшлі ў школу ў апошні момант, селі за парту якраз са званком, але настаўніцы ўсё не было і не было, Горачак з Пажоўтам, вядома ж, бегалі па класе і галёкалі, як павіяны, а Чармакава на іх крычала, каб селі лепш паўтарыць арыфметыку з граматыкай, бо ім за паўгоддзе будуць калы, але Горачак паказаў ёй язык, маўляў, клапаціся пра сябе, і сказаў, што на арыфметыку яму пляваць, затое ён ведае напамяць усе песні гурта «Шалёныя алігатары», чаго не ведае нават настаўніца, і адразу ж узлез на парту, замахаў сшыткам з песнямі і заспяваў:

«Мая цётка Ліба —

не мяса і не рыба,

ды голад не цётка —

з'ясі нават котку», —

і толькі ён гэта даспяваў, як у клас увайшоў спадар дырэктар і сказаў: «Горачак, злезь з парты, інакш я з табой разбяруся», — а потым паведаміў вучням, што настаўніцу ўначы адвезлі ў больніцу, бо з ёй здарыўся нервовы прыступ, таму ён пару дзён павучыць іх замест яе, а калі Кропачак здзіўлена спытаў, чаму ў настаўніцы здарыўся нервовы прыступ, спадар дырэктар сказаў: «Дзеці, сталася жахлівая рэч: брат вашай настаўніцы, інжынер Арышак, які працаваў вынаходнікам у Амерыцы, учора патануў пры крушэнні карабля, на якім вёз сакваяж са сваёй вынаходкай у спецыяльную лабараторыю ў Аўстраліі; я ведаў яго асабіста, гэта быў асаблівы чалавек, ён паўсюль насіў свой смешны сакваяж, на якім былі намаляваныя зайчыкі; дык вось, тое няшчасце здарылася ля Гавайскіх выспаў», — а Трэйбалава адразу ж падняла руку, каб сказаць, што гэта выспы ў Ціхім акіяне, і знаходзяцца яны ў рэгіёне, які называецца Палінэзіяй, а спадар дырэктар сказаў: «Слушна», — і працягваў, што вынаходка інжынера Арышка мела велізарнае значэнне і магла зрабіць поўны пераварот у сістэме адукацыі па ўсім свеце, што іх настаўніца якраз нядаўна распавядала пра гэта сваш калегам і казала, што гэтая вынаходка — не што іншае, як апарат з сямю правадкамі, які проста надзяваецца на галаву, як шапка, а правадкі ўстаўляюцца ў падручнікі арыфметыкі, граматыкі, гісторыі, прыродазнаўства, геаграфіі, фізікі і хіміі, затым націскаецца кнопка, чуецца «бззз» — і пасля такога сеанса чалавек можа ісці здаваць іспыты хоць за ўвесь курс сярэдняй школы, нават калі да таго ён быў поўны ёлупень, як, напрыклад, Горачак ці Пажоўт.

І калі Мах з Шэбеставай ішлі са школы, яны загаварылі пра таго нешчасліўца, які патануў ля Гавайскіх выспаў, а таксама пра ягоную вынаходку, і Мах сказаў: «Ведаеш, Шэбестава, мне так шкада таго апарата, гэта так несправядліва, што такая карысная штука ляжыць на дне Ціхага акіяна!» — а Шэбестава сказала: «Ты толькі ўяві, што было б, калі б ён не патануў разам з тым караблём: людзям зусім не давялося б хадзіць у школу, хіба што аднойчы: апарат пабзычыць, і ўсе ўсё будуць ведаць, гэта ж якія доўгія тады былі б вакацыі!», — а Мах стукнуў сябе ў лоб і сказаў: «Слухай, Шэбестава, у мяне выдатная ідэя, давай папросім слухаўку перанесці нас у тую Палінэзію, там на затанулым караблі мы знойдзем сакваяж з зайчыкамі і прынясем яго спадару дырэктару», — а Шэбестава адказала: «Мах, гэта сапраўды выдатная ідэя, мы гэта зробім сёння ж пасля абеду, і калі ўсё атрымаецца, нам ужо, магчыма, не спатрэбіцца хадзіць у школу, і мы круглы год зможам гуляць з Джанатанам».

Дома ў Шэбеставай яны пачакалі, пакуль бацькі пойдуць у горад, Мах надзеў плаўкі, а Шэбестава купальнік, з хатняй майстэрні спадара Шэбесты яны ўзялі ў якасці груза дзве каробкі цвікоў, паклалі іх у торбы, якія пачапілі сабе на плечы, знайшлі маскі для падводнага плавання, і калі былі гатовыя, слухаўка даставіла іх на Гавайскія выспы, якраз на месца трагедыі; там была страшэнная спёка, паўсюль натоўпы выратавальнікаў і журналістаў — і ўсе ў плаўках ці ныральных касцюмах; там Мах выцягнуў слухаўку, якая ляжала ў торбе з цвікамі, папрасіў, каб яны вытрымалі ў вадзе без дыхання хаця б гадзіну, і калі слухаўка сказала: «Няма праблемаў», — абое ўвайшлі ў Ціхі акіян і паплылі да патанулага карабля.

Пад вадой усё выглядала, як у вялізнай аранжарэі, яны праплывалі сярод скалаў, аблепленых караламі з мноствам рознакаляровых галінак, бачылі жоўтыя і чырвоныя актыніі, якія выглядалі як ажылыя кветкі, там-сям заўважалі вялікія і малыя зоркі, разглядалі вялізных крабаў з ружовымі панцырамі і паўметровымі клешнямі, асьміногаў, якія хаваліся ў шчылінах скал, насустрач ім праплывалі цэлыя хмары паласатых рыбак — белых, жоўтых, сініх і чырвоных; але каробкі з цвікамі цягнулі іх усё ніжэй і ніжэй, і нарэшце яны апынуліся на самым дне, дзе ляжаў на борце вялізны цеплаход, які выглядаў як шматпавярховы дом, пакладзены на бок; Мах з Шэбеставай заплылі ўнутр і апынуліся ў вялікім рэстаране, дзе плавалі рыбы, у якіх у роце былі біфштэксы і катлеты; з рэстарана яны паплылі далей і апынуліся ў вялізнай кухні, дзе рыб было яшчэ больш — яны біліся між сабой за спагеці, бульбу фры і грушавыя кнэдлікі; і тут у кухню заплыла акула, у зубах яна трымала сакваяж з намаляванымі зайчыкамі, убачыўшы які, Мах схапіўся за галаву і падумаў: «Мамачка родная, гэта ж сакваяж інжынера Арышка; гэтая акула, пэўна, знайшла яго ў каюце і падумала, што ён поўны зайцоў на смятане», — але Шэбестава, якой да галавы прыйшло тое самое, не раздумвала так доўга, як Мах, а ўзяла парасячы кумпяк, які заўважыла за шклом у электрадухоўцы, і прапанавала яго акуле; тая адпусціла сваю ношу, схапіла ў зубы кумпяк і тут жа знікла, пасля чаго Шэбестава падабрала сакваяж, кіўнула Маху і абое паплылі на паверхню.

А наступнай раніцай Мах з Шэбеставай прыйшлі ў школу крыху раней, чым звычайна, і пагрукалі ў дзверы дырэктарскага кабінета; спадар дырэктар піў каву і чытаў газету, і калі ён убачыў сакваяж з вынаходкай інжынера Арышка, то вырачыў вочы і доўга не мог паверыць, што гэта не сон, а ачомаўшыся, адразу ж надзеў той апарат сабе на галаву, каб асабіста яго выпрабаваць, правадкі ён уставіў у газету, націснуў на кнопку, пачулася «бззз», і ўсе газетныя матэрыялы перакачавалі яму ў галаву: усе рэпартажы, артыкулы, спартовая рубрыка, лісты чытачоў і парады хатнім гаспадыням, уся тэлевізійная праграма, курсы валют і нават абвесткі — ад продажу ірландскіх сетэраў да куплі персідскіх кацянятаў; пасля гэтага спадар дырэктар склаў апарат у сакваяж, паклаў яго ў шафу і сказаў: «Мілыя дзеці, вы зрабілі вялікую справу для прагрэсу чалавецтва, бо з гэтага моманту ўжо не будзе ніякай цяжкасці ўвесці навучальны матэрыял у галаву любога вучня, з гэтага моманту нават самыя вялікія невукі за пяць хвілін змогуць ператварыцца ў адукаваных людзей, і ўсім настаўнікам настане рай на зямлі; заўтра ж я папрашу спадара міністра склікаць сусветную канферэнцыю педагогаў, на якой вырашыцца, ці будзе гэты апарат укаранёны ў школы ўсяго зямнога шара ўжо ў наступным годзе», — а потым яны ўсе ўтраіх пайшлі ў клас, бо ўжо празвінеў званок; у класе было надзіва ціха, Пажоўт з Горачкам гэтым разам не біліся, бо Пажоўт якраз пазычыў за бутэрброд у Горачка сшытак з песнямі гурта «Шалёныя алігатары» і разглядаў яго, спадар дырэктар іх пахваліў, а потым паведаміў класу, што ўжо ў наступным годзе, магчыма, вучобы не будзе, і ўсё дзякуючы Маху і Шэбеставай, якія адшукалі вынаходку інжынера Арышка, і цяпер той апарат ляжыць у яго ў кабінеце, але ўжо заўтра ён здасць яго ў адпаведную ўстанову, а Горачак нахіліўся да Пажоўта і сказаў яму зусім ціха: «Слухай, Пажоўт, пакуль не позна, давай выпрабуем гэтую штуковіну, і за паўгоддзе ніякіх двоек не будзе», — а Пажоўт кіўнуў галавой: «Ну канечне, давай зараз жа», — пасля чаго Горачак закрычаў: «Спадар дырэктар, Пажоўту блага, ён зараз страціць прытомнасць», — а дырэктар спалохаўся, што Пажоўт і праўда страціць прытомнасць, бо той жахліва засоп, язык у яго вылез з рота, а вочы закаціліся, і ён дазволіў Горачку адвесці свайго сябра на свежае паветра; аднак ледзь толькі яны апынуліся на калідоры, як памчалі напрасткі ў дырэктарскі кабінет, там узялі з шафы апарат інжынера Арышка, а Горачак выцягнуў падручнікі арыфметыкі і граматыкі, якія ў яго былі схаваныя за пазухай, але ж Пажоўт выцягнуў пазычаны ў сябра сшытак гурта «Шалёныя алігатары» і сказаў, што найперш ён хоча ведаць напамяць усе песні не горш за Горачка, а той пачаў на Пажоўта раўці, што першы па чарзе ён, бо гэта была ягоная ідэя, на што Пажоўт даў яму аплявуху, Горачак адказаў тым самым, і яны пачалі біцца за той апарат, як бараны, пакуль ён у іх не ўпаў на падлогу і не разбіўся ўшчэнт, прычым сталася гэта якраз у той момант, калі адчыніліся дзверы і на парозе з'явіўся бледны спадар дырэктар.

А калі потым Мах з Шэбеставай ішлі са школы, яны былі страшэнна расстроеныя, бо ведалі, што геніяльны апарат інжынера Арышка ўжо ніхто і ніколі не зможа сабраць наноў, а таму ніякага вялікага перавароту ў сістэме адукацыі не адбудзецца і дзеці па ўсім свеце надалей будуць вымушаны хадзіць у школу; і тады Мах сказаў: «Ведаеш, Шэбестава, мне так і хочацца расплакацца, як толькі я падумаю, што ўжо ў наступным годзе па свеце маглі б хадзіць толькі адукаваныя людзі, што любое немаўля з лёгкасцю магло б здаць выпускныя іспыты, і што ўсё гэта сапсавалі два такія ёлупні, як Горачак і Пажоўт».



Пераклад: Сяргей Сматрычэнка


Загрузка...