— Сабака — гэта сабака, — сказаў Радзівіл і рухам гульца ў кеглі падштурхнуў Фэлікса ў круглы азадак, быццам запусьціў шар. Фэлікс паслухмяна рвануўся наперад, кінуўся да выхаду і ўскалыхнуў бамбуковую фіранку, якая толькі што супакоілася. — Сабака — гэта сабака. А гэта — Кашкін.
На мэталічнай калясцы ляжала нешта, падобнае на чалавечыя клубы, якія прыраслі адно да ад нога. Апрача прадаўгаватай шчыліны ўверсе, уся астатняя паверхня гэтай істоты была зацягнутая ружовай дзіцячай скурай. Істота ляжала нерухома, трохі правісаючы ўнізе між прутоў.
— Як? — хмура перапытаў Андатраў.
— Кашкін, — адказаў Радзівіл, зь любоўю гледзячы на зьмесьціва каляскі. — Гэтак я яго назваў. Як на мой погляд, дык гэтае ймя вельмі яму пасуе.
— Ня ведаю, ня ведаю… Гэта хутчэй нейкая філейная частка сьвіньні.
— Якая сьвіньня! Ды любое мяса згніла б за ўвесь гэты час! Не, тут няма сумненьняў, гэта жывое, зусім жывое… Кашкін завітаў да нас з усялякіх дзіцячых казак.
З агідаю паглядзеўшы на Кашкіна, Андатраў запаліў цыгарэту.
— Дурка нейкая, — сказаў ён і расшпіліў верхні гузік на кашулі.— А можа, яно таго — засланае? Можа, Міхей падсунуў, а?
Радзівіл падсунуўся бліжэй да каляскі й пагладзіў Кашкіна па загадкавай шчыліне. Было прыкметна, што Кашкін крыху напружыўся, скура ягоная дзе-нідзе пасьвятлела.
— Спадабалася, — сказаў задаволена Радзівіл і ўзяў са стала келіх з цытрынавым сокам. Шырокі рукаў халату ўпаў, адкрыўшы да локця паголеную руку, амаль гэткую ж ружовую, як Кашкін. Раптам у вакно ўдарыла сонца, выхапіўшы з дальняга кута пакою, захінутага махрамі ценяў, дзівосны цёмна-чырвоны камін, краты якога ўпрыгожвала чыгунная галава мэдузы Гаргоны. Побач з дубовым абедзенным сталом, за якім сядзелі Радзівіл і Андатраў, цяжка разьлегся пад чорнай накрыўкай більярдны стол. Андатраў паглядзеў на асьветленага сонцам Кашкіна, і яму чамусьці непрыемна падумалася пра ўласнае маленства.
— Дзе ты яго ўзяў? — спытаў ён сіпла, марна спрабуючы ўзгадаць усе тыя лічбы, якія ўраньні падаваліся гэткімі важнымі.
— Знайшоў,— адказаў Радзівіл з падкрэсьленай бесклапотнасьцю. — Наш мілы Кашкін тырчаў на доўгай зялёнай сьцябліне, сярод матылёў ды кветачак, і я яго сарваў.
— А калі сур'ёзна?
— Знайшоў, набыў ці ператварыў у Кашкіна аднаго са сваіх даўжнікоў — ня так істотна, Грыгоры Паўлавіч. Мае значэньне тое, што па сутнасьці Кашкін — напраўду расьліна. Я ўжо правёў некаторыя… хм, досьледы. Прызначэнне гэтай дулы мне зразумелае, і, мяркую, усялякіх вучоных мудакоў яно вельмі б зацікавіла.
Радзівіл узьняў келіх, аглядзеў на сьвятло густую вадкасьць, у якой плавалі рухавыя, нібы жывыя, валаконцы, прымружыў вочы.
— Але я люблю справу, і люблю атрымліваць са справы вынік. Прызначаны Кашкін дзеля таго, каб цярпець.
— Каб што? — раздражнёна перапытаў Андатраў.
— Каб цярпець. Кашкін жывы, але ён ня здольны ні на якія дзеяньні. Ён папросту кавалак плоці, так, бяз лапаў, без хваста, мазгоў, зубоў і таму падобных прыбамбасаў. Ня маю аніякага ўяўленьня, як ён харчуецца, ды мне й пляваць — жэрці ён ня просіць ужо месяц і, як бачым, выдатна пры гэтым пачуваецца.
Радзівіл паляпаў па Кашкіне рукой.
— Ён ня сера й ня вые ўначы. А галоўнае… Ён трывае які заўгодна боль, толькі напружваецца й стогне так… досыць жаласьліва. Раны, дарэчы, загойваюцца ня больш чым за дзень. Падаруначак, а?
У пакой убег Фэлікс, лёг ля ног гаспадара, ляпнуў хлыстом хваста па канапе, якая адказала пакорлівым уздыхам спружынаў. Андатраў недаверліва паглядзеў на Радзівіла й запаліў новую цыгарэту.
— Пачакайце, Грыгоры Паўлавіч, — рука Радзівіла неверагодна грацыёзна выгнулася і ўзяла з далоні Андатрава змайстраваную ў форме кулі цяжкую запальнічку. — Вось зірніце.
Радзівіл паднёс паслужлівы агеньчык да ружовага боку Кашкіна й з захапленнем пачаў глядзець, як задрыжэла скура, як праступіла на ёй выразная пляма, падобная на зуб, якім яго малююць на рэклямных абвестках стаматалягічных лякарняў. Пляма неўзабаве з бледна-чырвонай стала пунсовай, а потым і зусім пачарнела. Кашкін маўчаў.
— Не, дайце лепш цыгарэту, — таргануў рукой Радзівіл. — Вось так. Бачыце? Ды падсуньцеся бліжэй, або вам бінокль прынесці?
Прыкладна праз хвіліну Кашкін тонка і адрывіста завішчаў. Радзівіл прыклаў цыгарэту не туды, дзе нядаўна пабывала запальнічка, а ля самае шчыліны. На пах смажанага Кашкіна падняў галаву Фэлікс, які да гэтага абыякава драмаў каля стала, — пачалі рухацца ноздры, усталі тарчма й быццам зацвярдзелі шэрыя, у бліскуча-чорных паўмесяцах, вушы.
Радзівіл прыбраў цыгарэту, затушыў у попельніцы. Андатраў запаліў другую. Кашкін усё яшчэ вішчаў — ужо гучней, але можна было трываць.
— Фэлікс! — позірк Радзівіла, які весела блукаў па пакоі, трапіў урэшце на сабаку. — Фэлікс, вораг! Вораг!
Сабака ўскочыў, аддана паглядзеўшы Радзівілу ў вочы, — ён яшчэ не разумеў, чаго ад яго хочуць, але ўжо быў гатовы выканаць любы загад. Абвёў разумнымі вачамі Андатрава (той увесь сьцяўся) — ці не яму пракусіць які-небудзь жыцьцёва важны орган? — потым уцяміў, у чым рэч. Фэлікс зарыкаў, з размаху брахнуў па нікчэмным, як мокрая нітка, віскаце Кашкіна.
— Фэлікс, узяць! Узяць! Кусьсі! — заравеў Радзівіл.
Фэлікс, які вырас амаль удвая, кінуўся да Кашкіна, ударыў пярэднімі лапамі пруты каляскі, якая павалілася на дыван. Кашкін выпаў зь яе, пастаяў імгненьне на баку й мякка лёг на пухнаты ворс, не перапыняючы віскату. Фэлікс рвануў нерухомае цельца лапай, адначасова замкнуўшы на ружовай скуры свае строгія маршальскія сківіцы. Вельмі натуральна й чакана з Кашкіна пацякла кроў. Цяпер ён сапраўды нагадваў сьвініну. Енк ягоны стаў пранізьлівым і ўжо не спыняўся, бы высока-высока ўзьнятая нота.
— Цудоўна, цудоўна! — усклікнуў Радзівіл, узьняўся з мейсца й пачаў таптаць Кашкіна — збоку выдавала на тое, што Радзівіл выконвае народны танец. Ногі ягоныя — безвалосыя, моцныя, з пляскатымі каленямі — сінхронна выскоквалі з-пад халату, як быццам падпарадкоўваючыся схаванаму пад ім бубну. Фэлікс, якому адна з ног гаспадара выпадкова стукнула па пысе, адыйшоў ад Кашкіна, але з задавальненьнем працягваў глядзець, як той ператвараецца ў акрываўлены кавалак мяса. — Цудоўна!
— Цудоўна… — стомлены Радзівіл апусьціўся на канапу, выцягнуў перад сабой ногі, памачыў вусны сокам. Кашкін скуголіў, Фэлікс паспрабаваў заняцца ім зноў, але крык Радзівіла «Нельга!» спыніў яго, і ён, пазяхнуўшы, аблізваючы ружовыя зубы, усеўся напагатове каля каляскі. Пакрысе Кашкін сьціх.
— Здох, ці што? — усьміхнуўся Андатраў.
— Ды не, Кашкін у нас жывучы, — сказаў Радзівіл, аддыхаўшыся. — З гарматы па ім страляй — не падохне.
— Што, праўда зажыве як на сабаку?
— Вы сабакаў не чапайце, Грыгоры Паўлавіч, — з крыўдаю прамовіў Радзівіл. — Сабакі — яны дзеля іншага, яны — ваяры, яны — верныя пешкі. Люблю я іх, гадаў. Ды і яны мяне любяць. Сабака за мяне пад нож пойдзе. Гэта вам не каты, паскуды. Сабака — гэта моц, гэта прыгажосць. У сабакаў мазгі ёсьць. А вы Кашкіна зь імі параўноўваеце. Я ж кажу, Кашкін — ён расьліна.
— А я, здаецца, пачынаю разумець, куды ты, Радзівіл, хіліш… — сказаў Андатраў.— Цікава…
Ён пастараўся надаць твару непранікальнасьць. Адкуль ён узяўся, гэты Радзівіл? Размаўляе дзіўна, сапляк яшчэ, але ж вось камітэт сабе набыў, і ўвогуле прыемна, і справу зь ім мець, і паслабленьне сабе наладзіць.
Радзівіл узяў са стала два чыстыя келіхі, напоўніў іх віном, сабе — паменей, Андатраў прыняў келіх зь ягонай рукі, пальцы іхныя лёганька судакрануліся.
— Кашкін — ён, натуральна, нейкая невядомая навуцы жывёла, мутант, магчыма, — пачаў Радзівіл ціха. — Але калі разглядаць паводзіны, ён — расьліна. Сапраўдная жывёла, самая небясьпечная, драпежная, крыважэрная — гэта чалавек, вы ж ня будзеце спрачацца з гэтай відавочнай ісьцінай? Нематываваная агрэсія — вось што адрозьнівае нас ад астатняга жывёльнага сьвету. Трэба ж кудысьці падзець тое, што падсыпаў у начыньне ў руках бога д'ябал. Чаго вы сьмеяцеся?
— Бог, д'ябал… — прыкрыў рот рукой Андатраў.— Сьмешныя словы. Я такія ў жыцьці ніводнага разу не вымаўляў. Дзіўны ты, Радзік. Бог — гэтае слова ў нармальнага чалавека, ну, такога, які цяпер жыве, столькі ж сэнсу ўтрымлівае, як «бля» або «мудак». Ну добра, добра, працягвай, — махнуў ён указальным пальцам.
Радзівіл усьміхнуўся некуды ў сябе і Андатраву, які захоўваў на твары скептычную міну, застаўся адно від ззаду ягонай мімалётнай усьмешкі.
— Вось глядзіце. Мужык вяртаецца з заводу пасьля дзьвюх зьменаў запар, прыняўшы чарліка на грудзь… дома натыкаецца на жонку, якая, само сабою, піліць яго, піліць… Пацан саплівы торгае яго за рукаў: «Тата, дай грошай!»
Твар Радзівіла сказіўся так, што Андатраў міжволі зморшчыўся.
— Што мужык зробіць? Жонцы ў зубы, пацану — выспятка. Жонка параве, і ў мянтуру званіць. Пацан — на двор, і каго-небудзь замочыць. Мужык потым зноў — жонцы й пацану. Выхоўваць жа трэба. Другі прыклад. Адмарозкі йдуць па вуліцы й невядома з чаго будку тэлефонную — у шматкі. Ці тачку тваю, Грыгоры Паўлавіч. Альбо яшчэ. Урач, які за месяц гнойнікаў нагледзецца, а потым заробку атрымае гэткі ж гнайнік. І зарэжа каго-небудзь з расчараваньня.
— Ну, згадзіся, Жаўткову мы ня гнойнік плоцім, — сказаў Андатраў.
— Жаўткова не чапаем. Жаўткоў — бог сярод дактароў. Слухай, Грыгоры Паўлавіч, далей. Вось, памятаю, у вадным апавяданьні герой кажа — гэта самы першы сказ — «Я прачнуўся з жаданьнем каго-небудзь забіць». Заўважце: каго-небудзь. Няважна. Перш-наперш — прага ўбачыць свой боль, які перажывае нехта іншы. І мужыку-рабацягу, і жонцы ягонай, і пацану, і доктару, і ўсім нам мала талерку разьбіць, або ў зубы даць ад злосьці, або дзьвярыма бразнуць, кулаком па стале пагрукаць. Нам трэба кроў сапраўдную ўбачыць, каб ведаць, каб пераканацца — камусьці зараз яшчэ больш хранова за цябе. Толькі гэтае «камусьці» мусіць абавязкова быць жывым, мусіць вішчаць і румзаць, мусіць крывёю сьцякаць. Тады ў нас толькі вернуцца спрадвечная дабрыня, спакой і розум.
— І вось тут Кашкін прыдасца, — сказаў Андатраў, задуменна хітнуўшы галавою. — Ён жа жывы, жывейшы за ўсіх жывых. Але ніхто ня скажа, што ён — жывёла.
— Кашкіна закатаваць — усё адно што дзьмухавец на лузе растаптаць, — пагадзіўся Радзівіл. — Аніякае адказнасьці, ні юрыдычнай, ні маральнай.
Яны трохі памаўчалі.
— Зноў сонца, а я ўсё мерзну, — узяўся за бакі Андатраў.— Сьпіну ломіць, загадай камін затапіць.
— Зараз, зараз, — адгукнуўся Радзівіл. Ён націснуў кнопку недзе ў стале, і ў пакой тут жа ўвайшоў, тузаючы рукавы свайго ватніку, падобны на міністра замежных справаў мужчына.
— Кашкіна — уніз, — распарадзіўся Радзівіл, начэсваючы Фэліксу бліскучую сьпіну. — А камін я зараз сам…
Міністр выйшаў, вярнуўся з лапатаю для прыбіраньня сьнегу, укінуў Кашкіна ў каляску і ўкаціў. Фэлікс праводзіў іх уважлівым позіркам.
— Ёсьць і яшчэ адна рэч, — засьмяяўся Радзівіл, беручы ў рукі вялікі жалезны кій і накіроўваючыся да каміну. — У вас жа ўнук гадуецца, Грыгоры Паўлавіч? Колькі яму ўжо?
— Ды дзесяць, — няўцямна ўсьміхнуўся Андатраў.
— Яму ж хутка сэксу захочацца. Драчыць там, усё такое… А вось будзе ў яго Кашкін — паставіць унучак яму пару палак, у любы час, калі прыпрэ, ну, ведама ж, калі бацькоў дома ня будзе. Патрэніруецца хаця б, а?
— Ды я яму…! У яго ўсё як у людзей будзе!
— Жарт, жарт, але ў кожным жарце… Я спрабаваў. Выключна дзеля дасьледваньня. Сабой рызыкаваў, можна сказаць. Шчыліну ў Кашкіне бачылі? Як дзьве кроплі.
На гэты раз засьмяяўся і Андатраў, хаця на душы ў яго было брыдкавата. Сам не разумеючы, нашто, ён прамовіў:
— Можа, усунеш — ня высунеш?
Яны зарагаталі абодва, як дзеці. У каміне затрашчала, галаву Гаргоны абвіла тонкая сьпіраль дыму. Стоячы ля кратаў й назіраючы, як паўзе па паленьні смала, Радзівіл, усё яшчэ расцягваючы ва ўсмешцы пульхныя вусны, загаварыў ужо іншым тонам:
— Нас мусіць цікавіць адно — як Кашкін размнажаецца, і ці размнажаецца ён навогул. Калі не — размножым. Пасадзім пару вучоных аўтарытэтаў на клянаваньне. Клянуем Кашкіна, а? Зробім краіну чысцейшай! Уся агрэсія будзе сыходзіць у Кашкіных. Кашкін — вызваленьне ад грахоў, Кашкін — збаўца, Кашкін — і ты даруеш сваім ворагам. Царква супраць ня будзе. Разумееце — мы будзем іх прадаваць. Я, як бачыце, ужо думаю пра рэкляму. Кашкіна — у кожную сям'ю. Потым — за мяжу, экспарт, валюта ў бюджэт. Зрэшты, прабачце, практычны бок я бы хацеў абмеркаваць з вамі.
— Па шчырасці, гучыць як трызьненьне дзіцяці,— Андатраў быў уражаны, і ня столькі ўсімі гэтымі ідэямі, колькі пераканаўчым голасам Радзівіла. — Але падумаць трэба. Давай, Радзік, прыязджай да мяне на офіс, недзе аб адзінаццатай, заўтра.
— Дамовіліся, — Радзівіл адыйшоў ад каміну. — Само сабою, сёньня — аніякіх справаў. Толькі адпачынак і натхненьне. Вы яшчэ не памерлі ад нецярпення даведацца, як там справы ў нашым паядынку?
— Мы ж толькі тыдзень таму пачалі,— замахаў рукамі Андатраў.
— Але ж нашыя хады ўжо мелі нейкія наступствы, — кінуўся на канапу Радзівіл. — Цікава ўсё ж гуляць такімі фігурамі. Галоўнае — ніколі ня ведаеш, што прынясе чарговы ход. Але прабачце, Грыгоры Паўлавіч. Пасядзіце, калі ласка, тут. Сястрычка ўжо прыехала. Сёньня пяты дзень, яшчэ пяць уколаў. І як гэта мяне схапіла… Зараза гэткая… Прабачце.
— Ды я пасяджу, пасяджу, — сказаў Андатраў.
— Давайце я вам тэлевізар уключу, — Радзівіл шчоўкнуў пальцамі, і на сьцяне засьвяціўся стракаты квадрат. — Там пульт на канапе, а вы прабачце. Я хутка.
— Добрая тэхніка, — пахваліў Андатраў, але Радзівіл ужо зьнік за бамбуковай фіранкаю.
Дыктар, чамусьці натужна крэкчучы пасьля кожнага вымаўленага слова, распавядаў пра сустрэчу ўрадавай дэлегацыі з работнікамі аховы здароўя. Урадоўцы ў ватачэньні дактароў павольна йшлі праз парк нейкае вольніцы. Усе без выключэння былі ў белых халатах, і немагчыма было зразумець, хто ў гэтым натоўпе на экране палітык, а хто — хірург. Недзе на заднім пляне, пасаджаны камэраю аэратара на чужыя плечы, прамільгнуў твар Радзівіла.
Кашкін, вядома, надзвычай цікавы, але ідэя з клянаваньнем — фантастыка. Хаця часта гэткія фантастычныя ідэі прыносяць першаму, хто ў іх паверыць, забясьпечаную старасьць. «І вечную маладосць,»— прашаптаў Андатраў. Пакуль што маладосць яму прыносіла Гульня. Вельмі займальная гульня, зь якой яго пазнаёміў Радзівіл. У ёй усё злучанае — чым больш вытрыманы азарт, чым вышэйшыя стаўкі, тым вастрэй адчуваньне дыхаючай у руцэ фігуры, тым шырэй гульнёвае поле, тым саладзей сьціскаецца сэрца ад пачуцьця ўлады, у якой знаходзіцца ход, які належыць табе адному. Колькі гульняў было паспытае, а галоўная, пра існаванне якой ён, ужо такі стары й хворы, з інфарктам за сьпіной, да знаёмства з Радзівілам і не падазраваў,— галоўная гульня, не зацыкленая на выніку, а такая, якая дае асалоду ад заціснутых у жменю чужых учынкаў і лёсаў,— галоўная гульня таілася ў пакойчыку збоку ад вялізнай, цёмнай і задушлівай залі Старасьці. Гульня ў пакрытым цьвільлю сасудзе з антычнай гліны. Гульня загадкавая, высакародная, прывабная — як бутэлька фалернскага. Гульня, ад якой ужо няма моцы адмовіца. Пра навіны спорту распавядзе…
— А ў нас свае шахматы, — бадзёра сказаў Радзівіл, уваходзячы ў пакой. — Ну што, наша партыя працягваецца?
У руках Радзівіл трымаў белую, упрыгожаную аксамітам, каробку. Яна была ўрачыста выстаўленая на стол. На дробна, бязладна раскрэсьленым полі, пакрытым па краёх складанай вязьзю, стаяла некалькі дзясяткаў фігураў. Радзівіл падсунуў стол бліжэй да канапы. Андатраў прагна паглядзеў на дошку, спрабуючы адшукаць хаця б нейкую лёгіку ў разьмяшчэньні колаў і квадратаў. Але там быў зусім заблытаны лябірынт.
2001