УСЁ, ШТО АД НАС ЗАСТАЛОСЯ

Кабінэт зьзяў адмысловай, стэрыльнай белатою. Толькі зрэдку па ўзбоччы шафаў, па роўнядзі апарату УЗІ, па гладкай — ні складкі — прасьціне на пустой кушэтцы, па акругленых кутох скрыні для інструмэнтаў, па бляску ўмывальніку, які густа мазаў вочы, праслізгвалі зігзагі ценяў. У вакно біла зімовае сонца.

— Апранайцеся, — прагудзеў доктар Жаўткоў у бараду. Барада ў яго была кучаравая й шырокая, ахоплівала шыю, як вялікае жабо. Ён зьняў пальчаткі й пайшоў мыць рукі.

Тая з палёгкаю пакінула гэтае жахлівае груваздкае прыстасаванне, якое нагадвала прыладу для катаваньня ведзьмаў. Адчула радасьць уласнай крыві, што адразу напоўніла цяплом і ўтульнасьцю яе замерзлыя, худыя, як у падлетка, ікры, прытопнула нават, вельмі непасрэдна, гарэзьлівай, загарэлай нагою — так, што доктар Жаўткоў павярнуўся да яе і ўсьміхнуўся ў бараду. Паправіла валасы, падстрыжаныя па модзе дваццатых, павяла зацёклымі плячыма, прыўзьняла швэдар, адкрыўшы кранальны, паголены лабок. Жаўткоў адвярнуўся й намыліў вялікія, валасатыя рукі.

— Так, эрозія ўсё-ткі ёсьць, — сказаў ён, хінуўшы галавою мэдсястры Але. — Але гэта нічога. Прыйдзеце да мяне ў ваўторак. Час — як вам будзе зручней. Усяго найлепшага, Тая.

Жаўткоў выйшаў у суседні кабінэт, асцярожна прычыніўшы за сабой дзьверы — ён заўсёды быццам бы баяўся зламаць што-небудзь, і таму рабіў уражаньне нязьменна зьбянтэжанага чалавека.

Тая пацягнулася ўсім целам, весела агледзелася вакол. Сьвет быў чароўны ў сваёй бесклапотнасьці, сьвет падпарадкоўваўся ёй, як закаханы ў шэфіню малады падначалены. Учора яна хацела сьнегу, і сьнег пайшоў, прычым, некалькі разоў за дзень відазьмяніўшыся, прыняў увечары тую форму, якой яна ад яго чакала — пухнатага, ціхмянага, перадкаляднага. Сёньня ёй з ранку хацелася сонца, і сонца зіхцела зараз у прастадушна-зьдзіўленых ад дасканаласці навакольля таіных аксамітна-зялёных зрэнках, і ўсё было такім белым, хоць акуляры цёмныя начапі — тыя, што Юра набыў ёй гэтым летам у Гішпаніі. Яна пагладзіла жывот. Як усё добра! І кашаль зусім зьнік, доктар Жаўткоў пастараўся, яшчэ некалькі працэдураў, і яна будзе спакойна спаць уначы, безумоўна, калі засьне раней за Юру.

— Я пачуваюся маленькім парнакапытным, якое выпусцілі пабегаць на лугавінку, — сказала яна мэдсястры Але, адзначыўшы з задавальненьнем, што прамаўляе поўную лухту, што не адпавядае зараз вобразу жонкі дзелавога, сур'ёзнага чалавека. Яна ўцягнула жывот, і той адказаў ёй добрай усмешкай. — Маленькай істотай на яшчэ не акрэплых ножках, якая бегае па вельмі-вельмі зялёнай траве.

Яе любілі ўсе — хмуры ад нараджэньня муж, бацькі мужа, якія мелі краму ля мэтро «Цэнтральная», любілі сустрэчныя на вуліцах, якія, убачыўшы Таю за вакном «Вольва», разумелі, што адзіны талент, якога ім не хапае — гэта талент радавацца Жыцьцю. Любілі, натуральна, яе ўласныя бацькі, якім яна набыла нядаўна новы, пляскаты, як карціна ў рамцы, тэлевізар, што вельмі ўдала ўладкаваўся між дарэвалюцыйнай працы шафаю і пісьмовым сталом. Любілі сябры Юры, мілыя, выхаваныя людзі, абазнаныя ў піве й паляваньні. Любілі люстэркі й люстры, якія яшчэ ніколі не давалі ёй нагоды сумнявацца ва ўласнай дасканаласьці. Любілі акварыюмныя рыбкі й камары, любілі сабакі (нават Фэлікс ніводнага разу ня ўбачыў у ёй чужую). Любілі кветкі, грошы, любілі натуральныя сокі, зіма, восень, вясна, лета. Любіў доктар Жаўткоў, які спытаў яе пры першай сустрэчы, якую клясу яна скончыла, а потым доўга ня мог нацягнуць пальчаткі. Любіла сакратарка Жана, якая сядзела за дзьвярыма ў прыёмным пакоі, любіў ахоўнік, які сёньня, як ёй падалося, глядзеў на яе зь яшчэ большай цікаўнасцю. Прыгожы, дарэчы, хлопчык. Любіла й мэдсястра Ала, яна цяпер пісала нешта, раз-пораз пазіраючы на Таю зь вясёлым недаўменьнем: ну адкуль узялася гэткая «прэлесьць»?

Тая пайшла апранацца, наўмысна не закрыўшы шырму, каб падражніць Алу крыху. Тая была маленькая, і нават Ала, якая сядзела за сталом, была вышэй за яе, узвышалася, як настаўніца над пяціклясьнікамі. Але свой рост Тая цаніла. Прыемна быць дарагой лялькай, зробленай на адмысловую замову. Чыю замову? Юры, натуральна. У яе ж усё атрымалася як у сапліўчыках — прыйшоў ён, малады, багаты, разумны, вопытны, чароўны шпрыц… фу, прынц — проста ўсім сакурсьніцам на зайздрасьць, ды забраў яе з гэтага, бля, інстытуту, куды яна ўлезла пад націскам мамачкі. А Юра вось так прыехаў аднойчы, увайшоў у аўдыторыю, тыкнуў на Фельдмана, які адразу схаваўся ледзь не пад катэдру, вывеў пад руку зь смярдзючага, прапахлага калгаснікамі будынку й пасадзіў у машыну — яна нават не памахала рукой усім тым небаракам, якія стаўкліся ля вакна, — убоствам з прадвызначанымі лёсамі, таннымі гадзіньнікамі, недагледжанымі пазногцямі.

— Тая, я ж табе хацела футра паказаць, — Ала ўстала, прайшла міма Таі да гардэробнай шафы. Тая ўдала на твары крайнюю зацікаўленасьць, села на крэсла, узяла танюткія чорныя майткі, да таго прыемныя навобмацак, што можна проста сядзець і дакранацца, мацаць, гладзіць, да поўнае зьнямогі. Лёгкія, як суфле. Яе любімыя.

Але футра й насамрэч было някепскае. Нават — не было моцы ў гэтым прызнацца — выдатнае. Пясец. Пясец! Ала накінула яго на белы халат, прадэфілявала па кабінэце, з задавальненьнем заўважыўшы, што нос Таі задыхаў нечым падобным на зайздрасць. Не, у Таі дома таксама было падобнае футра, ня горшае за гэтае, але…

— Добрая рэч, — сказала Тая. — Плоціць вам Жаўткоў, я гляджу-у-у…

— Ну, Жаўткоў тут ні пры чым, — з асалодаю прамовіла Ала. — Каханак падарыў. На каханкаў мне шчасьціць, а вось замуж…

Яна паглядзела ў асьляпляльнае, нібы грэх, вакно.

— Так, — сказала Тая, нацягваючы калготкі. Каханак. Адкуль у Алы каханак? Нашто навогул камусьці каханак, калі можна вось гэтак, як яны зь Юрам. Ён жа ёй, дурань, Юрачка, кветкі дорыць штодня. Як даведаўся, што калы — яе любімыя, так і носіць пачкамі. Скалалазкай яе называе. Нясьмешна, але прыемна. — А колькі яму?

— Трыццаць, — адказала Ала, усё яшчэ ярка плямячыся пясцовым футрам. — Ды ён жанаты, дзяўчо нейкае акруціла…

— Трыццаць — зусім як Юры, — Тая ледзь не запляскала ў ладкі, але перадумала. Здраджваць. Вось гэтак. Казёл нейкі.

— Усё футры прымерваеце? — у кабінэт увайшла Жана. У Таі заўжды было падазрэньне, што Жана і Ала — адна істота. Асобна яны не існавалі. Папросту Жана — гэта прэлюдыя да Алы, а Ала — працяг Жаны. Жана адвеку папярэднічала Але, Ала выдавала поўны партрэт. Мэдычкі хрэнавы.

— Усё футры прымерваем, — прасьпявала Тая голасам пастушкі, якая толькі што прачнулася, і выцягнула перад сабой нагу. Нага была не падлеглая сумневу. — Але каханак падарыў, ён ня п'е, ня паліць, жанаты, любіць футбол і рыбныя катлеты.

— Не, да футболу ён абыякавы, — засьмяялася Ала. — Дзіўны, спосаб зарабляць грошы.

— Вось і Юра так кажа, — прамовіла Тая дзіцячым голасам. — Слова ў слова. Дзіўны спосаб зарабляць грошы.

Тая ўжо хацела апранаць спадніцу, але тут ёй прыйшло ў галаву, што ў прыёмным, мусіць, сядзіць якая-небудзь дура й чакае сваёй чаргі, і яна, пагладзіўшы сябе па каленях, адклала спадніцу ўбок.

— Мой таксама так кажа, — сказала Жана. — А шэф у сябе?

— А ты, Тая, сабе каханка пакуль не надыбала? — спытала Ала, хітра прымружыўшы надта ярка нафарбаванае правае вока.

— Навошта? — Тая нясьпешна ўзяла спадніцу, прымерыла. — Ну прыдбала, прыдбала, Юрай завуць. Самы лепшы ў сьвеце.

— Майго таксама Юрам завуць, — адгукнулася Жана, задумалася пра нешта, спахмурнела, але потым зноў прыняла аблічча ўступу да Алы, дзелавітага й ляканічнага, як інструкцыя па карыстанні прыборам, які не патрабуе асаблівых навыкаў.— Мы зь ім пасварыліся ўчора, дык ён мне кветак прыцягнуў, калы, цэлы букет. Па тэлефоне сварыцца зручна…

Прыемнае пачуцьцё гармоніі, знаёмае перш за ўсё шахматыстам і музыкам, прамільгнула раптам у Таі недзе пад маленькімі грудзьмі і схавала галаву ў зыбучы пясок, пакінуўшы на паверхні толькі тоненькі хвост. Быццам пазногцямі ўхапіўшы яго, адчуваючы, што ў любы момант можа выпусціць, Тая паглядзела на Жану. Раскаленыя вочы патрабавалі зьняць зь іх вільгаць.

— Ты што, Тая, ён не жанаты, — сказала Жана спалохана. Здагадалася пра такую салодкую, інтрыгуючую тэму, што выпіхнула са свайго чэрава размова, і Ала, якая зь дзіўнай пыхаю ўтаропілася ў пясцовую поўсьць.

— Ты дакладна ведаеш, ці ён табе так сказаў? — прамовіла Тая, у сьвядомасьці якой зь неверагоднай хуткасьцю раскручваўся доўгі зьвітак, склеены з усіх кнігаў пра каханьне, якія яна калісьці чытала. — Ты дакладна ведаеш, ці ён табе так сказаў?

— Ну, а што… Не крычыце на мяне! — залямантавала раптам Жана. — Ведаю. Сказаў. Табе што з гэтага?

— Можа й мой Юрачка — гэта… — сказала Ала. — Кіно-о-о…

— Як ён выглядае? — спытала Тая, ускочыўшы з крэсла. — Як? Гавары!

— Росту невысокага, моцны. Абязьян такі.

— Апранаецца як?

— Нармальна апранаецца. Куртка, джынсы, швэдар шэры… касьцюм зрэдку…

— З горлам швэдар? З горлам?

— Ну, пад горла. Тая…

— Майткі якія? Кажы, сука!

— Сінія ёсьць… з рыбамі… сямейнікі такія… Кітай яшчэ… там драконы сьпераду.

— Я ж заб'ю цябе, — як злы гном, Тая прабегла да століку ля сьцяны, схапіла мэдыцынскія нажніцы. «Яна зараз як афігелая бабулька,»— адзначыла пра сябе Ала, здымаючы футра — папсуе яшчэ, і павольна рушачы да кабінэту Жаўткова. — Я ж заб'ю цябе, — ціха паўтарыла Тая, падыходзячы да Жаны зусім блізка. Жана, вышэйшая за Таю на дзьве галавы, плакала, але ня рухалася зь мейсца. «Ратаваць,»— вырашыла Ала й крыкнула: «Я ж зь ім сплю таксама!» Тая азірнулася на яе, потым кінулася да шафы, дастала пад дружны звон падаючых флякончыкаў нейкую бутэлечку й вельмі трапна запусціла Але ў твар. Пакуль Ала, пратрубіўшы нешта нецэнзурнае, вызвалялася ад рэшткаў футра, Тая ткнула Жану нажніцамі ў жывот. Але ўдар быў слабы, лязо застрала ў Жанінай кофце, Жана адплюшчыла вочы й схавала галаву ў плечы. Тая сядзела на падлозе, уся ў ваконным яркім сьвятле, якое распадалася на геніяльна выяўленыя, зручныя для лоўлі маленькія вясёлкі. «Сукі, блядзі, посьцілкі, курвы… Я ж усё Юры распавяду, я Андатраву скажу, у яго пісталет,»— мармытала Тая, размазваючы па твары соплі.

— Ну-ну, — сказала Ала прымірэнчым голасам і падняла з падлогі бутэльку. — Адкуль жа мы ведалі…

— Гэта жыцьцё, Тая, зразумей, — сказала Жана. — Мы ж цябе ўсе любім. Ну падзялілі твайго мужыка, так ужо атрымалася. Цікава атрымалася. Ты ж сама баба, зразумей нас.

— А зь Юрачкам разьвесьціся трэба, — пагладзіла Ала Таю па валасах. — Дзяцей няма, нічога не трымае.

Яна прысела побач з Таяй на кукішкі, абняла.

— Не, я падумала, гэта ж трэба — усё складваецца… Усе яны кабялюгі, ёбары даўбаныя.

— Каб я… каб я паміж вамі яго падзяліла… — Тая была падобная на варанага пяцісотгадовага карузьліка.

— Гісторыя, вядома, — проста кіно здымай, — пагадзілася Ала. — Але сама падумай. Яму адно трэба — блядаваць. А ты, дзяўчо, памылілася адрэсаю. У свае дзьверы грукаць трэ было, а ня лезьці да бараноў гэтых.

— Вы, вы ва ўсім вінаватыя… — усхліпнула Тая.

— Таечка, не для цябе ён, — падсела да іх Жана. — Ня трэба ты яму.

— Я пра вас забыць хачу! Курвы! — зноў заравела Тая. — Вы ва ўсім вінаватыя.

Ала й Жана саркастычна пасьміхнуліся адна адной.

— Мы, мы вінаватыя, — сказала Ала, усаджваючы паслухмяную Таю на крэсла. Жана кінулася дапамагаць ёй апранаць спадніцу. — Мы, — паўтарыла Ала, дастаючы са стала «Клоназэпам». — Толькі супакойся. У таксі паплачаш.

— Я яго заб'ю, — прашаптала Тая. — Атручу… яйкі адрэжу… Ён жа й вас… гэтак прынізіў…

— Ты ж сама разумееш, што не заб'еш і не адрэжаш, — прыкрыўшы далоняй вочы, сказала Ала. Спадніца на Таю ўрэшце была апранутая. Жана глядзела на сябе ў люстэрка і адначасова мацала жывот. — Развадзіся.

— Што ж мне рабіць? — прамовіла Тая празь сьлёзы. Дзьверы ў суседні кабінэт расчыніліся, і адтуль паказалася паў-Жаўткова.

— Што за крыкі? — рыкнуў ён, але, убачыўшы Таю, палагаднеў.— Што здарылася? Па тэлефоне размаўляю, чую — крычаць.

— Палец дзьвярыма прышчаміла, — хутка сказала Ала й кінулася да дрыжачага таінага мезенца. — Усё, зараз усё будзе добра.

— А, — сказаў Жаўткоў і ператварыўся ў гладкія белыя дзьверы.

Тая, усё яшчэ румзаючы, накінула паліто, выйшла і тут жа вярнулася.

— Я прыдумала, — Тая ўсьміхнулася, мінулая Тая заплакала зноў, але шанцаў на перамогу ў яе ўжо не было. — Прыдумала. Дасканалая помста. Прыгожая, элегантная. Вы таксама ў гэтым возьмеце ўдзел.

Ала й Жана разам уздыхнулі.

— Мы напішам кнігу. Патаемна. Я буду пісаць, пакуль ён на працы. Кожная з вас апіша Ю… не магу яго так называць… Ю-юру такім, якім ён быў з намі…

Павярнуўшыся да вакна, Ала ўсьміхнулася. Быў. Каму быў, а каму… Выперці б яе хутчэй, дурніцу.

— … усё: інтым, быт, звычкі. Нічога не хаваючы. І пра тое, што на майтках вечна плямы брунатныя… І галоўнае — назваць яго сапраўдным імем… І прозьвішчам… Усю праўду. Атрымаецца Юра як бы праз тры мікраскопы, у трох ракурсах. Мы зь яго труса пад досьледам зробім. Кшталту за шклом. Пра яго кожны даведаецца. А потым я зь ім разьвядуся.

Па яе твары беглі сьлёзы, на якія Тая ўжо не зьвяртала ўвагі. Інтрыга — супэр.

— Я за свае грошы знайду выдавецтва, дый любое прыватнае за такія страсьці ўхопіцца.

Жана закаціла вочы. Ну й дзіцё. Грошы няма куды дзяваць.

— І вось выходзіць гэткі бэстсэлер… пад назваю… ну, назву потым прыдумаем. Ну як?

Гордая сваім плянам, Тая нават адчула задавальненьне ад таго, у які складаны, пранізьлівы пераплёт яна трапіла. І астроляг яе, гэты Кропышаў, казаў: «У пятніцу жыцьцё можа крута зьмяніцца.» Вось і ня вер пасьля ўсяго гэтага зоркам.

— Пісаць пачынаем сёньня ж, — скончыла Тая й тут жа дастала з паліто тэлефон. Бліснуўшы вачыма, яна набрала нумар. У прыёмным пакоі чуўся нечы абураны голас.

— Юра? Гэта я. Не, усё нармалёва. Дома распавяду. Не, сама. Ну, выязджаю. Чакай.

Яна пацалавала слухаўку, паказаўшы роўныя, белыя, у вясельнай кужэлі сыпны зубы й выйшла.

— Не, менш за сотку за гэтае шоў я з Жаўткова не вазьму, — уздыхнула з палёгкаю Ала.

— Ндаа, — працягнула Жана, з інтарэсам разглядваючы зацяжкі на сваёй кофце, на ўзроўні пупка.

Дзьверы ў жаўткоўскі кабінэт адчыніліся павольна і ўрачыста. Доктар спыніўся на парозе, потым, кульгаючы, прайшоў на сярэдзіну, стаў у асветленае кола паміж Алай і Жанай.

— Уладзімір Барысавіч, гэта геніяльна… — залямантавалі яны, але доктар узмахнуў рукой, і жанчыны замоўклі. У вачох Жаўткова гайдалася цемра глядзельнае залі, у вушах шумеў акіянскі прыбой воплескаў. Лепшая рэжысэрская праца году. Ён зьняў халат і кінуў яго ў кут.

2001


Загрузка...