Аўтобус гэтак хутка апынуўся на цэнтральнай плошчы мястэчка, што ніхто нічога як сьлед не зразумеў. Зусім нядаўна, калі бас-балалаечнік Вікторчык паднёс да вуснаў прыпасеную яшчэ зь Міжрэчча бутэльку піва, а Эла Сямёнаўна ўзяла гігіенічную памаду, і гарманіст Мікола замахнуўся, крэкнуўшы, чырвовым законам, яны ехалі па загрыміраваным пад шашу заснежаным полі, і навокал не было ані намёку на чалавечае жытло. І тут аўтобус павярнуў направа, і недзе зьверху застаўся пакаты бок дарогі, падобны на агромністага сьнегавіка, утыканага сінімі ялінкамі й трохкутнымі дарожнымі знакамі на тонкіх ножках. У вантробах аўтобуса стала нязвычна ціха, ён шпарка скаціўся ўніз і, прамінуўшы два, не, тры (а вось і чацьверты) пяціпавярховай, спыніўся на маленькай плошчы.
— Прыехалі, ці што? — крыкнуў Вікторчык з задняга сядзеньня й пасмактаў бутэльку, потым заткнуў яе адмысловым вечным плястмасавым коркам і схаваў у спартовую валізу, што ляжала на багажнай паліцы. — Гэта, значыцца, Шмальцэвічы?
Ад ягонага крыку неспакойна заварочаліся танцоры Жэня й Дзіна, якія спалі побач. Пухавік, што захінаў іхнія калені, падумаў ды споўз, упаўшы ў праход. Бубнач Ягор адвярнуўся да вакна. Але пухавік гэтак непрыемна нагадваў самога Ягора і ўчорашнія падзеі ў Міжрэччы, што бубнач хутка падняўся, узяў пухавік і зноў накінуў яго на танцораў.
Плошча была бязьлюднаю, толькі ля будынку адміністрацыі стаялі на варце яліны ды займаўся кітайскай гімнастыкай абавязковы бронзавы Ленін. Гадоў дзесяць таму ён быў шмат для каго, да прыкладу, для Міколы, аб'ектам праведнага абурэньня або зьедлівых кпінаў, цяпер жа ўспрымаўся хутчэй з замілаваннем — лагодны дзівак-дзядуля, які кожную бязмоўную нядзельную раніцу выходзіць займацца у-шу на местачковую плошчу. Мікола ўсьміхнуўся й сьцебануў сваёй картаю голага караля, якім Вікторчык даўно накрыў змрочную піковую дзесятку:
— Пішыце пісьмы і прывет радзіцелям!
Першай на цнатлівы сьнег выйшла Эла Сямёнаўна, за ёй спусьціўся, віхляючы зацёклым задам, кіроўца. Саскочыў з падножкі Вікторчык, запаліў, Эла Сямёнаўна незадаволена зморшчылася.
— Дзе ж фанфары ды хлеб-соль? — ашчэрыўся Вікторчык, стрэліўшы сьлінаю ў сьнег. — Дзе правінцыялачкі?
— Хлеб-соль вунь у краме набудзеш, — Мікола з перакінутым праз плячо гармонікам грузна ступіў на плошчу ўсьлед за Вікторчыкам. — А фанфары свае ты сёньня яшчэ чыніць будзеш, не забыў?
— Ну канэшна, ты ж у нас дзед, — з робленай павагай працягнуў Вікторчык. — Табе відней, ты ж у нас еты… пахан народнай культуры!
Усё ж Мікола меў рацыю — да вечару трэба было неяк заклеіць бас-балалайку, якую Вікторчык выпусціў з вакна Дому культуры ўчора ў Міжрэччы. Здаецца, і невысока было — другі паверх, і ўпадзі адтуль сам Вікторчык, ён бы падняўся ды пайшоў далей піць, і гэтую… Сьвета яе звалі… ці ня Сьвета… угаварыў бы ўсё-ткі. А балалайка трэснула, нібы кавун, і доўга яшчэ выла бяздомным зьверам пад марозным ветрам, лежачы на зледзянелым асфальце, пакуль Вікторчык марудна, бы з хмарачосу пехатой спускаючыся, рухаўся ёй на дапамогу. Вярнуўся, а Кацькі ўжо й няма, адно толькі сьлед яе прастылы чыхае ў шклянцы зь півам. Карацей, трэба бегчы клей шукаць у гэтых ебенях, а ніякае ахвоты…
— А праўда, нешта не сустракае нас ніхто, — сказаў паныла Ягор.
— Ну, будзем чакаць, — закрыла тэму Эла Сямёнаўна падазрона добрым голасам. — І лепш за ўсё ў аўтобусе.
Вярнуліся ў душны салён, сталі раскладаць на мерзнучых каленях сьняданак: захаваную яшчэ зь Міжрэчча пазелянелую каўбасу, агуркі, што пахлі цёплай гарэлкай, выціраць аб чахлы сядзеньняў мокрыя ад рассолу рукі, на якія, нібы летнія мухі, ліплі хлебныя крошкі. Прачнуліся й пацалаваліся Жэня й Дзіна, паклалі на пухавік бутэрброды з сырам. Толькі Вікторчык застаўся дапаліць і, грэючы адной рукой вуха, фальшыва ўдаваў задавальненне ад сырой цыгарэты, якая дыміла ўсё гусьцей ды гусьцей.
Сьпяшацца было няма куды, іхная мэта ўзвышалася зьлева ад будынку адміністрацыі — чырвоны цагляны дом з надпісам «Шмальцэвіцкі дом культуры», вокны якога былі хутчэй закалочаныя, чым зачыненыя. Гэткі самы быў у Міжрэччы, і гэткі ж заўчора — у вёсцы Хмяльцы, і гэткі ж, але зь белай цэглы, — у Трунцах, і дакладна гэткі ж — у Каралёх, і падобны, толькі з піянэрам ля ўваходу, — у Каршакевічах, і паўсюдна местачкоўцы называлі гэтае збудаваньне клубам. Эла Сямёнаўна, паважна паглынаючы колца каўбасы, якое яна трымала, далёка адставіўшы мезенец, што служыў, відаць, дзеля спакушэньня гідліва назіраўшага за ёю апэтыту, глядзела ў вакенца. Кіроўца, пажаваўшы хлебу, задрамаў на пярэднім сядзеньні. Прачнулася ўрэшце вялізная й непрыгожая Марыя Пятроўна, салістка й галоўная танцорка, — калісьці ёй на галаву ўпаў скрутак дроту, ды так і застаўся ляжаць на макаўцы, зь цягам часу пачаўшы лічыцца валасамі.
— У Вікторчыка гарэлка ёсьць, — сказаў Ягор вельмі ціха, каб ніхто не пачуў, але пачулі ўсе, бо даўно чакалі адзін ад аднаго гэтых запаветных словаў, і разам зірнулі ў вакно, але Вікторчыка там не было. — А ў мяне гарэлка ёсьць, — сказаў бадзёра Вікторчык, на поручнях уцягваючыся ў салён. Зь нейкаю шкадобаю і адначасова агідаю да сябе ўсе адчулі, як напружыліся падушачкі пальцаў, прадчуваючы гладкасць плястмасавых шклянак, шэрых зьнізу й залапана-белых уверсе, зь цёмнай дрогкай палоскай пасярэдзіне. Але тут жа загудзела недзе за Домам культуры машына, і ўсе са спакойным будзённым страхам убачылі, як да аўтобусу, пакідаючы на сьнезе ўзор, пад'язджае міліцэйскі уазік. Невысокага росту пажылы лейтэнант нецярпліва замахаў, рукой у ва ўсе вокны адразу, і кіроўца, мацюкнуўшыся, з рыпеннем падняўся і адчыніў дзьверы.
— Хто такія будзеце, госьці дарагія? — лейтэнант бухнуўся на пярэдняе сядзеньне. З ботаў ягоных адразу ж кінулася абнюхваць куты вада.
— Мы ансамбль фальклёрны, са сталіцы да вас з канцэртам, — грудным голасам прамовіла Эла Сямёнаўна, вельмі кругла крутануўшы «а» ў слове канцэрт. — Чакаем вашых, нас павінны сустрэць.
— І дакумэнцікі маюцца? — хутчэй сцвярджальна, чым запытальна сказаў лейтэнант, азіраючыся вакол.
Эла Сямёнаўна задумалася, потым дастала з валізкі пасьведчаньне, якое лейтэнант згроб вялікай мужыцкай далоняй.
— Та-а-ак… Тын-ды-рын Эла Сямёнаўна… сапраўды зьяўляецца кіраўніком ансамбля народнай музыкі й танца «Яромка»… — лейтэнант захлопнуў пасьведчаньне й паглядзеў на вокладку.
— Упраўленьне народнай культуры… Вы як, у клубе будзеце прадстаўленьне выступаць?
— Ну, хутчэй за ўсё… Гэта нам вашы павінны паведаміць. Пра мейсца выступу. Дарэчы, прыходзьце да нас на канцэрт.
— Так, прыходзьце, з жонкай там, зь дзецьмі,— падаў голас Вікторчык, падміргнуўшы Ягору.
— Абавязкова, — сказаў лейтэнант, гледзячы на Вікторчыка з прафэсыйным інтарэсам. — Ну што… усяго вам, я ўжо падумаў, рокеры якія, панкі балдзець прыехалі. Шчасьліва выступаць!
Ён падняўся, і ўжо выходзячы, пад міжвольны ўздых палёгкі за сьпінай, абярнуўся.
— А вось ету пець будзеце… Скакаў казак чэраз даліну!
— Для вас эксклюзіўна, — сказала Эла Сямёнаўна.
— Дзякую, — усьміхнуўся лейтэнант і хутка ягоны уазік зьнік за адміністрацыяй.
І Вікторчык ужо адкаркоўваў бутэльку, і на твары кіроўцы ўжо зьявілася чорная зайздрасьць разам з салідарнасьцю, і паціраў ужо рукі П'еро-Ягор, — але ў аўтобусе раптам адчуўся дух пакорлівасці й прыкрасці. Першым яго крыніцу заўважыў Жэня. «Гэта за намі,»— сказаў ён і паказаў на лабавое шкло. За ім было відаць дзяўчыну, якая пасьпешліва перасякала плошчу, накіроўваючыся да аўтобуса. Вікторчык уздыхнуў, закруціў памацней корак і схаваў бутэльку ў валізу. Дзяўчына доўга торгала ручку дзьвярэй, пакуль кіроўца не падняўся і не адчыніў ёй, працадзіўшы папярэдне яшчэ адно нецэнзурнае слоўца.
— Здрасьці! Вы ж артысты, зь Мінска? — таропка загаварыла яна. — Вы ўжо даруйце, зусім з ранку забегалася. Давайце ў клуб, вам жа, мусіць, рэпэтыраваць трэба?
— Нас бы пакарміць спачатку, — сказаў Мікола, гледзячы ёй проста ў вочы.
— Без абеду граць ня будзем, — уставіў свае пяць нотаў Вікторчык.
— Так, канешне, — замітусілася дзеўчына. — У дзьве гадзіны ў вас абед у нашай сталовай. (— А чаму ў дзьве? — пакрыўджана заскуголіў Вікторчык, але пад пагрозьлівым позіркам Элы Сямёнаўны схаваўся за сваёй валізай.) А зараз трэба ў клуб ісьці, там наша дырэктар вас чакае…
— А вас як зваць-та? — строга спытала Эла Сямёнаўна, спускаючыся з падножкі.— Анжэла, — сказала зьдзіўлена дзеўчына. Эла Сямёнаўна зрабіла кароткі задаволены паўстогн, быццам назаўсёды занесла Анжэлу ў сваю картатэку, і адразу згубіла да яе цікавасьць. Тым ня менш яны поруч пайшлі да клубу, прычым Анжэла ўсё гаварыла нешта й настойліва спрабавала зазірнуць худруку ў поўныя годнасьці вочы. За дамамі, раз-пораз паслізгваючыся на затоеным пад сьнегам лёдзе, пацягнулася чарада астатніх: рэвалюцыйны матрос Мікола з гармонікам праз плячо, які вольнай рукой дапамагаў Ягору несьці ягонае складанае прыстасаванне, Жэня з заплечнікам, захутаная ў пухавік па самыя вочы Дзіна, вельмі шмат Марыі Пятроўны. За імі ўсьлед плёўся Вікторчык са сваёй вялізнай пакалечанай бас-балалайкай. Аўтобус пакуль застаўся стаяць пасярод плошчы, на ягоным рулі, быццам філёзаф, што спрабуе спасьцігнуць бясконцасьць кола, задрамаў кіроўца.
Чамусьці ўсе залі ўсіх местачковых дамоў культуры пахнуць семачкамі. Гэтая не была выключэннем. Вялікая лямпа на столі асьвяціла бязладна раскіданыя абоймы крэслаў, нечакана высокую сцэну, на якой шыбеніцай тырчала мікрафонная стойка. Сцэна сканчалася сьцяной з фоташпалерамі: зь вялікай вышыні, быццам са шпіёна-спадарожніка, надзвычай цьмяна быў зьняты цудоўны куточак сінявокай Беларусі, зь нязьменнай супрацьтанкавай рэчкай і разбаўленым лесам полем (ці наадварот). Уверсе сьцяны, проста на шпалерах, нечай рукой па-майстэрску быў намаляваны агромністы бусел, які драпежна распасьцёр белыя крылы. Пачалі ладкавацца: Мікола, не знайшоўшы зьніклага выключна згодна з традыцыяй мясцовага гукарэжысэра, пайшоў шукаць дрот, Марыя Пятроўна села на крэслы і ці то малілася, ці то рэпэтавала, Вікторчык адправіўся здабываць сілікатны клей (насамрэч ён ужо даўно дамовіўся з Анжэлай, каб тая прынесла яго пасьля абеду ў клуб), Жэня й Дзіна правяралі сцэну на трываласць, Ягор даядаў каўбасу. Эла Сямёнаўна й дырэктар клубу Ніна Саламонаўна стаялі й глядзелі на ўсё гэта, а насамрэч адна на адну. «Кароваў падаіла, калхозьніца?»— думала Эла Сямёнаўна. — «Фарбавацца навучыся спачатку, памада — не каляровая крэйда. І гэта — жанчына. Сьвіньня на ўбой! Зубы залатыя, вочы тупыя. Што ты ў жыцьці бачыла, апрача гною?» «Чаго вылупілася?»— адказвала ёй у думках, схаваных пад сівым парыком, Ніна Саламонаўна. — «Гарадзкая! Я ж сама ў горадзе нарадзілася. Там я бы чаго лепшага знайшла, чым алкашоў вучыць на гармоніку пілікаць. Хто ж вінаваты, што па разьмеркаваньні мяне сюды, а тут Барыс еты… каб ён здох, кабелюга. Каб яму яйкі прышчаміла! А гэтая верыцца ўсё… кашчавая якая… ні грудзей, ні жопы. Калхозьніца».
На абед усе яромкаўцы сабраліся ў шмальцэвіцкай сталовай, якая мела гучную назву «Ресторан „Колосок“». Стравы «Колосок» прапанаваў цалкам традыцыйныя: грэчку, сасіскі, кампот. Але ўсё было гарачае й сьвежае, і грэх было не ашчасьлівіцца гарэлкаю. Праблемы ўзьніклі з посудам — шклянак Вікторчыку не далі, і пачаць давялося з кампоту, давячыся і апякаючы нёбы. Са сталовай усе выйшлі, значна павесялеўшы. Марыя Пятроўна нават паспрабавала прасьпяваць нейкі раманс, ззаду яе йшлі Вікторчык ды Жэня, дэманструючы нешта сярэдняе паміж фашысцкімі карнікамі й брэмэнскімі музыкантамі — міма рыпелі драбіны, і Вікторчык вельмі пераканаўча крычаў мужыкам: «Тафай-тафай-рапотай!», а Жэня гартанна сьмяяўся; праносіліся машыны мясцовых бізнэсмэнаў, а потым павольна праехаў уазік ужо знаёмага ўсім лейтэнанта. Яны прайшлі пехатой амаль усё мястэчка — царква, касьцёл, драўляны мост празь непрыкметную рачулку, гароды, Дом быту, унівэрсам № 1, школу, кучу забарыкадаваных «Запарожцамі» хатаў, медпункт, унівэрсам № 2, некалькі пяціпавярховікаў, павярнулі на вуліцу Энгельса. Тут, ля Дошкі гонару й tabula rasa аб'яваў, яны ўбачылі ўкрыжаваны на плоце дзіцячяга садку кавалак паперы, на якім флямастэрам было выведзена: Сегодня у 17,30 у клубе состоишься выступление ансамбля «Яроміна». Вход свободный. Натуральна, у слове «ансамбля» усе літары, апрача апошніх трох, былі замазаныя.
— Ляканічна, — сказаў Ягор. — Вельмі ёміста, — заўважыў Мікола. — Я бы сказаў, непераборліва, — дадаў Вікторчык. — Опа!
Ля брамкі аднаго з дамоў стаяла дзяўчына прызыўнога ўзросту ў паліто й бяздумна глядзела на артыстаў. Вікторчык моўчкі пайшоў на яе.
— Зараз зноў завядзе, — сказаў Жэня й зарагатаў. Ён абняў Дзіну за талію й працягнуў голасам Вікторчыка: «Нездарма мяне завуць Андрэйка-целагрэйка!»
Пры набліжэньні Вікторчыка дзяўчына схавалася за брамкай. Вікторчык нешта сказаў ёй, стоячы, як паштальён, ля плоту. Нечакана брамка расчынілася, і на вуліцу выскачыў голы да поясу хлопец зь сякераю ў руках. Не сякераю, вядома, але… Вікторчык упаў у сумёт (ад сьнегу, відаць, толькі нядаўна ачысцілі праход да дому), потым падняўся, размазваючы па твары кроў.
— Пойдзем, ён нас дагоніць, — сказала Эла Сямёнаўна, і за ёй, быццам за гусьсю, пацягнуліся астатнія, імкнучыся не азірацца. Хутка міма іх прабег Вікторчык, глытаючы соплі й кроў, у канцы вуліцы спыніўся, павярнуўся, але ўбачыў адно сваіх пазмрачнелых калегаў.
Урэшце дайшлі да плошчы. Вырашылі паспаць гадзінку ў аўтобусе ды йсьці рыхтавацца. Вікторчык, забыўшы, якая далікатная, сылікатная апэрацыя яго чакае, захрапеў, паклаўшы галаву на пухнатыя калені Марыі Пятроўны. Палеглі й іншыя. Уключыўшы радыё, спаў на рулі кіроўца. Ня спала толькі Эла Сямёнаўна. Неўзабаве перад ад'ездам са сталіцы яна хадзіла па касьцюмы да свайго былога мужа, зама дырэктара Дому культуры БЗІр. Той быў яшчэ і экс-танцорам «Яромкі» — лядашчы, з лысінай між кучаравых вушэй мужчына па прозьвішчы Багатыроў.
— Ну калі ж ты ўцяміш, — казаў ёй Багатыроў, усё адчыняючы ды адчыняючы бясконцыя шафы, у якіх стаяў пыл і днішчы якіх былі застаўленыя пустымі павуціністымі бутэлькамі і стосамі ніяк не жадаючых жаўцець брашураў кшталту «Унівэрсальны сцэнарый камсамольскага свята на 1981–1999 год». — Калі ж ты ўцяміш, што сама абрала гэты шлях. Лёшка — наш сын, але калі ўжо ты забрала яго сабе — зрабі ласку, выхоўвай яго сама. Нахабства якое, сына забраць, а цяпер садзіць мне на шыю!
Адначасова Багатыроў кідаў перад ёй на доўгі стол сукенкі ды кашулі, як нейкія доказы таго, што ён мае рацыю. Некаторыя строі ён, агледзеўшы, вешаў назад у шафу.
— Я ня маю такой магчымасці (сукенка), у мяне асабістае (кашуля) жыцьцё зьявілася — дарэчы! — амаль крычаў Багатыроў, утапаючы ў хэбэ. — Раней (боты) трэба было думаць (сукенка), Эла!
— Толькі на тыдзень, — казала, перабіваючы яго, Эла Сямёнаўна, якой у гэты момант больш за ўсё хацелася чаго-небудзь выпіць або плюнуць Багатырову проста на лысіну. — Багатыроў, ты ж ягоны бацька! Ты ж разумееш…
Яна зрабіла паўзу і без аніякае веры ў посьпех выдыхнула:
— …што такое гастролі.
— Але гэта твой клопат, — аднастайна, быццам на грузчыкаў, пакрыкваў Багатыроў.— У нас няма — няма (Багатыроў прымерыў на сябе кашулю з арнамэнтам у каўнера і барвовай плямаю ўнізе) агульных праблемаў. Ёсьць твае і мае, Эла. Адвязі яго да мамы… да Ганны Іванаўны.
— Яна хворая! — закрычала Эла Сямёнаўна, — Яна, можа, да Новага году не дажыве! І што ты мне суеш — тут жа на бірцы «Рускі народны касьцюм» напісана. Чытаць ня ўмееш?
— Хворая! — усклікнуў Багатыроў, паказаўшы вострыя пацучыныя зубы. — Яна ўсё жыцьцё хворая — на сквапнасьць ды тупасьць! Рускія, беларускія, гаўнарускія, хахляцкія — каму якая справа! Хто разьбярэ? Хоць у паранджы лявоніху танчы — ніхто слова ня скажа!
— Ды мне пофіг, — сказала Эла Сямёнаўна. — Толькі нас перад ад'ездам бэтэ здымаць будзе для нейкай підарачы. Трацімся на вочы якому-небудзь прафэсару…
…А чацьвертай Эла Сямёнаўна пабудзіла сваіх падначаленых, і «Яромка» рушыў у клуб. Усе пераапрануліся ў народныя строі, і Вікторчык, смокчучы абломак зуба, сеў заклейваць бас-балалайку. А пятай пачаў зьбірацца народ. Прыйшлі дырэктар, Анжэла, пэнсыянэр з фотаапаратам й трое маладых людзей дэгенэратыўнага выгляду. Ансамбль схаваўся ў пакойчыку за сцэнай. Празь некалькі хвілінаў туды завітаў пэнсыянэр. Высветлілася, што ён карэспандэнт раённай газэты й жадае ўзяць інтэрвію ў худрука.
— У народных традыцыях — мудрасьць пакаленьняў. Таленты нашых дзедаў й прадзедаў сканцэнтраваныя ў гэтых песьнях і танцах, — мармытала машынальна Эла Сямёнаўна, думаючы пра Лёшку — як ён там? — Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына. В условиях бездуховности и девальвации искусства она нам лаской матчынай. Аб ёй у СМІ нам баюць казкісны, а таксама вясеннія праталіны, якія, на жаль, предпочитают массовый ширпотреб таму, што прынята называць багацьцем народа, святыняй яго. Говорят, что народная культура исчезает, ёй зьнікнуць пара. Для ансамбля «Яромка» яна ж — вечна жывая. Як вада, як зямля, як зара.
Пэнсыянэр згодна хітаў галавою ды запісваў. У залі засьвісьцелі.
— Усё-ткі йдзе народ, — сказаў Мікола. — паслухайце, што ў залі крычаць.
Але ў залі клікалі нейкага Ромку. Урэшце ўсталявалася бурлівая цішыня, і са сцэны, быццам рапартуючы, загучаў узрушаны голас Анжэлы:
— Добры вечар, дарагія сябры! Сёньня ў нас у гасьцях — фальклорны ансамбль «Яромка», які прыехаў да нас са сталіцы нашай Радзімы. Сёлета «Яромку» спаўняецца 40 гадоў. За гэты час калектыў шматразова станавіўся лаўрэатам разнастайных конкурсаў, выязджаў на гастролі па рэспубліцы, а таксама за мяжой. «Яромка» унесла… унес… «Яромку» належыць неацэнны ўклад у захаваньне й разьвіцьцё нашай народнай культуры, у выхаваньне пакаленьняў людзей на вечных, спрадвечных узорах нашага фальклору, які заўжды ўяўляў сабой скарбніцу мудрасьці, здаровага гумару й служыў…
Голас Анжэлы раптам згубіўся ў аглушальным пульсуючым грукатаньні. Мікола вызірнуў у залю. У вакна пяцёра або шасьцёра падлеткаў хавалі магнітафон. На фоне вухаючага умца-умца пацёк, як расплаўлены чупа-чупс, салодкі вакал: «Дзевачька… Слаткаайя… Пацэллуй… Пацэллуй…» У залі ўхвальна заржалі. Там сядзела з паўсотні школьнікаў, цінэйджары разваліліся на крэслах, некаторыя старанна пісалі нешта на драўляных сьпінах тых, хто сядзеў наперадзе, іншыя імкнуліся наступіць на ногі суседзяў, правальваючыся пад сядзеньні. Заднія рады, не баючыся быць атакаванымі са сыпны, спрабавалі даплюнуць да пярэдніх радоў. Тыя ўставалі і ў сваю чаргу імкнуліся дамацюгацца да галёркі. Ля правай сьцяны, саставіўшы колам крэслы, сядзелі няпэўнага веку мужыкі й рэзаліся ў дурня. Ніна Саламонаўна віскнула на ўладальнікаў магнітафону, і тыя неахвотна прыглушылі гук.
— …а таксама прадэманструюць свае таленты самыя ўмелыя выхаванцы Шмальцэвіцкага Дому культуры…
Адзін з гледачоў падняўся на сцэну, абыйшоу Анжэлу ды ўладкаваўся ззаду, любастрасна рухаючы тазам. Заля выбухнула воплескамі. Анжэла, нічога не заўважаючы, раздражнёна скончыла:
— А цяпер мы запрашаем на сцэну ансамбль «Яромка»!
Заля ўзвыла, у паветра ўзьняўся воблак з насліненых папяровых снарадаў. Павярнулі да сцэны цёмныя твары карцёжнікі, крыважэрна павяла ноздрамі дарослая публіка. Выйшлі Ягор і Вікторчык, сеў на падрыхтаванае крэсла Мікола. Каля Ягора стала Дзіна, поруч зь Вікторчыкам — Жэня. Марыя Пятроўна з заплюшчанымі вачыма выйшла апошняй. Заля прыціхла. Прыціхла. Прыціхла.
— Ну пачынайце ж, — гучна, на ўсю залю шапнула Эла Сямёнаўна.
— Балалайка, скажы ўсім, хто табе сёньня зуб выбіў? — крыкнуў са свайго мейсца адзін з гледачоў. Вікторчык з жахам пазнаў у ім хлопца зь сякераю. — Ладна, лабай давай!
Марыя Пятроўна адкашлялася й заравела, нібы мула зь мінарэту:
— Хто песьню бае — той розум мае,
Хто лён кідае — той аддыхае,
Хто любіць чарку — любіць і скварку,
Хто любіць катацца — любіць і…
— Ябацца, — крыкнуў нехта з гледачоў радасна.
— Хто хлеб пасее — той і пажне, — не зьвярнула на яго ўвагі Марыя Пятроўна. — А хто нас слухае — той…
Тут па задуме патрэбны быў хор астатніх удзельнікаў «Яромкі», але кожны змрочна думаў пра нешта сваё, і толькі Ягор віскнуў, зь цяжкасьцю ўтрымліваючы ў руках сваю бочку: «…той з намі сьпяе!» Эла Сямёнаўна, якая ўласнаручна склала ў Менску вышэйпамянёны тэкст, са звычнай прыкрасцю апусьцілася на крэсла.
Пачалі граць, але, трэба адзначыць, музыка даўно ўжо не прыносіла яромкаўцам аніякага задавальнення. Яны грукалі, шчыпалі струны й расцягвалі мяхі гармоніку з гэткімі мэдытатыўнымі выразамі на тварах, што здавалася, народная музыка йдзе аднекуль з-пад сцэны, а музыкі граюць нешта ціхае й маркотнае. Скрывіўшы вусны, пачалі хадзіць адно супраць аднаго Жэня й Дзіна, а потым у справу ўступіла Марыя Пятроўна. Як вопытны баец, яна захоўвала натужную ўсьмешку героя працы, які выканаў пяцігадовы плян у Бадзін дзень і не атрымаў за гэта анічога, апрача граматы й вазы. Песьня значылася ў рэпэртуары як гульлівая й вясёлая, але заля, быццам рухавік сьпісанага трактара, заводзіцца не зьбіралася й змрочна маўчала.
Другая кампазыцыя была пра каханьне. Тут на авансцэну выйшлі Жэня й Дзіна, якія дэманстравалі голуба й галубку. Зь нецярпеньнем чакаючы канца гэтага катаваньня, яны паказалі нейкае кароткае порна й пасьпяшаліся схавацца за бубнам Ягора. У фінале галоўнай дзейнай асобаю мусіла стаць Марыя Пятроўна, якая сымбалізавала любоў ды дзетанараджэньне. Трасучы неабдымнымі грудзьмі, яна рабіла па сцэне дзікія скачкі. Валасы трапілі ёй у рот, і яна, закусіўшы іх, нібы цуглі, скончыла свой страсны танец, упаўшы на калені. Школьнікі глядзелі на яе з пагардлівым шкадаваннем, адзін з карцёжнікаў крыкнуў:
— Гэтая з цыцкамі начуе ў мяне, жонка якраз у трэцюю зьмену!
— Ну карова, — сказаў адзін з падлеткаў, што сядзелі ў першым радзе, і павярнуўся да суседа:
— Ты жопу ейную бачыў?
Ягоны сусед, падобны на п'янага чорціка, падавіўся шчарбатай усьмешкай і закрычаў:
— Яйкі мне пачашы, карова!
Яромкаўцы сыйшлі адпачыць у пакойчык за сцэнай. «Балалайка ня ладзіць,»— сказаў Вікторчык. — «А я тут сала раздабыў і самагону.» «Вось у Хмельніках самагон быў — сьляза,»— прамовіў летуценна Ягор. «Дзіна, Жэня, вы чаго сабатажам займаецеся?»— спытала Эла Пятроўна. «Паняў,»— сказаў бадзёра Жэня. — «Выправім.» «А ты, Ягор, граеш, як дыван выбіваеш,»— накінулася худрук на бубнача. «Яшчэ тры граем,»— пазяхнуў Мікола. «Чатыры,»— удакладніла Эла Сямёнаўна.
— А цяпер вершы нашага паэта-земляка прачытает выхаванец літаратурнага гуртка Кірыл Добрык, — звонка сказала за дзьвярыма Анжэла.
На сцэну выйшаў хударлявы юнак у чорным. Заля сьціхла. Кірыл Добрык зрабіў вельмі злыя вочы, падняў правую руку і, выразна выдзяляючы паўзы, прад эк лямаваў:
На бэтоннай шашы дождж балтыйскі напяўся
І ўрэшце закрапаў
Падарожнік у кнізе закладку зрабіў
Узіраецца ў мапу
І нібы кінакадры, на шкле лабавым
Гэтак хутка зьмяняецца ўзор
У кабіне няроўны хістаецца дым
І аўтобус адольвае ўзгор
Раздваілася мокрай шашы бескарыснае джала
На палеткі, як бомба, дарожнае сонца ўпала
Хмара з назвай вясковай — «Дражэ» —
Навакольле асыпала дробам
Град на гразкіх гародах
ўпалову з каменьнем і бобам
Добрык павярнуўся да паўадчыненых дзьвярэй у бакавы пакойчык, дзе адпачывала «Яромка», і чатырма кантрольнымі стрэламі прагрымеў:
Нібы рот, учарнелы ад кіслых, парэчак
Зь цемнаты праступае чарговае з тысяч мястэчак
Паспрабуйце, бадзягі, такое скарыце!
Хіба толькі зваліцца на мэтэрыце
На гарматным ядры, як Мюнгхаўзэн, вярхом
На плякат не зважаючы: «Госьці, гоў хом!»
Вельмі сур'ёзна заля запляскала ў потныя далоні. Выхад «Яромкі» быў сустрэты сьвістам. Пад градам папяровых шарыкаў было адграна яшчэ дзьве кампазыцыі — «Вясна» і «Камар». Цяжка дыхаючы, Марыя Пятроўна арала носам сцэну. Зноў надыйшоў перапынак, падчас якога дзяўчынка гадоў дзесяці, пастаянна зьбіваючыся, выканала на цымбалах дзяржаўны гімн. Выйшла Эла Сямёнаўна, зь недаўменьнем, як муха ў баршчы, успрынятая гледачамі (яны й не падазравалі, што ў бакавым пакойчыку ёсьць нехта яшчэ), уручыла дзяўчынцы плякат, на якім «Яромка» пры поўным парадзе шыхтаваўся на фоне камышовых зарасьнікаў.
«Яромка» адграў палову наступнай песьні, калі ў залю, грукаючы ботамі, увайшоў нізкалобы мужычок перадпэнсыйнага веку. Разьмераным крокам ён наблізіўся да сцэны і ўважліва паглядзеў на экзэрсысы Марыі Пятроўны. Тая пачала скакаць з падвоенай энэргіяй. «Здарова, Грысь,»— крыкнулі мужыку карцёжнікі. Грысь рушыў да іх, парукаўся з кожным, пагладзіў па. макаўцы, потым падняўся на сцэну і ўзмахам далоні спыніў Вікторчыка. Музыка абарвалася, абярнулася Марыя Пятроўна, зь незразумелым захапленьнем гледзячы на Грыся. Той узяўся за грыф бас-балалайкі, сьціснуў яго, быццам руку суперніка па армрэстлінгу, цяжка паглядзеў на музыкаў, потым на ўзьніклую ў дзьвярох Элу Сямёнаўну. Усе маўчалі як загіпнатызаваныя. Нечакана Грысь усміхнуўся, і яромкаўцам стала неяк адразу цяплей, нібы зьяўленьне гэтага мужыка вырашыла ўсе праблемы, надала сэнс гэтай усеагульнай лухце.
— А давай Таганку, — душэўна прамовіў Грысь і нават павярнуўся да залі, шукаючы падтрымкі.— Ты ж Таганку магёш?
Вікторчык ацепаўся.
— Я кажу, ты Таганку магёш? — павысіў Грысь голас, але вочы ягоныя працягвалі глядзець пяшчотна й лагодна.
— Гэта бас-балалайка, — сьцяўся Вікторчык. — Басовы інструмэнт… Рытмічны малюнак…
— Я не маляваць цябе прашу, — раздражнёна сказаў Грысь. — Я Таганку прашу злабаць.
Вікторчык стаяў у здранцьвеньні, вочы ягоныя прасілі літасьці, але пальцы ўжо запрацавалі: цыганка з кар-тамі-і-і…
— А казаў не магёш, — працягнуў Грысь. — Гаварыў інструмэнт… Дарога дальняя… Ну давай, давай…
Грысь вельмі спрытна разьмінуўся з Марыяй Пятроўнай, заграбаючай паветра лапатападобнымі далонямі, падыйшоў да мікрафону й захрыпеў:
— Казённы дом…
Да Вікторчыка далучыўся, адбіваючы просты — прасьцей няма куды — рытм, Ягор. Ня гледзячы на бубнача, Грысь падняў вялікі палец, і раптам заспяваў прыгожа й глыбока, нагнятаючы тугу, якая чакала за сьценамі клюбу й цяпер уварвалася ў залю, несучы прыемнае ачмурэньне. Захацелася быць шырокім, як кашуля, разарваная на грудзёх. Пілікнуў, падладжваючыся, гармонік, і затым разыйшоўся — надрыўна, прасторна. Марыя Пятроўна загрукала нагой, Жэня й Дзіна сьпявалі, як перад расстрэлам. «Па новай ждёт,»— вымавілі вусны Элы Сямёнаўны, і ёй закарцела дакрануцца да чорных вусоў Грыся — зараз жа, грудзьмі, шыяй, жыватом, шчакамі. Мікола спачатку граў неахвотна, але цяпер ягоны гармонік выдаваў пад падаючую ў залю песьню гэткія мудрагелістыя варыяцыі, што аж задыміўся… не, гэта запаліла першую ў жыцьці цыгарэту дзяўчынка, якая выконвала на цымбалах дзяржаўны гімн, і прысланілася да пляча падобнага на чорціка хлопчыка. Засьпявалі карцёжнікі, зьмяшаліся з грашыма законы й шасьцёркі. Кірыла Добрык падыйшоў да Ніны Саламонаўны й лёгка ўсадзіў ёй у жывот нож. Тая з удзячнай усмешкай села ў другім радзе, восьмае мейсца зьлева. Школьнікі пацягнуліся да дзьвярэй. Над заляй, выглядаючы здабычу, лунаў бусел.
2001