БЕЛАРУСЫ НА КРЫШТАЛЬНЫХ ШАРАХ

1


Малады Ўладар падкраўся да Барліса ззаду, асцярожна ўзьняў лазэрны меч, і раптам зьверху на іх абрынуліся цітры. Пайшла рэкляма, загарэлыя твары ўсміхаліся, рытмічна рухаліся сківіцы. Хлопчык, не адводзячы ад экрану вачэй, правёў рукой па падлозе, намацаў сваю шкарпэтку, потым пісталет і падушку. Давялося агледзецца вакол. Пульт ляжаў ля самай нагі — ня дзіва, што ён яго не знайшоў.

Хлопчык сядзеў у пустой кватэры, на дыване, прысланіўшыся спінаю да канапы. Дзьверы на балькон былі адчыненыя, варушыліся фіранкі, ля самых прутоў бальконных кратаў гайдалася гальлё ў хрусткіх абгортках. За бэтоннай агароджаю на тым баку вуліцы чулася песьня, там месьцілася вайсковая частка. Хлопчык звыкся з тым, што песьня заўжды пачынае гучаць незадоўга да заканчэньня чарговае сэрыі. Гэтак выйшла й на гэты раз. Аднастайна шаргатала гальлё, унізе, у двары, кагосьці абстрэльвалі каштанамі. У хлопчыка каштанаў было трыццаць сем, некаторыя былі схаваныя ў пісьмовым стале, некаторыя — у заплечніку, быў яшчэ некрануты запас у каробцы пад ложкам. Галоўныя каштаны ляжалі ў нагавіцах. Каштаны былі каштоўнымі прадметамі — іх можна было перабіраць, засунуўшы руку ў кішэню. Каштаны трэба берагчы — узімку іх ня знойдзеш.

Лета, вядома, было цудоўным вынаходніцтвам чалавецтва, але быў у яго і адзін мінус. Улетку не было сьвятаў. Для дарослых яны, натуральна, былі — выходныя напачатку ліпеня, калі бацька не хадзіў на працу нават у панядзелак, і маці тырчэла тры дні запар дома. Але ў хлопчыка ж і так былі вакацыі. Да таго ж у гэтыя летнія як быццам сьвяты ніхто не дарыў яму падарункаў. Тое лета, якое нядаўна мінула, навогул было нібы сон, кароткі, зімовы. Сон, кропку ў якім ставіць будзільнік, і ты зьдзіўляешся — пашкадуйце, я ж вочы заплюшчыў хвіліну таму. Іншая справа зіма і вясна. Новы год, стары Новы год, восьмага сакавіка, потым дзень народзінаў, два вялікадні, вельмі зручна, бо адна бабуля праваслаўная, другая — польскай веры, дзяды ўсякія, затым — заканчэньне школы, на якое хлопчык заўсёды што-небудзь атрымліваў. Сёлета, напрыклад, свайго Кашкіна, зусім новага. У бацькоў Кашкін быў ужо стары, паношаны, крычаў надта гучна і ўвесь чамусьці жаўцеў. А лета хлопчыку не спадабалася, і ён нават быў задаволены, што зноў пайшоў у школу. Яна нагадвала яму фае перад уваходам у залю сьвятаў.

Хлопчык пераключыў тэлевізар на другі канал. Там панылыя чорна-белыя людзі катавалі скрыпкі. Ён пасьпешліва націснуў кнопку яшчэ раз. Тут якраз скончылася перадача пра нейкія дыетычныя хлябцы, і зноў пайшла рэкляма, але ўжо не расейская, а свая. На экране зьявіўся чалавек, на выгляд — сапраўдны забойца, зь вялізным аранжавым гальштукам у сініх зорках.

— Увага! Увага! Увага! — Дзяржаўны цырк адкрывае свой чарговы, трыццаць восьмы сэзон! — закрычаў чалавек, махаючы палачкай, з-пад якой выскоквалі, адзін за другім, трус, мартышка, галава клоўна, ахапак зьнічак, малюсенькі жанглёр у цыліндры. — Мы пачынаем яго з самага захапляльнага, самага прыгожага прадстаўленьня, — чалавек загаварыў цішэй, голас ягоны стаў хітрым і саладжавым. — Калі ты напраўду любіш цырк, гэтае прадстаўленне — для цябе. Гэткага ты яшчэ ня бачыў…

Чалавек пагладзіў хлопчыка па галаве, дакрануўся палачкай ягонага вуха, нахіліўся, абдаўшы пахам мокрай замшы.

— … і наўрад ці ўбачыш калі-небудзь яшчэ! Толькі ў верасьні — унікальная праграма… Беларусы на крыштальных шарах! — нечакана залямантаваў чалавек і зьнік.

Бліскучыя кропкі, якія ўвесь час міргалі на экране, ператварыліся ў сляпучае зьзяньне. Яно імкліва набліжалася да хопчыка. Тысячы пераліўчатых трохкутнікаў, падмінаючы пад сябе чорную дугу залі, сталіся раптам агромністымі коламі, што быццам маятнікі загайдаліся пад купалам. Пранізьліва-белы прамень вырас зь цемры, ударыў у гэтыя колы, зьліўся зь імі. Звыкнуўшыся з асьвятленьнем, якое пастаянна зьмянялася, хлопчык заўважыў нарэшце постаці людзей над гэтымі коламі. Апранутыя ў дзіўныя, зеленаватыя, струмяністыя строі, людзі брылі па пякучым паветры, па шчыкалатку ўтапаючы ў сьвятле. Гэта было так прыгожа, што ў хлопчыка забалелі вочы. Беларусы на крыштальных шарах.


2

Цудоўнае цыркавое прадстаўленне да вечара не выходзіла ў хлопчыка з галавы. Прыйшлі бацькі, маці сыйшла на кухню, зачыніўшы за сабой дзьверы, бацька, расціраючы ногі, сеў ля тэлевізара. Хлопчык доўга выбіраў, да каго пайсьці са сваёй просьбай, і адправіўся ў рэшце рэшт на кухню. «Ты ж ведаеш,»— сказала маці, шмыгаючы носам і аціраючы крысом халату слёзы, да якіх яе давяла цыбуля. «Такія пытаньні трэба вырашаць з бацькам.» Хлопчык схапіў са стала апякаючы рукі дранік і рушыў у залю.

— Цырк — гэта добра, — сказаў бацька, пагладжваючы жывот. — Сланы, удавы! Толькі клоўнаў не люблю. Вось у наш час былі клоўны! Як цяпер памятаю — Пончык і Чэмберлен.

Хлопчык распавёў бацьку, што справа зусім не ў сланах або клоўнах. Ён паспрабаваў патлумачыць, як гэта прыгожа — беларусы на крыштальных шарах, але заблытаўся й неўзабаве заўважыў: бацька толькі ўдае, што слухае, а насамрэч глядзіць сэрыял пра міліцыю. Хлопчык і сам любіў гэты сэрыял, любіў уладкавацца на канапе, пагладжваць жывот, як бацька, і з захапленьнем назіраць, як вясёлыя сябры забіваюць злых бізнэсмэнаў. Ён любіў гэты сэрыял да сёньняшняга дня, калі зразумеў — прыгоды міліцыянтаў — казка для немаўлятаў у параўнанні зь Беларусамі на крыштальных шарах.

На шчасьце, надыйшла рэклямная паўза, і першы ж яе ролік абвясьціў пра цудоўную цыркавую праграму. «Глядзі, глядзі, во пра што я казаў!»— узрушана прамовіў хлопчык. Бацька зь неахвотаю пачаў услухвацца. Ролік скончыўся. Хлопчык, поўны надзеі, вачыма ўпіўся ў твар бацькі: «Ну што, спадабалася? Я ж табе казаў? Пойдзем?»

Бацька раптам стаў вельмі сур'ёзны. Ён пасадзіў хлопчыка сабе на калені, і той уцяміў, што зараз адбудзецца нешта надзвычай важнае. «Паслухай,»— сказаў бацька нерашуча, а потым уважліва паглядзеў кудысьці праз хлопчыка. — «Ты ўжо дарослы, а хутка будзеш зусім мужчынам, у цябе зьявіцца свая сям'я, і ты будзеш распараджацца грашыма… сямейным бюджэтам. Ты бачыў лічбы ў самым куце экрану? Гэткія маленькія лічбы? Гэтыя лічбы — кошт квіткоў. Разумееш, гэта надзвычай дорага. Мы ж падарылі табе Кашкіна, а ці ведаеш ты, што твой тата працаваў паўгады, каб набыць яго?»

Ад гэтых словаў патыхнула чымсьці надта дарослым, кшталту бабуліных лекаў. Хлопчык сам не заўважыў, як у вачох ягоных выступілі сьлёзы. Ён кінуўся ў свой пакой, зачыніў дзьверы, упаў на ложак і даў сьлязам волю. Потым ён доўга, да крыві малаціў свайго Кашкіна.


3

Аднак на наступную раніцу, калі хлопчык выйшаў са свайго пакою, каб памыцца й пасьнедаць перад школай, бацька, які нацягваў куртку ля дзьвярэй, спыніў яго, узяў за плечы і ўрачыста прамовіў: «Ты ведаеш, мы тут з мамай падумалі…»

Далей можна было не казаць. Хлопчык заскакаў па вітальні, засьпяваў песьню з мульціка пра Барлісаў і Форана, і маці ўсьміхнулася, гледзячы, як падскоквае ў ягоных майтках ужо зусім сфармаваны стручок. У школе хлопчык здолеў ухапіць адразу дзьве адзнакі ў Аляізы Цішкаўны — пяць за адказ у дошкі і два — за паводзіны, а плюс да ўсяго — чатыры ў Бісэктрысы Катэтаўны і яшчэ пяцёрку ў Магнія Формальдэгідавіча. Дахаты ён ішоў, роўна трымаючы сьпіну, і нават прыбраў у сваім пакоі — прапыласосіў дыван і выкінуў каштаны.


4

У нядзелю ўся сям'я паднялася рана, не было яшчэ дзевяці, калі мама, у станіку і трыко, выдастала з шафы прыгожую чырвона-зялёную сукенку, а бацька расклаў на канапе свой пацёрты, але яшчэ цалкам прыстойны касьцюм, і пачаў заклапочана яго разглядваць. Дзень мінуў у пакутлівым чакальні. А пятай гадзіне яны, бліскучыя і напружаныя, выйшлі з дому. Зрэшты, хлопчыку давялося вярнуцца, бо мама забыла, ці выключыла яна прас. Прас яна, натуральна, выключыла, але хлопчык, выходзячы з кватэры, прышчаміў сабе дзьвярмі палец. На дзіва, ён нават не адчуў болю, настолькі перабівала ўсе пачуцці зьзяньне хуткага прадстаўленьня.

Ля цырку было шматлюдна, у касу стаялі даўжэзныя чэргі, але ім гэта не пагражала, бацька набыў квіткі яшчэ ў сераду. Вуліца каля цырку была ўся застаўленая самымі рознымі машынамі. Зь іх, круцячы плячыма, выбіраліся іншыя хлопчыкі, увешаныя золатам, усе лакіраваныя й добра змайстраваныя. Яны пагардліва акідвалі позіркамі пралетарскіх дзяцей і накіроўваліся ў будынак, звысака ківаючы натоўпу, у той час як іх бацькі, выставіўшы ненармальна белыя зубы, як малпы крыўляліся ў слухаўкі сотавых тэлефонаў: «Ды вось малога ў цырк вяду…» Хударлявыя дзяўчынкі пацягвалі аголенымі плячыма, быццам ім было халодна, хаця на двары быў вельмі цёплы, утульны верасьнёўскі вечар. Нейкі дзіцёнак, трымаючы за руку масыўнага лысага тату, стрэліў у хлопчыка зь пісталету. Хлопчык зарубіў яго лазэрным мечам і пабег даганяць бацькоў.

Фае віравала. «За лёдавам станавіцца няма сэнсу,»— сказала маці, спалохана азіраючыся па бакох. Смурныя дамы аглядалі з пагардаю яе чырвоную зь зялёным сукенку й зьнікалі ў залі. «А па-мойму, яна вельмі ёй пасуе,»— падумаў хлопчык.

Яны занялі свае мейсцы, і пах мокрае замшы тут жа напітаў іх. Гэта быў прыемны і хвалюючы пах, і хлопчыку захацелася, каб ён не выветрываўся ніколі. Ён нават панюхаў рукаво свайго швэдру. Пах быў усёпераможны.

Нарэшце згасла сьвятло, заіржала, як конь, які ўзьняўся на дыбкі, музыка. Той самы чалавек, якога хлопчык бачыў па тэлевізары ў рэклямным роліку, выйшаў на арэну і абвясьціў першы нумар. Гэта былі танцуючыя сабакі. Дзеці навокал з захапленнем лізалі лёдава, яно крапала ім на прарэхі й туфлі. Дзяўчынкі захоўвалі пыхлівы выгляд, часта-часта, быццам міргаючы падносілі да доўгіх вейкаў біноклі. «Наташы Растовы»— чамусьці падумаў хлопчык.

Сабакі саступілі мейсца малпам, потым былі сумныя жанглёры, якія выклікалі ў вачох рабізну.

Пасьля жанглёраў на арэну выйшаў фокусьнік, які ператварыў яйка — у курыцу, шыла — у мыла, а чорнае — у белае. Хлопчык зь нецярпеньнем чакаў запаветнай хвілінкі. Але пасьля фокусьніка выступалі акрабаты, якія, выкарыстоўваючы даўгія вяроўкі, напалі на дзяцей з супрацьлеглага сэктару. «Калі ж будуць беларусы?»— грыз пазногці хлопчык. Але й на мейсца акрабатаў прыйшлі два клоўны, якія ўсіх папросту замучылі. Спачатку яны павыторгвалі дзяцей зь ніжніх радоў, паставілі ўсіх на арэне ў шарэнгу й надавалі кожнаму па попе, а потым доўга й нясьмешна жартавалі, скончыўшы зусім ужо непрыстойным жартам пра насосы, засосы і адсосы. Нават у цемры хлопчык заўважыў, як пачырванела мама і кінула на яго зьбянтэжаны позірк. Клоўны сыйшлі, у залі запалілася сьвятло.

— А дзе ж беларусы? — Хлопчык ледзь не расплакаўся ад расчараваньня.

— Антракт, — працадзіў праз зубы ягоны добра нарублены лазэрным мечам сусед.

Такім чынам, мінула ўжо гадзіна, хлопчык ужо адседзеў сабе азадак, а запаветнага відовішча ўсё не было. У антракце яны сядзелі на сваіх мейсцах, вырашыўшы, што абавязкова згубяцца, калі выйдуць у перапоўненае фае. Стракаталі тэлефоны, гучна сьмяяліся бліскучыя, быццам навагоднія елкі, жанчыны. Стагодзьдзе мінула, пакуль сьвятло згасла зноў.

Усё было так, як у рэкляме, толькі ў мільён разоў больш цудоўна. Як іншаплянэтнікі, беларусы йшлі па рассыпчатай серабрыстай дарозе, якая зьнікала ў космасе. Нібы вельмі багаты дзядзька набыў Млечны шлях і выпусьціў на яго гэтых сумуючых па волі зьвяркоў. Іх грацыёзнасць зачароўвала. Было жудаснае і невыразнае адчуваньне, што зараз увесь Сусьвет упадзе на галаву. «Гэта ж трэба так выдрэсіраваць,»— гучна сказаў нехта за сьпінай хлопчыка. У поўнай цішыні беларусы рухаліся, як міражы, у паветры, то зьнікаючы, то зьяўляючыся зноў. Нейкая дзяўчынка ўскрыкнула ад захаплення. Сьвятло мякка ападала на сьцены цырку, расступалася перад яркай дарогай, якая вяла ў нязьведаныя касмічныя далечы. Беларусы йшлі, павольна круцячы лапамі зьзяючыя шары, але ў гэтым не адчувалася аніякага прымусу. І на самым грэбні хвалі захапленьня, якая захінула цырк, нечакана і ў той жа час вельмі дарэчы загучала ціхая музыка. Такой хлопчык ня чуў яшчэ ніколі. Ад ні з чым не параўнальнага відовішча і плаўных, не вясёлых, не маркотных гукаў хацелася плакаць ды любіць. Маму, радзіму, бабулю, Бісэктрысу Катэтаўну, бацьку, дзяўчынку, якая сядзела ў ніжнім радзе, адкрыўшы рот і не заўважаючы лёдава, што крапала ёй на сукенку. Як гэта было казачна!

Музыка абарвалася, беларусы замерлі й вельмі лёгка, як пухіры, апусьціліся на арэну. Запалілі сьвятло, выйшаў дзядзька ў чорным і павёў беларусаў за кулісы, груба торгаючы за павадкі. Заля выбухнула аплядысмэнтамі. Кагосьці апырсквалі джын-тонікам, вяртаючы ў прытомнасць. Хлопчык, карыстаючыся тым, што маці й бацька ўсё яшчэ глядзелі ўніз, ціхенька споўз са свайго крэсла й пабег — паміж ног-ног-ног — туды, дзе яшчэ калыхалася заслона. Ён па-майстэрску праскочыў міма чалавека ў аранжавым гальштуку й хутка дагнаў дзядзьку ў чорным, які вёў беларусаў да клетак. Беларусы былі ўсе мокрыя й зблізку не такія прыгожыя, але нічога, такая ў іх праца. Хлопчык падыйшоў да іх. «Можна пагладзіць?»— запытаў ён, дрыжучы ад нецярпення. «Ты як сюды прапоўз?»— вохнуў дзядзька. Але насамрэч ён быў добрым і чулым чалавекам, які любіў ня толькі жывёлаў, але й дзяцей. Хлопчыку нават дазволілі пакарміць беларусаў праз клетку.

2001


Загрузка...