МІЖДЗЬВЕРНІКІ

Спачатку пра тое, чаго не заўважыў ахоўнік.


За вакном пачаўся нейкі ўсеагульны зваротны рух. Гэтак супала, што за некалькі коўзкіх сэкундаў дала задні ход машына, якая прытармазіла было каля лякарні, проста насупраць уваходу… спыніўся, не атрымаўшы патрэбнай дозы электрычнасці, трамвай, што ўжо амаль адолеў узвышша, — і пакаціўся павольна назад з роспачным звонам. Нерашуча існуючы на тым баку вуліцы мужчына падыйшоў да дзьвярэй мэблевай крамы, парукаўся зь імі, пастаяў у роздуме, разьвярнуўся й хутка рушыў да прыпынку. Нябачныя мокрыя пальцы пагарталі забытую кімсьці на лаўцы газэту-таўстушку — з апошняй старонкі да першай, затрымаліся дзе-нідзе абыякава на загалоўках, і загарнулі, накрыўшы лаўку вільготным ценем. Як вы пачуваецеся? — гэтак, мусіць, пачуваюцца ўсялякія глыбакаводныя, суворых колераў стварэньні, назіраючы, як апускаецца пад ваду тонучы танкер. І, як гэтыя пляскатыя марскія пачвары, мы не размаўляем, мы толькі змрочна слухаем і робім заўвагі. Усё, усё рушыла ў адваротным кірунку, адступілі нават сідэральныя войскі,— прынамсі, пра гэта паведаміла радыё. Такой жа млосна-салодкай, як і а восьмай раніцы, падалася перадапошняя ў пачку цыгарэта Жане, якая выйшла папаліць на прыступкі. Пайшоў ліпучы сьнег, гэткісамы, як і ўчора. У вадной з кельляў вольніцы, што тырчэла недалёка, амаладзіўся раптам пажылы канструктар, авал асеў, азубеў, памачыўся ў пасьцель, закрычаў пранізьліва, убачыўшы сябе між урачыстых мацярынскіх сьцёгнаў,— і памёр. І толькі тады на строгі квадрат супадзеньняў упала з ілба мастака бязглуздая кропля зусім ужо не натхнёнага поту. І ўсё пайшло як было, як мае быць, як заведзена — каму квіток у Так-Сяк, каму пехатою ў Наўскасяк.

Імя ахоўніка А., як любіла паўтараць ягоная маці, «значыла ў перакладзе з грэцкай „зашчытнік людзей“». Натуральна, поўным імем у лякарні яго ніхто не называў, усе карысталіся чароўнымі правіламі памяншэньня ды ласканьня — і Саша пытаўся незразумела: «Калі А. — зашчытнік людзей, то Саша — зашчытнічак людзішак?», і ўсе зазвычай ветліва, фальшыва ўсьміхаліся. Саша сядзеў у прыёмным пакоі пад зялёнай надзьмутай зоркаю дэкаратыўнай пальмы й чытаў фантастычныя раманы ў мяккіх вокладках. Дарагому абсталяваньню — лагодных формаў дыягнастычным апаратам і ветліва свісцячым па-ангельску бормашынам — неяк зручней працавалася, калі яны ведалі, што ў прыёмным сядзіць вось гэткі малады, праставаты хлопец, які шчодра падзяліўся зь дзяржаваю двума гадамі ўласнага жыцьця. На старонцы «Хваробы й калецтвы» у ягоным пашпарце стаяла ўсяго некалькі штампаў, самы круглы зьдзіўленым колцам абвяшчаў пра Сашыну эпілепсію. Вядома ж, гэта для ўсіх, апрача шэфа, было таямніцай — не здагадвалася пра гэта й Жана, якая вярнулася з перакуру, села за свой стол і пачала старанна зажоўваць задавальненьне.

— Вось не люблю, калі дзяўчаты паляць, — сказаў Саша. Жана адказала нешта на цягучай гумовай мове. — Чаго? — А пінжак на гольф ніхто даўно ня носіць. І чаму ты заўсёды ў чорным, як падлетак? — Сама ты ў чым?…

«Народ Энгоны чакае твайго слова, Уладар, — сказала Тэрэса й паклала руку яму на плячо. — Марудзіць болей нельга. Барлісы ўжо на арбіце, выведка паведаміла гэта сёньня ўначы.

— Але што рабіць з Храмам Сямі Вежаў? — падаў голас Парамозг Ленк. Ён увесь дрыжэў; ацёршы краем хітону лоб, ён павярнуўся да Тэрэсы й накіраваў на яе тлусты чырвоны палец. — Нам нельга прымаць неабдуманых рашэньняў. Сем Вежаў будуць мець вызначальнае слова. На жаль, — дадаў ён зьдзекліва, забыўшы на імгненьне страх.

— Усё пытаньне ў тым, ці падтрымаюць нас дарукане, — няўпэўнена вымавіў малады Уладар. О, калі б бацька быў зараз побач! Ягоная мудрасьць заўсёды ратавала Энгону ў тых выпадках, калі вораг быў несумненна мацнейшы. Форай выдатна ведаў, што трэба было прадпрыняць, зьявіся Барлісы ў гэтую хвіліну ля сьценаў палацу. Ён непрыкметна намацаў пад хітонам лазэрны меч. Далонь звыкла й зручна легла на дзяржальна, быццам дакранулася да рукі старога сябра. Але ў дыпляматыі малады Ўладар быў зусім не дасведчаны.

— Зарангіты абяцалі нам сваю падтрымку, — голас Тэрэсы так рашуча гучаў у вялізнай залі, нібы адразу некалькі горцаў-шакрэнаў зайгралі на сваіх пуна-рантаках. Яна павярнула да Форана свой поўны жарсьці юны твар. Гэткую гордую ўпэўненасьць магла захоўваць у гэты момант толькі дачка Сангаруны. Тэрэса зазірнула Форану ў самыя вочы, і ён зь пяшчотнай падзякаю адчуў, як яе погляд уносіць у ягоную сьвядомасьць гэтак патрэбны яму цяпер спакой. Змагацца…»

Кніга худзела, як пакет чыпсаў. Пацыент сёньня йшоў усё больш жаночага полу. Спачатку за шклом дзьвярэй нехта засланяў нэонавую шыльду мэблевай крамы, якая адразу замест «мебели» пачынала гандляваць «елью», падпарадкоўваючыся кан'юнктуры блізкага Новага году. Затым у прыёмны пакой падазрона зазіраў парасон — паўза — і карцінка складваў вострыя локці, нібы гучаў фінальны акорд страснага танга. Папраўляючы грудзі, уваходзіла пацыентка. Падыгрываючы пальме, яна ажыўляла чорна-белы нэгатыў прыёмнага пакою на некалькі хвілінаў, пакуль Жана бегала да доктара дакласьці. Пацыентку запрашалі ў кабінэт, Саша зноў паглыбляўся ў кнігу, за якой Жана казала па тэлефоне сяброўцы, гэткай жа сакратарцы: «Вось ахоўніка ўзялі… пасьля таго, як „Супэрмэд“ абрабавалі… шэф спалохаўся… так, сядзіць, на мяне верыцца», хаця зерыўся Саша выключна ў кнігу. Часам пацыенткі спазьняліся альбо прыходзілі раней прызначанага, і тады дзялілі цесны вагон прыгараднай электрычкі Часу, вывучаючы адна адну па-над Сашынай галавой. Бывала, праўда, што ён сапраўды глядзеў на ножкі юных пацыентак, і тыя таксама ўтаропліваліся ў ножкі — сашынага фатэлю. Няпыльная праца.

«…змагацца — іншага адказу быць ня можа. Відаць, Парамозг Ленк заўважыў перамену, якая адбылася на твары Ўладара — увесь затрэсься, потым абурана ўзмахнуў рукой і адправіўся да экрану, па якім паўзьлі жоўтыя мухі даруканскіх караблёў. Карлікі ўзрушана завішчалі. Форан дастаў лазэрны меч і падняў яго высока над галавою. У залі раптам успыхнула ўрачыстае сьвятло, у купале нешта загрымела, быццам старажытны палац адчуў, як ягоны новы ўладальнік, гэты бязвусы гігант, прыняў адзінае магчымае рашэньне.

— Змагацца! Вось якім будзе мой загад! — усклікнуў Форай. — Наша перамога забяспечыць Энгоне мір на стагодзьдзі!

Усё навокал стала для маладога Ўладара ясным, дасяжным, непарушным. Тэрэса таксама дастала меч. Узяўшыся за рукі, яны спусьціліся па прыступках у залю. Парамозг Ленк панура маўчаў.

— Няхай здраднікі Энгоны ведаюць, што…»

Дзьверы адчыніліся, упусціўшы ў прыёмны пакой на гэты раз зялёны парасон і за ім — па-анёльску белае стварэньне гадоў васьмідзесяці. Пад вэльвэтавым плашчом у стварэньня была караценькая сукенка, больш падобная на балетную пачку, пад капялюшыкам зьзяў асьляпляльна пунсовы рот на шэрым, з брунатнай корачкай твары. У вачох пляскалася забрадзіўшае захапленьне жыцьцём і самой сабою. «Маё прозьвішча Краўчук,»— сказала балетная бабуля какетліва. «Я на сем запісвалася.» Жана ветліва ўсьміхнулася: «Прысядзьце, калі ласка, сюды, пагартайце часопісы, я пайду паведамлю доктару Жаўткову.»

Жана зьнікла за дзьвярыма кабінэту.

— П-прабачце, — не ўтрымаўся Саша. — Ваш касьцюм — ён сапраўды ад Ніжынскага? Або ад Станіслаўскага? Сьпісаны рэквізыт?

— Хамло, — без усялякае крыўды сказала Балетная Бабуля.

Жана вярнулася. «Прашу вас, доктар Жаўткоў чакае.» Бабуля прайшла ў кабінэт, пакінуўшы свой парасон, які ўжо пасьпеў добра нагадзіць у куце.

— Бываюць жа кліенткі,— пазяхнуў Саша, і адначасова з гэтым дзьверы адчыніліся зноў. Без усякага папярэдняга парасону ў прыёмны пакой убегла маладая жанчына, прыгожа-незапамінальная — яна ўчэпіста агледзела памяшканне й спытала хутка й роўна, быццам адрэзаўшы кавалак шкла:

— Прабачце, Краўчук ужо на прыёме ці яшчэ не прыходзіла?

— У доктара, — напружыўшыся й непрыязна паглядзеўшы на незнаёмку, адказала Жана.

— Будзьце так ласкавыя, я яе ўнучка, перадайце ёй, калі ласка, што я буду чакаць яе дома. Усяго найлепшага.

Пакінуўшы ў прыёмным пакоі нейкі мэнтолавы халадок, незнаёмка выйшла. Усё адбылося вельмі хутка, і гэткая празьмерная дзелавітасьць унучкі Балетнай Бабулі прыйшлася Жане не да спадобы. — Схадзі Антонаўну пакліч, падлога зусім брудная, — кінула яна Сашы й выйшла на вуліцу, схапіўшы цыгарэты.

«…што літасьці ім ня будзе! — усклікнула Тэрэса, патрасаючы ў паветры мечам. Яе рухі, якія можна было параўнаць хіба што з грацыёзнымі рухамі знакамітых энгонскіх пантэраў, выклікалі раптам у маладым Форане жаданьне зьліцца зь ёю ў вадзін тугі клубок, стварыць кулак, поўны сціснутай моцы і энэргіі, кулак, які пераможа любога ворага. Вось хто мог бы заняць трон каралевы стражытнай плянэты! Усё яшчэ не выпускаючы руку Тэрэсы, Форан павярнуўся да яе тварам, вочы іхныя сустрэліся. „Усё атрымаецца, галоўнае: падаві ў сабе страх,“— адправіла яна яму мысленнае пасланьне. Ён нахіліўся да яе духмяных валасоў, і тут жа ў залю ўбег афіцэр Кінакс.

— Барлісы толькі што высадзіліся на верхнім ярусе, — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Іх занадта шмат, адданыя нам войскі ўжо прынялі першы ўдар, але дыстрактары зьнесеныя…

— Уладар, загадай ахове палацу заняць пазыцыі на сьценах цытадэлі,— спакойна сказала Тэрэса. — Я на фляйстары паспрабую адшукаць Гіпэрхрыбэт Барлісаў. І прыбяры ногі, дай я пад фатэлем памыю.

Форан з захапленьнем паглядзеў на Антонаўну. Хаця іхныя рукі ўжо разлучыліся, думкі яе ўсё яшчэ ўзбуджалі ягоную сьвядомасьць. Іх няспынная плынь не давала яму часу для ваганьняў ды сумненняў.— Кінакс, ахову палацу на муры ў два шэрагі. Уключыце сілавыя бар'еры. Цэліцца ў хвасты.

Антонаўна, схаваўшы лазэрны меч у ножны, рашучым крокам выйшла з залі. Глава сёмая. Хаця Форанава войска стрымала клятву, увечары Барлісам удалося прарвацца ў самае сэрца сталіцы. Пад кантролем Форана заставаўся толькі вялізны палац, які займаў чвэрць гораду, і Эбандавае прадмесьце. Калі на горад апусьцілася ноч, па палацы прайшла чутка — зьнік Парамозг Ленк. Што ж, калі…»

Дзьверы пазяхнулі, вярнулася Жана, села за свой стол, схавала пад ім тоўстыя ногі, пакруціла ў руках маркер. Па цёмным вакне прабягалі каламутныя пісягі, як блікі на вадзе, мігцелі замерлыя па нечай прыхамаці выпадковыя сьвячэньні. Узбуджаная мокрым сьнегам гарадзкая гразь памнажалася, чапляючыся за падэшвы, узьбіралася на прыступкі, таяла. Позьняя восень даводзіла, што і ў белага колеру маюцца свае разнавіднасьці. Вуліца і прыёмны пакой, здавалася, памяняліся мейсцамі; калі паглядзець у вакно, узьнікала гэткае адчуванне, што фіранкі гайдаюцца з таго боку, сярод машынаў і трамваяў. З кабінэту доктара Жаўткова не даносілася ані прыглушаных галасоў, ані звону інструмэнтаў, як магло б прымроіцца рэжысэру Сашы, і ня чулася ані крыкаў болю ці чвяканьня напаўзжаваных кляпаў, як магло ўявіцца пісьменніцы Жане. Хутчэй — музыка. Жана, прымружыўшыся, глядзела на сябе ў люстэрка, і, мусіць, надта доўга ўжо глядзела, бо задумалася пра нешта, погляд зьнік, у пустуючых вачох пачалі адлюстроўвацца, атабарвацца стол і — па дузе — журнал наведванняў, каляндар, асадка, тэлефон, дзьверы, кут, столь, падобная на жаночыя грудзі лямпа, якая хутка растварылася ва ўласным зьзяньні, зноў кут, пальма, коратка стрыжаная галава…

— Саш, — сказала Жана задуменна. — Вось скажы… толькі бяз гэтых тваіх жарцікаў дурацкіх… ну вось зноў… «Доктар Жаўткоў» слухае, — сказала яна, зьняўшы слухаўку тэлефона, які нечакана яе перабіў.— Добры дзень. Так. Не. Толькі па панядзелках. Можна. Так, ведама ж, прыходзьце. Дзесяць за кансультацыю. Да трохсот. Кружын? Крутыя? Крутыя. На шаснаццаць. Усяго добрага.

— «калі ён напраўду здраднік…» —

— Скажы, у цябе вось так бывае: скажаш нешта, і тут жа… Ну вось, напрыклад, ідзе тэлевізар, а ты ў гэты час адгадваеш крыжаванку. І ты, напрыклад, адгадаў слова «більярд». І ў гэты ж момант па тэлеку перадача, навіны спорту, і там у гэты самы момант распавядаюць пра більярд… Ці, дапусьцім, ты едзеш у мэтро, думаеш пра тое, чым будзеш займацца ў нядзелю, а побач стаіць баба якая-небудзь незнаёмая й кажа сваёй сяброўцы: ты ў нядзелю якія маеш пляны?

«…заставалася спадзявацца на дапамогу даруканаў. Уначы ў палац прыбыў атрад зарангітаў, і калідор тут жа напоўніўся грукатам іх рагоў…»

— Зразумела, — пачасаўшы галаву, сказаў Саша. — Бывае. Я вось сёньня зранку на кухню заходжу і кажу: мам, чаго б пажраць, а маці ў гэты самы момант радыё ўключае, і там мне адказваюць — макароны звары, а мне ўжо бегчы трэба. Яшчэ памятаю, ня так даўно, у аўторак, ці што, вершык чамусьці ўзгадаў — бывае, так? — ну, памятаеш, «краю мой родны, як выкляты богам,» на ўсё жыцьцё запомніў, блін! а ў пакоі суседнім братан мой малодшы пачынае хатняе заданьне вучыць, і бубніць: «Колькі ты зносіш нядолі.» Не, бываюць такія супадзеньні. А яшчэ вось…

— У мяне проста сёньня такое было, — прамовіла Жана, ня слухаючы. — Супадзеньне яшчэ тое. Я ў тралейбусе ехала, людзей, дзякаваць богу, няшмат. Стаю ля самай кабіны кіроўцы, у сумачцы капаюся, і пальчатка мая раптам з рук выслізгвае, ну, і падае. І ведаеш, краем вока заўважаю… Заўважаю вось што: у другім канцы тралейбуса хлопец адзін таксама за пальчаткай сваёй цягнецца. Яна таксама ўпала, адначасова з маёй, разумееш? Сэкунда ў сэкунду.

— Ну і што? — сказаў Саша, ахайна пёрак даўшы ў кнізе закладку — абгортку для жуйкі.— Супадзеньне! Давай лепш сканворд, я памятаю, у цябе быў неразгаданы. Ды не сумуй ты, Жано. Давай яго сюды. Так. Сталіца Італіі — Рым. Прыяцель — друх. Любоў… Правільна, Жана, сэкс. Сем. Чалавек, які зьдзейсьніў выдатны ўчынак. Герой. Сустаў, хлеб. Вада. Крок. Мір. Ты вось ня ведаеш, хто гэта — сын бацькі? а я вось ведаю — сын. Пэрсанаж паэмы «Руслан і Людміла». Руслан. Ведаеш, вось зараз хто-небудзь зойдзе, пацыенцішка які залётны, і высьветліцца, што завуць яго Руслан.

Жана са страхам паглядзела на дзьверы. На іхным шкле варушылася стракатая вада. Ад дзьвярэй да стала падлогу пакрывалі мокрыя плямы, быццам чалавек-невідзімка праехаўся тут верхам на аслу.

— Нейкі тупы сканворд. О, тут яшчэ красворд ёсьць. Адзін па гарызанталі. Земнаводнае, якое ў пачатковай стадыі свайго існаваньня мае празрысты скураны пакроў. Ты ня ведаеш, а, Жан? Якія ў нас ёсьць земнаводныя?… жаба, яшчарка…

— Жаба — не земнаводнае, — сказала Жана. Шыя яе ссыпала на сьпіну дробныя дрыжыкі.— Пурген на вуліцы які ўсчаўся…

— Чаму гэта не земнаводнае? Яна ж жыве й на зямлі, і ў вадзе.

— Варан — гэта земнаводнае.

— Ну я й кажу — яшчарка. Варан — гэта ж яшчарка.

У прыёмным стала неяк надта цёпла. Зіма чакала на двары, скрыгочучы трамваямі. Здавалася, батарэі жывіліся тым холадам, які ўдыхаў пакой, і пачыналі грэць з падвоенай сілай.

— Празрысты скураны пакроў…— паўтарыў Саша, запрагнуўшы галаву. — Гэта як? Гэта значыць, што земнаводнае дыхае, і мы можам убачыць ягоныя лёгкія… харчуецца, і мы бачым, як напаўняецца страўнік… і яшчэ — хы-хы — палавыя органы можам бачыць…

— Сэрца. Можна бачыць, як б'ецца сэрца, — ціха й выразна прамовіла Жана, і маленькае сярдзітае сэрца раптам запульсавала на ейным стале, пунсова загарэлася, нібы аварыйная лямпачка.

— І мазгі можна ўбачыць. Цікава, у іх ёсьць мазгі? (— Ня ведаю, — Жана зрабіла кола на сваім крэслы-круцёлцы.) Не, надта складаны красворд.

«…грукатам іхных рогаў. Зарангіты паводзілі сябе высакамерна, але правадыр Прнгт на начной нарадзе не пакінуў ва Ўладара аніякіх сумненьняў, паабяцаўшы змагацца да апошняй кроплі нхла.

Ранак засьпеў Форана перад аглядным экранам. Паспаў ён, відаць, з гадзіну. Калі Форан прачнуўся, рука ягоная сьціскала меч гэтак моцна, як і падчас нядаўніх перамоваў. Форай пацягнуўся, падняўся. Вартавы ля дзьвярэй пачціва нахіліў галаву ў бліскучым шлеме. У вялізным вакне былі відаць падобныя на яйкі караблі зарангітаў.»

— …пшага, — сказала Балетная Бабуля, выйшла з кабінэту кармою наперад і зачыніла за сабой дзьверы. Яна ляснула парасонам, паправіла парык, накінула плашч.

— Усяго найлепшага, дзевушка, — сказала Бабуля, не ўганараваўшы Сашу нават хітаньнем галавы.

— Вас тут унучка пыталася, — сказала хутка Жана. — Прасіла перадаць, што будзе чакаць дома.

«Барлісы зьявіліся нечакана, у той самы момант, калі напружаньне абаронцаў Палацу зьмянілася стомаю. Страляніна па іх лёгкіх караблёх не дала нічога; захопнікі быццам шчаўчкамі пальцаў разьнесьлі абарону на сьценах і празь некалькі хвілінаў апынуліся ў будынку. Спаймаўшы сябе на тым, што знаходжаньне ў добра абароненай залі можа падацца баязьлівасьцю, Форай выбег у калідор і, арыентуючыся па шыпеньні зброі, памчаўся на трэці ярус.»

— Унучка? — Балетная Бабуля бяззуба пасьміхнулася, потым нахілілася нізка-нізка, да самага носу Жаны. — Ды няма ў мяне ніякай унучкі.

І, горда ўзьняўшы галаву, Балетная Бабуля, прытанцоўваючы, выйшла ў золкі вечар.

— Дзіўна, — гэта ў Жаны й Сашы вырвалася адначасова, чаму яны, зрэшты, нават не ўсміхнуліся. За вакном залямантавала пранізьліва, як плакальшчыца на хаўтурах, міліцэйская машына, і сьціхла недзе за паркам. Пахіснулася пальма па-над Сашынай галавою.

«…і Форан убачыў Барліса, які грузна ступіў у галерэю. Ён наступіў на абгарэлую руку, якая дымілася ля сьцяны, і прынюхаўся. Па пярсьцёнку на адрубленай руцэ Ўладар пазнаў яе ўладальніка. Афіцэр Кінакс!

Зблізку гэтых мярзотных істотаў Уладар бачыў упершыню, але не адчуў у гэтую сэкнду нічога, акрамя…»

— Шмат яшчэ кліентаў сёньня? — спытаў Саша, падняўшыся. На цёплую ўмяціну ў фатэлі ўпала кніга.

— Ды не, яшчэ вось Тая на працэдуры прыйдзе, і ўсё, — адказала Жана, выбіраючы, што б пакруціць у пальцах — пусты цыгарэтны пачак або маркер.

— А чаго ў яе, ня ў курсе? — спытаў Саша, спрабуючы падцягнуцца на дзьвярох.

— А я што — доктар? — Жана абрала маркер. — Здаецца, нічога сур'ёзнага. Ды й навогул, якая табе справа да яе балячак. Уключы радыё, давай лепш музыку паслухаем.

2001

Загрузка...