На сямі ўзгорках, у самым цэнтры вялікага гораду, ляжыць Прадпрыемства. Ня так важна, што за прадукцыю яно вырабляе, мы ж усе й так, пагадзіцеся, гэта ведаем. Мы нарадзіліся ў гэтым горадзе й пражылі ў ім усё жыцьцё, ніколі нікуды не выязджаючы, быццам на горад надзеты празрысты каўпак, межы якога схаваныя недзе ў прыгарадных лясох. Ды нам і так добра. Колькі год мы садзімся ў трамвай ля Прадпрыемства, шпацыруем уздоўж ягоных высокіх сьценаў з маці або каханай дзяўчынай, з жонкай і дзецьмі, вымаўляем ягоную назву. Але туды, за гэтыя сьцены, нам не патрапіць. Золатазубыя жанчыны паўстануць на нашым шляху, зарычыць каменная ваўчыха, што стаіць пры ўваходзе як напамін пра тую зьвяругу, якая выкарміла некалі бацькоў Прадпрыемства — тых, хто першымі ўсадзілі лапаты ў зямлю на месцы вырубленага гушчару. І мы адступім, лісьліва ўсміхаючыся, і пабяжым прэч ад Прахадной. Бо пропуску ў нас няма, мы забылі яго дома, згубілі, выкінулі — даўным-даўна, вельмі шмат анічога ня вартых гадоў таму. Да самае сьмерці нам будзе невядома, што ўсё ж робіцца за цяжкімі варотамі і аблытанымі калючым дротам мурамі. І толькі потым, пакідаючы нарэшце горад, мы зірнем у ілюмінатар, каб паглядзець на Прадпрыемства хаця б зьверху. Але й тады, забіваючы наш апошні шанец, Яго скрыюць абачліва ссунутыя аблокі.
А ўначы, як высветлілася, прайшоў сапраўдны яблычны дождж. Спаўзаючай коўдрай па-над садам вісела цішыня, халодная, вогкая. Стах зь яшчэ паўзаклеенымі сном вачыма басанож выйшаў на ганак, наступіў на мацярынскія туфлі і ўжо далей тройчы прагрукаў сваё прабуджэньне. У траве ляжалі яблыкі, тоўстыя, рыпучыя, гэткія празрыстыя, што, калі захацець, у глыбіні іх можна было разгледзець маленькія цёмныя шкілеты. Стах таўхануў адзін яблык нагой, той зьнік у кветачных джунглях, цьвёрды й бескарысны.
Звонку дом быў пакрыты мяккай цьвільлю ранішняга туману. Стах вымыўся ледзяной вадою зь вядра, недзе вельмі блізка, падалося, у самага пляча, цішыню разарваў лямант электрычкі. Уздыхнулі дрэвы, стала яшчэ халадней. Гэткае пачуцьцё сярод туману, што знаходзішся ў прасторнай залі, дзе толькі што адчынілі ўсе вокны. Стах вярнуўся ў дом і запаліў газавую пліту.
Ён прыехаў на лецішча ўначы, ледзь паспеўшы на апошнюю электрычку. Яшчэ на вакзале дрогкі тамбур сустрэў яго прадвесьцем нейкага паэтычнага натхненьня, але вагон быў амаль пусты, і Стах уладкаваўся ля вакна, пасадзіўшы побач заплечнік. Спазьніцца баяўся ня ён адзін, перад самым адпраўленнем у вагон уваліліся дзьве цёткі, якія разьмясьціліся ў Стаха за сьпінай. Электрычка кранулася зь месца, цёткі пачалі гамонку, і Стах міжволі прыслухаўся. Размова йшла нібыта пра параўнальныя вартасьці невядомага маньяка, што яшчэ ня трапіў у лапы правасудзьдзя… ён пасьпеў ужо насваволіць у тым самым дачным пасёлку, куды ляжаў і ягоны, Стахаў, начны шлях. Безумоўна, натхненьне было дарэшты зьлізанае языкастымі цёткамі, і слупы ды падсвет леныя яліны, што ўсё шпарчэй праплывалі за вакном, так самі сабою й засталіся. Ды яшчэ незадоўга да станцыі з тамбуру зьявіліся двое амонаўцаў, якія запатрабавалі ў яго дакумэнты. Стах паказаў ім свой навюткі пашпарт, і яны некалькі хвілінаў правяралі графу «Хваробы й калецтвы», а потым нават не казырнулі на разьвітаньне. На станцыі цётак сустракалі п'яныя мужчыны, Стах лёгка падхапіў заплечнік, хутка прамінуў кароткія цёмныя вулкі, адшукаў ключ пад ганкам і, упаўшы на сыры ложак, адразу заснуў.
Цяпер дачны пасёлак няўхільна прачынаўся. Стах ускіпяціў сабе гарбаты, намазаў маслам хлеб і пачаў распакоўваць заплечнік, які ўжо пасьпеў набыць пах нейкіх сутарэньняў ды прамокнуць зьнізу. Бутэрброд, які Стах зрэдку кусаў ды перакладваў з трумо на тумбачку, з тумбачкі на падваконьне, з падваконьня на стос старых газэтаў, стаў урэшце да агіды гнуткім, і Стах выкінуў яго ў вакно.
У юнацтве ўлюбёным заняткам Стаха было стварэнне тэкстаў. У нейкай меры гэта была самая арыгінальная літаратура на сьвеце. Стах пісаў артыкулы пра сябе для энцыкляпэдычных даведнікаў, якія стаялі на паліцы ў ягоным пакоі. Напрыклад, такія:
Аляксандр СТАХОЎСКІ (г.н. 1970) — выдатны — скі археоляг, доктар навук. Сярод ягоных заслуг — адкрыцьцё й вывучэнне знакамітага Стыр'еўскага кургану (1987), Пархоміцкай пячоры, Верхнекорчынскіх магільнікаў. Аўтар працаў «Быт усходніх Славянаў на аснове вывучэння Стыр'еўскага кургану», «Параўнальнае вывучэнне Стыр'еўскага кургану й паўночнаўкраінскіх магільнікаў», «Стыр'еўскі курган як сьведчаньне паходжаньня культу грыба ў паўднёвых плямёнаў Пакемоньня», «Верхнекорчынскія магільнікі й крах яраўлянскага паганства», навукова-папулярных кніг «Славянскія сталакціты», «Сталагміты клічуць» і «Легенды аб Верхнім Корчыне». Член-карэспандэнт Акадэміі навук і Ганаровы член сусьветнай асацыяцыі археолягаў.
Або такія:
Віктар СТАХОВІЧ (г.н. 1970) — вядомы — скі паэт, ляўрэат Маладзёжнай прэміі імя Ў. Дубатоўка, Дзяржаўнай прэміі БССР, італьянскай прэміі П. Пазаліні. Творчасьць спалучае ў сабе вострую актуальнасць, пранізьлівы псыхалягізм і своеасаблівую, пабудаваную на супярэчнасьцях, лірыку. Лёс В. С. трагічны. Прайшоўшы афганскую вайну, эміграцыю (з 1991 г. — у Кітаі, потым перабраўся ў Парагвай) і некалькі хваробаў 1-ай ступені, В. С. скончыў жыцьцё самагубствам, выкінуўшыся з вакна сваёй сядзібы ў Асунсьёне. Позьняя творчасьць B.C. адзначаная несумненным уплывам старажытнакітайскай паэзіі. Аўтар паэтычных зборнікаў «Аслепленыя месяцам», «Хованкі», «Кола акрэсліць вораг», «Анёлы пужаюць мяне», «Парабала», «Выпрабавальнік сэрца», «Бывай, Гуарані!».
Ці яшчэ:
Алег СТАХАЎ (г.н. 1969) — знакаміты — скі інжынэр, вынаходнік Кантралятара (ем. Кантралятар). Нар. у — ску, скончыў Дзяржаўны політэхнічны інстытут па сацыяльнасці «Аўтаматызацыя кантрольных сістэмаў рэгуляцыі». Ганаровы рацыяналізатар — cii. Супрацоўнік Інстытута аўтаматызацыі імя Ф. Э. Шляпкова.
Ажыццяўлялася ўсё гэткім чынам. Той артыкул у энцыкляпэдыі, які меў няшчасьце пачынацца на Стах-, бязьлітасна, але ахайна выразаўся. На ягонае месца Стах уклейваў свой, аддрукаваны на пішучай машынцы, папярэдне наклеіўшы на зваротны бок перавернуты выразаны. Усе без выключэння таўстыя, цяжкія кнігі — спадчына вялікага бацькі — што сытымі прысяжнымі паселі на доўгую паліцу ў пакоі Стаха, падвергліся падобнай апэрацыі. У ва ўсіх цяпер быў ён, Стах, які ўвабраўся ў маналіт старонак і выдаваў сябе хіба што буйнейшым шрыфтам. Стах-вынаходнік, Стах-палітык, Стах-літаратар, Стах-археоляг, Стах-скульптар, Стах-касманаўт, не кажучы ўжо пра Стаха-урача.
Стах-Стах-Стах — мара, якая звычна ўяўляецца ў форме не каўбасы, але птушкі, уздымаецца ў паветра з падваконьня дзіцячага пакоя, ляпаючы вялізнымі крыламі, і зьнікае за сьцяной суседняга дзевяціпавярховіка. Тады ён напраўду хацеў стаць знакамітым, трэба толькі было абраць усё-ткі, да чаго прыкласці свае таленавітыя, у чым ён не сумняваўся, рукі. Вясёлае юнацтва, якое гэтак лёгка кідае водсьвет у будучыню — зманлівы водсьвет ад неіснуючага вагню. На якім стале, між якіх анкетаў і ведамасьцяў на заробак яно забытае, разам з асадкаю, якой ты падпісваў смяротны прысуд самому сабе. Птушка зьнікала, і вярталася, і глядзела праз ваконнае шкло ў дзіцячы пакой, што стаў ужо надта вузкім, і аднойчы зьнікла за дзевяціпавярховікам назаўжды. І паспрабуй параўнай мару з чым-небудзь іншым.
У інстытуце ён паводзіў сябе ўсё яшчэ як знакамітасць, за што бываў згвалтаваны доўгімі жоўтымі калідорамі з вострымі крукамі на канцох, але ўжо з сумневам азіраўся на свой вялікі й непатрэбны, а галоўнае, сонны талент, што вісеў за вузкімі плячыма. На выпускным узгадаў, нябачны, няўдзячны, як у школьныя часы прыбіваў на дзьверы кватэры абвестку: «Тут сьвяткуецца дзень народзінаў паэта й філёзафа Стаха», пазіраючы ў вакно ля сьмецьцеправоду, ці ня йдуць сябры, якія, зрэшты, пастаянна рабілі ў яго за сьпінай усялякае брыдоцьце, кшталту вечарынак зь дзяўчатамі. Сябры прыйшлі, зжэрлі торт, пасьмяяліся з шампанскага, падарылі нейкія бабіны ды сыйшлі да нейкіх бабінаў. Праважаючы іх, ён заўважыў, што абвесткі на дзьвярох няма — маці, як высветлілася, зьняла бяскрыўдны лісточак яшчэ да прыходу гасьцей.
«Пасрэдных здольнасцяў,»— пачуў ён аднойчы яе голас, гэта здарылася ўжо пасьля выпускнога ў інстытуце. — «Пасрэдных… ой, ты што… Калі геніяльны бацька, гэта яшчэ ня значыць, што такім жа будзе й сын.» Маці дамаўлялася зь сяброўкай, каб Стаха ўзялі на працу ў нейкі БзіР. Стах сам зьдзівіўся, як мала яго гэта закранула.
Войска зрабіла зь лянотнай пасрэднасьці пасрэднасць мужную. Пачуўшы ад лейтэнанта адразу ж пасьля каранціну, хто ён ёсьць насамрэч, Стах вырашыў, што будзе бясьпечней заставацца гэтым рэчывам да канца службы. Вярнуўшыся, ён займаўся тым, што траціў пэнсыю маці на халсты й тоўстыя сшыткі. Стомлены, ён прыходзіў дахаты, наядаўся да адвалу кніг ды катлет і пераключаў тэлеканалы, якіх штомесяц болела й болела. Набыцьцё ў растэрміноўку новага тэлевізара са стракатым пультам палегчыла яму задачу і ўрэшце давяло да поўнага абсурду. Празь месяц таямнічы БзіР насьцігнуў яго, апынуўшыся затхлым бюро па нарыхтоўцы і яшчэ чымсьці, што пачыналася на картавае «Р». Там усё было пафарбаванае ў жоўты колер: сцены, сталы, столі, падлога, нават попельніцы ў прыбіральнях. Ён уцёк адтуль праз паўтара месяца па ўласным жаданьні, і нават зараз памятаў, як у слова «желанию», так прыгожа выведзенае на жоўтым лісьце (у пасрэднасьцяў звычайна цудоўны почарк), ён уставіў прадыктаванае навакольлем «т». Зноў пачаліся бясконцыя Дні Маці. Сябры паступова ўгрузалі ў сваіх сямейных праблемах — спачатку ім завальвала вобласць тазу, затым ногі, потым з-пад бясконца падаючых з разнастайных раёў пральных машынаў, дзіцячых калясак і гаражоў заставаліся відаць адно безнадзейна вытыркнутыя рукі й галава… нішчыліся ў ненавязьлівай смузе твары — задаволена і ў той жа час трохі маркотна яны пазіралі на Стаха. Апошнім, што нагадвала пра сяброў, былі галасы, што ўсё часьцей паўтаралі: «Прабач, няма калі.»
Урэшце скончыліся і яны, перамясціўшыся ў сны. Стах спаў да дванаццаці, сьнедаў, доўга, як па Эрмітажы, хадзіў па кватэры, наталяючыся адсутнасцю маці, пакутліва, нібы бязрукі аматар памастурбаваць, выціскаў зь сябе сюжэт для малюнку — але ж гэта ня ўсё, трэба ж каб гэта было ў адпаведнасці з канонамі абстрактнага жывапісу, які Стах так шанаваў… празь некалькі гадзін малюнак быў гатовы й да абеду трываў няўхільнае паніжэньне ў чыне: ад шэдэўрэнфюрэра да обэр-гаўна. «У мяне крызыс,»— шаптаў Стах бацькаваму фота. Бацька спакойна сядзеў у чорным квадраце і пасьміхаўся. Найлепшая дапамога, якую можа чакаць сын-мастак ад бацькі, матэрыяльная. Ды якое там найлепшая — адзіная.
Потым ён абедаў, хадзіў па выставах, па рэдакцыях, з надзеяй скрасьці кавалачак чужога натхненьня. «Усе геніі гэткія,»— разважаў ён, маючы пад увагаю і сябе недзе там у другім ганаровым дзясятку. «Мы круцімся між простых людзей, і выпадкова выпускаем з кішэні таленту якую дробязь… А потым нехта падбярэ, узвысіцца, можа, і да нас далучыцца.» Не пісалася, хоць ты забі каго-небудзь з гэтых прызнаных майстроў. Стах з дакладнасьцю парадыста мог паўтарыць любімую фразу маці: «Што б з табой ня здарылася, дома цябе заўсёды будзе чакаць талерка баршчу, сынок…» Маці вымаўляла гэтыя словы з патаемнай надзеяй. Але са Стахам не адбывалася анічога. Неяк ён прачытаў «Татарскую пустыню» — за адну млосную, вадкую раніцу, і з таго часу стаў уяўляць сябе гэткім Джавані Дрога, які выглядае за дзевяціпавярховікам сваю славу. Слава там, натуральна, была, так называлася аднапавярховая крама для вэтэранаў, далей ішоў яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і яшчэ дзевяціпавярховік, і яшчэ, і некалькі хрушчовак колеру плямбіру, што ўпаў у гразь, і вуліца, і сквэр, і яшчэ дамы, і прыватны сэктар, і дванаццаціпавярховы будынак інстытуту, і праспэкт (дамы, дамы, дамы!), і вакзал, і новы мікрараён, і прадмесьце, і лес, і яшчэ лес, і яшчэ леслеслес, і яшчэ лес, і дачны пасёлак, дзе ён ня быў некалькі гадоў, дзе стаяў дом, што колісь набыў бацька, — дом, куды ён прыехаў учора, каб рашыць дзіцячую задачку: як жыць далей?
Стах кінуў у кут здзьмуты заплечнік, пагрэў рукі ля калярыфэра, што ўдаваў зь сябе дагараючае вогнішча, і выйшаў у двор. Туман сыйшоў у лес, вакол змрочна дрыжэла бурае лісьце, якое сядзела на дрэвах як галодныя злыя птушаняты; мёртва ляжалі ў выкапаных дажджамі канаўках шэрыя кветкі. Яблыкі раздражнялі невыносна. Нягледзячы на холад, людзей у пасёлак на выходныя прыехала дастаткова шмат — вакол адчуваўся прыхаваны рух, паветра было шчыльнае, звонкае. Недзе на суседняй вуліцы ўжо лупілі сякераю, і зьлева, за закалочаным на ўсе вокны домам, чулася спраўная размова на адмысловы лецішчавы манэр, калі суразмоўцы звычайна знаходзяцца на розных канцох гароду й крычаць пры гэтым адно аднаму рэчы, якія зусім не патрабуюць гучнасці. Яшчэ далей тарахцела машына — у Стаха некалі быў сябра, які ўмеў па гуку рухавіка вызначаць марку. Справа стаяла двухпавярховая цагляная сядзіба — там хадзілі й перасоўвалі нешта груваздкае. Каля сядзібы строіў камусьці вочкі ціхі сіні вольва. Стах запаліў цыгарэту — гэтую звычку ён засвоіў у войску, элэмка раскурвалася марудна, і ён доўга чакаў тую ўсьмешку задавальнення, якую хавае першая за дзень прынятая атрута пад дурманам і млоснасьцю. Дачакаўся, плюнуў, вярнуўся ў дом. Там пахла прасам, які ляжаў на мокрай анучы. Стах лёг на ложак. Ён ляжаў і глядзеў на старое, «зь цьвяточкамі» люстра, у якім падрыгваў ягоны шаснаццацігадовы твар, што стаўся, відавочна, галоўнай прычынаю ўчорашняй падзеі.
Твар Стаха быў, у дадатак да сваёй закансэрваванай маладосці, добрым і прыхільным, як ні імкнуўся ён у хвіліны гневу альбо вушнога болю сказіць яго. Як гэта называюць… прывабны фізыягнамічны тып. Чамусьці менавіта ў Стаха заўсёды пыталіся дарогу да майстэрні па рамонце абутку, чамусьці менавіта ён, на думку прахожых, мусіў ведаць месцазнаходжанне вуліцы Радэка й стрэлак на гадзінніку, чамусьці менавіта Стаха абіраў сярод натоўпу дрымучы жабрак і чамусьці менавіта да яго, расштурхоўваючы лакцямі пасажыраў, імкнулі ў вагоне мэтро старушэнцыі, якія шосты год зьбіралі ахвяраванні на пабудову нейкага часовага храму («Сьвятая царква моліцца за вас!»), чыё месца ў будучым мусіў заняць сабор Маці ўсіх Славянаў. Надзвычай прывабны твар маладога выкладчыка ВНУ перад заўтрашнім вясельлем.
У той вечар, даволі цёплы, Стах вяртаўся са шпацыру па парку. Ухіліўшыся ад сотні лужынаў, ён выйшаў да трамвайнага прыпынку, адкуль да дому было рукой падаць. Вырашыў пачакаць трамвая. З суседняга ўнівэрсаму вылез дзядзька ў доўгай скураной куртцы, з-пад якой выглядвалі ногі ў спартовым трыко й тапках. Беспамылкова абраўшы Стаха між дзясятка нэрвова выцягнутых галоваў, дзядзька папрасіў дзьвесьці рублёў. Не выдумваючы ніякіх хворых дзяцей або кавалка хлебу, проста папрасіў дзьвесьці рублёў на зусім празаічную бутэльку. Не хапіла, а дома ёсьць, але вяртацца, а потым зноў, і… Дай, грошы ж невялікія. Стах даў пяцьсот. Дзядзька зьнік у краме, не прамовіўшы ніводнага слова. Трамвай не зьяўляўся. Стах стаў на край тратуару, камечачы ў кішэні чацьвер. Нехта ляпнуў яго па плячы.
— Ну, ідзем, — сказаў дзядзька, ледзь утрымліваючы белае рыльца, што ўпарта лезла з кішэні. Яны моўчкі перасеклі вуліцу, увайшлі ў двор, прабраліся праз могілкі арэляў, супрацьтанкавыя хмызы і апынуліся ў парку. Той быў амаль пусты — толькі дзяўчынка ў чырвоным вязаным каптурку, што злавесна выдзяляўся на бурым фоне, хадзіла коламі па арэне, трымаючы за аброць задышлівага поні, ды пэнсыянэр падымаўся па стромым схіле. Па-над ракою павольна хістаўся туман. За драўляную вежу апускалася кола агляду, краты агароджы падзялялі на роўныя кавалкі пустэльную вуліцу — Стах выбраў сабе той, што са знакам «Асцярожна, дзеці». Ён выпіў, закусіў працягнутым яму плаўленым сырком, прыязна адрыгнуў. Чарнілы зрабілі парк утульным, колеры вакол — насычанымі, пераліўчатымі. Ён з размаху сеў на лаўку, якая яшчэ імгненьне таму падавалася мокрай. Дзядзька ўшрубаваў у сябе тое, што засталося, панюхаў сырок, паклаў у кішэнь. Запалілі, гледзячы на трамваі, нібыта на паралельны, зашклёны сьвет. Ва ўнутранай кішэні ў дзядзькі апынулася яшчэ адна. — З баршчом, — сказаў дзядзька салідна. — Есьці хочаш? — Хачу, — адказаў Стах, усміхаючыся. Ля самага ягонага нёба гарэзьнічалі малюсенькія яблычныя эльфы. — Мяне… — пачаў ён. — Пфф, — зашыпеў дзядзька. — Рана знаёміцца.
На кухні ў дзядзькі яны ледзьве зьмясьціліся паміж дзядзькавай жонкай і чатырма дзецьмі ў спартовых строях, што пахлі сэканд-хэндам. Стах не марудзячы разьбіў кубачак, але атрымаў прабачэньне і абаршчэньне. Дапілі, закусваючы чорным хлебам.
— Ты кім працуеш? — спытаў дзядзька між справаю. — Пісьменьнік-постмадэрніст, — адказаў Стах з гордасцю. — Ясна. А я вось на прадпрыемстве малярствую, — сказаў дзядзька, ні на каліва не зьдзівіўшыся. — Плоцяць добра. Хапае. Старэйшы ў войску, прыйдзе — жаніцца будзе. — А, — працягнуў Стах ветліва. Вечар прадоўжыўся пад песню фальклёрнага ансамблю «Яромка», якую па-заліхвацку выканала радыёкропка, што суседнічала на сьцяне кухні з лайдачкай-зязюляй. — Добра пяюць, — прабурчаў дзядзька з павагаю. Потым Стах выліў дзядзьку на трыко ўсё: пра энцыкляпэдыі, БзіР, маці й Джавані Дрога. Скончыўшы, узьняў цяжкую, занадта цяжкую, каб адчуваць сорам, галаву, і ўбачыў, што дзядзька сьпіць. Зрэшты, неўзабаве ён прачнуўся й сказаў спакойна:
— Ну-ну, зразумеў. Лячыцца табе трэба, хлапец, і не пігулкамі, а ў рабацяшчых, добрых людзей. Каб дурата з галавы выйшла. Ты вось што — прыходзь, калі хочаш, канечне, у панядзелак да нас на прадпрыемства. Нам якраз чалавек трэба ў брыгаду. У нас, ведаеш, там заробак ды соцкультбыт — ого-го. Ты а дзясятай ці ў вадзьдзеле кадраў будзь, ці… скажы, увогуле… што ад Кірылы Антоныча.
Стах балянсаваў у вітальні, спрабуючы завязаць шнуркі на нейкі ледзь не марскі вузел. Кірыла Антоныч запісаў на лісточку нумар хатняга тэлефону — буйнымі літарамі, каліграфічна, і сунуў Стаху ў кішэню паліто.
— Або патэлефануй, дамовімся, я сустрэну. Да дому дойдзеш?
— Дайду, — сказаў Стах, наступаючы на шнуркі. Апошняе, што ён бачыў,— асуджэньне ў вачох дзядзькавай жонкі, якая накрывала ягоную, Стаха, скульптуру ў поўны рост мокрай анучай. Дахаты ён дайшоў не зусім сам — пад абедзьве рукі яго падтрымлівала натхненьне, зусім блізкае (Стах нават адчуваў паэтычны перагар на скрыжаваннях), але няўлоўнае. «Глупае знаёмства…»— паўтараў ён шчаслівым п'яным шэптам, лыбячыся па-ялавічнаму кожнаму сустрэчнаму гопніку, але некранутай часткай мозгу ўсьведамляў, што дзядзькаў тэлефон запомніў назаўжды. Маці адчыніла дзьверы, нічога не сказала — здань з друзлай скурай на рухавых грудзёх.
…Стах намацаў цыгарэты на падваконьні. У доме было сьмярдзюча й цёпла. З вакна — таго, што выходзіла на суседнюю цагляную сядзібу — даносіліся галасы, мужчынскі й жаночы, які з цнатлівым зьдзіўленьнем паўтараў пасьля кожнага неразборлівага слова выразнае і хвосткае «Клас!». Стах намаляваў на запацелым шкле тры кропкі, затым, падпарадкоўваючыся рэху дзяцінства, дужку: punkt-punkt-komma-strich… У дзьверы адрывіста й глуха пагрукалі, нібы яблыкамі кінулі. Стах грузна апусціў ногі на падлогу: «Заходзьце!»
На парозе зьявіўся зацягнуты ў рамні мужчына, і дзіўна было адчуваць тут, у атмасфэры ўсеагульнага дачнага суботніку, водар дарагой туалетнай вады, які хутка зьмяшаўся са смуродам дому. Госьць быў вельмі высокі — прыгнуўшыся й трымаючы за брылёк сваю афганку, ён прайшоў на сярэдзіну пакоя й там спыніўся, разглядаючы Стаха.
— Дарэчы, праветрылі б, няма чым дыхаць, — сказаў мужчына, кашлянуў у кулак і ступіў яшчэ бліжэй. Стах чакальна глядзеў яму проста ў вочы.
— Я ад імя камітэту дачнага пасёлку, — прамовіў мужчына. — Гэта ж ваш участак? Вы, мусіць, чулі ўжо — у Міхайлаўскім лесе арудуе маньяк. Два згвалтаванні, забойства, некалькі крадзяжоў…
— Тады гэта ўжо не маньяк. Маньяк, я маю на ўвазе — сэксуальны, красьці наўрад ці стаў бы. Вы ж сэксуальнага Манька мелі пад увагаю?
Мужчына паморшчыўся.
— Міліцыя ўжо шукае гада. Доўга яму не працягнуць.
— А вы хто? Імя вашае, даруйце, — спытаў Стах усё гэтак жа ціха.
— Дубраўскі Сяргей Мікалаевіч, — адчаканіў камітэтчык. — Мой участак ля самае станцыі, нумар два. Дык вось, камітэт прыняў на надзвычайным сходзе рашэньне кожныя суботу й нядзелю арганізоўваць патруляваньне пасёлку. Усе дарослыя мужчыны ў парадку ачароднасьці зь сямі вечара да сямі раніцы абыходзяць дачны пасёлак, пачынаючы ад станцыі й сканчаючы лясным масівам. Вашая чарга — роўна праз два тыдні.
— А калі я не хачу? — Стах падыйшоў да вакна, на якім выразна віднелася ўсьмешлівая пыса.
— Як гэта не хачу? — шчыра зьдзівіўся Дубраўскі.
— Тыя, хто за жалезкай жыве, таксама патруляваць будуць? — павярнуўся да яго Стах. — Тыя… з джакузямі?
— Гэтая тэрыторыя не належыць да нашага дачнага каапэратыву, — строга сказаў Дубраўскі й засунуў руку за рэмень.
— Ну й дзе расьпісацца? — спытаў Стах нецярпліва.
— На грамадзкіх пачатках, — адказаў загадкава Дубраўскі і, грукнуўшы абцасамі, выйшаў. Стах бачыў з вакна, як госьць ягоны, махаючы невядома скуль узятай лапатай, прайшоў міма цаглянай сядзібы й зьнік за паваротам.
Крыху праветрыць і праўда не перашкодзіла б. Стах адключыў калярыфэр, выйшаў у сад, пакінуўшы рыпець дзьверы. За нізкім плотам ён пабачыў суседзяў, гаспадароў сядзібы.
Мужчына, малады, лысаваты, плячысты, падобны да Стахавага бацькі, якім той быў падчас сваіх выступаў на тэлебачаньні (па-майстэрску загрыміраваная старасьць), сядзеў за ўкапаным ў зямлю сталом і размаўляў па тэлефоне. Нага ягоная, у белым красоўку, задавала размове такт. Недалёка перад брунатай жалезнай бочкай стаяла сьпінай да Стаха маленькая жанчына, якая раптам рэзка павярнулася й звонка крыкнула: «Клас! Юра, паглядзі!»
Яна карміла з рук іржавую бочку, кідала ў ейную пашчу бруднае лісьце. Таючы на ўзроўні валасоў жанчыны, з бочкі высоўваўся тонкі язык дыму. Жанчына была зусім невысокага росту, хутчэй нават маленькая, апранутая ў кароткае паліто колеру кавы. Вакол яе шыі быў туга завязаны тоўсты шарсцяны шарф. Яна была падобная на прыгожага хлопчыка з дарэвалюцыйнай дваранскай сям'і, якімі іх, гэтых хлопчыкаў, паказваюць у кіно. Ашмецьце туману навокал толькі служыла фонам для яе дзіўнага, нэрвовага ачараваньня. Зусім дзіцячыя вочы шырока расплюшчыліся, зь іх пырскала нічым не разбэшчанае захапленьне. Навакольны сьвет саромеўся ў яе прысутнасьці самога сябе і імкнуўся зрабіцца чысцейшым і нават у чымсьці казачным. Мятнай слодыччу патыхаў кожны яе рух — вось яна нахілілася, зь цяжкасцю пераадолеўшы супраціў шарфу і цеснага паліто, узяла са смешнай гідлівасцю ахапак лісьця й, прымружыўшыся, кінула яго ў індзейскі рот бочкі, якая адразу зьмяніла прышчур і пагудзела трохі. Здавалася, гэтую жанчыну можна было спакусіць пры дапамозе плюшавага сабачкі. — Юра! Юра! — запляскала яна ў ладкі. Потым раптам стала сур'ёзнай, дарослай (хаця Стаха не пакідала адчуваньне, што і гэта гульня), задуменна паглядзела на агеньчык у бочцы, які гуляў у хованкі, не разумеючы, чаго ад яго хочуць. — Чаму мы раней ніколі ня езьдзілі на тваё лецішча?
— На нашае лецішча, на нашае, — мэлянхалічна сказаў мужчына, які ўжо скончыў сваю размову й думаў пра нешта іншае, не перастаючы гайдаць нагою з масіўным белым наканечнікам. — Ты ўся прапахнеш дымам, Тая.
Ён запаліў, абмяркоўваючы з кімсьці празрыстым, хто разьмясьціўся ўнутры яго ўважлівым колам, розныя пытаньні, якія, відаць патрабавалі неадкладных рашэньняў. Тая падыйшла да яго, абняла за плечы. — Дай і мне папаліць, — сказала яна пявуча. — Ты ж сама ведаеш, — мякка адштурхнуў яе Юра. — Сама ведаеш, што доктар забараніў…
Ягоны змораны, настаўніцкі голас, відавочна, незвычайна раздражняў Таю. Яна нахмурылася, паціснула плячыма ды зноў накіравалася да бочкі. — А яшчэ ты ведаеш… — мужчына, напэўна, зразумеў, што быў зь ёю надта суворы. — Ты ведаеш… я вось чуў… што нездалёк у лесе водзяцца… водзяцца…
Ён падкраўся да яе ззаду, схапіў за маленькія плечы, падняў на рукі. Тая ў захапленьні завішчала. — …водзяцца маньякі! Я маньяк! Я зараз цябе згвал! ту! ю!!!
Ён заравеў і не адпускаючы з рук Таю, пабег у дом. «Якая мілая дзяўчынка,»— падумаў з зайздрасцю Стах. «Якая мілая, мілая, мілая дзяўчынка.» Халодны ганак апякаў яму пазваночнік. Як быццам аркуш паперы, кінуты ветрам акурат у твар, перад вачыма Стаха зьнянацку зьявіліся радкі: там былі лісіныя вочы, і бочка, і любоўныя цыдулкі на берасцяных граматах. Хутчэй! Пачатак някепскі. Асабліва пра лісіныя вочы. Ён шпарка ўбег у дом, вырваў ліст з паўагульнага сшытку, схапіў сонную, незадаволеную асадку. Запісваць. Такое было… у стылі Айгі. Як там… Вершы катастрафічна спрытна пасьпявалі зьнікнуць за жалезнай заслонай нядаўняга насланьня, якая апускалася ўсё ніжэй і ўрэшце з грукатам закрыла ўваход у запаветную мясцовасьць, па якой прагульваюцца паэты й мастакі. Рука Стаха закранула хісткі стос старых часопісаў, які ляжаў на крэсьле, і верхні ляпнуўся паслужліва пад самыя вочы, разгорнуты на сярэдзіне. Паміраючы Стах прачытаў, і перачытаў наноў дзесяцірадкоўе, у правым ніжнім куце, пад каламутнай фатаграфіяй, на пажоўклай паперы, дзе было ўсё: і бочка, і лісьце, і ліска, і бяроста, і, як водзіцца, каханая, усе анатамічныя падрабязнасці якой былі апісаныя з навуковай уніклівасьцю. Над вершамі стаяла: Алекс Казанкоў, 25 год, Новасібірск. Рубрыка — «Нашы дэбютанты».
Рабіць было няма чаго. Стах кінуў лісток у купу газэтаў. «Дэбютант хераў,»— сказаў ён напаўмасу. І дом, і сад, і нядаўняя мілая, мілая, мілая дзяўчынка — усё зараз страціла фарбы, скінула са сваіх чароўных плечукоў, якія насамрэч апынуліся кашчавымі, прагнілымі вешалкамі прызначаны шарм і абяцаньне бяздумнага, чыстага задавальненьня. Пацямнела, пашарэла, бухнулі раздражнёна дзьверы, дом зарыпеў; з гэткім гукам, нібыта іх ванітавала, крыкнулі за вакном вароны. Стах адчуў смурод нейкага далёкага туалету, як на злосьць прынесенага ветрам акурат на ягоны ўчастак. У выдуманым папом Гапонам Новасібірску палыселы, азызлы Аляксандр Ідыётавіч Казанкоў бяззуба й зласліва пасьміхаўся, кульнуўшы шклянку кедравай самагонкі.
Стах зноў кінуўся на ложак, зноў запаліў, шкадуючы пра выпушчанае на волю цяпло, потым рашуча ткнуў цыгарэту ў запляваную бляшанку. Падняўся пругка й спартыўка, хутка абуўся й выйшаў у сад. За плотам зноў чуўся сьмех маленькай жанчыны. Заела гэты дзень, ці што? Бакавым зрокам ён убачыў Таю, якая цяпер піла каву, цудоўна апякаючы сабе пальцы, — уся ў німбе з найтанчэйшае пары. Стах выйшаў на вуліцу, абыйшоў вольва, таямнічы напаўспалены дамок, каленку, кучу сьмецьця, на якой уладкавалася, бессаромна рассунуўшы ногі, лялька — фарбаваная бляндынка, доўга йшоў праз участкі — сямнаццаты, пятнаццаты, калючы дрот агрэсту, штабэлі шыфэру, блёкі яблыкаў, крыгі дроваў, грэбля грабляў, мокрыя кармушкі, хаўрусы друзу, рай сарайчыкаў, учадзелыя дачнікі, запахла чыгункай: «Дзе тут можна патэлефанаваць?»— «Ля станцыі, на другім участку». Дубраўскі капаўся ў гародзе й Стаха не заўважыў. Праз задратаваную агароджу была відаць электрычка, якая толькі што прыбыла — зь яе ніхто ня выйшаў. Стаху адчыніла шырокаротая дзяўчына. «Прабачце, можна патэлефанаваць,»— сказаў Стах цяжка, па-сабачаму дыхаючы, і ступіў у калідор. Роўна праз тры гудкі слухаўку зьнялі. «Кірылу Антоныча,»— сказаў Стах, усё яшчэ задыхаючыся. «Я Кірыла Антоныч,» — адказаў спакойны, як маць-сыра-зямля, голас. «Кірыла Антоныч, гэта Стах.» — «Ну.» «Гэта, Стах, мы з вамі пілі пазаўчора…»— «Гэта ты піў, а я дома зь сям'ёю адпачываў,»— запярэчыў Кірыла Антоныч — зрэшты, даволі паблажліва. «Так, вы памятаеце, вы казалі… пра прадпрыемства… туды яшчэ м-можна… уладкавацца?»— «Можна.» Стах нібыта ўбачыў перад сабою мудрую ўсьмешку дзядзькі і ўсміхнуўся сам, самому сабе палохаючыся. «Можна. Прыходзь заўтра а дзясятай. Да прахадной.»— «Дзякуй вам, Кірыла Антоныч.»— «Ну, бывай, Стасік,»— сказаў дзядзька й паклаў слухаўку.
— Плаціць, між іншым, трэба за тэлефон, — Дубраўскі стаяў у праёме, у галіфэ й мокрай майцы. Стах машынальна сунуў руку ў кішэнь. — Ну ды добра, — працягнуў Дубраўскі ды выйшаў. Стах выйшаў за ім. — Пра маньяка чулі? — спытала шэптам шырокаротая дзяўчына, зачыняючы за ім дзьверы, але ён утаропіўся на яе няўцямна, і тая, паціснуўшы плячыма, тарганула ручку дзьвераў на сябе.
Для чалавека, які сядзеў перад Стахам, працоўны кабінэт зьяўляўся, відавочна, нечым большым за памяшканьне для штодзённай работы. Лёгка было заўважыць, зь якой асалодаю ён браў у рукі пульт кіраваньня вэнтылятарам, зь якім кепска схаваным задавальненьнем гладзіў беласьнежнаю мышкаю ейны ж уласны дыванок, якім шчасьцем напаўняліся ягоныя вадзяністыя вочы, калі ён высоўваў шуфляды дабротнага, зручнага стала, выгляд якога незямнога раскашаваньня набываў ягоны нібы сплецены з сотняў выкшталцоных кароткіх рысачак твар, калі чалавек гэты закідваў нагу на нагу і аглядаў вялікі плякат зь лягатыпам прадпрыемства, што закрываў напаўпразрыстую сьцяну. Хаця гаспадар кабінэту быў Стаху прадстаўлены па ўсёй форме, і Стах нават мог даведацца, як завуць бацьку гэтага чалавека, тром простым словам так і не ўдалося замацавацца ў Стахавай памяці. Для сябе Стах вырашыў называць гэтага вялікага, як яму сказалі, начальніка, Мурло — падчас вандраваньня па паверху ён бачыў на адных зь дзьвярэй шыльдачку з такім прозьвішчам.
Напачатку Мурло не зьвяртаў на Стаха аніякае ўвагі, быццам знаходзіўся ў кабінэце адзін. Мурло сядзеў перад кампутарам, пальцы ягоныя заклапочана перабіралі плястмасавыя чоткі, зрэдку адцягваючыся на мыш, сьвятло манітора надавала вачам гэтага чалавека ўсялякія яркія ненатуральныя адценьні, проста не Мурло, а Кібэрмурло. Зрэдзьчас Мурло нават начэсваў нагу, какетліва прыпадымаючы калашыну нагавіцы ледзь не да калена. Стах сядзеў у вельмі ўтульным скураным крэсьле, азіраўся навокал. З плякату на яго наўскос глядзеў мужык, які настолькі нагадваў Кірылу Антоныча, што ў Стаха ўзьнікла падазрэньне, ці не займаецца гэты ягоны новы старэйшы сябра пазыраваньнем у вольны ад малярства час. Уласна кажучы, лягатыпам прадпрыемства зьяўляўся сам чалавек — паводле сьмелай задумы мастака анатамічныя асаблівасці мужыка на плякаце плаўна пераходзілі ў стылізаваныя літары. У кабінэце яшчэ пахла Кіры лаю Антонычам — часнок ды адэкалён, а можа, адэкалон «Часночны». Сам Кірыла Антоныч абмежаваўся прадстаўленьнем Стаха й Мурло аднаго адному й зьбег, спаслаўшыся на тэрміновую працу — «пасьля пажару ў агапэ работы проста нямерана».
Нарэшце Мурло пагадзіўся са сваім кампутарам, што чалавеку сапраўды не зашкодзіць зачыніць парачку вокнаў, зірнуў на Стаха й зрабіў да яго паварот на крэсьле-круцёлцы. Стах пастараўся надаць вачам багемнасьці. Мурло надзеў акуляры й глыбока ўздыхнуў, рыхтуючыся да ўсьмешкі.
— Значыць, працаваць.
— Працаваць. Я…
— У нас.
— Так. Мне каза…
— На прадпрыемстве.
— Кірыла Антоныч паведаміў мне, што вам трэба маляры.
— Маляры. Вы маляр?
Стах разгубіўся, і гэта было пагатоў крыўдна, бо яшчэ хвіліну таму ўпэўненасьцю сваёй ён думаў падзяліцца з Мурлом. Самае ж паганае было ў тым, што ён насамрэч ня ведаў, што адказаць. Атрымлівалася глупства, зусім невясёлае, немастацкае й несправядлівае. З аднаго боку, малярствам ён ніколі не займаўся, і, натуральна, маляром сябе назваць ня мог. З другога боку, ну што гэта за прафэсыя — маляр, тут што, дыплём трэба мець, або талент? З трэцяга, і самага неадольнага боку, раз ён не маляр, то нашто ўвогуле ён прыйшоў сюды і адымае час у чалавека — мурло мурлом, але гаспадар кабінэту быў на працы, прычым дзяржаўнай. Існаваў яшчэ й чацьверты бок: не казаць жа Мурлу, што ён, Стах, не маляр.
Мурло сядзеў, апусціўшы галаву, і з інтарэсам разглядваў пальцы, што нядаўна так спрытна перабіралі чоткі клавіятуры. Стаху падалося, што Мурлу нейкім фантастычным чынам усе ягоныя разважанні дасяжныя, і ён адчуў самы натуральны страх. Прычым гэта быў не высакародны страх мастака перад дзяржаваю, а дробненькі, і адтаго гнюсна-млосны страх школьніка, якога спаймалі на хлусьні.
— Маляр, — млява кінуў Стах пасьля недарэчна доўгай паўзы, каб хоць неяк падагнаць разьвіцьцё падзеяў.
— Цудоўна, — у тон Стаху прамовіў Мурло. — А дзе працавалі дагэтуль?
— Я мастак-канцэптуаліст, — заявіў Стах з выклікам. — У мяне было некалькі выставаў. Так што з фарбаю я знаёмы. Не па чутках. Калі мастака з вышэйшай адукацыяй вам ня трэба, калі вам патрэбны ўсяго толькі дасведчаны рамесьнік, то… Ня будзем марнаваць час і разьвітаемся. Я лічу, гаворка можа йсьці пра супрацоўніцтва мастака й прамысловага прадпрыемства. А калі не…
На апошніх словах голас Стаха сарваўся на прыцішаны віскат, як у падлетка, затрымцеў, і Стах адчуў з сорамам, як да шчокаў прылівае здрадніцкае цяпло. Мурло зноў апусьціў вочы і ўсміхнуўся:
— Ды не хвалюйцеся вы так. Усе творчыя асобы…
Пры гэтых словах Мурло выпрабавалі паглядзеў на Стаха — як падзейнічае на яго такая лабавая лісьлівасьць. Падзейнічала, Стах зразумеў, што творчая асоба, пад якой разумеўся ён, была ўведзеная наўмысля, дзеля тонкага садысцкага зьдзеку (Мурло паводле становішча свайго мусіў ненавідзець творчых асобаў за сваім сталом і любіць іх выключна ў тэлевізыйным выглядзе), але на шчацэ Стаха ледзь не зьявілася ўдзячная сьлязіна.
— …такія нэрвовыя. Што ж, я разумею, натхненне — бура, а не Чыжоўскае водасховішча. Проста Кірыла Антоныч не сказаў мне, што на прадпрыемства просіцца працаваць такі таленавіты чалавек. Даруем яму гэта. Не хвалюйцеся, прымем мы вас на працу. Пагатоў рэкамэндацыя ў вас маецца, і не ад каго-небудзь, а ад аднаго з нашых вэтэранаў. Кірыла Антоныч — вельмі паважаны на прадпрыемстве чалавек, да таго ж вайну прайшоў, заслужаны дабэрліншчык…
— Хто, даруйце? — не ўтрымаўся Стах. Яму падалося, што ён не дачуў, або… Або гэта сацыяльнасць нейкая. Тое, што адбывалася ў кабінэце, усе больш нагадвала тэатр абсурду, пофлую фепялявую кафку.
— Да Бэрліну дайшоў,— патлумачыў Мурло абсалютна спакойна. — А праца, можаце не сумнявацца, у вас у кішэні. Маляры, ды й мастакі, на прадпрыемстве заўсёды патрэбныя. Толькі вось… Хаця не, паспрабуем па-іншаму.
Мурло перагнуўся праз стол. За ягонай сьпінаю на экране манітору калыхаліся залатыя рыбкі.
— Скажыце мне, толькі шчыра — вы гатовыя тры месяцы працаваць на прадпрыемстве бясплатна, адмовіўшыся ад заробку?
— У вас што, несвоечасова выплочваюць заробак? — расчаравана прастагнаў Стах.
— Не, не, вы няправільна мяне зразумелі. Я прашу вас паразважаць выключна тэарэтычна. Прадпрыемства насамрэч выплочвае ўсім сваім работнікам грошы дакладна і ў поўным аб'ёме. Але ўявіце такую сітуацыю — пагадзіліся б?
— Мусіць, не, — адказаў Стах шчыра. — Навошта ж…
— Рэч у тым, што надзвычай шмат жадаючых тут працаваць з радасьцю пагаджаюцца на такія ўмовы. Працаваць тут, — Мурло паказаў на плякат, — вялікі гонар і адначасова вялікае шчасьце. Значна большае, чым можа сабе ўявіць самы таленавіты мастак. Людзі гатовыя сядзець на вадзе й хлебе, толькі б атрымаць вашае месца. Гэта я да таго, каб вы зразумелі, якая адказнасьць на вас ускладаецца. А цяпер тое, што я хачу вам сказаць ад сябе асабіста — ня як намесьнік начальніка адзьдзела кадраў. Адмоўцеся, пакуль ня позна. Я страшэнна не хачу, каб вы апынуліся ў нашых радох. Вы мне не патрэбныя.
— Я… — на такіх месцах добрыя пісьменьнікі звычайна ўстаўляюць загадзя падрыхтаванае «дыёнвар'ятасяніластахастраш-наяздагадка». Не, усё было ня так — зьдзіўленьне і адчуваньне, што зь яго, Стаха, сьмяюцца людзі, упэўненыя ў сваёй беспакаранасці.
— Гэта ня жарт. Прашу, адмоўцеся. Вы нам абсалютна не патрэбныя, малады чалавек.
— А вы пераканайце мяне, — вымавіў ні з таго ні з сяго Стах. Як усё ж не хапае Кірылы Антоныча. За вакном нечакана працягла й страсна заенчыла, а потым, прарастаючы з аблітых звонку сонцам жалюзі, раўнамернымі штуршкамі пачалося грукатанне — глухое, далёкае, нібы блукаеш у лесе, які пры ўважлівым вывучэньні апынаецца валасамі на грудзёх велікана. Гук ішоў з боку тэрыторыі прадпрыемства, і Стах раптам прыўзьняўся над сталом, бо адчуў, што задыхаецца ад гэтага грукату. «Аднойчы, калі мне было пяць гадоў, старэйшы брацік засунуў мяне ў басовы бубен…»
— Пераканаць? Фарба — атрутнае рэчыва, шкодна дзейнічае на ўсе сістэмы арганізму.
— Паленьне больш шкоднае.
— На вас будзе крычаць самы захудалы майстар, самы смярдзючы адзазаб.
— Я вельмі вытрыманы чалавек. Вось вас жа я выслухаў, усё гэтае трызьненьне, і брывом не павёў.
— Вы будзеце працаваць па дзесяць гадзінаў на содні.
— Кірыла Антоныч распавядаў, што заробак на прадпрыемстве адпавядае затрачаным намаганням.
— Я асабіста не хачу браць вас на працу.
— Але возьмеце ў любым выпадку.
— Вы памрэце тут.
— А вы ў вар'ятні, спадар Мурло.
— Распішыцеся вось у гэтым месцы.
— Што гэта?
— Кантракт. Ваш кантракт з прадпрыемствам. Дзякуй. Віншую вас з уступленьнем у слаўную сям'ю работнікаў айчыннай прамысловасці.
— Дарэчы, а… А што за прадукцыю вырабляе прадпрыемства? Такое ўражаньне, што гэта дзяржаўная таямніца.
— Не твая справа, Стасік. Валі з гэтага кабінэту. Сёньня схадзі азнаёмся з рабочым месцам, павывучай нашую геаграфію, разьбярыся, што да чаго. А заўтра выходзіш на працу. Працоўны дзень пачынаецца а сёмай. І запомні — ты працуеш у цэху будынкаў і збудаваньняў. Маляры належаць яму. Вось пропуск, і каб болей, хлопча, я цябе ня бачыў.
Прахадная, уласна, уяўляла сабою мноства турнікетаў, паміж якімі месьціліся шкляныя будкі. У будках, прытуліўшыся адна да адной, сядзелі жанчыны ў вайсковых куртках — дзесяць жаночых параў колеру хакі. Іхныя сьпіны так шчыльна судакраналіся, твары былі настолькі падобныя сваёй пыхлівай безуважнасьцю, а шкло будак гэтак рамантычна падсвечвалася знутры маленькімі ліхтарыкамі, што вартавыя нагадвалі закансэрваваных у аб'ёмных прабірках сіямскіх блізьнятаў. Стах нерашуча спыніўся перад гэтым паноптыкумам. Кожная другая вартаўніца ўпускала на прадпрыемства, астатнія выпускалі, і любая зь іх магла па сваёй прыхамаці заблякаваць запаветны сімсім. Так, арабскія казкі тут таксама былі б дарэчы. Са столі зьвісала камэра на доўгім гнуткім штатыве, і ейнае адзінае вока зацікаўлена сачыла за тым, як Стах падыйшоў да турнікету, зламаў свой картонны пропуск і падаў адной з вартаўніцаў. Жанчына кінула на яго кароткі позірк — картонны Стах, відаць, спадабаўся ёй больш за жывога — і абыякава адвярнулася. Шлях быў вольны. Стах штурхнуў мэталёвы локаць і — перасек прахадную. Лёгкія плексыглясавыя дзьверы пругка расчыніліся, і ён ступіў на тэрыторыю прадпрыемства. О, гэты няўпэўнены, нетрывалы першы крок дзіцяці! — але ён зьдзейсьнены, ты зрабіў яго, ты абарочваешся, бачыш клятчасты адбітак сваіх падэшваў, плянэта адзначаная таўром твайго сьледу — ура.
За доўгі час блуканьня па адзьдзеле кадраў (які разьмяшчаўся ў будынку адміністрацыі, на тым баку прахадной, у тым сьвеце) Стах забыў, што дзень сёньняшні, адметны, між іншым, першым сьняжком, — надзвычай сонечны, разьлінаваны чорным, напоўнены бляскам і ветрам. Падавалася, што на прадпрыемстве сьвятлей, чым там… Стах усё яшчэ губляўся, як называць цяпер той сьвет — аднароднасць жыцьця парушыла прахадная. Ён машынальна зрабіў некалькі крокаў, трохі аслеплы, не ўсвядоміўшы значнасьці падзеі, якая толькі што адбылася. Потым спыніўся і агледзеўся як сьлед. Ён стаяў пасярод невялікага пляцу, што сканчаўся алеяй, абсаджанай ліпамі са старанна ўзьбітымі чорнымі шатамі. Абапал алеі ды пляцу гуртаваліся цагляныя будынкі, за імі хаваліся вузкія вуліцы. Грукат, які Стах пачуў у кабінэце Мурла, тут, натуральна, быў гучнейшы, але больш прыймальны для слыху й на сэрца ўжо ня ціснуў. Цяпер іншыя гукі прыцягвалі ўвагу й не давалі засяродзіцца. Па-першае, з-за бліжэйшай да Стаха будыніны чуўся загадкавы глухі рокат. А дзесьці зьлева, за статуяй багіні Прадукцыі (раскрыты агромністы рот, пукатае, курчастае, быццам скульптар вырашыў паказаць, як яно дыміцца, улоньне й рукі — вялізныя, з распухлымі венамі) валаклі па асфальце нешта жалезнае. І яшчэ дыханьне зямлі пад нагамі, прыглушанае шчыльнасцю забудовы. Стах азірнуўся. Гадзіннік над будынкам адміністрацыі, на першым паверсе якога й месьцілася прахадная, з натугаю таргануў стрэлкай. На даху ўзвышаліся трохмэтровыя літары, якія з таго, звычнага боку, чыталіся як назва прадпрыемства. Адсюль жа, вядома, яны маглі бачыцца толькі ў люстраной выяве. Дваццаць два таямнічыя знакі для абазначэньня сьвету за прахадной. Хаця, чаму таямнічыя? Калі дадаць гэтых двух птахаў, што кружляюць над перавернутай літарай З, атрымаецца… Фраза вельмі непрыстойная, а таму надта папулярная ў народзе. Што ж ты стаіш, Стасік? Дай я пазнаёмлюся бліжэй з тваёй мамаю.
Стах рушыў наперад па алеі. Хутка насустрач яму сталі трапляцца мясцовыя насельнікі. Ён, відаць, трапіў сюды ў самы разгар працы, так што на пляцы рабочым няма чаго было рабіць, а тут, на алеі, іх было досыць шмат. Адныя зь іх існавалі застылымі фотапартрэтамі, што ўсьмешлівай чарадою, бы помнікі на могілках, ціснуліся да ліпаў. Другія крычалі, рухаліся, тупалі, але амаль ніхто не ўсміхаўся. Многія грэлі рукі ў кішэнях рабочых куртак, іншыя былі апранутыя па-лецішчаваму, у ні да чаго ўжо не прыдатныя спартовыя трыко, швэдры, джынсы. Урэшце Стах знайшоў двух рабочых, якія нікуды не сьпяшаліся, проста стаялі й палілі каля голай сіняй сьцяны без намінкі на вокны або дзьверы. Ён прыпыніўся ля іх, упершыню бачачы работнікаў прадпрыемства прыкладна адных зь ім, Стахам, гадоў. Глядзеў Стах на іх, мусіць, залішне ўважліва, бо рабочыя заўважылі ягоны непрыхавана зацікаўлены позірк і пачалі нэрвова мясіць нагамі сьнег. Стах стаяў нібы зачараваны. Гнілазубыя маладзёвы ў лыжных каптурках спынілі лянотную размову і адвярнуліся. Адзін зь іх ня вытрымаў. — Чаго зырыш? Підар, ці што? — спытаў ён, высока загінаючы пасінелую верхнюю губу. — Хадзем, гэта карэспандэнт, відаць, — працэдзіў праз зубы ягоны таварыш і нечакана адчыніў у абсалютна голай сьцяне невялічкія дзьверы. Маладзёвы ўвайшлі ў цямрэчу й перад Стахам зноў весела засінела сьцяна.
Раз-пораз між людзей у спэцадзеньні трапляліся й людзі ў дублёнках і паліто. Чым далей ішоў Стах, тым больш сустракаў народу. Ён пачуваўся сярэдневечным рыцарам, што прыехаў у незнаёмы горад і цяпер, адклаўшы на потым пошукі пастаялага двара, з інтарэсам, але наўздагад прабіраецца па вулачках, назіраючы з вышыні за тубыльцамі.
Пра вышыню мы ўзгадалі невыпадкова. За пяцьдзесят гадоў існаваньня прадпрыемства здолела ўзгадаваць адмысловую пароду чалавека, якая паводле сваіх антрапамарфічных якасьцяў вылучалася з агульнай масы жыхароў места. Мужчыны тут былі пераважна нізкага росту, каржакаватыя, зь вялікімі прыплюснутымі галовамі, зь якіх, як наросты на бульбе, тырчэлі масіўныя сківіцы. Маленькія, амаль незаўважныя лбы, поўная адсутнасьць шыі, кароткія, але тоўстыя рукі з зеленаватымі абрубкамі пальцаў. Хада іх таксама была спэцыфічнай — яны рухаліся так, як быццам мелі паміж ног крывавую рану, пастаянна падскоквалі, шырока расстаўлялі свае дугападобныя ніжнія канечнасьці, крывілі рты ў грымасах болю ды агіды. Яны рана лыселі. Стах яшчэ не дайшоў да трэцяй вулкі, а ўжо сустрэў трох сваіх аднагодкаў, абыякавасць якіх да галаўных ўбораў дазваляла разгледзець выразныя пляшыны. У многіх, як кветкі з мудрагеліста змайстраваных гаршчкоў, расьлі з вушэй густыя рудыя валасы. Большасць мела смарагдавыя пракураныя вусы, у тон зубам. Размаўлялі тутэйшыя людзі гучна й рэзка, нават калі стаялі зусім блізка адно ад аднаго, і пара з іртоў зьмешвалася, клубілася, засланяючы твары суразмоўцаў, сімвалізуючы сяброўства й паразуменне, спрыяючы хлусьні. Улетку з гэтай задачай пасьпяхова спраўляўся тытунёвы дым.
Сярэдні рост жанчын прадпрыемства таксама не перавышаў паўтары мэтры. Гэта былі пахілыя істоты зь вечна апушчанымі галовамі, нібы кожная зь іх спадзявалася адшукаць у сьнезе згублены кімсьці кашалёк. Залатыя зубы, відаць, зьяўляліся тут асаблівым шыкам. Сонца нібыта дапамагала Стаху, выхопліваючы з ідучых насустрач яму людзей пераважна тых, хто вёў, шырока разяваючы рот, крыклівую гамонку, — золата ўспыхвала то тут, то там.
Прамінуўшы так пяць ці шэсьць скрыжаванняў, Стах вырашыў зьвярнуць з алеі направа. Тут сонца стала паменей, а сьнегу паболей. Двое мужчын прыбівалі да сцяны непаслухмяны белы транспарант, трэці з дыпляматам у руках стаяў трохі воддаль, заглынаючы ўласную пару. Транспарант складаўся з трох кавалкаў матэрыі, на кожным зь якіх было блакітнай фарбай выведзена па слову. З заключным рабочыя ўжо справіліся — зь нейкім анэкдатычным падкітайчваньнем ён абвяшчаў: «Чалавека». Чвякаючы, у сьцяну ўсмакталіся, дзіўным чынам не даючы вуліцы аніякага рэха, два цьвікі, потым яшчэ два. «От так,»— праскандаваў адзін з рабочых зь вясёлай злосьцю. — «Уейбожылі.» Чалавек з дыпляматам нецярпліва пагойдваўся на зьмерзлых нагах. Яшчэ чатыры цьвікі былі ўвагнаныя менш чым за адну сэкунду. «Уейбожылі, ят-табе кажу,»— прамовіў шчасьліва рабочы, падыхаўшы на пальцы і зьвяртаючыся хутчэй да сьцяны, чым да напарніка. Рабочыя селі на нешта чорнае, шурпатае, што валялася недалёка, пацягнуліся па цыгарэты. — Э-эй, — завішчаў чалавек з дыпляматам. — Тут яшчэ спачатку было слова!
Словы на транспаранце — «упрыгожвае чалавека»— сапраўды патрабавалі яшчэ аднаго. Рабочыя, не адляпляючы ад вуснаў цыгарэты, узяліся за працу. Стах прамінуў іх і пайшоў далей. «А вось і атрымаецца, што слова гэтае — зусім ня тое, якое тут просіцца,»— падумаў Стах, нібы пярэчачы камусьці. «А вось і станецца зараз так, што слова гэтае… ну, напрыклад, „сэкс“, або „опіюм“. Вось зараз абярнуся…» Стах абярнуўся й расчаравана ўздыхнуў.
Вакол па тонкім лёдзе сьлізгалі траскія жанчыны на электракарах, спрабавалі акапацца адзінарогія трактары. Над адчыненым люкам круцілася, марна намагаючыся ператварыцца ў джына ці хаця б у бабруйскі джын белая пара. Вецер гнаў яе аж да канца вулкі. За агароджаю ўзвышалася дыстрафічная арабіна — гронкі як казіны гарох. Засьнежаная лавачка.
Ля лавачкі стаяў чарговы рабочы й, са смакам зацягваючыся, паліў клясычную тугую беламорыну. Магутныя плечы падбіралі пад сябе марознае паветра, цешыліся, пераможна ружавеючы, вушы, рухалася пад брудным, зьдзервянелым швэдрам самадастатковая грудная клетка. Кожная з ног напірала сьнег спакойна й грунтоўна, паказваючы свету, што іхны ўладальнік прыйшоў сюды ўсур'ёз ды надоўга. «Які тыпаж,» — прыйшоў у захапленьне Стах. «Трэба загаварыць. Пара ўлівацца. А то стаю тут як…» Ён з зайздрасьцю акінуў вачыма кароткі вожык рабочага й падыйшоў бліжэй, дастаючы цыгарэты. На бяду, запальнічка ў замерзлых Стахавых руках аб'явіла страйк. Пакуль Стах выкалочваў зь яе хаця б каліўца вагню, рабочы з пагардаю сачыў за ягонымі маніпуляцыямі і энэргічна распраўляўся з рэшткамі свайго перапынку.
— Даўно на прадпрыемстве? — нарэшце запаліўшы, спытаў сіпла Стах. Нічога лепшага яму ў галаву не прыйшло, а выведваць, што азначае надпіс па-над ганкам бліжэйшага будынку — ЦКіУ, яму падалося прыніжальным.
— Табе-та што? — прамовіў насьцярожана рабочы, не варухнуўшыся. — Ты з рэдзіва?
— Што? — Стах зразумеў, што зрабіў памылку. Колькі ён сёньня сустракаў людзей, якія лепш падыходзілі на ролю першага суразмоўцы.
— З радзіва, кажу?
— Не, я… — для свойскасьці чагосьці не ставала, і Стах уцяміў, чаго. — Я, бля, працаваць тут буду з заўтрашняга дня. Маляром, блядзь, узялі, грошы трэба. Ябаць! Ня думаў, што возьмуць. Як тут, бабла плоцяць троху?
Рабочы павольна павярнуў галаву.
— Я ў Кірылы… у Кірылы Антоныча буду працаваць, — сказаў пасьпешліва Стах, заклікаючы бога Дзядзьку ўзяць яго пад сваю абарону.
— У Антоныча? — пазяхнуў рабочы ва ўвесь рот, выставіўшы абломкі брунатых зубоў і белы язык. — Ну, Антоныч цябе хутка адвучыць мацюгацца. Я б сам павучыў цябе… троху, — дадаў ён зьдзекліва. — Але ў Антоныча лепей атрымаецца. Дзе вас бяруць такіх. Загадзілі прадпрыемства. Мазгі бы лепш гадаваў, а не валасы. Люмпэн-малалетка. Рым загубілі раскоша й разбэшчанасьць, а прадпрыемства зьнішчаць такія, як ты — асацыяльныя элемэнты, маргіналы, працоўная моладзь бяз клясавай свядомасці. Меў рацыю Зіневіч — на якім грунце могуць узьнікнуць сіндыкаты, калі прамысловая сфэра ператварылася ў прыстанішча самых неадукаваных слаёў. Пра авангард і галоўную сілу можна забыць…
Ён пацягнуўся ўсім целам і пайшоў абураным крокам да таямнічага ЦКіУ. Недапалак ягоны ўтыркнуўся ў сьнег акурат ля Стахавай нагі.
Пазнаёміцца з чалавекам, якога завуць Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, ужо само па сабе было несумненнай удачай — ня кожнаму ў жыцьці выпадае займець знаёмага з такім мяном. А ўлічваючы тое, што зь Дзеленстапам Каўкомавічам Стаху было наканавана працаваць поруч, у вадной брыгадзе, удача набывала падвоеную каштоўнасьць. Новы калега Стаха працаваў на прадпрыемстве ўжо трыццаць гадоў — гэта быў вёрткі чалавек зь няроўна прылепленай шкваркаю мокрых вусікаў пад тоўстым носам. Ён меў манэру сьмяяцца не расціскаючы вуснаў і вымаўляць галосныя гукі амаль да поўнай іх ліквідацыі. Пра незвычайныя імёны — сваё й бацькава — Дзеленстап Каўкомавіч ахвотна распавядаў усім і кожнаму. Дзед ягоны, армянскі бальшавік Бядрос Зараян, ахрасьціў свайго па-за шлюбам народжанага сына Каўказам Камуністычным. Каўком Бядросавіч жыў, ня ведаючы клопату, да дзесяці гадоў, пакуль не зразумеў аднойчы, які сюрпрыз падкінуў яму бацька. Раззлаваны Каўком адпомсціў тым, што чатырох унукаў Бядроса назваў Дзеленстапам, Ерасацам, Сталінградай і Пабедай. «Калі я прыйшоў на прадпрыемства,»— выжоўваў Дзеленстап Каўкомавіч, — «я ня ўмеў рабіць ні храна. Дзела Леніна-Сталіна — гэта ж ім не абы-што. Не ўзялі б — я скаргу ў вабком!»
Вось ён, пакойчык для дзяжурнай брыгады маляроў у цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў. Каля сваёй шафкі, унутры якой хаваюць жыцьцявызначальныя бацькоўскія ўсьмешкі два дзядулі — савецкі й нямецкі, сядзіць, начэсваючы фатаграфічную сівізну, Дзеленстап Каўкомавіч Зараян, прыглушана псуе паветра й вядзе свой звычны аповед. Колькі навічкоў брыгады слухала за апошнюю трэць стагодзьдзя сямейную сагу Зараянаў! Сотні, калі ня тысячы. Большасць зь іх даўно на кіраўнічых пасадах, у ЦКіУ, АГТ, а хто нават у АІД або ў РАЙ, а на дзявятай вуліцы прадпрыемства, у аднапавярховым, але шматмэтравым будынку цэху рамонту будынкаў і збудаваньняў, ля сваёй падобнай на дзіцячую дамавінку многаразовага карыстання шафкі сядзіць на свежым нумары заводзкай шматтыражкі Дзеленстап Каўкомавіч Зараян і, мружачыся ад уласнага бесьсьмяроцьця, жуе: «Майго бацю звалі Каўказ Камуністычны. А дзеда — Бядрос. Бядрос быў спачатку жабрак, а потым…» Мова Дзеленстапа Каўкомавіча нялёгкая для ўспрымання — ангельскае вымаўленне (правільнага быць не магло — Каўкомыч ня ведаў, што такое дантыст), пастаяннае пад-цэкваньне, сапенне, разнастайныя гарлавыя вібрацыі. Дзеленстап Каўкомавіч любіў пераймаць птушыныя маналёгі, ён завучваў іх як актор завучвае свае словы ў п'есе, і пакрысе пачаў карыстацца моваю птушак у жыцьці. Стах сядзіць паблізу, адкалупваючы засохлую фарбу з курткі, потым з-пад пазногцяў — прыемны занятак. Ён мала што разумее, але яму цікава — у васобе Каўкомыча ён бачыць выміраючую жывёлу. З каўкомавіцкай на зразумелую яму перакладае Юра Цыцка — гэты калега Стаха слухае аповеды пра Зараянаў прыкладна столькі ж гадоў, колькі цяпер Стаху. Астатнія члены брыгады сядзяць за ліпучым, нібы мёдам нацёртым сталом, гуляюць у карты, ліжучы пальцы. Кірыла Антоныч, з нагамі ўладкаваўшыся ў сваёй цёплай шафачцы, чытае заводзкую шматтыражку («Жыцьцё й прыгоды сьлесара Пролава»), раз-пораз спадылба аглядае падначаленых: Дзела жуе, карты чмякаюць, новенькі слухае, Цыцка бубніць. Усё ў парадку. У самым куце схіліўся над кніжкай Грыша Мурло — ён пляменьнік таго Мурла, што працуе ў адміністрацыі (але не таго, зь якім размаўляў Стах, ён жа назваў намесьніка начальніку адзьдзелу кадраў Мурлом толькі таму, што бачыў у будынку адміністрацыі шыльду на дзьвярох з гэткім прозьвішчам). Мурло калі-нікалі загортвае кніжку, хаваючы ў ёй як закладку пляскатую далонь, і пазяхае, быццам сядзіць перад стаматолягам — старанна, шырока. Стах зьвярнуў увагу на вокладку: «Энгонскія крошкі. Нашэсце». За сьцяной бурліць рогат — там бавіць перадпрацоўную чвэрць гадзіны жаночая частка брыгады. Зь некаторымі Стах ужо знаёмы: з падобнай да тлустага беляша Танюхаю й барбівалосай Сьняжанай.
Цыцка — таксама чалавек, які заслугоўвае ўвагі. Ён адзіны, як заўважыў Стах, хто можа проста, ня робячы пры гэтым нічога, глядзець на пыльныя разводы ў вакне, вывучаць рабрыстае світальнае неба. Кажуць, вершы піша, друкуе ў шматтыражцы.
У першы працоўны дзень Стаху не давалі рабіць анічога. «Стой тутака й вучыся,»— сказаў Стаху Кірыла Антоныч, рукі якога аж трэсьліся ад нецярпеньня ўзяць хутчэй пэндзаль. «Уваходзь у курс,»— дружалюбна пасьміхнуўся Мурло. Стах стаяў ды глядзеў — глядзеў, як брыгада звонку бязладна й неахвотна, а насамрэч вельмі ўмела і арганізавана пафарбавала да абеду палову фасаду цэху зборкі. Трэба зазначыць, што працы на восень у маляроў хапала — прадпрыемства перажывала пару рэканструкцыі, змрочныя хваравіта-цагляныя карпусы, пабудаваныя ў эпоху маладосьці Дзеленстапа Каўкомавіча, мусілі стаць блакітнымі, белымі, ружовымі,— карацей, набыць усе колеры дзіцячых пялюшак. У той жа дзень падчас абеду Стаха адправілі па бліны ў сталовую. Ён зьбегаў. Стаха пахвалілі, але бліноў не далі. Патлумачылі, што традыцыя такая. Кірыла Антоныч за час свайго царавання навогул усталяваў шмат традыцыяў, супраць якіх нікому і ў галаву не прыходзіла выступаць. Навічок у першы дзень нічога ня робіць, у тым ліку й не абедае. А сёмай усе мусяць быць на працы, але на працягу дваццаці пяці хвілінаў усе застаюцца ля сваіх шафак у пакоі для маляроў і пра працу ня кажуць ані слова. За любое нецэнзурнае слова маляр, зноў жа такі згодна з традыцыяй, пазбаўляўся прэміі — разьмяркоўваў іх Кірыла Антоныч. Была яшчэ традыцыя на першы погляд барбарская.
На трэці дзень маляраньня Стаха ў абед па бліны ніхто не пайшоў. Усе сабраліся ў сваім родным цэху, селі колам вакол стала. Кірыла Антоныч урачыста выдаваў з-за шафак зялёнае эмаляванае вядро з накрыўкай. Брыгада ўзьняла вочы ўгору. Накрыўка была зьнятая, і брыгадзір паклікаў Стаха, каб той паглядзеў на зьмесьціва вядра.
Звычайная мутная вадкасьць калыхалася там, напаўняючы вядро трохі больш чым напалову. На яе паверхні плавалі зыркія ліпеньскія вясёлкі. На самым прыдоньні жаўцела нешта густое, што дзялілася з вадкасьцю колерам і насычанасцю. Стах адчуў, як закружылася ягоная галава, ён схапіўся за край стала, яго ледзь не званітавала. Дух, які вылез зь вядра, усадзіў Стаха ў маленькі вагончык нейкага жахлівага атракцыёну ды ўключыў электрычнасць. Адна за адной перад вачыма абрываліся и зноў узьнікалі стромыя пакручастыя дарожкі. Зь вялікім намаганьнем Стах адхіснуўся ад вядра й сеў на стол. З вачэй ягоных цяклі слёзы й нянавісць.
— Яшчэ не маляр, ужо ня хлопчык, — так працэнтаваў сітуацыю Дзеленстап Каўкомавіч. Кірыла Антоныч жа выдастаў аднекуль з-пад стала алюміневую лыжку ды малянкоўскія шклянкі. Усе астатнія напружана маўчалі ў прадчуванні чагосьці важнага.
Стах пакрысе ачуняў. Ён нават здолеў правесьці аналіз зьмесьціва вядра й вызначыў, што ў ім утрымліваюцца фарба — на дне, і настой на фарбе — зьверху. Аналіз навакольля падказваў яму, што супраць яго задумваюць нешта нядобрае.
— Сябры мае! — сказаў Кірыла Антоныч так нечакана, што Стах здрыгануўся й ледзь ня ўпаў са стала. — Сябры мае маляры! Усе вы зьяўляецеся паважанымі й запатрабаванымі работнікамі нашага прадпрыемства. Усе вы ведаеце, які нялёгкі хлеб у чалавека нашай прафэсыі. Тым радасней сёньня нам усьведамляць, што ў шэрагі нашыя ўступае яшчэ адзін Адтулінец. Гэты чалавек пажадаў стаць членам нашай малярскай гільдыі, ён добраахвотна пагадзіўся дзяліць разам з намі ўсе цяжкасьці й радасці малярскае працы, пагадзіўся прыняць нашае сьветабачаньне, пагадзіўся служыць прадпрыемству верай і праўдай. Спытаем спачатку ў яго самога — ці йдзе ён у маляры добраахвотна, ці не абяцаўся ён іншай гільдыі?
Цыцка піхнуў Стаха ў бок і прашаптаў яму на вуха: «Кажы — добраахвотна, не абяцаўся». Стах машынальна паўтарыў, але потым спахапіўся й вырашыў у гэтай гульні болей не ўдзельнічаць. Аднак давялося — настолькі абсурдным было наступнае пытаньне.
— Ці не зьяўляешся ты карэспандэнтам якой-небудзь з цэнтральных газэтаў, які ўладкаваўся на прадпрыемства з мэтаю напісаць пра яго паклёп?
— Не, — адказаў Стах неахвотна.
— Ці пагаджаешся ты ў такім выпадку аддаваць прадпрыемству ўсё, што маеш, працаваць у выпадку неабходнасьці бясплатна, падпарадкоўвацца любым загадам адміністрацыі, усведамляючы, што любая ўлада — ад бога, і не табе вырашаць, чарвяку й рабу, якія законы мусяць вызначаць нашае жыцьцё. Пагаджаешся? Цудоўна…
— Я не сказаў, што пагаджаюся! — ускрыкнуў Стах. — Я супраць. Я звальняюся зараз жа.
— Зваротнага шляху быць ня можа, — мякка сказаў брыгадзір. — Ты ўжо ведаеш надта шмат. Таму…
Стах зьлез са стала, да яго адразу ж падыйшлі Цыцка й Мурло.
— Але як жа так? — запытаўся Стах, краем вока ацэньваючы шанцы на ўцёкі.— Як жа я, чалавек, які вырашыў уступіць у слаўнае племя маляроў, магу быць адначасова рабом і чарвяком?
— Добрае пытаньне, — цярпліва адказаў Кірыла Антоныч. — Чамусьці ад часоў Пролава-дзеда яго ніхто не задаваў. Уся справа, Стасік, у тым, перад якім тварам ты паўстаеш на суд. Калі перад тымі людзьмі, што ніколі не працавалі на прадпрыемстве, то, вядома, ты слаўны маляр, які ў сілу свайго становішча й зьдзейсьненага працоўнага подзьвігу стаіць невымяральна вышэй за іх. Калі ж перад тварам генэральнага дырэктара Марлокіна або каго яшчэ вышэйшага, то ты раб і чарвяк. Бо мы ўсе маем зараз магчымасць мець кавалак хлеба толькі дзякуючы ім. Яны, паводле калектыўнае дамовы — наймальнікі. Выключна ад іх залежыць — караць нас або мілаваць.
— У вас, Кірыла Антоныч, нейкая вычварэнская лёгіка, — нахабна заявіў Стах і зрабіў крок да дзьвярэй. Мурло й Цыцка схапілі яго за рукі. Гэткага са Стахам не рабілі ад часу ягонай службы ў войску. Ён абмяк і даўся пасадзіць сябе ізноў на стол.
— Уладай, дадзенай мне адміністрацыяй, я ўрачыста хачу абвесьціць новага члена нашай брыгады! — усклікнуў Кірыла Антоныч. — І каб завершыць абрад ініцыяцыі, давайце, сябры мае, адведаем малярскае амброзіі, і дамо нашаму новаму сябру ўсмакаваць ад цела багіні Фарбы…
— …каб ніхто ня здолеў сказаць, што маляр гідзіцца таго, чым ён працуе! — хорам сказала ўся брыгада.
— А пэндзаль у задніцу засоўваць ня трэба? — пачуўся голас Стаха. Тут жа магутны ўдар зьбіў яго з ног. Стах, не разумеючы, што гэта зь ім адбылося, павольна падымаўся, трымаючыся за ножку стала. Ён расплюшчыў адно вока (другое чамусьці не хацела) і ўбачыў Кірылу Антоныча, які дзьмуў на кулак, быццам каўбой на рулю пісталету.
— Навошта ж ты так, Стасік? — спытаў пяшчотна Кірыла Антоныч. — Мы ж з табой як з чалавекам…
Астатнія маляры дапівалі фарбавую настойку — маленькімі глыточкамі, нібы апякаючыся. Кірыла Антоныч дапамог Стаху падняцца й працягнуў яму алюміневую лыжку:
— Зачэрпвай, ды еш. Ну, давай.
Стах абвёў вачыма прысутных. Кожны цяпер глядзеў на яго, і ў паглядзе кожнага выразна бачылася разуменьне. А апрача разуменьня — заахвочванне: давай, Стасік, давай.
Стах прыняў у рукі лыжку — старую, адшліфаваную да бляску мноствам пальцаў і далоняў.
Стах падыйшоў да вядра.
Стах нахіліўся па-над ім, імкнучыся ня дыхаць.
«Давай, Стасік, за маму, за тату, за роднае прадпрыемства, за нас, маляроў,»— разабраў ён крэкчаньне Дзеленстапа Каўкомавіча.
Стах зачарпнуў фарбы з прыдоньня вядра. Рука да локця пачырванела, пачала сьвярбець, з лыжкі зьмяіліся жоўтыя ліпучкі.
Стах паднёс да роту лыжку. Кірыла Антоныч увесь сьцяўся, не адводзячы вачэй ад свайго новага падначаленага. От, упарты трапіўся… Нічога, вылячым.
Стах дакрануўся да лыжкі вуснамі і яго званітавала проста на чорныя заводзкія чаравікі Кірылы Антоныча.
— Так ня пойдзе, — сказаў заклапочана Кірыла Антоныч, пакуль Цыцка выціраў з чаравікоў нудоту. — Давай яшчэ.
Але я не хачу…
— Малайчына, Стах. Ну, яшчэ адну. І яшчэ-э-э… Цуд. Гэта проста цуд.
Да наступнай суботы сьнег зьнік, быццам яго й не было. Восень зноў улезла ў свае паношаныя бальнічныя халаты; у кватэру Стаха вярнуўся холад, майткі боўталіся на батарэі як на здранцвелым мерцьвяку, маці заклейвала вокны, дадаўшы гучнасці сваім заўсёд-ным дакорлівым вохам і шматзначным скаргам на раматус; на двары панавала вада; у галерэі сучаснага мастацтва спыніў сваю працу гардэроб. Увечары ў пятніцу Стах ляжаў з кніжкай у сваім ложку й думаў пра тое, што халасцякам шанцуе: іхныя ложкі мерзнуць у вадсутнасьць гаспадара толькі за аднаго чалавека, а ложкі жанатых замярзаюць адпаведна ўдвая мацней. Думка яму спадабалася, ён нават запісаў яе ў блякнот, але потым чалавек па імені Томаш, які закапаў пад яблыкамі сабаку, нешта прашаптаўшы па-чэску, ледзь не давёў Стаха да сьлёзаў. «Якая дурата,»— сказаў ён у падушку й выкінуў блякнот у сметніцу. «Я ніколі не змагу так…»— «Калі дурата, дык навошта чытаеш,»— прабурчала пад ложкам маці. «Атрымаеш заробак, дык, мусіць, на кнігі траціць ня будзеш. Зразумееш, чаго працоўны рубель варты.»— «Ні фіга, ты, маць, ня цяміш у мастацтве,»— прамовіў Стах задуменна. Маці, цяжка аддыхваючыся, выціскала ў вядро анучу. «Ты ўжо разумееш,»— пасьміхнулася яна. — «Маляр — самавучка.» Яна прысела да яго на край ложку. Стах абняў яе, запаліў цыгарэту: «А ці ня выпіць нам гарбаты зь лімонам?» Маці падхапіла вядро і пайшла на кухню. «Ты толькі ня долькі кідай, а сок выцэджвай!»— крыкнуў ёй наўздагон Стах і зноў прылёг на яшчэ не астылую коўдру. Скразняк перарубіў напалову струмень дыму. «Заўтра спаць, спаць-спаць-спаць да дванаццаці. Мілая дзяўчынка. Спўааць…»
Назаўтра ён выехаў на лецішча электрычкай на дзевяць сорак. Тэрмас грэў сьпіну, у страўніку астывала ранішняя кава, чытаць не хацелася. Стах бег па адталых сьцежках пасёлку, не сустракаючы на сваім шляху амаль нікога, апрача сабакаў, якія лянотна слухалі сварку варонаў і ціха палясквалі ланцугамі. Значыць, сёньня сюды яшчэ панаедуць, разважыў ён. Ужо недалёка ад дому Стах заўважыў сівавалосага чалавека, які дзелавіта корпаўся на сваім участку, раз-пораз грукаючы нагою ў гумовым боце па непаслухмянай рыдлёўцы. Раней Стах яго ня бачыў. Мусіць, нехта набыў участак. Падыходзячы да цаглянае сядзібкі суседзяў, Стаху давялося яшчэ прагнаць зеленаватае ўскудлачанае стварэньне, якое гуляла ў вясёлае пародзістае шчанё. «Пад яблыкамі пахаваю, Ўронскі,»— замахнуўся на яго Стах, са шкадаваньнем адзначыўшы, што сіняга Вольва ля суседзкага дому няма.
Першае, што ён убачыў на сваім участку, былі сьляды. Ахайна пакінутыя ў вязкай стэрылізаванай зямлі на тым месцы, дзе калісьці быў гарод, яны вялі да адзінага ў доме вакна. Само вакно пакрыўджана рыпела, скардзячыся Стаху на ўварванне. Нехта вырваў проста з драўняным белым мясам кручок з унутранага боку, які й так, па шчырасці, трымаўся на саплях, і безь перашкодаў прабраўся ў дом. Сьляды былі вельмі выразныя, нібы чужынец адчуваў сябе зоркаю, што пакідае адбіткі сваіх ступакоў у бэтоне Алеі Славы. Стах тупа разглядваў іх, круцячы ў руках цыгарэту. Яму і ў галаву не прыходзіла, што незнаёмы можа й зараз знаходзіцца ў доме. Урэшце ён адшукаў пад ганкам ключы і ўвайшоў.
Відаць, злодзею даўно не шанцавала на добрую здабычу. Мяркуючы па тым, што быў згрызены кавалачак хлебу, які валяўся на тумбачцы ўжо падчас мінулага Стахавага візыту, і па пустым слоічку ад гарчыцы, якую некалі, невядома навошта, прывозіла сюды маці, мяркуючы па апаленых фільтрах Стахавых недапаліў, па адсутнасці зьвязку сушаных грыбоў, што віселі ў мінулы раз на цьвіку ля дзьвярэй, па голым ложку, зь якога былі зьнесеныя і сырая коўдра, і прагнілая падушка, гэты няшчасны чалавек быў задаволены любой рэччу, якую яму пашчасціла тут ухапіць. Ягоныя сьляды былі відаць і ў доме — шырокія плямы бурай зямлі. Злодзей скраў і ўсе тыя часопісы, што ляжалі на тумбачцы. Зрэшты, Стах ня стаў удаваць зь сябе дэтэктыву й выйшаў на двор. Тут ён ужо амаль з усьмешкаю зразумеў, што таямнічы наведнік рупліва сабраў яблыкі й забраў іх з сабой. «Вось за гэта дзякуй,»— сказаў Стах у цёмны дзьвярны праём. Не туды ты ламануўся, дружа. Вось там, за чыгункаю…
Верны Стахаў заплечнік утульна ляжаў на падваконьні, дзе таксама нага злодзея засведчыла сваю прысутнасць. Стах весела падхапіў яго, узважыў на руках. У вапошні час ён адчуваў у сваіх членах дзіўную ўпэўненасьць, нейкае абнаўленьне крыві. Калі раней ён спрабаваў дыктаваць рукам дзеяньні, і праз кволасьць і дрыготку ўласнае волі рукі слухаліся Стаха нехаця, змушана, то цяпер, здавалася, надыйшоў час поўнай гармоніі: рукі пачалі дыктаваць Стаху, якое файнае ім можна знайсьці прымяненне, і Стах з радасьцю падпарадкаваўся ім. Усміхнуўшыся ў бок бязьлюднай суседзкай сядзібы, ён не спяшаючыся, смакуючы кожны рух дастаў з заплечніку вялікую бліскучую бляшанку фарбы й па-дзіцячаму прычасаны пэндзаль. На бляшанцы жоўты чалавечак у жоўтым камбінэзоне маляваў сонца, бок якога быў аздоблены надпісам ікарусавага колеру — GELB.
Глыбока ўздыхнуўшы й заплюшчыўшы вочы, Стах правёў пэндзлем па шурпатай сьцяне. Навакольле адгукнулася зьдзеклівым рогатам электрычкі. «На адзінаццаць,»— падумаў Стах міжволі і зноў лізнуў дом сваім новым, атрыманым у падарунак ад Кірылы Антоныча валасатым сябруком. «Зараз набягуць… І Дубраўскі прыпрэцца. І, можа быць, Вольва, — сіні, сіні.» Ён адплюшчыў вочы. На прагнілай, мокрай сьцяне, падобнай да параненага боку даўно затанулага карабля, гарэлі, пераплёўшы хвасты, дзьве ўзбуджаныя кобры. Ікарусавы колер — колер, які ніколі не забыць эмігрантам. Гэльб!
І Стах прыняўся за працу. Адразу ж дом з паважнага пэнсыянэру ператварыўся ў неданошанае гаротнае дзіцё. Фарба сьцякала па ім, як сьліна. Напачатку Стах вырашыў праверыць сябе на хуткасць. Неўзабаве празь неахайна нанесены макіяж пачаў прасьвечваць бруната-зялёны здрадніцкі тон. Хуткасьць не прыносіла плёну — дзе-нідзе фарба ператваралася ў засохлую корку, якая на некалькі сантымэтраў выступала з паверхні, а ў іншых месцах толькі некалькі кволых палосаў сарамліва, але беспасьпяхова хавалі марачную гніль. Але паступова Стах намацаў свой рытм, і вось ужо фарба клалася на сьцяну роўнымі пластамі, і не ўтварала больш лініяў, карункаў, малюнкаў, адвольных арнамэнтаў, а пакрывала старое дрэва неаспрэчным і суцэльным колерам. Стах разыйшоўся, ён пачаў выдзёўбваць невідушчай нагой траншэйку ў зямлі, прытанцоўваць, ён знаходзіў адмысловае задавальненьне ва ўключэньні гэтага вадкага экрану на дрымучай сьцяне. Вусны ягоныя ціха завяліся, забомкалі, пратарахцелі нешта бязладнае, настройваючыся, ніжнюю губу нецярпліва ўкусілі скачучыя ў роце як фальклорны ансамбль зубы, — і Стах нечакана для самога сябе прагнусавіў на матыў бетховэнскага «Сурка»:
— В соседнем доме окна жолты, По вечерам, по вечерам…
Ён вымавіў гэта досыць гучна, сьпінаю адчуваючы пустую вуліцу, вусьціш саду й замерзлае раздражнёнае сонца, якое кантралёры ссадзілі з электрычкі якраз на прыпынку «дачны пасёлак» і якое цяпер марудна, ледзь ня плачучы набліжалася да ягонага апранутага ў кароткую жоўтую спадніцу дома, ён быў амаль шчаслівы, ён зьлізнуў залатую кроплю з махнатага пэндзлю і апусьціў яго ў бляшанку, ён узмахнуў пэндзлем у прадчуваньні чарговага выдрэсіраванага мазка — але пэндзаль тупавата ўпёрся галоўкаю ў сьцяну, фарба расплюшчаным — шлоп! — павучком распаўзлася па маналітнай роўнядзі, бо… Бо ззаду дзявочы голас насмешліва й на дзіва музычна прасьпяваў:
— Скрипят задумчивые болты.
Подходят люди к воротам.
Стах рэзка азірнуўся, разагнаўшы даверлівую гразь. Склаўшы абыякавыя рукі на невысокім плоце, на суседнім участку, і ўсё ж так блізка, так блізка ад Стаха стаяла мілая дзяўчынка Тая, і пара яшчэ таяла каля яе зьзяючых, вострых, маленькіх зубоў.
— Прывітанне, — сказала яна з хітрай усмешкай, забаўляючыся выглядам зьбянтэжанага Стаха. — Прывітанне, дарагі сусед.
Стах разгублена хітнуў галавою ў вадказ. З пэндзлю крапала фарба й пакрывала зямлю густымі плямамі. Ён ня мог адвесьці ад яе вачэй, ад яе чорнай, зашпіленай пад самае горла курткі, ад скуранога барэту на коратка стрыжанай галаве, ад гэтага маленькага разбэшчанага тварыка, у якім мыш мірна суіснавала з коткай і ўтварала зь ёю вельмі дзейны хаўрус. У руцэ Таі паволі дыхала доўгая цыгарэта.
— Я гэтую муру са школы памятаю, — прамовіла яна, кідаючы недапалак на Стахаў участак. — Толькі мы яе ў клясе па-іншаму перараблялі.
— Як? — спытаў Стах, проста каб нешта сказаць.
— Ня памятаю, — кінула яна легкадумна. — А ты любіш фарбаваць, так?
— Ну… — пачаў было Стах, але яна яго не даслухаўшы перабіла:
— А мне мой астроляг казаў у нядзелю, што жоўтага колеру на гэтым тыдні трэба сцерагчыся.
— Астрапрагнозы выдумляюць тыя, хто…
— У цябе фарба крапае на джынсы, — праспявала Тая й, згубіўшы да Стаха ўсялякі інтарэс, рушыла да свайго дому.
Як жа ўсё ж цяжка заваяваць яе прыхільнасць… А зрэшты, чаму гэта ён вырашыў, што яна яму гэтак патрэбная? Дзіўная дзяўчынка, мілая, зь нестандартнай такой прыгажосцю, Стаху чамусьці падабаліся такія — вуглаватыя маленькія стварэньні, зь непрыкметнымі грудзьмі й мангольскімі вачыма, але ж па ўсім відаць — пустышка, кола інтарэсаў якой не сягае вышэй модных буцікаў ды сарокінскіх кніжонак, прапахлых фэкаліямі ўпалову са спэрмаю. На ролю вернай сяброўкі вялікага мастака яна не падыходзіць, ніяк не падыходзіць. Вось блін, засела ў галаве… Аднекуль здалёк даляцела да Стаха размова двух малаткоў, а нос ягоны ўлавіў слабы, але такі выразны водар смажанага мяса. Відаць, ужо панаехалі, будуць сёньня адзначаць працяг восені, будуць затыкаць рот зіме. Стах зноў узяўся за пэндзаль. Цяпер ён працаваў без ахвоты, малярскае натхненьне саступіла месца нейкаму халоднаму шаленству, зь якім Стах моўчкі прыняўся за талію свайго двухкаляровага дому. Дом выглядаў у новым абліччы сарамлівым і безабаронным, нібы распрануты Дзеленстап Каўкомавіч. Пэндзаль выпадаў са Стахавай рукі, Стах выцер далоняй лоб і запэцкаў яго амаль цалкам — ад валасоў да броваў. Ня так трэба было зь ёй размаўляць, ня так. Трэ было показку распавесьці, або напусьціць на сябе туману маўклівасьці, або шчоўкнуць перад яе носам грубаватым жартам. Карацей, трэ было размаўляць на ейнай мове. Ня дзіва, што яна так хутка страціла да ягонага няўпэўненага мармытаньня ўсялякую цікавасьць. А пачыналася ж усё няблага, яму ўдалося яе зьдзівіць, удалося закрануць у ёй той капрызны, свавольны, пазбаўлены лёгікі нэрв, што сядзіць у ва ўсіх маленькіх жанчынах, той нэрв, не раздражніўшы які, няма чаго спадзявацца на пакорлівасць станікаў, спадніцаў, майткоў. Вось тамака пафарбавана бледнавата, трэба падправіць. Яна што, на электрычцы прыехала, гэтая малая? Дзе ж сіні вольва, дзе Юра ў белых красоўках? Можа быць, яна адна зараз у доме, у сваім цёплым доме з паравым ацяпленьнем і камінам, гартае лянотна які-небудзь касмапалітэн, папівае вінцо ды пагладжвае сябе па загарэлых і цьвёрдых каленях, варушыць малюсенькімі пальчыкамі на нагах, лак на якіх каштуе роўна са стахавым месячным заробкам, пальчыкамі, кожны зь якіх здольны крута зьмяніць лёс некалькіх дарослых мужчын — сталых і самазадаволеных істотаў, якім падаецца, што яны гаспадары ўласных жыцьцяў. Яна адна, і можа быць, яна тэлефануе цяпер гэтаму бракаванаму манэкену Юру, і спрабуе сваімі нашэптваньнямі, сваімі ведзьмаўскімі заклёнамі, сваімі кашэчымі стогнамі зрабіць так, каб Юра гэты скончыў проста ў джынсы пад дрыжачым рулём сярод шматлюднай сталічнай плошчы, рызыкуючы не ўпісацца ў паварот і зьмяшаць прадажную кроў з уласнае галавы са сваёй трыюмфуючай спэрмай. Гэткія гульні мусяць падабацца маленькім сумуючым жанчынам. А можа, зайсьці да яе, проста зараз? Скажам, папрасіць запалак. Або сказаць, што яму неабходна тэрмінова патэлефанаваць. Стах ужо папросту хлястаў дом пэндзлем па пляскатай дупе. Яна адчыняе яму, за яе сьпінаю пыхае цяпло, яе рукі прытрымліваюць на грудзёх мужчынскую кашулю. У-у, чаму ж так нахабна лезе ў галаву падобная пошласьць, што за пошасьць разносіць па хісткім стахавым сьвеце гэтая маленькая блядушка. Колькі, цікава, ёй гадоў? Калі браць па росьце, то трынаццаць-пятнаццаць, але праўду кажа толькі твар — ёй, мусіць, каля дваццаці, а мо й болей. І ймя, імя якое, нязвычнае, цяпер дзяцей так называюць хіба ў глухіх калгасах — Таіса. Імя для старой удавы. Але Тая — гэта ўжо значна цікавей. Тая — гэта загадка, гэта дэкаданс, гэта распад, гэта лялька-эксклюзіў, гэта… Стах Шаўчэнка: Тая та я. Валерыя Стахава, юрлівая сьпявачка-трансвэстытка: Таю, Таю, Таю, Таю я б… Па-расейску ж проста непераймальна: Тая — імя, якое зьяўляецца для ягонай уладальніцы падручным дзеепрыслоўем да ўсяго жыцьця. Тая. Ён паспрабаваў уявіць яе аголенай: невысокія моцныя ногі з вострымі каленямі, бялюткія вузкія сьцёгны, трохслойнае пірожнае з празрыстай памадкаю паміж іх (і аніякіх валасоў!), ракавінка пупка, ружовыя смочкі, як вочкі хлопчыка — альбіноса, тонкая птушыная шыя, адкуль пачынаецца ўжо Тая стахадасяжная, Тая дасьледваная прагнымі Стахавымі вачыма.
У Стахавым жыцьці вулкана-халасьцяка былі, натуральна, нейкія жанчыны. Шчыра кажучы, іх было дзьве, хаця Стах і пашыраў дзеля ўзьняцьця ўласнага аўтарытэту гэтае кола аж да тых, хто ўсяго толькі пагладжваў яго калісьці па галаве са спачувальным: «Дзіва нейкае, а не мужык.» Першай была сакурсьніца, для якой Стах стаўся нечым кшталту экстрэмальнага экспэрымэнту й ня больш чым чарговым чэлясам у аб'ёмістай капілцы. Другая была тоўстай дзяўчынай з падбародзьдзем прапаршчыка й вачыма Мальвіны — Стах пазнаёміўся зь ёй на адной выставе мастака Вішнёва, адчуў хвалю рабскай падатлівасьці, якая йшла ад ейнага шэрага цела, зацягнуў да сябе (маці якраз была на працы) ды расправіўся проста ў калідоры, на мацярынскіх гумавых тапачках. «Ты куды канчаеш, прыдурак?»— пяшчотна шаптала яна яму пад паху, салодка заплюшчыўшы неглыбокія вочкі, пакуль Стах пераможна біў ва ўсе званы. Ён кінуў яе праз тры дні, выкарыстаўшы да поўнае зьнямогі й паслухаўшыся агіды, што няўхільна патрабавала разрыву ўсіх адносінаў. Стахава дохлая волі сьпявала гімн, калі Волька, падскокваючы як тэнісны мячык, спускалася па сходах уніз, паўтараючы ягоныя словы: «Ты мне не патрэбная. Ты ніжэй за ўзровень маіх патрабаванняў. Ты не прыходзь болей.» Пры гэтым прыгожых жанчын Стах баяўся. Іхныя доўгія ногі вымагалі, на ягоную думку, багатырскай моцы й нечалавечай мужнасьці. Такіх жанчын любяць толькі ў кіно. Дый тое зь цяжкасьцю. Іхныя грудзі былі занадта самадастатковымі, іхныя похвы мусілі не кахаць, а жэрці, іхныя ільняныя пасмы былі створаныя, каб кіраваць. Ад такіх Стах уцякаў. Але Тая — яна не падыходзіла ні пад якую катэгорыю. Яна была… яна была аскепкам іншага сусьвету. Тай-йя!
Стах скалануўся. Ён даўно ўжо ўпакаваў сьцяну ў цесны жоўты строй, і цяпер ягоная рука фарбавала дом па новай. Недзе ля станцыі гулялі, вецер разносіў п'яную песьню, фарбы ў бляшанцы значна паменела. Канец Стахаваму ачмурэньню паклала сям'я, якая праходзіла гідлівым крокам міма ягонага дому. Погляд бацькі, нагружанага разнастайнымі распухлымі валізамі і ў прыдачу да іх раскладным крэслам, выражаў пажаданне прымусіць пяць мільярдаў чалавек выкапаць агромністую яміну, легчы туды і ўласнаручна засыпацца. Жонка ягоная, якая несла на манэр чамадану абагравальнік, прычытала сабе пад нос, дробненька й сапліва: «Вось зараз дойдзем, авойцікі зараз прыйдзем, зараз мы дойдзем, ну калі ж мы, божачкі, прыйдзем.» Вольнай рукой яна цягнула за сабою малое дзяўчо, якое лямантавала, паказваючы ўсяму сьвету малінавыя дзёсны: «Я не хачу на дачу! Я хачу да Паўліка! Пусьці!» Мужчына мерна прашмякаў міма дома, абдаўшы яго хваляй нянавісьці. Жанчына, выбіраючы шлях пасушэй, зірнула на Стаха з сумесьсю гордасьці й пагарды. «Я хачу да Паўліка!»— енчыла малая. — «Пусьці мяне, сука старая, я да Паўліка хачу! А яшчэ я хачу какаць!» Урэшце сям'я зьнікла за домам, але голас малой яшчэ доўга чуўся ў рухавым зімным паветры.
Гэтая працэсія адцягнула Стахавы думкі ад навязьлівага Таінага вобразу, які так настойліва малявала ягоная рука. Стах узгадаў пра калярыфэр, які быў схаваны ў адмысловым месцы й таму ня стаўся здабычаю злодзея, сагрэў крыху вогкі дом, зьеў пару бутэрбродаў з заплечніка, выпіў кавы, выпаліў пару цыгарэтаў. Дом ён дафарбоўваў ужо не спяшаючыся, з доўгімі цыгарэтнымі паўзамі. Фарбы ўсё адно засталося кот наплакаў. Прыйшоў Дубраўскі, з ухвалаю паглядзеў на Стахаву працу, нагадаў пра дзяжурства. — Памятаю, — зморана адказаў Стах. — Добра, пайду. Дубраўскі пачаў занудны інструктаж, Стах ня слухаў, намагаючыся сабраць рэшткі фарбы з самых далёкіх куткоў бляшанкі.— Зброю дасьцё? — спытаў ён між справаю. — Ну-у-у, зброю… — працягнуў Дубраўскі незадаволена. — Не паложана. Кожны з дзяжурных атрымлівае вось гэткі сьвісток. Ён міліцэйскі, вельмі надзейная штука. Калі што — сьвісьці, і я са сваёй стрэльбай — за пяць хвілінаў. Зразумела? Яшчэ пытаньні ёсьць?
Стах прамаўчаў. Урэшце няўрымслівы камітэтчык сыйшоў на свой участак, дзе ў яго быў абсталяваны, як ён сам выражаўся, «камандны пункт па затрыманні ды абясшкоджанні». Стах кінуў пустую бляшанку пад ганак і сабраўся паляжаць перад дзяжурствам.
— Хочаш кавы?
Яна зноў засьпела Стаха зьнянацку. Пара ад кубачку, які яна паставіла на плот, мяшалася з цыгарэтным дымам. Стах выцягнуў шыю, жадаючы паглядзець, ці стаіць вольва перад яе домам. Машыны не было.
— Муж дома застаўся, — прамовіла Тая абыякава, і шумна адпіла чорнага напою. — Я ўчора сюды на электрычцы рванула, на апошняй. Ледзь паспела. Дык хочаш кавы?
— Мне йсьці хутка… — нерашуча паглядзеў на яе Стах.
— Зьязджаеш?
— Ды не…
— Прагуляцца ахвота. Напрацаваўся, бедненькі хлопчык.
— Не, мне тут сёньня… Ну, карацей, на дзяжурства йсьці. Маньяк тут лютуе… Дык у пасёлку вырашылі патрулі арганізаваць. Ёсьць тут адзін… Дубраўскі. Дык ён і прыдумаў.
— Гэты лох у вайсковай форме?
— Ну. А твой муж, ён жа таксама будзе дзяжурыць…
Тая раптам зарагатала так, што скінула з плоту кубачак з каваю, а потым яшчэ расьціснула бедную плястмасу нагой.
— Хто — Юра? Ды ён гэтага Дурацкага нахер паслаў — і ўсе справы. Мы што — наняліся? А ты, як піянэр — дзяжурыць.
Яна выцерла з твару рэшткі сьмеху.
— Уяўляеш, я тут у часопісе такое прачытала — ёсьць дрэва, кара якога на смак — як хлеб. Адзін да аднаго.
Стах хмыкнуў, ня ведаючы, што сказаць.
— А яшчэ прачытала, што кожны мужык калі-небудзь здраджвае жонцы. Ну, што верных мужоў не бывае. Навогул.
Стах запаліў, прысеў на ганак.
— Слухай анэкдот, — сказаў ён, спадылба гледзячы на Таю й набіраючы ў грудзі паболей паветра. Яна не зьвярнула на ягоныя словы аніякае ўвагі.
— Гэта праўда? Што не бывае?
— Я не жанаты, — шчыра прызнаўся ён.
— Ну і што? Ты ж з мужыкамі жанатымі знаёмы? У піўнухах там, у лазьнях вы ж гутарыце.
— Ну… — закашляўся Стах. — Слухай, мне йсьці трэба.
Яна разьвярнулася й ні слова не сказаўшы пайшла да дому. Стах у роспачы глядзеў ёй усьлед. Але Стахавы кішэнныя багі на гэты раз праявілі літасьць. На паўшляху Тая спынілася, і яе мэлядычны голас ледзь дагнаў Стаха, якога дом ужо прымаў у свае спачувальныя абдымкі:
— А можа, мне з табой схадзіць? А?
Яны выправіліся патруляваць пасёлак, калі электрычка на сем трыццаць сем абвясьціла ўжо надыход шарае гадзіны. Паводле загаду Дубраўскага, Стаху ў дапамогу быў прызначаны яшчэ адзін дачнік — суханькі ватны прафэсар Ільля Раманыч. Таму вартаваць пасёлак ад невядомага вар'ята зусім не хацелася, і прафэсар уздыхнуў з палёгкаю, калі Стах і Тая хорам прапанавалі яму застацца дома, і, мітусьліва дзякуючы ім, пачаў здымаць толькі што з такою цяжкасьцю нацягнутыя боты. Прафэсар насыпаў Стаху халодных прышчавых яблыкаў і запрасіў наведваць ягонае лецішча ў любы час. Яблыкі Стах з маўклівай Таінай згоды выкінуў ля бліжэйшага павароту, што вёў праз статак недабудаваных катэджаў і нябачную ў цемры чыгунку да вялікага й дастаткова дзікага лесу. Тыя, хто ведаў геаграфію, маглі меркаваць пра ягоную велічыню — на хвост лесу за пятнаццаць кілямэтраў адсюль наступала сталіца. Мусіць, менавіта гэткі лес — зблытаны клубок зь лісьця, гальля, дрэваў, павуціньня, моху й папараць-кветак, у якім барахтаюцца прадстаўнікі зьвярыных ды птушыных нацменшасьцяў, а школьнікі раскопваюць муміі партызанаў ды іншых фрыцаў, і саступіў некалі месца льготніку па імені Прадпрыемства ў перапоўненым тралейбусе гісторыі.
Напачатку йшлі моўчкі. Ліхтарык, які Стах нёс у левай руцэ, марна спрабаваў падабраць ключ да густой цямрэчы, і адно ствараў непатрэбныя, аднак надзвычай актыўныя цені, што наступалі адзін адному на ногі і ўсё намагаліся рухацца паміж Стахам і Таяй. — Не баішся? — запытаўся Стах, назіраючы за тым, як па-насякомаму напаўзаюць на мазутнае неба зоркі. — Чаго? — паціснула яна плячыма, думаючы пра нешта сваё; Тая навогул стала з надыходам прыцемак нязвычна сур'ёзнай і раздражнёнай. — Я ж з мужчынам…
Яна памацала Стахаў біцэпс, ад чаго яму раптам стала козытна, і ён нечакана груба вырваўся, прыхлопваючы вуснамі вымушаную глупую ўсьмешку. Тая паглядзела на яго зь недаўменьнем і ўзяла пад руку. Лёд яе пальцаў у чорных пальчатках паласаваў локаць, студзіў кроў. Раззлаваны ліхтарык кідаўся ва ўсе бакі, падрубаў сваім промнем, нібы Лазарам, высокія шасты, на якіх перасоўваліся па навакольнай цемры загадкавыя волаты, на зямлю, да Таіных ног, валіліся бязгучна змрочныя платы і агароджы, буданчыкі ды кунгі, хаткі ды альтанкі; выплывалі шыфэрныя караблі ды дваровыя дрэвы на ланцугох.
— Я чаму пытаюся… — загаварыў Стах. — Адкуль ты ведаеш… можа, невядомы гвалтаўнік — гэта якраз ваш пакорны слуга?
— Які слуга? — падазрона паглядзела на Стаха Тая. — А, ты… Не. Для маньяка ты паводзіш сябе занадта ўжо па-маньяцку.
— Як гэта?
— Прыязджаеш сюды, як я бачу, без усялякае мэты, швэндаешся з дому ў сад, з саду ў дом. Нахабна глядзіш у двор да суседзяў. Бегаеш як дурны. Дом фарбуеш, калі зіма ўжо, і ўвогуле… Глядзіш пастаянна ў вадну кропку. Да мяне заляцаешся, прыстаеш.
— Я прыстаю?
— А вось вернемся дахаты, я пайду да Дубраўскае і распавяду, як ты мяне хацеў згвалціць… вунь за тым сараем. І ўсё — думаеш, табе хто паверыць? Маньяка шукалі — маньяка знайшлі. Ня можа ж такога быць, каб у вадным дачным пасёлку зьверствавала два маньякі. А?
Стах паглядзеў на яе ўважліва. Такая можа ўсё вытварыць.
— Да ладна, ня сцы. Ня выдам я цябе. Падатруся й паспрабую забыць. Хаця безумоўна, траўма на ўсё жыцьцё. Памятаеш, як заціскаў мне рот сваёй сьмярдзючай потнай далоняй? Як я абмякла ў тваіх грубых абдымках? Ах, гэта было так балюча, так брыдка!
— Тая… — прамовіў Стах з дакорам.
Яна тут жа спынілася й павольна-павольна, урачыста й да ачмурэньня спакойна паглядзела яму ў самыя зрэнкі. Стах адвёў вочы.
— А… а адкуль ты ведаеш, як мяне завуць?
— Ну, я ж быў на лецішчы ў мінулую суботу, і чуў, як ты размаўляла з мужам, і выпадкова…
Цікавасьць у яе вачох зноў прымусіла Стаха задрыжэць.
— Я ж кажу — псіх, — прамовіла яна супакоена. — Падслухвае чужыя размовы, лезе, блін, у асабістае жыцьцё… Папа Рацы, тата Карла!
Яны зноў пайшлі моўчкі. Урэшце дайшлі да таго сараю, за якім няісны Стах згвалціў няісную Таю. — А можа сапраўды… — мільганула. — Заваліць на замерзлы гной, скруціць рукі, зьняць зь яе гэткую тонкую на выгляд абгортку й… І потым зрабіць сабе сякераю харакіры. Затое, гледзячы на свой успораты жывот, буду згадваць, як… Наладзіць ёй такое вось спатканьне безвач. Файную ўсё ж кніжку напісаў той паляк. А пісаў жа пра нас, пра рускіх…
— Так, ну й сусед у нас, — загаварыла Тая ненатуральна гучна. — Дай і мне цыгарэту. Ну дай, дай. Што ты глядзіш, як паралітык? На суседзяў навогул шанцуе. Вось у нас у горадзе таксама сусед…
Так, за размоваю, пустой і дзіўнай, бо Тая, здавалася, зусім не магла размаўляць ні пра што, апрача свайго лялечнага жыцьця, і Стаха таксама прымала, мусіць, за аднаго з жыльцоў (не самага галоўнага) уласнага цацачнага доміку, а Стах баяўся сказаць што-небудзь ня тое й пазбавіць сябе шчасьця дрэйфаваць ля ейных бананавых берагоў, і прайшло першае Стахава дзяжурства. Яны ўжо падыходзілі да цаглянае сядзібы, дзе ля варотаў парадыраваў ліхтарык самаўпэўнены вольва, калі Тая нечакана запыталася, пазяхнуўшы:
— А цябе як зваць?
Стах вымавіў сваё ймя так, быццам гэта было мяно ягонага кроўнага ворага.
— Ты, відаць… Давай здагадаюся….
Яна пакруціла галавою, разьмінаючыся перад сустрэчай з мужам.
— Студэнт… а можа й не… ну, зьвязаны з… мэдыцынай… не, ты настаўнік! — усклікнула яна па-пракурорску. — Ты альбо настаўнік, альбо гэты… аспірант фільфаку! Угадала, а?
Стаху вельмі не хацелася яе расчароўваць.
— Амаль, — сказаў ён зьбянтэжана. — Я пісьменьнік… Паэт і празаік… Пішу эсэ, малюю… але гэта так, для сябе…
Такой рэакцыі на свае словы ён не чакаў. Яна спынілася, агаломшана адкрыла рот, пырснуўшы на Стаха каліўцам пахнучай кол-гейтам сьліны, правяла ўказальным пальцам па ягонай шэрай шчацэ.
— Ня хлусіш?… Ты й праўда пішаш?…
— Я член саюзу, — трохі больш ганарліва, чым трэба, прамовіў Стах.
— Слухай, а ты вельмі карысны знаёмы, — хутка сказала Тая. — Ты як, зьбіраешся сюды на наступныя выходныя?
— Ну, ня ведаю… Хутчэй за ўсё, — прамармытаў Стах («ня верачы свайму шчасьцю»).
— Тады сустрэнемся, — коратка кінула яна й паказала на сьвісток, які калісьці ўручыў Стаху Дубраўскі.— Што гэта? А можна мне?
І не чакаючы адказу яна сьвіснула — нібы стрэліла наўздагад і навылёт прашыла пасёлак. Потым павярнулася й, на імгненьне зьнікнуўшы ў васьляпляльным сьвятле фараў, рушыла да дому. Адтуль пачуўся дабрадушны голас. Праз некалькі хвілін зьявіўся Дубраўскі, запыханы, драпежна разьдзімаючы ноздры. — Ну! — крыкнуў ён, азіраючыся. Стах маркотна глядзеў усьлед злой, дагараючай за чыгункай іншамарцы.
Нібы ў карзінах паветраных шароў, яны боўтаюцца пад самым дахам шостага мэханічнага цэху. Якія нахрэн маляры — яны мастакі-партрэтысты: харошы мужык Дзеленстап Каўкомавіч піша харошага хлопца Юру Цыцку — той стаіць, рассунуўшы ногі, трымае пэндзаль як паходню, лягатып на сьпіне маляўніча напаўзапэцканы зьмярцьвелым сонечным зайчыкам, менавіта ў засохлую кроплю фарбы ператвараецца ён, вушасты, спайманы падступнаю сятчаткаю творцы; а харошы сынку Антон Мурло піша Дзеленстапа Каўкомавіча — горды профіль, шапка-вушанка, што імкнецца стаць бесказыркаю; а харошы хлопец Юра Цыцка піша харошага работніка Бурцэвіча; а харошы дзядзька Кірыла Антоныч піша групавы партрэт. Зялёнавалосы Стах, не раўнуючы Джоні Ротэн па-над Metropoliten Opera, піша харошую дзеўку Сьняжану, якая працуе трохі ніжэй. Сьняжана заўважыла гэта, яна пасьміхаецца залатым зубком, ззаду на яе брызэнтавых нагавіцах становіцца глыбей мокрая складка, ляваю лявіруючы ў сваёй карзіне, яна круціць мясістым бокам, ад яе левае пахі йдзе пара, яна — вір, яна — мальстром, куды няўмольна зацягвае стахавы позіркі… О, Сьняжана, сьнежная каралева ў спэктаклі рабочага тэатру, Маргарыта Наварская між малярак! Цыцка малюе Стаха, Стах — Сьняжану, Дзеленстап Каўкомавіч — Цыцку, Цыцка — Сьняжану, Сьняжана — Каўкомыча, Дзеленстах Антоныч — Бурцэвіча, Бурцэвіч — Мурло, Кірыла Антоныч — Цыцку, Стаха, Мурло, Дзеленстапа Каўкомыча, Сьняжану… Скача, хрыпіць, цяжкай збруяй грыміць ігэдэйскі, ігэпэйскі конь. Партрэты іхныя — партрэты сьвятых, яны ўпрыгожаць гэты тысячагадовы храм — шосты мэханічны цэх, новым колерам зайграе амбон, алтар і іншыя акафісты ды аналоі. Усе яны адной крыві — і ідэнтычнымі адзін адному будуць іхныя партрэты, бо няма, няма нічога такога ў чалавеку, што нельга выразіць адным простым вэртыкальным мазком зялёнае фарбы. Дык навошта рабіць адрозьненьне між мастаком і маляром, калі вось таго, трэцяга маляра, мы ўжо прынялі за першага, а пятага зблыталі з другім, і гэтая памылка анічога не зьмяніла ў нетаропкім існаваньні плянэты?
— Ты футбол як? — спытаў Цыцка, заклапочана цыкнуўшы языком — адкалупваючы зь нёба прыліплую плястынку хлебнага мякішу. — Ды ніяк, — адмахнуўся Стах. Сьняжана зьнізу прыняла гэта на свой конт і таксама памахала рукой. — А як ты навогул тут апынуўся? — пахітаўшы галавою, спытаў Цыцка. — А, чыста выпадкова, — адказаў безуважна Стах. Сьняжана паварушыла, гледзячы на яго, вусікамі вейкаў.— Я…
— Запомні,— Цыцка нават прыпыніў працу. — Выпадкова тут ніхто не апынаецца.
Напачатку сваёй працы на прадпрыемстве Стах упарта пераконваў сябе, што ягонае знаходжаньне тут — часовае, што трансфармацыя яго з мастака ў маляра — ня больш за цікавы экспэрымэнт, які Стах ставіць сам над сабою. Як можна прэтэндаваць на пасаду знаўцы жыцьця ў зьменлівай, хісткай гіерархіі творчых асобаў, калі ня ведаеш гэтага жыцьця знутры, калі адарваны ад працоўнага люду. Стах быў пэўны: мастацтва — рэальнае вакно ў сьвет, а не намаляваная шыба на непранікальнай глухой сьцяне. Што ён бачыў за сваё кароткае існаваньне на гэтым сьвеце? Анічога, акрамя роднага гораду й малазнаёмых людзей, што былі пазбаўленыя да яго, Стаха, усялякага інтарэсу. Стах нават за гарадзкую рысу, якая праходзіла акурат за дачным пасёлкам, ніколі не выязджаў, хаця мог — недзе па-за ёю жылі ніколі ня бачаныя ім бабулькі, дзядзька па бацькавай лініі ды іншыя мітычныя сваякі. А цяпер ён апынуўся ў самай гушчы працоўных, простых грамадзянаў, ягоных суайчыннікаў, асобаў, рукамі якіх ствараюцца матэрыяльныя каштоўнасьці. Як ні круці, гэты слой насельніцтва ў любой краіне пераважае. І вось Стах сярод іх, у чужой, па шчырасці, абстаноўцы, але… Як жаніх, што нязмысьля скарміў прызначанае сваёй абраньніцы залатое кальцо ўнітазу, лезе за ўпрыгожаннем дрыжачай рукой, не зважаючы на сьлёзы ад выядаючага вочы смуроду й падступаючы да горла абед, так і Стах вырашыў для сябе, што без адчайнага нырца ў пралетарскія нетры ён ня здолее заставацца шчырым ні перад сабой, ні перад мастацтвам. Начамі ён доўга ня мог заснуць, настойліва намаўляючы таго сьмярдзючага, інфантыльнага хіпі, гэтага абрыдлага саліцёра-нонканфарміста, які жыў у Стаха ўнутры й нудзеў безь перапынку пра немагчымасць рабочага быць мастаком, састарэласьць футурызму й розьніцу ў ва інтэлектуальных узроўнях, прыняць Стахава часовае пераўвасабленьне. «Зноў спаў у плэеры,»— бурчэла ранкам маці, будзячы Стаха на працу. Да таго ж малярства, і ня дзе-небудзь, а на самім Прадпрыемстве, было неацэннай крыніцай досведу. Досьвед гэты мусіў адкрыць для Стаха новыя прасторы, новыя ідэі, новыя вобразы. Пакуль што не адкрываў, але ж і пабыў маляром Стах яшчэ зусім нічога. У параўнаньні, напрыклад, з тым жа Дзеленстапам Каўкомавічам або Кірылам Антонычам. Пасьля першых дзён працы тут Стах вызначыў для сябе галоўную задачу: трэба толькі накінуць на сябе шкуру маляра, але не дазволіць, каб яна прырасла да цела. Моцы, як меркаваў Стах, яму павінна хапіць. Так, так, не апускацца да ўзроўню далёкіх ад мастацкіх і мэтафізычных праблемаў работнікаў прадпрыемства, а падымаць іх — паступова, няўлоўна для саміх гэтых добрых, па сутнасьці, але цёмных і неадукаваных істотаў — да свайго ўзроўню, у вышыні якога Стах не сумняваўся. А ўсе мэтры — яны яму яшчэ зайздросьціць будуць. І трэба, трэба спытаць у Кірылы Антоныча, дзе ён набыў той цудоўны пыласос, пра які нядаўна распавядаў. З заробку Стах абавязкова набудзе маці гэткі ж. Вось парадуецца старая. І, дарэчы, наконт заробку. Цікава, якія тут традыцыі? З розных крыніцаў Стах ведаў, што зь першага заробку неабходна пачаставаць начальства, калегаў… праставіцца, адным словам. Ці не запрасіць усю брыгаду ў рэстарацыю. Невядома, як да гэтага паставяцца. Можа, Кірыла Антоныч скажа, што, маўляў, не пасьпеў грошы атрымаць, а ўжо прапіваць пабег. Кампрамэтуеш, скажа, сьвятыя, працоўныя, кроўна заробленыя. Што гэта табе, скажа, халява якая?
Пакуль Стаху праца ягоная была даспадобы. Ня столькі празь ейны аднастайны зьмест, колькі праз антураж: людзі, сытуацыі, архітэктура, стасункі. На цяперашні момант праца для Стаха была суцэльнымі «аднойчы», а не абрыдлымі «як заўжды». Аднойчы брыгада ў перадпрацоўныя хвіліны разгадвала крыжаванку, а Стах сядзеў на сагрэтым Каўкомычам месцы ды радасна жаваў хлеб з салам, зьдзіўляючыся, наколькі смачнымі апынуліся гэтыя на выгляд такія неэстэтычныя прадукты. Мурло з алоўкам нахіліўся над газэтаю, і ўсе маляры, апрача Стаха ды Кірылы Антоныча, бралі ў забаве пасільны ўдзел. Спачатку ўсё йшло гладка, Сатурн круціўся вакол сонца, Волга ўпадала ў Каспійскае мора, і Генры Форд шаргатаў навюткімі нарвэскімі кронамі.— Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыс-тэнцыя… тэнія… цыяналіст! — прачытаў Мурло. — Вось, ё, няма Антоныча, можа, ён бы й ведаў. Панапісваюць… Ну, хадзем далей. Васямнаццаць: правы прыток… даліся ім гэныя прытокі…
— Сартр, — сказаў гучна Стах.
Усе павярнуліся на ягонае жаваньне.
— Падавіўся, маленькі?
— Сартр. Французскі пісьменьнік і філёзаф-экзыстэнцыяліст.
— А ты адкуль ведаеш?
— Ну, чытаў… «Млосьць» там, і яшчэ… Карацей, экзістэнцыялізм — гэта гуманізм.
— Чаго? Ты што, вучоны? Можа яшчэ і ўнівэрсытэт скончыў? Што ж ты ў малярох тады робіш?
— Дык дацэнтам жа плоцяць з хера капеечку, — падаў голас Бурцэвіч. — Гэх, мой вунь зараз вучыцца, дык хоць вучыўся б, а то ўсё кніжкі чытае. Скончыць, дасьць бог, дык на прадпрыемстве здохнуць з голаду не дадуць.
— Ведалі б вы… — карыстаючыся ўсеагульнай увагаю да сваёй пэрсоны, сказаў ціха Стах, — Калі б мне падчас маёй вучобы ў інстытуце хто-небудзь сказаў, што я апынуся тут, я б таму…
Аднойчы, калі Стах вісеў у сваёй карзіне й паглядваў ужо на цэхавы гадзіннік, чакаючы на абед, яго зьнізу гучна паклікалі. Стах махнуў рукой: «Спускайце!» і хутка ўжо стаяў перад сутулым маладым чалавекам у чорным паношаным паліто, да якога там-сям прыляпіўся каціны волас. Чалавек палахліва азіраўся, часта круціў вялікімі ружовымі вушамі, баючыся, каб якая шальная кропля фарбы не пацэліла да яго на адзеньне. Гледзячы долу, чалавек зьбянтэжана прамармытаў:
— Добры дзень, я карэспандэнт заводзкай газэты… Алег Ждановіч… хачу напісаць пра вас… Калі ў вас ёсьць некалькі вольных хвілінаў…
Стаху стала шкада гэтага сарамлівага маладзёна, які, па ўсім відаць, на прадпрыемстве нядаўна. Ён хітнуў галавою ў знак згоды і яны адыйшлі да чырвонага кутка, дзе селі на вялікую драўляную лаву. Тут карэспандэнт стаў пачувацца вальней, закінуў нагу за нагу, вочы ягоныя фальшыва засьвяціліся, тоўстыя вусны скрывіліся ў лісьлівай усмешцы. Нейкім казачным чынам у руках карэспандэнта апынуліся зашмальцаваны блякнот і танная асадка.
— Няўжо мая сьціплая пэрсона зацікавіла прэсу? — прамовіў прыязна Стах.
— Што вы, што можа быць на сьвеце цікавей за рабочага чалавека! — зь ненатуральным патасам усклікнуў Ждановіч. — Давайце зробім так: я буду задаваць пытаньні, а вы, адпаведна…
Ён прысунуўся бліжэй да Стаха й нават дакрануўся да яго каленам. Карэспандэнт хацеў ведаць усё. Стах напачатку адказваў неахвотна, але потым непрыемны малады чалавек неўпрыкмет разгаварыў яго, і цяпер на кожнае прамоўленае Стахам слова, плынь якіх усё буйнела, ставіў ў сваім блякноце грубую незразумелую крамзюку — Стаху нават падавалася, што карэспандэнт ня слухае яго, а старанна расьпісвае сапсаваную асадку.
— Скажыце, а які прыплод вы думаеце даць прадпрыемству? — нечакана запытаўся гэты дармаед напрыканцы размовы.
— Што? — Стах нібы прачнуўся. — Які прыплод?
Ён якраз распавядаў пра сустрэчу з Кірылам Антонычам і быў вельмі незадаволены, што яго перапынілі.
— Ну, колькі дзяцей вы народзіце для прадпрыемства? З каго пачнецца ваша рабочая дынастыя? — нецярпліва перапытаў Ждановіч.
— Я звольнюся адсюль празь месяц, — прамовіў Стах, махнуўшы рукой.
— Ну, я бы на вашым месцы не сьпяшаўся сьцьвярджаць гэта з такой упэўненасьцю, — усміхнуўся карэспандэнт. — Дзякуй вялікі, прабачце яшчэ раз, што адарваў вас ад працы. Матэрыял выйдзе на наступным тыдні. Бывайце.
Стах паціснуў успацелую далонь і пайшоў абедаць.
А яшчэ аднойчы… Зрэшты, хопіць пакуль пра гэта.
На гэты раз сьляды адсутнічалі, ваконная шыба, клапатліва прыладжаная Стахам падчас апошняга візыту, глядзела ветла й гасьцінна; дэкаратыўным муляжом падаваўся пакінуты для незнаёмага злодзея бутэрброд. Затое суседзі справа, якія, відаць, прыехалі на лецішча адзначаць дзень народзінаў малодшае дачкі, абураліся гучна й з кепска прыхаваным задавальненьнем — зь іх дому нядаўні Стахаў госьць, невядомы дзед-барадзед зьнес усе зімовыя нарыхтоўкі, якія гаспадары намерваліся адтранспартаваць дахаты ў гэтыя выходныя: яблычны мёд, закансэрваваных малінавых чарвякоў, зялёны пінг-понг памідораў у задушлівых пузатых слоіках. «Малаверагодна, каб выкрадальнік дачных прыпасаў быў забойцам,»— лянотна разважаў Стах, пільнуючы Таю ля зацягнутага млявай напацьцю вакна, празь якое капрызным дзіцём упарта лез белы колер. Бо зіма, тыдзень таму з ганьбаю адступіўшы, сабралася цяпер зь сіламі і акупавала прыгарад, бязьлітасна ўсталёўваючы новы парадак, пад яе пакорліва легла ўсё, што не абараняў Стахаў іржавы калярыфэр, і па-над Стахавым маленькім жоўтым домам лунаў зараз ейны чысценькі накрухмалены сьцяг. А калярыфэр грэў, аддана й сьмярдзюча, і паміж брыдкім цяплом і халодным кіслародам любы, нават самы зацяты мастак абраў бы ў гэтыя ранішнія хвіліны першае. Запаветны цагляны дом маўчаў, і марна чакала маленькіх ног на сваёй спрацаванай сьпіне зацярушаная сьнегам сьцежка.
Стах прысеў на голы халодны ложак, запаліў, сплюнуў у кут. Самае істотнае, што здолела зрабіць зь ім, Стахам, прадпрыемства, можна было выразіць так: яно забіла ў ім веру ў рэальнасьць сучаснасьці. Тыя, хто працаваў там, лёгка абыходзіліся без дэмакратыі й паліткарэктнасьці, без структуралізму й пэрфомансу, без інтэрнэту й канкрэтнай паэзіі, без лацінскіх прымавак і ангельскай мовы, бяз спрэчак пра постмадэрнізм і без абмеркаваньня парыжскіх гатэляў, ім было невядома, што такое экуменізм і чым розьняцца чырвоныя скінхэды й скіны звычайныя, яны ня бачылі патрэбы ў аналізу ваенных канфліктаў у суседнім паўшар'і ды крытыцы ўраду, яны шчыра не разумелі, як чалавек можа насіць даўгія валасы, не зьяўляючыся Аляксандрам Малініным або падобнага кшталту зоркай, і чаму за чорны квадрат Малевіча людзі гатовыя выкласці гэткія фантастычныя грошы. Затое праца ўручную, састарэлымі пэндзлямі, у той час як паводле (дахавай інфармацыі на складах прадпрыемства захоўвалася супэрновае абсталяваньне, якое палегчыла б працу маляра да непазнавальнасці, іх зусім не бянтэжыла. Яны былі сьвята ўпэўненыя, гэтыя Стахавы калегі, што заведзены на прадпрыемстве парадак — найлепшы й найсправядлівейшы, і любы, хто жадае яго зьмяніць, — злачынца, які робіць замах на самае дарагое, самае блізкае, самае неабароненае й хрупкае — жыцьцёвую стабільнасьць. Слова «прагрэс» значыла для іх толькі назоў завода-філіялу недзе ў правінцыі, што пастаўляў прадпрыемству нешта з камплектуючых, гэтаксама як, напрыклад, словазлучэньне «ляўрэат Нобелеўскай прэміі» гучала для работнікаў прадпрыемства як назоў вэнэрычнай хваробы. Некаторыя зь іх усур'ёз лічылі, што зямля плоская, усе беды на сьвеце ад жыдамасонаў, а рок-музыкантаў на парашутах у іхную краіну скідвае цэрэу. І гэта напачатку трэцяга тысячагодзьдзя, калі прыпёрты да сьценкі геном чалавека, калі людзі няспынна рвуцца ў касмічныя аляскі й хутка можна будзе забыцца на інвалідныя каляскі, калі на лаве падсудных сядзяць дыктатары, авечка Долі бегае навыперадкі са сваім клёнам, а Тая адчыняе дзьверы ў дом Стаха, замацоўваючы на стамлёным твары эксклюзыўную ўсьмешку.
І ўсё ж такі яна скрывіла вусны, калі ўвайшла — смурод быў ня тое каб невыносны, але адчувальны — так пахлі калісьці жаночыя распранальні ў інстытуце, дзе Тая вучылася да свайго раптоўнага замужжа. Стах падняўся, словы застралі ў ягоным горле, за яго павіталіся спружыны абрабаванага ложку, а Тая паднесла да ўсьмешкі тонкі ўказальны палец — маўчы. З вакна за імі назіраў, хлюпаючы чырвоным носам, прастрыжаны восеньскі дзень, напружана сачылі за разьвіцьцём падзеяў цынічныя маленькія вочкі сіняй аблупленай разэткі, што ўладкавалася па-над ложкам, зацікаўлена прыслухоўваўся да таго, што адбываецца ў ягоным чэраве, дом, сьцены падрыхтаваліся пратрансьляваць на ўсю вуліцу любы гук, які пачуецца паміж імі. Ціха, ціха — гаварыла яна вачыма, і Стахавы бровы апусьціліся, пытаньні згубілі сэнс, і кава, падрыхтаваная для Таі, стала бескарысным прахам учорашняга дня, які ляжаў у заплечніку выключна згодна зь нейкай глупай традыцыяй, а яна бязгучна, як злодзей, здымала чаравікі, і ногі яе ў цёплых шкарпэтках (і на дзіва, аніякіх калготак) баязьлівымі кацянятамі ціснуліся адна да адной; рухі яе так празрыста паказвалі, што сёньня са Стахам станецца нешта асаблівае, што ён ня верыў ім і яму карцела спыніць усё, апынуцца ў сталіцы, у сваёй цёплай кухні, дзе газавыя фуксіі ў гаршчкох на пліце й яблычны пірог, загорнуты ў ручнік, але чараўніцтва толькі пачыналася. Яна распахнула паліто — так скідваюць накідку з шэдэўру скульптуры, каб прадэманстраваць яго замерлым гледачам, яна трыюмфавала, нібы сама была аўтарам свайго мініятурнага, загарэлага, ненатольнага цела, паглядзі, Стах, гэта зрабіла я: вось гэтыя маленькія пругкія… коска пупка, якая вядзе да тайнаў складаназлучаных сказаў пра… і мядовыя сьцёгны… я кураня табака, захлынайся сьлінаю… не, рана, рана… Усё было менавіта такім, як марыў Стах, толькі паміж грудзей у Таі ўтульна месьцілася шакалядная радзімка, даволі вялікая — напэўна, д'ябал кахаў яе ў дзяцінстве, гэтую лялечку, асьцярожна кахаў, а яна не здагадвалася, наіўнае дзіцё, і наразала задуменныя колы вакол каменнага пісаючага хлопчыка, з уніклівасьцю мастацтвазнаўцы даследуючы вінаградную гронку між ягоных мурынскіх ног — як даўно! Але радзімка не парушала прадказальнасці Таінага цела. Адчуўшы лёгкі ўкол расчараваньня з такой нагоды, Стах тым ня менш рушыў на Таю, грузна й тупа тупаючы, вочы засьціла ананімная сьляза. «Рана, рана…»— зашаптала яна, мружачыся, чапляючыся кіпцюрамі наўздагад — за ягоныя валасы, вуха, ніжнюю губу, падрапаўшы Стахава левае смочка праз тоўсты швэдар, балюча ткнуўшы ў звар'яцелы кадык. «Ня так… ня так…» Аднак было ўжо позна, яны ўпалі ў кут, паліто стала для Таі хіба падушкаю, але ніяк не перасоўным ложкам, Стахавы ногі калацілі па тумбачцы. Тая адчула, як яе працялі адразу з двух бакоў, зьнізу кончык цьвіка, які юрліва высунуўся з падлогі, ня ў сілах болей цярпець, зьверху Стах, які грыз вусені ўласных вуснаў, абсмоктваў іх і аднастайна рабіў сваю працу. Упалі й рассыпаліся прыгожа, нібы картачная калода, пакецікі канцэнтратаў, якія Стах прывёз сюды, паслухаўшыся маці. Між справаю яна зірнула на гадзіньнік. Хутка ўсё было скончана. Яна паляжала пад ім крыху, потым паспрабавала вызваліцца, упіраючыся ў Стаха, як у цяжэзны люк. Стах прыўстаў, прываліўся сьпінаю да сьцяны. Яна зь вялікімі намаганьнямі здолела неяк загарнуцца ў безнадзейна бруднае паліто і ўладкавалася на ложку, запаліла, агледзелася, пачасала сьпіну, вывучыла чырвань на пальцах. Стах аддыхаўся й перасеў да яе. «Ты…»— прамовіў ён нарэшце й пахітаў галавой. «Адстань,»— сказала яна. Абодвум хацелася цішыні.
Цішыня надыйшла. Захацелася гаварыць. «Дай цыгарэту,»— кінуў Стах, выціраючыся. «Сам вазьмі. У нас пажар.» Ён запытальна павярнуўся. Яна зрабіла кароткі рух падбародзьдзем у напрамку дзьвярэй, дзе калярыфэр смажыў высахлую ўжо анучу. Стах, вылаяўшыся, кінуўся падымаць, апёк пальцы. «У цябе ёд ёсць?»— пазяхнула яна. — «Чаму мне заўсёды хочацца спаць?»— «Ёду няма,»— Стах паспрабаваў уціснуць галаву між яе ног — беспасьпяхова. «Ёсьць вось што.» Ён выдастаў з заплечніку цёплую бутэльку малінавага лікёру. «Ненавіджу. Давай,»— яна зрабіла вялікі глыток з рыльца. — «Брыдота.» Тая шчыльней захуталася ў паліто і ўздыхнула:
— Слухай, а чаму людзі жэняцца?
— Ну, каб пакінуць сьлед пасьля сябе на зямлі. Дзяцей… Яны — наш працяг.
— Не, гэта ясна, а ты мне скажы: навошта?
— Навошта? Каб распавядаць адзін адному сны… каб цесьцю было з кім глядзець футбол… а свякрусе было з кім абмеркаваць суседку…
Яна зірнула на яго з павагаю — упершыню, мусіць, за ўвесь час іхнага знаёмства.
— Гэта так… А я яшчэ думаю — каб трахацца спакойна, легальна, не хавацца, не чакаць, што ў дзьверы ў любы момант могуць пазваніць…
Ён флегматычна прамовіў, душачы ў бляшанцы недапалам.
— Разумная думка.
— Прынамсі, у мяне ўсё выйшла менавіта так. Я вучылася ў гэтым долбаным інстытуце, у нас кожная марыла выйсці замуж за замежніка або за бандыта. Пазнаёмілася зь Юрам… Ён сказаў: ня трэба табе інстытут, я цябе сам навучу ўсяму. Я ж цяпер на курсы ўсялякія хаджу, вось так… Зь Юрам у мяне поўная свабода зьявілася: што хачу, тое раблю. І цяпер я вось думаю: гэта не каханьне, гэта… Шлюб — гэта абмен. Я дазваляю сабой карыстацца, а ўзамен атрымліваю грошы, свабоду, і, галоўнае, незалежнасьць ад бацькоў. Ведаеш, у першыя месяцы я толькі тым і займалася, што парушала бацькоўскія абмежаваньні. Потым насыцілася…
— А муж зараз дзе?
— Ня бойся, ён толькі пасьля васьмі прыедзе. Што, адчуваеш сябе на вышыні? Такога мужыка змог абставіць, так?
— Ды не, я…
— Ды добра ўжо табе… Цешся, давай. Люблю, калі людзям добра. Нешта ў табе ёсьць такое… Толькі вось што… У, як узгадаю, якімі вачыма ты на мяне глядзеў у той раз… Страшна становіцца. А ты праўда пісьменьнік?
— Праўда.
— І што, як пішацца? Я чытаць люблю. «Парфумэр» — рэч, так? Я толькі заўважаю…
Яна нахмурылася, і гэта, як з захапленнем адзначыў Стах, зноў ператварыла яе ў ляльку. Ну і дзень сёньня.
— …заўважаю, што ў нас добрых кніжак ужо ня пішуць. Няма чаго чытаць. Што ні вазьмі — усё нейкія перапрацоўкі.
— Гэта вельмі сур'ёзная тэма, пра што ты кажаш. Разумееш…
— А ты Ерафеева чытаў?
— Разумееш, цяпер такая эпоха… постмадэрн паўсюль… ды і ён ужо сыходзіць… Усё напісана да нас. Усё, усё на сьвеце напісана. Я пераканаўся: літаратура — скопішча ўнівэрсальных сюжэтаў. За што ні вазьміся, як ні вычварайся…
Стах сам не заўважыў, як захапіўся.
— …заўсёды знойдзецца знаўца, які скажа — гэтая тэма была, гэты сюжэт ужо быў. Навогул, існуе некалькі дзясяткаў сюжэтаў, і любы твор любой эпохі можна падагнаць пад адзін зь іх. Вось, напрыклад, вазьмі любы твор…
— «Чабурашка».
— Ну, гэта… Ну няхай будзе чабурашка. Галоўны герой — самотнік сярод варожага сьвету, да таго ж ён, кшталту князя Мышкіна, ён… Чабурашка шукае апірышча між жорсткага асяродзьдзя. І яшчэ — ён прадукт грамадзтва, якое прызначала яму ад пачатку ролю цацкі ў руках іншых, больш магутных істотаў. Ну, карацей, ты ўжо зразумела, што падобных сюжэтаў, падобных праблемаў у літаратуры…
Тая засьмяялася, між крысься паліто зьявілася таямнічая шчылінка.
— Хаця мне, — натхнёна працягваў Стах, — гісторыя Чабурашкі больш нагадвае… Чабурашка й кракадзіл Гена падобныя нечым на Шэрлака Холмса й доктара Уотсана…
— Ватсана, — паправіла Тая рашуча. — Зразумела. Слухай…
— Шчыра кажучы, — працягваў не пачуўшы яе Стах, — я — адзін з апошніх мастакоў. Хутка ўсё мастацтва стане адной бясконцай цытатаю для будучых пакаленьняў. І тады мастакоў ня будзе, застануцца адно крытыкі й мастацтвазнаўцы. І цяпер у мяне крызыс, разумееш, крызыс, за што ні вазьмуся — гэта ўжо было ў кагосьці… у дэталях, у сюжэце, у характары… а! Канец мастацтва, усё новае — добра забытае старое, і для мастацтва гэта трагедыя. І таму трэба шукаць новыя формы, ня гэтыя ўсе навамодныя выбрыкі, а…
— Слухай, — Тая нечакана падсела бліжэй і нават пацерлася шчакой аб Стахава плячо. — Я тут таксама паспрабавала нешта такое напісаць, і хачу табе паказаць. Можа, ацэніш, паправіш, калі што ня так. Ну, я хачу, увогуле, ведаць, як гэта зь літаратурнага пункту погляду, а зьмест каб застаўся, зьмест там вельмі важны. Давай я табе прынясу ў наступны раз, а?
Стах паглядзеў разгублена. Не хапала яшчэ… Можна сабе ўявіць, што напісала там ягоная каханая. Нічога прыстойнага чакаць нельга. Графаманія, мусіць, суцэльная. Карыстаецца мной, як хоча…
— А калі мы ўбачымся? — спытаў ён, пагладзіўшы ёй сьпіну.
— У наступныя выходныя, вядома ж… А цяпер мне час ісьці… Ісьці… Ну пацярпі ж да наступнай суботы… куды ж ты лезеш, жывёла… пацярпі, ну… жывёла, самец…
На наступным тыдні, у вадзін зь цёмных, сонных ранкаў, Кірыла Антоныч сунуў Стаху газэту. Пад рубрыкай «Пагаварым па душах» буйным курсівам быў набраны загаловак — «Мы чакаем дзетак, Стах!», ніжэй касабочыліся дзьве невялікія каленкі неахайнага тэксту. Матэрыял пачынаўся словамі «Са Стахам (а менавіта так папрасіў называць яго герой нашага аповеду) я сустрэўся на ягоным працоўным месцы. А дзе ў маляра працоўнае месца, ведае кожны, хто знаёмы з жыцьцём заводу — цяпер, падчас усеагульнай рэканструкцыі, гэта, бадай, усё Прадпрыемства. Маляр у гэты час як марак: сёньня тут, заўтра там…» Далей ішоў да непазнавальнасці адпрасаваны Ждановічам маналёг Стаха. Сканчаўся артыкул так: «Мае Стах незвычайнае хобі — маляваньне. Як прыемна адпачыць пасьля цяжкага працоўнага тыдня на лецішчы, усталяваць на бальконе мальбэрт і паляваць на тыя няўлоўныя імгненьні, якія дорыць нам усім прырода позьняй восені!
Напрыканцы сустрэчы я, ведама ж, запытаўся ў нашага юнага героя: калі ж ён прымецца за заснаваньне сваёй працоўнай дынастыі, калі пачне гадаваць для прадпрыемства новую зьмену? Малады маляр зьбянтэжыўся, было відаць, што ён упершыню чуе пра пункт 9 калектыўнае дамовы, які патрабуе ад кожнага работніка прадпрыемства ажаніцца, выгадаваць ня менш за трох дзетак, якія па дасягненні паўналецця мусяць папоўніць шэрагі нашых працоўных. Пра што гэта кажа? На шчасьце, пакуль толькі пра тое, што кепска пастаўленая праца на мясцох па прававым інфармаваньні завадчанаў. Нашая газэта ўжо ня раз зьвяртала на гэта ўвагу кіраўнікоў сярэдняга зьвяна. Відаць, ня ўсе адказныя таварышы на гэты момант усьвядомілі, што ігнараваньне праблемы б'е ў першую чаргу па іх саміх.
Алег ЖДАНОВІЧ»
У пятніцу пасьля абеду Кірыла Антоныч паклікаў Стаха да сябе. Астатнія ўжо рыхтаваліся да штурму чарговае сьцяны, прагна паглядаючы на яе зьнявечаную, аблупленую паверхню, што проста маліла пра дапамогу — не адно пакаленьне работнікаў прадпрыемства мачылася сюды, крэмзала тут кароткія хоку, не адно пакаленьне заводзкіх маразоў шкрэблася па ёй, шукаючы шчыліны, не адзін прамысловы дожджык займаўся аналізам ейнай душы. Тужліва пазіраючы на такое багатае поле дзейнасьці, Стах стаяў з пэндзлем у руцэ перад дзядзькаю, які заклапочана корпаўся ў вадчыненай скрыні.
— Як казаў Язэп Бэндэр, мне спатрэбіцца ад вас, Шура, мноства дробных паслугаў,— падняўся нарэшце Кірыла Антоныч і пасьміхнуўся, што бывала зь ім ня так ужо часта. Але ўсьмешка тут жа згасла. — Калі сур'ёзна, Стах, справа вось у чым. Будзь такі ласкавы, аднясі вось гэтыя паперы (паперы пацьвярджальна зашаргаталі ў мазолістай дзядзькавай далоні) Васіль Васілічу ў экспэрымэнтальны цэх. Вельмі трэба. Згодны? Няма каго больш пасылаць, ты ж у нас самы малады. Заадно й з прадпрыемствам бліжэй пазнаёмішся. Дабро? Цэх ведаеш дзе? Ён далекавата, давай патлумачу.
Кірыла Антоныч задумаўся. Ён доўга стаяў, хмыкаючы, глядзеў на Стаха з сумненьнем, потым пачаў крэсьліць нагой па засыпанай пілавіньнем падлозе. Аднак неўзабаве крык незнаёмага чалавека ў скураной куртцы, які палову дня тырчэў разам з малярамі, раз-пораз уводзячы Кірылу Антоныча для інтымнай размовы ў чырвоны куток, ня даў дзядзьку дамаляваць схему маршруту.
— Выйдзеш, пройдзеш уздоўж вялікага вунь таго… белага… ну ты ведаеш, — таропка прамовіў ён, падштурхоўваючы Стаха да выйсьця, — Там налева, да брамкі… там брамка будзе… і спытаеш, дзе экспэрымэнтальны. Вельмі цябе прашу, зрабі.
Стах паставіў на мейсца пэндзаль, уздыхнуў, схаваў у кішэню паперы й рушыў да дзьвярэй. — Э, стой! — Кірыла Антоныч зноў бег да яго. — Вазьмі! яшчэ гэта Васілічу перадасі, асабіста ад мяне. Ну' давай!
Нацягнуўшы каўнер курткі на самыя вушы, Стах выйшаў на вуліцу й пакрочыў міма доўгага й белага, нібы самалётны ангар, будынку насустрач невядомаму экспэрымэнтальнаму цэху — таемнаму месцу, дзе прадукцыя прадпрыемства праходзіла першыя апрабаваньні. У левай кішэні пытальнікам выгнуліся загадкавыя й, відаць, вельмі важныя дакумэнты ў мутным цэляфане, правая кішэнь зьмясьціла ў сябе скрутак тоўстага дроту, адзін з канцоў якога пагрозьліва тырчэў і паколваў лёганька Стахаў бок. Ужо празь некалькі мэтраў скрутак вываліўся з кішэні й востры канец нібы стрэлка компасу ўпэўнена ўказаў накірунак. Стах падняў яго, схаваў на месца й вырашыў прытрымліваць рукою. Тым ня менш Стах яшчэ не дайшоў да тых вялізных дзьвярэй, якія дзялілі будынак амаль напалову, як дрот нейкім неверагодным чынам здолеў пралезьці між зьмерзлых Стахавых пальцаў і зноў ляпнуўся ў салёны брудны сьнег. Стах нахіліўся…
— Правільна, у гаспадарцы ўсё прыдасца, — пачуў ён голас за сьпінай.
Гэта была Сьняжана, маляр зь іхняй брыгады — дзіўна, як гэта Стах яе не заўважыў. Ад першага дня Стахавай працы тут яны гулялі ў лёгкі флірт, яна заўсёды старалася гаварыць яму ў тон і пастаянна млява мружылася, рухаючы ненармальна вялікімі вейкамі, калі Стах апынаўся ў межах бачнасці. Па шчырасці, Стаху яна была зусім не даспадобы: высокая, габарытная, фарбаваная бляндынка з абавязковымі залатымі зубамі ў куточку барвовага роту, аматарка складваць губы марскімі вузламі, якія сама Сьняжана лічыла нявіннымі банцікамі, уладальніца сотні, ня меней, высачэзных ботаў і пэрспэктыўных грудзей. Сьняжана ў вачох Стаха, зрэшты, мела і адну вельмі прывабную рысу — зь ёй заўжды было лёгка. Яна з задавальненнем смяялася ўсяму, што б ні прамовіў Стах, і гэта давала яму зманлівае, але надзвычай прыемнае адчуванне таго, што ён здольны ачароўваць жанчын адной толькі размоваю — варты павагі талент, якому пазайздросціў бы сам генэральны дырэктар. Самым жа каштоўным у Сьняжане было тое, што яна зьяўлялася жанчынай, маладой жанчынай з усімі неабходнымі атрыбутамі спераду, зьнізу і ззаду, — марай маляра.
— Тваё ймя пасуе надвор'ю, — сказаў Стах, падымаючыся й выціраючы скрутак дроту аб нагавіцы. Ён мог бы сказаць і што-небудзь яшчэ больш пазбаўленае сэнсу — Сьняжана зарагатала так, быццам сам Леанарда Дзі Капрыё вырашыў пацалаваць ёй пятку. Затоўкваючы сьмех назад у горла, яна сказала празь слёзы:
— Я бачу, зь цябе добры гаспадар выйдзе… А ты ў нас герой, аказваецца, у газэтах пра цябе пішуць. Антоныч паказваў…
Стах пагардліва пасьміхнуўся, адвёў вочы й нечакана ўшчыпнуў яе за сьцягно. Няўдала пераступіўшы бялелую пад нагамі лужыну, ён рушыў далей. За сьпінай было ціха. Пакрыўдзілася, падумаў ён лянотна. Стах узгадаў, як пабачыўшы іх са Сьняжанаю разам, Дзеленстап Каўкомавіч заявіў праз Цыцку: «Я патрабую камсамольскага вясельля!» Хахмач стары… Якая істота ў сьвеце няшчасьнейшая за жанатага мужыка? Хіба што мужык, які жаніўся ў другі раз. Бяспраўная істота для здабываньня грошай. Не, творчы чалавек мусіць быць адзін, бо мусіць быць вольны. Так, вольны.
Гэткім чынам думкі Стаха лягічна прыйшлі да ягонай каханкі, гэтай дзіўнай, чэрствай васьміклясьніцы, ад аднаго вобразу якой Стаху апякала ніз жывата салодкаю хваляй, а на запясьцях ажывалі калючыя дрыжыкі. Незвычайную ж узнагароду атрымаў ён за творчыя пакуты… Рызыкоўная гэта справа. Хто ведае, што ў яе за муж? Толькі б не катаваў, толькі б забіў адразу. А, будзь што будзе. Не адмаўляцца ж ад шчасьця, калі яно само рассоўвае перад табой ногі… Галоўнае — ня думаць. Ня думаць, а браць. Браць пакуль даюць.
Разважаючы, Стах дабраўся ўрэшце да рогу вуліцы й павярнуў, як і было прадпісана, налева. Удалечыні сапраўды жаўцела брамка. Запаліўшы, каб скараціць шлях, і схаваўшы цыгарэту ў рукаў, ён накіраваўся па падступным сьнезе туды. За брамкаю стаў відзён аднапавярховы дамок, за ім узвышаліся цёмныя нагрувашчаньні карпусоў. Хутка ён дасягнуў мэты, брамка безь перашкодаў паддалася, нават ня рыпнуўшы. За ёю пачынаўся абсалютна незнаёмы раён прадпрыемства, куды Стаха яшчэ ніводнага разу не закідвала малярская неабходнасьць. Ля дому разьмяшчаўся невялічкі парк, праз краты пацепаных дрэваў было відаць мокрую няўтульную альтанку з таблічкай «Месца для курэньня».
Трохі больш пасьпешліва, чым было трэба, Стах наблізіўся да дому ды расчыніў дзьверы. За круглым сталом каралі, дамы, вальты розных масьцей, падобныя на актораў пагарэлага тэатру, гулялі — моўчкі й засяроджана — у групу рабочых, адзін зь якіх павярнуўся да Стаха, і астатнія адразу ж навісьлі над сталом, таропка запамінаючы чужыя карты.
— Не падкажаце, дзе экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца? — нерашуча запытаўся Стах. — З-зачыні дзьверы, дзьме! — гістэрычна выгукнуў нехта з гульцоў.
— Экспэрымэнтальны? — перапытаў той, што павярнуўся. На гэтым размова скончылася. Гульцы працягвалі свой занятак, нібы ніякага Стаха ў дамку не было, нібы ніхто не ўскалыхваў тут густое паветра, якое, нібы фарба, мазала сьцены халоднай сьлізкай жоўцю. Маркотна пазіралі ў вакно выцвілыя кінаакторкі, развешаныя па кутох. Ссохлы памідор на падваконьні дадаваў няўтульнасьці памяшканню, фаталізмам патыхалі нерухомыя, сцятыя сьпіны мужчынаў, бязрадаснай і маўклівай, як папраўчыя работы, выглядала іхная гульня. І нават шыльда на супрацьлеглай сьцяне, якую Стах заўважыў толькі цяпер, натхняла чамусьці на думкі пра марнасьць чалавечага йснаваньня: «Газакампрэсарная станцыя № 031. Адказны за пажарную бяспеку Карніюк П. Л.» Стаху невыносна, да сьлёзаў, захацелася дахаты. Як школьніку малодшай школы, на якога павысіла голас маладая настаўніца. Ён уздыхнуў і наважыўся было выйсці. Але адзін з гульцоў падняўся, расчаравана шмякнуў калодаю пад носам у другога й прамовіў:
— Пачакай, я табе зараз пакажу… Зараз. Зараз пакажу.
Рабочы нацягнуў доўгія, да каленяў гумовыя боты, сарваў з прыадчыненай дзьверкі шафы плашч і паманіў Стаха рукой — сюды. Ён прайшоў да супрацьлеглай сцяны, і о цуд! — як часта гэта ўжо бывала са Стахам на прадпрыемстве, у сьцяне, што падавалася гладкаю й суцэльнаю, адчыніліся нечакана вузкія дзьверы.
За імі, як высветлілася, знаходзілася алея, зусім пустэльная, калі не лічыць крумкачоў у чорным спэцадзеньні, што праводзілі паседжаньне цэхавога камітэту. «За мной,»— махнуў рукой Стахаў праваднік і хуткай хадою рушыў наперад. Над алеяй, прыціскаючы сваімі груваздкімі ценямі да зямлі чэзлыя дрэўцы, урачыста навісалі пакрытыя ўнушальным нагарам будынкі. Пад нагамі шалясьцеў падобны на попел шэры сьнег. Недзе на ўзроўні пятага паверху муры сьвяціліся маленькімі байніцамі вокнаў. Будынкі раз-пораз перамаўляліся між сабою гулкім сланоўім енкам. Праваднік Стаха амаль бег, не абарочваючыся. Імкнучыся не глядзець уверх, Стах ледзь пасьпяваў за ім. Зьнянацку ў Стаху ўладна й хамавіта загаварыла стома. Адкуль яна ўзялася… Здаецца, не рабіў жа сёньня нічога адмысловага. Дахаты. Хутчэй бы дабрацца да ханаану сваёй канапы, да мяккай мацярынскай рукі на ілбе, да калюмбавай індыі гарачай вячэры. Праваднік ляцеў ужо са спрынтэрскай хуткасьцю. Відавочна, ён намерваўся ўцячы ад Стаха, але чамусьці не заварочваў, хаця такая магчымасць у яго была: час ад часу гэтыя карабельныя астовы абапал дарогі шчэрыліся цёмнымі паваротамі, дупламі калідораў, неасветленых порцікаў, адчыненых няхітрымі і ад таго яшчэ больш жудаснымі пасткамі дзьвераў, што вялі невядома куды. Вечар апускаўся на безнадзейную зямлю. Будынкі вакол станавіліся ўсё вышэй — сапраўдныя хмарачосы, аброслыя бранёю, дарога штокроку вузела. Стома параіла Стаху павярнуць, і ён болей ня змог працівіцца, на імгненьне спыніўся, азірнуўся назад, укамянеў. Той дамок, адкуль яны выйшлі невядома колькі хвілінаў таму, відаць не было, будынкі абапал дарогі амаль судакраналіся. Стах павярнуўся ў ранейшым накірунку — прыпыненьне дорага яму каштавала, праваднік далёка наперадзе цяпер хіба ўгадваўся, а мо, і тое была ілюзія. Але Стах вырашыў працягваць шлях. Ён паспрабаваў бегчы хаця б зь мінулай хуткасьцю, але тут яму не пашанцавала. Скрутак дроту выпаў з кішэні й зьнік на нябачнай зямлі. Ілюмінатары цахоў сьвяцілі на зьдзек высока. Стах апусьціўся на калені й перапэцкаў рукі ў нечым цягучым. «Ну што, лох,»— дакараў ён сябе, поўзаючы па шорсткім дне гэтай высачэзнай каменнай пасткі, як жук, кінуты дзеля забавы ў паштовую скрыню. «Ты думаў, што ўжо ведаеш больш-менш прадпрыемства, што пазнаёміўся з працаю ісьцінных пралетараў? Доўбня. Індзеец, панімаешты, таксама думаў.» Крыўляючыся гэткім чынам, ён міжволі пасоўваўся бліжэй да сцяны аднаго з будынкаў, на якой бледна выдзяляліся дзьверы з цьмяным чырвоным ліхтаром на іх, і наткнуўся на скрутак. Ужо не хаваючы яго ў кішэню, Стах рэзка выпрастаўся й кінуўся наперад. Кірыла Антоныч не зразумее… гэта сто працэнтаў. Таму — наперад. Адшукаць Васіля Васілевіча, паціснуць ягоную мазолістую руку, і да прахадной. А там мэтро, трамвай, жменька ўласнай стомы ў вагульны кацёл, дзесяць хвілінаў па прагнілай ад гопнікаў горцы, пад'езд і нарэшце ліфт, хаця адзіноту не гарантуе нават ён. Бяжы, Стаху, бяжы. Тое, што гэтая дарога мусіць скончыцца, ня факт. Але бяжы.
У цемры Стах ледзь не наляцеў на правадніка, у руцэ якога весела скакаў ліхтарык — гэткі самы, што выдаваў Стаху на лецішчы Дубраўскі.— Тэмп! — заскавытаў праваднік дзіка й выкінуў руку ў фашыстоўскім прывітанні. Насамрэч ён паказваў — Стах пасьпеў за некалькі сэкундаў трохі агледзецца й заўважыць, што будынкі расступіліся, а дарогу пераразае аднакалейная чыгунка — на пляскатую плятформу, якая, нягучна пагрукваючы, досыць хутка аддалялася ў правы ад дарогі бок. — Туды! — закрычаў праваднік, піхаючы Стаха да чыгункі. На шчасьце, плятформа, якую цягнуў маленькі, бадай што цацачны лякаматыў, запаволіла крыху ход, і Стах не без праблемаў, але ўскочыў на хісткую паверхню. Неўзабаве яны разагналіся, праваднік зьнік з поля зроку, і Стах паспрабаваў, праўда, марна, распаліць цыгарэту, сарамліва засланяючыся ад ветру. Добра, што ён павярнуў твар — на брудным насыпе, падсвечаны зьнізу, проста ў твар Стаху разгарнуўся стужкай указальнік, што не дапускаючы сумненьняў абвяшчаў: экспэрымэнтальны цэх знаходзіцца ў адваротным баку. Стах у вадчаі скочыў з плятформы на насып, вывіхнуў, відаць, нагу, плятформа атрэслася, быццам котка, якая вылезла зь ненавіснай вады, і хутка ад яе засталося толькі груканьне, што таяла ў прыцемках. Стах ляжаў тварам у цёплым гравіі, і адно гэта замінала яму зарагатаць. Вывіху ўсё ж, мяркуючы па ўсім, не было. Быў, відаць, моцны ўшыб, аматар сіняй, жоўтай і зялёнай фарбы, і Стах пасядзеў на насыпе, спакойна папаліў, скідаючы попел на канчаткова сапсаванае спэцадзеньне, у галаву ня лезла анічога, апрача партызанаў, рэйкавай вайны і аўстрыйскіх землямераў. Кульгаючы, ён рушыў у адваротным накірунку. Туды, адкуль прыйшоў.
Крокаў праз сто ў ягонай галаве гучалі ўжо млосныя маршы. Засынаючы на хаду, Стах брыў міма чыгункі, але патрэбнага скрыжаваньня ўсё не было. Ён паспрабаваў аблаяць мацюгамі казла-правадніка — атрымалася млява ды непераканаўча. Неўзабаве слых ягоны намацаў удалечыні раўнамерны шоргат, які, на шчасьце, не зьбіраўся йсьці супраць законаў фізыкі й па меры Стахавага пасоўваньня наперад усё гучнеў. «А магло й быць наадварот,»— абыякава падумаў Стах. — «Я пазнаю цябе, Таркоўскі. Ich kenne dich, Franz.»
Чыста вымеценую пляцоўку перад драўлянай будынінай, якую з двух бакоў падпіраў плот, падмятала, нізка сагнуўшыся, сівая старая.
— Не падкажаце, да экспэрымэнтальнага цэху далёка адсюль? — спужаў яе Стах, увадначас любуючыся кубкам, што стаяў на плоце, параю, якая прычэсвалася, купаючыся ў гэтым кубку, ліхтаром, што, падвешаны да брылёчку над ганкам, заліваў пляцоўку мірным сьвятлом. Кубак, пара, ліхтар, мяцёлка. Як чыста тут.
Старая разагнулася — паволі, велічна.
— А нашто табе? — спытала яна падазрона, агледзеўшы Стаха з усіх бакоў.
— Мне б знайсьці Васіля Васіліна.
— А нашто табе Васіль Васіліч?
— Не твая справа, старая, — адказаў Стах, губляючы цярпеньне.
— А ў руцэ ў цябе што?
— Дзе экспэрымэнтальны? — пайшоў на яе Стах, прыпадаючы на левую нагу, але ўзьняўшы ўгору драцяны скрутак. — Скажаш ці не, курва старая?
— А я падумала, пісталет, — з палёгкай прамовіла прыбіральшчыца, зірнуўшы на скрутак зблізку. — Ды не крычы ты, хлопец… Вось ён, тутака. Заходзь вось сюды, там Васіль Васілій у канцы калідору сядзіць, гарбату п'е з сакратаркаю.
Усё. Пасьміхнуўшыся, зь цяжкасьцю вытрымліваючы патрэбную адлегласьць між вейкамі, Стах няцвёрдым крокам рушыў да дзьвярэй. Ліхтар над ганкам ласкава папляскаў яго па плячы. Усё. Цяпер — толькі да прахадной.
Удар ззаду па патыліцы быў вытанчаны й мастацкі.
Ачомаўшыся, Стах знайшоў сябе на круглай паляне, прывязанага тросам да тоўстага слупа. Вакол стаялі людзі ў спэцоўках, ды й знаходзіўся Стах, безумоўна, на прадпрыемстве — на няроўным даляглядзе выразна віднеўся характэрны профіль галоўнага канвееру, а калі глянуць направа — плаўныя, жаноцкія абрысы ЦТСЛ.
— Прывядзіце Галіну Ігнацьеўну! — скамандаваў адзін з мужыкоў, па ўсім відаць, брыгадзір. Не мінула й хвіліны, як з-за ялінак (якія ялінкі? не было тут ніякіх ялінак) некалькі маладзёнаў, асцярожна ступаючы па закіданай нейкім ламаччам зямлі, вывелі старую індыянку, зморшчаныя грудзі якой боўталіся пад падбародзьдзем, нібы амулеты. Яе клапатліва правялі праз паляну й паставілі перад Стахам. Ён зірнуў са страхам у яе вочы. З пустых вачніцаў яму адказала сустрэчным позіркам справядлівасьць.
— Просім цябе, дарагая ты наша Галіна Ігнацьеўна, правер гэтага бледнажопага.
Кашчавая рука лягла на Стахаў твар. Стах чакаў, што яго зараз званітуе. Не, гэта было ня так гідка, толькі козытна. Ён з радасьцю ўсьвядоміў, што скрутак усё яшчэ ў руцэ, заціснуты ў кулаку, нябачны для тых, хто паланіў яго, Стаха, у гэты вар'яцкі вечар. Стах пачаў раскалупваць канцом дроту трос, і той паддаўся — зь неахвотаю, але паддаўся. Галіна Ігнацьеўна засланяла ягоныя маніпуляцыі ад прысутных, і ўсё гладзіла, вывучала, дасьледвала шурпатую скуру Стахавага твару мілімэтар за мілімэтрам.
— Ня ён.
У тое ж імгненьне Стах сарваў путы, піхнуў старую нагой у жывот, войкнуў ад болю й пабег да ялінак. Яны апынуліся паркавым сквэрам, дзе калісьці. Кал. Лісьце. Калісьці на… Сьвяціла ісьціна, цяпер калісьціна. Прадпрыемства ў іншым баку. А можа, кінуць тут гэты скрутак гробаны і паперкі ў сьнег. Яны пусьцілі сабакаў… і вось жа трамвай. У горадзе не дагоняць. Але Антоныч, і Дзеленстап Каўкомавіч, і Цыцка, і Сьняжана, і Мурло з Бурцэвічам, і Васіль Васіліч — добры ж, мусіць, мужычоккк… Зь імі як быць? Стах рэзка павярнуўся й з той жа хуткасьцю памкнуў насустрач перасьледнікам. Бо ў тым баку прадпрыемства, а ў гэтым, блін, што? Васіль Васіліч атрымае свой дрот. Свой дрот і свае паперкі. Пераследнікі заўважылі яго й зьбянтэжана прыпыніліся.
— Во фарба дзейнічае, — з зайздрасьцю сказаў Цыцка. — Мне б так…
— Шанцуе дурням маладым, — падаў голас Бурцэвіч, набіраючы ваду ў малянкоўскую шклянку, кожнае рэбра якой поўнілася зімовым сонцам. — Успрыімлівы які хлопец.
— Якая белая… белая прыгажосць, — нахіліўшыся над тварам, прашаптала гучна Сьняжана, засаромелася ды адыйшла ў куток — вачэй не адвяла.
— Вось каго Яна… абрала, — самому сабе прамовіў Кірыла Антоныч. — Я верыў, мужычкі, я ведаў. Ёй жыць трэба, а мы… Прабрала хлопца. Далібог, прабрала. Цыцка, накрывай на стол. Пасьля такога працаваць грэх.
У самым пачатку дваццаць першага стагодзьдзя (на тысячу кілямэтраў вакол ні карэйцаў, ні кубінцаў), у цесным пакойчыку для маляроў («Тата, а хто такія будзёнаўцы?») сядзіць малады чалавек (які здольны падрабязна патлумачыць, што такое структуральны аналіз паэтычнага тэксту) зь дзіўным мяном Стах і робіць сьценгазэту. Збляднелы, з запалымі вачыма, на якіх ярка-чырвоным выдзеленыя маршруты сьледваньня цяжка нагружаных цягнікоў, што праносяцца праз палярную ноч у ягонай галаве. На стале творчае бязладзьдзе, карнавальнае шэсьце рознакаляровых алоўкаў, гумовым пылам прысыпаная прамакатка, намагаюцца разагнуцца скамечаныя лісты, варушацца, лежачы на стосе чыстай паперы. Самае складанае тут прыстасаванне — Стахава асадка, яна нацэленая Стаху ў сэрца — годная сьмерць. Як на кожным гуляньні, тут маецца свой жабрак, гэта просты аловак, на якім марудна астывае пот Стахавых пальцаў — ён, як звычайна, марна просіць падаць яму хаця б якую міласьціну — колерам або лязом. Стах працуе натхнёна й велічна, у вачох ягоных адбіваюцца зусім іншыя дзьверы, і зусім іншыя вокны дораць яму ачмуральныя краявіды. Даўно ён не атрымліваў такога задавальненьня ад жывапісу. Стах зараз — нешта сярэдняе паміж Хрыстом і прынтэрам «Лексмарк». У кішэні ягонай — пісьмовы дазвол застацца на прадпрыемстве пасьля заканчэння працоўнага дня, выдадзены Кірылам Антонычам.
Працуючы… пардон, творачы, Стах не задумваецца над тым, што ягоны занятак, па сутнасьці, спадчынны. Абодва Стахавы дзеды ў далёкія трыццатыя малявалі сьценгазэты, прычым адзін зь іх умеў перамалёўваць з кніг чырвоных кавалерыстаў, а ў другога лепей выходзілі былинники речистые. Правадыроў яны выразалі з газэтаў і наклейвалі зьлева ад назвы, так, каб тыя дыхалі адзін адному ў патыліцу. Сапраўдная сьценгазэта — гэта каляж. А Стахава маці? Дзе толькі не даводзілася ёй рабіць сьценгазэты. У задушлівай школьнай клясе, на настаўніцкім стале, дзе перасякаліся змрочныя цені ўзгрувашчаных на парты крэслаў, пад калідорнае скавытанне вядра прыбіральшчыцы й пыласоснае скуголеньне заваконнай завірухі. У актавай залі, дзе па-над сцэнаю гайдалася турэмная лямпачка й вецер перабіраў шарыкі на сьценах. На дыване бацькоўскай кватэры, нага да нагі з аднаклясьніцай Людай Шавардак. У піянэрлягеры, пакуль астатнія члены атраду гулялі ў піянэрбол ці піянэрылі ў малых цукеркі. У пустых аўдыторыях інстытуту, у засені бародаў вялікіх матэматыкаў зь незапамінальнымі прозьвішчамі. А Стахаў бацька, той навогул быў у школе рэдактарам сьценгазэты, а апрача таго яшчэ й палітінфарматарам, юнатам ды старшынём савету дружыны. І падчас вучобы ва ўнівэрсытэце папісваў. Толькі калі стаў асьпірантам, сьценгазэта адклеілася ад яго. Але тады ўжо кожны разумны чалавек маліўся на дзядзюшку Сэма: няхай хаця б дзеці мае, хаця б унукі ня ведаюць, што ж гэта такое — сьценгазэта. Дзядзюшка Сэм зрабіў усё, што ад яго залежала, а вось пра сьценгазэту, відаць, забыўся. І таму зараз, калі невядомы кадэбіст за вакном перапранаецца ў зімушку-зіму, Стах сядзіць за ліпучым сталом, цыркулем выставіўшы локаць, і робіць сьценгазэту. Зрэшты, ні пра што такое ён не разважае. Мэдытатыўнасьць ягонага занятку, тая ж, якая ўласцівая абіральшчыкам бульбы, вязальшчыцам і сакратаркам фіктыўных фірмаў, схіляе Стаха да ўспамінаў пра дзень учорашні. Стах шчыра не разумее, як можна не заўважаць насалоды ўспамінамі. З гэтых раздробленых костачак, звараных у кіпячым часе, можна высмактаць шмат цікавага й карыснага.
Ягоныя пальцы яшчэ пахнуць Таяй, яе фальшывым ладанам. Заўчора ён прыехаў на лецішча ледзь не на першым цягніку. Доўга мераў крокамі дом: высветлілася, што ад дзьвярэй да вакна пяць Стахавых крокаў, ад сьцяны да сьцяны — шэсьць, высьветліў, якую ноту дае кожная з палавінаў, і нават зграў на падлозе вальс «Гуканьне Таі». Час ішоў страшэнна марудна, як ні дзьмуў Стах на замерзлыя стрэлкі. Ля запацелага вакна разьюшана рвалася ў вырай позьняя муха. Пасёлак быў амаль бязьлюдны, нібы Пампеі, яго заносіла хрусткай белай ляваю. Чаканне было ідыёцкім і ад гэтага яшчэ больш пакутлівым. Прадвызначанае начное чаканьне вартаўніка, што ахоўвае пусты склад на ўскраіне гораду. Чаканьне Гадо. Гадачаканьне, гадзіны йдуць, маўчыць пустая дачка. І лезе з пачка наступная цыгарэта.
Яна зьявілася на пачатку чацьвертай, калі Стах ужо памёр. Увайшла быццам нехаця, пальчаткаў замш ня мучыла, затое трымала пад пахаю празрыстую папку. Задумліва кінула прывітанне, прысела на край ложку, коратка спытала «Як маешся?» і не чакаючы адказу прамовіла:
— Я прынесла тое, ты памятаеш, я казала — кнігу, якую пішу. Прачытай, тут пакуль сорак восем лістоў…
Ён пацягнуўся да яе, няўклюдна, быццам маці, абняў, паклаў руку на калена. Яна спыніла яго — «на самым цікавым месцы».
— Перастань. Я табе, а ты… Гэта вельмі…
Яна паглядзела яму ў вочы, як афтальмоляг. Ён убачыў, як згасае ў ейных жаданне пранізьлівасьці.
— …вельмі важна для мяне. Ты мусіш разумець такія рэчы. Ты разумееш?
Стах у расчараваньні падняўся, узяў яе руку, памацаў, пагладзіў пальцы. Прывід вялікага ашуканства рагатаў па-над ім, сцякаючы сьлінай. Ён пашкадаваў, што праца на прадпрыемстве пакрысе адвучыла яго лаяцца. Сытуацыя вымагала словаў.
— Чаму ты так позна сёньня? — запытаўся ён віскліва, і сам зморшчыўся, пачуўшы свой голас. Яна раздражнёна хітнула галавой, на лоб успырхнула гняўлівая пасмачка валасоў.— Я пытаюся… — пачаў ён, яна нецярпліва адмахнулася, гледзячы на Стаха са зьдзіўленьнем. Стах прысеў каля яе на калені, паклаў гарачы твар на яе пакрытыя гусінай скурай рукі.
— Тая, — зьмяніў ён тон. — Ну паслухай. Я чакаў, мы дамовіліся… Ты была занятая? Я ж…
— Нічым я не была занятая, — адказала яна змрочна. — Тэлевізар сёньня глядзела, і навогул… Ты будзеш чытаць?
— Спачатку… — Стах штурхнуў яе перад сабой на ложак. — Спачатку спачатку.
Яна стамлёна ўзьняла вочы.
— Ну Тая… Потым я ўсё прачытаю. Мне вельмі цікава, павер.
Паміж ног пякло аж да болю. Тая ўздыхнула:
— А можа, спачатку пачытаеш?
Але ён ужо таропка расшпільваў прарэх, гузікі блішчалі ў паўзмроку, падобныя да манэтаў, якімі Стах зьбіраўся расплочвацца. Яна ўздыхнула яшчэ раз і пачала флегматычна й мэтадычна распранацца. Стаха калаціла, але хутка перад ім ужо ляжала іншая Тая, і ймя гэтае было адно мянушкай цёплага, зморшчанага зьвераняці. І паляўнічы кінуў на яго свой цень, бы сетку, і зьвераня задрыжэла пад ім, а тая Тая беспакойна пазірала на гадзіннік, задзіраючы галаву, бо рука яе лунала недзе высока ў паветры. Усведамляючы ўсю ненатуральнасьць гэтай мэханічнай валтузьні й той пачварны падман, які быў над ім зьдзейсьнены ў гэты дзень, Стах тым ня меней зрабіў ўсё што хацеў і ўпаў упоперак ложку, задыхаючыся хутчэй ад крыўды, чым ад задавальнення.
— А цяпер чытаць!
Яна павесялела, усьміхнулася, дакранулася сухімі вуснамі да ягонага падбародзьдзя, уселася Стаху на жывот, азваўшыся рэхам у яго пад лапаткамі. Ён сам і не заўважыў, як пакой асьвяціла катавальная лямпачка, а яны — два іншаплянэтнікі, якія ставяць загадзя наканаваны на няўдачу экспэрымэнт спароўваньня — апынуліся апранутымі й зашпіленымі на ўсе, усе гузікі, пад самае горла.
— Давай я вазьму з сабой, — сказаў ён млява. — Дома пачытаю, а…
— Не, — адказала яна зь летуценнай усмешкай. — Чытай. А я пайду зраблю кавы. І каб пакуль я прыйду, ты ўжо прачытаў пятнаццаць… дваццаць! не, пятнаццаць, ладна, дзесяць старонак.
…Прадпрыемства чарговы раз унесла ў ягоную душу спакой. Цяпер, ствараючы сьценгазэту і ўзгадваючы тую дзіўную суботу, Стах ужо не адчуваў ані крыўды, ані прагі, ані злосьці. Фраза, якую ён столькі разоў чуў ад маці й за якую ён так маці ненавідзеў: праца — лепшы лек, была, як высветлілася, цалкам слушнай. Перад вэнджаным і мудрым тварам прадпрыемства, які зазіраў зараз у вакно малярскага пакоя, праблема «Тая — ня Тая» станавілася дробнай і нязначнай. Сьценгазэта атрымлівалася зусім неблагой. Стах акуратна адарваў кавалачак картону, раскрышыў на ім чырвоны грыфель, зьмяшаў кучку зь зялёным і заняўся цудоўнай справаю — расьціраньнем гэтага радаснага пылу па тым урачыстым у сваёй парушанай белаце лісьце, які ў выніку мусіў стаць Малярскаю Сьценгазэтай. І субота закруцілася наноў.
…Спачатку ён доўга ня мог засяродзіцца, першы аркуш чытаў хвілінаў дзесяць, вачам зусім не хацелася ўспрымаць накрэмзаную нейкай дзеўкай муць. Аднак паступова Таіна пісаніна зацягнула яго, і раптам узьніклы зь цямрэчы інтарэс зачыніў за Стахавай сьпінай дзьверы. Прычым усё было ня так ужо блага, адно памылак у ахайна запоўненых тэкстам лістох прысутнічала трохі больш, чым належыць мець пачаткоўцу. Паводле формы гэта было нешта кшталту аповесьці-маналёгу. На месцы назвы пагрозьліва тырчэў тлусты пытальнік. Рэч пачыналася кароткім, але стратэгічна правільна абраным сказам: «Я ненавіджу свайго мужа». Далей разгортвалася бясконцае апісаньне Юры, апісаньне дастаткова падрабязнае й цікавае. Стах чамусьці адразу паверыў у ягоную ісьціннасьць. Тэкст быў напісаны сапраўды зь нянавісьцю, але гэта была халодная нянавісьць, яна біла не празьмернай эмацыйнасцю, а наадварот — халоднай бесстароннасьцю, прыцэльнай дэталёвасьцю, можна было падумаць, што з чалавека проста пішуць партрэт, як з натуршчыка, на прыкладзе якога трэба паказаць, што ўмееш маляваць цела й ведаеш прапорцыі, але не — чытачу прапаноўвалася тут зьняць дах зь Юрынага дому, паназіраць за паддоследным у прыбіральні, у лазьніцы, у ложку, перад тэлевізарам, з ныючым страўнікам, з пальцам у носе, з налітай гарэлкаю галавой, паслухаць, якія словы ён кажа Таі ў ложку, як размаўляе з маці, якія стогны булькаюць у ягоных грудзёх падчас аргазму, якія песенкі напявае ды якія танцы танчыць перад люстэркам, калі думае, што знаходзіцца ў вадзіноце. Усьведамленьне таго, што перад ім, Стахам, асабістае жыцьцё жывога, рэальнага чалавека, які зараз займаецца чымсьці ды не падазрае нават пра Стахава існаваньне, што перад ім усе звычкі гэтага чалавека і ўсе павадкі той жывёлы, што жыве ў гэтым чалавеку, давала проста жудаснае адчуваньне. Гэта як чытаць любоўныя цыдулкі прэм'ер-міністра. Зрэшты, адчуваньне Стаху было знаёмае. Прыкладна тое ж адбывалася, калі Стах упершыню пранік у Таю, у чужую таямніцу, у яе загадкавую похву, выпадкова знойдзеную ім сярод гэтай восені.
Прыкладна ўсё гэта ён выказаў Таі, зрэдку падносячы да вуснаў гарачы кубачак і абпальваючы гнюсныя балячкі, якія чырванелі там ужо трэці дзень. Тая патрабавала словаў яшчэ і яшчэ. Цыгарэта ў яе руцэ дрыжэла, язык раз-пораз на імгненне выскокваў са свайго ўкрыцьця і, аблізнуўшы куточак роту, хаваўся назад.
— Ты ня ведаеш, — сказала яна, калі запас словаў Стаха скончыўся. — Ня ведаеш, чаму я гэта пішу. Юрка мне здраджвае. Прычым адразу з дзьвюма бабамі. Проста як у кіно, а?
Тая нэрвова ўсхліпнула, пагасіла цыгарэту й тут жа запаліла яе наноў.
— Я прыйшла неяк у клініку, да свайго доктара, там дзьве дзеўкі такія сядзяць. Сядзім, трэплемся… Яны мне пра мужыкоў сваіх давай распавядаць. Слухаю, прыкалваюся, потым разумею…
Яна сьціснула ў кулаку кубачак, потым нагбом укінула ў сябе гарачую каву, скрывілася й працадзіла:
— Гэта мой Юрачка. Муж мой, блін, Юрачка-чэляс. Кабель сраны. Не магу. І тады я вырашыла, ведаеш, яно неяк само прыйшло, што адпомшчу менавіта так. Па-мойму, гэта страшна, калі зь цябе зрываюць усе твае таямніцы. Любы чалавек хоча мець асабістае жыцьцё, такія, ведаеш… ну, такое, каб туды ніхто не суваўся…
Стах слухаў, не адрываючы вачэй ад чытаньня, хітаў галавой, пазногцем падкрэсьліваў памылкі.
— Так жа? А пра тое, чым яго ванітуе, даведаюцца тысячы людзей. Хай падае потым у суд.
Тая ціха засьмяялася.
— Ты вось пісьменьнік, вазьмі й напішы пра гэта раман цэлы. А мая кніжка будзе такая… невялікая, і пра сапраўднае жыцьцё, пра жывога вось такога Юрачку. Я памятнік яму пастаўлю нерукатворны.
— Твая кніга будзе дакумэнтальная, — мэлянхалічна сказаў Стах.
— У цябе няма на прыкмеце выдаўца добрага? І ўвогуле, скажы мне што-небудзь яшчэ пра маю кнігу.
— Я ж сказаў ужо.
— Яшчэ.
Стах паклаў лісты ёй на калені.
— Добра. Калі шчыра, напісана досыць прыстойна, але… Вось ты мужа апісваеш. Ну і што. Атрымліваецца характарыстыка. Вялікая, падрабязная, але характарыстыка. Каго будзе цікавіць апісаньне нейкага левага мужыка, такое падрабязнае. Табе трэба дадаць сюды літаратуры. Прыгажосці. Мэтафараў, параўнаньняў. Эпітэтаў. Тропаў. Гіпэрбалаў.
— Чаго-чаго?
— У цябе мала ў кнізе прыметнікаў, ды й тыя, што ёсьць, нейкія аднастайныя, прымітыўныя. У цябе няма дынамікі, сюжэту, аповед не разьвіваецца, стаіць, як… замерзлая лужына.
«Добра сказаў,»— пахваліў Стах самога сябе й прадоўжыў:
— Трэба, каб чытач убачыў у тваёй кнізе разынку, тое, што адрозьнівае яе ад іншых кніг. Мы ўсе, людзі пішучыя, шукаем у сваёй творчасьці новых багоў і потым даем іх чытачам, каб тыя стваралі новыя рэлігіі. Людзі, якія сімпатызуюць якому-небудзь…
— Багоў? — рэзка перапытала Тая, на твары якой ужо даўно блукала нязгодная ўсьмешка. — Я раскажу табе пра прыроду белізны. Хочаш ведаць, як выглядае бог? Рэальны бог? Я зь ім знаёмая, і, калі хочаш ведаць, усе пісьменьніцкія й іншыя багі перад ім проста дзіцячыя лялькі. Блін, Стах, я распавяду табе, бо такім наіўным юнакам, як ты, даўно трэба прачысціць мазгі.
— Вельмі цікава, — пасьміхнуўся зьедліва Стах.
— Бога, які кіруе ўсім, міласэрнага і ўсёмагутнага, завуць Аляксандр Барысавіч Радзівіл. Яму трыццаць тры, ён старшыня камітэту па эканамічнай… ці не, па… ня памятаю… карацей, нейкага крутога ўрадавага камітэту. У яго тры кватэры ў горадзе, адна на плошчы Цанавы, і лецішча тут недалёка, за чыгункай. Мой Юра на яго працуе. Я нават была ў Радзівіла ў гасьцёх. Раз ці два. Ён інтэлігентны вельмі, мілы такі чалавек, так. Нежанаты, дзяцей няма. Шкада, што я не ў ягоным гусьце. А так — стаць каханкаю бога… Нармалёва?
— І хто ж яго абраў на такую пасаду? Выбаршчыкі Ленінскага раёну? Або прызначыў Саўмін? Насмяшыла.
— Дурны ты лапаць. Калі б ня ён… І яшчэ. Хаця хопіць на цябе інфармацыі. Давай сюды кнігу.
Яна рушыла да дзьвярэй, спынілася ў іх, павярнулася.
— Калі ўсе такія ж як ты, то я не зьдзіўляюся, што Радзівіл…
Стах пайшоў за ёй, але Тая ўжо выйшла ў цемру двара.
— Мы ўбачымся ў наступную суботу? — крыкнуў ён, не асабліва спадзеючыся атрымаць адказ. Але калі Стах ужо зачыняў дзьверы, яму пачулася аднекуль з-за плоту: «Можа быць».
Можа быць.
Сьценгазэта атрымалася нават лепей, чым Стах меркаваў. На яблычнага колеру полі рэльефна праступалі абрысы заводзкіх карпусоў, зь якімі гарманічна спалучаліся разьмешчаныя па кутох малюнкі. У правым верхнім куце знаходзілася выява прымацаванага да дошкі аб'яваў ліста, дзе друкаванымі, стылізаванымі пад гатычны шрыфт літарамі былі пазначаныя асноўныя этапы гісторыі разьвіцьця на прадпрыемстве малярскай справы. Насупраць Стах памясьціў уласнаручна выкананыя партрэты калегаў. Пазнаць па іх, хто ёсьць хто, было складана — Стах зрабіў партрэты ў кубістычнай манэры, але давялося ўсё ж па просьбе Кірылы Антоныча паставіць пад кожным малюнкам прозьвішча ды ініцыялы. Кірыла Антоныч, дарэчы, сябе пазнаў, што, па шчырасці, не зьдзіўляла — ягоная выява зьяўлялася самай вялікай. Навогул, калі Стах запытаўся ў брыгадзіра, ці даспадобы таму газэта, брыгадзір вымавіў нешта незразумелае й толькі пасьля ўдакладніў: «Перарабляць няма часу.» А вось Мурло, які займаўся ў брыгадзе гэтай справаю да Стахавага прыходу, выказаўся больш пэўна: «Гаўно». Памянёнае слова Мурло любіў, прамаўляў яго заўжды са смакам, даводзячы да дасканаласьці мярзотнасьць кароткага й дурнога «ў» у сярэдзіне. Цяпер жа гэтае слова прагучала асабліва брыдка. «Зайздросціць,»— падумаў Стах з асалодаю. «Упершыню ў жыцьці маім мне нехта зайздросціць.» Такім чынам, у левым верхнім куце ціснуліся да партрэта брыгадзіра, як кураняты да мамкі, партрэты маляроў. А ў ніжнім правым куце Стах намаляваў ружу вятроў. Навошта, ён бы й сам ня здолеў патлумачыць — проста яму зь дзяцінства падабалася выводзіць яе трапяткія, пругкія лініі, гадаваць выгіны… усе школьныя сшыткі былі запоўненыя такімі ружамі. І нарэшце правы верхні кут займаў партрэт Сьняжаны. Аголеная, напісаная са спіны бліскучай сіняй тушшу, яна стаяла на немудрагелістым белым шары й задуменна вывучала, апусціўшы долу вочы, вялізны й махнаты, нібы экзатычная кветка, пэндзаль у сваёй руцэ. Сама Сьняжана не здагадвалася, што менавіта яе партрэт будзе ўпрыгожваць малярскую сьценгазэту, для яе, відавочна, правы верхні кут быў адно хаатычным нагрувашчваннем плямаў. Стах займеў яшчэ адну таямніцу й цяпер пасьмейваўся, прыхопліваючы сьценгазэту да фанэрнага шчыта, — як бы вішчала Сьняжана, калі б ведала, у якім выглядзе ўбачаць яе тысячы калегаў. І як бы рагаталі тысячы калегаў, калі б даведаліся, чый гэта партрэт на шчыце адкрыты кожнаму позірку.
У цэнтры сьценгазэты палымнелі вершаваныя радкі. Стах нарадзіў іх некалькі дзён таму, пасьля надзвычай цяжкога працоўнага дня, калі пальцы ягоныя, бадай, не адрываліся ад пэндзля на працягу дзесяці гадзінаў і фарба шумела на твары, як мора. У той вечар ён запісаў гэты верш, як толькі апынуўся за прахадной, на рублёвай купюры, дома перапісаў у навюткі блякнот, а ўвечары наступнага дня каліграфічна, пушкінскімі літарамі высадзіў радкі на ўдзячную картонную глебу:
Здароў, завод, Сяльмаш Сяльмашыч!
Здароў, зямная благадаць…
Так птахі крыламі ня машуць,
Як ты ўмееш працаваць.
Іду ў жалезных труб суквецьце,
І пэндзлем папіраю сталь.
І даражэй няма на сьвеце
Цябе, о ягададэталь!
Напачатку верш Стаху вельмі падабаўся. Стах чытаў яго сам-насам зь люстэркам, Стах настукаў яго на машынцы й насіў у кашальку, раз-пораз даставаў дзе-небудзь у аўтобусе па дарозе на працу й перачытваў, варушачы губамі — някепска, чорт мяне бяры. Стах прачытаў яго Кірылу Антонычу, калі яны пілі аднойчы разам выпадковае піва ў прызаводзкіх прыцемках. «Маякоўскі?»— спытаў Кірыла Антоныч. «Э…»— пачаў Стах. «Адразу відаць,»— з павагай сказаў Кірыла Антоныч. — «А ты ў курсе, што гэта таксама ён напісаў, гарлан-бунтар: люблю я жэншчыну белую, а ўпрочам, якая тут разьніца, паставіў яе к дзераву, Іў… Сам разумееш куды. Чаго сьмяешся… Я ў газэце чытаў.»— «Гэта я напісаў,»— прашаптаў Стах, нязмысьля плюнуўшы брыгадзіру ў куфаль. «Жартуеш усё,»— пасьміхнуўся дзядзька, нічога не заўважыўшы. — «Ну, хадзем. Ты ў нас пра жэншчын ня пішаш.»— «Пра завод,»— віскнуў Стах, але ўжо лезла да ягонага пупка шырокая дзядзькава далонь: «Давай! Да відзэньня!»
Гаў ду ю ду, місыс Празьнік! Сьвята пачалося ў пятніцу, як толькі надыйшоў час абеду. Але сталовыя ў ва ўсіх цахох былі зачыненыя, павары выходзілі з бакавых дзьвераў і няспешным шпацыруючым крокам рухаліся да заводзкага пляцу. Брыгада адправілася ў свае малярскія пакоі. Спэцадзеньне было ахайна павешанае ў шафы, маляры перапрануліся ў жоўтыя форменныя пінжакі — Стах таксама атрымаў такі, з вышытым на штрыфлі прыгожанькім пэндзлем. Дзеленстап Каўкомавіч уставіў у пятлічку абшчыпаны гвазьдзік, Цыцка расчасаўся на прабор, Мурло, увабраўшы грудзі, спырснуў пахі французскім дэзадарантам, Бурцэвіч пачасаўся электрабрытваю. Да мужчынскай часткі брыгады зазірнула Тацяна: «Мужыкі, а корпаюцца, як бабы.» Стах падхапіў сьценгазэту, загарнутую ў пунсовы аксаміт, і маляры выйшлі на двор. Паколваў прыемны марозец. Яны рушылі ў напрамку плошчы. Выйшлі на галоўную алею, зьмяшаліся зь іншымі каленамі, людзі былі ўсе сур'ёзныя, урачыста-ўзбуджаныя, нібы на пахаванні Сталіна. Так сталася, што Стах, які паддаўся агульнаму настрою, пайшоў у пэўны момант папярод усёй брыгады — яму падавалася, што іхная маленькая калена рухаецца надта ўжо марудна. Тут жа на плячо яму лягла рука Мурла. «Ня лезь папярод бацькі,»— ціха, але ўнушальна абдаў яму вуха параю Мурло. Не павярнуўшы галавы, на чале брыгады апынуўся Кірыла Антоныч. Стах жа замешкаў, і давялося яму да самае плошчы йсьці ў самоце паміж мужчынскім авангардам і жаночым крыклівым ар'ергардам, што, на агульны сорам, выглядаў неяк надта весела. Стах павольна рыпеў па ўтрамбаваным сьнезе і ў чарговы раз не пачуў, як яго дагнала Сьняжана.
— Зрабіў газэту? — запыталася яна, намагаючыся пакідаць пасьля сябе гэткія ж сьляды, што й Стах. — Угу, — правёў ён языком па верхніх зубах і сплюнуў. Яна з павагаю паглядзела на жоўты камочак і тарганула яго за рукаў:
— Ня холадна? Або цябе любоў грэе? Ну, сухар!
Невялікая заводзкая плошча, тая самая, адкуль Стах калісьці пачынаў сваё першае знаёмства з прадпрыемствам, была застаўленая нерухомымі людзкімі фігурамі. Сьнег тут расчысцілі, і цяпер тэрыторыю плошчы дзялілі на аднолькавыя квадраты тыя пліты, зь якіх яна была выкладзеная. Кожнага з работнікаў ставіў на прызначаны квадрат рухавы чалавечак, які не казаў ані слова — проста хапаў таго, хто прыйшоў, за талію й ставіў на належнае мейсца. Стах не адразу заўважыў на грудзёх чалавечка бэджык са словам «Распарадчык», а жвавы гэты абслугоўца выхапіў са Стахавых рук сьценгазэту й перадаў камусьці, і той перадаў далей, і далей… Стах пацягнуўся за нябачнай ужо ўласнасцю, і зараз жа голас Мурла ззаду з гатоўнасьцю прамовіў: «Так трэба.» Стах паціснуў плячыма й вярнуўся на свой квадрат.
Пакрысе плошча сьціхла. Строгае разьмяшчэньне людзей настройвала на вайсковы лад, хацелася калі не навыцяжку стаць, дык хіба мыскі ног рассунуць. Стах выгнуў галаву. Пад статуяй Прадукцыі на невысокай трыбуне грэлі рукі ў кішэнях дублёнак чалавек дзесяць у ваднолькавых мехавых капелюшах. Прадукцыя ўзвышалася па-над імі, нібы іхная маці, з чэрава якой яны толькі што ўсе выйшлі. Адміністрацыя. «Марлокін,»— прашалясцела па натоўпе. «Марлокін,»— прамовіў прыглушана Цыцка. «А хто там побач зь ім?»— «Замы,»— драматычным шэптам азваўся нехта з суседняй калены. «А баба тая хто?»— «Дык гэта ж Клюцкая,»— трохі гучней, чым дазволена, адказаў той жа знаўца. На яго цыкнулі, але вакол працягвалі ціха перамаўляцца. «А тыя хто, з краю?»— «Хто іх ведае.»— «Гэта не Прусевіч?»— «Не… Прусевіч у паліто.»— «А, гэта Ясіраў.»— «Ясірава я бачу, ён за Марлокіным стаіць, а гэты хер, напрыклад…»— «Нейкі новы.»— «Гэта з ураду,»— аўтарытэтным тонам прамовіў Кірыла Антоныч, — «Госці свята.»
Раптам па-над плошчаю засьвісьцеў, загрымеў гістарычны голас. Па эмацыйнасці яго можна было параўнаць хіба з голасам Гітлера, калі ён абвяшчаў у рэйхстагу вайну Польшчы. Голас апускаўся на сабраны натоўп як хлыст, даваў слухачам сэкундную перадышку, уздымаўся высока ў паветра й зноў лупіў па замерзлых вушах. Ніводнага слова нельга было разабраць, хаця мікрафон, па ўсім відаць, быў наладжаны цудоўна. Магчыма, у выступоўцы дэфэкт маўленьня, падумаў Стах, выціраючы мокры ад выдыхаемай пары нос. «Прадпрыемства, прадпрыемства,»— толькі й можна было зразумець, а Стаху навязьліва чулася: «Б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся, п'ём, б'емся…» «Хто выступае?»— прашаптаў ён паміж патыліцаў. «Марлокін,»— адказаў нехта збоку й перажагнаўся. «Генэральны,»— дадаў нехта ззаду закахана.
Высветлілася, што й словы наступных выступоўцаў сталіся неспасцігальнымі. Яны проста былі загучнымі, яны стараліся ахапіць увесь горад, гэтыя галасы, яны варочалі гарамі, калі трэба было ўсяго толькі насыпаць пяску ў гадзіньнік. І таму Стах з палёгкаю ўздыхнуў, калі ўсе аратары нарэшце выступілі, і з аграмадных дынамікаў Сафія Ратару заныла пра залатое сэрца. У натоўпе ўсчаўся рух, парушыліся ладныя шыхты, адміністрацыя й госьці прадпрыемства зьніклі з поля зроку. Людзі нетаропка пасоўваліся бліжэй да трыбуны. Стах, якога ззаду прыемна падштурхоўвалі напорыстыя грудзі, таксама быў вымушаны рухацца наперад, сладастрасна ціснучыся да паголеных, пахнучых фарбаю патыліцаў. Першыя некалькі крокаў ён яшчэ нэрвова пахіхікваў, адчуваючы пад сваімі ніжнімі рэбрамі нечыя бесцырымонныя локці, потым збоку наваліліся так, што грудная клетка Стаха, як яму падалося, зазьвінела ад напругі. Рука Стахава згубілася недзе зьлева, між шчыльна ссунутых плячэй рознага полу, расшпілены пінжак злазіў са Стахавага цела гэтак пераканаўча, нібы яго зацягвала адмысловая бязьлітасная монструозная сушыльня. Стах рвануўся, напружыўся — беспасьпяхова. Стала зразумела, што ён знаходзіцца амаль у самым ачагу даўкі. Побач хруснула, вылаяўся матам нехта, голас каго надта ўжо нагадваў голас Цыцкі. Незразумела, як гэта ўдалося, але натоўп здолеў на некалькі імгненьняў расступіцца. Цыцка ляжаў на цьвёрдым сьнезе ў такой позе, быццам быў на ім намаляваны. Стах нахіліўся над ім і адразу ж зразумеў, што гэта было памылкаю — людзі рушылі далей, бо канвеер святкуючых пачынаўся ня тут, ня тут сканчаўся й зусім не адсюль кіраваўся. На Цыцку наступіла ваяўнічая жаночая нага, прыкрываючыся сьцягам спадніцы, і востры мысок доўгага брунатага боту ўвайшоў Цыцку ў жывот. Адразу ж другая нага, шырокая, у кароткіх вараных джынсах, з-пад якіх тапырыліся валасы, без ваганьняў наступіла Цыцку на вусны. Людзі рухаліся да трыбунаў. Сафія Ратару ў шосты раз цягнула прыпеў. Стах, пачуваючыся як пад коламі звар'яцелага камбайну, здолеў усё ж такі выдавіцца з натоўпу, як паста зь цюбіку, ды ўстаць на ногі.
Перад трыбунаю зьмяіўся доўгі хвост людзей. Прагна заглынаючы паветра, Стах наступаў на пяткі Бурцэвічу, які чамусьці схаваў галаву ў плечы й варушыў пальцамі ў кішэнях пінжаку. Стах паспрабаваў азірнуцца, яму не далі, над плошчаю калыхаліся ў мутным паветры словы наступнай песьні: нешта про них и про нас. Загорнутыя ў палотнішчы зь лягатыпам прадпрыемства, уздымаліся высока ў неба мэталёвыя шасты, за якімі заклапочана ганяў фатографа Алег Ждановіч. Да трыбуны заставалася ўжо некалькі мэтраў. І нарэшце Стах змог разглядзець усё як сьлед: пад трыбунаю ў жоўтым аксамітным фатэлі сядзеў непрыкметны чалавек у дублёнцы й мехавым капелюшы. За ім гайдаліся высокія хударлявыя целаахоўнікі, а ля края трыбуны пра нешта перамаўляліся, пасміхаючыся, нібы пахваляючыся белымі зубамі, астатнія члены адміністрацыі й госьці. Пра цэсія з работнікаў урачыста прамінала чалавека ў фатэлі, і кожны, хто праходзіў міма, дакранаўся вуснамі да працягнутай яму рукі. Стах набліжаўся да трыбуны. Ён быў ужо зусім блізка, мог убачыць кожную зморшчыну на тварах кіраўнікоў, раптоўнае сонца ў іхных акулярах сьляпіла яму вочы. Пара зь іх іртоў далятала да Стахавага роту, упэўненыя іх словы штурмам бралі Стахавы вушы. «…аб'ём выпуску… Рудня… тая ў міні… а вунь тая… тэмпы…» Бурцэвіч нахіліўся над каральным і смачна прыклаўся да ягоных пальцаў, на адным зь якіх папераджальна ўспыхнуў пярсцёнак. «Гэта ўжо пераходзіць усялякія межы,»— падумаў Стах, адчуваючы ўнутры млосьць. Вуснамі, тымі ж самымі, якія пілі Таіну сьліну, якія працякалі ручаямі на яе смочкі,— гэтымі вуснамі дакранацца да валасатых пальцаў мужчыны, якога Стах бачыў упершыню ў жыцьці… Звольніцца. Звольніцца заўтра ж. Стах сам не разумеў, што за сіла стрымлівае яго, і чаму вясёлае слова «Заява» цяпер ужо не выклікае ў яго таго ўздыму, які калісьці, нібы паток свежага паветра, ратаваў Стаха ад рамесьніцкай смерці. Цалаваць пальцы генэральнага… А зрэшты, чаму б і не? У гэтым дзеяньні абсурду ня болей, чым, напрыклад, у цалаванні ілба мёртвага дзядулі, што ляжыць у труне нібыта ў ваньне. Дык тут хаця б жывога чалавека цалуеш, зь любога боку, зь якога ні вазьмі, жывога, ды яшчэ ня самага горшага, — дырэктара буйнога прамысловага прадпрыемства, разумнага, прадпрымальнага, нармальнага мужыка. А дзядуля, васковы халодны лоб якога Стах цалаваў, будучы яшчэ недабітым піянэрам, у параўнанні з Марлокіным быў поўным убоствам, смярдзючым алькаголікам, які трэціраваў маці, жлукціў з ранку да вечара вадкасьць ад паценьня ног ды забаўляўся з унукам тым, што вучыў малога лаяцца па мацеры. Так што цалаваць Марлокіна, па разважаньні, апыналася значна менш брыдкай справаю. Ды што тут цяжкага? Сэкундная апэрацыя. Ніхто ж не прымушае цябе смактаць яму пальцы. Лёгка дакраніся ды йдзі далей. Дакраніся… Пальцы Марлокіна пахлі дарагім дэзадарантам, пазногці былі каротка абстрыжаныя, на запясьці ягоным таямніча гарэў цыфэрблят гадзінніку бяз стрэлак. Стах разагнуўся, намагаючыся не парушаць заведзенага тэмпу, а душа Стахава сьпявала: здолеў! Марлокін з млявай усмешкай павярнуўся да астатніх членаў адміністрацыі й нешта прашаптаў. Стах ужо адыходзіў, калі сухая рука ў блёстках пярсьцёнкаў спаймала яго руку й сунула нешта ў Стахавы пальцы. На трыбуне паблажліва запляскалі. Стах пакланіўся й з пачуцьцём добра выкананай справы саступіў месца Мурлу. Паглядзеў на падарунак генэральнага — стракаты каляндарык зь лягатыпам прадпрыемства. Схаваў на сэрцы — адзіная на пінжаку кішэнь знаходзілася менавіта там.
Цалаваньне цягнулася яшчэ доўга. Тыя, хто ўжо выканаў пачэсны абавязак, разьбіліся на купкі. Маляры стаялі недалёка ад прахадной, палілі, сплёўвалі ў сьнег. Стах узбадзёрыўся, тая адлегласць між ім і ягонымі калегамі, якая настойліва дэманстравала сябе ад пачатку сьвята, кудысьці падзелася, цяпер ён пачуваўся роўным сярод роўных. Побач стаяла Сьняжана, Мурло распавядаў непрыстойныя показкі, і зьвяртаўся больш да Стаха, чым да астатніх, але сьмяяліся ўсе, і нават Кірыла Антоныч. Цеснае кола грэла Стахава самалюбства, ён удаваў на твары грубаватасьць, лавіў свой адбітак у шкле прахадной, і яму падавалася, што грубаватасьць такая вельмі пасуе ягонаму твару. «Ой, а можна паспрабаваць!»— Сьняжана ўзяла са Стахавай рукі цыгарэту, з фальшывай няўклюднасьцю зацягнулася, тэатральна закашлялася: «Брыдота!» Маляры засьмяяліся, і Стах гучней за ўсіх.
Нарэшце першая частка сьвята скончылася. Рэпрадуктары ўладнымі галасамі запрасілі ўсіх перайсці ў тэрмічны цэх. Там, як з жахам даведаўся Стах, мусіў прайсьці конкурс цэхавых сьценгазэтаў.
Распарадчык бегаў па агромністым памяшканьні, мітусьліва зрываў тканіну з фанэрных шчытоў, пад якой таіліся цнатлівыя тварэньні мазолістых рук і нізкіх ілбоў. Хаваючыся ў цені бела-зялёнага мэталёвага цыклёпу, які, склаўшы на грудзёх нягнуткія рукі, цярпліва чакаў панядзелку, Стах з палёгкаю аглядаў намаляванае канкурэнтамі. У большасці сваёй гэта былі пляскатыя, як партатыўныя стэпы, прымітыўныя, бедныя на аб'екты малюнкі, пазбаўленыя ўсялякай дынамікі, з убога вытыркнутай, ні ў чым не задзейнічанай прастораю. Да ўсяго шмат хто з гэтых самадзейных мастакоў хварэў, відаць, на касавокасьць. Шанцы на перамогу ўзрасталі незвычайна. Аднак усё вырашала журы. Яно ўжо тапталася ля ўваходу ў цэх, і, хутчэй за ўсё, даўно марыла пра банкет. Стаха прыціснулі да агрэгату, і Стах палічыў за лепшае ўскараскацца цыклёпу на плечы. Адтуль быў, дарэчы, лепшы агляд, і Стах нават мог чуць, пра што перамаўляюцца між сабою насупленыя члены журы, якія па запрашальным паклоне распарадчыка рушылі ў рэшце рэшт у вабход сьценгазэтаў.
Журы йшло досыць хутка, амаль не спыняючыся ля твораў, людзі ў дублёнках стараліся трапіць у нагу з Марлокіным, які кідаў на газэты павярхоўныя, зусім незацікаўленыя позіркі, ды варушыў задумліва тоўстымі губамі: «Добра… Добра… Някепска, так, някепска…» Стах з напружаньнем сачыў за генэральным, а генэральны набліжаўся да мэты. Уласная сьценгазэта падалася раптам Стаху такою роднай, такой шчымліва прыгожай, што ён ужо гатовы быў прабегчы па галовах, якія абыякава назіралі за шэсьцем начальнікаў, выскачыць да экспазыцыі, схапіць сваё дзецішча ды выратаваць, абавязкова выратаваць ад гэтага крыўднага марлокінскага «някепска». «Хвалюешся?»— са спагадлівай усьмешачкай задраў галаву Бурцэвіч. Марлокін падыйшоў да малярскай газэты, акінуў позіркам, рушыў далей. Стах міжволі заплюшчыў вочы. Ад каго, уласна, ён чакае справядлівай ацэнкі? Што, адміністрацыя на чале з Марлокіным або гэтыя адмарожаныя «госьці нашага прадпрыемства» — мастацтвазнаўцы ці мастакі…
Стах гучна выдыхнуў ды адплюшчыў вочы. Марлокін з усёй хеўрай стаяў каля ягонай сьценгазэты, смурна ўтаропіўшыся на каліграфічна выведзеныя радкі пра Сяльмаша Сяльмашыча. Астатнія члены журы нецярпліва глядзелі на дырэктара. Сэкунды, лямантуючы, ганяліся адна за адной па зялёнай лугавінцы Стахавага мозгу. Скажы што-небудзь, шэф, ну жа! Марлокін маўчаў. Маляры ўцямілі, у чым справа, і пераводзілі позіркі са Стаха на дырэктара, з дырэктара на Стаха. Ну жа!
— Плача, — пачулася нечакана сярод цішыні. Баязьлівы шэпт кагосьці з рабочых прагучаў як нябесныя грымоты. — Генэральны плача.
І сапраўды, па шчацэ Марлокіна паўзла, нібы палюючы на схаванага ў валасатым носе тушканчыка, драпежная сьляза. У паветры запахла аміякам. Члены журы насупіліся, і кожны намагаўся выціснуць са сваіх начальніцкіх нетраў належную, няхай і самую малую, кропельку. Твар Марлокіна яшчэ больш пазмрачнеў. Да яго нахіліўся адзін з намесьнікаў, раздумваючы, як бы гэта падалікатней ухапіць вяльможную сьлязу. Марлокін рашучым тэстам адагнаў яго.
— А добра ж, — прамовіў ён бясколерным, пустым голасам. — Як усё ж добра…
Генэральны салютападобна высмаркаўся.
— Зірніце, таварышы, — Марлокін павярнуўся да астатніх членаў журы. — Як?
Але члены журы ўжо ўсе як адзін любаваліся сьценгазэтаю, выдаючы на абазнаных у жывапісе калекцыянэраў.
— А? — Марлокін слаба пасьміхнуўся. На тварах астатніх адразу ж зайгралі кволыя падабенствы ўсьмешак, больш або менш падобныя да арыгіналу. Праўду сказаць, толькі адзін з гасьцей прадпрыемства ніяк не імкнуўся дагадзіць генэральнаму. Стоячы ў расшпіленай чорнай дублёнцы, ён флегматычна й нават трохі пагардліва глядзеў перад сабой і ўсім сваім выглядам дэманстраваў поўную незалежнасць.
— А? — Марлокін усьміхнуўся яшчэ шырэй, і тое ж зрабілі астатнія. Тады Марлокін раскаціста зарагатаў, і неўзабаве журы ў поўным складзе, за выключэннем флегматычнага госьця, які адно стрымана расьцягнуў вусны, рагатала, плявалася, парцалянава адлюстроўвала зубамі адно аднаго ды выцірала мокрыя вочы. Тут Марлокін заўважыў чалавека ў чорным, і сьмех ягоны няўлоўна сказіўся непрыязнай сутаргаю.
— Што скажаце, Аляксандр Барысавіч? — спытаў Марлокін празь сьмех, зьвяртаючыся да гэтага чалавека. — Як вам гэты… узор творчасьці нашых… ге-ге… работнікаў? Што скажаце, дарагі вы наш таварыш Радзівіл?
Радзівіл з прыкрасцю адкашляўся, незалежна пасьміхнуўся кончыкамі вуснаў і мэлядычна адказаў:
— Тамбоўскі воўк, даруйце за грубасць, вам таварыш, Канстанцін Сямёнавіч. Не забывайце, які час на двары, спадару генэральны дырэктар. Калі хочаце ісці ў нагу з часам, памятайце, што эпоха зьмянілася, і ня ўсе господа цяпер в Париже. А сьценгазэта выдатная, гэта праўда. Адчуваецца вялікі талент. Добрыя кадры рыхтуеце, Канстанцін Сямёнавіч.
— Ага, — пераможна ўсклікнуў Марлокін, і вочы яго памутнелі.— Я ж кажу… І таварыш Радзівіл… Знаёмцеся, дарэчы, хто яшчэ ня ведае, — Аляксандр Барысавіч Радзівіл, наш госьць, старшыня камітэту… камітэту… ну, няважна, карацей, самы пэрспэктыўны наш малады, так бы мовіць, гаспадарнік, так… Добрая газэта, выдатная, — голас Марлокіна станавіўся ўсё сур'ёзней. — Асабліва радкі гэныя… да сьлязы давялі… Эх… Та завадзкая прахадная, што ў людзі вывела мяня… Чыя сьценгазэта, кажаце?
— Маляры, таварыш дырэктар, — перад Марлокіным вырас распарадчык.
— Ну дык, як гэта гавораць… — прагнусавіў Марлокін. — Аўтара!
Добразычлівыя кулакі выпіхнулі Стаха прад вочы генэральнаму. Той працягнуў руку, але Стах, сам ня ведаючы чаму, укленчыў перад дырэктарам і ўпіўся ў яе вуснамі.
— Ну, ну, — з вачэй Марлокіна ледзь не бліснула яшчэ адна слязіна. — До, до… Парадаваў старога. Як зваць?
Адзін з намесьнікаў прашаптаў нешта на вуха Марлокіну ўсхваляванай скарагаворкай.
— Малайчына! Ступай. Ух, расчуліў…
Не зьвярнуўшы ўвагі на іншыя газэты, што ціснуліся да сьценаў пахілымі сьпінамі, Марлокін хуткім крокам пайшоў да выйсця. А рэпрадуктар ужо роў: «Першае месца ў конкурсе сценных газэтаў цахоў ды адзьдзелаў прадпрыемства заваяваў…» і г. д. Стах, якога білі па плячох усе, хто насіў на штрыфлі пэндзаль, зьбянтэжана раскрываў рот, але сказаць нічога ня мог. Прызналі… Упершыню… Першы посьпех… Як жа гэта ён мог сумнявацца… На шчацэ ягонай распускаўся густым барвовым цьветам шчодры пацалунак Сьняжаны. — Ну, прэміі нам забяспечаныя, — паўтараў Мурло. — Якое прэміі,— гундосіў Кірыла Антоныч. — За хлопца прыемна!
Між агульнай мітусьні Стаха не пакідала адчуванне, што на ім, як сонечны зайчык, блукае нечы зацікаўлены позірк. Калі ўсеагульная радасьць пачала пакрысе сьціхаць, ён аглядзеўся па бакох. Воддаль, паадстаўшы трохі ад астатніх начальнікаў, стаяў ля бела-зялёнага агрэгату той самы Радзівіл ды заклапочана, але сьветла й вельмі дзіўна пазіраў на шчасьлівага Стаха.
Народ высыпаў на плошчу. Рабочыя ў захапленні вохалі, лаяліся й храсьціліся: плошча была застаўленая палявымі кухнямі, каля якіх шчыравалі павары — сівыя дзяды, завешаныя ардэнамі, мэдалямі ды ордэнскімі плянкамі. Кожнаму жадаючаму, а прычасціцца бясплатнаю сьвяточнай ежаю жадалі хіба ня ўсе работнікі прадпрыемства, у бляшаную місу накладалі разварыстай пярлоўкі ды налівалі чысцюткай берасьцейскай гарэлкі ў малянкоўскія клясычна-рабрыстыя шклянкі. Многія выпівалі, хапалі жменяй хутка астываючую на марозе кашу ды спяшаліся зноў стаць у чаргу. Рух на плошчы разгараўся, людзі бегалі, сьмяяліся, недзе паблізу пятага мэханічнага цэху зайграў гармонік. Цямнела, адзін за адным па-над плошчаю запаліліся вялізныя пузатыя ліхтары, і вось ужо некаторыя падалі ў сьнег, па-жывёльнаму завываючы. Сьціх у дынаміках кабзон, і самы важны, самы моцны ліхтар асьвяціў сцэну. Там гулка завібраваў бубен, топнула табурэтачнай нагою паважная дама ў нацыянальным строі, ліха расьцягнуў пашчу гармоніку невысокі хлопец з накладным чубам. Пара маладых людзей студэнцкага веку з жарсьцю сплялася ў вабдымках і кінулася танчыць. Пад ненармальна вялікай балалайкай гінуў, адбіваючыся ад тоўстых, як тросы, струнаў, суханькі чалавек з п'янымі ачмурэлымі вачыма. Дама зараўла, вывяргаючы з роту тоны ватнай пары: «Ігдзе жа ты гуляла дзярэўня да на ценькі лес!!!» Маладзёвы сіпла прагаласілі: «Вух!» Бубнач калаціў свой інструмэнт, быццам прымушаў яго прызнацца ў страшным злачынстве. «Ансамбль „Яромка“!»— прагудзеў урачыста рэпрадуктар зьлева. «Пераможца-конкурсуўрдлоіконкурсуўіпртоіконкурсуўпвке!!!»— старанным мулою падтрымаў яго рэпрадуктар справа. «Толькі што з гастроляў паўсі!!!» Вакол сцэны імгненна сабраўся натоўп. «Аўтограф папрасі,»— стагнала работніца прадпрыемства, якая ня здолела прабіцца да яромкаўцаў, сваёй сяброўцы, якая лезла да сцэны па плячох калегаў, з задранаю да таліі форменнай спадніцай. «Вечна, бляха, кантралёры гэтыя шчэмяцца,»— нязлосна пракрычаў Бурцэвіч, рыхтуючыся да адчайнага скачку ў эпіцэнтар падзеяў. Палявыя кухні хутка пачалі зьбіраць рыштунак ды ад'язджаць у накірунку Плянава-аўтаномнага радыялягічнага адзьдзелу дастаўкі й забесьпячэньня. Многія з рабочых, ужо не зусім цьвёрда трымаючыся на нагах, накіроўваліся да цямнеючага ў канцы алеі прэсавага корпусу — там, як абвясьціў трэці рэпрадуктар, пачыналіся глядыятарскія баі.
Стах, які ўжо пасьпеў выпіць і з Кірылам Антонычам, і з Мурлом, і зь Дзеленстапам Каўкомавічам, і з Бурцэвічам, і — асобна — з цэлым гуртам размаляваных, пенаротых дзяўчатаў, торгаўся зараз у руках Сьняжаны, як пераламаная камышына, каля самай сцэны, намагаючыся мацней ухапіцца за яе не такі ўжо й тонкі стан, што ўпарта выслізгваў з рук. Яромка, які напачатку быў усяго толькі вясёлым казачком, скачучым пад замілаваныя воплескі дарослых, ператварыўся пакрысе ў заваднога жудаснага Вія, што прыняў парачку пігулак экстазі. Шалёная музыка жывілася вакханаліяй, пануючай на заводзкай плошчы, Яромка знаходзіўся ў сваёй стыхіі, і гэты рэдкі выпадак прымушаў музыкаў выкладвацца напоўніцу. Марыя Пятроўна вязала са сваіх грудзей мудрагелісты вузел і лямантавала ў мікрафон ня горай за Бона Скота, Мікола рваў гармонік так, быццам хацеў паглядзець нарэшце, што ж там ў яго ўнутры, Ягор біў у бубен галавой, Вікторчык фунікулёрам езьдзіў па апошняй жывой струне, а Жэня й Дзіна, здавалася, зараз злучацца проста на падмостках. Між музыкаў поўзала Эла Сямёнаўна, фіксуючы гэта ўсё на фотастужку са спакоем фотааматара з войскаў СС. Апрача таго, выступ «Яромкі» здымаўся на відэа і запісваўся на CD. Лепшы выступ за ўсю гісторыю ансамбля. На апошнім паверсе будынку адміністрацыі палала д'ябальскім сьвятлом шырокае й доўгае вакно — там адзначала Дзень прадпрыемства адміністрацыя.
Стах ужо літаральна вісеў на Сьняжане — да яго рэгулярна падыходзілі незнаёмыя людзі, дыхалі ў твар, білі па плячох, ціснулі пасінелыя Стахавы рукі. Яму падабалася знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, цяпер ён пачуваўся гатовым прайсьці праз усе кардоны й знайсьці Марлокіна, абняць Марлокіна, пацалаваць Марлокіна ў родныя вусны, занесьці Марлокіна на руках у яго рэзыдэнцыю, ды ці мала што яшчэ. Жанчыны вішчэлі, паўтараючы за Марыяй Пятроўнай: «Міленькі, мі-і-іленькі дружо-о-очак, пойдзем у садочак!» Стах пракрычаў гэта разам з усімі, але яму падалося, што занадта ціха. Дый навогул, неяк вяла гэта ўсё, вяла. Ён расшпіліў прарэх і памачыўся ў сьнег. «О-о-о,»— авіяцыйнай бомбаю прасьвісьцела, прагудзела вакол. «Я — Джым Морысан,»— сказаў ён Сьняжане. «А ты чаго такая задаволеная? Я — Джым на шчасьце лапу мне… Команбэйбі… лайкмайфая…» Да яго праціснуўся голы па пояс мужычок з залатым праваслаўным крыжом на валасатых грудзёх. «Я — Паша,»— сказаў ён дзелавіта. — «Хачу, ё, з табой выпіць, ё. Ты ж, ё, герой проста дня. Цябе як?»— «Джым,»— прамармытаў Стах. Паблізу нехта расклаў вогнішча, празь якое зараз жа пачалі скакаць голыя бліскучыя целы. «Джын маецца,»— сказаў мужычок, косячы вокам. — «Барысаўскі. А ты ў курсе, што Рулінскі з ЦЗЛ… ён летась конкурс выйграў… сабе харакіры зрабіў толькі што, ё. Зуб даю, ё. Каля тэрмічкі проста. Сур'ёзна, ё. Ну, давай.» Стах ужо няздольны быў зьдзіўляцца, як гэта ў яго сёньня атрымліваецца так доўга не ванітаваць. Паша адрыгнуў і задыхаў ля Стахавага носу: «Хадзем паглядзім, а, ё?»— «Ноу,»— скрывіўся Стах. «Не, хадзем,»— раптам запярэчыла Сьняжана. Яна вывалакла Стаха з натоўпу. За статуяй панавала ўжо ўсёпераможная цемра. «Можна тваю даму запрасіць?»— нядобрым голасам запытаў Паша. Але тут Стах упаў галавой у сумёт. «Ды ну вас,»— плюнуў Паша. — «Арганізмы слабыя, ё. Панажыраюцца, ні паё, ні пая.»— «Вось і добра,»— прамовіла Сьняжана, яшчэ глыбей зарываючы галаву Стаха ў сьнег. — «Адыходзь.» Паша ўшчыкнуў Сьняжану ды сыйшоў у цемень.
І праўда, праз парачку стагодзьдзяў Стах ачуняў. Сьняжана ўліла яму ў глотку грам пяцьдзесят і яшчэ прытрымала Стаху сківіцы, каб ня выйшла назад. Жыцьцё вярталася. «Холадна,»— прамовіў Стах невыразна. «Зараз будзе цёпла,»— сказала яна па-змоўніцку ды ўзяла яго за руку. «Зараз. Ідзем.»— «На харакіры?»— спытаў Стах слаба. Яна нецярпліва хінула галавой, і яны рушылі туды, дзе цемра зжэрла нават абрысы будынкаў і насякомыя лямпачкі.
Хутка й праўда стала цёпла. Рука Сьняжаны хваравіта падрыгвала, мацала Стахава запясьце, апранала на сябе дохлую чашую ягоных пальцаў. Зьвінелі правады на нябачных сьценах, Стах грудзямі наляцеў на дзьверы. Шумела галава, будынак, у якім яны апынуліся, меў нейкую складаную пляніроўку, бо сьцены тут бесперапынна размнажаліся, пачкаваліся, паміралі й зьяўляліся наноў. Нібыта Стах і Сьняжана беглі па маленькай чорнай плянэце, над якой тлелі закатаваныя зоркі, а іх, Стаха й Сьняжану, такую цёплую, усёразумеючую й такую заўжды зразумелую Сьняжану й такога выздараўліваючага тыфознага, як Стах, абступалі неадступныя маляўнічыя карты, цэлая калода картаў, і на ўсіх дамы, дамы, аголеныя тлустыя дамы, парнаграфічныя карты, дзе мяжа паміж парнаграфіяй, а, Сьняжанга, Сьняжангіна, Зьняць Жану! Ё. Іх прыняла на свае распусныя калені лесьвіца, якая паднялася, распрастала зацёклую сьпіну, і мы ўжо на трыццаць мэтраў вышэй за грэшную зямлю, і лесьвіца падскочыла, грэючыся, — вышыня ўжо шэсьцьдзесят, лесьвіца чакала так доўга, лесьвічная бактэрыя ў запячатанай бутэльцы каменнай вежы, і вось яны адкаркавалі бутэльку, ты адчуваеш пах? так гэта ліцейка, не? тады што адкажы вежа бяз даху я прынцэса я таксама хачу затачы мяне ў слановую костку даху тут няма тут зорнае неба над галавой мы дзьвюхгаловая пачвара, пакрыўджаны прадпрыемствам дракон. Сто мэтраў, сто пяцьдзесят мэтраў. Бачыш, тут такія шыльдачкі на сьценках. Вось і прыйшлі. Ё.
Яны стаялі на маленькай пляцоўцы, круглай і безвыходнай. Прадпрыемства ляжала ў іхных ног, успыхвала дзе-нідзе вагнямі, і з такой ачмуральнай вышыні падавалася, што ўнізе — выпаленая ўшчэнт бязьлітаснымі качэўнікамі зямля, дзе вугольле ў апошні раз нагадвае пра тое, што тут калісьці былі хаты, дзеці, плуг, каханьне, сад. Зьнізу ня чулася ані гуку. Ні адзін вецер не далятаў сюды ў гэты вечар п'яных пераможцаў і прагных сьняжанаў. Стах запаліў, цыгарэта ледзь ня выпусціла яго з рук. Залаты попел павольна паплыў у нябыт. Сьняжана стала да яго сьпінай, пагладзіла сябе па сьцёгнах. Сьняжана за імгненьне ператварылася ў два паўшар'і, што бялелі, нацэліўшыся на Стаха. Сьняжана стала кудлатым дымам, які йшоў з дзіркі на месцы яе шыі. Сьняжана стала пахам нямытага дзіцяці. «Давай жа,»— павярнула яна галаву й закусіла губу. — «Ну што ты як не мужык. Давай.» Стах пагрузіў твар у дым, схапіўся за парэнчы, глыбока ўдыхнуў. Так пахла мацярынская сумачка. Усё будзе добра. Яму падалося, ён рассек яе напалову. Падобна на тое, што ёй гэта нават спадабалася.
Час мінаў, і дарогі яшчэ некалькіх тыдняў прывялі да стылых і дзіўных суботаў. Гэтыя дні, раней такія насычаныя чаканнем, прагай, нейкім даследчыцкім энтузыязмам, пакрысе ператвараліся ў не пазбаўленыя прыемнасці, але ўсё ж аднастайныя і ад таго доўганудныя мерапрыемствы, у якіх Стах быў вымушаны ўдзельнічаць, нібы ягонае высокае палажэньне не дазваляла яму адмовіцца ад удзелу.
Суботнімі ранкамі ён прачынаўся, зь неймаверным намаганьнем адзьдзіраў галаву ад вільготнай падушкі, звыкла засьведчваў прысутнасць ламаты ў скронях, біў чалом крану ў лазьніцы, аглядаў, гледзячыся ў мацярынскае люстра, свежыя прышчы й, калі ў страўніку застраваў папяровы амлет, выпраўляўся на вакзал. Электрычкі адмянялі, вакол вадзілі карагоды кайстры й валізы, і злодзеі-кішэньнікі пілі ў буфэце піва; Стах уладкоўваўся дзе-небудзь паміж сьметніцай і падсьлепаватай сьцяной і глядзеў перад сабой, пакуль трубны глас не прымушаў яго здрыгануцца, абвяшчаючы пра чыгуначныя прылівы ды адлівы. Ён прыязджаў у зусім ужо мёртвы пасёлак, палохаючы касірку, марудна брыў па закарэлых вулках, задзяваючы каптурком нізкае неба, пакрытае бялёсымі плямамі зафарбаваных надпісаў. Дзіўна, але Стах лавіў сябе на думцы, што ягонае каханьне больш не прыносіць радасьці. Адмаўляцца ад Таі, безумоўна, было пакуль няварта, яна давала палёгку целу і ўпэўненасьць словам, яна надавала сэнсу выходным дням, бо безь яе чым бы ён займаўся ў суботу ды нядзелю? яна, урэшце, была цудоўным асобнікам жанчыны і адпавядала многім Стахавым патрабаваньням, але… Яна шмат чаго прасіла ўзамен, і перш за ўсё — непарушнай увагі да яе жыцьця, яе цацачных праблемаў, яе інфантыльных думак, а галоўнае — гэтай ейнай бясконцай кнігі, гэтых паточаных словам аркушаў, на якіх нявіннае сямейнае існаваньне Юры апісвалася ледзь не пахвілінна. Стах ужо цешыў сябе надзеяй, што рагаты Таін супруг забароніць ёй у бліжэйшы час такія дзіўныя паездкі ў вадзіноце на пустое лецішча. Узімку можна сустракацца ў горадзе, можна нават у ягоным пакоі, вельмі весела ўявіць сабе твар маці, калі яна ўбачыць, як Стах уцягвае да сябе маленькую жанчыну з абручальным кальцом на належным пальцы й, ухмыляючыся, зачыняе за сабой тонкія дзьверы. Інфаркт схопіць старую. Аднак пакуль Юра маўчаў, акуратна забіраў Таю зь лецішча, калі іхная субота ўжо была вычарпаная, — можна было падумаць, што ён забірае яе з працы.
Тая прыходзіла нячутна, без усьмешкі, трымаючы пад пахаю папку з гэтай сваёй ненавіснай кнігай, і было ў яе абліччы ў такі момант нешта настолькі няўлоўна-замілавальнае, настолькі кранальнае, што Стахава абыякавасць на некаторы час адступала, каб пасьля Таінага сыходу абрынуцца зь яшчэ большай сілай. Расшпіліўшы паліто, яна абводзіла зманліва-лагодным позіркам прагрэтае памяшканьне, пакуль Стах мітусьліва рухаўся ёй насустрач. У дома дзякуючы Таі зьявіліся абноўкі: зазелянеў на ложку стары, але вельмі якасны матрас, на якім марской зоркаю разьлеглася падушка, ля дзьвярэй верным дварнягаю прыладзіўся плецены дыванок, каля якога спалі да часу цёплыя тапачкі. На падваконьні вырас электрычны імбрык, увіты лацінкаю, а побач узгрувасьцілася вялікая, бяздонная бляшанка кавы. Напэўна, Тая ўсё ж адчувала да Стахавага бярлогу крыху сімпатыі, ад якой перападала нешта й гаспадару — на дробныя выдаткі. Ён кідаў кароткі погляд у яе вочы: ненатуральныя, хлусьлівыя, і ў той жа час самыя жывыя на гэтым дзёўбаным свеце. Вочы, у якіх, быццам неназванае насякомае ў празрыстым мінералу, была замураваная вечная дзіцячая крыўда. Вочы, якія па-майстэрску гулялі ў глыбіню. Але не, ведама ж, не яны зьяўляліся Стахавай мэтай. Яна з уздыхам распраналася й выконвала ўсё, што Стаху было трэба. Справа займала звычайна ўсяго пяць хвілінаў, і Стах некалькі разоў, нават у шкоду ўласнаму вольнаму плаваньню, зазіраў ёй пад вейкі падчас каханьня. Вочы не зьмяняліся, абсалютна не зьмяняліся, хіба прасілі не адцягвацца на непатрэбныя дробязі. Потым яны палілі да ачмурэньня, выпівалі літр кавы, і Стах чытаў, і стомлена казаў усё, што прыйдзе ў галаву, і ўсё цяжэй яму было вышукваць сьняжкі між атручаных стрэл. Яна гуляла ў кагосьці, вось толькі ў каго?
А дзявятай яна сыходзіла.
У нядзелю Стах палову дня спаў, палову траціў на хатнюю гаспадарку. Пад ганарлівым позіркам маці ён пафарбаваў у іхнай кватэры балькон, дзьверы на кухню і ў свой пакой, кухонныя сьцены й парэнчы ў пад'езьдзе. Маці вадзіла суседак падзівіцца на сына, зь якім зьдзейсьнілася гэткая цудоўная мэтамарфоза, яна ведала, Стахава маці, удава вялікага чалавека, што суседкі разьнясуць анатацыю па ўсіх вакольных дамох, прагергечуць пра Стаха сваім суседкам, і суседкам сваіх суседак, і некалі на парозе іхнага дому будзе, неаспрэчна будзе перамінацца з нагі на нагу высокая й чарнабровая, белая, гнядая, шэрая мышка, лебедзь, студэнтка, абрэзчыца, настаўніца, — нявестка. Маці адчувала гэта ды запасалася ў кладоўцы на выпадак вайны — рыхтавала запалкі, соль, муку, макароны, завушніцы, ніткі. Фарба выганяла яе з дому — і маці йшла да Кацярыны Альбэртаўны, а Стах ужо сур'ёзна прыкідваў, зь якога боку ўзяцца за падлогу й прыкупіў шэсьць бляшанак жоўтай. Варочаючыся ўначы ў ложку, ён клаў пад шчаку сьветлае прадчуваньне заўтрашняга спатканьня з прадпрыемствам, з Кірылам Антонычам, Мурлом, Сьняжанаю, Бурцэвічам, і бяссонніца скручвалася нарэшце ў нагах цёплым клубком ды засынала.
Пасьля перамогі на конкурсе Стах нечакана для сябе стаў на прадпрыемстве даволі вядомым чалавекам. Гэтаму не ў малой ступені садзейнічалі ягоныя паводзіны на скоках, яны, так бы мовіць, зрабілі Стахаву асобу больш блізкай народу, які нават у мастаку бачыў акулярыстага інцілігенціка. А тут — людцы добрыя! — аказалася, што нішто чалавечае не чужое пераможцам конкурсу сьценгазэтаў. Яго пазнавалі на вулках, прыязна зазіралі ў твар, падміргвалі ўпотай, маўляў, ведаем, хто ты такі насамрэч, ды не адводзь ты позірк, дзеўка сарамлівая, мы ж уцямілі ўжо, што ты свой, свой у дошку. Аднойчы зусім незнаёмы Стаху чалавек у наскрозь зашмальцаванай спэцоўцы дагнаў яго сярод заціснутай між двума аселымі ад нагару карпусамі, па-злодзейску азірнуўся, схапіў Стаха за нэрвовае плячо й прашаптаў на вуха: «А файна ты тады адліў, прама на плошчы! Я бачыў! Ну ты дзікі! Магёш, тудыт тваю не скажу, магёш!» Стах паціснуў працягнутую яму шурпатую руку — нібы паставіў кароткі аўтограф на чужым непрыкметным жыцьці.
Напярэдадні Дня яднаньня, які прыпаў на чацьвер, працоўны дзень быў скарочаны. Ужо а трэцяй Кірыла Антоныч, размазаўшы чарнату па стамлёным ілбе, дзелавіта махнуў рукой Мурлу: сканчаем, і брыгада, сінхронна сцягнуўшы пальчаткі, пачала зьбіраць рыштунак. Яны працавалі на гэты раз зусім блізка ад уласнага цэху, таму ўжо а палове на чацьвертую маляры выйшлі са сваіх уладанняў ды нясьпешна накіраваліся да цэнтральнай алеі. Ад іхных свежавымытых валасоў сплывала ў паветра лёгкая пара. Сьняжана ў гэты дзень мелася сустрэцца з бацькам, што працаваў у ЦаіНТ, і таму ніхто не трымаў сёньня Стахаву руку, ніхто не зазіраў яму ў твар з сабачым захапленьнем, не пагладжваў ягоныя барабанныя перапонкі аповедамі пра Танюхіных кавалераў. Стах ішоў амаль у вадзіноце, крыху адстаўшы ад брыгадзіра, Мурла й Дзеленстапа Каўкомавіча, якія паважна абмяркоўвалі заўтрашнюю хакейную сечу. Жанчыны рухаліся ззаду, пакуль не затрымаліся нарэшце ўсім гуртам каля грузавіка, проста з кодаба якога прадавалі сьвежаніну ў гонар сьвята. Бурцэвіч хутка таксама некуды зьнік, нават не разьвітаўшыся. Стах зь дзіўнай агідаю ўдыхаў насычанае імпартовым кіслародам паветра, кароткімі кіўкамі адказваў на поўныя павагі кіўкі сустрэчных. Засунуўшы рукі ў прасторныя кішэні новых шырачэзных нагавіцаў, вельмі папулярных на прадпрыемстве, ён упэўненай хадою ступаў па чужых сьлядох і разважаў пра тое, чым будзе займацца ў выходны. Тая адпадала — у графіку іхных спатканьняў падобныя вольныя дні не былі заплянаваныя. Найхутчэй дзень ён прысвеціць бляшанкам жоўтай, а ўвечары… Увечары можна пайсьці да Кірылы Антоныча глядзець хакей. Той запрашаў, ненастойліва, але было відаць, што дзядзьку хацелася, каб Стах завітаў да яго, што брыгадзір шчыра не разумеў, як можна адмовіцца ад такой прывабнай прапановы. Да хакею й да спорту ўвогуле Стах быў абыякавы, але дзядзька так маляўніча апісваў… так распавядаў, як гэта даводзіць да кіпеньня кроў… Кірыла Антоныч сам калісьці гуляў за зборную прадпрыемства. «Да борціку прыціснеш, і навалішся яшчэ ў прыдачу,»— казаў Кірыла Антоныч заўсёдным сваім спакойным тонам, але з вачэй ягоных ужо імкліва набліжалася да суразмоўцы драпежная бліскучая шайба. — '«Косці хрумсцяць… Музыка!» Мурло й Бурцэвіч згодна хіталі галовамі, а Стах няўпэўнена думаў: «Плябейства, ведама ж, увесь гэты хакей, але ж, каб зразумець сутнасьць фэномэну…» Можа, і праўда, узяць заўтра гарэліцы, ды заваліць у госьці да брыгадзіра?..
Тым часам вулка ўлілася ўрэшце ў паўнаводную волгу цэнтральнай алеі. Народу тут было столькі, што Стаху міжволі ўзгадалася сьвята прадпрыемства, тады ж таксама вось такія невялікія калены ўтваралі на алеі магутны людзкі струмень. Адзінае, настрой у гэты дзень людзі мелі іншы — адзначаны няведаньнем, што засунуць у кошык заўтрашняга дня. На цэнтральнай плошчы стала ўжо зусім цесна, рух натоўпу запаволіўся, вартаўніцы ўнікліва абшуквалі кожнага, хто зьбіраўся перасячы турнікет. Нібы перад стаматолягамі, перад неміргаючымі гэтымі жанчынамі няпэўнага веку раскрывалі пакорліва ірты валізкі й торбы, поліэтыленавыя пакеты й скураныя тэчкі, распахівалася паслужліва крысьсё куртак і паліто, выварочваліся кішэні. Скавытала па-дзіцячаму брама электроннага дэтэктара, навучанага імгненна вызначаць колькасьць мэталу ў асобна ўзятым чалавечым арганізму. Стаху да прахадной было яшчэ далекавата, людзкая плынь марудна праносіла яго міма статуі Прадукцыі, то загадваючы прыпыніцца, то штурхаючы ў сьпіну, то адсоўваючы назад. Адзінай прасторай, дзе Стах мог бы ў гэты момант рухацца так, як бы яму хацелася, было неба над галавой, нізкае перакошанае неба, якое пачыналася недзе на ўзроўні пупка багіні й сканчалася, загнуўшы шэры падрапаны край, на даху адміністрацыі. Але ў неба няхай ляцяць карлсаны. Стаху нават падабалася вось так боўтацца ў самай гушчы варава, якое лянотна пенілася й булькатала ў вагромністым гэтым бэтонным катле — варыва, якое хутка астывае, але застыць ня здольнае. Ён пяць разоў на тыдзень двойчы ў дзень праходзіў праз прахадную, і кожны раз у такія хвіліны яго апаноўваў вельмі філязофскі настрой, які ў рэшце рэшт зьмяняўся пачуцьцём амаль рэлігійным. Вось ідуць людзі, дыхаючы адзін аднаму ў патыліцы, бачачы кожны шоў на сьпіне таго, хто йдзе наперадзе, пакідаючы на сьнезе сьляды, што існуюць на сьвеце ўсяго некалькі сэкундаў, менш за найпрымітыўнейшыя мікраарганізмы, вымаўляючы словы, якія імгненна ўгрузаюць ў бязьлітаснай дрыгве са спрацаваных целаў,— ідуць, несучы ў сабе ня столькі інфармацыю, ня столькі думкі й разважанні, колькі простую канстатацыю віднага ім сьвету: я Пётр Пятровіч, працую сьлесарам мэханазборачных работаў, маю жонку ўначы калі здолею, дзяцей лупцую за двойкі, а за пяцёркі даю пяцёрку-другую, мне сорак, на юбілей ваза, прастатыт, раматус, устаўныя сківіцы, варыкознае пашырэнне венаў, язва, вочы карыя, кватэра двухпакаёвая каапэратыўная, хакей, цешча — памрэ, кватэру на дзяцей перапіша, лазьня па пятніцах, друхцёзка па суботах, відэакасэты напракат люблю пра марскіх дэсантнікаў, жопа добрая ў нашай Марыны, гэта сьнег, гэта дрэва, гэта прахадная, гэта мэтро, гэта піва, гэта дом, гэта вакно, гэта мянты, гэта магазін, гэта грошы, гэта нос, гэта кніжка, гэта ключ на пятнаццаць, гэта жыгуль, гэта бліны, гэта порткі, гэта тэлевізар, гэта па-інасраннаму размаўляюць. Гэта вада. Гэта вагонь. Гэта зямля, гэта неба, гэта малаток. А гэта я на вясельлі ў Пецькі. А гэта мы з жонкай у санаторыі шэсьць год таму. Гэта мой старэйшы. А гэта помнік. Гэта сялёдка. Газэта, сталовая, нэгр. Анальгін, кашуля, гной, гума, цьвік, сьветлафор. Халадзільнік. Канал. Паліклініку будуюць. Квіток каштуе сто восемдзесят рублёў. Сёньня другога сьнежня, пятнаццаць гадзінаў пяцьдзесят восем хвілінаў. Я ведаю досыць пра гэты сьвет. Я ўсё магу назваць. Бо мне ў патыліцу дыхае бацька, а бацьку дзед, дзеду — ягоны бацька. У сьвеце проста ўсё. Гады йдуць. І йдуць да прахадной людзі. Вінцікі, скажаце, паслухмяныя мэханізмы, часткі вялікай машыны. Але менавіта зь іх пачынаецца ўсё, ад палітыкі да народанасельніцтва. Яны вырабляюць прадукцыю, прадукцыя прадаецца, багацее краіна, і той, хто нічога вырабляць ня здольны, можа сыта лайдачыць, папісваючы вершыкі, і мастак можа спакойна плаціць за камунальныя паслугі, і музыка-лесавік — забегчы ў краму й набыць сабе доктарскай кіле ці паў. Яны, гэтыя вінцікі, у любы час маглі б сабрацца, так, як запоўнілі сёньня зусім не маленькую заводзкую плошчу, разагнуць зацёклыя сьпіны й наладзіць кампактную, але прыстойную рэвалюцыю й зруйнаваць усё што існуе дашчэнту, як зрабілі калісьці іхныя прадзеды. Але ня робяць гэтага. Нават не абдумваюць такі варыянт. Бо зазвычай маленькія істоты апынаюцца злымі, хітрымі, падступнымі індывідуалістамі, якім толькі й падавай, што стварыць якую-небудзь купку рэфармістаў-інтэлектуалаў, што не пашкадуюць ні жэншчын ні дзяцей, забіваючы іх рукамі падманутых вінцікаў. А пралетарыят — ён волат, і, як многіх волатаў, яго вылучае безабароннасьць, дабрадушны характар, дзіцячая наіўнасць ды ўласцівасць лёгка паддавацца чужым уплывам. Але — волат. І Стаху прыемна зараз пачувацца часткай гэтага волата, ну, няхай не рукой і нават ня пальцам, аднак капілярам на запясьці — дакладна.
Такога кшталту разважаньні Стаха перапыніў Мурло, які зь дзіўным у гэтай цеснаце спрытам павярнуўся й гучна спытаў, аблізнуўшы перасохлыя губы і ўцягваючы яго ў нейкую размову:
— А ў цябе баба ёсьць?
— Аж дзьве, — у тон яму адказаў Стах і з прыкрасцю зразумеў, што казаць пра гэта нікому ня трэба было. Ды жаданьне пахваліцца такой гордаю праўдай было ўсеагульным. Недзе на верхняй палічцы Стаха зь нядаўняга часу ляжала, да пары ахайна згорнутае, шыкоўнае жаданьне такой размовы — каб хто-небудзь з мужыкоў запытаўся неяк наконт кабетаў, і Стах адказаў вось так, лёгка, мімаходзь, не задумваючыся, чыстую праўду. На шчасьце, ягоны адказ быў успрыняты як жарт, тонка хіхікнуў Мурло, затрос жаночымі грудзьмі Дзеленстап Каўкомавіч, усьміхнуўся Кірыла Антоныч.
— Дзьве, — скрывіўся Мурло, выстаўляючы на Стаха локаць, бо таго нечакана штурхнуў бяскрыўдны мужычок, і Стах ледзь не ўпаў галавой уперад. — Ты ня думай, што калі Сьняжанка з табой ходзіць, яна табе так проста дасьць. Пад ручку яна тут са многімі разгульвала, а каб легчы — ты што. Але ты дзейнічай.
Дзеленстап Каўкомавіч таксама нешта пражаваў, і Мурло задуменна пераклаў:
— Дзела вось кажа, што ён дзівіцца, як гэта Сьняжанка цябе абрала. Ёй сапраўдныя мужыкі падабаюцца. А ты ўсё малюеш ды сьцяхі пішаш. Ну жартую, жартую… Ты добры хлапец.
— Мы сур'ёзна, Стасік, — прабасіў Кірыла Антоныч ссунуўшы бровы і адначасова даследуючы языком лябірынты сваіх зубоў.— Чалавеку жаніцца трэба. Хто будзе працаваць тут, калі ня нашыя дзеці. Абстаноўка ў краіне складаная, сам ведаеш. Многа хто халявы шукае, а так каб рукамі… Мне ўжо й на прафкоме казалі: колькі, казалі, працэнтаў нежанатых? Выпраўляй, Антоныч, сітуацыю.
Яны ўжо прайшлі праз шкляныя дзьверы и спыніліся ля дэтэктару, чакаючы, пакуль падыдзе чарга Ззаду напіралі. Стах усхвалявана круціў у пальцах цыгарэту. Проста перад ім на сценцы будкі вісела пагрозьлівае папярэджанне: «Загадзя рыхтуйце пропуск!», але Стах ведаў, што гэта ён здолее зрабіць і ў вапошні момант. Ад дэтэктару да турнікету быў адзін крок. Сыпны нарэшце ўздрыгнулі, турнікет коратка загудзеў, і Стах ступіў наперад. Адразу ж дэтэктар з паляўнічым азартам заверашчаў, а потым выпусціў у душнае, нібы ў вакзальнай залі чаканьня, паветра прахадной тонкі струмень надзвычай непрыемнага для вушэй сьвісту. Счэзьлі размовы, крутануліся на калючых шыях тысячы зацікаўленых галоваў, тысячы вачэй утаропіліся у Стаха Па той бок таксама ўтварыўся натоўп, бо нават тыя, хто ўжо прайшоў праверку й выходзіў з прадпрыемства, вярнуліся да турнікету паглядзець што здарылася. Цішыня вібравала й патрэсквала. Людзі глядзелі на Стаха, Стах глядзеў сабе пад ногі. Яму было страшэнна няўтульна пад гэтым пільным тысячавокім позіркам. Ды што здарылася? Падурэлі. Зламалася ў іх машынка гэтая, чаго ёй вішчаць, ён жа штодня праз прахадную ходзіць. Потым ён урэшце ўзьняў галаву й запытальна ўсміхнуўся:
— Ш-што?….
— Падыйдзі сюды, — вартаўніца ледзь стрымлівала шчасьлівую дрыготку.
Стах наблізіўся, нясьмелая ўсьмешка на ягоных вуснах падрыгвала, бы вужык на гарачай патэльні. Зараз, зараз усё высветліцца, і ў яго папросяць прабачэння, і з палёгкай пагаснуць гэткія строгія вочы навокал, і сумленьне ўзрадуецца, назіраючы, як ляціць у плявацельніцу некалі непрымірэнчы зуб.
— Падымі рукі,— сказала вартаўніца ласкава. Стах выканаў просьбу, бо толькі просьбай, але аніяк не загадам можна было назваць гэтыя словы, якія мусілі б належаць дзіцячаму краўцу. Але перад ім тырчала, перагнуўшыся праз сьценку шкляной будкі, бясполая істота ў вайсковай форме з пагонамі, у фуражцы зь лягатыпам прадпрыемства — яна хуценька, з прафэсыйнай пяшчотаю прастытуткі абмацала Стахавы плечы, палашчыла смочкі, пагладзіла жывот, які не разумеў, чаму ў нас сёньня такая затрымка зь вячэраю. На Стахавых сьцёгнах рукі яе спыніліся, правая зьнікла ў кішэні курткі, пагрэлася крыху ля цёплага боку мехавой падкладкі й, удзячная, выцягнула на белы сьвет цэляфанавы пакецік, у якім, нібы ў кокане, чакала свайго моманту ледзьве ня сотня навюткіх, пражэрлівых, цьмяна-бліскучых шрубкоў. Вартаўніца ўзьняла вочы ўгару й застагнала, падстаўляючы твар пад кароткі грыбны дожджык з прэміяльных. Па натоўпе прайшоў задаволены рокат. Стах тупа глядзеў на невядома скуль узяты пакецік, перавёў погляд на Кірылу Антоныча, разгублена затрэс падбародзьдзем у накірунку Мурла. Адкуль?
— Што гэта, — вартаўніца вярнулася на сваё працоўнае месца, і цяпер выключна дзеля захаваньня традыцый рэагавала так, як трэба. Праўда, казала яна без усялякіх пытальных інтанацыяў.— Так. Што гэта мы сабе дазваляем. Як гэта можна так нахабна, проста ў кішэні. Пасаромеўся бы, схаваў нармалёва, ты што ж, думаеш, мы тут усе дэбілы. Ну распавядай, дзе ўзяў. Што рабіць будзем.
— Гэта не маё, я гэтага ня браў,— прашаптаў Стах, але яго ніхто ня слухаў. Зь лесьвіцы, што вяла на другі паверх, спусьціліся двое дужых пэнсыянэраў з адзьдзела аховы.
— Што тут у цябе, Сямёнаўна? — бадзёра пракрычаў адзін, пакуль другі заклікаў натоўп разыходзіцца й не ствараць затораў. Людзі ўздыхнулі й рушылі ў заведзеным парадку. Уцягнуўшы галовы ў плечы, маляры не азіраючыся выйшлі з будынку.
— Нясун! — урачыста выдыхнула Сямёнаўна. Яе напарніца, што прыціскалася да Сямёнаўны азадкам, з зайздрасьцю паглядзела праз плячо:
— Шчасьціць дурам.
— Задавіся сваімі срулямі,— пракамэнтавала словы напарніцы шчасьлівая жанчына. — Вось, глядзіце. Складаем пратакол.
Пэнсыянэрам усё й так было зразумела. Адзін падкідваў на руцэ злашчасны пакецік, другі распытаў у Сямёнаўны абставіны затрыманьня. Нарэшце Стах быў узяты пад рукі. Пальцы ў ахоўнікаў апынуліся жалезнымі — аціскалі Стахавы канечнасьці ня горш за апарат для вымярэння ціску.
— Ну, пойдзем, — прамовілі пэнсыянэры хорам, паглядзелі адзін на адного й засьмяяліся.
Яны рушылі наверх, туды, дзе Стах калісьці ўжо быў, калі прыходзіў уладкоўвацца на працу. Аднак паверх, дзе знаходзіўся адзьдзел кадраў, быў прамінуты, пэнсыянэры пацягнулі яго вышэй. На лесвіцы пахла селядцом, ад чаго страўнік Стаха паныла завурчаў, сьцены штопрыступкі гублялі аптымістычна-дзелавы белы колер, дэманструючы ўсё больш змрочныя брудна-зялёныя пералівы. Відавочнай станавілася і адсутнасьць на вышэйшых паверхах кандыцыянэраў, пасоўваньне па тутэйшым паветры нагадвала пастаяннае дакрананьне да стылай, прамарожанай, запэцканай у мазут бляхі. Афарбоўка сьценаў ясна паказвала, што добраўладкаваньнем на гэтых паверхах не займаліся ўжо прынамсі гадоў дваццаць. Памяшканьні, якія бачыў Стах, пасавалі бясплатнай савецкай прыбіральні часоў застою, але не заводзкай катавальні. Працы тут для маляроў хапала. «Чаму нас сюды не накіроўваюць?»— падумаў Стах тужліва, і нібыта цень Кірылы Антоныча памахаў пальцам яму зь цёмнага кута, дзе стаяла мэталічная сьметніца: не пра тое думаеш, Стасік, не пра тое.
Нягледзячы на вонкавую маладжавасьць Стахавых канваіраў, яны задыхаліся й выціралі з ілбоў заслужаны пот, калі ўрэшце прывялі свайго апекаваны да патрэбных дзьвярэй. Які гэта быў паверх, Стах ня ведаў, мусіць, шосты, а можа, і вышэй. У пакоі, куды ён увайшоў, чуючы за сьпінай сіплае пакашліваньне, стаяў невялікі пісьмовы стол з тэлефонам бяз дыску. На адзінай палічцы, прыбітай пад партрэтам генэральнага дырэктара, памірала дзіравая кветка. Фіранкі колеру хакі ўпускалі сюды роўна столькі сьвятла, каб можна было разгледзець невысокага чалавека, які сядзеў за сталом і глядзеў проста перад сабой. Пры зьяўленьні Стаха чалавек ускочыў і забегаў па пакоі, ад сьцяны да сьцяны.
— Ты ў мяне зямлю есьці будзеш! — закрычаў чалавек. Кабура на ягоным рамні здавалася ненатуральна вялізнай. — Ты ў мяне крывёю ўласнай захлынешся, сука! І дружкоў тваіх на чыстую ваду выведзем, будзь спакойны. Ты…
— Я…
— Маўчаць! Не размаўляць! Забі свой славесны фантан, гаўнюк!
Пасьля гэтага вывяржэння чалавечак раптам сьціх. Ён вярнуўся да свайго месца за сталом, прамармытаў: «Артылерыйская падрыхтоўка скончаная» і ўтаропіўся зноў перад сабою. Пэнсыянэры замерлі каля дзьвярэй.
— Дакладвайце, — махнуў рукой чалавек і чыхнуў.
— Будзьце здаровыя, — сказаў Стах асьцярожна, ён вырашыў не губляць годнасьці ні пры якіх абставінах. Трэба заставацца ветлівым і стаяць на сваім. Тады напэўна яму ўдасца давесьці, што яго, Стаха, нехта падставіў, элемэнтарна падставіў, і хутчэй за ўсё, з банальнай чалавечай зайздрасці. Але не пасьпеў ён прамовіць свае словы, як чалавечак ужо стаяў каля Стаха, патрасаючы недзе на ўзроўні Стахавых грудзей «настаяшчым» пісталетам. Кабура ягоная ў захапленьні закусіла губу.
— Заб'ю, падла! — чалавек упёрся галавой Стаху трохі вышэй за жывот, б'ючы пісталетам чамусьці па адным і тым жа гузіку, так што ў пакоі чулася раўнамернае ціхае пагрукванне. — Ён мне здароўя яшчэ жадае! Гэта табе яно зараз спатрэбіцца! Маўчаць, сука, маўчы, а то цябе ў катавальню на насілках панясуць!
І зноў гістэрыка скончылася раптоўна. Чалавечак ахайна схаваў зброю ў кабуру й сеў за стол.
— Сямёнаўна затрымала, — ступіў наперад адзін з ахоўнікаў.— Хацеў пранесьці з прадпрыемства праз прахадную пакет са шрубкамі. Штук пад сто. У кішэню паклаў і думаў, што не заўважаць. Я проста не разумею. Калісь несуны хітрэйшыя былі, у майткі, памятаю, хавалі, у задніць! засоўвалі, а як машынка нашая зьявілася, дык цяперака толькі на транспарце. А гэты нахабнік такі — проста ў кішэні хацеў.
— Нясун, значыць, — чалавечак крыва пасьміхнуўся. — Справа ясная. Імя? Прозьвішча? Па бацьку?
Стах назваўся, намагаючыся адказваць упэўнена й цьвёрда. Але голас атрымліваўся ўсё адно нейкі аблуплены, з-пад верхняга слою праглядвала апраўданне.
— Дзе працуеш?
— Маляр.
— Брыгадзір?
— Кірыла Антоныч.
— Э-э, — горка працягнуў чалавечак. — Шкада Антоныча. Такое ты яму западло падкінуў… Ну што, пішам пратакол. Дзейнічаў адзін або з групай?
— Разумееце, — Стах заплюшчыў вочы й жалаблівай скарагаворкай прамовіў: — Я нічога не хацеў выносіць, у мяне і ў думках ніколі нічога такога не было, гэта нейкая памылка, я шрубкоў гэтых ня бачыў, ня ведаю, як яны маглі да мяне трапіць, мне іх падкінулі, зайздросьнікі нейкія, паверце мне, калі ласка.
За сваімі таропкімі тлумачэньнямі ён не пачуў, як пэнсыянэры і іхны начальнік зарагаталі. Стах адплюшчыў вочы.
— Ды ты дэбіл нейкі,— сказаў чалавечак, аддыхаўшыся. — У цябе й праўда мазгоў нямашака. Акцябронак хераў. То ён спрабуе ў кішэні шрубкі пранесці праз электронны дэтэктар, то цяпер казкі распавядае пра белага бычка. Прыдумаў бы чаго больш цікавага.
— Усё што я сказаў — чыстая праўда, — сказаў Стах і міжволі нават пакланіўся. Але яго зноў ніхто не пачуў, бо на стале хрыпла зазваніў чорны тэлефон.
— Ясіраў,— гаўкнуў у слухаўку чалавек. — Маю, маю… Давай.
Слухаўка легла на месца.
— Справа ясная — пратакол. Па стацьці звольнім. Можаш лічыць, што ўжо не працуеш, гадзюка.
— Я не хачу сыходзіць, — Стах зрабіў крок наперад. — Я не…
Гэта было ўжо занадта. Як гэта — звольніць? Маляры, заробак, праца, фарба, Фарба, Праца, Маляры, Прадпрыемства, Сьняжана, прахадная — усё гэта, набытае з такой цяжкасьцю, так проста страціць? Што ён будзе рабіць без прадпрыемства? Хто будзе маляваць газэту на наступны год? Вяртацца да свайго колішняга бязмэтнага жыцьця, дзе Стах ня ведаў ні славы, ні сэнсу? Прадухіліць, тэрмінова прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, бо зараз будзе позна. А заробак, што мусіў быць у пятніцу. Фантастычная сума, потам і фарбаю, пэндзлем і крывёю… Не.
— Але паслухайце, — ледзь не завыў ён, кінуўшыся да стала. — Ну гэта ж проста трыццатыя гады. Тады за каласок у Сібір адпраўлялі, а тут вы за пакецік шрубкоў…
— Э-э, — пахітаў галавой Ясіраў і зноў чыхнуў, падазрона зірнуўшы на Стаха — ці не наважыцца той зноў што-небудзь ляпнуць пра здароўе. — Тваё шчасьце, што не трыццатыя. У трыццатыя я б цябе, сабаку, уласнымі рукамі… А добрыя гады былі. Парадак у краіне. Моцная рука нас усіх трымала, цёпла было ў такой руцэ, утульна, і не рабіў ніхто лішніх рухаў. Скажы, Косьцік?
Адзін з пэнсыянэраў летуценна закаціў вочы й правуркатаў нешта.
— Мы вось стараемся, каб трыццатыя… Э-э, ды што казаць, што ты разумееш у трыццатых, гаўнюк.
Дзьверы адчыніліся, пэнсыянэры адступілі ў бакі, не раўнуючы вартавыя ля маўзалею. Стах са зьдзіўленьнем убачыў, як у пакой, па-жаночаму віхляючы тазам, прайшоў знаёмы яму Мурло, ня той, маляр, класны хлопец, хаця й грубаваты, а намесьнік загадчыка адзьдзелу кадраў.— Добры, — павітаўся Стах, нечакана зразумеўшы, што Мурло можа яго абараніць. — Добры дзень, таварыш Мурло…
Мурло ціхенька падыйшоў да стала, прыняў з рукі Ясірава пачак цыгарэтаў, спытаў ціха: «Працуеце?» і пайшоў да выйсьця. Стах кінуўся да яго, схапіў за бездакорны рукаў.
— Таварыш Мурло… Вы зможаце мне дапамагчы…
Мурло нечакана спрытна вызваліўся, незадаволена паглядзеў на пакамечаную тканіну, прамовіў «Вы памыліліся, маё прозьвішча Цыпранаў. Ня буду вам замінаць» і так жа ціха выйшаў. А Ясіраў ужо лез на Стаха зь пісталетам.
— Ты што сабе дазваляеш, мразь ты сучая! Ты ж нават запомніць ня можаш, як начальства завуць, гаўнюк!
Стах цярпліва дачакаўся, пакуль прыпадак скончыцца, і, трасучыся, заплюшчваючы запаленыя вочы, адказаў:
— Рабіце што хочаце, але я нічога ня краў. Гэта падстава. Я не зьбіраюся сыходзіць, я да генэральнага дайду. Пішыце свой пратакол, і я пайду.
Ясіраў уключыў сьвятло, бо за вакном нарэшце сьцямнела. Пэнсыянэры ля дзьвярэй засумавалі, асабліва Косьцік — ён нюхаў беламорыну, камечыў яе, трымаючы ля валасатага носу, і з папяросы на форменны мундзір падалі маленькія завітушкі. Рот Стаха таксама перапаўняла сьліна, ён зглатваў яе, відаць, надта шумна, і Ясіраву гэта чамусьці было даспадобы. Гэстам ён адпусьціў ахоўнікаў, і яны са Стахам засталіся ў кабінэце сам-насам.
— Пратакол… — сказаў Ясіраў задуменна. — Ты разумееш, што ў працоўнай кніжцы тваёй будзе запіс: звольнены за спробу крадзяжу. З такой характарыстыкай у касманаўты ня возьмуць. Та-а-ак…
Ён дастаў з шуфляды стала паперу і асадку.
— Пратакол… Добра. Ты, я гляджу, зусім сапляк яшчэ. Шкадаваньне — пачуцьцё прыніжальнае, як сказаў адзін разумны чалавек. Думаю, такога прыніжэньня зь цябе на гэты раз хопіць. А там паглядзім. Можна абысціся без пратаколу.
Ясіраў паглядзеў Стаху ў самыя вочы, спадзеючыся знайсьці там неймаверную радасьць. Знайшоў, пасьміхнуўся, узяў паперу ў рукі.
— Тут гатовы тэкст, табе трэба толькі падпісаць. І пратакол не спатрэбіцца. Пойдзеш да жонкі, пад крылца, боршч есьці, тэлевізар глядзець. Ты ж добры хлапец. Д'ябал спакусіў, разумею. Захацелася грошыкаў на халяву. Вось, паглядзі.
— Я, дарэчы, конкурс сьценгазэтаў выйграў, чулі? — Стах дрыжэў ад радасьці. Як ён ня стрымліваўся, на скулу выехала ўдзячная сьляза на белым мэрсэдэсе. У той жа час знутры Стаха душыла незразумелая млосьць. Чагосьці не ставала арганізму, але чаго? Пра цыгарэты думалася ўжо з агідаю, іншая хваля накатвалася на пустэльны Стахау бераг праводзіла па ім языком, не знаходзіла патрэбнага й расчаравана адступала, прыносячы тупы боль і галавакружэньне.
— Тым болей, — адказаў Ясіраў стомлена. — Памыліўся, з кім не бывае. Але пачакай. Мне як следчаму трэба пераканацца… Пераканацца, што ты больш не схаваў нічога. Я ж так гляджу, яны шрубкі знайшлі, а далей не капаліся, ахламоны. Так што выбачай, мой доўг — праверыць да канца. Распранайся.
Стах абражана замахаў рукамі. «Пратакол!» — гідка агаліў зубы Ясіраў. «Хрэн зь ім,»— падумаў Стах, якому не цярпелася вырвацца на волю, і зьняу куртку.
— Далей, далей, — прадырыжаваў Ясіраў, разваліўшыся на крэсьле.
Стах зьняў швэдар і кашулю.
— Нагавіцы, — прамовіў Ясіраў па складох. Стах азірнуўся на дзьверы.
— Пратакол? Звальненьне?
Стах падпарадкаваўся. Ён стаяў у майтках пасярод кабінэту, і Ясіраў па-бацькоўску ўсміхаўся, пастукваючы пальцамі па стале. Дзіўна, але Стах зусім ня мерз, наадварот, цела, якое ўпершыню за такі цяжкі дзень змагло ўздыхнуць вольна, смакавала салодкі сюрпрыз паслабленьня, і пад пахі, пах якіх адразу ж пасяліўся ў пакоі, сьпешна атабарыўшыся ў ва ўсіх кутох, забіраўся прыемны халадок.
Добрае ацяпленьне.
— Калі вы… ну, мужчын любіце, я не дазволю, — сказаў Стах сарамліва. — Я на вас паскарджуся, чуеце?
— Як у цябе какетліва атрымалася, — праспяваў Ясіраў.— Ня бойся, ня буду я да цябе лезьці. Худы які, скура ды косьці… Ну, падпісвай.
Стах, натуральна, спачатку вырашыў прачытаць. Ён падыйшоў да стала, узяў паперу, але тут жа з жахам адчуў, што ў такі адказны момант яго ўсё ж падпільнавала эрэкцыя. Прычым якая… Сьняжана бы страціла прытомнасць. Стах адвярнуўся ад Ясірава, які зарагатаў, і прабег вачыма тэкст. Словаў там было мала. Абавязуюся адпрацаваць на прадпрыемстве дзесяць гадоў са дня падачы заявы. Абавязуюся ўладкаваць сюды на працу ўсіх сваіх дзяцей абодвух палоў. Абавязуюся прадастаўляць у адзьдзел аховы ўсе неабходныя яму зьвесткі пра настроі й пра ўсе размовы, якія пачую ад сваіх калегаў. Абавязуюся захоўваць наяўнасьць дакумэнту ў тайне. У выпадку парушэньня дамовы буду сплочваць прадпрыемству… Колькі? Ко-оль-кі-і?
— Я апранаюся, — кінуў Стах і падняў з падлогі нагавіцы. — Я адмаўляюся. Пішыце пратакол.
Ясіраў, зусім не зьдзівіўшыся, узяў асадку ды ўзмахнуў ёй па-над новым лістом. У той жа момант рука Стаха накрыла асадку, як каршук, і на паперу вылезьлі нейкія крамзюкі.
— Згодны. Я… Я расьпісваюся. Не! Не, згодны.
— І майткі.
— Навошта вам гэта? — прастагнаў Стах. Рука яго, якая толькі што падпісала самую важную паперу ў жыцьці, легла на гумку майткоў, пацягнула яе ўніз. Ясіраў корпаўся ў сваім стале, нешта шукаючы — збоку выдавала на тое, што ён часаў схаваную ў паліраваных нетрах стала загадкавую істоту, і істота гэтая шчасьліва павісквала. Партрэт генэральнага назіраў са сьцяны, па-казацку пасміхаючыся, як Стах выдастаў сябе з вузкіх майткоў і замёр, згорбіўшыся. У трохкутніку цёмнага ваеннага шкла таксама стаяў Стах, толькі паменшаны, і трымаў паміж ног галаву зьмяі — той зьмяі, якая прыносіць удачу. Зьмяя напружылася, здранцвела, прасіла літасьці.
— Любіш музыку? — спытаў Ясіраў зусім новым, незвычайным голасам. Вочы ягоныя бліснулі й тут жа згасьлі, каб праз імгненьне засьпяваць, ціха й хрыпла, — засьпяваць першы куплет гімну бесстароннасці. Стах разгублена глядзеў, як Ясіраў, трымаючы галаву пад абсалютна нежывым, парадным простым кутам, марадзёрскім рухам выцягнуў з-пад стала патэфон, што імшыста зайграў сваімі нікелевымі аздобамі пад сьветлападам лямпы, потым з грукатам паставіў на паперу са Стахавым подпісам зьзяючую гулкую трубу.
— Артылерыйская падрыхтоўка скончаная, — прашаптаў начальнік аховы, прыладжваючы трубу да корпусу патэфону. — Грасмэйстар Караштаньнікаў па вашым загадзе зьявіўся. На пазыцыях танцы. Любоў Арлова. Прашу падмацавання. Горад-герой.
Два байцы. Плі. Музыка.
Ясіраў зноў палез пад стол. Стах як зачараваны стаяў на месцы, баючыся варухнуцца — было адчуванне, што любы ягоны рух парушыць да часу прыхаваную гармонію вечара, і ня дай божа паляціць прахадная, і цыстэрны фарбы, і кабінэт, і сам Лараў, і неба пад тоўстым слоем бэтону й шыфэру, і заваконная поўня зь лягатыпам прадпрыемства у малянкоўскую шклянку якой-небудзь Рэспублікі Тартарары, і ўсьлед за імі, натуральна, туды ўсмокча й Стаха, без майткоў, беланогага, з бруднай душой, раба па сацыяльнасці, мастака па прызванні. Ясіраў вярнуўся з запыленай кружэлкай, з салодкім банцікам на вуснах накруціў спружыну, быццам набраў нумар каханкі.
— Зараз, зараз, — прастагнаў ён і выйшаў з-за стала. У патэфоне пайшоў летні начны дожджык, зарыпела нябачная брамка далёка ў казачным садзе Тут жа патэфон усё сапсаваў — забляяла камісійнае далёкае танга. Стах нахіліўся, каб падняць майткі, але Ясіраў падыйшоў да яго ўшчыльную, зрабіў кароткі паўпаклон і абхапіў Стахаву тонкую талію. Левая рука Ясірава, пальцы на якой былі спрэс пасечаныя мініятурнымі шарыкамі, мякка, але рашуча ўзяла ўспацелую Стахаву далонь. Агаломшаны Стах не супраціўляўся, і яны зрабілі па кабінэце некалькі цалкам пэўных колаў. Ясіраў павярнуўся да вакна, запракінуў галаву, губы яго з жарсьцю гладзілі адна адну. Шурпатая тканіна форменнага мундзіру прымушала стаяць у фронт усе валаскі Стахавага цела. Стах выварочваў галаву, каб толькі не адчуваць подыху Ясірава, ад якога надта ўжо несла першасортнай цыбуляю. Загіпнатызаваны, Стах доўга ня мог уцяміць, што адбываецца зь дзьвярмі, пакуль да яго не дайшло: яны адчыняюцца, надзвычай павольна й шматабяцальна. Адчыніліся. На парозе, аберуч трымаючыся за касяк, стаяў генэральны дырэктар Марлокін. Кашуля яго была расшпіленая на грудзёх, з нагруднай кішэні тырчэў кончык гальштуку. Стах адчайна паспрабаваў схавацца за сьпінай Ясірава, што, натуральна, загадзя было наканаванае на няўдачу. Марлокін абвёў пакой каламутнымі, зацыганенымі вачыма, але позірк ні за што не чапляўся, перакатваўся па сьценах, прадметах, танцуючых фігурах, бы шарык у дзіцячай гульні. Стах паторгаў Ясірава за каўнер, начальнік аховы прамармытаў нешта незразумелае й прыціснуўся да Стахавага жывата яшчэ мацней. Марлокін пахіснуўся, яго скаланула, як быццам ззаду ўдарыў таямнічы кулак, потым адвярнуўся й зрабіў крок па калідоры, па-ранейшаму застаючыся ў межах бачнасьці. Ён упёрся галавой у аблупленую сьцяну, і з тоўстагубага роту Марлокіна выляцеў на падлогу доўгі пярэсты струмень. Папляваўшы на плінтус, Марлокін уздыхнуў, прастагнаў нешта й рушыў далей. Генэральны дырэктар быў п'яны, п'яны, як замочаная ў віне ялавічына.
У пятніцу ўраньні страх пабудзіў Стаха, як і належала гэтаму пачуцьцю, роўна а шостай. Увесь учорашні святочны дзень Стах правёў у намаганьнях прыкрыць яго чым-небудзь, газэтаю, коўдраю, сшыткам са сваімі паэтычнымі вопытамі, лістом ватману, шырмай у лазьніцы, на страх можна было б паставіць тэлевізар, замазаць яго жоўтай фарбай, накласьці на яго закляцьце нікчэмнымі размовамі з маці пра новы халадзільнік, — безвынікова. Страх расплываўся тлустымі плямамі на такой, здавалася, чыстай паперы, страх аглушаў яго, калі Стах стаяў пад прыручаным дожджыкам душа, ён вылазіў на экран тэлевізара ў выглядзе параноікау-афганцаў, фарба апаўзала зь яго гордай паверхні. Як прымуць заўтра на прадпрыемстве, ці стрымае абяцанне Ясіраў, ці не наткнецца Стах на ветлівы байкот такіх прыхільных раней да яго маляроў? — бессэнсоўныя пытанні такога кшталту нанізваліся на нетрывалую нітачку Стахавага настрою, прылягалі адно да аднаго шчыльна, ладненька, хоць вешайся на гэтай нітцы. Стах давіўся чарговай цыгарэтай, пстрыкаў запальнічкай гэтак часта, нібы хацеў зьнішчыць папілярныя лініі на вялікім пальцы. Прамерзлая лесьвічная пляцоўка, дзе ён прабавіў, відаць, некалькі гадзінаў, паскудна нагадвала пра нядаўні шлях да кабінэту начальніка аховы; у пад'езьдзе да вечару адбываўся чэмпіянат па разгрузцы вялікага фургону — да іх у дом засялілася нейкая надта ўжо маладая сям'я. Пераможца прапанаваў выпіць разам, пазнаёміцца, хакей паглядзець. Стах пагадзіўся. «Я вось працу шукаю,»— прызнаўся новы сусед, калі яны ўвайшлі ў кватэру, па якой перарвалася з кута ў кут прыватызаванае рэха. — «Думаю на Прадпрыемства пайсьці. Ведаеш, есьць тут паблізу такое.» На падлозе курчылася ў сутаргах вільготнае дзіця. «Зараз, зараз,»— замітусіўся гаспадар, па-лёкайску распранаючы тэлевізар. Стах не разьвітаўшыся пайшоў дахаты й доўга сядзеў з пэндзлем у руцэ над аркушам паперы, што пры бліжэйшым разглядзе апынуўся не такім ужо белым. Страх. Іх са Стахам імёны былі вельмі падобныя, але Страх меў рацыю, меў рэгаліі, рыштунак, рэвалюцыйны крок, роспач абарачаў у радасць, страх мусіў рэінкарнавацца заўтра ў рыцара-пераможцу, кардынала Рышэлье, у той час як Стах ня меў гэтага ўпартага, рашучага «Р» і ў імені сваім чуў адно рафінаваны, дыстрафічны выклічнік. Ён лёг спаць з малітваю, каб ноч не сканчалася аніколі.
Але пятніца надыйшла. У перапоўненых аўтобусе й вагоне мэтро страх адступаў, бо з усіх бакоў да Стаха ціснуліся людзі, для якіх боязь СНІДу ды беспрацоўя даўно сталі сэнсам жыцьця. Але варта было апынуцца на вуліцы, між бамжуючых птахаў, заінелых машынаў і дрэваў, кожнае зь якіх падавалася згарэлым, як Стахавы ногі адмаўляліся рухацца, і ранішні сыр падыходзіў да самага горла. Стах хапаўся за кожную цыгарэту як за саломінку, узгадваліся чамусьці дзіцячыя візыты да стаматоляга. Ён падыйшоў да прахадной акурат у той час, калі мусіў ўжо сядзець у малярскім пакойчыку. Аднак, як гэта заўсёды бывае, нічога страшнага ня здарылася. Знаёмая ўжо Сямёнаўна па-змоўніцку яму пасьміхнулася, рабочыя віталіся як у лепшыя часы, ён спазьніўся хіба што на дзесяць хвілінаў. Брыгада й праўда прыняла яго насьцярожана, але да працы Стах быў дапушчаны безь перашкодаў. Першая палова дня цягнулася невыносна доўга, становішча вымагала тлумачэньняў, аднак жа ніхто не хацеў пачынаць. Спрыяльны момант надыйшоў падчас абеду. Кірыла Антоныч абменьваўся з астатнімі ўражаньнямі пра ўчорашні хакей, і Стах наважыўся ўрэшце ды спытаў, ні да каго канкрэтна не зьвяртаючыся: «Дык хто каго ўчора?» — «Нашы шэсьць тры,»— таямніча адказаў Бурцэвіч, і ўсе рэзка павярнуліся на ціхі Стахаў голас. «А ты чаго не прыйшоў?»— спытаў Кірыла Антоныч. — «Мы чакалі»— «Дзеўкі важнейшыя,» — пераклаў нехта словы Дзеленстапа Каўкомавіча і брыгада звычна засмяялася. Стах старанна крывіў вусны і энэргічна трос праяснелай галавою. «Дык як там гэтая гісторыя, са шрубкамі?»— нібыта мімаходзь кінуў Мурло. «Так, патлумач калегам, варуга,»— нахмурыў жартаўлівыя бровы Кірыла Антоныч. Стах уздыхнуў. «Ды нармалёва. Нехта падставіў, падкінуў у кішэню шрубкі гэтыя. Свалата. Але я ўсё растлумачыў… Разабраліся, адным словам. Цяпер я чысты перад законам.» Палёгка на тварах маляроў прывяла Стаха ў, бадай, жаночую расчуленасьць. Маляры падыходзілі, ляпалі па плячы, абдымалі. «Я ўжо й праўда паверыў,»— казаў Мурло. — «Ты ж проста дзіўны такі… Хто цябе ведае.»— «А я верыў,»— прамовіў Бурцэвіч. Дзеленстап Каўкомавіч таксама прамыкаў нешта, але нікому не было ахвоты перакладаць. «Хацеў бы я ведаць, што за курва цябе падставіла,»— задуменна прамовіў Кірыла Антоныч, панюхаўшы бутэрброд з салам. — «Калі б Рулінскі сабе пуза не ўспароў, я б у першую чаргу на яго падумаў. Ён мог, ад зайздрасці.» Пры згадванні Рулінскага маляры ажывіліся яшчэ больш. У кожнага, як высветлілася, былі да гэтага інжэнэра ЦЗЛ нейкія асабістыя рахункі. Кожны памянуў генія сьценгазэтаў нядобрым словам: у Кірылы Антоныча той пазычыў грошы й не вярнуў, так што магіла стала для самагубцы яшчэ й даўгавой ямаю, у Мурла Рулінскі адбіў дзяўчыну, Дзеленстапа Каўкомавіча нязьменна пры сустрэчы абзываў Еўстафіем Пахомычам, а ў Бурцэвіча дома гэты зайздросьнік быццам бы ненаўмысна выліў на новы светла-блакітны палас бутэльку «лоры чырвонага».
Пра Сьняжану Стах успомніў толькі напрыканцы працоўнага дня. Яе не было на працы ўвесь дзень, і Стах, як яму гэтага не хацелася, пацікавіўся, хаваючы вочы, у Танюхі, дзе ж падзелася Сьняжынка. «Адгул узяла,»— ашчэрыла гнілушкі Танюха. «Што, сумуеш? Ты ёй пазвані. А то зьезьдзі, праведай. Яна якраз да дзевяці сёньня адна.»— «Пазваню абавязкова,»— адказаў Стах голасам п'янага трактарыста, не наважыўшыся прызнацца, што ні тэлефонам, ні адрэсай Сьняжаны яму ніколі і ў галаву не прыходзіла пацікавіцца.
Шруб жыцьця, так груба вырваны са сваёй адтуліны вар'яцкімі падзеямі серады, на дзіва лёгка стаў на месца. Стах вырашыў жыць як жыў, ні пра што не даносіць, пастарацца навогул забыцца на існаванне гэтай зьніадкуль узьніклай паперчыны, якая ляжала зараз у стале Ясірава. Шчасьце, вядома, што яму дазволілі застацца на прадпрыемстве. Пад сажаю штодзённай працы, пустых размоваў і дзіўных звычаяў, у якіх, праўда, Стах знаходзіў з кожным днём усё менш дзікунскага і нават пачынаў лічыць іх надзвычай павучальнымі для гэтых інфантыльных людзішак адтуль, гэтых самаўпэўненых адтулінцаў (яму надта карцела ўбачыць у брыгадзе якога-небудзь навічка ды паназіраць за ягонымі пакутамі), пад усёй гэтаю сярэднявечнай таямнічасцю хаваліся бліскучыя пэрспэктывы. Мала таго, што прадпрыемства давала яму рэгулярны заробак, адзін з самых высокіх сярод дзяржаўных прадпрыемстваў гораду, так што Стах мог дазволіць сабе завесьці некалькі пародзістых, пухнатых, нявыхаваных і мілых звычак; мала таго, што ён кахаў фарбу мацней за ўсіх жанчын усіх сьветаў і цешыўся сваёй прыбліжанасцю да Яе Вялікасьці; мала таго, што на ягоным жыцьцёвым шляху сустрэліся нарэшце людзі, якія здольныя былі ацаніць ягоны талент, якія бачылі ў ім асобу, вартую ўвагі, якім ён, Стах, быў цікавы й сімпатычны. Мала таго, што ён пачуваўся тут натуральна і ўтульна, так добра, як нідзе па той бок, мала таго, што ён адкрыў для сябе вельмі прыемнае пачуцьцё, недасяжнае яму ў ягонай мінулай ролі — пачуцьцё радаснай стомы пасьля грунтоўна выкананай Работы. Было і яшчэ нешта. Па-першае, начальнік цэху паабяцаў Стаху пасьля Новага году выдзеліць памяшканьне пад майстэрню дзе-небудзь у падсобны, з умовай, што Стах будзе займацца афармленьнем цэху, рабіць матэрыялы па нагляднай агітацыі, патрэбныя надпісы на прадукцыі ды абсталяванні. Па-другое, ён дамовіўся, што друкарня прадпрыемства выдасьць увесну ягоную кнігу. За казённыя грошы. Значэньне гэтага цяжка было пераацаніць! Кніга. Ягоная першая кніга. Ягоны паэтычны зборнік. Назва ўжо была. «Рукі сноў, або сны рукі»— гучала годна.
Ужо каля самай прахадной, слухаючы разважлівы аповед Кірылы Антоныча пра апошнюю хваробу ягонай жонкі, якая ўжо тыдзень ляжала ў больніцы з падазрэннем на рак, Стах заўважыў у небяспечнай блізкасьці ад сябе карэспандэнта Ждановіча, апранутага ў нязьменнае сваё паліто, па якім струменіў каціны волас. Ждановіч таксама заўважыў Стахаву галаву, якая мерна пагойдвалася на паверхні натоўпу, але адразу ж удаў, што не пазнае, і дэманстратыўна ўзьняў вочы да балянсуючага на мяжы двух безагаворачных колераў прыземістага неба. У Стаха не было асаблівага жадання размаўляць, ён якраз задумаўся над рыфмаю да слова «Марлокін», аднак па прыхамаці чалавечай масы іх урэшце падсунула адзін да аднаго. Сарокі, далёкі, папрокі…
Ждановіч, намагаючыся не прыціскацца надта блізка, фамільярна павітаўся і, з прыкрасцю паглядваючы паверх галоваў, пасьпешліва загаварыў:
— Ну, як, вясной кніжка, а я прачытаў вашыя, выйдуць, выйдуць на наступным тыдні. Але ж хацеў вам параіць, вы бы на час кінулі паэзію, а напісалі б нам карэспандэнцыю якую, пра рэканструкцыю ЦТО, прыкладам. У нас за вершы ня плоцяць — а яны выйдуць, так, добрыя вершы — а за рабкораўскія матэрыялы пару рублёў атрымаеце. Я вось з друкарні йду і…
Маляры пазіралі на Ждановіча з пагардай, якую імкнуўся зьмякчыць хіба Кірыла Антоныч — брыгадзір змоўк ды павярнуў твар у бок карэспандэнта, што круціў галавою й спалохана азіраўся. Овэрлокі, урокі, вытокі… Вытокі…
— А верш той… ну, пра цэцэ… вы ўзялі? — спытаў Стах, інстынктыўна засланяючы Ждановіча ад Мурла, якому карцела, відаць, засадзіць карэспандэнту па назе. Натоўп марудна набліжаўся да дэтэктара. Стаху ўдалося акружыць сябе й Ждановіча зусім незнаёмымі людзьмі, і цяпер яны з карэспандэнтам нібыта стаялі ў цеснай кабінцы мужчынскай прыбіральні, удыхалі подыхі адзін аднаго; маляры паднялі ўверх пропускі, махалі імі, дэтэктар чытаў Пушкіна на памяць.
— Пра цэцэ, так… А, памятаю, цікавы верш, я зразумеў, файна вы абыгралі, як гэта там, і пад уладай тысяч сноў стаіць над імі Цэх Цахоў, добры дзень, Юры Максімавіч, і я пыльца ў яго руцэ… у яго руцэ, так, дзе гэта мой пропуск, вы, дарэчы, хакей учора глядзелі? так, пыльца ў яго руцэ… Ён песьня песьняў, ён ЦЦ… Так, здаецца?
Жанчына, якую ад Сямёнаўны адрозьнівала хіба дадатковая зорачка на пагонах, шумна захлопнула пропуск і адкрыла Стаху шлях. Усьлед адразу ж пралез і Стахаў спадарожнік, ягоны пропуск ніхто й не зьбіраўся глядзець. Ждановіч уздыхнуў.
— Не, гэты верш не прайшоў… Рэдактар. Вось калі б вы карыкатуру на якога-небудзь несуна намалявалі, або там карэспандэнцыю напісалі. А рэдактару ваша пра Антоныча спадабалася… Як там, здароў, маляр, здароў, Антоныч…
— Гэта не той… Гэта вы… — далікатна пачаў Стах. Яны выйшлі на прызаводзкі пляц, дзе маленькая мэханічная сьмярдзючка, павярнуўшыся да выходзячых з прадпрыемства трасучым задам і надрыўна глушачы ўсіх навокал, дапамагала вясёлым рабочым дзяўбці асфальт. Рушылі ў накірунку мэтро, якое мігцела недалёка ў пахнучым слотай паветры. Адліга працуе ў другую зьмену. Стах міжволі абярнуўся. Прадпрыемства ўсё яшчэ навісала над ім, усё поўнае прыхаванага руху, нейкай рэшткавай тэрцыі — ледакол, які ўпёрся грудзьмі ў гіганцкую крыгу гораду. Стах адкашляўся, і тут жа нязначны, ня варты таго, каб углядацца ў яго, апрануты ў мех цень, які апошнія некалькі сэкундаў мільгаў на заднім пляне ў бачнай Стаху прасторы, матэрыялізаваўся ў жывую, без каптурка, з ваяўнічымі вішанькамі ў маленькіх вачох Таю. Яна вырасла перад ім, надзьмуліся ды апалі тонкія жылкі на шыі, яна прымусіла яго спыніцца, яна ўкапала яго ў зямлю, яна пацягнулася, закінуўшы галаву, да ягонага твару, нібы жадаючы пацалаваць, і потым хвостка й звонка дала Стаху тры гарачыя, у чымсьці нават прыемныя аплявухі пляскатай скураной пальчаткай.
— Я магла бы сказаць Дынкіну, і ён бы прымусіў цябе лізаць уласную задніцу, — прамовіла яна, непрыгожа расцягваючы рот, ад чаго словы выходзілі нібы зь цюбіку з атрутаю. — А потым зьвязаў бы цябе ў такой позе й замураваў у бэтоннай сьцяне якой-небудзь нова-будоўлі, уродзец ты смярдзючы. Я магла б уласнымі рукамі адстраліць табе зараз на гэтым месцы тваю гнілую башку, казёл… Казёл…
— Мне ў рэдакцыю, я й забыў,— пляснуў сябе па носе Ждановіч і пабег кудысьці ўлева, проста па заснежаных клюмбах.
— Казёл, — паўтарыла Тая, не адводзячы ад Стаха вачэй і раптам усхліпнула.
Стах вымавіў яе ймя, ёй падалося — проста ўздыхнуў.
— Так накалоць, — твар яе заблішчаў, адтаяў, пераймаючы гульні навакольнай слоты. — І я… я… Я… павялася, павялася як дзяўчынка…
— Ды што здарылася? — Стах працягнуў да яе руку, і тут жа балюча атрымаў па ўказальным пальцы. Ён мімаволі адступіў, пагрузіўшы нагу ў магілу аднаго з тых пыхлівых сьнегавікоў, што яшчэ ўчора стаялі ля прахадной так непарушна. — Тая, што і… як ты…
— Гэта ты мне скажы, — яна злосна выцерла слёзы. — Ты мне зараз усё распавядзеш. Ня строй дурня, жывёла, латок ты прыпылены… Ты што, дагэтуль не зразумеў, з кім зьвязаўся? Адказваць будзеш…
— Ды што такое? Патлумач мне калі ласка!
Чарговы раз Стах пачуў, як голас ягоны, выхаплены з утульнай мяккай калыскі, каля якой ходзяць на цыпачках ды ціха думаюць услых, голас, вымушаны зноў выконваць нязвыклую для сябе ролю абаронцы свайго ўладальніка, зрываецца, вішчыць, ламаецца, набываючы бабскую пранізьлівасьць.
— Ты заразіў мяне, — сказала Тая, падкідаючы на языку словы, бы ледзянцы. — Ты заразіў мяне, гаўнюк, нейкай парашай, ня ведаю яшчэ якой. Але я была, чуеш, падла, я была ў Жаўткова, у доктара свайго, і ён сказаў, так, сказаў… Карацей, цяпер можаш колькі заўгодна казаць, што ты ня ведаеш анічога, прасіць аб літасьці, і навогул…
Вуліца перад Стахам пахіснулася. Раздваіўся паўзучы тралейбус на прыпынку, і двайніка ягонага панесла ўбок, проста пад колы міралюбнай белай таёты, што стартавала ад чырвонай плямы сьветлафору, плаўна апусьціліся на плошчу фосфарныя аблокі, бы падбітыя цэпэліны; з будынку палацу культуры, які сядзеў за дарогай, выскачылі доўгія пліткі асветленых вокнаў і рухнулі на прадаўцоў кветак. Але вуліца адразу ж стала на месца, у напрацаваныя гадамі звычныя пазы, і двайнік тралейбуса зьнік, і аблокі, надзьмуўшыся, імгненна ўзьляцелі ўверх, і нечая руплівая рука засунула вокны назад, бы шуфляды ў Ясіраўскім стале. І зноў перад Стахам стаяла ў злой адзіноце насупленая Тая, трымаючы за спінай заплечнік з абы-як упакаваным у яго горадам.
— Чым я мог цябе заразіць?… — Стах раздражнёна пахітаў галавой. — Што ты вярзеш?
Нібы сабака, які доўга чакаў загаду ля Таінага сьцягна й вось цяпер нарэшце яго атрымаў, нага яе маланкава кінулася наперад, і мысок цудоўна пашытага боту ўпіўся Стаху ў калена. Ён прысеў, давячыся незвычайна вострым болем.
— Пранцы. Хламідыёз. Трыхаманіяз, — салодкім голасам пералічвала яна, нават цяпер узвышаючыся над Стахам усяго на некалькі сантымэтраў.— Ганарэйны урэтрыт, пахавы лімфагранулематоз, мяккі шанкр, вэнэрычная гранулема, трыхаманадны вагініт… Выбірай, што даспадобы. Чымсьці з гэтага ты заразіў мяне, смярдзючы лох, паскуда ты гнойная. Аналізы пакажуць. І маліся, каб гэта быў хламідыёз, а не, напрыклад…
Хістаючыся, Стах падняўся.
— Чаму ты думаеш, што гэта я?… — сказаў ён хрыпла. — У мяне ня можа гэтага быць. Ніяк ня можа. Я ж толькі з табой, Тая…
— А хто ж? — амаль крыкнула яна. — Што? Што ты там шэпчаш, урод?
— Муж, — паўтарыў ён ледзь чутна, апусціўшы галаву.
— Муж?
— Ты сама казала… ну, што ён табе здраджвае… ты пісала…
— Гэта ня ён, — хутка прамовіла Тая. — Гэта ня можа быць ён. Я зь ім ужо паўтары гады як… ня сплю. Ну, не зусім ня сплю, мы… карацей, не твая гэта справа, няважна. Гэта ты, ты мяне заразіў, і ты адкажаш. Адкажаш як мае быць, не сумнявайся, пралетар смярдзючы. На тваім дзёўбаным прадпрыемстве ўсе, відаць, гнойныя такія… Калі б жа я ведала…. Блін, анэкдот на анэкдоце.
Пясьменьнік…
— Ня будзь такой без… безапэляцыйнай, Тая, — цяжка сказаў Стах, нэрвова чэшучы шчаку. — Паразважай, гэта напэўна ён… Юра.
— Баішся? — горка пасьміхнулася яна. — Мяшок з гнілой спэрмай… Як я не здагадалася. Маляр з заводу! Гэта ж трэба! А прыкінуўся як… Словы якія казаў… пра літаратуру, блін, пра мастацтва. А сам на прадпрыемстве гаўно калупае…
— Тая, — сказаў Стах, набраўшы ў рот паболей сур'ёзнасьці. Ён паглядзеў ёй у вочы, перадолеўшы млосны страх, які выклікалі цяпер гэтыя лялечныя шчылінкі, заўважыў там слабое, але ўсё ж існае сумненьне, і, акрыяўшы, прашаптаў:
— Можна быць маляром на прадпрыемстве й пры гэтым — геніям… Кафка ўсё жыцьцё працаваў страхавым агентам. Горкі быў бурлаком. Тая…
— Што ты мне мазгі накручваеш? — ашчэрыла яна зубы. — Чакай, за табой прыедуць.
Яна павярнулася й пайшла да стаянкі таксі, дзе, зашпіліўшыся на ўсе форткі, драмалі на рулёх няверныя адтулінцы. Можна было пабегчы, дагнаць, паспрабаваць усё растлумачыць. Стах міжволі засунуў руку ў кішэню нагавіцаў, памацаў, яму падалося, што толькі гэта можа зараз прынесці супакаенне. Сьняжана. Калі ня Юра, то яна, каралева маляроў. Стах адвярнуўся, каб ня бачыць маленькай постаці, якая ўжо падыходзіла да першай машыны, запаліў цыгарэту. А яна ж, калі ўсе яе аповеды — праўда, адпомсьціць. Жорстка. За хлусьню ды за хваробу. Калі хвароба сапраўды існуе.
Няцвёрдым крокам Стах падыйшоў да мэтро. Якія вечныя сюжэты падкідвае жыцьцё. Цікава, дарэчы, як жа яна яго знайшла, як выкрыла падман… Учора каханка, сёньня вораг. Хуткаплынна ўсё, хістка, няўстойліва, брыдка. Ён азірнуўся. Прадпрыемства цягнула назад. Ён стаў тут сваім чалавекам. Гэтыя сьцены мусяць абараніць яго.
— Гэй, ты, гадзючае насенне, падыйдзі сюды.
Таксі спынілася ля самага парапэту. Тая высунулася ў вакно, нафарбаваная наноў, зь незнаёмай усьмешачкай на чырвоным твары. Стах упёрся каленам у мокры каменны бок парапэту й чакаў. Пераход пакорліва зносіў чарговы рамонт, унізе, накідваючы на сустрэчных грубую сетку жоўтага сьвятла, гарэла тоўстая лямпа, некалькі рабочых фарбавалі сьцяну, весела перамаўляючыся.
— Ідзі сюды, халоп. Пралетарый, тваю маць!
Стах падыйшоў, чакальна пазіраючы на гэтае ненавіснае сувэнірнае стварэньне.
— Сядай.
Яна адчыніла дзьверцу.
— Ну вырашайце, рабяты, а то тут спыняцца нельга, — нецярпліва перагнуўся назад кіроўца. — Едзем?
— Залазь, — аблізала яна вусны. — Ды ня здам я цябе сваім, і рэзаць цябе ня буду. Прынамсі, сёньня.
Стах, перажагнаўшыся ўнутры, склаў сябе ўдвая й залез у таксі, дзе ўжо пахла Таяй. Кіроўца пагардліва агледзеў ягоную куртку й сьцебануў каня.
Горад раскручваўся за вакном у зададзеным напрамку, застраючы на ляжачых міліцыянтах, рабочых-рамонтніках, чорна-белых сьветлафорах, грамадзянах Кале, што пераходзілі вуліцу ў забароненых месцах. Яны ехалі кудысьці ў раён цырку, да вакна раз-пораз падплывалі трамваі, падносячы амаль да самых вачэй сваю нязьменную жаўцізну, з суседніх машын выглядвалі лядашчыя бляндынкі, гэткія ж сабакі з п'янымі вачыма й дзеці, шмат дзяцей, што паныла жавалі нешта, выціраючы пальцы аб шкло. Яны ехалі, і рух супакойваў.
— Пісьменнікі й мастакі на заводах не працуюць, — казала Тая, здымаючы пальчаткі.— Што б ты там ні казаў, яны мусяць вучыць публіку, даваць ёй прыклад, перасьцерагаць. А тут, блін, ён тырчыць на заводзе, і думае, што мае права на нешта. Ты ў лепшым выпадку аматар. А мастацтва ня можа… ну ня можа яно быць гэтым самым… ну, хобі. Пісьменнік, гэта калі кнігі, рукапісы, прэміі, тамы, мастак таксама — майстэрня, выстава. Няма грошай — сядзі галодны, але пахаць на заводзе… Так мяне разьвесьці… У цябе ж ніводнай кніжкі, ніводнай публікацыі, ніводнай выставы. Пра цябе ж ня ведае ніхто. І не даведаецца, будзь спакойны. Мастак ён… Маляр! І нікім іншым быць ня здольны. І, дарэчы, пра маю кнігу нікому ні слова. А то…
— У іншай сітуацыі я б паспрабаваў цябе пераканаць, — прамовіў Стах асцярожна. — Павер мне, на прадпрыемстве шмат вельмі таленавітых людзей. А галоўнае… Галоўнае — людзей. Іхнай непасрэднасці, іхнай мудрасьці маглі б пазайздросціць…
— Прадпрыемства, — павольна вымавіла Тая, і ў ейных вуснах слова гэтае прагучала як іншамоўнае. — Хлопчык, што ты ведаеш пра прадпрыемства? Ты хаця б уяўляеш сабе, дзе працуеш?
Яна паклала руку на ягонае калена, якое ўздрыгнула, быццам на яго апусьціў малаточак нэўрапатоляг, уважліва, надзвычай уважліва паглядзела яму ў вочы.
— Я…
— Не ўяўляеш, — уздыхнула яна, і па ўзмаху яе вейкаў было відаць, што адказ Тая знайшла менавіта ў ягоных вачах. — Табе й неабавязкова ўяўляць.
Тая дастала доўгую цыгарэту з абручальным кальцом ля фільтру, запаліла, выдыхнула дым у патыліцу кіроўцы.
— Мастак… Сапраўдных мастакоў ты таксама, я гляджу, ня бачыў. Я вось зараз сама дзіўлюся, як гэта я не замачыла цябе там, ля прадпрыемства гэтага, як гэта я сяджу зараз і спакойна так з табой гаманю… Чым ты мяне ўзяў? Сваімі загрузамі пра мастака? Ці мне так патрэбны быў хто-небудзь цяпер? А? Гляджу на цябе, і не магу нічога зрабіць з сабой… Шкадую. Я кагосьці шкадую. Як школьніца, ё-маё.
— Я мяркую… Трэба нешта рабіць з… — Стах апасьліва паглядзеў на вуха кіроўцы, — з нашай праблемай… з хваробай. Няхай гэта ня я, але я…
Ён замітусіўся на сядзеньні, і кіроўца зацікаўлена зірнуў на Стаха ў люстэрка.
— Я неўзабаве атрымаю грошы, і мы маглі б…
Тая засьмяялася, стомлена, зьдзекліва.
— Не хвалюйся, малыш… Дзякуй богу, я ўжо вялікая і ўсё зраблю сама. Слухай, зараз мы заедзем да маіх знаёмых, і я табе пакажу сапраўдных мастакоў. Каб ты зразумеў і не выдумляў, што ты там геній і ўсё такое. А потым мы разьвітаемся, і калі я цябе ўбачу яшчэ хоць раз… калі пачую… калі будзеш спрабаваць мяне шукаць… вінаваты будзеш сам.
— Даруй, — сказаў Стах ціха. — Я выходжу. Тая засьмяялася зноў, паспрабавала паланіць прарэх на Стахавых нагавіцах, ён скінуў яе руку и з агідаю адвярнуўся да вакна.
— І што я ў табе знайшла… Сказала б Дынкіну — і зараз бы ты быў ужо кастратам. У лепшым выпадку. А сама размаўляю, сьмяюся… Трэба яшчэ так палячыцца, каб кабель гэты не зразумеў нічога.
І чаму я цябе так…
Тая пазяхнула — драпежна, барвова.
— …шкадую. А?
Таксі спрытна разьмінулася з апранутай у вечаровы строй іншамаркай, што паважна вылазіла зь цёмнага дворыку, кіроўца загроб пад сябе руль, і празь некалькі хвілінаў Тая ўжо цягнула Стаха па вузкай лесвіцы, якую паўдохлая лямпачка рабіла яшчэ больш бруднай. Яны падняліся на трэці паверх, і неўзабаве іх прыціснула тварам да твару вузкая вітальня аднапакаёвай кватэры. Люстра трумо адбівала нечыя доўгія ногі, што ўзвышаліся на канапе, і зусім лысую галаву, прыслоненую да сьцяны. Стах наступіў на высокі жаночы чаравік, спатыкнуўся аб гіганцкія красоўкі й ледзь не паваліўся на цэлы гурт падрамнікаў, якія былі ахайна выстаўленыя насупраць дзьвярэй у прыбіральню. У куце рабілі камусьці цёмную зваленыя проста на падлогу плашчы курткі ды паліто. На гэтай кучы адзення спаў, прыкрыўшы хвастом жывот, чорны, нібы пафарбаваны алеем, кот. Тая пацягнула Стаха ў пакой.
Першы лысы сядзеў на падлозе й маўчаў, засяроджана гледзячы на выключаны тэлевізар. Другі, трымаючы ў руцэ напоўнены келіх, горача даводзіў непрыгожай, як Джаконда, дзяўчыне, што Харашэвіч — няўдалы пасьлядоўнік Пранішнікава. Дзяўчына ляжала жыватом на падлозе й паліла, выпускаючы дым з носу — струмяні ўтыкаліся ў пажоўклы дыван і іх ашмецьце зноў вярталася да ноздраў. На канапе, па якой, нібы наўмысна, былі маляўніча раскіданыя кроплі фарбы, сядзеў чалавек, які на фоне астатніх выглядаў найбольш прыстойна — прычоска як у Мурла, швэдрык, самалёцік каўняру кашулі на паголенай шыі, нагавіцы. У іншых жа вушы, дый ня толькі яны, прагіналіся пад цяжарам жаночых завушніцаў, грубыя паласатыя кофты, узятыя невядома ў якім сэканд-хэнду, абцягвалі дзіцячыя торсы без намёку на цягліцы, а шырачэзныя джынсы выдавалі хутчэй на дзьве спадніцы, зьнятыя з дзесяціклясьніцаў-блізьнятак. За мальбэртам (куды ж безь яго) хаваўся голы па пояс хлопец з гітараю на ўпацелым жываце. У зашклянелых вачох абыякава адлюстроўвалася савецкая лямпа, што матлялася на доўгім шнуры. Пальцы гітарыста ўтапалі ў струнах, правальваліся ўглыб інструмэнту, аднак жа ён разяваў рот і нудзеў пад нос нешта па-ангельску. У цэнтры на падлозе выгіналіся пад рухомым сьвятлом бутэлькі рознае масьці, смачна пахнуў слоік з кабачковай ікрой, чакалі шакалаў трупы бутэрбродаў. Тая наступіла пяткай на шкло, махнула рукой. — О! — заравеў першы лысы. — Тайка! — Ціха ты, — шчоўкнула пальцамі Тая ў яго перад вухам. Стах дрыжачым голасам назваў сваё ймя й сеў на край канапы, бліжэй да самага прыстойнага з Таіных сяброў, працягнуў руку лысаму. — Ты яму пацалуй лепш, — паморшчыўся другі лысы. — Ён у нас не зусім мужчына. Ён міс Магдаліна. Я Джоні. Гэта Савелій…
— Якая розьніца, хто ёсьць хто, — сказаў міс Магдаліна. — Імя — адно цэтлік, які старасьць навешвае на маладосць. Імя ня мае значэньня. Калі я пабачу гэтага маладога чалавека ў другі раз, я не пазнаю яго, а, значыць, і не ўзгадаю імені. У яго вельмі незапамінальная зьнешнасьць, згадзіся, Долі.
Дзяўчына паглядзела на Стаха скрозь струмяні дыму, кудысьці яму за вуха, памацала позіркам Стахава падбародзьдзе, правяла ўказальным пальцам па сваім, села, пругка пацягнуўшыся, наліла сабе віна.
— Ну ты бы змог яго намаляваць, а, Магда? — спытала Тая, запаліўшы й паклаўшы нагу на калені Стахавага суседу.
— Як нефіг нафіг, — спакойна адказаў міс Магдаліна. — Як чэляс, як грыб, шапка якога пераходзіць у твар. А на твары — ні носу, ні вачэй, ні роту. Чалавек з натоўпу.
— Чалавека з натоўпу мы не ўспрымаем як уладальніка пэўнага твару, — патлумачыў Джоні.— Згадзіся, калі мы едзем, напрыклад, у аўтобусе, іншыя часткі ягонага цела… іхных целаў, сотняў целаў, набітых у гэтую жоўтую падарачную каробку, у гэты басэйн крыві й плязмы, — іншыя часткі цела настойліва спрабуюць зьвярнуць на сябе натую ўвагу. І гэта ім удаецца. Мы адчуваем дотыкі чужых чэлясаў, сьпінаў, грудзей, адчуваем пах з роту рабацягі, пукатасьці цяжкіх валізаў хатніх гаспадыняў… На твар не застаецца ўвагі.
— Так, сярод натоўпу мы сканцэнтраваныя на целе… — сказаў Магда. Стахаў сусед сядзеў усё так жа маўкліва.
— Ты што будзеш піць, Тайка? — спытаў Джоні, кладучыся грудзьмі на дыван.
— Гарэ-э-лкі,— зь вялікай літары выдыхнула Тая. — Поўны келіх.
Джоні паціснуў плячыма й наліў. Долі легла ля Таіных ног, прысланіла галаву да яе калена, узяла з Таіных пальцаў недапалак.
— Загрузілі мы твайго чалавечка, — усьміхнуўся Джоні, вусны якога пасьля праглынутага падлеткава, рабінава расквеціліся. — Давайце я вам лепш прачытаю фернш-квам-пэрфэкт. З апошняга зэ-бэст оф джоні кулікоў.
— Не заебло? — смурна спытала Долі.— Пушкінг свой прапіхваць не бло-бло, кажу?
— Лат іт бі,— кінуў Магда, рыгнуўшы. — Калі ёсьць паэты, камусьці трэба пад іх класьціся.
— Хлопчыкі й дзяўчынкі,— нечакана ясным голасам прамовіў той, што з гітарай, і ўсе здрыгануўшыся азірнуліся. Вочы гітарыста засталіся такімі ж шклянымі, так што ясны выразны голас яму, відаць, прысніўся. — Не будзем гуляць у сарокінскія кніжкі. Давайце блюзон. І ўсе згодныя.
— Чытай, — сказала Тая, нагбом выпіла келіх гарэлкі, у якім чамусьці плавала карабельнае дрэва корку, і яе ледзь не званітавала. Страшэнным намаганнем яна ўтрымала каштоўны напой за мужна сціснутымі вуснамі, Долі засунула ёй туды кавалак бутэрброду. Пару кропель гарэлкі, зьмяшаных са сьлінай, усё ж трапіла Долі на запясьце й тут жа былі зьлізаныя.
— Мы не ў сарокінскія кніжкі гуляем, а ў першых хіпі,— лянотна сказаў Магда, паглядзеўшы безуважна на Стаха. Стаху ўсё падавалася дрэнным кіно. Ён машынальна ўзяў у Джоні танцуючы кілішак, выпіў яго, анічога не адчуўшы. — Сьвятая мудрасьць мастацтва плюс заганная наіўнасць юнацкай гіпэрсэксуальнасьці. Але мы гуляем, так, гуляем. Хто мастак без гульні?
— Давайце блюзон, — сказаў чалавек з гітарай. — І ўсе згодныя.
— Тайка, мне трэба грошыкі,— Долі дакранулася вуснамі да Таінага калена, ашуканская цеплыня якога масіравала Стахаў хрыбет нават на такой адлегласьці.— Тайка, мне трэба шмат. Пяцьсот касых. Інакш я дзяўчынка-капучынка.
Тая падміргвала Нэфэрціці ў келіху.
— Я чытаю, — урачыста папярэдзіў прысутных Джоні, узьняўся, шчыплючы зацёклую нагу, і заплюшчыўшы вочы прадэклямаваў:
Вісеў ля нашага вакна
Сівы маляр самотны
Распасціралася сьцяна
Пад пэндзлем, як палотны
Ён быў прыгожы, бы Ван Гог
У каптуры спартыўным
Ён быў амаль паганскі бог
Ён быў плэйбой! Сэкс-сымбаль!
Дастаў ён прымы, запаліў
З суворай прыгажосцю
Ён бачыў лес, раку, палі,
Варонаў на пагосьце
Так, толькі ты ды я —
Мы ведаем сакрэт
Чаму сівы мастак (маляр?)
Зламаў сабе хрыбет
Чаму ён з трэцяга паверху
Зьляцеў, нібыта альбатрос
Чаму тырчэў зь яго прарэху
Цяжкі сталёвы трос. Усё.
— Ну і што? — млява сказала Тая й прасунула пальцы ў курчастыя валасы Долі.— І што гэта значыць? Што ты хацеў, ізьвініця за выражэнія, гэтым сказаць?
— Фігня, — сказаў Магда ды адвярнуўся. Голаспадаў гітарыст.
— А давайце лізаць, — прамармытаў ён жаласліва. — І ўсе згодныя.
— Можа, усё-ткі блюзон? — насьмешліва запытаўся Магда.
— М-можна, прамовіў гітарыст, і ніжняя струна нарэшце лопнула.
— Ты на гітары граеш? — спытаў Джоні, павярнуўшыся да Стаха. Шкада. Гэх, не разумееце вы нічога у мастацтве рэлігійных сьпеваў, херы касалапыя. Ня хочаш на кухню выйсьці?
Стах падняўся, запытальна зірнуўшы на Таю. — Колы няма, ці хаця б мінералкі якой? — казала Тая Долі, пакуль тая налівала другі келіх гарэлкі. Стах выйшаў. На кухні панавала вясёлая анархія. На лядоўні, перакуленай на бок, каб зручней было выкарыстоўваць яе як стол, спалі нямытыя талеркі, зь якіх, мяркуючы па ўсім, нядаўна вымагалі хлебам яечны жаўток. Джоні прагна абхапіў губамі кран. Стах запаліў сваю восьмую цыгарэту ў гэтым доме. «Трэба будзе набыць. Забегчы ў кругласутачную,» — падумаў ён, шукаючы нагоды, каб хутчэй пакінуць гэтае шызафрэнічнае баляваньне, дзе ён, як высветлілася, усяго толькі істота безь імені зь незапамінальнай зьнешнасьцю. Адзін Джоні — нічога сабе хлапец. Астатнія — нейкія даўны-пераросткі.
— А ты чым займаешся? — пракашляў Джоні, напіўшыся. — Чым зарабляеш на хлеб надзённы?
— Ну, я… — зьбянтэжана прыкрыўся далоняй Стах.
— Ясна. Работнік умсьцьвеннага труда, — сказаў Джоні.— Тайка іншых і не прыводзіць. Яна нас корміць усіх, Тайка. Благадзецельніца наша, матушка. Не, яна праўда файная. Толькі дробная. Ты на ДПА хадзіў? Я ў кастрычніку там выстаўляўся.
— ДПА?
— Ясна, — хутка прамовіў Джоні й прыпаліў ад Стахавай цыгарэты. — Дух. Прастора. Адкрыццё. Выстава маладых, блін, мастакоў. Ты, відаць, па іншых справах. Маўчыш усё, як наш Далай-лама. Ён па тыбецкіх сьпевах. І варган там, ведаеш, уся фігня… Вы дзе рэпэтуеце? Што, зноў у малако? У Джоні зьбіўся прыцэл. Трэба пасёрбаць айн вэніг. Давай.
Гарэлка ў гэтым доме стаяла, мусіць, у кожным куце. Яны выпілі, і Стах урэшце адчуў у галаве слабы гул. Далёкі гул прадпрыемства. Песьню ягоных жалезных бубнаў. Джазавы шоргат пэндзляў. Шаманскі покліч сірэнаў. Буханьне прыручанай лавіны за сьценамі ЛЦ-2. Яны з Джоні паразмаўлялі яшчэ пра розныя мастацкія пытанні, прычым Стах, нягледзячы на тое, што ён сказаў хіба тры-чатыры словы, быў названы найлепшым суразмоўцам і расцалаваны — урачыста й мокра. Стах папрасіў паказаць творы.
— Творы? Карціны, ці што? — недаўменна паглядзеў Джоні.— Ды ну цябе. Што ты як зінгелынухер парышся. Ты яшчэ скажы, што табе цікава. Карціны. Вось, глядзі. Хата мая — чым не карціна?
Тая зазірнула на кухню, тэстам выгнала Стахавага новага сябрука, прыціснулася, пацерлася шчакой аб швэдар. Ён паспрабаваў адштурхнуць яе, і толькі калі гэта на дзіва лёгка атрымалася, зразумеў — і захапленьне, бурлівае, але да пары нямое, завібравала ў грудзёх — зразумеў раптам, што Тая сама да свайго невядома дзе рыпячага ложку не дабярэцца. Яна ткнулася носам у Стахавы рэбры, ён нагнуўся, каб падтрымаць, Тая падняла размытыя вочы й, пуста пасміхаючыся, намалявала вострым языком на вуснах распуснае й немінучае О.
— Выклічы таксі,— сказала яна глупа й з бэзавым пералівам. — На Цэлтніекса восем. Маляр. Малярмалярмалярмаляр.
Стах уладкаваў яе на лядоўні, разьбіўшы талерку.
— Не, я сама.
Яна пайшла на невялікую шафу з посудам і паспрабавала зьвіць там гняздо.
— Не туды, — са зьдзіўленьнем гледзячы на пабітае шкло.
— Прадпрыемства, — любуючыся палоскай уласнай скуры, якая чароўным мазком праступіла на абцягнутай калготкамі ладыжцы.
Стах вывеў яе ў калідор. Джоні ўхапіў яго за плячо: «Можа, умажамся?» Стах амаль вынес Таю на пляцоўку. «І ўсе згодныя,» — пачуўся стомлены голас гітарыста, які йшоў у прыбіральню. Дзьверы за імі ніхто зачыняць ня думаў. Яны выйшлі з пад'езду ды ўпалі ў слоту. Стах ляжаў, удыхаў сонны водар гарэлкі й губной памады, якім шчодра адорваў паветра адкрыты Таін рот. Зірнуў на яе дзіўна цьвярозы твар — яна глядзела на чорнае неба ў драўляных бусах, глядзела з расчараваньнем.
У таксі яна паліла Стахавы цыгарэты, штохвіліны трапна дасылаючы языком мокрыя ліпучыя тытунькі яму ў вуха. Стах зь пяшчотай слухаў вільготнае поканьне яе вуснаў — гэта была тая Тая, якую ён замаўляў у жыцьця. Але тэрмін годнасьці скончыўся, і вось скарыстаны прадукт дысцыплінавана, як і належыць сучаснаму прадукту з гарантыяй якасьці, самаліквідуецца. Магчыма, гэтае разьвітаньне мае такую ж каштоўнасьць, такі ж узровень сэнтымэнтальнасьці, што і расстаньне з выкінутым у сьметніцу старым абуткам. Чаму ж тады гэтак цесна ў грудзёх?
— Як жа ты мяне знайшла? — спытаў ён, цешачыся той палёгкаю, якая надыйшла, калі яны пакінулі кватэру Джоні. Будучае — ні праз паўстагодзьдзя, ні праз хвіліну — ужо не падавалася такім страшным. Тая выкінула цыгарэту ў вакно й прынялася вывучаць пазногці. Стах пасьміхнуўся й перапытаў.
— Як ты мяне знайшла?
— Ты, відаць, усё ж слаба ўяўляеш, з кім маеш справу, — прымружылася Тая. — Ведаючы, дзе ў цябе лецішча… Усё астатняе — як два пальцы. Я чакала чаго заўгодна, але прадпрыемства… Вось, блін, гіронія лёсу.
Яна вінавата разьвяла рукамі перад сваёй гувэрнанткай, той таямніцай, якая заўсёды сядзела ад Таі праваруч. Цёплае дыханьне яе казытала Стаху нос. — Стоп, стоп! — замахала Тая ля нейкага начніка пад назваю «Страўс». — Тармазі. Схадзі набудзь цыгарэтаў нармалёвых і мінералкі. Піць хачу — памру зараз.
Стах вылез ды пахлюпаў праз дарогу па слоце. Начнік адпавядаў назьве: засунуўшыся вітрынамі й касамі пад зямлю, крама дэманстравала вуліцы толькі асветлены зад, зь якога ўніз вяла набрынялая мокрым сьнегам лесьвіца. «Зараз вярнуся, а машына ўжо ўкаціла. І ня будзе больш ні Таі, ні суботаў сярод бязьлюднага пасёлку, ні вось такіх вар'яцкіх вечароў, як сённяшні,» — падумаў ён, набываючы самыя дарагія цыгарэты, пляшку мінералкі й для сябе моцнае піва. «Затое — прадпрыемства, дзеля якога я столькім ахвяраваў. Кніжка, сябры, майстэрня, заробак, пастаяннае пачуцьцё ўласнай дагледжанасьці». Таксі стаяла на месцы. Тая спала, паклаўшы ногі на сядзеньне.
Напоямі давялося памяняцца. Тая схапіла піва, машыну тарганула на нейкай зь зямных восяў, і два рудыя вусы выраслі на яе твары. Стах пагрукваў закаркаванай мінералкай аб пярэдняе сядзеньне.
— Вырашыла, — Тая ікнула. — Слухай…
Яна нахілілася й горача прашаптала, апякаючы Стахавы скроні:
— Паехалі на лецішча. У вапошні раз.
Кіроўца пагадзіўся за двайную плату. Хутка яныімчалі па той шашы, якая існуе толькі ноччу, а ўдзень ператвараецца ў шэры цень ад завіслай у небе камэты. Гадзіньнік на прыборным шчытку зелянеў: 23.23. Таксі рэзала вечар, адкрываючы ўсё новыя падрабязнасьці ягонай анатоміі: мноства залітых вадою, пульсуючых, палаючых сэрцаў, павароты, абгорнутыя вакол напампаваных узгоркаў, бягучых наперадзе людзей, няправільныя крыжы слупоў пад лахмоцьцем успоратай сіняй скуры. За вакном уздыбліваўся мокры сьнег, складваўся ў пісьмёны і адразу ж рассыпаўся, не знаходзячы ўзьнёслага дэшыфратара. Стах чуў, як тахкае Таіна сэрца, заклапочаны лічыльнік пераводзіў боскую валюту ў рублі. Стах пачуваўся як старажытны селянін, што кіруе ў лес забіваць старога каня. Да пачатку працоўнага дня заставалася амаль восем гадзінаў. Зрэшты, якога працоўнага? Заўтра субота, дзень п'яных маленькіх дзяўчынак на прамерзлых лецішчах.
— Ты ведаеш, што ты мне вінны? — спытала Тая густым, як алькагольны румянец, голасам. — Ты мне вельмі шмат вінны.
Таксіст давёз іх да чыгуначнай станцыі. Дом Дубраўскага ляжаў ва ўзорнай цішыні. Яны пайшлі па слотным каралеўстве, варушачы замерзлымі пальцамі на нагах, і кожны не падазраваў, што другі робіць гэта ж. Дачны пасёлак выдзяляў у ноч блакітнае сьвячэньне. Праз радовішчы халоднага туману яны выйшлі пасьля нядоўгіх блуканьняў на патрэбную вуліцу. Стах страхаваў бясстрашную Таю, якая ішла напралом, зусім не баючыся трапіць у пастку выпадковай лужыны.
— Цікава, а што там за лесам? — спытаў Стах, павярнуўшы галаву да цемрадзі, што вартавала пасёлак. — Ведаеш, я ніколі ня быў за гарадзкой рысай. Часам мне здаецца, што горад акружаюць нябачныя сьцены, і дзе-небудзь на сунічнай паляне, там на кусьце адна суніца — раз і сарваў, а хочаш другую, і рука ўпіраецца ў паветра.
— Ты ніколі не выязджаў з гораду? — Тая нават спынілася. — Ты што, сур'ёзна? Не, я многіх людзей бачыла, але такога… Там, за горадам… Вунь там за чыгункай — ведаеш дзе чыгунка? — катэджы ўсякія, загарадныя дамы розных шышак. Радзівіл, дарэчы, у вадным зь іх жыве, памятаеш, я табе неяк казала пра Радзівіла. Ці не табе? Добра, гэта неістотна. А далей там розныя калгасы й маленькія мухасрані. Хаця ёсьць у краіне месцы нічога… Але мы з маім казлом у вапошнія гады па замежжы больш каталіся. Слухай, а ты што, нават да сваякоў там розных, бабулек сваіх ня езьдзіў ніколі?
Стах паматляў галавой. Тая яшчэ доўга абуралася такой нелюбоўю да падарожжаў. Пад канец шляху яе пачало круціць, яна йшла, апусціўшы галаву, рухаючыся па гэткіх мудрагелістых траекторыях, як калі б перад ёй быў намаляваны лябірынт. Нарэшце паказалася цагляная Таіна сядзіба, але ніякіх пытанняў не было — яны накіроўваліся ў дом Стаха.
На дзіва, у доме было ўсё-ткі цяплей, чым на двары. Тая кінулася да ложку, захінулася коўдраю, запаліла змакрэлую цыгарэту, чамусьці пачаўшы пераконваць, што яны — у вапошні раз, толькі дзеля таго каб паставіць кропку, і ніколі болей, і тэдэ, і тэпэ, «і ўсё такое». Стах падняў па камандзе імбрык; зашаргатаў кавай, раскідаючы па кубках попел. Адліга скончылася, вакно пачынала сэрыял пра завіруху, ня менш банальную, чым якое-небудзь каханне.
— А як там бабы на прадпрыемстве? — прамармытала Тая, зь цяжкасьцю ўжо прытрымліваючы вейкі.— Я патрабую, каб ты распавёў, якія там? Сімпатычныя ёсьць? Нагастыя там, грудастыя? Ты там яшчэ… ні з кім…
Яна хіснулася, упала галавой наперад — проста Стаху на жывот, і адплюшчыла вочы: «Кавы!»
— Там працуюць нармальныя людзі,— прамовіў Стах, прыціскаючы яе да сябе вольнай рукой. Кава гуляла па доме зь лёгкім покрывам свайго водару й нашэптвала шаманскія заклёны. — Яны мне, ведаеш, калі ў мяне прэміяльныя скралі, скінуліся па рублі й сабралі ўсю суму. Твае б знаёмыя такое здолелі? Прадпрыемства дасьць мне магчымасць самарэалізавацца. Яно навучыць мяне разьбірацца ў людзях. Яно дасьць мне жыцьцёвы досьвед. Яно памірыць мяне з грамадзтвам. Яно дазваляе мне дасьледваць псыхалёгію, філязофію, іншыя навукі не ў бібліятэках, а непасрэдна, у натуральных умовах. Яно выпусціць маю кнігу, яно прадастаўляе мне майстэрню для працы.
— Спадзяюся, я аніколі ня ўбачу ні кнігі, ні карцінаў,— пасьпешна сказала Тая. — Яно… дасьць… Слухай, а ты задумваўся калі-небудзь над тым, якую цану ты заплоціш за гэта? І ці ня думаў ты, што яно дае табе ўсе гэтыя магчымасці, каб адбіць усякую ахвоту займацца тым, без чаго ты сваё жыцьцё не ўяўляеш? Табе ніколі не здавалася, што надта ўжо розьніцца стаўленьне да цябе па-за прадпрыемствам і на ім? І ты ніколі не лавіў сябе на такім падазрэнні, лёгкім такім падазрэньні, што ўсё тое, што адбываецца з табой там — занадта ненатуральна, каб быць сапраўдным?
— Я нідзе яшчэ не адчуваў сябе так вольна, так утульна, — упэўнена адказаў Стах.
— А ці не ўзьнікала ў цябе такой думкі,— не ўціхала Тая, — што ты — поўная бяздарнасьць? Што ты знайшоў на прадпрыемстве такіх жа бяздарнасцяў, з той толькі розьніцай, што яны не ўдаюць на інтэлектуалаў і творчых, блядзь, людзей, і цяпер вы кажаце адны адным камплімэнты: яны такія таленавітыя людзі, і мой талент цэняць… Бездары, я заўважыла, любяць больш за ўсё на сьвеце сабрацца ў вадным месцы й расхваліваць адзін аднаго, аналізаваць, вывучаць, а потым зьмяшаць з гноем.
— Што? — што яна дазваляе хай замахваецца на што заўгодна але на гэта — Тая, гэта ўжо абраза! Ты мае творы бачыла?
— Сьценгазэту? — яна румзала ад сьмеху. — Оду таварышу Марлокіну? Сэрэнаду брыгадзіру гэтаму… як яго… Кірылу Анатольевічу? Ты ж домік з трубой ня зможаш намаляваць! А твае гэтыя вершы — яны проста набор… набор… ну, карацей…
— Тая! Замаўчы!
— Высакапарнасьцяў, о!
— Табе ніколі не зразумець, што такое прадпрыемства. У рабочага ёсьць годнасьць, а ў цябе што, апрача малпы ў шлюбным ложку? Не чапай маіх талентаў, і адчапіся ад прадпрыемства. Ты нічога ў гэтым не разумееш. Напісала сачыненне школьнае пра мужа свайго тупога, і думае, што гэта мастацтва!
— За сачыненне адкажаш, — халодна прамовіла Тая. — Хрэн з табой, хлопчык мой, я распавяду табе пра прыроду белізны. Хай мяне Радзівіл пакрышыць на катлеты.
— Зараз будзе пропаведзь. Пра бога з-за чыгункі. Бачыў я твайго Радзівіла, прыязджаў ён на прадпрыемства. Звычайны чыноўнік.
— Слухай уважліва й не перапыняй мяне. Хутка табе стане цікава, і ты будзеш на каленях прасіць мяне працягваць. А я буду ліць табе за каўнер кіпень і гучна сьмяяцца.
Насамрэч прадпрыемства, дзе ты, як табе здаецца, працуеш, ёсьць нічым іншым, як вялізным гульнёвым полем. Не, створанае яно было, ведама ж, для вырабу прадукцыі, вельмі даўно, калі яшчэ нашых бацькоў не было на гэтым сьвеце. Але цяпер і ты, і твае — ха-ха — калегі — ня больш за фігуры на дошцы. Якім чынам? Слухай, слухай, не перапыняй. Я ведаю, гэта гучыць фантастычна, і ўсё такое. Вось у цябе ніколі не выклікалі падазрэння твае суровыя працоўныя будні на прадпрыемстве? Яны не нагадвалі табе херова зьняты фільм, як быццам ты доўга сядзеў перад тэлевізарам, заснуў, тупа назіраючы за чарговым баевіком, і апынуўся ўрэшце па той бок экрану, і цяпер ужо ня можаш прачнуцца, а ўсё граеш дзень за днём адну й тую ж ролю. Табе наканавана застацца бессмяротным на стужцы… нікому не патрэбнай, беспасьпяховай стужцы. Ой, што гэта я загаварыла так… як быццам… Ну, ды добра.
Я ня ведаю, калі Радзівіл стаў тым, кім ён ёсьць цяпер. Богам… Цяпер ты ўжо не сьмяешся? Значыць, пачаў нешта разумець. Але тое, што я ведаю… Яно гучыць так. Шмат гадоў таму Радзівіл патаемна набыў прадпрыемства. Ні шырокая публіка, ні рабочыя — ніхто пра гэта не даведаўся. Звонку яно й праўда нагадвае завод, завод, заклапочаны нібыта толькі тым, каб вырабляць, прадаваць, набываць, удасканальваць, распрацоўваць, мадэрнізаваць. Але паслухай. Радзівіл гуляе зь яшчэ адным чалавекам, ня памятаю, як яго… някідкі такі, шэрая такая зьнешнасьць, і прозьвішча такое, ведаеш, кшталту Іванова… гуляе зь ім у людзей. Што ж ты ня ржэш болей? У кожнага зь іх, у Радзівіла й гэтага… як жа яго ўсё-ткі завуць?… маюцца на прадпрыемстве свае фігуры. Сутнасьць вось у чым: трэба прыдумваць выпрабаванні для фігураў суперніка, каб тыя хутчэй пазвальняліся. У каго фігураў не застанецца, той прайграў. Зразумела? Вядома, выпрабаванні мусяць быць не смяротнымі, а такімі… на мяжы. І абавязкова — жыцьцёва праўдападобнымі.
Адбываецца ўсё такім чынам. Радзівіл і гэты хмыр зьбіраюцца ў Радзівілавым катэджы, усаджваюцца перад адмысловай дошкай. Яна разьлінаваная, яна ўся ў рознакаляровых квадратах. Яны кідаюць косьці, у каго колькі выпадзе. Потым ходзяць гэтымі фігурамі. Фігура стала на свой квадрат — ты прыдумляеш выпрабаванне для фігураў суперніка. Тонкасьцяў я ня ведаю, а… Ой, толькі не пытайся, навошта яны гэта робяць. Людзі навогул маюць жарсьць да розных гульняў, а да якіх — гэта, па-мойму, залежыць ад таго, чаго чалавек хоча ад жыцьця. Багам — божыя шахматы, рабам — даміно каля піўнухі. Слухай, слухай, не перапыняй. Суцешся, што паводле маіх зьвестак, ты — адна з галоўных фігураў. Адчуваеш, як ты, аказваецца, патрэбны людзям. Віншую. Ёсьць яшчэ дапаможныя фігуры, яны выпрабаванням не падлягаюць, яны іх ствараюць для іншых.
Дык вось… Выпрабаваньне прыдуманае, і гульцам застаецца чакаць, пакуль адпаведныя людзі на прадпрыемстве не ўвасобяць ход у жыцьцё. Фігура, ну, ты разумееш, чалавек, ён ставіцца ў вадпаведныя ўмовы, і там ужо ад фігу… блін, чалавека залежыць, як ён адрэагуе. Моцны, з пачуцьцём годнасьці адразу звольніўся б, я так мяркую. Іншыя… Так-так-так, ты правільна ўсё зразумеў. Што адбываецца далей. О, гэта проста сюжэт. Ля адмысловых экранаў у сутарэньнях прадпрыемства сядзіць сацыяльны чалавечак, я чула пра яго, заіка, алкаш, цалкам апушчаны, карацей, чмо сабачае. Ён усё назірае, бо ягоная апаратура дазваляе бачыць кожны куточак гэтага твайго блядзкага прадпрыемства. Потым заіку прывозяць да Радзівіла. І заіка распавядае. Так ён двух словаў вымавіць нармальна ня можа, а налье яму Радзівіл, божанька, напоіць яго каньякамі, накорміць мясам — і заіка ператвараецца ў гэтага, як яго, Златавуста. Мне Юра распавядаў, ён чуў аднойчы… Заіка распавядае як гэты, акцёр сапраўдны, чцец, блін, дэкляматар. А Радзівіл слухае, зьвяругу сваю чэша, усьміхаецца, і заіку ўсё падлівае, а той з кожным кілішкам усё цьверазейшы, усё красамоўнейшы. Вось так… А Марлокін… Ён раней быў партнэрам Радзівіла, але потым улез у пазыкі, апусьціўся, забухаў, і Радзівіл зрабіў яго дырэктарам прадпрыемства. Так Марлокін Радзівілу пазыкі адпрацоўвае. Марлокін бухарык страшны, але заіка — ён пасьля гэтае справы праясняецца, а Марлокін наадварот — проста куча нудоты. Не, ня ведаю я, ня ведаю, хто там у іх выйграе, гэты… ці Радзівіл. Але чыя ты фігура…
— Радзівіла, — прашаптаў Стах.
— Так, — адказала Тая зьдзіўлена. — Я адмыслова даведалася. А адкуль…
— Гэта фантастыка. Гэта п'яное трызьненьне. Як ты магла выдумаць такое… Казкі трэба ўмець выдумляць. Скажы, скажы зараз жа, што гэта ўсё выдумка. Трызьненьне, хлусьня, жарт!
— Жарт, жарт, — лёгка пагадзілася Тая. — Натуральна, жарт. А ты што, паверыў? Гэта ж кім трэба быць, каб паверыць у такую лабуду. Не, ты й праўда ідыёт. Казачкі любіш, так, маленькі? Фільмаў нагледзеўся? Кніжак начытаўся? Ды што ты за чалавек? Ну ды засядзелася я ў цябе. Пайду. Спаць пайду…
Яна вельмі шчыра пазяхнула. Яе вусны, зубы, альвеолы, нёба, гартань, язык — усё, што брала ўдзел у стварэньні гэтага настолькі пачварнага аповеду — разам утаропіліся на Стаха, непрыкметна ківаючы. Хлусьня, выдумка, п'яное трызьненьне, ня слухай.
— Ты зноў нічога не зразумеў,— яна мэханічна пагладзіла ягоныя валасы. — Я ведаю, ты ня сволач, і гэта галоўнае. Жыві, дурань, адзін зь мільёнаў такіх жа дурняў. Нічога ня хочаш мне сказаць? Ё-маё, як спаць хочацца… Ну, бывай. Э-э, рукі прэч. Прэч рукі. Я буду спаць у сябе. Пусьці. Вось так. Спадзяюся, больш цябе ня ўбачу.
Растаяла. А імбрык электрычны пакінь сабе. А пра мяне забудзь. Ні я табе ня трэба, і ні ты мне. Заснуць ня можаш? Ёсьць Лічылка для дзяцей. І ты засьнеш. І не прачнешся тым, кім быў раней.
Ніколі. Добра будзе ўсё. Лічылка.
Гулялі ў гульню два масье усю ноч
Слухай, слухай, не перапыняй.
Гулялі ўсю ноч не шкадуючы воч
Слухай, слухай, не перапыняй.
З імпэтам гулялі ўсю ноч спадары
Слухай, слухай, не перапыняй.
І рукі дражалі ат етай ігры
Слухай, слухай, не перапыняй.
Фігуры кахаліся, дрыхлі, пілі
Слухай, слухай, не перапыняй.
З гульнёвага поля сыйсьці не маглі.
Слухай, слухай, не перапыняй.
Фігуры стаялі, фігуры ішлі
Слухай, слухай, не перапыняй.
Фігуры на дошцы спакой бераглі
Слухай, слухай, не перапыняй.
За вокнамі людзі ішлі працаваць
Слухай, слухай, не перапыняй.
І сілу краіны сваёй мацаваць
Слухай, слухай, не перапыняй.
Іх былі мільёны, мільярды і цьмы
І цешыўся кожны, што ён асцярожны,
што ён паслухмяны, а значыт, вазможна,
пазьбегне сумы і турмы.
Паснулі гульцы па-над дошкай пярэстай
Слухай, слухай, не перапыняй.
Цікаўнае сонца гуляе па крэслах
Слухай, слухай, не перапыняй.
І пішуць у кніжках спалохана людзі:
«Дык як жа цяпер мы?
І што з намі будзе?»
Слухай.
Ты стаіш перад уяўным люстрам і трымаеш у руках новенькае двухкосьсе. Двухкосьсе — вельмі важная рэч, яно ўвадначас і зброя, і абутак, і рэпутацыя, і пашпарт, і купюра несумненнай вартасці, і навагодні падарунак, і рабочы інструмэнт. Ты трымаеш двухкосьсе досыць разгублена, няўпэўнена сьціскаеш ягоныя навюткія коскі, нават, магчыма, шмыгаеш носам і мармычаш глупую песеньку. Двухкосьсе. Ты малады й здаровы, ты пакрысе звыкаешся з гэтай прыладаю ў руках, некалькі гадоў — і ты ўжо пачуваешся кімсьці кшталту ўдалага, моднага куцюр'е. Рукі твае радуюцца свабодзе карыстання двухкосьсем, ты ўпарта шукаеш таго, каго можна б было назаўжды заключыць у гэтыя трывалыя коскі. Назаўжды — гэта значыць пакуль ты жывеш. Навечна — паняцьце крыху іншае, яго можна было б патлумачыць так: настолькі далёкае будучае, якое ты здольны ўявіць. Такім чынам, ты шукаеш, носячы пры сабе двухкосьсе ў чорным футарале з плястмасавымі ручкамі. О, ты выдатна разумееш усю бязьмежную істотнасьць двухкосься, ты ўсё жыцьцё правёў сярод племені кніг, газэтаў, часопісаў, бібліятэчных фармуляраў, квіткоў, інструкцыяў, ведамасьцяў, анкетаў, календароў… Карміўся ля іхных вогнішчаў, спаў у іх буданах, вывучыў іхную мову, не разабраўся да канца ў звычаях, маляваў іх жанчын на акіянскім беразе. Без уласнага двухкосься ў гэтым сьвеце як безь языку. Цяпер ты прымерваеш яго да розных людзей, разнастайных абставінаў, усялякіх выяваў, родных і блізкіх, ворагаў і сваякоў, мімаволі параўноўваеш члены — яны аднародныя. Аднак двухкосьсе альбо не налазіць, або спадае, або не сыходзяцца коскі, як ты ні імкнешся зашпіліць іх, як ні надзімаюцца вены на тваіх руках, якія цудадзейныя мацюгі ні зьлятаюць з тваіх напружаных вуснаў. Бывае, што двухкосьсе сядзіць на аб'екце нібыта й нішто сабе, але выглядае аб'ект да такой ступені ненатуральна, што ты сам паспешліва здымаеш зь яго аздобу й запіхваеш назад у футарал. І вось урэшце насьпявае дзень (нічым, зрэшты, не прыкметны), калі ты, плачучы, нацягваеш двухкосьсе на сябе. Зь нянавісьцю глядзіш ва ўяўнае люстра. Гэтак і ёсьць: яно пасуе табе як нікому, яно быццам змайстраванае на тваю адмысловую замову. Так, так, не ламайся, яно вельмі табе пасуе. Яно табе якраз. Твой памер. Нідзе ня цісьне? Цудоўна. Паварушы пальцамі. Пахадзі з кута ў кут. Ня горбіся, выпрастай сьпіну. Файна. Гэта тваё. Цяпер ты разумееш, для чаго існуеш тут, цяпер ты ведаеш сваю сапраўдную вартасьць, свой сабекошт.
Навакольны сьвет, які яшчэ нядаўна так святочна калыхаўся перад вачыма, з такім чароўным непастаянствам прымаў самыя нечаканыя формы, цешыў і катаваў, злаваў і лашчыў, цяпер скамянеў і адвярнуўся. Двухкосьсе штосэкунды хіліць цябе да ложку, ты стаіш пад душам, і струмяні пакаёвай, але не супакойнай тэмпэратуры змываюць бруд з твайго двухкосься, але не зь цябе. Жонка, якую завуць ці то Сьнягурка, ці то Жана, паядае цябе, высмоктваючы з-пад косак, як курынае мяса з-пад костак. Цяпер усё інакш. Дэжа вю становіцца тваім звычным станам, кожная падзея падаецца табе часткай дасканала прадуманай змовы. Тупая, невядома скуль узятая стома ахутвае цябе ў самых неспадзяваных сітуацыях. Ты раздражнёны дваццаць чатыры гадзіны на содні, ты не разумееш жартаў і п'еш гарбату, не вымаючы лыжкі з кубку. Твой заробак расьце. Ты забыў, дзе паклаў ключы ад майстэрні, і ўспамінаць пра гэта табе ня хочацца. Аднойчы ты ўбачыў у мэтро дзяўчыну, твар якой быў ярка-жоўты. Твае дзеці нараджаюцца невылечна хворымі. Ты са зласьлівасьцю думаеш пра хакеістаў. Твой сусед пазычае ў цябе грошы й не аддае ўжо год. Калі дзеці кладуцца спаць, вы з жонкаю зачыняецеся на кухні й нюхаеце фарбу, а потым пакутліва пацееце да пяці раніцы. Ты параўноўваеш сябе зь іншымі й не знаходзіш адрозьненьняў. Ты перастаеш параўноўваць сябе зь іншымі й разглядваеш карцінкі. Ты становішся старшынём прафкаму. Ты становішся масонам. Ты становішся гаўляйтэрам. Ты становішся на калені. Ты падымаешся ды йдзеш на склад. Аднак ты жывеш, арганізм твой працуе, бо бацькі зрабілі цябе з гарантыяй. Калі што — можна памяняць сябе на такога ж.
Жыць становіцца ўсё лягчэй. Бо ты няўхільна прытрымліваешся правілаў гульні. Бо ты заключыў пагадненне, якое ніхто не парушае. Ты ўдаеш, што твая праца тут — гэта сапраўды вольны выбар і стыхійнае бязладзьдзе, што сэнс яе — прадукцыя. Яны стараюцца не прыдумваць для цябе занадта жорсткіх выпрабаванняў. І дзякуючы гэтаму нічога не зьмяняецца ні ў які бок. А хіба было іншае выйсце?
Усё выпадковае, імправізаванае, адвольнае, неспадзяванае палохае цябе. Усё заканамернае, прадугаданае, належнае — дае часовую палёгку.
Ты ня верыш ніводнаму яе слову.
У цэнтры пакоя стаіць канапа, на якой сьпіць, пахропваючы, маладая жанчына. Яе румяную шчаку паўтарае яблычнае плячо, яе голае плячо паўтарае пунсовая пятка. Па шпалерах поўзаюць двух-мэтровыя чашуістыя кветкі. У паўзмроку на сьцяне сьвецяцца чырвоныя літары «Мэнэ тэкэл фарэс», што на мясцовай мове азначае «Шэсьць гадзін раніцы». Зьнясіленае сьвятло з кухні падыхае на парозе. У пакоі пахне таннай парфумай і гарачым малаком. У шафе шкрабецца бляшанка з фарбаю. Побач з домам распачынаюць працу будаўнікі, і сьвятло пражэктара завітвае нарэшце ў пакой, выхоплівае ложак, залатыя валасы на падушцы падаюцца шэрымі. Успыхвае абручальнае кальцо на булачна-вабнай руцэ, якая зьвісае з прасціны, нібы намагаецца дастаць нешта з падлогі. Храп нягучны, ён накшталт патрэскваньня кампутара, што загружаецца, каб потым чэсна адпрацаваць належны час. На паверсе вышэй нехта адплёўваецца й крэкча.
Жанчына прачынаецца. Пэўны час яна ляжыць, недаўменна пазіраючы на шафу, пражэктар спрабуе завязаць ёй вочы. Яна не павінна ведаць, што тут адбываецца. Але яна ўжо ня зможа заснуць. Жанчына прыпадымаецца, сонныя грудзі апынаюцца акурат насупраць паветраных шарыкаў, прымацаваных да сьцяны. Яна глядзіць на электронны будзільнік, не разумеючы — ён стаіць на сем, бо сёньня жанчыне трэба быць на працы аб адзінаццатай, — дык што ж тады яе разбудзіла? Яна аглядаецца вакол, пазяхаючы так салодка, нібы цалуе некага са сваіх сноў.
— Эй, — кажа яна пяшчотна. — Муж аб'еўся груш!
Сьвятло на кухні ўключанае, гэта яна бачыць. Але на голас жанчыны ніхто не адгукаецца. Яна кліча зноў — млява, настойліва, з грудным клакатаньнем. Безвынікова.
Яна ўстае з ложку. На ёй начная кашуля, белая як саван. Жанчына глядзіць на сябе ў люстра. На двары праяўляецца сьвітанак. Яна бачыць на начной кашулі чырвоную пляму. Але ня там, дзе тканіну ледзь бачна падымае рудая выспачка, а збоку. Аніякага болю яна не адчувае. Жанчына зьдзіўлена аглядае ложак і ў рэшце рэшт знаходзіць прычыну. На прасьціне побач з тым мейсцам, дзе жанчына спала, ляжыць вялізны кавалак мяса, хутчэй за ўсё, ялавічыны, а можа, сьвініны. Мяса сьвежае, добрае, з крывёй. Жанчына бярэ мяса ў рукі. На прасьціне застаецца барвовая лужына, зь яе ў бакі тырчаць цікаўныя цёмна-брунатыя вусікі. Ложак увесь набрыняў крывёй.
Пазяхаючы, жанчына йдзе на кухню. Там нікога няма, з адчыненай форткі сьмярдзіць вясной. Жанчына адчыняе маразільнік і, аглядзеўшы зьмесьціва, запіхвае мяса. Там яму якраз знаходзіцца месца між важкай курай і шматом сала. Жанчына зачыняе лядоўню й доўга мые рукі пад кранам.
Потым яна гатуе адразу сьняданак, абед і вячэру. Сядзіць на душы ў лазьніцы, паўгадзіны прычэсваецца, апранаецца, фарбуецца й выходзіць з дому. Доўга чакае аўтобуса, на прыпынку натоўп, яна ўвязваецца ў размову зь нейкай цёткай з жоўтым тварам. Аўтобусу ўсё няма. Прыпынак і людзі на ім нагадваюць хлопчыку, які сядзіць за сьпінай бацькі ў недарагой машыне, кадр з прыгодніцкага фільму: крыга на бурнай рацэ, і на крызе спрабуе ўратавацца адважная экспэдыцыя. Нарэшце аўтобус прыязджае. Кіроўца зь нянавісьцю сочыць за панічнымі рухамі пасажыраў. Жанчына ўваходзіць і становіцца ля вакна. На ўзроўні яе шыі схілілася над спартовай газэтай галава Мурла. У канцы салёну сядзіць, як на троне, Кірыла Антоныч. Ля самых сярэдніх дзьвярэй прыціснуты да поручню непахмелены Бурцэвіч. Танюха заўважыла жанчыну й хаваецца за сьпіну свайго новага кавалера, каб яе не пазналі. Кіроўца лаецца ў мікрафон, а можа, абвяшчае назву наступнага прыпынку. Дзьверы аўтобусу зачыняюцца, нібыта складная шахматная дошка, у якой звычайна захоўваюць фігуры. І цалкам верагодна, што якая-небудзь зь пешак, а можа быць, нават ферзь, выпала пры гэтым і закацілася, напрыклад, пад ложак. Ёй знойдуць замену ўтрапёныя гульцы, а яна так і будзе ляжаць ля пыльнага плінтусу ў цемры, па-філязофску назіраючы мітусню прусакоў,— не патрэбная, на сваё шчасьце, ужо анікому.
2002